НА АКОПНЫХ РАБОТАХ

Увосень 1943 года фронт падышоў да ракі Проні. Вёска Хварасцяны, дзе я жыў, знаходзілася ў трох кіламетрах ад ракі, і старыя гаварылі, што нашы хутка будуць тут. З нецярпеннем чакалі людзі прыходу сваіх.

Мы жылі ў лесе: баяліся, каб нас не перастралялі ці не пагналі ў рабства ў Германію. Але, як толькі падымалася сонца, немцы, нібы ганчакі, бегалі па кустах і лавілі маладых, старых і падлеткаў. Вечарам маці і наша суседка Паўлючыха загаварылі аб тым, дзе мне і іхняму Івану схавацца на дзень.

— Заставацца тут рызыкоўна,— сказала мама.— Няхай лепш ідуць у Чортава балота. Дарог паблізу няма, і немцы не так валачыцца будуць.

Развіднелася ўжо, калі я з Паўлюковым Іванам выйшлі з вылежанай цёплай ямкі. Галінкі дрэў убраліся інеем. Я калаціўся ад холаду і лезці ў тваністае балота не захацеў. Рашыў запаўзці ў бункер, які калісьці з сёстрамі будаваў, і прасядзець там да вечара. Бункер быў добра замаскіраваны, і немцам цяжка прыкмеціць яго. Аб сваім намеры расказаў Івану. Той не згадзіўся, раззлаваўся на мяне і бягом кінуўся назад. Я залез у бункер і распластаўся на саломе, што ў пасцелі. Побач былі другія бункеры. У іх чуліся плаксівыя дзіцячыя галасы. Не прыкмеціў, калі падкраўся сон. Прахапіўся ад жаночых крыкаў, якія даносіліся знадворку. Я не мог зразумець, у чым справа.

Раптам ля ўвахода зашастаў лазовы куст, і ў дзвярах я ўбачыў чорнае дула аўтамата. Я вылез і апынуўся перад самым немцам. Морда ў яго была чырвоная і прышчастая, нібы абскрэбеная тупым нажом морквіна. Аўтамат настаўлены прама ў грудзі. Я стаяў і адчуваў, як дрыжыкі працінаюць усё маё цела, цямнее ў вачах. Штурхануўшы мяне рукою так, што я ледзь не паваліўся, немец загадаў ісці наперад. Ён прыгнаў мяне да грамады хварасцянцаў, якіх немцы вылавілі ў кустах і на балоце. Сярод іх быў і Харанёўскі Коля, з якім я вучыўся ў школе. Родных маіх не было; іх, як відаць, немцы не знайшлі.

Нас гналі табуном, нібы авечак, спярша па полі, затым дарогай праз бярэзнік. Зараснік кішэў ад немцаў. Яны капалі бункеры, ляпалі сякерамі. Каля дарогі стаяла легкавая машына. Ля яе круціўся нямецкі афіцэр. Калі мы праходзілі міма, ён схапіў мяне за руку, выцягнуў з натоўпу і адштурхнуў убок. Тое самае зрабіў ён і з Харанёўскім Колем. Я павесялеў. Цяпер я быў не адзін. Да нас падышоў немец з вінтоўкай і пагнаў перад сабой. Спыніліся ля шырокай і глыбокай ямы, дзе працавалі дзяўчаты. Нам далі рыдлёўкі і паказалі, каб мы лезлі туды «арбайтэн».

Працавалі ўвесь дзень без перадыху. Нам не давалі нават разагнуцца. Даволі было гэта зрабіць, як немец, які стаяў над намі, гаркаў на ўсё горла і пагражаў зброяй. К вечару я зусім знямогся. Шчымелі рукі, ныла спіна. Здавалася, не вытрымаю і павалюся.

Калі зусім сцямнела, нас пасадзілі на грузавік і пад вартай прывезлі ў вёску Усушак, якая знаходзілася ў пяці кіламетрах ад нашых Хварасцян. Выгрузілі і прывялі ў прасторную хату. У памяшканні гарэла газоўка. Перакладчык спытаў нашы імёны, прозвішчы, дамашнія адрасы.

За сталом сядзеў тоўсты лысы немец і запісваў з слоў перакладчыка. Потым ён нешта буркнуў. Перакладчык грозна сказаў:

— Задумаеце ўцячы, зловім і расстраляем. Не паглядзім на ваш дзіцячы ўзрост.

