МАЯ ДАПАМОГА

У адну з вясенніх начэй 1943 года ў акно нашай хаты нехта ціха пастукаў. Мама падышла да майго ложка і шэптам сказала:

— Сынок, ты чуеш? Нехта стукае. Учора гаварылі, што ў камендатуру прыехала шмат немцаў. Пэўна, гэта яны. Вось калі нам будзе канец...

— Чую,— адказаў я і задумаўся.

Камендатура размяшчалася ў Дукорскай МТС, у якім-небудзь кіламетры ад нашай вёскі Дукоркі. Вядома, маглі наскочыць немцы, але яны так далікатна не стукаюць. А партызаны ў такіх выпадках хаваюцца за сцяной, і можна ўбачыць толькі руку. Гэты ж чалавек стаіць у акне, і я выразна бачу яго абрыс. Прытым стук дужа знаёмы, чуты раней, значыць, стукае свой. Пачынаю ўважліва прыслухоўвацца. Стук паўтараецца.

— Мама, стукае наш...— кажу я і ўсхопліваюся.

— Цішэй! — сіпіць на мяне мама, падыходзіць да акна і ўпаўголасу пытае:

— Хто там?

Знадворку даносіцца прыцішаны голас:

— Мама, адчыні...

Мама выйшла ў сенцы. За ёю паспяшыў і я. Бразнула завала, бясшумна расчыніліся дзверы, і цераз парог пераступіў мой брат-партызан. Мама кідаецца яму на шыю. Брат цалуе яе, мяне і кажа:

— Зойдзем у хату.

У хаце ён пацалаваў меншага браціка, сястрычак. Потым прысеў каля стала і пачаў распытваць пра здароўе, жыццё, гаспадарку. Мама расказала.

— А як ты маешся? — спытала яна.

— Як бачыш, жывы, здаровы,— весела прагаварыў брат, гладзячы мяне па галаве.

Маці пачала гаварыць, каб ён асцерагаўся, таму што ў камендатуры прыбавілася немцаў.

Брат папрасіў маму, каб яна прыгатавала што-небудзь перакусіць для двух чалавек, і затым звярнуўся да мяне:

— Шурык, мне трэба пакарміць двух коней. Знойдзеш якога-небудзь корму для іх?

— Знойдзем,— адказаў я.

Мы выйшлі на двор. Толькі я хацеў адчыніць дзверы хлява, як брат мне кажа, што коні накормлены, і садзіцца на камень. Я сеў побач з ім. Ён пачынае распытваць, ці баюся я немцаў, ці ходзяць яны ў вёску, ці лёгка трапіць у камендатуру.

Немцы прыносяць у вёску сахарын, брошкі і мяняюць на яйкі. Калі немцы заходзяць у хату па аднаму, я іх тады не баюся. А вось як па шэсць-сем чалавек, тады страшна. Думаецца, што ідуць па нас. З нашай вёскі пакуль што ў партызанах два чалавекі, і немцы могуць прыйсці і забраць партызанскія сем'і. Але яны баяцца партызан. Заходзячы ў вёску днём, пытаюць: «Партызан нікс?»

I ў камендатуру я хадзіць не баюся. Немцы не ведаюць, што я брат партызана, і прапускаюць. Такія носяць у іх пакоі дровы, возяць ваду, чысцяць коней. Стараста загадвае ісці на работу. Камендатуру спачатку агарадзілі калючым дротам, а цяпер робяць сцяну ў метр таўшчынёй. Хлопцы туды ходзяць купляць цыгарэты.

— Вось што,— кажа мне брат.— Сёння раніцой схадзі ў камендатуру, як быццам табе трэба купіць цыгарэт, і пастарайся даведацца пра немцаў, якія прыехалі ўчора: колькі іх, на чым прыехалі, у што яны апрануты, якія ў іх знакі адрознення, якія знакі на машынах. Аб усім гэтым раскажаш мне. Пасля абеду прыйдзеш на пажарышча (назва ўчастка лесу). Там я сустрэну цябе...

— Сынок, ці не думаеш ты і Шурку забраць з сабою? — нечакана прагаварыла мама каля нас.

— Не, мама,— адказаў я,— гэта ён кажа, дзе сустрэцца, калі нам прыйдзецца ўцякаць ад немцаў.

