«ТАТА ГІСА»

Калі пачалася вайна, тата наш сабраўся, пацалаваў нас усіх і пайшоў на вайну. Засталіся мама і нас трое: я, браты Вова і Ваня. Мне было дзесяць год, Вову — сем, а Ваню — чатыры.

Пасля з'явіліся немцы і сталі хадзіць у нашу вёску Някрасава. Яны забіралі кароў і шукалі партызан, якія прыходзілі ў вёску. Часта партызаны заходзілі і да нас і начавалі ў лазні. Мама нас папярэджвала, каб мы нікому не прагаварыліся. Асабліва мы ўгаварвалі Ваню, бо ён быў малы.

Адзін раз у нас быў партызан, якога называлі Грыша. Ён быў вясёлы, добры, і мы ўсе яго любілі. Ён гуляў з Ванем, і той называў яго «Гіса».

Раптам мы ўбачылі, што да нас ідуць тры немцы. Мы ўсе перапалохаліся. Грыша хацеў быў уцякаць, але было позна. I схавацца не было як. Тады мама сказала нам:

— Дзеці! Называйце яго татам. Разумееце?

Мы з Вовам добра разумелі, але ўсе баяліся за Ваню. Мы сталі гаварыць яму, каб ён называў Грышу татам, каб не забыўся, бо немцы тады ўсіх нас паб'юць.

А немцы былі ўжо на двары. Мама дала Грышу татаву рваную світку, малаток і сказала:

— Папраўляй шафу.

А ў шафы дзверцы былі паламаныя, ледзь трымаліся на ніжняй завесцы. Грыша пачаў стукаць малатком, здымаць дзверцы.

Калі немцы былі ў сенцах, я закрычала:

— Тата! Вова дражніцца.

Калі немцы ўваходзілі ў хату, Вова крычаў:

— Тата! Ліда б'ецца.

Грыша павярнуўся да нас і строга крыкнуў:

— Ціха! Чаго вы тут не падзялілі!

Убачыўшы немцаў, Ваня закрычаў:

— Тата Гіса! Тата Гіса!

Мы зусім спалохаліся: хто ж так называе свайго татку.

Я ўзяла Ваню і паставіла яго ў шуфляду ад шафы, дзе была бялізна. Ваня смяяўся і ўсё паўтараў:

— Тата Гіса! Тата Гіса!

Не ведаю, ці яму спадабалася гэтая гульня, ці ён стараўся паказаць немцам, што гэта яго «тата», але ён больш як трэба гаварыў «тата Гіса».

Толькі немцы не звярнулі на яго ўвагі. Яны спыталіся ў мамы:

— Партызаны ёсць?

— Няма,— адказала яна.

— А гэта хто?

— Мой муж.

А Грыша быў, мусіць, маладзейшы за маму. Ён стараўся не паказваць немцам свой твар і зноў застукаў малатком. Я падбегла да яго, прытулілася і нібы заплакала.

— Тата, я баюся,— сказала я.

Ён абняў мяне і сказаў:

— Не бойся, дачушка, яны нічога табе не зробяць.

Тады падышоў Вова і таксама прытуліўся да «таткі». Я заўважыла, як маці здаволена ўсміхнулася. Толькі Ваня занадта стараўся.

— Тата Гіса! Тата Гіса!

На шчасце, немцы не звярталі ўвагі на яго балбатню. Адзін падышоў да печы, падняўся на дыбачкі і паглядзеў наверх. Другі заглянуў пад ложак. Добра, што Грыша не хаваўся.

Немцы выйшлі, і мы ўсе былі вельмі рады. Радаваўся і Ваня.

— А я сказаў «тата Гіса», ага!

Але нядоўга мы радаваліся. Праз некалькі часу немцы напалі на нашу вёску, знішчылі яе, пабілі многа людзей. Загінула і наша мілая мама... Не вярнуўся і татка.

Толькі мы засталіся жывыя і цяпер усе трое жывём у дзетдоме № 1, у г. Барысаве.


ЛІДА ВОЛКАВА (1932 г.)

Загрузка...