Пра тое, што шэфа адпусцілі, у «Аргенціне» не ведалі. Таму яго з’яўленне выклікала сенсацыю сярод персаналу.
Усе работнікі сабраліся ў холе. Друцкі з усмешкай паціскаў ім далоні. Потым ён закрыўся ў кабінеце з касірам і з Грабоўскім. Выслухаў іх справаздачы, прагледзеў кнігі.
Выручка, сапраўды, значна знізілася, але Друцкага больш непакоіла тое, што знізіўся ўзровень публікі. Здараліся грубыя скандалы, а раз нават вымушаны былі выклікаць паліцэйскага.
— З гэтым мы павінны тут жа скончыць. Пан Грабоўскі, паклічце сюды парцье і Вжосэка.
Старшы афіцыянт Вжосэк і Грабоўскі атрымалі строгае распараджэнне не дапускаць непажаданых гасцей.
— А пра скандалы паведамляць мне.
Парцье ж з гэтага часу не павінен быў пускаць абы-каго, што яму, зрэшты, спадабалася:
— Можаце быць спакойныя, пан дырэктар, — сказаў ён, — я ўжо дзесяць гадоў парцье па найважнейшых справах і ўсіх прыстойных гасцей ведаю, а галадранца пазнаю за мілю.
Наступнай справай Друцкага быў дэталёвы агляд памяшкання. Ён знайшоў шмат хібаў і недаглядаў. Вінаватыя атрымалі па адным кароткім позірку. Гэтага ім было дастаткова.
Калі ён вярнуўся ў кабінет, там ужо была Тэця. Яшчэ перад прыходам у «Аргенціну» яна, відаць, даведалася пра тое, што Друцкага адпусцілі, таму што на сваім стале ён убачыў букет кветак.
Ад хвалявання ў сакратаркі дрыжалі вусны, а вочы іскрыліся радасцю.
— Нарэшце, нарэшце… Божа мілы, — шаптала яна, сутаргава сціскаючы яго далоні, — а ўсё гэта з-за мяне, з-за маёй недалёкасці. Ты да смерці мне гэтага не даруеш…
— Чаго, дурненькая, чаго? — смяяўся ён, прытуляючы яе да грудзей.
— Ну, таго, што я паклала гэты пачак у стол, але я сапраўды не думала…
— Супакойся, дурнічка, я ніколькі на цябе не крыўджуся. Ты так вінаватая, як і я. Але не смуткуй, бо ўсё ўжо скончылася. Ну, носік угору і дай мордачку… Толькі навошта ты трацішся на кветкі? — пагразіў ён ёй пальцам.
— На кветкі? — здзівілася яна.
Рухам галавы ён указаў на стол.
— Гэта не я, — патрэсла яна галавой.
— Не ты?
Яна пабляднела і сказала:
— Гэта Казя.
— Э-э-э!.. З якой ласкі?
— Абсалютна дакладна. Калі я ўваходзіла, то на ўласныя вочы бачыла, як яна клала сюды гэтыя свае кветкі.
Друцкі раптам ссунуў бровы. У яго прамільгнула думка: «А можа, і морфій?»
Так, яна магла таксама ўвайсці і пакласці. Толькі навошта? Ён забываўся пра яе апошнім часам, але ён быў з ёй ласкавы, ёй не было за што так подла помсціць.
— Не, нонсенс, — сказаў ён уголас.
— Але ж гэта яна, я сама бачыла, — запэўніла Тэця, лічачы, што Друцкі думае пра кветкі.
— Як гэта? — сарваўся ён з месца. — Ты бачыла?
— Бачыла. Яна вельмі старанна ўкладвала іх.
— А… кветкі!.. Ну, так, — засмяяўся ён, — зараз жа за работу.
Друцкі разабраўся з заляжалай карэспандэнцыяй, прадыктаваў некалькі рэкламных тэкстаў для прэсы.
З залы даносіліся гукі аркестра і гоман прысутных. У калідоры ўсё часцей чуўся прыглушаны дываном грукат хуткіх крокаў. Гэта афіцыянты, якія курсіравалі паміж кухняй і танцзалай.
Прыйшоў касір Юстэк:
— Сёння нядрэнна, пан дырэктар. Палова лож занятая і амаль усе столікі.
— Ну, трэба мне паказацца, — вырашыў Друцкі. — Зладжу ім сёння каціны канцэрт.
