Цыклафрэнія


Цыклафрэнія (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз) сярод высокаарганізаваных млекакормячых — пашыраная хвароба. Асабліва ўпадабала яна творцаў. Як даказвае навука, мастацкі атрад прыматаў ад 10 да 30 разоў часцей, чым іншыя гомасапуны, з'яўляецца яе носьбітам. А сярод абранцаў рэй водзяць акцёры (17 працэнтаў) і паэты (13 працэнтаў).

Цыклафрэнікі бавяць час між узлётамі і ўпадкамі. У залежнасці ад „фазы” бурляць кіпучай энергіяй або патанаюць у безнадзейнай роспачы. Між крайнасцямі захоўваюцца зусім нармальна. У стане ўзлёту мастак, перапоўнены бязмежнай верай ва ўласныя сілы, ломіць бар'еры мастацтва і прарываецца ў невядомую прастору. І ў мазгах творцы ўзнікаюць нечаканыя асацыяцыі — звычайнае пераўтвараецца ў нязвыклае. Скажаце: і добра, гэта і з'яўляецца эсенцыяй мастацтва.

Добра, калі мастак застаецца мастаком. А калі ён стане прэзідэнтам, як акцёр Рэйган? Тады мірнае зорнае неба можа пераўтварыцца ў зорную вайну. Вось дзе наша самая вялікая немач: палітыкі не нараджаюцца палітыкамі, яны імі становяцца. Сёння ён асенізатар, а заўтра — фюрэр, як жывапісец Гітлер ці паэт Пол Пот. І замест прыбіраць гарадскі клазет, пачне чысціць краіну, а то і свет. Між „фазамі” ён нармальны. Часам нават дзіця пагладзіць па галоўцы, усміхнецца да нас пластмасавай усмешкай. Гарантыі на аздараўленне аднак не дае.

Уся надзея ў кучаравай „Дольцы”.

Загрузка...