Брат спытаў:

— Мама, ты прыгатавала есці?

— Ага, ідзіце,— адказала яна.

— Добра. Ідзі ў хату. Зараз і я там буду.

Калі мама пайшла, брат сказаў:

— Ну вось, Шурык, я цябе буду чакаць на пажарышчы. Запомні: як падыдзеш да лесу, за спявай:

Выходила на берег Катюша,

Выходила на берег крутой...

Гэга на выпадак, калі сустракаць буду не я, а хто-небудзь з нашых партызан. Ён цябе спытае: «Грушы ёсць?» — «Ёсць!» — адкажаш ты. Гэта ўмоўны знак. Такому чалавеку можаш расказаць усё. Зразумеў?

— Зразумеў,— адказаў я.

— Вось так будзеш дапамагаць нам.

— А вінтоўку мне дасцё? — пацікавіўся я.

— Дадзім, як возьмем у атрад. Калі будзеш дастаўляць дакладныя звесткі, то возьмем хутка.

Брат з таварышам пад'елі і паехалі. Я ляжаў у пасцелі і думаў, як лепш выканаць яго заданне, сабраць падрабязныя звесткі. Перад вачыма стаялі нямецкія машыны з незразумелымі знакамі, немцы станавіліся папярок дарогі і гаварылі: «А, ты пасланец партызан!» Хапалі і дапытвалі, але я ім не гаварыў ні слова... Часам мне мроілася, што я партызан, маю вінтоўку, хаджу на заданні...

З такімі думкамі я і заснуў.

Калі я прачнуўся, мама паліла ў печы. Я апрануўся, узяў пяць яек і, не сказаўшы ёй ні слова, выйшаў з хаты. Іду і думаю, як пра ўсё даведацца. За мной паўзе страх, але я стараюся адагнаць яго. За спіной чую нечыя крокі. Азіраюся. Мяне даганяе знаёмы хлопчык Валодзя.

— Шура, ты ідзеш у камендатуру на работу? — пытае ён.

— Не. Купіць цыгарэт...

Набліжаемся да нямецкага паста. Стаяць двое: немец і паліцэйскі. На мяне глядзіць немец і, здаецца, вось-вось скажа: «Куды ідзеш? Партызаны прыслалі?» Але не, ён раптам крычыць:

— Цыгарэты! Сахарын! Яйка нікс?

— Нікс,— адказваю я.

— Шура, ты ж ідзеш купляць цыгарэты,— шэпча Валодзя.

— Гэты ашукае,— кажу я.— Выменяю ў камендатуры.

Адлягло ад сэрца. Ступаю смялей і сам сабе кажу ў думках: «Хіба яны могуць здагадацца, што я іду ў разведку? Такіх, як я, тут швэндаецца многа».

Тыя, што прыйшлі раней, у баку ад камендатуры рэжуць і колюць дровы. Больш нікога навокал не відаць. I машын ніякіх няма. Вось камендатура — вялікі двухпавярховы будынак. Узнімаюся па прыступках наверх. Насустрач выскоквае немец, хапае мяне за плячо і крычыць:

— Гольц! (Дровы!)

Разам з немцам вяртаюся да дроў. Ну, думаю, цяпер-то я траплю ў пакой! Набралі дроў і панеслі. Але не ў пакой, а на кухню. На дварэ цеплыня, і ў памяшканнях не паляць. Не шанцуе. Ідучы назад, я адлучаюся, заходжу ў першыя дзверы і трапляю ў афіцэрскі пакой. Афіцэраў двое. Дастаю тры яйкі і прашу цыгарэты. Адзін бярэ яйкі і дае мне цыгарэту, другі паказвае, каб я чысціў боты. Я рад, што магу затрымацца.

Першы ўстаў, апрануўся, а на шыю начапіў якуюсьці бляшку з арлом. Раней я такіх не бачыў. Пэўна, гэта і ёсць тыя, што ўчора прыехалі.

Пачысціўшы боты, я выйшаў і адправіўся на канюшню. Там сустрэў хлопчыкаў, якія хадзілі кожны дзень. Пачаў размаўляць з Валодзем. Ад яго даведаўся, што ў камендатуру прыехала палявая жандармерыя, а немцы, якія тут былі, выязджаюць.