Аднак не спяшаўся выходзіць. Не вельмі прыемна свяціцца, калі ты так заплямлены, хоць і бязвінна.
Праходзячы ля пакоя «артыстак», Друцкі ўбачыў Казю.
— Як справы, малышка? — выкрыкнуў ён весела. — Навошта ты марнуеш грошы на кветкі? Ну, але дзякуй табе. Што ты на мяне так вылупілася?
Сапраўды, яна глядзела на яго шырока раскрытымі вачыма, нібыта спалохана.
— Ну? — Друцкі пагладзіў Казю па шчочцы.
— Дырэктар, — прашаптала яна, — я павінна вам сказаць нешта важнае.
— Важнае? О, я слухаю.
— Не, не тут. Адзін на адзін. Я прыйду ў кабінет пасля свайго выступлення. Толькі без сведкаў.
— Добра.
Казя знікла за дзвярыма.
Ужо з-за стойкі амерыканскага бара ён акінуў позіркам залу. Старых заўсёднікаў не бракавала. Аркестр якраз закончыў бастон, і пары танцуючых разыходзіліся да столікаў.
З’яўленне Друцкага ў зале выклікала хвіліну цішыні. Раптам нехта гучна выкрыкнуў:
— О, глядзіце, Вінклер! Прывітанне, дырэктар! Прывітанне!
— Віват! — зароў нехта з кута.
З другога кута пачуліся воплескі. Спачатку асобныя, яны пацягнулі за сабой іншыя, апладысменты перайшлі ў авацыю, якая напоўніла залу. Адзінкавыя выкрыкі змяніліся агульным шумам.
Некаторыя мужчыны паўставалі і акружылі Друцкага замкнёным колам. Пытанні, запэўненні, шчырыя поціскі далоняў, а здаля гуллівыя позіркі жанчын.
Аркестр урэзаў у агульным шуме фанфары. Служкі з поўнымі рукамі знерухомелі, тоўпячыся ў дзвярах.
Грабоўскі нахіліўся да Юстэка і крыкнуў яму ў вуха:
— Любяць людзі нашага шэфа! А?!
Танцы былі ў разгары.
Мяўканне ўдалося на славу. Друцкі вяртаўся ў кабінет сам вясёлы, як ніколі, і тут убачыў Казю, якая чакала яго.
— Ну, малышка?
— Але мне трэба сам-насам, — сказала дзяўчына, указваючы рухам галавы на дзверы, з-за якіх чуўся лёгкі клёкат пішучай машынкі.
— Тады, можа, заўтра?
— Не, мне трэба сёння. Вельмі важная справа.
Друцкі задумаўся:
— Што ж, добра. Прыйдзі праз паўгадзіны. Я адпраўлю пані Тэцю дадому.
Ён больш не задумваўся пра гэта. Падпісаў падрыхтаваныя лісты і адпусціў Тэцю:
— Да пабачэння, малышка. Ідзі дадому.
— Я не спяшаюся, — апусціла яна вочы.
— У мяне тут будуць розныя размовы, а работы ўжо няма. Да пабачэння, і няхай табе прысняцца анёлкі. Пабачымся толькі заўтра.
Два апошнія словы ён вымавіў асабліва выразна. Друцкі не хацеў, каб яна цяпер прыходзіла ў атэль. Магчыма, за ім, а можа, і за ёй сочаць.
Ён прысеў на падаконнік, праглядаючы рахункі, і чакаў. Праз некалькі хвілін пасля выхаду Тэці ў дзвярах паказалася Казя.
— Ну, хадзі і расказвай. Што здарылася?
Яна моўчкі стала перад ім з шырока раскрытымі вачыма, з якіх струменіў страх.
— Ты што, чорт цябе бяры, анямела, мая малышка?
— Не называйце мяне так, — сказала яна ціха, — я гэтага не вартая. Праз хвіліну вы мяне выганіце, як сабаку, бо нічога іншага я не заслужыла. Гэта я падклала морфій.
Друцкі ўстаў, засунуў рукі ў кішэні штаноў і нетаропка падышоў да яе.
— Ты напілася? — спытаўся ён спакойна. — Ты п’яная?
— Не, — патрэсла яна галавой — я цвярозая і гавару праўду. Гэта я, подлая, падклала. З помсты, са сляпой помсты.
