Друцкі ў думках узважваў цяжкасць сітуацыі. Калі прафесар Бруніцкі якім бы тое ні было чынам захоча капнуць мінулае, трэба найперш перасцерагчы Аліцыю, ну і дзейнічаць…
— Дык ты яе не пазнаў? — ціха засмяяўся прафесар. — Блаславі свой лёс, што і яна цябе не пазнала. Кажу табе: пракурор Аліцыя Горн, твая абвінаваўца, — тая самая дзяўчына, з-за якой ты зламаў сабе жыццё і кар’еру.
— Неверагодна! Як ты да гэтага прыйшоў?
— Гэта няважна. Збег акалічнасцей. Я цябе нават хацеў папярэдзіць перад працэсам, але не стаў гэтага рабіць, баючыся за твой нервовы стан. Думаю, ты быў бы не такі спакойны падчас разбору, калі б ведаў, хто цябе абвінавачвае.
— Дапусцім, — прамармытаў Друцкі і падумаў, што раз Бруніцкі ўсё ведаў раней і не перасцерагаў яго, то ў яго была нейкая мэта.
— Дзіўна, праўда? — пытаўся прафесар.
— Вельмі дзіўна. Нечувана дзіўна, ну… але зараз ужо ўсё роўна… Паколькі яна не пазнала мяне на судзе… Напэўна, я больш ніколі ў жыцці яе не ўбачу.
— Значыць, яна больш не прыходзіць у «Аргенціну»?
— Не. Даўно.
— У любым выпадку, Багдане, асцерагайся яе.
Друцкі скрывіўся:
— А цябе так хвалюе мая бяспека?
— Хвалюе, і гэта ўжо іншая справа.
— Я слухаю.
— Тыдзень таму адна з маіх пацыентак…
— Альбо адзін з тваіх трусікаў?
— Не, пацыентка з псіхіятрычнай клінікі была выпісана. Гэта тып псіхастэнічкі, які па пэўнай прычыне мяне вельмі цікавіць.
— І што? — панура спытаўся Друцкі. — Я павінен даставіць яе на тваю бойню?
— Пачакай. Дык вось, гэта маладая і вельмі прыстойная жанчына. Па прафесіі оперная спявачка, якая цяпер у поўнай нястачы па той простай прычыне, што… анямела.
— Як гэта, анямела?
— Анямела. Псіхічнае расстройства на сексуальнай глебе. Паслухай, што я скажу, гэта будзе важна пры выбары тактыкі.
— Можа, прымусіш мяне яе лячыць? — здзівіўся Друцкі.
— Пра гэта я хацеў цябе папрасіць, — няпэўна ўсміхнуўся прафесар.
— Ну дык я слухаю.
— Карацей, гэта ўвогуле інтэлігентная дзяўчына. Скончыла гімназію, кансерваторыю і вучылася на юрыдычным. Была даволі паспяховай спявачкай, што дазваляла ёй забяспечваць сябе, яе старых бацькоў, якія жывуць недзе ў Сухачаве ці ў Пултуску, я ўжо не памятаю. Як я ўжо казаў, яна анямела. Адбылося гэта месяц таму, калі яна даведалася, што цяжарная…
— Ага!
— Не «ага». Пацвярджэнне цяжарнасці яе вельмі парадавала.
— А яна не замужам?
— Так. Яна была ўпэўнена, што паведамленне пра гэты стан яе каханаму ашчаслівіць яго і схіліць да жаніцьбы. Падкрэсліваю, што гэта экзальтаваная асоба, відаць, таму яна пераацэньвала высакароднасць партнёра.
— А той змыўся? — здагадаўся Друцкі.
— Так. І даволі брутальна. Гэты нечаканы ўдар так узрушыў маю пацыентку, што яна замкнулася ў сваім пакоі і тры дні не ела і ні з кім не гаварыла — гэта від чорнай меланхоліі. Калі прыехалі бацькі, выкліканыя знаёмымі, яна была ўжо нямая…
— Можа, у дадатак і глухая?
— Не. Параліч галасавых звязак, а хутчэй — на маю думку — часовае паражэнне нерва, які адказвае за складкі, што называюцца plicae ventriculares[29]… але гэта ўжо табе не цікава. Дык вось, урач, якога выклікалі да гэтай дзяўчыны, накіраваў яе ў псіхіятрычную клініку. Пасля кароткага, але дэталёвага агляду, я прыйшоў да высновы, што гэта вылечны выпадак і…
— І ты хочаш даверыць пацыентку мне.
