МАЦІ I СЫН

Летам 1943 года на нашу вёску Наваселле Прапойскага раёна напалі немцы. Абступіўшы яе кругом, яны выгналі людзей на пляц, пасярэдзіне вёскі. Людзей раздзялілі на дзве роўныя часткі — моладзь і старых з дзецьмі.

Маладым дзяўчатам і хлопцам загадалі пагружацца ў аўтамашыны. Іх вывезлі з вёскі. Старых, жанчын і дзяцей загналі ў калгасныя будынкі, дзе ляжала салома, аблітая газай. Дзверы забілі, а навокал расставілі кулямёты. Будынкі падпалілі.

Стогны, праклёны, плач дзяцей і жанчын чуліся сярод трэску агню і страляніны. Некаторыя спрабавалі выскачыць з агню, але немцы расстрэльвалі іх на хаду.

Мама была на двары і немцаў заўважыла, калі яны забягалі ў суседнія хаты. Пад падлогай у нас было зроблена сховішча, і мы ўтраіх схаваліся туды. Я чуў, як немцы ламалі і варочалі ўсё, што траплялася пад рукі. У некаторых месцах узрывалі падлогу, але не над склепам; мы сядзелі каля сцяны ў другім месцы. Нарэшце немцы пакінулі хату і выйшлі. Мы моўчкі сядзелі ў склепе і ўслухоўваліся ў навакольны шум. Была чутна страляніна, крыкі і плач людзей, трэск агню. Пажар нас вельмі палохаў, бо магла загарэцца і наша хата.

Пад вечар, калі ўсё супакоілася, мы выйшлі з склепа. Будынкі, у якіх палілі людзей, дагаралі. З пажарышча валіў чорны смуродны дым. Кучы трупаў валяліся на плошчы. Многія, відаць, спрабавалі ўцякаць. Трупы іх былі акрываўленыя і ляжалі там, дзе насцігла іх куля. У двух калодзежах былі патоплены дзеці, а зверху прывалены хламам. Жывых з усёй вёскі засталося каля дзесяці чалавек.

— Цяпер нам, сынок, жыць тут немагчыма,— сказала маці,— пойдзем да партызан.

Мы хацелі пайсці да партызан са зброяй. Мама сказала мне, што ў вёсцы Ракасец (за два кіламетры) у хаце дзядзькі Змітрака немцы зрабілі склад зброі.

— Ты ведаеш яго хату,— казала яна.— Гэтая хата выходзіць вокнамі на агарод, у садок. Вартавы стаіць каля плота, ля ганка або часам на ганку. Ты падпаўзі да акна, улезь усярэдзіну і вазьмі зброю.

Назаўтра раніцай я сустрэўся з сваім сябрам Васем, які застаўся жывы таму, што схаваўся ў калгаснай кузні за горнавым мехам. Я расказаў яму аб сваім намеры, і ён падахвоціўся ісці са мной.

У гарнізон мы пайшлі апоўдні. Прайшлі жыта і па бульбоўніку папаўзлі да хаты. Узнялі галовы з бульбоўніку, паслухалі, паглядзелі — навокал нікога не было. Мы падпаўзлі да хаты. Шыбы ў акне былі не закітаваны, а прыбіты ганталёвымі цвікамі. Я выдраў іх, выняў шыбу, адшчапіў кручкі і адчыніў акно. Хутка і ціха мы ўскочылі ў пакой. Ля сцяны стаяла многа вінтовак. Пасярод хаты ў двух вялікіх штабялях былі складзены адна на адну скрынкі. У кожнай з іх ляжала па чатыры міны, у другіх былі снарады. У адной скрынцы, без верху, было насыпана да паловы патронаў. Мы выкінулі па дзве вінтоўкі, а потым набілі пазухі патронамі і выскачылі. Я ўставіў шыбу і ўваткнуў цвічкі на месца.

На двары было ціха. Сонца пякло да стомы. Навокал па-ранейшаму нікога не было. Я пашкадаваў, што мы паспяшаліся і мала выкінулі вінтовак, але падумаў, што можна будзе прыйсці другі раз. Паўзком праз бульбоўнік выцягнулі вінтоўкі, а жытам, прыгнуўшыся, выбеглі на сцежку, якая вяла праз сенажаць да нашай вёскі.

