ПРАДМОВА

Чытаючы кнігу «Ніколі не забудзем», я мімаволі прыгадваю апошнія дні чэрвеня 1941 года. Мы ехалі на грузавой машыне з мястэчка Горы на Мсціслаў. Пачынала чуцъ-чуць займацца на свет. Пад'язджаючы да адной вёсачкі, мы заўважылі ў ранішнім змроку чараду падлеткаў, дзяўчатак і хлопчыкаў, ад дзесяці да дванаццаці гадоў. Дзеці раздзяліліся на дзве групы і стаялі па баках дарогі. Яны пападымалі рукі, крычалі. Шафёр спыніў машыну. Дзеці акружылі нас. Яны былі ўсхвалёваны, узбуджаны. Яны ўжо адчувалі дыханне вайны. Старэйшы з іх сказаў шафёру:

— Дзядзя, далей ехаць нельга: масток наломаны.

Два старэйшыя хлопчыкі сталі на падножку грузавіка і паказвалі, як аб'ехаць разбураны масток. А каля мастка завіхаліся мужчыны і жанчыны. Яны спешна рабілі новы мост.

Гэта здарэнне ў дарозе ў небяспечны час вайны глыбока запала мне ў памяць. Да глыбіні душы ўсхвалявала мяне гэта шчырае дзіцячае жаданне дапамагчы сваім людзям у часе грозных праяў. I сягоння, чытаючы кнігу, напісаную самімі дзецьмі, перажыўшымі ўсе жахі нябачанай у свеце па сваіх памерах і жорсткасцях вайны і прымаўшымі ў ёй самы актыўны ўдзел, я ўспамінаю сваё спатканне ў дарозе з нашымі слаўнымі дзецьмі. Гэта дзеці новага савецкага пакалення, выхаваныя нашай роднай бальшавіцкай партыяй.

Гэта гарачыя патрыёты сваёй радзімы, скромныя героі, гатовыя аддаць жыццё за свой народ, за сваю радзіму, за сваё светлае і радаснае дзяцінства, якое можна знайсці толькі ў Савецкай краіне. Быць можа, хто-небудзъ з тых падлеткаў, якія папераджалі нас аб няспраўнасці моста, з'яўляецца аўтарам аднаго з хвалюючых апавяданняў, змешчаных у кнізе «Ніколі не забудзем». Карыстаючыся зручным выпадкам, я прыношу сваё шчырае — дзякуй вам, дзеці!

Я горача вітаю паяўленне гэтай кнігі, дастойнай вялікай увагі.

У чым яе вартасць?

Па-першае, кніга ў значнай меры запаўняе той прыкры прабел у нашай беларускай мастацкай літаратуры, у якой пакулъ што яшчэ няма колькі-небудзъ выдатнага твора аб гераічнай барацъбе нашага народа з нямецкімі захопнікамі, аб яго стойкасці, адданасці сваей радзіме, яго вернасці дружбе народаў, савецкай уладзе і партыі бальшавікоў. Падругое, кніга паказвае велічнасць душы і патрыятызм усяго народа ў цэлым і ў прыватнасці яго гераічных дзяцей, смелых, вынаходлівых, бясстрашных, цвёрдых воляю, мужна пераносячых нечуваныя пакуты, дужых сваей вераю ў перамогу над ворагам. Па-трэцяе, кніга «Ніколі не забудзем» уяўляе сабою грозны абвінаваўчы акт супроцъ тых міжнародных вар'ятаў-разбойнікаў, якія марацъ аб сваім панаванні над народамі, аб устанаўленні сваей улады над светам, і ў той жа час яна красамоўна гаворыцъ за тое, які лес налучыць такіх сусветных бандытаў.

Напісаная нашымі дзецьмі кніга аб вайне павінна стаць здабыткам не толькі чытачоў Савецкай Беларусі,— яна варта таго, каб яе перакласці на мовы іншых народаў Савецкага Саюза.


ЯКУБ КОЛAC. 1948 г.

Загрузка...