Друцкі паклаў руку ёй на плячо:
— З помсты? Жанчына! За што ж ты мне помсціш? Чым я цябе пакрыўдзіў?
— О… — прастагнала яна, — не вам, не вам… Дзеля вас я б сэрца выдрала са сваіх грудзей… Я ёй хацела адпомсціць.
— Каму, ты вар’ятка?!
— Гэтай Тэці, гэтай хітрай дзеўцы, якая прыкідваецца святошай, што забрала цябе ў мяне… Я яе хацела прыбраць з вашых вачэй. Але была надта дурная. Я не ведала, як гэта зрабіць, і ўсё звалілася на вас. О, я няшчасная!
Яна ўсадзіла пальцы сабе ў валасы і абаперлася аб сцяну.
У Друцкага выцягнуўся твар, а на лбе выступілі зморшчыны.
— Дык гэта ты прадавала тут морфій?
— Я, я… Я праклятая, я распусная…
— Расказвай, — загадаў дырэктар.
Казя пачала распавядаць ціхім, стомленым голасам. Яна ўжо даўно пазнаёмілася з нейкім Цяржаўскім, з адным дзялком у гоначных і іншых справах, і ён яе падгаварыў. Ён прыносіў морфій ёй дамоў і сам браў грошы з пакупнікоў, а яе задачай было толькі ўручэнне ім слоічкаў. Яны прыходзілі сюды, а яна ім уручала. Цяржаўскі плаціў ёй па пяць-дзесяць злотых са слоічка, а сам, падлюга, браў з пакупнікоў па дваццаць злотых за грам. І яшчэ ашукваў іх, бо з кожнага пяцідзесяціграмовага слоічка патрохі адсыпаў. Яна сама гэта бачыла, таму што ён рабіў гэта ў яе кватэры. А пакупнікі гэтага нават не заўважалі, бо заўсёды нерваваліся і былі рады, што атрымліваюць сваю дозу.
— Ну зразумела, вываляць такому махляру тысячу злотых, а ці дастаткова гэтага, невядома. Пан дырэктар паняцця не мае, што за тып гэты Цяржаўскі.
— Ведаю я яго. Што далей?
— Ён і палітыкай займаецца, кажа, што ў яго ёсць сувязі і што ніхто яму нічога не зробіць. Але пабачым! Дык вось, некаторыя госці былі так задаволены, што яшчэ то той, то іншы ўсоўваў мне ў сумачку паперку-другую. Я не магла паскардзіцца. Найбольш давалі пастаянныя пакупнікі. Але калі я ўбачыла, што гэтая святошка вас зусім ачмурыла, то ў мяне ўсяліўся нейкі д’ябал. Я падумала, ну што мне гэтыя грошы, затое яе я так запакую, што вы яе доўга не ўбачыце… А вось, аднак…
Казя адвярнулася ад Друцкага і заплакала.
— Далей! — груба крыкнуў ён.
— Ну, — працягвала Казя, усхліпваючы, — д’ябал мяне спакусіў. Я папрасіла аднаго, каб мне напісаў данос пракурору… І паслала. А вечарам, калі гэтая Тэця выйшла па патрэбе, я ўбегла сюды і ўсунула пачак за яе сумку.
— Ну ты і дурніца! — паціснуў плячыма Друцкі.
— Калі б я ведала, што гэта халера знойдзе пачак і ўсуне вам у стол!.. Але я думала, што паліцыя з’явіцца хутчэй, і, каб яны паспяшаліся, то гэтая святошка не паспела б. Якраз яе і забралі б…
— Як ты магла?! Як ты магла?!
— Потым я білася аб сцяну сваёй дурной галавой. Але што я павінна была рабіць? Яшчэ сама сабе думала, што вас выпусцяць, а яе затрымаюць… Але так усё раптоўна навалілася, і гэты с… Цяржаўскі яшчэ да мяне чапляецца, што такое багацце — кажа — змарнавала, дзесяць тысяч злотых, а я яму дулю пад нос, бо, кажу, праверка прыйшла і што, я павінна была сама ім здацца?
— Ну, і што цяпер будзе? — панура спытаў Друцкі.
Казя выняла з сумачкі тоўсты канверт і паказала Друцкаму. Не надта ўмелай рукой на ім быў напісаны адрас: «У Вяльможны Акруговы Суд у Варшаве».
— Што гэта?
