ЯК ПАЛІЛІ СЯЛЮЧЫЧЫ

У 1942 годзе ў нашу вёску прыехалі немцы і аб'явілі, што будзе сход. Людзі думалі, што гэта праўда, і пачалі збірацца ў хату пасярод вёскі.

Да нас у хату зайшло некалькі салдат. Мой брат Дзёма схаваўся на печ. Немцы ўбачылі яго і загадалі злезці. Ён не паслухаўся. На яго пачалі крычаць. Дзёма сядзеў і не думаў злазіць. Тады адзін немец падбег да яго, схапіў за руку і сцягнуў з печы.

— Збірайся! — сказаў ён па-руску.

— Я не пайду,— смела адказаў брат.

Немец раззлаваўся і ўдарыў яго некалькі разоў прыкладам.

Дзёма ўскрыкнуў, але не крануўся з месца. Яго сілком вывелі з хаты.

Затым немец падышоў да мамы і грозна прагаварыў:

— Збірайся!

Пачуўшы гэта, я моцна заплакала, падбегла да мамы і ўчапілася ў яе рукаў. Немец схапіў мяне за плечы і адарваў ад мамы. Яны ўзялі маму, старэйшую сястру Аню і павялі.

— Не плачце, дзеткі,— сказала маці, выходзячы з хаты.

— Куды іх павялі? — спытала ў мяне сястра Маруська.

— Забіваць,— скрозь слёзы адказала я.

Маруська заплакала наўзрыд і крыкнула:

— Мамачка загіне, і я з ёю! — I яна пабегла на вёску.

Я выскачыла на вуліцу і ўбачыла, што гарыць наш дом. Вярнуўшыся ў хату, схапіла меншую сястрычку Еўку і браціка Васю і пабегла на агарод. Але там сядзелі немцы. Заўважыўшы нас, яны пачалі страляць з аўтамата. Мы вярнуліся назад і залезлі ў хлеў. Аднекуль выскачыла парасё. Немец пагнаўся за ім. Парасё панеслася проста на нас. А за ім падбег немец. Убачыўшы нас, ён спытаў у мяне:

— Дзе твой бацька?

— Памёр,— адказала я.

— А маці?

Еўка высунула галоўку і смела сказала:

— Забралі праклятыя фашысты!

Немец разгневаўся і наставіў на нас вінтоўку. Ён хацеў нас пастраляць, але не пастраляў. Замест таго ён падпаліў хлеў і пабег.

Мы выскачылі з хлява і пабеглі на агарод. Селі ў ямку і чакаем. I вось бачу — бяжыць мой старэйшы брат Міша. Дабегшы да дома, спыніўся. Дом палаў. Міша думаў, што мы гарым у хаце. Ён стаў клікаць:

— Каця!.. Каця!..

— Мы тут,— гукнула я.

Пачуўшы мой голас, ён падбег да нас, схапіў Васю, і мы пабеглі ў чужы дом, што стаяў на агародзе. Селі ў кутку і пачалі размаўляць. Раптам Міша ўбачыў, што сюды бяжыць немец.

— Хавайцеся! — крыкнуў Міша.

Мы пазалазілі пад ложак. Міша таксама схаваўся. Але немец не зайшоў у хату, а пахадзіў каля яе і пабег прэч.

Вечарам з лесу прыйшоў бацька. У гэтай хаце мы пераначавалі.

Назаўтра бацька і другія сяляне, якія засталіся жывыя, пайшлі хаваць костачкі пагарэлых людзей.

Калі я даведалася, што ў той хаце разам з другімі спалілі і маю міленькую мамачку і сястрычак Маруську і Аню, я плакала датуль, пакуль не змаглася. Не магла змірыцца з тым, што ніколі больш не ўбачу маму, не пачую яе голасу, не прытулюся да яе грудзей.

Пасля пахавання маці бацька сказаў, што паедзем жыць у суседнюю вёску Грабаў. Мне вельмі не хацелася пакідаць роднае месца, дзе я нарадзілася і пражыла столькі год. Але раз бацька сказаў — трэба слухацца.

У Грабаве мы пасяліліся ў нейкай незнаёмай цёткі. Жылося цяжка: у нас не было чаго есці. Але бацька казаў нам, што хутка прыйдуць нашы і вызваляць ад пакут. Мы слухалі яго, і нам станавілася лягчэй.

Аднойчы ў Грабаў уварваліся немцы. Мы ўцяклі ў лес. У лесе было яшчэ горш, але мы цярпелі і чакалі, калі настане шчаслівы дзень вызвалення.

I вось ён прыйшоў. Вярнулася наша Чырвоная Армія. Мы былі вельмі рады бачыць дарагіх байцоў, нашых вызваліцеляў. Гэты дзень застанецца ў памяці назаўсёды.

Мы пераехалі ў сваю вёску. Хутка бацька і брат Міша пайшлі на фронт.

У 1946 годзе мой бацька прыйшоў з арміі. Я вельмі ўзрадавалася яго звароту. Зноў мы будзем жыць разам.


КАЦЯ ГОРБАЛЬ (1934 г.)

Петрыкаўскі раён, ст.Капцэвічы

Загрузка...