ПАГІБЕЛЬ “ТЫГРА”

Перад вайной мае бацькі паехалі на работу ў Заходнюю Беларусь. Мы пасяліліся ў раённым цэнтры Жабчыцы Пінскай вобласці. Тата працаваў загадчыкам гаража, а мама — шафёрам. Увесну 1941 года мне мінула сем год, і я з нецярплівасцю чакаў таго дня, калі пайду вучыцца ў школу.

22 чэрвеня мы ўсёй сям'ёй збіраліся паехаць у Пінск фатаграфавацца. Нават бабка не хацела заставацца дома, і тата абяцаў узяць з сабой і бабку.

Увечары перад выхадным я лёг спаць раней, каб лепей выспацца. Але паспаць так і не ўдалося, я прачнуўся ад страшэннага грукату, недзе зусім блізка раздаўся выбух, за ім — другі, трэці... Было пяць гадзін раніцы. Тата хутка апрануўся і пайшоў у гараж. Я, мама, бабка і малодшы брат Шурык пабеглі хавацца ў поле. Адсюль я бачыў, як гарэлі дамы, ірваліся бомбы. Нямецкія самалёты прыляталі бамбіць праз кожныя дзве гадзіны. Начаваць мы засталіся ў полі, а раніцай прыйшлі дадому. Ад суседзяў мы даведаліся, што тату мабілізавалі ў армію і ён яшчэ ўчора выехаў на машыне. Больш мы яго не бачылі.

Увечары немцы зноў бамбілі. На другі дзень маму выклікалі ў ваенкамат. Там ёй далі машыну, нагружаную жанчынамі і дзецьмі, і загадалі везці на ўсход. Маці пасадзіла нас на машыну, і ў той жа дзень мы выехалі з горада. У Жыткавічах мама здала машыну, і далей мы паехалі эшалонам. У дарозе захварэла бабка, мы не ведалі, што рабіць. У Рэчыцы мы сышлі з поезда. Маці спытала, што за горад, вялікі ці малы, ці можна паступіць на работу. Знайшлі кватэру на Вакзальнай вуліцы і сталі там жыць.

Мы думалі, што хутка немцаў адгоняць і мы зноў вернемся дадому. Але немцы ўсё ішлі ды ішлі. Хутка яны занялі і Рэчыцу. Жыць стала цяжка, есці не было чаго, грошай таксама не было. Мы стараліся не паказваць маме віду, што нам хочацца есці. Зрэдку мама прыносіла бульбу, а зімой пякла бульбяныя лушпайкі ў печцы на патэльні. Лушпайкі рабіліся сухія, надутыя і здаваліся мне вельмі смачныя. Цяпер бы я іх не еў.

Я ўвесь час маляваў пушкі, танкі, абазначаў пушку зорачкай і маляваў, што яна падбівае нямецкі танк. Мне вельмі хацелася, каб прыйшлі нашы.

Неяк увечары мама прыйшла дадому вясёлая.

— Хутка нашы прыйдуць,— сказала яна.

— Адкуль ты ведаеш? — спытаў я.

Тады мама паказала мне афішку і газету «Комсомольская правда» і прачытала пра суд над немцамі ў горадзе Краскадары.

— Трэба, каб аб гэтым даведаліся ўсе нашы людзі,— сказала мама і загадала мне непрыкметна раскідаць пачку афішак на біржы.

Потым яна яшчэ некалькі разоў давала мне афішкі, і я раскідваў іх у гарадскім упраўленні, на біржы і аднаго разу нават у паліцыі.

Так прайшло з паўгода. У верасні месяцы 1943 года маму арыштавалі. Бабка паклікала мяне і браціка і сказала:

— Вам трэба хавацца, бо маму будуць мучыць, і калі яна што-небудзь раскажа, то нас растраляюць. Я ўжо старая і не маю сілы ісці. А вы, калі будзеце гуляць на вуліцы і ўбачыце, што ідуць гэтыя немцы, дадому не ідзіце, а ідзіце ў лес. Там вас знойдуць партызаны.

