Ваенная хітрасць


Наша рота спынілася ў толькі што ачышчанай ад немцаў вёсцы. Вяскоўцы сядзелі яшчэ ў лесе, чакалі зручнага моманту для вяртання ў свае сялібы. У вёсцы застаўся толькі адзін гаспадар. Не здолеў ён вывезці ў лес неабходных жыццю набыткаў. Пільнаваў скарб на месцы. Хата гэтага гаспадара стаяла блізка гасцінца і ў ёй размясціўся наш штаб.

Штабісты, да якіх, як сувязны камандзіра роты, быў прыпісаны і я, увіхаліся ўкруг новай стаянкі. І не так з патрэбы ўладкавання нескладанай маёмасці, як з-за зіркатай дачкі гаспадара, якая з паблажлівай усмешкай сачыла за нашым увіханнем. Была гэта даверлівая чарнавокая красуня. І хіба таму, калі мы закончылі работу, апынулася яна ў цэнтры нашай увагі. Адны напрошваліся дроў прынесці, другія — схадзіць па ваду, трэція проста расказвалі анекдоты. Адзін я маўчаў.

Відаць, маўклівай прысутнасцю крануў дзявочую годнасць, бо пачала яна зіркаць у мой бок какетлівым позіркам, а калі выходзілі з хаты, спытала:

— Чаму вы такі сумны?

— Вайна, — патлумачыў я ўхіліста.

Толькі паціснула плячыма.

На дварэ вясновае сонца. Па калдобістай брукаванцы грукочуць нагружаныя вазы. Вяртаюцца ў вёску ўцекачы. А старшы сяржант Капач адклікае мяне ўбок і кажа:

— Не ўлазь у дарогу!

— Ты здурэў?

— Спыніць гутарку. Ведаем такіх...

Якіх — не даказаў, але і так узяў з мяне слова, што заляцацца да чарнавокай не буду. Слова як слова, даў без торгу. Не выпадала з-за дзяўчыны настройваць супраць сябе не так ужо малы ў маштабе роты чын. Дый пры Капачу я не меў ніякіх шанцаў.

Раптам усё ўскладнілася. Раніцай узводы размясцілі па акрузе. Намячалася прачоска лесу. Капач са сваім падраздзяленнем пайшоў за лес. І ў гэтым заключалася складанасць — на месцы заставаўся я.

— Сцерва! — кулаком пагразіў мне адыходзячы Капач. — Трапіш у мае рукі, не прасі літасці.

Падвергнуцца Капачоваму гневу не давялося. Адвячоркам камандзір роты паслаў мяне ва ўзводы з данясеннем аб пачатку лясной аперацыі.

— Глядзі, каб не напароўся на немцаў, — перасцярог. — Помні пра заданне.

Ісці нанач пяшком не было ахвоты. І панскі тарантас з эпохі цара Гароха не выклікаў даверу. Паеду вярхом. У любых абставінах конь прыяцель чалавека. Пайшоў да конюхаў. А ў іх конскі санбат. Усе коні заезджаны. Выбірай, кажуць.

Выбраў найжывейшага. Выкапаны Расінант! Начапіў на худы хрыбет сядло, прыбраў іншай конскай збруяй, уладкаваўся ў сядле, а каняка апусціў маркотна мызу і ўтаропіў памутнелыя вочы ў зямлю. Здавалася, восьвось упадзе.

Усё ж такі пачаў перабіраць нагамі, і, адчуўшы тузанне павадоў, рушыў няроўным трухам. Два-тры крокі зробіць і спатыкаецца. Таму, зараз жа за варотамі, перайшлі мы на маршавы крок.

Але і гэты рух не абяцаў удачы. Сярод поля, калі вёска засталася за намі і наступаючы вечар падуў халодным дыхам, Расінант перастаў падпарадкоўвацца маёй волі. Упёрся лбом у дарогу і прагна смактаў раздутумі храпамі сыры пах зямлі. Не памагалі ні ласкавыя просьбы, ні дубінка, якую я прыдбаў. Расінант непарушна стаяў на сваім.

