Багатыр


Сын польскага пана — нязбыўная мроя? Фантазіі ў ёй, што кот наплакаў. У маіх несвядомых фізіялагічных працэсах такія сны ніколі не віталі. Іншая справа — багатырскі сон. Тут я бываў і Мурамцам, і Рыхардам Зорге. Хоць у яве далёкі ад гэтых герояў. Такім быў і ў час, калі жыў на ціхай беластоцкай вуліцы, якой прысвоілі таксама мірнае (праўда, з агаворкай) імя Гротгера. З агаворкай, бо пахла яно баталіямі. Але гэты пах ніколі не парушаў вакольнай ідыліі. Наш новы дом між старэйшых будынкаў нічым асаблівым не выдзяляўся. Хутка ўсе перазнаёміліся. Талакою ўпарадкоўвалі панадворак, а на змярканні, старыя і малыя, з узбуджанымі тварамі ўліпалі ў блакітныя акенцы: якраз у тэлевізіі ішоў упершыню серыял Stawka większa niż życie. Уся краіна сачыла, як польскі ас водзіць за нос прабеглага гестапаўца Брунэра. Неўзабаве Клёс вырас на самага вялікага польскага героя. І ў панадворкавай гамонцы гарэзных падшыванцаў лавіў я характэрнае выслоўе Клёса: Nie ze mną takie numery, Bruner! Я ўсміхаўся, прыкідваючыся, што нічога не бачу. І яны на мяне — нуль увагі. Вось ідзе сусед з працы — і ўсё.

Раптам хлопцы перамяніліся. На маё з'яўленне заміралі, аж станавілася няёмка ад бляску распаленых цікаўнасцю вачэй. Што сталася? Вера не ведае, цешча не чуе. Перапытваю дачурку — маўчыць. Урэшце прыходзіць з пакаяннем: у дзіцячай гульні „чый бацька значнейшы” (а мой — лекар, а мой — суддзя), збіла з панталыку сябровак, выдаўшы сямейную тайну. Сказала, што сапраўдным Клёсам з'яўляюся я, яе бацька, а той, з серыяла — толькі акцёр, звычайны Мікульскі.

Нашай размовы нікому аднак не выявіла, бо малыя разведчыкі надалей праводзілі мяне зайздроснымі позіркамі. І не скажу, каб мне гэта роля не падабалася.

Загрузка...