У ТЫЯ ДНІ

Вечарам я прыгнаў з пашы карову, пусціў яе ў двор і, зачыніўшы вароты, пайшоў у хату. На ганку мяне сустрэла маці. У адной руцэ яна трымала даёнку, у другой — кошык з капусным лісцем.

— Вася,— звярнулася яна да мяне,— насячы дроў, а то заўтра не будзе чым выпаліць у печы.

Адшукаўшы сякеру, я пайшоў да павеці, дзе ляжалі дровы. Маці падаіла карову, занесла ў хату малако і прыйшла мне дапамагаць. Мы палажылі на козлы тоўсты кругляк і пачалі рэзаць. Маці была сур'ёзная і заклапочаная. Я спытаў, што здарылася, але яна нічога не адказала. Мы моўчкі пілавалі бервяно.

Па вуліцы хадзілі немцы, лаяліся і стралялі. Недзе воддаль галасіла жанчына. З грукатам і непрыемным рыпам пад'ехала падвода і спынілася каля нашага дома. У гэты момант заскрыпелі і хутка расчыніліся вароты. Я і мама кінулі работу і ўзнялі галовы. У двор увайшлі чатыры немцы. Два з іх спыніліся пасярод двара, а два другія пайшлі ў хату. Немцы, што засталіся на двары, паказвалі рукамі на карову і паціху аб нечым раіліся. Абодва былі апранутыя ў каляровыя плашч-палаткі, з-пад якіх віднеліся доўгія шэра-зялёныя шынялі. У час размовы немцы паглядвалі на ганак, чакаючы тых двух. Праз некалькі хвілін яны выйшлі з хаты. За плячыма ў іх віселі карабіны. Нізкі трымаў у руках лейцы. Ён перадаў іх таўсцяку з аўтаматам. Учатырох накіраваліся да каровы.

Карова стаяла каля хлява і даядала капуснае лісце. Калі ж немцы падышлі бліжэй, яна стала кідацца на ўсе бакі. Два салдаты падскочылі да яе і схапілі за рогі. Таўсцяк з аўтаматам разматаў лейцы, зрабіў пятлю і накінуў на рогі. Маці падбегла да немцаў.

— Паночкі, што вы робіце? У мяне малыя дзеці,— пачала ўпрошваць яна.

Але яе ніхто не слухаў, Высокі штурхануў яе ў грудзі, і маці ледзь утрымалася на нагах. Хістаючыся, яна падышла да ўбітай у калодку сякеры, абапёрлася на яе рукою і цяжка ўздыхнула. Потым зірнула на карову і заплакала. Заблытаўшы карову, таўсцяк наматаў лейцы на рукі і тузануў. Карова не зварухнулася. Тады ён павярнуўся да яе, напяўся і пачаў цягнуць з усёй сілы. Другія сталі таўчы нагамі ў жывот. Але і гэта не дапамагло: карова пераставіла заднія ногі, але з месца не кранулася.

Раптам маці выхапіла з калоды сякеру і з размаху стукнула таўсцяка абухом па патыліцы. Той асунуўся як падкошаны і выпусціў з рук лейцы. Карова рванулася назад. Маці пераступіла ляжачага і з паднятай сякерай падскочыла да высокага. У гэты час тоўсты немец з бізуном выхапіў у нізкага карабін і ўдарыў маці прыкладам па галаве. Маці войкнула і ўпала на зямлю. Немец нахіліўся да яе, паглядзеў і сказаў: «Капут».

Гэта адбылося вельмі хутка. Я стаяў як аглушаны, не ведаючы, што мне рабіць.

Немцы застрэлілі карову, пагрузілі на падводу, падабралі таўсцяка і паехалі. Толькі цяпер я кінуўся да маці і пачаў тармасіць яе за плечы. Яна была мёртвая. Я нема закрычаў і паваліўся побач з ёй.

Назаўтра маму пахавалі. Я, сястра і брацік перайшлі жыць да дзеда. Дзед часта хадзіў у лес. Што ён там рабіў, я не ведаў. Аднойчы ён вярнуўся задуменны. У клеці ляжала некалькі старых бочак. Ён доўга перасоўваў іх з месца на месца, прабаваў дно малатком, нешта мармытаў сабе ў бараду.

— Навошта вы іх сартуеце, дзядуля? — спытаў я.

— А ты чаго соваеш свой нос, куды не трэба? — упікнуў мяне дзед.— Нешта без цябе не абыдзецца?

