ДВА РАЗЫ Ў КЕНІГСБЕРГУ

Наша вёска называлася Грані. Яна была недалёка ад горада Полацка. Памятаю, як мамка або татка ездзілі на кірмаш і прывозілі мне смачныя абаранкі і цукеркі. Мне ішоў тады сёмы год, і я быў адзін у бацькоў. Быў яшчэ старэйшы брат, Васіль, але ён служыў у Чырвонай Арміі.

Я добра не разумеў, што здарылася, толькі заўважыў, што стала трывожна, чулася гаворка пра вайну, пра немцаў, потым пра нейкіх партызан. Я прыслухоўваўся, распытваў і сяк-так зразумеў, у чым справа.

Аднаго разу ноччу пачуўся стук у акно. Я прачнуўся і ўбачыў, як татка падышоў да акна і сказаў камусьці: «Ужо, ужо», а потым пайшоў адчыняць дзверы. Упоцемку я ўбачыў, што ў хату ўвайшло многа людзей. Гаварылі яны ўсе шэптам. Я здагадаўся, што гэта партызаны. Мама ўстала, пазавешвала вокны посцілкамі і запаліла газоўку.

Татка пачаў спешна апранацца, мама памагала збірацца, клала ў торбу чыстую кашулю, анучы, хлеб, сала. Калі было ўсё гатова, татка пацалаваў бабулю ў руку і ў галаву. З мамкай таксама моцна абняўся і пацалаваўся.

— Чакай, вернемся з перамогай,— сказаў ён.— Гадуй сына.

Потым падышоў да мяне, узяў на рукі і так моцна прыціснуў да грудзей, што я аж войкнуў. Усё гэта рабілася хутка, але я паспеў спытацца:

— Куды, тата, ідзеш?

— Бараніць Радзіму ад фашыстаў, сынок,— адказаў ён.

Усе выйшлі з хаты. Загасіўшы агонь, мы з мамкай, абняўшыся, доўга сядзелі ля акна. Глядзелі на тую сцежку, што крута заварочвала ў лес, куды пайшлі незнаёмыя разам з татам. Мамка расказала мне, што сёння ноччу ўсе нашы мужчыны адправіліся ў партызаны, бо заўтра немцы будуць браць людзей сабе на службу. А хто ж захоча служыць ворагу? Там, у лесе, многа партызан, і яны будуць дапамагаць нашай арміі. А калі немцаў прагоняць, то ўсе вернуцца дадому.

Але татка мой ужо больш не вярнуўся...

Прайшло колькі часу — і раптам нашу вёску сталі абстрэльваць снарадамі з Полацка. А тут яшчэ з'явіліся самалёты і таксама пачалі бамбіць. Людзі кінуліся хто ў лес, хто ў поле, а хто дома шукаў ратунку.

Гудуць снарады, гараць будынкі, народ уцякае, а мая мамка павалілася ў сенцах і варухнуцца не можа. Я кінуўся да яе, але яна мне і слова не паспела сказаць — была мёртвая.

Бабуля сказала, што трэба ўцякаць у лес, у акопы. Яна нічога не памятала і не ведала, што рабіць, а мне прыйшло ў галаву выратаваць нашу карову і ўзяць кумпяк свініны. Я завязаў карове за рогі нейкі ручнік, і мы пабеглі. Быў такі гром, што мы аглухлі.

Толькі падышлі да акопа, як недалёка разарваўся снарад і раніў карову. Яна зарыкала і павалілася. Але нам было не да яе. Мы схаваліся ў акоп і са страхам адчувалі, як трасецца зямля.

Калі стала ціха, вылезлі наверх. Над вёскай стаяў чорны дым. Я падумаў, можа, мамка не памерла, а толькі самлела, і пабег дадому. Там ужо былі немцы. Наша хата не гарэла.

Я ўбег у сенцы і ўбачыў, што мамка, таксама як і раней, ляжыць на зямлі мёртвая.

А тым часам немцы на вёсцы злавілі дзевяць партызанскіх сем'яў, загналі іх у хлеў і падпалілі. Я забыўся на ўсё сваё гора, калі ўбачыў гэты жах. Зрабіўшы сваю страшную справу, немцы паехалі.

Людзі з лесу пачалі збірацца ля нашай хаты. Прыйшла і мая бабулька з раненай каровай. Мы з бабуляй абняліся і доўга плакалі. Цяпер у мяне засталася самая родная і блізкая — бабулька.

Суседзі памаглі пахаваць маму. Казалі, што яна памерла ад разрыву сэрца.

Людзі меркавалі, як цяпер жыць, што рабіць, але раптам зноў з'явіліся немцы. Адзін з іх падышоў да нас і крыкнуў:

— Збірайся!

I тут жа пачалі грузіць нас на машыны. На тры машыны пасадзілі нас, а на чацвёртую паставілі некалькі кароў. Тут была і наша.

Прывезлі нас на станцыю Грані і высадзілі на нейкі пляц. Там мы праседзелі двое сутак, елі хто што меў. Мы з бабуляй былі неразлучныя. Яна цяпер больш шкадавала мяне, і я баяўся ад яе адстаць. Нашых кароў кудысьці пагналі. Мне вельмі шкада было сваёй раненай кароўкі, якая ішла сярод другіх, апусціўшы галаву. Той ручнік, што я прывязаў за рогі, споўз ёй на шыю.

Сонейка яшчэ не ўзышло, як нам сказалі грузіцца ў цягнік. Нас павезлі на станцыю Граева. Там нам зрабілі медыцынскі агляд, павялі ў лазню, а потым упершыню далі нейкага супу. Пасля абеду зноў пагрузілі ў вагоны. У вагоне шмат было і другіх людзей, не толькі з нашай вёскі. Ехалі мы трое сутак.

