МАТАЦЫКЛ

Гэта было ў 1943 годзе. Я і мае сябры Васька і Колька знаходзіліся тады ў артылерыйскай брыгадзе, якой камандаваў палкоўнік Пастух. Яна стаяла ў абароне, і баёў на гэтым участку не было. Мы дапамагалі чысціць гарматы, праціраць снарады, навінчваць на іх каўпачкі і выконвалі іншыя дробныя работы.

У той час мы стаялі ў лесе. За намі знаходзілася старая лінія абароны, і там былі траншэі. Раз мы ўтрох пайшлі туды. Каля паўразбуранага хлеўчука ўбачылі нямецкі матацыкл з каляскай. Падышлі і сталі аглядаць яго. Ён здаўся нам непапсаваны. Васька і кажа:

— Давайце пакатаемся.

Васькава прапанова спадабалася нам, і мы ахвотна ўзяліся за справу. Адзін з нас садзіўся ў каляску, а два другія штурхалі. Поле было няроўнае, і матацыкл марудна каціўся наперад. Але мы рады былі, што ён усё-такі рухаецца. Калі нам надакучыла займацца гэтым, я прапанаваў забраць яго з сабой.

Мы прывалаклі матацыкл у распалажэнне паркавага ўзвода. Старшы механік сяржант Пічугін агледзеў яго і сказаў:

— Ды ён зусім спраўны. Вы самі можаце адрамантаваць яго.

Мы зараз жа прыступілі да працы. Круцілі яго так і гэтак, абмацалі кожную частку, але што трэба зрабіць — не даведаліся. Пайшлі да Пічугіна і пачалі прасіць, каб ён паказаў, што ж патрэбна паправіць. Ён сказаў, каб мы замянілі свечкі і электраправодку, і матацыкл пойдзе. Але і пасля гэтага ў нас нічога не выйшла. Тады ён сам адрамантаваў яго. Начальнік гаруча-заправачнага склада, малодшы сяржант Лабада, даў нам бензіну. Мы заправілі матацыкл і праверылі. Ён пайшоў. Мы вельмі ўзрадаваліся, калі пачулі чмыханне. Васька ўмеў кіраваць машынай, і мы пачалі катацца. Цяпер ён вёз нас усіх трох.

Але радавацца доўга не прыйшлося. З'явіўся начальнік тыла маёр Грыншпан і адабраў у нас матацыкл. Мы засумавалі. Асабліва падзейнічала гэта на Ваську. Ён не стрымаў такой «несправядлівасці», пайшоў да камандзіра брыгады і пачаў скардзіцца, што ў нас адабралі наш трафей. Палкоўнік чула адносіўся да нас. Ён загадаў маёру вярнуць матацыкл і дазволіў нам вучыцца ездзіць. Васька вярнуўся да нас на матацыкле. Ён ззяў ад задавальнення. Я і Колька былі рады не менш. Тут жа рашылі ўсе разам пракаціцца. Васька завёў матацыкл і сеў за руль. Я і Колька прымасціліся ў калясцы.

Мы выехалі наперад, у пралесак, і пачалі ездзіць туды і сюды. Быў гарачы дзень, навокал усё спакойна. Нас усе ведалі і не звярталі ўвагі. Выбіраючы свабодныя мясцінкі, мы пасоўваліся наперад і ўбачылі вёску. Нам вядома было, што гэтая вёска нічыя і што там часта бываюць нашы разведчыкі. Мы ўзялі і паехалі туды.

Толькі пад'ехалі, як у нас спусціла кола. Васька саскочыў і пачаў аглядаць яго. Мы таксама вылезлі. Насоса ў нас не было. Мы пачалі азірацца і ўбачылі, што з-за адной хаты тырчыць кузаў аўтамашыны.

— Пайду да шафёра і вазьму ў яго насос,— сказаў Васька і пабег у той бок. Мы засталіся каля машыны і пачалі сачыць за ім. Ён прыблізіўся да аўтамашыны і раптам, як заяц, адскочыў ад яе і, тулячыся бліжэй да будынкаў, павярнуў назад. Мы ўстрывожыліся. Ён падбег, усхваляваны, і паведаміў, што там немцы. Нас ахапіў страх. Мы адцураліся матацыкла і кінуліся ў кусты, якія раслі ля самай дарогі. Селі і пачалі назіраць, што будзе далей.