— Табе.
— Як я яе павінен апякаць?
— Вельмі проста. Гаворка пра тое, каб ты праводзіў з ёй па некалькі, няхай, па дзве гадзіны на дзень. Каб стараўся быць з ёю прыемным, сардэчным, далікатным…
— Прыгожая гісторыя!
— Каб пастараўся забяспечыць ёй шмат забаў. Напрыклад, можаш яе браць у тэатр, на прагулкі, у сваю «Аргенціну». Карацей, я б вельмі хацеў, каб у яе з’явілася адчуванне, што ты ставішся да яе вельмі прыязна, добразычліва і па-сяброўску. Усе звязаныя з гэтым выдаткі пакрыеш, зразумела, з сумы, якую я табе выдзяляю.
Друцкі моўчкі закурыў.
— Ты згодны? — нецярпліва спытаўся Бруніцкі.
— Але чаму ты з гэтым звяртаешся да мяне? Няўжо ты не можаш даверыць гэта каму-небудзь са сваіх асістэнтаў, слухачоў, каму-небудзь?
— Не магу. Мне важна, каб гэта быў менавіта ты.
— Чорт! — вылаяўся Друцкі. Яму зараз няёмка было займацца нейкай бабай, да таго ж, нямой.
Друцкі ўстаў, пачаў хадзіць па пакоі і раз’юшана штурхнуў тоўстага ката, які трапіў яму пад ногі.
Кот пранізліва мяўкнуў, а Друцкі ўскрыкнуў:
— Даруй, Караль, але гэта патрабаванне не адносіцца да прынятых мной абавязкаў. Гэта не мае нічога агульнага са справай… са справай твайго… бацькоўства.
Прафесар падціснуў вусны, а Друцкі дадаў:
— Ты не можаш ад мяне гэтага патрабаваць. Я ў тваім распараджэнні ва ўсім, што можа пераканаць цябе, што светлай памяці пані Ванда была табе вернай жонкай. Я разумею тут твае пакуты і, як мімавольны іх віноўнік, гатовы да любых ахвяр. Але я не збіраюся дзеля тваіх фантазій станавіцца медсястрой ці гувернанткай…
— Пачакай, Багдане, — ціха перарваў Бруніцкі. — Мая просьба не фантазія, яна непасрэдна звязана са справай, пра якую ты гаворыш. Пачакай…
Прафесар адкрыў стол і дастаў адтуль фатаграфію.
— Вось, Багдане, а ну прыгледзься да здымка жанчыны, якую я хачу даверыць табе пад апеку.
Друцкі заўважыў, што рука прафесара дрыжала.
Хвіліну Друцкі спакойна прыглядаўся да жанчыны, але раптам пабляднеў, а бровы яго падняліся ад здзіўлення. Ён паглядзеў на прафесара:
— Караль?!.
— Ты бачыш, — выдыхнуў Бруніцкі і зноў закусіў вусны.
— Яна… яна ж так падобная на Ванду! — гаварыў Друцкі, углядаючыся ў фатаграфію. — Неверагодна! Гэта амаль яе партрэт!
— Не зусім, — працадзіў прафесар, — але ў любым выпадку падабенства незвычайнае. Больш за тое, у яе падобны тэмперамент, захапленні, блізкі характар.
— Слухай, Караль, а яна часам не якая-небудзь…
— Сваячка памерлай? Не. Яна з ёю нават не пародненая праз самых далёкіх сваякоў. Я ўважліва гэта вывучыў. Разумееш, я сам быў шакіраваны гэтым падабенствам. Калі яе даставілі ў клініку, у мяне быў сардэчны прыступ…
Друцкі не мог адарваць вачэй ад фатаграфіі.
— Не дзіўна. Колькі ёй гадоў?
— Дваццаць шэсць.
— Такім чынам…
— Проста збег абставін.
— І яна цяжарная?
— Так. Заканчваецца другі месяц.
Друцкі паклаў фота, працёр скроні і плюхнуўся ў крэсла:
— Цяпер разумею, — уздыхнуў ён.
Бруніцкі сутаргава схапіў яго за руку:
— Разумееш? Разумееш?..
— Так. Разумею, што ты патрабуеш ад мяне подласці.
— Чаму подласці? Ты ж выцягнеш гэтую няшчасную з яе калецтва, выцягнеш яе з роспачы! Сам падумай!