— Ну, я апісала тут усю праўду, што і як. Усё па парадку. Што ніхто не вінаваты, толькі я і Цяржаўскі. Усё апісала.
Друцкі кінуў ліст на стол і стаў хадзіць па пакоі, засунуўшы рукі ў кішэні.
— А ў вас прашу прабачэння, перад Богам прашу, даруйце! Я злая і няшчасная. Прадала душу д’яблу, але ўласны гонар маю. Гэты ліст я вышлю ўжо сёння.
Друцкі кашлянуў і затрымаўся перад ёй:
— І што ж, уцякаеш?
Казя слаба ўсміхнулася.
— А пашпарт у цябе ёсць?
— Ёсць. У мяне добры пашпарт, — прыціснула яна сумачку да грудзей.
— Бо калі цябе зловяць, — засцерагаў ён, — то два, а то нават і тры гады турмы ўлепяць. А можа, і больш.
— О, не, з гэтым пашпартам я схаваюся так, што мяне ніхто не знойдзе.
— За мяжу едзеш, канечне ж?
— Так, — кіўнула галавой Казя і праз хвіліну маўчання дадала: — Нічога мяне тут ужо не трымае, зусім нічога.
— Ну, ты маладая, прыгожая, зробіш яшчэ за мяжой кар’еру, — сказаў Друцкі, гледзячы ў акно.
— Ануча, — ціха сказала Казя.
Здзіўлены Друцкі павярнуўся:
— Якая ануча?
— Я ануча, брудная… О, ведаеце, за гэты тыдзень я больш паразумнела, чым за ўсё жыццё… Я пайду, — Казя ўзяла ліст са стала, — вы са мной не развітаецеся?..
Яе голас дрыжаў.
— Я не вартая гэтага, але вы так, з літасці…
Друцкі падышоў да яе і пагладзіў па валасах, па шчочцы.
Яна схапіла яго руку і прыпала да яе вуснамі.
— Едзь. А пісьмо лепей укінь, калі будзеш за мяжой. Ты праз Гданьск ці як? Віза ёсць?.. Ану, пакажы пашпарт.
Казя адскочыла як апараная.
— Не, не, у мяне ўсё ў парадку: і візы, і паперы.
Друцкі ўважліва прыгледзеўся да яе, і ў яго з’явілася падазрэнне.
— Дай пашпарт, — загадаў ён.
— Да пабачэння! — кінула Казя і накіравалася да дзвярэй.
Адзін скачок — і Друцкі быў ля яе, адным рыўком ён завалодаў яе сумачкай. Павярнуў ключ у замку, выняў і схаваў яго ў кішэнь.
— Аддай, аддайце, — маліла Казя.
— Ціха! — гаркнуў ён на яе.
Дырэктар адкрыў сумачку: пісьмо, хустачка, пудраніца, губная памада і — маленькі чорны рэвальвер.
Друцкі выняў зброю, падкінуў яе, злавіў у паветры за ствол і схаваў у кішэнь.
Дзяўчына кленчыла на падлозе, уціснуўшы галаву ў плечы, і рыданні калацілі яе бездапаможнае цела.
Друцкі стаяў і маўчаў.
Ён выняў папяросу і закурыў, не спяшаючыся, разарваў канверт і разгарнуў вялікі аркуш паперы.
Пад смешным, наіўным загалоўкам «Вяльможны Акруговы Суд» пачыналася: «У маёй смерці прашу не вінаваціць нікога. Я пазбаўляюся…»
Друцкі далей не чытаў. Склаў аркуш і рвануў. Папалам, і яшчэ раз папалам, і яшчэ раз.
На дыван пасыпаліся маленькія кавалкі паперы. Адны падалі тут жа ля яго ног, іншыя адляталі далей.
Дырэктар абтрос рукі, патушыў папяросу, схіліўся над Казяй, узяў яе за плечы, без высілкаў панёс і пасадзіў на стол. Яна трэслася, як у ліхаманцы, твар быў мокры ад слёз.
— І што ты сабе думала, смаркачка, — іранічна пачаў ён, — што такому шчаняці, як ты, трэба ехаць на той свет, бо такому слану, як я, нехта нечым пагражае? Гляньце на яе! Ахвяру яна мне прыносіць! Самаадданасць!..
Друцкі рассмяяўся, а яна ўсё рыдала, пазіраючы на яго час ад часу заплаканымі вачыма.