Потым ён вынес вялікую бочку, паставіў яе на двухколку і моцна прывязаў павадком. Усярэдзіну палажыў ахапак сена, а на яго — сякеру, рыдлёўку, пілу і некалькі дошак. Запакаваўшы ўсё гэта, ён выкаціў бочку ў садок.

Пасля вячэры дзед глянуў у акно і выйшаў з хаты. Выканаўшы сякую-такую работу, якую загадала мне бабка, я выбег на двор. Дзед сядзеў на ганку і курыў. Убачыўшы мяне, ён паклікаў да сябе.

Я падышоў.

— Пойдзеш са мной, унучак,— шэптам сказаў ён.— А цяпер ідзі абуйся і апраніся.

— Я босы пайду...

— Рабі, што табе кажу. Мы пойдзем у лес,— буркнуў дзед і пыхнуў з люлькі.

— Нашто нам гэтая бочка? — спытаў я ў дарозе.

— Убачыш. А цяпер ідзі ціха,— папярэдзіў дзед.

Вось і лес. Мы пайшлі па нешырокай звілістай дарожцы. Толькі што ўзышоўшы месяц асвятляў нам шлях. Праз паўкіламетра ці больш мы звярнулі ўправа, прайшлі крыху прасекай і спыніліся каля свежай вывараці. Дзед дастаў з бочкі рыдлёўку і пачаў капаць яму каля самага дрэва. Ён працаваў хутка, спрытна. Мяне зацікавіла гэта, але распытваць не адважыўся. Калі яма была гатова, дзед упусціў у яе бочку і, не кажучы ні слова, падаўся ў малады ельнік. Вярнуўся ён са станковым кулямётам. Мы ўставілі яго ў бочку, ствалом уніз. Ён прыйшоўся акурат па размеру бочкі.

— А цяпер пойдзем удвух,— сказаў дзед і накіраваўся ў ельнік. Я пакрочыў за ім.

У гушчары дзед пачаў разграбаць купіну. Я прысеў з другога боку і пачаў прыглядацца. Хутка ўбачыў, што гэта была не купіна, а вялікі лоўж зброі, прыкрыты зверху мохам. Я дакрануўся рукамі да зброі. Яна была густа змазана якойсьці ліпкай тлустасцю. Чатыры аўтаматы, звязаныя шнуркамі па два, дзед падаў мне. Сам узяў больш. Мы прынеслі іх да вывараці і злажылі ў бочку, у свабодныя між кулямётам шчыліны. Калі перанеслі зброю, дзед дастаў з-пад вывараці мяшэчак і палажыў яго зверху. Я памацаў. У мяшэчку былі патроны.

Дзед закрыў бочку дошкамі і прысыпаў зямлёй.

— Ну, унучак, табе цяпер, бадай, усё зразумела? — спытаў ён у мяне.

— Усё. Толькі я хачу запытацца.

— Што?

— Куды мне перахаваць сваю зброю?

— Якую зброю? — уставіўся на мяне дзед.

Я тут жа расказаў яму, як пры адступленні нашых падабраў у кустах ручны кулямёт Дзегцярова, аўтамат, дзве вінтоўкі і ракетніцу.

— Дзе ты іх схаваў?

— У нашым вуллі, што на елцы.

— Як жа ты ўсцягнуў усё туды? — пацікавіўся дзед.

— Я знайшоў доўгі кавалак звычайнага кабелю. На адзін канец чапляў зброю, а другі абвязваў вакол сябе. Узлезшы на дрэва, перакладваў драціну праз сук і пачынаў цягнуць...

Калі я скончыў расказваць, дзед усміхнуўся.

— Хітры ты, жэўжык, хоць і малы. Але спачатку скончым з гэтай справай, а тады пойдзем да вулля,— сказаў ён, беручы з-пад елкі пілу.

Мы перапілавалі вывараць каля самага камля. Ствол дрэва апусціўся на зямлю, пень выпрастаўся і стаў на сваё ранейшае месца, закрыўшы сабою закапаную бочку. Потым адпілавалі бервяно, нібы для патрэбы, і аднеслі яго ўбок. Цяпер нікому і ў галаву не магло прыйсці, што пад пнём схаваны наш скарб.

Дзед палажыў у двухколку свае прылады, рэшту зброі, што не ўмясцілася ў бочцы, і мы пайшлі да вулля.

— Лепшага сховішча і не прыдумаеш,— сказаў дзед.