У гэты час з нашага боку загрукатала артылерыя, і над галовамі са свістам паляцелі снарады. Яны падалі ў другім канцы вёскі. Адзін з іх трапіў у дом, дзе стаяла аўтамашына. Дом разляцеўся на шматкі. Нам зрабілася страшна, і мы рашылі схавацца ў больш надзейнае месца. Насупраць стаяў дом без акон. Мы хуценька ўскочылі ў яго. Ён быў пусты. Мы зайшлі на кухню, дзе акно было цэлае, і селі на падлогу. Васька як смялейшы узлез на падаконнік, каб паглядзець, што робіцца на двары. У гэты момант недалёка ад дома разарваўся снарад. Шкло ў акне разляцелася і асколкамі рассекла Ваську шчаку. Па твары пацякла кроў. Васька адбег у куток і пачаў выціраць, Я і Колька маўчалі.

Праз некалькі хвілін артылерыйская страляніна спынілася, і мы пачулі кулямётныя і вінтовачныя стрэлы. Яны ўсё больш і больш мацнелі і набліжаліся. Я зацікавіўся і падышоў да акна. Тое, што ўбачыў, прымусіла мяне ўздрыгануцца ўсім целам. З саду выскачыў высокі немец і накіраваўся ў наш дом. Зброі ў нас не было. «Ну, капут нам усім»,— падумаў я і са страхам пачаў сачыць за немцам. Узбегшы на ганак, ён чамусьці спыніўся, пастаяў некалькі секунд і пабег назад. Падбег да ўборнай і схаваўся ў ёй.

Я павесялеў і толькі цяпер расказаў хлопцам, якая небяспека нам пагражала. Сябры таксама занепакоіліся. Мы збіраліся ўжо ўцякаць з дома, як раптам у вёсцы раздаліся крыкі «ўра». Мы здагадаліся, што гэта наступаюць нашы, і падскочылі да акна. Нашы пехацінцы, прыгінаючыся, перабягалі ад хаты да хаты. Страху нашага як і не было. Мы кулём выскачылі з дома і пабеглі ім насустрач. Убачыўшы нас, байцы здзівіліся і спыталі, адкуль мы ўзяліся. Мы расказалі. Яны засмяяліся і, сказаўшы: «Ого, ваякі, з адным матацыклам сяло ўзялі!» — пабеглі наперад.

Толькі цяпер я ўспомніў пра немца.

— Хлопцы, давайце паглядзім, дзе ён,— сказаў я.

Мы цішком падбеглі да ўборнай. Я вырваўся наперад і адчыніў дзверы. Перада мной стаяў той самы немец. Бачачы, што нас трое, ён падняў угору рукі. У яго каля ног ляжаў пісталет. Я хутка падняў яго. Ён быў пусты. Бледны, перапалоханы немец адной рукой дастаў з кішэні фотакарткі і падаў мне. На фота была знята жанчына з дзіцем. Я падумаў, што гэта яго жонка.

— Ком! — крыкнуў я. Немец выйшаў.

Мы прывялі яго да матацыкла. Я і Васька засталіся вартаваць, а Колька пабег шукаць нашых байцоў. Хутка ён вярнуўся з старшым лейтэнантам. Мы перадалі яму немца. Старшы лейтэнант выняў з планшэткі блакнот і запісаў, што такія-та выхаванцы такой-та часці затрымалі нямецкага афіцэра.

Мы прыехалі ў часць і далажылі палкоўніку аб сваіх прыгодах. Палкоўнік усердзіўся, што мы паехалі без дазволу, і загадаў адабраць матацыкл і даць нам па пяць сутак гаўптвахты. Мы адседзелі як міленькія. А калі нас выпусцілі, былі здзіўлены: нам была аб'яўлена падзяка і вернуты матацыкл.


ЮРЫЙ МАМАЧКІН (1930 г.)

Загрузка...