Ён тлумачыў, адчытваў, злаваўся, прыдумваў, пагражаў, зневажаў, што яна перастала рыдаць і супакоілася.
— Ну, ты сама бачыш, што зрабіла глупства?
— Не, — патрэсла яна галавой.
— Але ты даеш мне слова, што будзеш мяне слухаць?
— Буду.
— Ну дык зараз прыпудры нос і марш дадому. Я што-небудзь прыдумаю для цябе. Але калі ты гэта зробіш, калі тваё дурное самазабойства павісне на маім сумленні, то я табе гэтага ніколі не дарую. Ты мяне пакрыўдзіла, жадала таго ці не, але пакрыўдзіла. Праўда?
— Вельмі пакрыўдзіла, — шапнула Казя.
— Ну, бачыш, і хочаш загладзіць віну.
— Хачу.
— Таму дазволь, каб я выбраў спосаб гэта зрабіць. А ты хацела мяне яшчэ раз пакрыўдзіць.
— А калі вас засудзяць?
— Не бойся, не засудзяць. А калі і так, то гэта ўжо не твая справа. Ты павінна слухаць і ўсё. Рот на замок, і рабі сваю справу. А я што-небудзь для цябе…
У дзверы пастукалі, і Казя здрыганулася.
Друцкі адчыніў. За дзвярыма стаяў хлопец са швейцарскай:
— Там адзін чалавек да панны Казі.
— Хто такі? — спытаўся Друцкі.
— Такі лысы.
— Гэта ён, — спахмурнела Казя, — Цяржаўскі.
— Чакай, — загадаў хлопцу Друцкі і, зачыніўшы дзверы ў яго перад носам, звярнуўся да дзяўчыны:
— Чаго гэты злодзей хоча ад цябе?
— Вядома, — паціснула яна плячыма, — хоча, каб я давала морфій пакупнікам. А я ні за што… Хопіць з мяне гэтага…
— Тады слухай, — узяў яе за руку Друцкі, — ідзі ў сваю грымёрку і праз дзесяць хвілін ты павінна пайсці дадому. І не прыходзь заўтра! Я табе нічога не скажу!
Казя зноў хацела яго пацалаваць у руку, але ён прыкрыкнуў на яе:
— Не трэба, дурніца. Я яшчэ не біскуп.
Ён чмокнуў яе ў шчочку і, моцна паляпаўшы яе па спіне, выпусціў на калдор.
— Слухай, хлопча, уважліва: ты пойдзеш да гэтага лысага і скажаш яму, што панна Казя не можа да яго выйсці, але што яго чакае…
— У грымёрцы, — скеміўшы, закончыў хлопец.
— Не ў грымёрцы, а тут, у кабінеце. Скажы яму, што яна адна і чакае. Каб ён абавязкова прыйшоў. Разумееш?
Друцкі чакаў доўга. Дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў Цяржаўскі, высокі, мажны, амаль саракагадовы амбал з лысым чэрапам і з тоўстым, у складкі каркам. Ён зрабіў рух, нібыта хацеў павярнуць назад, але, авалодаўшы сабой, усклікнуў з усмешкай на бліскучым пажадлівым твары:
— А, каго я бачу, дарагі пан дырэктар Вінклер!
— Я рады вас бачыць, пан Цяржаўскі.
— Я, уласна, не да шаноўнага дырэктара, але хлопец мяне прывёў сюды. Аднак, калі ўжо…
Ён замоўк, таму што Друцкі падышоў да дзвярэй і замкнуў іх на ключ.
— Я замыкаю, — патлумачыў ён, — бо хачу, каб нам не перашкаджалі. А я павінен з вамі пагаварыць, пан Цяржаўскі.
— Я заўсёды да вашых паслуг, — няўпэўнена прамармытаў госць.
— Вам вядома, што я абвінавачаны ў незаконным гандлі морфіем?
— Вядома! Вось дык няшчасце, — жаласліва прастагнаў Цяржаўскі. — Гэта відавочна нейкае непаразуменне, а колькі непрыемнасцей!
Друцкі акуратна зняў пінжак і павесіў яго на спінку крэсла. Цяржаўскі адразу зарыентаваўся ў сітуацыі і зрабіў крок да дзвярэй.
— Чакай! — буркнуў Друцкі, не рухаючыся з месца.
— Што вам ад мяне трэба, пане Вінклер?