З Васем мы не былі суседзі. Я жыў з гэтага канца, куды мы ішлі, а ён — пасярод вёскі. Калі мы дайшлі да нашай хаты, я спытаўся ў яго:

— Ты што будзеш рабіць з сваімі вінтоўкамі?

— А ты што будзеш рабіць? — запытаўся ён.

— Мне яны патрэбны. Я не для сябе... Я іх перадам партызанам. Але гэта мала. Можа, другі раз сходзім?..

— Добра,— згадзіўся Вася.

— Пойдзем да нас,— запрасіў я яго.

Мама падала нам палуднаваць. Калі елі, мы расказалі ёй, як даставалі зброю. Мы скончылі свой расказ, яна ўздыхнула і сказала:

— Малайцы, дзеткі, нікому пра гэта не гаварыце.

— Не! — адказалі мы разам.

Зброю і патроны яна ўклала ў вялізны мяшок і ўкруціла яго аборкамі.

Пад вечар яна панесла зброю ў атрад і вярнулася толькі ноччу, калі я спаў. Назаўтра я спытаў маму, што сказаў камандзір.

— Казаў, каб мы збіралі зброю,— адказала яна.

— А ці хутка мы пойдзем да партызан?

— Да зімы будзем жыць тут. Я атрымала заданне весці разведку. А стане больш небяспечна, пяройдзем да іх. Я расказала камандзіру, што гэту зброю ты раздабыў. Ён цябе пахваліў і прасіў, каб яшчэ дастаў.

Мне было вельмі прыемна, і я сказаў:

— Мамачка, калі прасіў сам камандзір, то не раз схаджу...

— Добра, добра, толькі будзь заўсёды асцярожны.

Мы яшчэ схадзілі два разы і прынеслі восем вінтовак і каля тысячы патронаў. Таксама ціхенька падпаўзалі, выдзіралі шыбу і зноў яе ўстаўлялі на месца. Толькі рабілі гэта не днём, а вечарам.

Чацвёрты раз мы рашылі зноў пайсці ўдзень. Сонца моцна пякло, і было млосна ад такой гарачыні. Мы думалі, што немцы дзе-небудзь спяць у цяньку. Яно так і было.

I гэты раз, як і раней, мы падпаўзлі да акна, адчынілі паціху яго і ўскочылі. Усё на тым месцы, як і было. Глядзім у вокны — на двары ні душы. Рашылі пашныпарыць, абысці кругом. Нічога асаблівага: да сцяны прыпёртыя, стаяць ранейшыя вінтоўкі, тая ж самая колькасць патронаў і два штабялі снарадаў-мін пасярод хаты. Але вось што гэта?.. У кутку двухпавярховая койка, накрытая коўдрай. А каля яе на невялічкай вешалцы два фрэнчы. На кожным з іх вісіць па кабуры. «Напэўна, наганы»,— падумаў я. Адшпіліў іх, сунуў адзін наган за пазуху, а другі даў Васю ў рукі. У пазухі дабіраем патроны, бяром па дзве вінтоўкі і выскокваем.

I — ах!.. Вароты з двара на агарод рыпнулі... З-за іх выйшаў тоўсты, з заспанымі вачыма немец. Ён ішоў да ўборнай на агародзе. Ішоў і глядзеў сабе пад ногі. Мы стаялі скамянелыя і са страхам сачылі за ім. Нават дыханне стаілі. Сэрца білася моцна і часта, думалася, што немец пачуе яго стук і гляне на нас. Хацелася, каб ён хутчэй пайшоў, а ён, як знарок, ішоў зусім паціху. Раптам ён нахіліўся і падняў са сцежкі камень і стаў, нібы паварочваецца да нас. Мы ўжо думалі, што ён падымае камень на нас. Але ён марудна, нібы гэты камень важыў пяць пудоў, падняў яго і адкінуў у наш бок. Нам палягчэла... Але ён раптам утаропіўся ў нас... Потым выхапіў з халявы пісталет і шпарка пайшоў да нас. Уваччу ў мяне пацямнела, рукі і ногі трэсліся, і я ледзьве стрымліваўся на нагах, а Вася закрычаў:

— Ма-ама!..

Немец падышоў. Вася так і астаўся з раскрытым ротам. Немец кожнага з нас стукнуў наганам пад бараду. Вася заплакаў і стаў мармытаць:

— Мы нічога... Мы так...