З канюшні рашыў зайсці яшчэ ў адзін пакой,— у мяне ж было два яйкі. Трапіў у каравульнае памяшканне, але зрабіць абмен не ўдалося: там адбываўся нібы сход, і мяне адразу выгналі.

Больш хадзіць пабаяўся і з гэтымі дадзенымі вымушан быў вяртацца. Ідучы дадому, адчуваў сябе дарослым: я ж пачаў дапамагаць партызанам!

Зноў у камендатуру пайшоў праз дзень. На гэты раз убачыў рэшту немцаў, якія выязджалі. На іх месцы засталася палявая жандармерыя і паліцаі з смілавіцкага гарнізона.

Такім чынам, праз некаторы час я ўжо ведаў, што ў гарнізоне ёсць два пасты і адна наглядальная вышка, што тут налічваецца сто чалавек, два станковыя кулямёты і дзесяць ручных, што ёсць у жандараў аўтаматы, а ўсіх жандараў — чалавек пятнаццаць. I ўсе гэтыя звесткі я перадаў партызанам.

Аднойчы мы вячэралі. У хату ўвайшоў дзядзька Аляксей і пачаў расказваць, што ён зараз сустрэў аднаго чалавека з вёскі Турэц, які супроць ночы чагосьці пайшоў у нашу вёску.

— Падазроны ён,— сказаў дзядзька.— Добраму чалавеку ў такі час няма чаго хадзіць з партызанскай вёскі ў камендатуру.

Я кінуў яду і, недаслухаўшы, што гаварыў далей дзядзька, выскачыў на двор. Пачынала цямнець. Подбегам пайшоў да камендатуры. У канцы вёскі дагнаў старога. Ён быў абуты ў лапці, ногі да калень заматаны аборамі.

«Гэта і ёсць той чалавек, пра якога гаварыў дзядзька,— падумаў я.— Так абуваюцца толькі старыя з Турца». Я прыцішыў хаду і стаў наглядаць, куды ён пойдзе.

Але прасачыць яго мне не ўдалося. Недалёка ад камендатуры знаходзілася канава і раслі кусты. Ад іх адна за адной пачалі аддзяляцца цёмныя постаці. Стары параўняўся з імі, і раптам да маіх вушэй даляцелі нямецкія словы. Я здагадаўся, што гэта адпраўляюцца немцы на засаду, і павярнуў назад.

Мінуўшы дамоў восем, спыніўся. Хоць было страшнавата, але жаданне дазнацца, куды яны пойдуць, пераадольвае. Прыглядаюся, дзе можна перачакаць, каб прапусціць іх уперад, і тады сачыць. На дварэ зусім сцямнела. Крокі набліжаюцца. Разважаць няма калі. Пад нагамі адчуў мосцік. Гэта каля Верамейчыка. Залез пад мосцік і чакаю. Шум нарастае. Вось-вось немцы пойдуць па мосціку.

Але што такое, мосцік маўчыць, не грукоча. Я зразумеў, што немцы звярнулі каля Верамейчыка ў вулачку. Шум заціхае. Я асцярожна вылез з свайго ўкрыцця і, прыгнуўшыся, паспяшыў у вулачку. Глянуў уздоўж і ўбачыў немцаў, якія аддаляліся. Каля платоў пайшоў услед.

У канцы вулачкі немцы накіраваліся па дарозе, што ідзе па загуменні. Пачаліся прысады. Я выбраў удалае месца, каля вішань, і пералез цераз плот. Цяпер іду амаль побач з імі, толькі яны — па дарозе, а я — агародамі. Немцы параўняліся з сядзібай Кароткага Фёдара, і я бачу іх на ўвесь рост.

Немцы дайшлі да ўчастка Савіча і спыніліся. Я прысеў на агародзе Каляды Макара. Адсюль частка немцаў пайшла далей, а частка на агарод Савіча і Камейкі Івана.

Па дарозе, якая праходзіць у гэтым месцы, часта праязджаюць партызаны з вёскі Турэц у нашу; значыць, немцы і рашылі падпільнаваць іх.

Калі засада размясцілася, я асцярожна праз агарод Шычко Івана выйшаў на вуліцу, перайшоў на другі бок і накіраваўся дадому. На вуліцы сям-там сядзела моладзь.