— Я хачу падзякаваць табе асабіста за дабрыню, перад тым як цябе пачастуюць крыміналам.
— Нібыта за што? — бессаромна падняў галаву Цяржаўскі.
— Не хвалюйся, дрэнь! Усё ўжо ў мяне. Твая Казя накіравалася на пасяджэнне, ды і табе варта некалькі гадоў адпачыць.
— Выпусціце мяне!
— Не, братка, не так хутка.
Друцкі павольна і з усмешкай набліжаўся да яго, спакойны, як ніколі. Праўда, ён не мог аддаць Цяржаўскага паліцыі, бо выдаў бы Казю, але гэты павінен яму заплаціць за ўсё.
Цяржаўскі адступаў крок за крокам. З-пад маленькіх тлустых павекаў выстрэльвалі хуткія неспакойныя позіркі, якія шукалі дарогу выратавання, на бліскучым твары выступілі вялікія кроплі поту.
Ён ужо апынуўся ў куце, і яго тоўстыя рукі з пальцамі, што нагадвалі сардэлькі, падняліся ў абаронным руху.
Секунда, доля секунды — надта позна.
Моцна сціснуты кулак мільгануў бліскавічнай дугой і са страшнай сілай грымнуўся на шырокі нос Цяржаўскага. Амаль адначасова другі кулак рэзкім ударам у велізарнае пуза скруціў яго цела ў вялікі клубок, які пад няспыннымі ўдарамі скурчваўся, хваляваўся, пераварочваўся, змяняючы сваю форму.
— А-а-а-а… — стагнаў Цяржаўскі.
Тое, што ён не спрабаваў абараняцца, яшчэ больш распальвала Друцкага. Магутны хлопец, здаровы, нібы вол, а такі млявы.
Моцным штуршком ён выкінуў Цяржаўскага ў цэнтр пакоя і нанёс дзясятка паўтара новых удараў, незвычайна балючых. Амбал выдаў з сябе глухі рык і пачаў бязладна махаць рукамі.
— Лічы зубы! — крыкнуў Друцкі, і моцны ўдар прыпаў на сківіцу Цяржаўскага з правага боку. Цяржаўскі захістаўся, але не ўпаў, бо з левага боку атрымаў яшчэ мацнейшы ўдар, і зноў справа, а ўрэшце дакладны пад падбародак.
Цяпер Цяржаўскі зваліўся на падлогу, як ад удару маланкі, усім цяжарам сваіх ледзь не ста кілаграмаў. Ён, аднак, павінен быў быць неверагодна вынослівым, таму што не страціў прытомнасці. Яго вочы шалёна гарэлі, з тоўстых вуснаў язык выпхнуў крывавую пену з выбітымі зубамі.
— Дантысту ты заплаціў бы за гэта добрых пару злотых, — сказаў Друцкі, лёгка дыхаючы.
Цяржаўскі раптоўным рухам дасягнуў задняй кішэні, але перш чым здолеў дастаць зброю, атрымаў такі бліскавічны выспятак у локаць, што завыў ад болю і ўскочыў на роўныя ногі.
— Бач ты, верабейка, — засмяяўся Друцкі і адразу адскочыў, таму што Цяржаўскі нахіліўся ўсім тулавам. Было зразумела, што ён хоча атакаваць так званым «быком», ці ўдарам галавы пад дыхавіцу праціўніка.
Друцкі добра гэта ведаў. Калі ён быў яшчэ недасведчаным юнаком, яго такі ўдар на тыдзень упёк у шпіталь, у дадатак ён паламаў сабе косці трох пальцаў аб цвёрдую галаву ірландскага боцмана. Друцкі ведаў, як абараняцца. Ёсць толькі два спосабы: выкруціцца і выцяць кулаком у адкрытую аснову чэрапа — гэта значыць, забіць на смерць, і другі — парыраваць ударам калена.
Друцкі не зрушыўся з месца, і калі бліскучы чэрап з усіх сіл сабраўся атакаваць, ён якраз дарэчы падняў калена. Патрапіў ён у нахілены твар паміж вачэй, і галава Цяржаўскага, апісаўшыі вялікую дугу, пацягнула за сабою тулава і ляснулася цемем аб падлогу.
Цяпер гэта бяссільная куча мяса і сала з тварам, які нагадваў апухлую і не надта свежую пячонку, ляжала нерухома.