Мы адшукалі вулей і злажылі ў ім зброю. Каб не кідалася ў вочы, яго пакінулі адкрытым.

— Не так шмат той работы, а ўсю ноч праваждаліся,— прагаварыў дзед, выціраючы рукавом лоб. Затым падышоў да мяне ўсутыч і сур'ёзна сказаў: — Цяпер — маўчок. Ты нідзе не быў і нічога не бачыў. I сябрам не хваліся. Разумееш? Зброя спатрэбіцца нам пазней.

Я даў слова дзеду, што нікому нічога не скажу.

Пачынала світаць, калі мы вярнуліся дадому. З нашай вёскі Прысна тры чалавекі пайшлі служыць у паліцыю. Сярод іх быў і наш сусед, сын былога кулака, Платонаў. Разам з немцамі і паліцаямі ён заходзіў да нас, патрабаваў у дзеда мёду і яблыкаў. Ён, відаць, нешта пранюхаў і дамагаўся, каб дзед аддаў зброю.

— Я стары і са зброяй не важдаюся,— заўсёды адказваў дзед і пускаўся ў спрэчкі з паліцаямі.

— Ведаем, які ты стары,— пагрозна гаварыў Платонаў.

Паліцаі пачыналі рабіць вобыск. Яны пераварочвалі ўсё ў хаце. Капаліся ў мамчыным і бабчыным куфрах, псавалі мэблю, але нічога не знаходзілі. Тое, што ім падабалася з рэчаў,— забіралі.

Зімою разнесліся чуткі, што ў лясах з'явілася шмат партызан. Аб іх гаварылася многа незвычайнага і таемнага. Я ўважліва прыслухоўваўся да гэтых размоў. Вельмі хацелася ўбачыць партызана, але гэта не ўдавалася. На пытанне, якія яны, заўсёды чуў адказ:

— Не ведаю, сам не бачыў.

Начамі да нас сталі заходзіць незнаёмыя людзі. Дзед аб нечым шаптаўся з імі, і яны хутка выходзілі. Я не звяртаў на гэта ўвагі. Ці мала цяпер ходзіць па свеце бяздомных людзей! Адзін просіцца пераначаваць, другі — есці...

Пад вясну наведванні ўчасціліся. Людзі заходзілі ў хату. Дзед уставаў з пасцелі, абуваўся, апранаўся і разам з імі кудысьці надоўга знікаў. Дзед звычайна агню не паліў, і разгледзець, што гэта за людзі, нельга было. Пазней я даведаўся, што гэта партызаны.

Аднойчы ўранні прыйшлі паліцаі і сталі правяраць дакументы. Дзед знік з дому ноччу і яшчэ не вярнуўся.

— А дзе твой стары? — спытаў у бабулі адзін паліцай.

— Пайшоў правяраць петлі, пастаўленыя на зайцоў,— адказала яна.— Паляванне са стрэльбай забаранілі, то ён прыдумаў нейкія петлі.

— Ведаем мы яго петлі! — закрычаў Платонаў.— Петлі ноччу не правяраюць.

Яны перавярнулі ўсё ў хаце, павытраслі сеннікі, патаўклі прыкладам шафу, ламамі ўзарвалі падлогу. Мы сядзелі на печы і плакалі, спалоханая бабуля прытулілася да коміна і маўчала. Калі паліцаі выходзілі, бабуля кінула ім услед:

— Сцены яшчэ цэлыя! Як гэта вы пакінулі іх?

— Яшчэ дабяромся і да цябе і да тваіх сцен,— прасіпеў Платонаў.

Як дазналіся пасля, у канцы вёскі паліцаі сустрэлі дзеда. У руках ён сапраўды нёс драцяныя петлі, але ішоў не з лесу, а па дарозе, што вядзе з Магілёва. Дзеда прывялі ў хату і доўга білі. Ён паціху стагнаў і не гаварыў ні слова.

— Дакуль ты будзеш маўчаць, стары вылюдак? Чаго хадзіў пад Магілёў? — дапытваўся Платонаў.

— Вылюдкі вы, а не я,— азваўся дзед.

Другі паліцай наводмаш ударыў дзеда. Дзед упаў на абернутую пасярод хаты шафу. Падбегла бабуля. Паліцай штурхнуў яе, і яна павалілася на падлогу. Падскочыў Платонаў і моцна тузануў дзеда за бараду. Дзед ссунуўся з шафы далоў, павярнуўся да яе плячыма, абапёрся і сеў.

