ПРА МАЙГО ТАВАРЫША

З Міхасём Заловічам мы шчыра сябравалі. Жыў ён ад мяне недалёка. Мы разам вучыліся ў школе, разам коўзаліся на самаробных каньках, каталіся на санках, гулялі ў снежкі. Улетку працавалі на калгасных палях, а ў вольны час бегалі на рэчку купацца. I часта на лузе, дзе-небудзь пад кустом, праседжвалі цэлыя гадзіны за чытаннем цікавай кнігі. Чыталі мы звычайна ўголас, па чарзе. Любілі таксама памарыць аб тым, як мы, скончыўшы сямігодку, паедзем у горад вучыцца, кім хто з нас будзе. Апрача ўсяго, Міхась ведаў шмат казак і ўмеў іх цікава расказваць. Непрыкметна беглі дні нашага шчаслівага дзяцінства.

I раптам усё гэта абарвалася: пачалася вайна...

У гэтай вайне загінуў мой таварыш.

Вось як гэта было.

Вечарэла. На вуліцы, як звычайна, было шумна ад нашых галасоў. Мы ганяліся за жукамі, дражнілі кажаноў, а кажаны нас.

I раптам усюды загаманілі: «Вайна...», «Вайна...». Такую страшную вестку прынёс з мястэчка адзін наш калгаснік. Мы кінулі гульні і засмучоныя разышліся па хатах. Гэта была апошняя бесклапотная гульня.

Праз некалькі дзён вайна дайшла і да нашага калгаса. Спачатку мы чулі выбухі, ад якіх дрыжала зямля. Потым выбухі гэтыя пачалі мацнець, і ў вокнах нават звінелі і высыпаліся шыбы. А вечарамі мы бачылі водблескі вялікіх пажараў на захадзе.

Але самае страшнае і горшае пачалося з таго часу, калі да нас уварваліся немцы. У першыя дні яны, як галодныя ваўкі, накідваліся на курэй і парсюкоў, а потым пачалі распраўляцца і з людзьмі. Якія толькі пакуты не цярпелі нашы людзі, трапіўшы ў лапы да лютых фашыстаў.

Мы з Міхасём хадзілі на балота і там хаваліся ад немцаў, бо яны часта наляталі на нашу вёску. На гэтым балоце пасля баёў засталося нямала зброі. I вось мы пачалі збіраць зброю. Увечары, як цямнела, мы вярталіся дадому і прыносілі з сабой то вінтоўку, то рэвальвер, то гранату або яшчэ што-небудзь. Усё гэта хавалася ў патаемныя мясціны. Хавалі мы свае трафеі паасобку і думалі, калі хто і знойдзе, дык не ўсё. Вядома, я ведаў Міхасёву схову, а ён маю. Частку зброі мы закопвалі проста на балоце.

Аднойчы ў асеннюю ноч немцы з паліцаямі зрабілі налёт на нашу вёску. Яны ўварваліся ў хату Міхасёвага бацькі. Міхась паспеў выскачыць у сенцы. Тут яго затрымаў паліцай.

— Пусці мяне,— смела сказаў Міхась.— Я не з гэтага дома, я пастух і быў тут на чарзе.

Паліцай паверыў і прапусціў яго. Было холадна, дзьмуў сыры вецер. Міхась быў у адной сарочцы, але ён не зважаў на холад і з усёй сілы бег за вёску.

Тым часам немцы схапілі Міхасёвых бацькоў, трох сясцёр і меншага брата і, не даўшы ім нават апрануцца, выгналі на двор. Потым іх пагналі за вёску. Брат Міхасёў кінуўся наўцёкі, але тут жа быў смяртэльна ранены. Бацькі рвалі на сабе валасы, бачачы, як памірае іх сын.

Нямецкія каты прывялі сям'ю Заловіча да гумна, якое стаяла за вёскай наводшыбе, паставілі ўсіх да сцяны і расстралялі.

Цяжка і апісаць, як балюча перажываў мой таварыш смерць сваіх бацькоў і родных. Некалькі дзён ён плакаў горкімі слязьмі. Людзі стараліся суцешыць яго, ды гэта не дапамагала. Цяпер ён застаўся адзін-адным з усёй сям'і.

Міхась не знаходзіў сабе месца. У яго была адна думка: адпомсціць нямецкім катам. Але як гэта зрабіць?

Недалёка за лесам праходзіла шаша. У ціхія дні адтуль даносіўся да нас шум нямецкіх машын. Гэта навяло Міхася на думку пайсці на дарогу і зрабіць засаду. Ён адкапаў дзве гранаты, дастаў з-пад бэлькі запалы, схаваныя ў анучцы, сабраўся і пайшоў з дому.

Прыйшоў на дарогу, выбраў зручнае месца, уставіў запалы ў гранаты і стаў чакаць.

