Брусельская вуліца


Як сказала ў блакітным акенцы белвытоцкага тэлека вяковая бабулька, чалавек такі дурны, што ўсім цікавіцца. Так было і са мною. Даследуючы ўрочышча Багна, што чаўкае на ўсходняй, свойскай, сцяне Вялікага горада Беластока, забрыў я ў засценную Грабаўку і пацікавіўся засценкам. Бы ўступіў у слынную песню Ніны Мушынскай пра вотчыну Хадкевічаў. Ні то горад, ні то вёска. Усё ўладкавана на той жа манер, няма толькі гербавых рэшткаў. І тым не менш сярмяжнае закуцце падкупляе шчырасцю памкненняў.

Гэта вуліцы. Ды якія: Adeńska, Afrykańska, Amerykańska, Berlińska, Brazylijska, Brukselska, Dakarska, Egipska, Europejska, Helsińska, Hiszpańska, Kairska, Londyńska, Madrycka, Ottawska, Paryska, Portugalska, Praska, Rzymska, Waszyngtońska.

Афрыка, Амерыка і Еўропа ў абхваце распасцёртых рук. У вас не закружылася галава? Не бяда, ачуняе галаву вуліца Bajeczna, верне настрой — Morelowa, уселіць дух гігантаў — Sekwojowa, дасць сілу — Hebanowa, голаў узвенчыць — Oliwkowa. Ці ж не казка?

Спружына разняволенай творчай свядомасці напружвае памяць, выпроствае разумовыя звіліны. Маланкавы пробліск інтэлекту высвечвае тайну. Вуліцы ў гонар землякоў!

Ху ёсць ху! Недзе на аравійскім паўвостраве абмусульманены на ўзор Куптэля грабаўчук падносіць мясцоваму шэйху рытуальныя шлёпанцы,— б'ём чалом! — вуліцу, на якой жыў, называем Адэнскай. Вашынгтонскаму чысцільшчыку гарадскіх прыбіральняў, які выйшаў у Новы Свет з Грабаўкі — ганаровая вуліца. Канцавой Маньцы, служанцы берлінскага бюргера, нізка кланяемся — трымай сваю вуліцу! І гэтак далей...

Таксама ўражвае. Колькі заслужаных для сусветнай супольнасці людзей выдала правінцыйная пустэльня! Тут аднак насцярожвае аднабаковы крэн. Дзе спрадвечнае балансаванне паміж Сцылай і Харыбдай вялікай палітыкі?

А можа гарабаўчукі ўхвалілі новую стратэгію ўваходу ў Еўрасаюз? Ці выпадкова не тут будзе сталіца гэтага стоўпатварэння? Ці ж Брусельская вуліца не тонкі намёк?

Разнявольце, чытачы, і вы сваю творчую свядомасць і разгадайце загадку: якія краіны і гарады мэтанакіравана не ўключылі ў засценную агламерацыю мройныя грабаўчукі?

Хто дасць правільны адказ, той паедзе на Каўказ. У самую гарачую кропку!

Загрузка...