Немец не слухаў і гнаў нас перад сабою.

У камендатуры ён нешта крыкліва расказваў каменданту. Той слухаў і чамусьці быстра міргаў вачыма. Мы маўкліва стаялі супроць яго. Я глядзеў сабе пад ногі і нічога не бачыў. Кругі розных колераў сыпаліся з маіх вачэй. Пазухі нашых кашуль адвісалі ад туга набітых патронаў. Гукнулі перакладчыка. У пакой убег маленькі, хударлявы і быстры чалавек. Камендант сказаў яму нешта ўпаўголасу, ён хутка падскочыў да нас і выцягнуў нашы кашулі з-пад рамянёў. Наганы выпалі, і патроны кучай пасыпаліся далоў, балюча б'ючы па босых нагах. Да горла падступіў камяк, і мне хацелася плакаць.

— Адкуль вы, шчанюкі? — спытаў перакладчык.

Вася адказаў:

— З Наваселля.

— Хто вас паслаў сюды красці зброю? — зноў запытаўся перакладчык.

Вася зірнуў на мяне і, захліпаючыся, заікаста бурчаў:

— Я... я... мы... нічога... ага... Я невінаваты.

— Ты не раві, а кажы толкам,— закрычаў перакладчык.

Вася аж падскочыў і яшчэ горай зароў.

Перакладчык пакінуў яго і падышоў да мяне.

— Ну, а ты, шчанё, што скажаш? Хто пасылаў цябе сюды?

Я маўчаў.

— А, ты не хочаш па-добраму? — крыкнуў перакладчык і зірнуў на каменданта.— Я цябе іншым чынам прымушу гаварыць.— I ён некалькі разоў выцяў мяне бізуном.

Я сарваўся з месца і забегаў па пакоі, шукаючы дзвярэй. Ля парога мяне збіў ботам у жывот паліцэйскі. Не памятаю, што было далей, дзе дзеўся Васіль і што з ім сталася. Толькі я ачнуўся ў цёмным сырым склепе.

Хацелася ўбачыць хоць бы невялікую шчылінку, але колькі я ні ўглядаўся, не мог знайсці яе. Я не мог зразумець, што цяпер на дварэ: ноч ці дзень? Мяне мучыла думка: «Чаму са мной няма Васі?.. Можа, ён расказаў усё і яго адпусцілі?» — думаў я. I чым больш я аб гэтьм думаў, тым больш мне рабілася страшна. Потым я стаў драмаць і ўрэшце заснуў.

Прачнуўся ад вострага болю і страшэнна закрычаў — мышы паўзлі па маёй спіне, галаве, перабягалі па твары, а адна нібы ўкусіла мяне за нос. Я сеў на дошку, што ляжала пад бокам. Хацелася ўбачыць хоць крышачку святла.

Змучаны стомай і болем, я то засынаў, то прачынаўся. На двары было ціха, а тут мышы шныпарылі і пішчалі. Ад гэтага рабілася жудасней. Ці хутка адчыняць дзверы?.. Чаканне маё цягнулася бясконца доўга.

Каля дзвярэй зашурхалі чыесьці крокі, і забразгаў замок па прабоі. Адчыніліся дзверы, і ўвайшоў паліцэйскі.

— Эй, вылазь, галубчык! — нібы ветлівым тонам гукнуў ён.

Я выйшаў, хістаючыся, і засланіў далонню вочы ад Святла.

— Спадабалася? — усміхнуўся паліцэйскі.— Мусіць, цяпер усё скажаш.

I ён павёў мяне да эсэсаўцаў. У пакоі былі камендант і некалькі паліцаяў. Мяне сустрэлі ласкава, пасадзілі і зноў сталі пытаць тое самае: маё імя, прозвішча, адкуль я, хто мяне пасылаў. Абяцалі зараз жа адпусціць дадому.

Я маўчаў. Тады перакладчык спытаў:

— Ты, напэўна, есці хочаш? А? Кажы!

— Ага,— прызнаўся я, бо ад учарашняга дня не еў.

— Дык вось чаму ты не можаш гаварыць? — сказаў перакладчык.— Добра, добра, сядай да стала.

Мне паднеслі два акрайчыкі хлеба з маслам. Я схапіў і з прагнасцю стаў есці, глянуўшы на каменданта. Ён усміхнуўся, кіўнуў мне галавой і сказаў:

— Гут, гут!