Ноччу мы з брацікам пайшлі на вуліцу і пераначавалі ў траве пад плотам. Мы ўжо думалі ўцякаць у лес, але праз сем дзён маці вярнулася з турмы. Аднойчы, калі я гуляў на вуліцы, мама паклікала мяне дадому. Калі я ўвайшоў у хагу, мама шчыльна зачыніла дзверы і зацягнула фіранкі на акне. Шурыка выправіла гуляць на вуліцу. Потым яна сказала мне:

— Толік, ты хочаш, каб хутчэй прыйшоў наш тата?

— Вядома, хачу.

— Тады ты павінен дапамагчы мне. На рагу Луначарскай і Леніна стаіць нямецкі танк «тыгр». Я табе дам міну, ты зараз пойдзеш са мной і падложыш яе пад танк.

— А калі немцы зловяць нас, то расстраляюць? — спытаўся я.

— Калі зрабіць разумна і асцярожна, усё будзе добра. Затое, калі прыйдуць нашы, ты скажаш, што таксама дапамог гнаць немцаў.

Мама выйшла на двор і хутка прынесла нешта, загорнутае ў анучку. Калі яна разгарнула анучку, я ўбачыў невялікую чорную каробачку.

— Гэта міна,— сказала мама.

Я спужаўся, што міна ўзарвецца, і хуценька адскочыў назад.

— Не бойся, яна ўзарвецца толькі праз шэсць гадзін. Гэта міна магнітная. Ты не паспееш яе прыкласці, як яна сама прыліпне да танка.

I мама паднесла міну да жалезнага ложка. Міна так моцна прыстала, што мы ледзь адарвалі яе. Тады мама выняла з міны нейкую палачку, падобную на аловак, надзела на палачку даўгаваты чырвоны каўпачок, пацягнула за нешта і сказала:

— Міна завялася. Зараз пяць хвілін на шостую, трэба спяшацца.

Я апрануў палатняныя штонікі, што мне бабка пашыла з мяшка. Там была вялікая кішэня, і я палажыў туды міну. Паверх яшчэ я надзеў паліто з дзіравай кішэняю і праз дзірку прытрымліваў рукой міну, каб яна не боўталася. Мама сказала:

— Калі немцы заўважаць цябе і будуць крычаць «стой!», ты не спыняйся і дадому не ідзі, а бяжы праз двары і гароды.

Яна пацалавала мяне, і мы выйшлі на вуліцу. Мне здавалася, што ўсе людзі глядзяць на мяне, нібы ведаюць, што ў мяне ў кішэні міна. Мама шаптала:

— Не бойся.

Але па твары яе відаць было, што яна таксама хвалюецца. Хутка мы дайшлі да вуліцы Леніна. Мама спынілася ў завулку, а я пайшоў адзін. Каля танка нікога з немцаў не было відаць. Танкісты адпачывалі ў доме, што быў насупраць. Адтуль чуліся рогат і песні. Пасярэдзіне вуліцы стаяў высокі рыжы немец-рэгуліроўшчык. Паўз яго несліся машыны, матацыклы, ехалі павозкі з раненымі. Гэта адступалі немцы. Аб гэтым нам яшчэ ўчора сказаў знаёмы партызан, што служыў у паліцыі.

Каля танка малыя гулялі ў вайну. Адны наступалі, а другія адступалі. Я далучыўся да адступаючых і стараўся адступаць к танку. Але я не мог бегчы хутка, таму што мне перашкаджала міна. Наш камандзір пачаў смяяцца з мяне:

— Эх ты, ваяка! Нават бегчы не можаш.

Калі наступаючыя пачалі кідаць у нас папяровыя гранаты, мы кінуліся хавацца хто куды. Я схаваўся за танк, а потым палез пад яго. Я намятаў, што мама казала, каб я прыляпіў міну з правага боку. Расшпіліўшы паліто, я дастаў міну і ледзь толькі дакрануўся ёю да жалеза, як яна прысасалася. Тады я выскачыў з-пад танка і з крыкам «ура!» кінуўся на наступаючых. Яны закрычалі:

— Няправільна! Ты павінен адступаць!

