Жахлівая папка


XX стагоддзе з часам назавуць векам дэманаў. А пакуль мілаваныя лёсам робяць падлікі страт. Так маецца справа і ў Беларусі. Як паведамляе „ЛІМ”, вядзецца праца над энцыклапедыяй рэпрэсіраваных пісьменнікаў. У 30-я гады „кіпцюры ГПУ” дацягнуліся амаль да кожнага з больш чым двухсот беларускіх пісьменнікаў. Трагічная гісторыя „першага прызыву” (1917-1937 гг.). Параноя сталіншчыны выбухнула напярэдадні 20-годдзя кастрычніцкага перавароту. Падонкі рэвалюцыі прыступілі да татальнага знішчэння яе найадданых дзяцей. І ў гэтае прадонне трапіла творчая эліта. Захаваліся толькі „класікі”.

Сталін у стадыі параноіднага шаленства бачыў адно ворагаў. Дык праз гэты кантаслуп глядзелі і ягоныя апрычнікі: „ворагаў” у душагубку даставяць па канвееры — колькі душа каўказская пажадае. Любы кантынгент выканаюць з гонарам.

Як з жахлівых сноў вынырнула „Папка Бермана”. Вось зернятка плёну сталінскага наркома:

„Я. Купала является активным лидером нацфашизма”. „В 1928 г. Купала, как активный нацдем, являлся председателем Комитета защиты Белгромады в связи с провакационным процессом ее в Польше. По инициативе Купалы был организован сбор средств в помощь арестованным послам Белгромады в Польше, для чего был проведен литературно-художественный вечер в Минске, который дал 1200 руб., а в последствии активно помогал переброске послов Белорусской громады из Польши в БССР для активизации и усиления нацфашистской работы”.

Вось ён, беларускі лёс: у Варшаве ты агент Масквы, у Маскве — польскі фашыст. І яшчэ ягадка з той папкі:

„Якуб Колас, старый и хитрый враг Советской власти и Коммунистической партии”. „Осуществлял руководство вредительско-шпионской работой Академии наук БССР”, „высланному активному нацфашисту ЭпимахШипилло Колас в сентябре 1931 года выслал деньги”.

І з нашага непасрэднага лёсу: асудзілі тады 97 палітэмігрантаў, якія прыехалі ў рэспубліку з Заходняй Беларусі (1933-1934 гг.).

(З кнігі Расціслава Платонава „Лёт”, Мінск, 1998, 100 экземпляраў).

У гэтай параної здзіўляючая жывучасць: пачалася за цара, калі беларускасць лічылася інтрыгай палякаў (і наадварот). Прыйшоў 1956 год — і вар'яцтва адрадзілася. Тут ахрысцілі нас „маскоўскім насеннем”, там — „буржуазнымі нацыяналістамі”.

А ці кантаслуп кануў у Лету?

Загрузка...