Перакладчык сказаў мне:

— Цябе, мусіць, падгаварылі, так? Яны знарок пасылаюць дзяцей, каб іх тут забілі. А мы зробім інакш. Ты нам толькі раскажаш, і мы цябе адпусцім, праўда?

Я еў і маўчаў.

Тады камендант закрычаў, стукнуў кулаком па стале і адвярнуўся ад мяне. Адзін эсэсавец вырваў у мяне недаедзены кавалачак хлеба, а два схапілі за рукі і ногі і вынеслі ў суседні пакой. Кінулі мяне на доўгі нізкі стол і перавярнулі спіной угору. Адзін прыціснуў мне ногі, другі абхапіў ля далоняў рукі і прыціснуў імі маю галаву. Трэці разануў мяне бізуном па плячах. Я закрычаў і паспрабаваў паварушыць нагамі, але скрануць іх з месца не мог. Раз за разам лажыліся ўдары. Я курчыў плечы, прыпаднімаўся жыватом і крычаў...

Перакладчык спыніў ката і запытаўся:

— Цяпер, напэўна, скажаш?

Я толькі стагнаў ад болю. Кат некалькі разоў выцяў мяне і спыніўся. Паліцэйскія падхапілі і пасадзілі мяне на стол, вызваліўшы рукі і ногі. Але я не мог сядзець. Тады на мяне лінулі з паўвядра вады. Я саслізнуў са стала і бразнуўся аб падлогу. Усе выйшлі, а я хутка заснуў.

Прачнуўся ад удару ботам у спіну. Паліцай падхапіў мяне і зноў павалок да каменданта.

— Есці хочаш? — запытаў перакладчык.

— Піць і есці таксама,— адказаў я.

Усе неяк здзіўлена пераглянуліся паміж сабой і падалі мной не даедзены кавалачак хлеба. Потым перакладчык наліў у шклянку вады і сказаў:

— Вось вада, але выпеш ты не раней, як скажаш, што ў цябе пытаюць.

Я еў хлеб, не чакаючы вады, і маўчаў.

— Сядай! — крыкнуў перакладчык, паказваючы на лаўку.

За кожным разам, як толькі я адкусваў хлеба, мяне два разы ўдаралі бізуном. Ад болю я ўскрыкваў і зрываўся з месца. Мяне штурхалі назад. Але есці не пакідаў, стараючыся адкусваць як мага большыя кавалкі, каб было менш удараў. Тады я стаў жаваць павольна, а ён цярпліва чакаў. Апошнія ўдары былі такія моцныя, што я страціў прытомнасць. Мяне зноў аблілі вадой і ўкінулі ў той жа склеп.

На другое ранне мяне выклікалі зноў да каменданта.

У пакоі стаяла маці. Я яе не пазнаў адразу. Яна была без хусткі, валасы на галаве былі зблытаныя ў камячкі, а пад вачыма нібы вымазана чорнай фарбай.

— Сынок мой!.. Што яны з табой зрабілі? — ступіўшы крокі два да мяне, сказала маці.

Кат яе штурхануў, і яна рынулася на падлогу.

Кашуля мая прыліпла да цела. Я не мог паварушыцца ад болю. Галава, твар былі апухлыя, а засохлая кроў моршчыла скуру. Рукі таксама былі ў крыві, ногі падгіналіся.

— Вось твая матка,— сказаў мне перакладчык.— Яна прыйшла вызваляць цябе. Калі ты скажаш, хто цябе пасылаў і дзе партызаны, мы вас абаіх адпусцім.

Яны пільна сачылі за нашымі вачыма.

Я маўчаў.

— Ты маўчыш! — вызверыўся перакладчык і моцна сцебануў мяне бізуном.

Мама ўсхапілася і закрычала хрыплым голасам:

— Каты вы! Навошта яго б'яце? Вінавата я! Я сама пасылала яго па зброю. Зброя патрэбна партызанам і нам, каб нішчыць вас, праклятых!

На маму накінуліся немцы і пры мне пачалі збіваць яе, пытаючыся, дзе партызаны. Мама стагнала і не прамовіла больш ні слова. А мяне схапіў немец і ўштурхнуў у нейкую цёмную каморку. Прасядзеў я там, нібы ў сне, не ведаю колькі часу. I вось раптам прыходзіць паліцай і кажа:

— Можаш ісці.

