МУЖНАСЦЬ

У пачатку вайны мы выехалі з Мінска і пасяліліся ў пасёлку Выжары Смілавіцкага сельсавета Рудзенская раёна. Тут жылі многія партызанскія сем'і.

У навакольных лясах дзейнічаў партызанскі атрад Зельнікава. Мая мама трымала з ім сувязь, ёй давалі лістоўкі, а я са сваімі сяброўкамі разносіла іх па вёсках.

Раз мы сабраліся каля лесу і пачалі гуляць “у партызаны”. У час гульні прыбег хлопчык Віця і кажа мне:

— Поля, бяжы дадому. Паліцаі забралі тваю маму.

Я кінула гульню і пабегла ў пасёлак. Мамы дома не было. Бабулька Ганна, якая жыла ў адным доме з намі, сказала мне, што прыехалі паліцаі і забралі маці. А за што, яна і сама не ведае. Я ўся закалацілася ад такой навіны.

— Куды ж яе павезлі?

— Не ведаю,— адказала бабулька.— Яны нічога не гаварылі.

Майго бацьку немцы павесілі яшчэ ў 1941 годзе. Потым забралі старэйшую сястру Раю і звезлі немаведама куды. Цяпер схапілі і маму. Засталася я адна. Што мне рабіць? Я не вытрымала, села на лаву і горка заплакала.

Праз некалькі хвілін на вуліцы заскрыпеў снег. Я глянула ў акно. Да хаты пад'ехалі сані. На іх сядзелі сем паліцаяў. Убачыўшы мяне, адзін з іх кіўнуў пальцам, каб я выйшла. Я апранулася і пайшла. Слёз маіх як і не было. Як мага спакайней спытала, што ім патрэбна ад мяне.

— Садзіся, і паедзем,— загадаў старшы.

— А куды? — спытала я.

— Не твая справа, шчанё! — грозна крыкнуў старшы.— Куды павязём, туды і паедзеш.

Я села ў сані. Дзьмуў халодны вецер, але я не адчувала сцюжы. Я думала пра маму. У дарозе паліцаі распытвалі мяне пра партызан. Я адказвала так, як мяне вучыў камандзір атрада: «Не ведаю» або «У партызанах ніколі не была».

Мяне прывезлі ў Смілавічы і пасадзілі ў пакой, у якім сядзела мама. Я вельмі ўзрадавалася, што ўбачыла яе. З ёй мне было зусім не страшна.

Хутка сцямнела, і мы ляглі на нары. Але не спалася. Мама абняла мяне за шыю і доўга навучала, як я павінна трымацца і што гаварыць на допыце. «Адказвай на такія пытанні,— гаварыла яна,— на якія можна. Што ж датычыцца партызан, дык ты нічога не чула і не бачыла. Калі будуць біць, не плач і маўчы. Пакажы, што ты не з плаксівых». Я сказала, каб мама не турбавалася: я хоць і малая, але ведаю, што да чаго.

Назаўтра нас дапытвалі: спачатку маму, потым мяне. У мяне паліцаі дамагаліся даведацца, дзе партызаны, колькі іх, дзе змяшчаецца штаб, якое ўзбраенне і іншае. Я адказвала адно і тое ж:

— Не ведаю. У партызанах ніколі не была.

— Маніш! — закрычаў начальнік паліцыі і ўдарыў мяне бізуном. Я сціснула зубы і маўчала. Мая цярплівасць узлавала яго.

— Якая матка, такое і дзіцятка,— прасіпеў ён і загадаў вывесці мяне з пакоя.

Потым нас адправілі ў Рудзенск. Начальнік паліцыі злосна сказаў:

— Там з вамі разбяруцца па-другому.

У Рудзенску нас пасадзілі ў цесную і брудную камеру. Увечары нам прынеслі якойсьці мёрзлай бульбы. Мы крыху з'елі і ляглі на падлозе, але спаць не давялося. У камеры было холадна, з-пад падлогі дзьмула, чародамі бегалі пацукі.

— Адсюль нам, дачушка, наўрад ці ўдасца выбрацца,— сказала мама і цяжка ўздыхнула.— Але, што б нас ні чакала, мы павінны трымацца да канца. Хай каты ведаюць, што нас лягчэй зламаць, чым сагнуць.

Раніцай нас паклікалі на допыт. Зноў пасыпаліся адны і тыя ж пытанні. Я гаварыла тое самае, што і ў першы раз. На допыце прысутнічаў паліцэйскі Сазонаў, які ведаў нас да вайны. Калі мы вярнуліся ў камеру, мама прагаварыла:

— Наш рускі чалавек, а дапамагае немцам. Якая ганьба! Як агідна на яго глядзець. Цяпер нам не мінуць шыбеніцы, абавязкова выдасць нас.

