Раздзел 10

Старшыня акруговага суда Турчыньскі хадзіў па пакоі, час ад часу зіркаючы скосу на пракурора Мартыновіча, які, здавалася, задумаўся.

— Аднак цяжка аспрэчыць факт, — пачаў тады старшыня, — што жанчына гэта мае якісьці інстынкт паліцэйскага сабакі, ці — скажам больш мякка — прыроджанага крымінолага. Я ведаю ад адвакатаў, што ў іх проста рукі апускаюцца, калі абвінаваўца яна.

— Таму што пані Горн, — змяніў становішча ў крэсле Мартыновіч, — за палову спраў не бярэцца.

— Менавіта, — затрымаўся перад ім старшыня, — у яе інстынкт. Там, дзе следства не выяўляе вінаватага, у якім яна бачыць сапраўднага злачынцу, яна не хоча абвінавачваць. Але ж у сотні працэсаў, пачатых ёю, віна была больш чым сумніўная, аднак прысуды выносіліся абвінаваўчыя.

— Не заўсёды, — запярэчыў пракурор, — а справа Кушэльскага? Вы самі ўзначальвалі пасяджэнне, і Кушэльскі быў апраўданы.

— Ну зразумела, — засмяяўся Турчыньскі, — але пані Горн сама мне пазней казала, што вы супраць яе волі навязалі ёй гэта абвінавачванне.

— Навязаў-навязаў, — запярэчыў пракурор, — нічога я не хацеў навязваць. Я атрымаў непасрэдны загад з міністэрства. Урад гэтага жадаў — і ўсё.

— Тым не менш, — настойваў старшыня, — застаецца фактам, што Кушэльскі быў сумленным чалавекам, і яна гэта адчула.

Ён прайшоўся яшчэ раз і павярнуў.

— Незвычайная жанчына, і да таго ж прыгожая, як усе д’яблы.

Мартыновіч з’едліва ўсміхнуўся і прамовіў такім тонам, нібыта змяняў тэму размовы:

— А што, старшыня, вы не збіраецеся жаніцца?

— Я? — стаў як укапаны Турчыньскі.

— Ну, таму што вы халасцяк… хм… так сказаць, на выданні, — неахвотна патлумачыў пракурор.

— Вы таксама халасцяк, — здзекліва заўважыў старшыня.

— Я… а што я… — прамармытаў Мартыновіч, — вы іншая справа.

— Мы аднаго ўзросту.

— Так, але на вас яшчэ жанчыны, пане дабрадзею, звяртаюць увагу. Вы можаце гадзінамі захапляцца…

— Хто, я?

— Вы, вы. Што ж гэта, а хвіліну назад хаця б пані Горн.

— Пані Горн — пракурор, і я выказваў сваё меркаванне пра яе прафесійную кваліфікацыю.

Мартыновіч паківаў галавой.

— Ну, так, канечне. З сённяшняга дня я буду звяртаць пільную ўвагу, ці маюць мае падначаленыя прафесійную кваліфікацыю, гэта значыць, ці яны прыгожыя як усе д’яблы, якія ў іх ручкі, якія вочкі, якія ножкі…

— Я пра гэта ўвогуле не гаварыў, — раздражніўся старшыня, — а калі нават і гаварыў, то лепей казаць, чым пра гэта думаць і заглыбляцца ў падобнага роду разважанні.

— Я таксама не гавару, не думаю.

— Няўжо? З-за гэтага вас тут усе абгаворваюць.

— Мяне абгаворваюць?

— Вас, вас, дарагі пан пракурор. Кажуць, што вы нават худзееце ад кахання да пані Горн.

— Я? Худзею? — зачырванеўся Мартыновіч, — худзею, бо п’ю «Карлсбад». А гэта ўсё плёткі…

Кароткі, моцны стук у дзверы і ўваход Аліцыі Горн як нажом перарэзаў спрэчку.

— Добры дзень усім! — прывіталася яна з усмешкай і адразу расклала перад Мартыновічам нейкія паперы.