— Куды? — спытаў я, нічога не разумеючы.

— Куды хочаш.

Я бег па вуліцы да сваёй вёскі. Ля аднаго дома, каля калодзежа, стаялі чатыры немцы. Калі я параўняўся з імі, яны заступілі мне дарогу. Двое з іх схапілі мяне за рукі. Нічога не гаворачы, хутка панеслі да калодзежа. Трымаючы за рукі, прыгнуліся, схапілі за ногі шпурнулі галавой уніз. Помню, штось моцна стукнула ў галаву, а як апынуўся ў вадзе — не ўцямлю.

Вада была надзвычай халодная, і я адразу ачнуўся. Якім чынам апынуўся на нагах, ніяк не магу зразумець — ляцеў жа я галавой уніз, бо і скура на чэрапе з левага боку была садраная.

Ледзяная вада даходзіла мне да грудзей. Не адчуваючы болю, я трымцеў ад холаду і стараўся выкарабкацца на барты скрынкі. Яна выступала значна з вады, і берагі яе былі слізкія ад зялёнай цвілі.

Наверсе зарыпела вядро і ўскрыкнула жанчына. Яна выпусціла вядро і стала глядзець уніз. Я пачаў рабіць ёй знакі рукамі, бо толькі цяпер адчуў, што гаварыць не магу. Жанчына зноў узялася за вочап і хутка стала спускаць яго з вядром. Як толькі яно дайшло да вады, я абхапіў рукамі вочап, улез у вядро — і мяне паднялі ўгару.

Нас абступілі іншыя жанчыны. Я ляжаў на траве і не зусім разумеў, што са мной робіцца. Мяне прынеслі ў хату і пераапранулі ў другія лахманы, перавязалі раны і палажылі на печ.

Праз некалькі гадзін я ачуняў. Жанчына мяне пакарміла і адпусціла дадому. Я асцярожна выйшаў з вёскі і пайшоў як мог. Дома ўсё было разрабавана, падлога ўзарвана, ложкі перавернуты, чарапы ад пасуды і ўсе нашы рэчы валяліся ў кучы.

За пуняй я знайшоў сваю маму. Яна ляжала бокам, тварам да сцяны. Спачатку я думаў, што яна спіць. Нахіліўшыся да яе, я жахнуўся: твар і грудзі яе былі паразразаны нажом.

Я доўга плакаў каля яе, пакуль мяне не змарыў сон. I сам не заўважыў, як заснуў.

Прачнуўся ад холаду. Было ранне, але сонца яшчэ не ўзыходзіла. Я пайшоў шукаць рыдлёўку. Доўга хадзіў па закутках двара і ніяк не мог знайсці. Прабраўшыся праз плот, зайшоў на суседні двор. У хату я не заходзіў, бо ведаў, што ў жывых там нікога не засталося. З двара перайшоў у агарод, у баразне знайшоў рыдлёўку.

У вёсцы не было ні душы. Дзе і як пахаваць маму — ніяк не мог прыдумаць. Потым дадумаўся выкапаць яму каля яе, бо аднесці яе ў другое месца не было сілы. Ямы мне не ўдалося выкапаць — усюды быў дзёран. Як ні сек рыдлёўкай — адвярнуць яго ад зямлі не здолеў. Прабаваў капаць у розных месцах — нічога не выходзіла: яма была малая і не мела ніякай формы. Ногі, спіна і рукі моцна балелі, кружылася галава.

Я кінуў работу, пацалаваў маму і пайшоў у хату. Хацелася есці, а знайсці нічога не мог. Тады я ўспомніў, што ў сенцах у дзяжы закопана сала. Падлога ў тым месцы не была ўзарваная. Напэўна, яно цэлае.

Рыдлёўкай узарваў некалькі дошак і адкапаў дзяжу. Наверсе ляжалі два скруткі высушанай на сонцы каўбасы. Яе мама пакідала к часу жніва. Я адламаў добры кавалак, стаў кусаць яго і шукаць якую-небудзь торбу для сала. Знайшоў пад страхой вялізны брудны мех. Укінуў у яго рэштку каўбасы і столькі сала, колькі мог несці. Дзяжу закрыў і зноў закапаў у зямлю.

