Загуменне


Паэт ходзіць у пары з Лянотай. Заўсёды па сумежжы явы і сну. Пара сінтэзуе, акрыляецца, траціць пачуццё рэальнасці. І выдае радок:

„Колькі ў небе зор, цяжка палічыць”.

Услаўляе выснову гультаяватага героя. І эстрадныя пеўнікі тыражыруюць невуцтва:

— Цяжка! — стогнуць, лыпаючы ўвысь пакутнымі вачыма.

Вядома, заданне вам не пад сілу. А вучоныя асілілі

высь, назвалі дакладныя лікі. Выйшла: зорак у небе больш, чым пясчынак на ўсіх зямных пляжах. Карціну паяснілі: зоркай з'яўляецца і наша Сонца. У кожнай зоркі свае спадарожнікі. Адным з іх — Зямля, зацярушаны ў галактычным мроіве загуменны шарык.

Зоралічылынчыкі не пераканалі зямлян. З Зямлі не счэз заваёўніцкі дух. Нам, як таму паэту, усё здаецца, што мы — пуп усяго. І мы, у шале самаўлюбёнасці, хочам напоўніць сабою космас, і валодаць ім.

А там мясцовыя дэміургі стварылі незямныя гатункі насельнікаў. У іншым вымярэнні і мы іншыя. Дык тыя, убачыўшы лупатых Галавасцікаў на цыбатых канечнасцях, зачыняць перад намі ўваходныя дзверы:

— Дэгенератаў у нас сваіх хапае,— скажуць.— Марш за гарызонт падзей! — скамандуюць.

Бітвы пад выглядам уладкавання сусвету ім чужыя. У іх свае норавы, свая філасофія, свой парадак. Магчыма яны і не прыкмецяць зямнога дрангу, прымуць нас за аблупленых павіянаў і змесцяць у вальеры малпападобных. І наш паэт, замест пакаяння, абвінаваціць неба і панясе крыўду сваю ў глухую даль:

Колькі ў небе зор, не буду лічыць,

Неба зорнае не для нас гарыць.

Гэта вы, ліхтары непагасныя,

Увялі мяне ў зман, у сны ясныя.

Гэта аптымістычны варыянт. Аптымізм усяляе і амерыканская страховачная фірма Hermits Trail. За 100 долараў — смешная сума! — застрахуе нас ад касмічных захопнікаў, і мы зможам выпінаць свае мясістыя сядальныя паўшар'і, па-зямному выказваючы пагарду да закавырыстых абарыгенаў. Трэба меркаваць, што пры дапамозе клінтанлогікі дакажам фірме, што мы не напалі на касмітаў, а яны на нас. Толькі якая вартасць долараў на галактычных выспах.

Горш будзе, калі напорамся на бяздушных кібаргаў, засартуюць у касмічныя адыходы і спусцяць асенізацыйнай трубою ў чорную дзіру. Калі пашанцуе (толькі якім цудам?), можам трапіць у антысвет. Радасць малая. Там антылюдзі, антымы. Дакрануліся да антысябе — супербліц, зніклі ў моцнай успышцы святла. Бясследна.

Во якія трэлі. А ў „Полымі” несмяротны сюжэт — радуйся, жыві, ды спявай пра мілую згоду неба і зямлі: З неба зорачка ўпала, Прама міламу ў штаны. Хай бы ўсё там адарвала — Не было б толькі вайны.

Якое багацце душы! Якая ахвярнасць! Беларусачка, у карысць высокай ідэі, зракаецца „ўсяго”. Адначасова з прачуленых радкоў вылазіць невуцтва, цямнота. Здарожаны мільёнамі светлавых гадоў, зваліўся на Зямлю звышмагутны носьбіт разбуральнай энергіі (апакаліпсіс!), а дзяўчына яшчэ і лашчыцца да яго — „зорачка”. Бы да прадвесніка зямнога шчасця.

О, мая зыркатая! О, мая наіўная! О, мая лянотная... А штаны якія!

Загрузка...