Уваходзячы, яна ўмомант адчула, што паміж двума старэйшымі мужчынамі павінна была разгарэцца нейкая спрэчка. Пракурор быў чырвоны, а старшыня нервова скуб вусы. А па позірках, якія яе сустрэлі, яна зрабіла выснову, што размаўлялі пра яе, аднак Аліцыя была ўпэўнена, што нічога дрэннага.

Гэта, зрэшты, не было для яе навіной. Яна добра ўсведамляла, што ёй захапляецца не адзін мужчына ў судзе. Гэта яе не надта радавала, але і не было непрыемна. Урэшце, яна не пазбягала магчымасцей спадабацца, але і не шукала іх.

Яе пазіцыя станавілася ўсё больш трывалай. Не толькі ў Палацы Пацаў, не толькі ў юрыдычным асяроддзі, але і ў міністэрстве яе лічылі адным з самых здольных работнікаў пракуратуры.

Калі ў нейкай ступені падставай для такога меркавання і мела адносіны яе прыгажосць, яна ўвогуле пра гэта не турбавалася.

Таму што найперш яна была жанчынай, іншай, чым большасць, разумнейшай, больш інтэлігентнай, незалежнай у поўным сэнсе гэтага слова і толькі потым пракурорам, што — як яна гэта даказала сваёй паўгадавой дзейнасцю — не толькі не супярэчыла адно аднаму, але стварала адзінае цэлае, чым яна магла ганарыцца.

Вось яна стала жывым доказам паўнавартаснасці жанчыны.

Пракурор Мартыновіч прагледзеў паперы і бурклівей, чым звычайна, выказаў некалькі заўваг, пасля чаго кіўнуў галавой у знак, што ён не затрымлівае Аліцыю.

Старшыня Турчыньскі дэманстратыўна выйшаў разам з ёй. На злосць Мартыновічу!

Па дарозе ён распытваў Аліцыю пра здароўе, пра планы на лета, урэшце перайшоў на стасункі ў судзе, выказаў некалькі заўваг у сувязі з апошнімі справамі і, развітваючыся з Аліцыяй перад дзвярыма яе кабінета, сказаў:

— Я навучыўся верыць у ваш інстынкт крымінолага. Я называю гэта інстынктам, таму што, улічваючы ваш узрост, не магу казаць пра вопыт. Я не магу сабе растлумачыць толькі адну рэч: якім цудам у вас, істоце настолькі жаноцкай, аказаўся талент, які стагоддзямі вылучаў мужчыну.

— Прысвоены мужчынам.

— Скажам, — рассмяяўся Турчыньскі, — створаны і манапалізаваны, таксама, як і шмат іншых сфер: кіраванне, вядзенне войнаў, судоў.

— Я, аднак, настойваю на слове «прысвойванне», — звярнула ўвагу Аліцыя.

Яны стаялі на калідоры і павінны былі бясконца адказваць на паклоны мноства праходзячых па ім людзей.

Акрамя таго, старшыня, відаць, не жадаў перарываць размову, бо спытаўся:

— Тады, на вашу думку, некалі мужчыны дзялілі з жанчынамі прывілею кіравання, ажыццяўлення судоў і да таго падобнае?

— Не дзялілі, таму што ўвогуле ёй не валодалі. Бо вы ж ведаеце, што першасная арганізацыя людскіх грамадстваў была заснаваная на матрыярхальным ладзе. Патрыярхат налічваў, калі гаворка пра Еўропу, тры, да чатырох тысяч гадоў…

— Дробязь, — жартаўліва заўважыў старшыня.

— Сапраўды, — сур’ёзна сказала Аліцыя, — дробязь. Малюсенькі фрагмент гісторыі чалавецтва. А перад гэтым доўгія тысячагоддзі панаваў матрыярхат, кіравалі толькі жанчыны. І, відаць, рабілі гэта дастойна, паколькі сёння свет у захапленні адкрывае рот ад этрускіх адкрыццяў і эгейскіх, цывілізацыя якіх больш развітая, чым эпоха Версаля, і культура больш цудоўная і высокая, чым наша сучасная.

— На жаль, я нічога пра гэта не ведаю. Ніколі я гэтым не займаўся, — развёў рукамі старшыня, — але, прымаючы гэта пад увагу, я не думаю, што вы хацелі гэтым сказаць, нібыта свет вяртаецца да матрыярхату?