Сярод ірванай адзежы выбраў цалейшыя порткі і кашулю. Пераапрануўшыся, перакінуў мяшок цераз плечы і выйшаў. Вольны канец меха быў вельмі даўгі і блытаўся ў маіх нагах.

Я ішоў да партызан. Яны былі ад нас кіламетраў за дзесяць, але я не ведаў ні прозвішча камандзіра, ні назвы яго атрада.

Каб патрапіць да іх, мне трэба было перайсці на другі бераг Дняпра. Туды мы хадзілі цераз мост, які быў у партызан.

На мосце мяне затрымаў нямецкі патруль. Тады толькі я сцяміў, што з часу гібелі нашай вёскі і яе жыхароў мостам завалодалі немцы. Падышлі яшчэ два немцы. Заглянуўшы ў мой мяшок, яны зарагаталі: «Партызант! Партызант!»

Абмацаўшы маю кашулю, двое павялі ў сваё памяшканне і перадалі п'яным афіцэрам. Сала маё яны забралі сабе.

Я прыпомніў свае ранейшыя пакуты і заплакаў. Яны абмацалі маю распухлую галаву, рукі і запыталіся, з якой я вёскі і куды іду. Я адказаў, з якой вёскі, і зманіў, што іду ў суседнюю вёску да дзядзькі. Афіцэры рагаталі. Напэўна, падумалі, што я выпаўз з заваленага калодзежа ці выратаваўся з агню. З задаволеным рогатам высцебалі мяне дубцамі і падкінулі пад нары.

Цела маё балела, і я пад нарамі стагнаў і плакаў. А п'яныя немцы рагаталі, гучна размаўлялі і не звярталі на мяне ўвагі. Нарэшце я зусім змарыўся і стаў драмаць. Але я намагаўся, каб не заснуць. Я хацеў сачыць за немцамі. Адзін немец некалькі разоў нагінаўся, каб паглядзець на мяне. Калі бачыў, што ў яго згінаюцца калені, я заплюшчваў вочы.

Нарэшце, калі я бадай што чуць не заснуў, адчуў, што ў пакоі зрабілася ціха. Я расплюшчыў вочы, прыслухаўся — немцаў не было. Тады я вылез з-пад нараў і паглядзеў у акно. Навокал нікога. За акном раслі каноплі і авёс, а за імі — луг і кусты. Я адчыніў акно і выскачыў.

Паўзці было лёгка, але, здавалася, вельмі марудна. Вось-вось загагочуць немцы, забрэша іхні сабака, пачуюцца стрэлы, засвішчуць над галавой кулі... Нарэшце я дапоўз да кустоў, устаў, азірнуўся — усё было ціха па-ранейшаму. Адразу зрабілася неяк лёгка, нібы з плеч зваліўся вялікі цяжар.

Але зараз жа ахапілі слабасць і млявасць. Хацелася піць. А вады навокал не было. Я павалокся да лесу і там натрапіў на куст маліны.

Падмацаваўшыся ягадамі, я пайшоў далей у лес па вядомых мне сцежках.

Перад самым лагерам мяне спынілі паставыя і сталі распытваць. Але я расплакаўся і не мог ім расказаць толкам. У лагеры жанчына-доктар адразу ж стала перавязваць мяне. Прыйшлі камандзір і другія партызаны. Пакуль мяне перавязвалі, я расказаў ім усё, што са мной было. Усе ўважліва слухалі. Адзін стары партызан сказаў:

— Нічога, сынок, ты ў галаву сабе вельмі не бяры. Будзеш жыць з намі. А за матку тваю адпомсцім.

Ляжаў я ў асобнай зямлянцы разам з раненымі партызанамі. Раны мае гаіліся марудна, а потым пачала злазіць скура з плеч і галавы. А калі я ачуняў, то адразу стаў дрэнна гаварыць і чуць.

Мяне ўсе любілі, я жыў, як у сям'і. Хадзіць на заданне мне не дазвалялі, хоць іншы раз прасіўся. Часам мне даручалі розныя гаспадарчыя работы, і я ахвотна іх выконваў.

Калі прыйшлі нашы, мяне змясцілі ў дзіцячы дом.


ІВАН СІМАНАЎ (1932 г.)

г. Магілёў.


Ён і да гэтага часу напалову глухі і нямы. (Заўвага рэдакцыі.)

Загрузка...