Адхіленне глуздоў


Даказана: малое пачатковае адхіленне ў глуздах гомасапіенса вядзе ў непрадбачанае. Ад малога Уладзімір Рэзун прагнуў паўтарыць подзвіг Зорге. Таму і пайшоў у Акадэмію Тайнай Службы. Але ідэю планетнай рэвалюцыі схавалі ў сейф, Масква мірным шляхам стала сталіцай свету, героя рыхтавалі да любоўных заваёваў. Дыплом АТС адчыніў яму дзверу ў ГРУ, паслалі ў гарачую кропку кантынентальнага тэатра кахання.

Здабывай сэрцы Еўропы!

А выйшла наадварот: Еўропа падбіла заваёўніка.

— За сваю няўдачу землякам аддзячу! — сказаў Рэзун і пачаў пісаць даносы на сваіх. Еўропа запляскала. Брава, Woloda\

Муляла імя, дадзенае бацькамі ў гонар Ільіча, прозвішча па іншай прычыне націрала мазалі на глуздах. Назавуся Віктарам (Пераможцам) Суворавым! — прыйшло азарэнне.

— Very good! — адобрылі еўрапейкі. — І love you, Victor!

— Rezun kaputt! — раўнулі еўрапейцы. — Heil Suvoroff!

І паплылі ў свет выкрывальныя творы Суворава. Свет

аб'явіў аўтара геніяльным пісьменнікам. А яму ўсё мала. Вырашыў пранікнуць у муміфікаваныя глузды Сталіна. З засушаных звілін выдабыў супертайную задуму правадыра. Так нарадзіўся Дзень „М”.

Калі за гэты подзвіг Сувораў не стаў нобелеўскім лаўрэатам, значыць, шведы непрыхільна паставіліся да шэдэўра. Або не паверылі пярэкруту. А я на нейкі момант увайшоў у другое жыццё. „М” — гэта ж пачатак канца Еўропы! На жаль, не дачакаліся мы гэтага дня. Чырвоная Армія, ачышчаючы будучы тэатр вайны, выразала на глыбіню 100 км ад граніцы мясцовае насельніцтва. Пагалоўна. Ад нашай крыві пачырванела Падляшша і Панямонне, Буг адслонены. Ніякіх умацаванняў. Знялі нават пагранічнікаў. Азіяцкая арда нацэлена на Еўропу. Спружынілася ў чаканні дня „М” (5 ліпеня 1941 г.).

— Хто ж мы такія? — пачулася ніўскае пытанне. — І ў другім пераўвасабленні тутэйшыя? А ўсё-такі цікава, каго 22 чэрвеня вызваляў Гітлер?

— Каб розумам абхапіць неабхопнае, трэба дарасці да генія, — параіць Куптэль.

Будзем старацца. Толькі глузды вярэдзіць паскудная думка: ці гэты Рэзун не з беларусаў? На такую выснову штурхае прозвішча і від геніяльнасці. Толькі мы здольны так паганіць сваё, сваіх і сябе. Тут мы геніяльныя ад роду, ад пачатку адхілены ў непрадбачанае.

Загрузка...