Куды ідзем?


Склікаў Сакрат на плошчу маладзёнаў і сарамаціць:

— Гляджу на вас і збірае мяне на ваніты. Смажыцеся ў роскашы, распанелі, а хамуты. Якія ў вас манеры, якія норавы! Ненавідзіце аўтарытэты, не паважаеце старэйшых, дапякаеце сваім настаўнікам, спрачаецеся з бацькамі, прагна глытаеце ежу — і на вуліцу. І гэта называеце „быць сабою”. Куды ідзем?

З „Czasopisa” спісаў? Дык патлумачу: прыведзенай мною гаворцы дзве з паловай тысячы год. І адрасавана была не нашым zajebestym бязбацькавічам, а маладым грэкам. І прапаведаваў вялікі мысляр, які „за ўвядзенне новых багоў і за разбэшчванне моладзі ў новым дусе” быў пакараны смерцю (прыняў атруту).

Той Сакрат шукаў адказу на пытанне, як трэба жыць: „Пазнаць самога сябе”.

Крыноцкі мысляр не толькі пазнаў самога сябе, але і Еўропу. З плённых назіранняў і вырасла ў Крынках, на ўзор Гедройцавай Maisons Lafitte, Villa Sokrates. Не думайце, што Еўропа абсыпала нашага мысляра грашыскамі — ажыццявіў ідэю коштам роднай хаты. Раскашэліўся Сакрат, пабудаваў не якую-небудзь нашаніўскую „Хатку”. Villa Sokrates — поступ часу. Гучыць!

А казаў, што стаміўся і думае толькі пра рыбу. Віншую, Сакрат! Не прыкідвайся, што не волат. Ты і вялікі стратэг. Дасі цяпер прыкурыць суседскаму Лукашу. І цемрастоцкай Лукашчысе наладзіш Тэрмапілы.

Веру, узнімеш дух у элітах. І zajebesty маладняк у рот твой глядзець будзе. І Мілаш будзе, і Быкаў будзе, і Акадэмія. Толькі навошта ўзнаўляць твор вучня цёзкі. Цёзка выкладаў на вуліцы. Меў клёк. Тады б і я падвучыўся. Табе відней.

А калі ў Акадэміі стане душна, калі надакучаць маладыя юрліўцы і элітарныя зануды, мо заглянеш і да мяне. Ведай, у табе і мая надзея. Толькі не каркай, грымець трэба! Цыкута выйшла з моды.

У ясны заранак!

Загрузка...