Амаль да самай зімы нас ганялі на работу з Усушка ў хварасцянскія бярэзнікі. Пра сваіх родных я нічога не чуў і не ведаў.

Аднойчы, шукаючы з немцамі вады для размочвання гліны, мне пашчаслівіла пабыць на тым месцы, дзе я хаваўся з сваімі. Я ўзіраўся ў наваколле, стараючыся адшукаць прыкмету, якая б сказала, што родныя яшчэ тут. Але нічога такога я не ўбачыў. Наткнуўся і на бункер, адкуль мяне выцягнулі немцы. Ён быў увесь разбураны.

Работа, якую мы выконвалі, была непасільная для нас. Мы то капалі бункер, то насілі бярвенні для накатаў. Немцы лаяліся, смяяліся і здзекаваліся з нас, чаго я не мог цярпець. Прадуктаў амаль не выдавалі, хоць нам было вызначана на дзень трыста грамаў хлеба і не памятаю колькі маргарыну. Жылі толькі тым, што крадком раздабывалі ў вёсцы.

З Усушка нас перагналі ў вёску Астравы. Тут было яшчэ горш. Есці не давалі, а знайсці што-небудзь было немагчыма, бо ўсё падабралі немцы. З кватэрамі было кепска. Лепшыя памяшканні займалі немцы. Не лічачы дзяўчат, падлеткаў і старых, нас было каля дваццаці чалавек. На ўсіх адвялі маленькую дзіравую хатку з вокнамі без шыб. У добрага гаспадара, як гаварылі старыя, карова стаяла ў цяплейшым хляве. Толькі тут я даведаўся, што фронт прасунуўся наперад і зараз пярэдняя лінія яго не на Проні, а дзесьці ля вёскі Усушак. Маю вёску занялі нашы. Як хацелася зараз быць там!

З Астравоў нас ганялі ноччу пад Усушак, на перадавую, капаць траншэі. Гэта былі дні сапраўдных пакут. Кулі свісталі над галовамі, а нас паставяць на адкрытым полі, адмераюць па пяць, а то і больш метраў і — капай. Зямлю скаваў мароз, і мясцінамі мерзлата даходзіла да паўметра. Я выбіваўся з сіл, пакуль выконваў сваю норму. Часта толькі ўранні нас выводзілі з гэтага пекла.

Колькі маладых дзяўчат пакалечыла праз немцаў у гэты час! Памятаю адну смаленскую. Маленькая такая, вясёлая. Яна расказвала пра бацьку, што служыў у Чырвонай Арміі, пра маці, якую забілі немцы. Яна так не любіла немцаў, што гатова была пазасякаць іх рыдлёўкай. Куля трапіла ёй у шыю. Як цяпер чую яе сіплы галасок:

— Ой, паміраю! I з-за каго? З-за смярдзючых немцаў.

Шмат загінула дзяўчат з суседняга сяла Доўгі Мох. Хлопчыку Федзю з вёскі Раманвіна куля прайшла праз хрыбетнік.

— Ай, у пяты, у пяты коле! — нема крычаў бядак.

А ці можна забыць Аню з Усушка? Яна была ўжо самастойная дзяўчына — дзесяць класаў скончыла да вайны. Перад самым няшчасцем, ледзь не плачучы, расказвала, што брат яе ў Чырвонай Арміі афіцэрам, а сама яна ворагу працу аддае. Ёй прастрэлілі грудзі.

Я пачаў задумвацца, як выкруціцца ад катаржнай працы. Рад быў бы захварэць, і захварэць так, каб не падняцца. Але хвароба не ішла. Уцячы? Нельга — вартавалі. А працаваць на немцаў дужа не хацелася. Не выйсці на работу таксама было амаль немагчыма. Усё ж некаторыя ўхітраліся ўхіляцца ад працы, хаваліся. Немцы ведалі пра гэта і ўзмацнялі кантроль. Перад тым, бывала, як ісці на работу, выстраяць у шарэнгу і давай правяраць па спісу, хто прысутнічае, а каго няма. А тады пойдуць па хатах, знойдуць ухільшчыкаў, надаюць у каршэнь і пагоняць на месца. А яшчэ немцы ўвялі талоны. Як прыйдзеш з работы і здасі патрулю рыдлёўку, табе даюць талон. Назаўтра па гэтым талонам выдавалі паёк. У спісе рабілі паметку, што ты здаў талон, атрымаў «харчы», а гэта значыць, учора працаваў. У каго не было талона, садзілі ў халодную.

