Год апалоніка


1998 год сустрэлі макатранцы з дваістымі пачуццямі. Дваістасць выклікалі дзве парныя дзевяткі, што натапырыліся ў цэнтры новага летазлічэння.

— Цыклопы! — жахнуўся Стахранюк. — Павіслі над намі цыклопы! Гаварыў жа ў Ратным Гара-Гарышчэўскі: „Няважна — будзем беднымі ці багатымі, важна каб былі круглавокімі”. Значыць, здзейсніцца...

Змрочную здань, што залунала над энклавам спрабаваў развеяць Паўхранюк. Даследаваўшы дакладна цыклопападобныя знакі ў выяве прышэльца, ён сказаў:

— Калі гэта і цыклопы, дык не тыя пачвары з мінулай эпохі. Хутчэй за ўсё яны з падатраду беспазваночных. Маюць адно няпарнае лабавое вока. Жывуць у вадзе. Хоць і драпежнікі, нам шкоды не зробяць.

Але страх, пасеяны Стахранюком не адступаў ад макатранцаў. Асабліва пасля таго, як Хранюк простым матэматычным дзеяннем спалучыў вядучую адзінку з замыкаючай васьмёркай. Атрымалася трывожнае

999

Цыклопы злучаюцца. Хана! Толькі Хрэн, ветэран нязбыўнай мары, не панікаваў. Ён намагаўся ўнікнуць у сэнс загадкавых знакаў. Урэшце расслабіўся, крэкнуў і метадам Хранюка вывеў гістарычнае ўраўненне:

1998 = 1188 = 99 = 18 = 9

Пачвары выразна адступілі, рассеяліся. Мала таго, у хвастатай дзевятцы Хрэн убачыў тыповага жыхара неглыбокіх вадаёмаў, лічынку сажалкавай жабы — апалоніка.

І, аслепленыя нечаканым адкрыццём, насельнікі энклава паверылі ў трываласць Макатры, і 1998 год аб'явілі годам апалоніка.

Загрузка...