Прывезлі нас у горад Кенігсберг. Там быў лагер, абнесены высокай мураванай сцяной, а на версе яшчэ быў калючы дрот. Нас увапхнулі за гэтую сцяну. Тут нас пачалі аглядаць немцы, датыкаючыся не рукамі, а палачкамі. Глядзелі ў вочы, рот, пад бараду і гэтак далей.

Наш лагер лічыўся самы горшы. У ім былі старыя, жанчыны, дзеці, а мужчын не было — усе яны былі ў партызанах.

Работы нам не давалі, а толькі людзей ад нас бралі, і больш мы тых людзей не бачылі. Іх з'ядала «печка-душагубка», якая была за сцяной, за жалезнымі дзвярамі. Кожны з нас чакаў страшнай смерці ў той печцы. Аднаго разу немец забраў у нас чатырнаццацігадовага хлопчыка і павёў яго да жалезных дзвярэй. Хлопчык, набраўшыся адвагі, усадзіў немцу ў грудзі нож. Немец упаў. Хлопчыка зараз жа падхапілі другія немцы.

Потым нас усіх выгналі з баракаў на пляц і паставілі вакол двух слупоў, укапаных у зямлю. На слупах была перакладзіна, а да яе быў прымацаваны жалезны крук. Прывялі хлопчыка і павесілі яго нагамі за гэты крук. Пад ім налілі гаручага і запалілі. Хлопчык крычаў, матляўся і гарэў... Усе людзі плакалі, стагналі, адварочваліся, а немцы білі тых, хто не хацеў глядзець.

Усё сваё жыццё я буду памятаць гэтую смерць.

Не ведаю, з якой прычыны, але на другі дзень мяне перамясцілі ў другі лагер. Тут было лепей, не трэба было кожны дзень баяцца страшнай смерці, але для мяне было мала радасці, бо я ўвесь час думаў, што маю бабульку такая смерць не міне.

З гэтага лагера хадзілі ўжо на работу. Пачаў хадзіць і я. Выходзіў у сем гадзін раніцы, а прыходзіў у барак а восьмай вечара. На абед давалі суп з бручкі, а пад вечар — сто грамаў хлеба з чорнай кавай.

Мая работа была — чысціць паравозы. Аднаго разу я чысціў, чысціў і захацелася мне сёе-тое пакруціць. Раптам паравоз засіпеў і паехаў. Я пачаў хапацца за ўсялякія крукі і калёсікі. Паравоз спыніўся. Дагналі мяне немцы, пачалі крычаць. Я плакаў, апраўдваўся:

— Пан, я пакруціў няўмысна, а «цуг і фарэн».

Яны паверылі і нічога мне не зрабілі, толькі строга наказалі больш не чапаць.

Відаць, мая спрытнасць спадабалася машыністу, і ён раз узяў мяне з сабой. Прыехалі мы ў Каўнас, а потым у Вільнюс, а потым паехалі далей к фронту. Калі спыніліся ў Мададзечне, машыніст некуды адышоўся, а я — ходу.

Прыбег у нейкую (назву забыўся) вёску, чорны, брудны, галодны. Трапіў да адной добрай цёткі, якая мяне пераапранула, накарміла і спаць палажыла. Так мне добра зрабілася, нібы я трапіў да мамкі. У цёткі я прабыў два месяцы, дапамагаў у гаспадарцы, асабліва любіў даглядаць кароў: мне здавалася, што я даглядаю сваю раненую кароўку.

Нарэшце дайшла да нас радасная вестка: немцы адступаюць. Як прайшло гэтае адступленне, я нават не памятаю. Памятаю толькі, з якой радасцю ўбачыў я нашых чырвонаармейцаў. Я кінуўся да іх з плачом, хацелася ім расказаць, што я перажыў.

А потым мяне пацягнула дадому. Што там цяпер? Хто жыве ў нашай хаце? Можа, вярнуўся татка?

То пешшу, то на возе, то на вайсковай машыне дабраўся я да сваёй вёскі. I што ж?

Ні вёскі, ні нашай хаты няма. I няма ніводнага чалавека. Месца, дзе пахавана мамка, зарасло буйной травой. Там, дзе згарэла дзевяць партызанскіх сем'яў, нехта паставіў дзевяць вялікіх крыжоў. Слёзы паліліся ў мяне з вачэй. Я пахадзіў, захацеў есці, але шчога не знайшоў. Мне здавалася, што я застаўся адзін на ўсім свеце. Што рабіць? Куды ісці?

Я пайшоў на станцыю Грані. Там убачыў вайсковы абоз з кухняй. Я парашыў далучыцца да іх. Я ж таксама магу што-небудзь рабіць, чым-небудзь дапамагаць. Калі будуць праганяць — не пайду.

Але мяне не прагналі.

I я разам з нашым войскам зноў пайшоў у Германію. Зноў пабываў у Каўнасе. I зноў прыйшоў у Кенігсберг.

Як радасна было адчуваць, што цяпер ужо мы тут гаспадары! Я меў магчымасць пабываць і ў нашым страшным лагеры. Цяпер тут было пуста, ціха. Я абышоў усе знаёмым куткі. Плакаць хацелася, калі я думаў, што тут спалена мая мілая бабуля. Ці паспелі ўцячы тыя каты, што здзекаваліся з хлопчыка? I яшчэ вельмі хацелася ўбачыць тых немцаў, што абследавалі нас палачкамі.

...Цяпер я шчасліва жыву ў Будслаўскім дзіцячым доме.


ПЯТРУСЬ БУДНЕВІЧ (1935 г.)

Загрузка...