Злез я з сядла і пачаў разважаць, што рабіць мне з гэтым падлам. Кінуць, і ісці пешкі, не дазваляў закон. Гэта ж, як і аўтамат, што дындаецца на маіх грудзях, ваенная маёмасць. Трапіш пад суд. Ехаць на хабэце — не выканаць задання. Адышоў я да рова, сеў на ўзбочыне і скрунуў цыгарку. Хто каго! — вырашыў.

Расінант быў іншай думкі. Скубаючы астаўшыміся зубамі прыдарожную траву, павярнуў назад, туды, адкуль мы прыкандыбалі.

Устаў я, падышоў да каня, пагладзіў яго па сухім хрыбце, узяў за цуглі і, не адчуваючы супраціву, павёў да лесу. Пакуль мы туды дайшлі, наступілі поцемкі. Ад дрэў нясло прэлым мохам і панурай цішынёй. Расінант прыпыніўся, паклаў на маё плячо свае храпы і дружалюбна залыпаў сумнымі вачыма. Я зразумеў, што прапануе пагадненне. Цяпер без вагання сеў у сядло і даў каню поўную волю. Кіраваць не мог, не бачыў дарогі.

З'явіўся месяц — і лес змяніў выгляд. Я пачаў кідаць па баках трывожныя позіркі. Мне здалося, што кусты рухаюцца. Чакаў адтуль стрэлу. Няважна, які куст стрэліць першы. Ну, страляй. А кусты маўчаць. Толькі бясшумна рухаюцца. Ні гуку, ні шораху.

Раптам спераду ўзвілася ў неба ракета. Нешта пачалося. Напружваю слых. Лаўлю нейкія дзіўныя моўныя камкі. Урэшце пачаў адрозніваць паасобныя словы. Каманда, не каманда:

— Левым!.. Пра-вым!..

І зноў ракета. Прашумела ледзь не над маёй галавой. І больш нічога. Каманда — перапынак — каманда. Хоць бы галінка якая трэснула. Складвалася ўражанне, што набліжаецца сам голас. Ніякіх прыкмет чалавечага руху. Вырашыў і я не рухацца. Зашыўся з канём у густыя кусты. Буду чакаць. Што будзе, то будзе.

І вось метраў трыццаць ад мяне вываліўся на дарогу павукападобны клубок. Яшчэ крыху і я пазнаў з'яву: Капач!

Ішоў басанож. Боты нёс у руках. Уся напруга лопнула і я зарагатаў на ўвесь лес. Капач анямеў.

— Вольна, старшы сяржант! — сказаў я, выбіраючыся на дарогу.

Капач, ачомаўшыся, змарсавеў і працадзіў праз зубы:

— Вязе ж табе, гад!

— Што ты пляцеш?

— Наплёў бы, калі б не апазнаў.

Капач паляпаў далоняй па ракетніцы, якая ўпіралася яму аж у пахі. І пачаў распытваць пра немцаў.

— Не бачыў іх, — кажу.

— Ты наогул нічога не бачыш, — узлаваўся ён. — Дык толькі што сюдою прайшлі.

Вось яно што! Капач, як і я, змагаўся з ценямі. І не стаў яго распякаць, толькі спытаўся:

— Тады навошта крычаў?

Выявілася, што ён прымяніў гэтак званую ваенную хітрасць. Каманда, якую падаваў, мела нагадваць начную аперацыю. Мэта: адстрашыць праціўніка.

— Гэта тактыка, — тлумачыў, адчуваючы поўную перавагу над някемным радавым.

Тактык з яго быў слабы, бо неўзабаве выдаў тайну: ішоў да чарнавокай. І гэтым у маіх вачах ператварыўся ў багатыра. Столькі перажыць страху ў імя сустрэчы з дзяўчынай? Якая цяга!

На жаль, я вымушаны быў паставіць яго ў рэальную абстаноўку, вярнуў ва ўзвод.

Загрузка...