Гледзячы на старэйшых, аднойчы і я не пайшоў на працу. Зрабіў так. Яшчэ днём схаваў рыдлёўку, а калі выганялі на працу, сам залез пад падлогу. Сядзеў ціха, таму што па хатах часта хадзілі нямецкія патрулі. Калі вярнуліся рабочыя, хутка апрануўся і пайшоў услед за калонай. Я так злаўчыўся, што тры ночы ўзапар не выходзіў на работу. На чацвёртую — папаўся. Атрымалася гэта таму, што талоны раздалі не па месцу прыбыцця, як было раней, а ў дарозе.

У хату ўвайшоў начальнік нашай калоны і, не пераступіўшы парога, клікнуў мяне.

— Чаму не быў на працы? — спытаў ён праз перакладчыка.

— Чаравікі парваліся,— адказаў я.

Начальнік вызверыўся і так штурхануў, што з мяне ледзь не выскачыў дух. Думаў, што прыстрэліць: у такія моманты ён пускаў у ход рэвальвер.

— Унтэр-афіцэр учора заходзіў сюды і нікога не бачыў,— сказаў перакладчык.

Такіх «злачынцаў», як я, сабралі чалавек дзесяць: восем дзяўчат, Вася з вёскі Доўгі Мох і я. Пастроілі і пад вінтоўкай пагналі да якогасьці яшчэ вышэйшага начальніка. Спыніліся перад добра абсталяваным домам. Праз некалькі хвілін да нас выйшаў обер-лейтэнант з перакладчыцай.

— Па якой прычыне не выйшлі працаваць?

Мы ў адзін голас закрычалі:

— Няма чаго абуць! Босыя ж мы не пойдзем — зіма...

Обер-лейтэнант бліснуў вачыма, штосьці буркнуў нашаму унтэру і знік за дзвярыма.

— На тры дні ў халодную. Ноччу будзеце капаць акопы, а прыйдзеце — у халодную. Прадуктаў ні грама не атрымаеце. Босыя будзеце хадзіць,— перавяла перакладчыца і пайшла.

Увесь дзень прасядзелі на марозе ў пуні. Было вельмі холадна. Мы дрыжалі — зуб на зуб не пападаў. У шчылінкі заглядвалі немцы, хіхікалі. Мы абураліся, злавалі, але зрабіць нічога не маглі.

Калі добра сцямнела, пачуўся скрогат металу. Дзверы адчыніліся, у пуню ўвайшоў вусаты немец і наказаў выходзіць на двор. Два ўзброеныя немцы прывялі нас да лазні. Лазня была зусім маленькая. Дзяўчаты размясціліся на палку, я ўлёгся на вузкім услончыку пад палком, а Васіль прысеў на зямлі побач са мной. Цэлую ноч нас не выпускалі на двор, і гэта была самая горшая пакута. Толькі апоўдні нам дазволілі выйсці на некалькі хвілін.

Вечарам прама з лазні, не даўшы нават забегчы на кватэру, разам з другімі нас пагналі на работу. У дарозе Коля і Віця з вёскі Раманвіна перадалі мне кавалачак хлеба.

На ўсё жыццё запомнілася і нямецкая «дэзінфекцыя». Немцы забралі адзенне і розныя лахманы, якія былі ў нас, і аднеслі ў лазню. Мы засталіся ў сваёй хаце-пуні голыя і чакалі. Я не знаходзіў месца ад сцюжы. Усё цела пасінела і скурчылася. Мёрз не толькі я, а ўсе. Старыя апошнімі словамі лаялі немцаў. Ім, па-мойму, было яшчэ халадней, як мне.

Гадзіны са тры пратрымалі адзенне ў лазні, а мне гэты час здаўся даўжэйшы за мой пражыты век. Пасля гэтага я доўга кашляў, з'явіўся насмарк, галаўныя болі. Рашыў схадзіць да доктара. Доктар, тоўсты маленькі немчык, здалёку паглядзеў на мяне, усміхнуўся ў кароткія вусы і штосьці прабубнеў. Перакладчыца сказала мне:

— Доктар гаворыць, што замест адной нормы трэба выконваць дзве. Гэта першае лякарства...