— Ну, бальшавіцкі падхалім, скажаш, дзе быў? — зароў Платонаў.

— Мне няма чаго вам казаць,— прастагнаў дзед.

Платонаў стукнуў ботам дзеду ў грудзі. Дзед паваліўся тварам уніз і скурчыўся. Галава яго пахіснулася на бок. Платонаў глянуў на печ. Я, Коля і Ніна шчыльней прыціснуліся да коміна. Платонаў зняў з плячэй аўтамат і даў чаргу па дзеду. Потым перавёў аўтамат на бабулю. Яна, як сядзела, так і ўпала на спіну.

Паліцаі хутка выйшлі з хаты.

Дзядзька пахаваў дзеда, бабулю, а нас забраў да сябе. Жывучы ў яго, я часта хадзіў у сваю хату, якая цяпер была пустая і закінутая. Успамінаў, як мы добра жылі, дзе і што клалі. Іншы раз знаходзіў рэчы, схаваныя бацькамі. Тады мяне ахоплівала вялікая радасць.

У страсе варыўні я выпадкова знайшоў бінокль. Схапіўшы сваю каштоўную знаходку, узлез на страху клеці. Адсюль відаць была суседняя вёска Княжыцы. У ёй размяшчаўся нямецкі гарнізон. Вельмі цікава было глядзець на вёску праз бінокль: відаць, як ходзяць людзі, як паліцэйскія катаюцца па вуліцы на веласіпедах. Каля вёскі, на ўзгорку,— нямецкія ўмацаванні, абнесеныя драўлянай сцяной. Па гэтай сцяне ходзяць нямецкія вартавыя.

Клець пакрыта гонтамі, і сядзець на ёй нязручна, дужа муліла. Тады я прарабіў у зашчытку дзірку, на бэлькі палажыў некалькі дошак. Атрымаўся палок, на якім можна было сядзець і ляжаць, а галоўнае, я мог усіх бачыць, а мяне — ніхто. Пасля гэтага я забіраўся туды і падоўгу назіраў за тым, што робіцца ў Княжыцах.

Аднаго разу ў цёплы летні дзень я з вясковымі хлапчукамі гуляў у чыжа. У разгар гульні з-за будынка паказаўся чалавек у парванай вопратцы, лапцях, з вялікай сівой барадой. Жабрак, дый годзе. Мы сталі прыглядацца да яго. Ён ступіў некалькі крокаў ад рога і паклікаў мяне пальцам. Я падышоў.

— Пазнаеш мяне? — спытаў ён.

— Не.

— Я Папоўскі, з Шчэгліцы,— і ён крануў сваю бараду. Цяпер я ўбачыў, што ў яго не свая барада, а падклееная з нейкага сівога валосся.

— Ты партызан?

— Ага. Немцы ёсць у вёсцы?

— Няма.

— Я прыйшоў вось чаго. У цябе, напэўна, засталася ад дзеда зброя. Аддай яе нам. Яна нам вельмі патрэбна.

— Чаму ж не, ёсць. I дзедава і мая.

— А ты зможаш яе прынесці?

— Не, яе многа. Я вам пакажу, дзе яна схаваная.

Ён аглянуўся навокал і хутка сказаў:

— Сустрэнемся ў Шчэгліцкім лесе, каля прасекі. Я прыйду туды вечарам. Добра?

— Добра.

Вечарам сустрэліся на ўмоўленым месцы. З Папоўскім былі яшчэ два партызаны. Я павёў іх да вулля і аддаў зброю, схаваную ў ім. Тую, што была закапана пад вывараццю, дзед паспеў перадаць сам. Папоўскі спытаў, дзе я назбіраў столькі зброі. Я расказаў аб усім па парадку. Расказаў яшчэ, што наглядаў праз бінокль. Ён абняў мяне і пацалаваў.

Калі яны забралі зброю, Папоўскі падхапіў мяне пад пахі і пасадзіў на воз. Потым сам сеў побач са мною. Пагладзіўшы мяне па галаве, ён весела сказаў:

— Малайчына! Я абавязкова забяру цябе з сабою.

Ён быў камандзір партызанскай разведкі і мог гэта зрабіць. Яны вывезлі мяне з лесу. Я пайшоў у сваю вёску, а яны паехалі ў лагер.