Надзеі на вызваленне не было. Мы сталі чакаць свайго канца. Мама часта паўтарала: “Хутчэй бы скончылася ўсё гэта”.

Наступнай раніцай з суседняй камеры да нас данесліся злосныя крыкі. Я зацікавілася і падышла да сцяны. Крыкі паўтарыліся яшчэ мацней. Сценка дашчаная, і ў ёй была шчыліна. Я перамагла страх і прыпала да яе. Тое, што я ўбачыла, прымусіла мяне задрыжаць усім целам. У камеры было чацвёра: нямецкі афіцэр, перакладчык і два канваіры. Перад імі стаяў малады хлапец. Выгляд меў ён жудасны: увесь у крыві, пад вачыма сінякі, замест вопраткі матляліся адны лахманы. Раскудлачаныя валасы пасмамі звісалі на лоб. За яго спіной, на дзвярах камеры, была выразана пяціканцовая зорка. Паказваючы на гэтую зорку, афіцэр праз перакладчыка пытаў:

— Навошта ты гэта зрабіў?

Юнак маўчаў.

— Пан афіцэр,— прамовіў перакладчык,— гэты нягоднік не хоча адказваць. Паглядзім, што ён скажа, калі такая ж зорка з'явіцца ў яго на спіне.

Афіцэр матнуў галавой у бок салдат. Тыя, як сабакі, падскочылі да хлапца і схапілі яго за рукі. Ударам бота яны павалілі яго на падлогу і пачалі выразаць на плячы зорку. Хлапец застагнаў. Мне зрабілаея жудасна, і я адвярнулася.

Калі ўсё сціхла, я зноў глянула ў шчыліну. Хлапец, сабраўшы апошнія сілы, прыўзняўся на руках і сказаў так гучна, каб, відаць, яго пачулі другія зняволеныя ў суседніх камерах: «Бывайце, таварышы, я паміраю за Радзіму! Адпомсціце за мяне...»

Канваіры падхапілі яго, выцягнулі на двор і кінулі ў канаву, якая была за баракам.

Апоўдні пачуліся крыкі ў камеры з другога боку. Праз такую самую шчыліну я ўбачыла, што дапытвалі бабульку гадоў васьмідзесяці. Немец на ламанай рускай мове гаварыў:

— Засталося пятнаццаць хвілін. Будзеш адказваць?

Бабулька маўчала. I зноў...

— Засталося дзесяць хвілін. Будзеш адказваць?

У адказ ні гуку.

— Засталося пяць хвілін...

I нарэшце:

— Засталася адна секунда. Будзеш адказваць?

А потым грозна крыкнуў:

— Узяць яе!

Тут пачалося такое, што і сказаць нельга. Ёй абрэзалі вушы, выкалалі вочы...

Я не магла глядзець, а толькі чула стогны бабулі. Калі яна была мёртвая, яе выкінулі ў канаву, дзе ляжаў невядомы хлапец.

Праз дзень нас выпусцілі. Калі нам сказалі, што мы можам ісці дадому, мы не паверылі сваім вушам. Мы чакалі смерці, а нам кажуць:

— Можаце ісці дадому.

Некалькі секунд мы стаялі як аслупянелыя. I толькі пасля таго як нам прапанавалі ачысціць камеру, мама хуценька выйшла і я ўслед за ёю.

Вярнуўшыся ў атрад, мы пайшлі да камандзіра. Мама пра ўсё расказала яму і на чым свет стаіць пачала лаяць здрадніка Сазонава. Камандзір атрада перапыніў яе і сказаў:

— Дарэмна лаеш яго.

— Чаму дарэмна? — абурылася мама.

— Ваша шчасце, што там быў Сазонаў.

— Што вы гаворыце? — здзівілася мама.

Камандзір спакойна растлумачыў:

— Сазонаў — не здраднік. Ён падпольшчык. І гэта ён дапамог вам вызваліцца.

Мы ўсё зразумелі. Мама вінавата сказала:

— А я так кляла яго…

— Ну, что ж, ад гэтага яму нічога не станецца,— сказаў камандзір.

Апрача таго, мы даведаліся, хто какая бабулька. Яна была матка камандзіра партызанскай брыгады (прозвішча яго я цяпер не памятаю). Пад выглядам жабрачкі яна пайшла ў Рудзенск, каб сабраць потрэбныя звесткі аб нямецкім гарнізоне. Адзін здраднік пазнаў яе і данёс у паліцыю. Яе схапілі і замучылі.

Мы засталіся ў атрадзе. Праз некалькі дзён пачулі, што немцы расстралялі падпольшчыка Сазонава. Мама і я вельмі шкадавалі яго.


ПОЛЯ НІКАЛАЕВА (1933 г.)

г. Мінск, вул. Іванаўская, 36.

Загрузка...