Выйшаў я з «амбулаторыі» моўчкі, але ў сэрцы маім кіпела. Каб можна было, я разарваў бы на кавалкі і тлустую свінню — доктара і нямецкага прыхвасня — перакладчыцу.

Вясной з Астравоў нас перавезлі далей на захад, к Дняпру. Жылі ў лесе, у бункерах. Штодзень ганялі папраўляць дарогі. З ежай стала яшчэ горш. Калі ва Усушку і Астравах мы знаходзілі сякія-такія пакінутыя сялянамі харчы, то тут аб гэтым не было чаго і думаць. Вёскі і ў вочы не бачылі: з лагера нас не выпускалі ні на крок. Уцячы таксама нельга было — вакол стаялі вартавыя.

Аднаго разу, выбраўшы цёмную ноч, падпоўз я к бункеру, дзе хаваліся нямецкія прадукты. Маленькае акенца было над самай зямлёй. Я асцярожна выняў з рамы шкло і працягнуў руку. На маё шчасце, там ляжаў хлеб. Хуценька выцягнуў сем буханак, і гайда. Прынёс у бункер. Мы паселі каля яго ўкруг — і хлеба як не было. Мяне разабрала ахвота, і я зноў пабег к «складу». Толькі дастаў дзве буханкі, як на процілеглым баку бункера ляпнулі дзверы. Схапіўшы хлеб, я пабег да свайго бункера. Недалёка ад яго хлеб схаваў пад бярозкай.

Немцы заўважылі прапажу і назаўтра ўранні зрабілі вобыск ва ўсіх бункерах, дзе жылі калоннікі (так называлі нас). Прыйшлі да нас, выгналі ўсіх з бункера і давай рыцца. Перавярнулі ўсё дагары нагамі, але хлеба не знайшлі: ён быў ужо з'едзены.

Прыйшоў час, калі усё часцей і часцей пачалі з'яўляцца нашы самалёты. Бывалі дні, што яны лёталі цэлымі чародамі. З вялікай радасцю мы паглядалі на іх, чакаючы хуткага вызвалення. Старыя гаварылі:

— Ці не пачалі нашы наступленне?

Рушылі з лесу і мы. Нашы самалёты не давалі немцам спакою. Немчура зелянела ад злосці, а мы ззялі ад задавальнення.

Аднойчы нас гналі між падвод. I толькі мы выйшлі з лесу на палянку, як у небе з'явілася каля дваццаці нашых самалётаў. Яны набліжаліся з вялікай хуткасцю. Падляцеўшы бліжэй, як дажджом, сыпанулі з кулямётаў. Немцы драпанулі хто куды. Цяпер ім было не да нас. Я паваліўся на траву, як забіты. А калі немцы разбегліся, я прыўзняўся і — бягом у жыта, у процілеглы бок. Як мага далей адпоўз ад дарогі, лёг і суцішыўся. Самалёты хутка зніклі. Немцы пачалі збірацца. Іх говар ледзь далятаў да мяне. Я не падымаўся з зямлі гадзіны чатыры.

Раптам да маіх вушэй данёсся глухі гул, які з кожнай хвілінай узмацняўся. Я насцеражыўся і крыху прыўзняў галаву. Скрозь жытнія сцяблінкі ўбачыў дзве нямецкія браніраваныя машыны. Адна за адной яны рухаліся прама на мяне. Спалохаўся не на жарт, але не ўстаў з зямлі, а прыціснуўся да яе як можна шчыльней, схіліўшы галаву так, каб адным вокам можна было наглядаць за рухам машын. Ляжаў і чакаў. Сэрца маё ледзь не вырвалася з грудзей, на лбе выступіў халодны пот. Узняцца і бегчы немагчыма было. Я ведаў, што, калі паднімуся, немцы скосяць мяне з кулямёта. Адна з машын прагрукатала метры за два ад мяне. I цяпер я дзіўлюся, як у мяне хапіла цярпення і вытрымкі ўлежаць на месцы ў такі момант. Калі яны прайшлі, я папоўз да кустоў і, толькі дабраўшыся да іх, павесялеў. У хуткім часе натрапіў на некалькі тутэйшых жанчын. Тут мы і начавалі. Гэта была апошняя ноч маіх пакут і маёй няволі.


САША МУКГОРАЎ

Загрузка...