Увесь час я думаў, як папярэдзіць партызан. Пабегчы да іх? Але дзе ж іх знайсці? Я прыкідваў так і гэтак. У галаве гудзела ад думак. Нічога не прыдумаўшы, рашыў параіцца з мамай.

Даведаўшыся пра нямецкую засаду, мама ўзрушылася не менш за мяне. Мы жылі каля лесу, і партызаны, напэўна, паявяцца з гэтага боку. Яна і параіла мне папільнаваць іх тут.

Я зайшоў за апошні дом і прыслухаўся. Навокал было ціха. Пастаяў крыху і пабег к дарозе. Паслухаў — нічога не чуваць. Вярнуўся на старое месца. Мама стаяла ля варот. Я сказаў ёй ісці ў хату, а сам застаўся. Да самага рання я хадзіў то туды, то назад. Нідзе нічога не чуў. Значыць, партызаны сёння не прыедуць. Шкадаваў, што не мог удружыць ім. Затое і немцы праседзелі дарэмна.

Назаўтра адправіўся ў вёску Чэславое, каб убачыцца з партызанамі. Сустрэўся і расказаў пра ўсё, а таксама і пра старога.

— Сачы і даведайся, хто ён,— сказаў мне партызанскі сувязны.

Праз дзень, калі было яшчэ відно, мама варочалася з поля. Я быў на двары і ўбачыў таго самага старога: ён ехаў на падводзе Верчука Сяргея.

Я выбег на вуліцу. Калі падышла маці, я паказаў ёй на старога і спытаў, хто ён такі. Яна сказала, што гэта Гірынскі з Турца і што ён увесь час быў аднаасобнік.

Каля свайго дома Вярчук спыніўся, а стары пайшоў далей. Хутка ён павярнуў у камендатуру.

Гэтыя звесткі я перадаў брату, але сачыць за старым мне ўжо не прыйшлося. А пазней я даведаўся, што партызаны падпільнавалі яго, і ён атрымаў па заслугах.

Надышла зіма. Аднаго разу я з меншым брацікам і сёстрамі снедалі, а мама рыхтавала карове есці. Зрабіўшы сваю работу, яна памыла рукі і кажа:

— Дапамажы занесці карове.

Я апрануўся, і мы вынеслі цэбар на двор. Ступілі крокаў пяць і бачым — ідуць чатыры жандары з аўтаматамі наперавес.

— Шурык, жандары!.. Па нас... Вось калі нам канец,— шапнула мама.

Афіцэр у гэты час грозна крыкнуў:

— Хальт!

Уцякаць не было куды. Мы спыніліся. Падышлі немцы. Афіцэр вылупіў вочы на маму і крыкнуў:

— Ты Гуло Фацінія?

Перапалоханая мама адказала:

— Не, пан...

Тым часам я падскокваю да афіцэра, хапаю яго за руку і кажу:

— Пан, гэта не яна. Гуло Фацінія пайшла даіць карову. Хадземце, я пакажу.

Немцы пайшлі следам за мною. На хаду я пачуў ціхі голас мамы:

— Вядзі да Аляксея.

Заходжу на двор і накіроўваюся да хлява. Немцы ідуць за мною. Ля дзвярэй павярнуўся да іх і паказваю:

— Вось тут карова Гуло Фацініі.

Салдаты кінуліся ў хлеў, а я толькі збіраўся драпануць, як голас немца спыніў мяне. У хляве нікога не было. Немцы выскачылі злосныя і, штурхаючы мяне ўперад, пабеглі на вуліцу. На тым месцы, адкуль мы пайшлі, стаяў адзін толькі цэбар. Тое, што мамы не відаць, заспакоіла мяне. Значыць, яна ўцякла.

Іду і думаю, як уцячы і мне. Салдаты ледзь не наступаюць на пяты. Раптам афіцэр штурхануў мяне ў двор Камейкі Ганны. Заходзім у дом. Нас сустрэла гаспадыня.

— Гуло няма? — спытаў у яе афіцэр.

Я гляджу на яе і міргаю вачыма, каб яна маўчала. Яна, мусіць, не зразумела мяне ды кажа:

— Пан, няма... А вось яе сын... Ён жа павінен ведаць, дзе яго маці.

Калі я пачуў гэтыя словы, у мяне пацямнела ў вачах і мімаволі навярнуліся слёзы. Афіцэр, ашчэрыўшы зубы, хутка павярнуўся, ударыў мяне аўтаматам па твары і выштурхнуў на вуліцу.