Неўзабаве на дарозе паказаліся машыны. Міхась падрыхтаваўся да сустрэчы. Першую машыну ён прапусціў: на ёй ехалі салдаты. Але вось за ёй ідзе другая, адкрытая легкавая машына. Міхась убачыў афіцэраў з срэбнымі пагонамі. «Вось каго я павінен знішчыць»,— парашыў ён. I калі машына падышла блізка, ён размахнуўся і шпурнуў гранату. Раздаўся выбух... Машына ўзарвалася разам з нямецкімі афіцэрамі.

Задняя машына з салдатамі спынілася. Міхась, не доўга думаючы, кінуў у яе другую гранату, а сам скокнуў у лес.

Пакуль пад'ехалі новыя машыны, Міхась быў ужо далёка. Немцы ўзнялі страшэнную страляніну. Кулі барабанілі па дрэвах, свісцелі ў галлі і над галавой у Міхася. Але яму пашанцавала выскачыць з-пад абстрэлу. Немцы пастралялі і паехалі. Ісці ў лес яны пабаяліся.

У гэты дзень Міхась упершыню за апошнія часы адчуў радасць: ён адпомсціў фашыстам! Цяпер яму хацелася толькі аднаго: знайсці партызан і далучыцца да іх. Між іншым, у ваколіцах усе ведалі аб смелым нападзе партызан на нямецкія машыны ў той дзень, але ніхто не здагадаўся, што гэта зрабіў дванаццацігадовы Міхась Заловіч, які яшчэ ні разу партызан і не бачыў.

А пра партызан ужо ўсюды ішлі чуткі. То тут, то там яны нападалі на немцаў і знішчалі іх. Людзі пасмялелі, бо ведалі, што ў іх ёсць абаронцы. Немцы ж і іх паслугачы-паліцаі падцялі хвасты. Цяпер яны ў некаторыя вёскі і носу не паказвалі. Нават у гарнізонах сваіх праз усе ночы пускалі ракеты, каб адчуваць сябе смялей.

I вось аднойчы, позняй восенню, у нашу вёску прыйшлі нейкія ўзброеныя людзі. Іх было шмат. Спачатку мы не ведалі, што гэта за войска, і кінуліся хавацца ў свае норы. А трэба сказаць, што ўсе, хто толькі мог, выкапалі за гэты час сабе для схованак бліндажы. Іх маскіравалі так, што нават і суседзі не ведалі, дзе ў каго выкапана схованка.

Але праз некалькі хвілін людзі загаманілі:

— Партызаны прыйшлі!

Якая была радасць! Нарэшце мы на свае вочы ўбачылі самых сапраўдных партызан — нашых заступнікаў! Ці варта і казаць, як узрадаваўся мой таварыш.

I вось Міхась стаў партызанам. Ён папрасіўся сам, і яго прынялі. Мне не пашанцавала: па хваробе мяне ў партызаны не ўзялі. Цяпер я ўжо радзей сустракаўся з Міхасём. Але ўсё ж сяды-тады ён наведваў мяне. Я аддаў яму ўсю сваю зброю, закапаную асобна. У самога Міхася было схавана пяць вінтовак і два ручныя кулямёты, ды ў мяне сёе-тое знайшлося. Усё гэта мы здалі ў атрад.

Міхась павесялеў яшчэ больш. Разам з партызанамі ён хадзіў у засады, прымаў удзел у другіх баявых аперацыях. Ён паказаў сябе не толькі смелым, але і спрытным партызанам. Не было таго, каб ён не выканаў даручанага задання.

Хутка на грудзях майго таварыша закрасаваўся ордэн Чырвонай Зоркі, які ён атрымаў за падрыў нямецкага эшалона і чыгуначнага моста пад Магілёвам. За ўдзел ва ўзяцці нямецкага гарнізона ў Клічаве ён быў узнагароджан медалём «За адвагу». Больш таго, яму даручылі нават камандаваць аддзяленнем, у якое ўваходзілі дарослыя партызаны.

Прыходзячы іншы раз у вёску, Міхась расказваў мне пра сваё баявое жыццё. Я з цікавасцю слухаў і прасіў яго, каб прыняў у сваё аддзяленне. А ён паслухае і скажа:

— Што, мы цябе на плячах насіць будзем?

Праўда, адзін раз ён згадзіўся ўзяць мяне ў разведку. Мы хадзілі тады на Бярэзіну глядзець, ці ёсць там пераправа.

Аднойчы Міхась расказаў, як ён трапіў быў у палон да немцаў і як уцёк з-пад расстрэлу.

Было гэта так.