Праз некалькі дзён да мяне завіталі Папоўскі, камандзір роты Панічэўскі і разведчык Калінін. Яны сказалі мне паглядзець, ці ёсць хто на дарозе ў Княжыцы. Не паспеў я выйсці за вёску, як убачыў трох конных немцаў. Яны імчалі галопам. Я на ўсе ногі пабег назад і сказаў аб гэтым партызанам.

Як толькі немцы параўняліся з нашай хатай, партызаны адкрылі агонь. Афіцэр, які ехаў пасярод салдат, першы ўпаў на зямлю як сноп. За ім паляцеў з сядла другі немец. Трэці хутка павярнуў і наўскач панёсся назад. Куля насцігла і яго, ён гайдануўся, але не зваліўся, а завіс у страмёнах. Як ашалелы, конь памчаў свайго седака ў гарнізон. Партызаны забралі дакументы і іншыя рэчы афіцэра і сталі збірацца.

— Цяпер табе ў дзядзькі заставацца нельга,— сказаў Папоўскі, пасадзіў мяне на свайго каня і сеў сам. Мы прыехалі ў вёску Севасьянавічы, якая была за пятнаццаць кіламетраў. У ёй стаяла цэлая рота партызан. Было вядома, што немцы хутка прыедуць паліць вёску. Партызаны рашылі іх падпільнаваць.

Дарога з Княжыц у нашу вёску праходзіла недалёка ад лесу. На палове шляху лес клінам удаваўся ў поле. Якраз у гэтым месцы партызаны і зрабілі засаду. Але немцы апярэдзілі партызан. Яны прыехалі ў вёску раней, падпалілі трыццаць пяць дамоў і вярталіся назад. Партызаны падпусцілі іх на блізкую адлегласць і адкрылі агонь з кулямётаў і ротнага мінамёта. Немцы, адстрэльваючыся, пачалі ўцякаць. Пасля бою на дарозе засталося ляжаць дваццаць пяць забітых фашыстаў і шэсць коней, запрэжаных у павозкі. У павозках ляжала нямецкая зброя. Забраўшы яе, партызаны вярнуліся ў вёску.

Хутка я прывык да партызанскага жыцця. Асманаўскі атрад, у якім я жыў, складаўся з маладых хлопцаў. Я спадабаўся ім, і яны мяне палюбілі. Я таксама вельмі паважаў іх. Я выконваў розныя атрадныя работы, чысціў зброю. Хутка навучыўся карыстацца карабінам, рэвальверам, пісталетам і нават кулямётам. Крыху пазней мяне сталі пасылаць у разведку.

Уранні мяне паклікаў камандзір узвода і сказаў:

— Сёння пойдзеш у разведку ў вёску Княжыцы. Там немцы капаюць акопы, і трэба разведаць, у якіх месцах. Зразумеў?

— Ага.

— Можаш збірацца.

Я апрануў парваную світку, брудныя штаны, дзіравую шапку.

Цераз плячо начапіў вялікую зрэбную торбу. Цяпер я быў падобен да сялянскага хлопчыка-жабрака. У такім выглядзе адправіўся ў гарнізон.

Я заходзіў у сялянскія хаты і прасіў хлеба, а сам тым часам усё выглядваў і браў на прыкмету. За час вайны я прывык да ўсякіх нечаканасцей і страху ніякага не адчуваў.

Абышоўшы ўсе хаты, я накіраваўся за вёску, дзе капалі акопы. На краях акопаў, спусціўшы ўніз ногі, сядзелі нямецкія наглядчыкі і нешта елі з кацялкоў. Немец паклікаў да сябе, запытаў, што мне тут патрэбна. Я папрасіў у яго хлеба. Другі, які сядзеў побач, выняў нешта з сумкі і працягнуў мне. Але не паспеў я ўзяць, як першы моцна лупянуў бізуном між плячэй. Я заенчыў і хутка пабег прэч. Слёз маіх як і не было.

Ідучы туды і назад, я налічыў пятнаццаць розных акопаў, якія размяшчаліся паўкругам да вёскі. Пасярод іх былі два вялікія бліндажы з кулямётнымі гнёздамі.

Вярнуўшыся ў атрад, я аб усім гэтым расказаў камандзіру ўзвода. Вечарам камандаванне аб'явіла мне падзяку. Я вельмі рад быў, што добра выканаў заданне.

Пасля гэтага мяне часцей сталі пасылаць у разведку.


ВАСЯ САУЛЬЧАНКА (1932 г.)

г. Шклоў, дзетдом № 1.

Загрузка...