Пакуль ішлі да нас, мяне ўвесь час шпынялі ў спіну аўтаматам. Акрамя трохгадовай сястрычкі, дома нікога не заспелі. Перавярнуўшы ўсё ў хаце і нічога не знайшоўшы, немцы павялі мяне да Людчыка Мікалая. У яго ў хаце сядзелі чатыры жанчыны. Афіцэр падвёў мяне да першай жанчыны і, паказваючы на яе пальцам, спытаў:

— Матка?

Не паспеў я прагаварыць «не», як ён мне — бацкулаком па твары.

— А гэта?

— Не.

I зноў — бац... I так чатыры разы.

З рота ў мяне пацякла кроў. Я пачаў выціраць яе рукавом. Афіцэр загадаў выходзіць. На двары ён так аплявушыў мяне, што я не ўтрымаўся і паляцеў у снег. Другі немец падняў мяне на ногі і штурхануў наперад.

Прывялі ў камендатуру.

— Кляйн партызан, кляйн партызан,— пачуў я галасы немцаў.

Мяне адвялі ў каравульнае памяшканне, а адтуль — у халодную. У халоднай сядзеў Ахрэмчык Мікалай. Яго адразу выпусцілі. Я застаўся адзін. Прыгадаў падзеі сённяшняга дня. Сэрца маё сціскалася ад болю. Думкі блыталіся ў галаве. Нарэшце пасля доўгага роздуму прыйшоў да вываду: калі гінуць, дык лепш мне, чым маме. У мамы трое дзяцей, меншых за мяне. Каб яе забілі, то прапалі б малышы. А так яна іх выратуе. А можа, і мяне не заб'юць... У пакоі холадна — нельга цярпець. Я асмеліўся і пастукаў у дзверы. Немец бразнуў ключом, адчыніў і вывеў на двор. Было зусім цёмна. На небе свяцілі зоркі. Я зноў апынуўся ў камендатуры, у цёмнай камеры. Падумаў: а можа, і выпусцяць? Праз некалькі хвілін мяне паклікалі на допыт. Пачалося для мяне самае цяжкае. Як толькі я ўвайшоў у пакой, афіцэр, што вёў допыт, крыкнуў:

— А, кляйн бандыт! Чаму не сказаў, што быў з маткай?

— Я быў з Сашай Гарбацэвіч,— адказаў я.

Удар па галаве.

— А дзе старэйшы брат?

— Паехаў у Мінск на работу. А дзе цяпер — не ведаю.

— А хто забіў памочніка каменданта і двух немцаў летам 1943? — было новае пытанне, нібы я ўсё гэта павінен быў ведаць...

Мяне зноў кінулі ў камеру. Усю ноч праляжаў я на падлозе, як мех. А назаўтра зноў на допыт. Увайшоў у пакой і ні на кога не гляджу — вочы не паднімаюцца. Мяне падштурхнулі да самага стала. Камендант пытае пра сям'ю. Гавару, што прыходзіць у галаву, як непрытомны.

Нарэшце камендант убачыў, што ад мяне ніякага толку дабіцца нельга, і загадаў вывесці мяне за дзверы. Тут абступілі мяне паліцаі і пачалі выказваць розныя меркаванні.

Праз дзверы я чуў, што ў каменданцкім пакоі ідзе гутарка пра мяне. А потым мне аб'явілі, што я магу ісці дадому. Відаць, штосьці хітрылі фашысты...

Забыўшыся на боль у целе, выскачыў я на двор, і чым далей адыходзіў ад камендатуры, тым шпарчэйшыя рабіліся крокі. А нарэшце я так памчаўся па дарозе, што ног пад сабой не чуў.

Праз тры гадзіны я быў у вёсцы Чэславое, дзе мяне сустрэлі мама, брат і партызаны. Яны завялі мяне ў дом, накармілі, абагрэлі і папрасілі расказаць аб тым, што адбылося са мною. Калі я скончыў, падышоў брат і сказаў:

— Ну, Шурык, ты сваё зрабіў, а зараз чарга за мною. Пойдзем у лагер. З сённяшняга дня ты партызан.


АЛЕСЬ ГУЛО (1931 г.)

г. Дзяржынск, Мінская вобласць.

Загрузка...