Але я не слухаўся і бег на іх. А за мной пагналіся і ўсе нашы адступаючыя. Крыху прабегшы, я завярнуў у адну, другую вуліцу. Дадому цяпер ісці нельга было, і я пайшоў на рэчку, а адтуль — у парк.

«А што, калі міна не ўзарвецца або немцы знойдуць яе?» — думаў я. Я і не заўважыў, як сцямнела. Калі я прыйшоў дахаты, было зусім цёмна. Мама сядзела на лаўцы і нешта шыла.

— Ну што? — спытаў я.

— Танк адтуль ужо выехаў,— сказала мама.

— Дык мы нават не будзем ведаць, ці ўзарвецца танк!

— Мне сказалі, што танк спыніўся на ноч каля бензінавай калонкі, блізка ад чыгункі,— сказала мама.

Я лёг спаць, а мама ўсю ноч сядзела на лаўцы.

Раніцою ў горадзе было шумна. Людзі гаварылі, што ноччу ў горадзе былі партызаны і падарвалі танк. Маме трэба было ісці ў атрад, але да часу дня нікога не пускалі ні з горада, ні ў горад. Вечарам мама сабралася і пайшла ў атрад.

Праз тры дні да нас прыйшла цётка Шура і сказала:

— Збірайцеся, дзеткі, пойдзем са мной да вашай мамы.

Яе муж быў у адным атрадзе з нашай мамай. Мы ішлі дваццаць кіламетраў і прыйшлі ў лес. Там стаяў будан з галля. Уверсе была дзірачка, каб выходзіў дым. Але там было так дымна, што слёзы ліліся з вачэй. Потым прыйшла мама і завезла нас да знаёмай цёткі з другога атрада.

Мы прабылі ў яе некалькі дзён, калі раптам немцы пачалі акружаць лес. Адны партызаны пачалі бой з немцамі, а мы разам з другімі партызанамі пайшлі ў глыб лесу. Усе стараліся ісці ціха, каб немцы не пачулі. Цётка ішла спераду, а я і Шурык — ззаду за ёй. Так мы ішлі ўсю ноч. Калі развіднелася, цётка спытала:

— А дзе ж Шурык?

Тут толькі я заўважыў, што Шурыка няма. Цётка вельмі спалохалася. На другі дзень мы знайшлі Шурыка ў атрадзе Варашылава. Калі наш атрад стаяў на прывале, пад'ехалі варашылаўцы і кажуць маме:

— Ідзі і забяры свайго сына.

Мы вельмі ўзрадаваліся і пабеглі да іх. Прыбеглі ў атрад і бачым: Шурык сядзіць на павозцы, брудны, твар як чыгун чорны, і ў руках трымае вялікі кавалак хлеба. Мама спытала Шурыка:

— Дзе ж ты быў?

А ён маўчыць. Тады партызаны расказалі, як яны знайшлі Шурыка. Яны ехалі праз лес і бачаць — у кустах, крокаў за пяць-шэсць ад дарогі, ляжыць хлопчык. Яны думалі, што ён нежывы. Падышлі, бачаць, ён спіць. Тады яны пабудзілі яго і спыталі:

— Дзе твая мама?

Шурык сказаў, што мама ў атрадзе Фрунзе.

— А як ты апынуўся тут?

— Я не мог больш ісці. Мне вельмі забалелі ногі, і я хацеў спаць.

Потым Шурык кажа маме:

— А я цябе бачыў, калі ляжаў на дарозе. Ты ехала з раненымі.

— Чаму ж ты не паклікаў мяне?

— Як жа я мог крычаць? Каб прадаць увесь атрад немцам? Камандзір сказаў, што крычаць нельга.

Назаўтра мы пераехалі ў вёску Талстыкі, кіламетраў за сорак ад таго месца, дзе знаходзіўся атрад. Там мы былі ўвесь час, пакуль не прыйшлі нашы. А тады мы вярнуліся зноў у Рэчыцу.


ТОЛЯ ЗАХАРЭНКА (1945 г.)

г.Рэчыца, вул.Савецкая, д.10

Загрузка...