— Хто гэта можа ведаць, — усміхнулася Аліцыя. — Мы сапраўды з’яўляемся сведкамі павароту жанчыны да актыўнага грамадскага і дзяржаўнага жыцця, але ў нас надта малы адрэзак часу для назірання. Аднак жа ўсё, здаецца, пацвярджае… апаскі пана старшыні.

— Калі гэты лад закліканы нас, мужчын, прымусіць адрачыся на карысць такіх жанчын, як вы, паверце мне, што мае апаскі зменяцца шчырай радасцю.

Старшыня сказаў гэта з такой абаяльнай ветлівасцю джэнтльмена старой добрай вывучкі, што Аліцыя падзякавала яму самай мілай і какетлівай сваёй усмешкай.

Старшыня галантна пацалаваў яе руку, і яна выразна чула, як — адыходзячы — ён моцна кашлянуў ад задавальнення.

Працавала яна ў гэты дзень толькі да дзвюх гадзін. Юлька ліхаманкава рыхтавалася да выпускных экзаменаў, і Аліцыя прысвячала шмат часу штудзіраванню з ёй цяжэйшых прадметаў.

Цяпер, калі яна цалкам асвоілася на рабоце ў судзе, калі перастала бываць у рэстаранах і не было Чухноўскага, Аліцыя амаль цалкам занялася Юлькай. Яна яе вельмі любіла і галоўным пунктам у сваіх амбіцыях лічыла выхаванне з Юлькі самабытнай жанчыны, істоты разумнай, духоўна незалежнай, а па жыцці самастойнай.

Такую яна выпусціць яе ў жыццё. Узброеную і абароненую перад усялякімі недарэчнымі ўдарамі, знешнімі і ўнутранымі, якія Аліцыя сама мусіла перажыць і якія ледзь не знішчылі яе цалкам.

Юлька праз гэта ўжо не павінна будзе праходзіць.

Цяпер яна яшчэ дзіця з занадта мяккай натурай, надта гібкай і схільнай да зручнай, але згубнай для жанчыны ролі плюшчу.

Планам Аліцыі супярэчыла і чуллівасць Юлькі, якая выяўлялася ў яе надзвычайнай уразлівасці ўсялякімі эратычнымі тэмамі, якія сустракаюцца ў міфалогіі, анатоміі, псіхалогіі, гісторыі ці нават у старанна падабраных Аліцыяй белетрыстычных творах. У малой потым былі сны, поўныя ўзбуджальных карцін і рамантычных сітуацый.

Прывучаная гадамі, яна заўсёды расказвала іх Аліцыі, зачырванелая і з бліскучымі вачыма.

Снам Аліцыя надавала вялікае значэнне, старанна іх занатоўвала і шукала да іх ключы ў псіхааналізе. Яна не была заўзятай прыхільніцай фрэйдызму, аднак карысталася многімі псіхааналітычнымі метадамі пры выхаванні Юлькі.

Аліцыя бачыла ў яе надта моцную схільнасць да ласк. Юлька з дзяцінства надта любіла прытулянні, абцалоўвала сваіх сябровак, абажала мужчын, якія насілі яе на плячах, і любіла прысаджвацца ім на калені. Цяпер жа яна калекцыянавала фатаграфіі кінаартыстаў і ўсе свае дробныя зберажэнні траціла на пакупку гэтых паштовак.

Усё гэта непакоіла Аліцыю.

Яна і сама дзяўчынкай — гэта яскрава адклалася ў памяці — была вельмі пачуццёвая. Можа, меней гэта паказвала, чым Юлька, аднак колькі ж начэй праводзіла яна без сну, згараючы ў найбессаромнейшых летуценнях і да крыві грызучы пальцы, заплямленыя школьным чарнілам.

