Монтэкасінец


У бельскім ПУРы (рэпатрыяцыйная ўправа) выдалі мне прапахлы гнілым Захадам вайсковы шынель зелянковага колеру. Памацаў — добрае сукно. Засунуў руку ў кішэнь — нейкая пісулька. Адрас жанчыны з Новай Зеландыі. Во адкуль падарачак! Відаць, з палеглага мужа. Трэба падзякаваць, ды мовы англійскай не ведаю. Занёс шынель да Рыгаровіча, нашага краўца, які абшываў увесь Застаў і ваколле. Хапіла матэрыялу на шырокія, модныя ў той час, штаны і практычную, сцягнутую ў поясе на ўзор англійскі, фасоністую блузу. Ужо год у гэтым гарнітуры асвойваю Варшаву. Жыву ў студэнцкім доме на плошчы Нарутовіча, і адміністрацыя патрабуе лекарскае пасведчанне аб стане майго здароўя. PLMA (Pomoc Lekarska Młodzieży Akademickiej) на месцы, у правым крыле будынка. Гэтай дапамогі патрабую ўпершыню. Доктар, салідных гадоў дзядзька, бярэ мой білет і вачэй ад яго адарваць не можа. А, здаецца, нічога асаблівага там няма: нумар, прозвішча, вучэбная ўстанова, факультэт. Урэшце апраменьвае прыветным позіркам і мяне. Аглядае як музейную цікавінку. З такой жа пашанай абстуквае маё, выпашчанае на студэнцкім харчу тулава, далікатна мацае трубкай. Няўжо ён.... Во, зноў дзіўна ўзіраецца ў мае вочы. Як у цудатворную ікону... І ўсё ўсміхаецца нейкім патаемным думкам. Нават калі піша даведку, то рука дрыжыць. А ўручае паперку, быццам узнагароджваў высокім званнем.

Калі я, збянтэжаны, падзякаваў за прыём, ён азадачыў мяне новай загваздкай:

— Przepraszam za ciekawość, — азваўся, бы да важнай персоны, — czy nie jest pan kuzynem generała?

Ад нечаканасці я абалванеў. Пра што ён? Які генерал? У нашым родзе найвышэйшы чын вайсковы меў дзед: младший унтер-офицер лейб-гвардии его величества... А, відаць ён пра Валкавыцкага, што ўспамінала мама: прыязджаў у вайну рускі брат застаўлянскага аднафамільца, савецкі генерал. Ды ліха яго ведае, сваяк ён нам ці не? Я замяўся:

— Raczej nie, — прамямляў.

Пан доктар у захапленні:

— Rozumiem, rozumiem (чытай: малайчына, зух!), — канфідэнцыяльна моргае.

Я аднак нічога не зразумеў. Яшчэ не ведаў, што ў Андэрса служыў мой дубальтовы цёзка, генерал. І доктар меў на ўвазе яго.

Ну, вядома, у той час казыраць такім сваяцтвам мог толькі дурань.

Загрузка...