Дыпламат


Восень, 1949. Еду на вучобу ў СССР. Перад адпраўкай завялі мяне ў новы, першы пасля вайны, таварны дом і сказалі: будзеш там нашым „амбасадарам”, а змахваеш на „монтэкасінца”. Выбірай — на такую і такую суму — належнае місіі адзенне. Выбраў дэмісезоннае паліто, дэмакратычны касцюмчык, нямаркую куртку, такую ж кепку і крацісты шалік. Але забраў з сабою і „монтэкасініяну”. Як нармальны мужчына, не люблю хадзіць у новым адзенні. Дык і на Цвярскім бульвары 25 „амбасадарнічаю” ў тым, да якога прывык. І мне здаецца, што нічым не выдзяляюся з маскоўскага вулічнага тлуму, ні выглядам, ні паводзінамі. Плыву рекой нарядной по широкой мостовой і толькі чую:

Эй, товарищ! Эй, прохожий!

С нами вместе песню пой!

Ажно ў майскую песню ўрываецца Валодзька Цендракоў:

— Ребята, на Тверской шпана лупит наших румынов!

Падзея побач. Тверская — вуліца Горкага. Пабеглі на выручку. Аказалася, бойка ўсчалася з-за масквічак, якім румыны прапанавалі dupu (дружбу). Былі навічкамі, не ведалі ні рускай мовы, ні правіл тутэйшага побыту. Але і балгарыну, чацвёртакурсніку, без дай рацыі дасталася па шапцы. А я, хоць бы што, хаджу па сэрцы ўсёй Расіі як уладар. Галю Ягораву праводзіў аж да вузкага праходу на Красную плошчу, да самага пад'езда ейнага дома. І ніхто мяне пальцам не крануў. А Галя — дзявоха ціптоп! Куды тым, „румынскім”, да яе.

Тайну раскрыў у бани. Гэты храм культуры гнездзіўся ў задрыпаным завулку неўздалёк ад нашага інстытута. Па камфорту ён, вядома, не раўняўся з элітарнымі Сандунамі, але і ў ім можна аформіцца паводле патрэбы: выпарыцца, высцебацца бярозавым венікам, пагаліцца, падстрыгчыся, адпрасаваць адзенне, выпіць куфаль піва, кульнуць сто грамм. Вось і я перад парылкай абмалоджваюся ў цырульніка, а ён, як той варшаўскі доктар, завіхаецца каля мяне звыштарыфна, і шэпча на вуха:

— Знаю, кто вы. Вы с посольства...

І мінай дае зразумець: Полный молчок. Никто про это не узнает. Будь спок.

Во дзе мая сіла! У зелянковым шынельным сукне заакіянскага паходжання. Палеглы ў бітве з самураямі новазеландзец выручае саюзніка. Адданага займеў заступніка. Нават пасля смерці Сталіна, калі Варашылаў выпусціў крыміналістаў і яны запрудзілі Маскву, урки мяне не чапалі.

Загрузка...