Камандзір атрада паслаў яго і яшчэ двух партызан у разведку. Цёмнай ноччу разведчыкі прыйшлі ў вёску, дзе стаяў нямецкі гарнізон. Заходзяць на адзін двор. Раптам моцна забрахаў гаспадароў сабака. Нямецкі патруль адкрыў агонь. На стрэлы збегліся немцы. Разведчыкі, адстрэльваючыся, падаліся назад цераз агароды. Яны б уцяклі ад небяспекі, каб не аўчаркі, якія наваліліся ім на плечы. Немцы акружылі разведчыкаў і з дапамогай сабак захапілі іх.

Разведчыкаў прывялі да афіцэра. Як ні лютаваў афіцэр, але яны не сказалі ніводнага слова.

Пачынала світаць. Афіцэр загадаў звязаць разведчыкам рукі і весці на расстрэл. За вёскай, на ўскрайку лесу, была яма, дзе немцы расстрэльвалі нашых людзей. Туды і павёў нямецкі салдат разведчыкаў.

Смерць, здавалася, была немінучая. Але Міхась не траціў надзеі да апошняй хвіліны. Па дарозе ён непрыкметна варушыў рукою і расхістаў вяроўку. I ўжо амаль каля самай ямы ён адважыўся на апошнюю спробу выратавацца: з усёй сілы тузануў рукамі. Вяроўка развязалася. У той жа момант Міхась накінуўся на немца, збіў яго з ног, а сам — у лес. За ім пабеглі і яго таварышы.

Немец апрытомнеў і пачаў страляць. Куля трапіла Міхасю ў руку.

У лесе таварышы перавязалі Міхасю руку, і ён шчасліва вярнуўся ў свой атрад.

Улетку 1943 года немцы накіравалі на партызан цэлую дывізію.

Пачаўся жорсткі бой.

Камандзір паслаў Міхася з аддзяленнем на дарогу, у засаду. Іх задача была — не дапускаць падмацавання немцам.

Міхась прывёў сваё аддзяленне на месца. Там ужо была група партызан, пасланая раней. Міхась далучыўся да іх.

Хутка разведка паведаміла, што па дарозе ідуць нямецкія машыны. Камандзір заставы загадаў падрыхтавацца да бою.

Падпусціўшы ворага метраў на сто, партызаны адкрылі агонь. Машыны спыніліся, і з іх выскоквалі нямецкія салдаты. Шмат іх пакасілі ў гэты час партызаны.

Але прыбывалі ўсё новыя і новыя машыны. Не зважаючы на ахвяры, немцы пачалі насядаць на партызанскую заставу.

Сілы былі няроўныя, і камандзір заставы аддаў загад адыходзіць у глыб лесу.

Міхась з адным кулямётчыкам прыкрываў адыход. Ён страляў з карабіна з-за дрэў. Недалёка ад яго страчыў кулямёт яго таварыша.

Раптам кулямёт змоўк. Міхась аглянуўся на момант і ўбачыў, што яго таварыш ляжыць забіты. Паўзком ён падаўся да кулямёта. У гэты час куля трапіла яму ў правую нагу. Паўзці стала цяжка. Усё цела ахапіла гарачыня. Але ён поўз сантыметр за сантыметрам.

Тым часам фрыцы асмялелі. Яны думалі, што ўжо нікога жывога ля кулямёта не засталося, калі ён маўчыць. I яны на ўвесь рост рынуліся ўперад.

Але ў той жа момант кулямёт ажыў. З лямантам фрыцы падалі на зямлю. Потым немцы зноў адкрылі агонь па кулямёту. Міхась адчуў, як нешта гарачае апякло яго левую руку. Ён толькі мацней сціснуў зубы і рабіў сваю справу правай рукой. Яму трэба было ўжо адыходзіць, але ў запасе яшчэ заставаліся патроны, а Міхасю хацелася знішчыць як мага больш ворагаў, не прапусціць іх.

Захапіўшыся боем, ён не чуў, як да яго ззаду падкрадаліся два немцы... Яны наваліліся на яго знячэўку, сціснулі і пацягнулі да сваіх.

Немцы прывезлі скрываўленага, ледзь жывога Міхася ў свой гарнізон. Два дні яны мучылі яго, дапытваючыся пра сілы партызан. Толькі ўсё гэта было дарэмна. Не сказаў ім Міхась ні слова. Нічога не дабіўшыся, каты расстралялі яго.

Героя сяляне пахавалі на сваіх могілках.

Ля магілы майго таварыша расце маладая бярозка. Яна ціха шуміць пад ветрам. Паслухаеш — і здаецца, што гэта яна спявае жалобную песню пра таго, хто тут пахаваны і памяць пра каго доўга-доўга будзе жыць у думках і сэрцах людзей, за якіх ён аддаў сваё маладое жыццё.


ЖОРЖ РАБАЎ (1928 г.)

Клічаўскі раён, в. Н. Набаркі.

Загрузка...