Таму яна не баялася пачуццёвасці Юлькі, пачуццёвасці, можа, такой жа моцнай, але раўнейшай і не такой бурлівай. Тым больш, Аліцыя была пераканана, што яна з лёгкасцю здолее развіць у дзяўчыне дастаткова моцную стрыманасць, паколькі пры сваім уласным, значна больш небяспечным характары, яна яшчэ падлеткам настолькі валодала сабой, што ў імгненне, калі на яе кінуўся мужчына, у імгненне, калі нарэшце ажыццяўляўся выпеставаны ў марах доўгімі начамі момант аддання, яна знайшла ў сабе дастаткова сіл і волі, каб уцякаць па цёмнай кватэры, змагацца і абараняцца да канца. Калі яна ўжо тады спазнала шалёную, дзікую, неверагодную асалоду, то ўжо хвілінай пазней знайшла, аднак, у сабе дастаткова душэўнай сілы, каб аддзяліць ашаламляльнае перажыванне свайго цела ад сябе, каб абудзіць у сабе нянавісць, жаль і пагарду да гэтага чалавека. Тым больш, што з цягам часу, па меры сталення свядомасці, яна зрабіла рэвізію і карэкцыю гэтых пачуццяў. Засталося фактам, што яна мела цудоўна развітую вытрымку.

Тым лягчэй Аліцыі ўдасца выхаваць яе ў Юлькі.

Яны цяпер зблізіліся яшчэ больш, наколькі гэта магчыма.

Яны былі адны.

Ніхто ў іх не бываў, і яны ні ў кога. Аліцыя не прызнавала свецкага жыцця, лічыла яго пустым, марным і, адпаведна, прызначаным выключна для натур неглыбокіх, пазбаўленых унутранай сутнасці і якіх бы тое ні было разумовых амбіцый.

Юлька, якая абагаўляла сваю апякунку, цалкам з ёю згаджалася і не сумавала па іншых забавах, чым тэатр, кніга, выставы карцін або лекцыі. Гэтага ёй хапала.

Зрэшты, звычайна яе цалкам паглынала навука. Хвіліны адпачынку яна запаўняла марамі пра выезд на мора і праз кожныя некалькі дзён, для пацвярджэння сваіх планаў, пыталася:

— Скажы, Аля, як ты думаеш, я хутка навучуся плаваць?

Альбо таксама:

— А хвалі ў Балтыйскім моры якой вышыні?

Кароткія, змястоўныя адказы Аліцыі гучалі для Юлькі як пацвярджэнне: «Так, мы паедзем на мора».

Аліцыя сама шмат пра гэта думала, канстатуючы дрэнны стан сваіх нерваў. Неабходна было на нейкі час змяніць асяроддзе. Яна не прызнавалася сама сабе, што кожны дзень увечары пасля засынання Юлькі, адчувала абыякавасць да ўсяго і пустату свайго жыцця. Яна тлумачыла гэта хвіліннай дэпрэсіяй, і калі б не надаедлівыя ўспаміны, якія — ледзь яна прыплюшчвала вочы — навявалі ёй вобраз высокага плячыстага мужчыны з дзіўна залацістымі зрэнкамі, калі б не рэха яго нізкага, хвалюючага голасу, якое ў цішы гучала трывожна, яна магла б паверыць, што сцерла з памяці ўсё, што мела хоць якую-небудзь сувязь з Вінклерам.

Яна ні разу яго не спаткала, што лічыла нават дзіўным, бо столькі знаёмых сустракаецца на вуліцы.

Ну і добра: яна што, у гэтым, у ім, зацікаўлена? Ён казаў, яны не маглі прайсці міма адно аднаго, а што ён зрабіў, каб яе затрымаць? Нічога! Абсалютна нічога! Пакінуў ёй магчымасць удастоіцца гонару быць залічанай у яго гарэм! Ён груба памыліўся! Вельмі груба!

Нават не зрабіў ласкі патэлефанаваць! Напісаць! Ён паспрабаў сустрэць яе выпадкова? І пальцам не варухнуў!

Ганарлівец! Яму здавалася, што яна, як іншыя, не зможа адвярнуцца ад яго, пакорліва прыме ролю адной з многіх, не здолее пра яго забыцца…

Не змог правільна яе ацаніць, дык не варты ён ні яе, ні яе памяці.

Настолькі не варты, што яна б пра яго не памятала, калі б памяць залежала ад волі чалавека.

Загрузка...