Друцкі з намаганнем перавярнуў госця спінай уверх, выняў рэвальвер з задняй кішэні і схаваў у сваю. Пасля ён падцягнуў Цяржаўскага і пасадзіў яго на падлозе, абапершы аб сцяну.
Сам ён стаў насупраць і, задаволены, прыглядаўся да сваёй працы. Ён любіў салідную работу.
Друцкі даў выхад шаленству і цяпер быў у цудоўным настроі. Цяржаўскі стагнаў, паволі прыходзячы ў сябе.
— Ну, — пачаў Друцкі, — на гэты раз, верабейка, я цябе злёгку памацаў. Але я не жадаю тваёй сівой прабабцы, каб ты калі-небудзь трапіўся мне на вочы. Тады, казявачка, я баюся, што для чарцей на смажаніну мала чаго ад цябе застанецца, і ў труну цябе праз варонку ўвалье твая несуцешная ў смутку сям’я…
— Вады! — хрыплым голасам папрасіў Цяржаўскі.
— Прыемнае — потым, галубочак! Цяпер гавары: табе хопіць?
У адказ пачуўся толькі стогн.
— Дык збірай свае косці і няхай цябе чэрці парвуць! На гэты раз я табе дарую. Ідзі на ўсе чатыры бакі.
Цяржаўскі недаверліва паглядзеў на яго з-пад страшна апухлых павекаў:
— Гэта значыць, — спытаўся ён, — што вы не выклічаце паліцыі?
— Не. Ліха з табой!
З цяжкасцю, стогнучы і крывячыся, Цяржаўскі падняўся і, хістаючыся, упаў на крэсла. Ён усадзіў вялікі палец сабе ў рот.
— Амаль усе зубы, — скардзіўся ён жаласліва.
— Беражы рэшту! — засцярог Друцкі. — Найлепшы спосаб захаваць тое, што засталося, — пазбягаць сустрэчы са мной. А зараз — увага: я цябе адпускаю на ўсе чатыры бакі. Не раю табе заглядваць дадому, бо там цябе пэўна ўжо чакае паліцыя. Твая кватэра і кватэра тваёй партнёркі пад наглядам. Валі на чыгуначны вакзал і карыстайся тым, што цяпер цябе і родная маці не пазнае. Грошы ў цябе ёсць?
— Ёсць… Колькі вы хочаце?
— Ідзі ты к чорту са сваімі грашыма. Нічога я не хачу, — націснуў ён званок і адчыніў дзверы.
— А тут на вуліцы няма шпегаў? — недаверліва спытаўся Цяржаўскі.
— Думаю, што ёсць, але, відаць, яны пільнуюць галоўны ўваход.
— Чаму вы мяне адпускаеце?
— Такая мая панская воля.
У дзверы пастукаў хлопец. Ён увайшоў і, кінуўшы вокам на Цяржаўскага, не мог стрымаць усмешкі.
— Глядзі, смаркач, — прыкрыкнуў на яго Друцкі, — вось гэтаму графу крыху нездаровіцца.
Рот хлопца расцягнуўся ад вуха да вуха.
— Яму нядобра, бо ў яго нейкія сямейныя праблемы. Праводзіш яго да кухонных дзвярэй і скажы вартаўніку, каб ён выпусціў яго праз вароты. Разумееш?
— Так, пан дырэктар.
— Марш! Маё шанаванне пану графу!
Цяржаўскі няцвёрдым крокам выйшаў за хлопцам, які па дарозе ўзяў з крэсла яго капялюш.
Друцкі надзеў пінжак.
Зала ўжо была пустая. Служкі прыбіралі. Гудзенне вентылятараў і звон посуду, які спешна збіралі, заглушалі размовы.
Дырэктар зноў абышоў увесь клуб, палічыў касу з Юстэкам, аддаў распараджэнні і паехаў у атэль.
Першыя промні сонца залівалі вуліцу ясным, празрыстым, нібы свежавымытым святлом.
«На самай справе я вар’ят, — падумаў Друцкі, канстатуючы, што па сваёй волі ўзяў на сябе чужую віну, — вар’ят безнадзейны!»
Ён дадаў газу, і свежы вецер ударыў у яго стомленыя вочы.
«Але добра быць вар’ятам!» — засмяяўся ён, і матор адказваў яму ціхім адабральным мурканнем.
У паветры пахла бэзам.