— Ты хочаш, — цэдзячы словы, сказаў Друцкі, — каб я пастараўся… закахаць яе ў сябе, каб, не кахаючы яе, я разыгрываў перад ёй камедыю…
— Зусім не! Не трэба камедый! Ты спачувай і сімпатызуй ёй настолькі, колькі гэта беднае стварэнне заслугоўвае.
— Беднае стварэнне, — горка засмяяўся Друцкі, — і ты хочаш гэтаму беднаму стварэнню даць новае расчараванне. Ты хочаш для гэтага беднага стварэння новай трагедыі…
— Памыляешся.
— Ну дык якога ліха, — узарваўся Друцкі, — ты, часам, не спадзяешся, што я з ёю ажанюся?!
— Не. Я спадзяюся толькі, што яна, адшукаўшы ў табе суцяшальніка, забудзецца пра таго, а што найважней, верне голас, які яе корміць.
Друцкі моўчкі курыў.
— Я ўпэўнены, — працягваў прафесар, — што нерв адновіцца.
— Чаму ж яна анямела, а не аслепла або аглухла?
— Яна спявачка. Уся яе ўвага, свядома ці падсвядома, заўсёды канцэнтравалася на галасавых звязках.
— Як жа я з ёю пазнаёмлюся?
— Вельмі проста. Зайдзі заўтра да гадзіны дня ў клініку. Я прыму яе ў тваёй прысутнасці.
— І ты мяне прадставіш урачом?
— Не, сваім сябрам. Думаю, што лепш за ўсё будзе для вашага збліжэння, калі ты прапануеш нам, гэта значыць, ёй і мне, праехацца на машыне.
— Мая машына на дзве асобы, — заўважыў Друцкі.
— Возьмем маю. Па дарозе вы высадзіце мяне на Дэмбовай, а самі паедзеце далей. Астатняе даручаю табе.
— А калі яна ўвогуле не захоча са мной знацца?
— О, гэта нават можна прадбачыць, улічваючы яе псіхічны стан. Я, са свайго боку, парэкамендую ёй тваю кампанію, ды і, думаю, ты як спрытны… спакушальнік дасі сабе рады. Такім чынам… Дамовіліся?
— Дамовіліся, — апусціў галаву Друцкі.
Прафесар паціснуў яго руку і спешна дадаў:
— Але доктару Кунокі пра гэта ні слова!
— Добра.
Бруніцкі замкнуў фатаграфію ў стале, пачаставаў госця папяросай і сказаў:
— Вось што яшчэ я хацеў у цябе спытаць: ты не баішся, што за табой сочаць?
— О, гэта выключана. Дзеля чаго?
— Тады мог бы ты заняцца дастаўкай нам новай пацыенткі?
— Чорт, а не занадта для мяне! — вылаяўся Друцкі.
— Як мне гэта разумець? Ты адмаўляешся?
— Не адмаўляюся, ліха яго бяры, толькі табе не здаецца, што я вымушаны адразу закінуць усе свае ўласныя справы?!
Бруніцкі пакачаўся ў крэсле:
— Ну канечне, я не настойваю, каб ты з гэтым спяшаўся, хоць доктар Кунокі тэрмінова патрабуе новай пацыенткі, таму што гаворка ідзе пра вельмі важную праверку пэўнага эксперымента. Я сказаў таксама, што ты б мог гэтым заняцца. Можа ж так здарыцца, што ты заўважыш патрэбны аб’ект.
— Ну, можа, — неахвотна буркнуў Друцкі, давячы недакурак у попельніцы.
— Справа яшчэ ў тым… Такім чынам, доктар, — звярнуўся прафесар да ўваходзячага японца, — пан Вінклер бярэцца знайсці нам маладую бландзінку.
— Раз вы такі ласкавы, — дадаў доктар, — я б хацеў, каб яна не была худая.
Друцкі суха засмяяўся:
— Можаце яе адкарміць, тысяча чарцей!
Друцкага хацелі затрымаць на абед, але ён быў настолькі сыты па горла абодвума, што падзякаваў і адмовіўся.
Зрэшты, толькі сёння ён перасяліўся на праспект Шуха і хацеў непасрэдна заняцца ўладкаваннем кватэры, таму што ў сем павінен быў першы раз прыняць у сябе Аліцыю.
Акрамя таго, трэба было хоць на чвэрць гадзіны зазірнуць да Залкіндаў, з якімі з дня пасяджэння ў судзе ён зусім не бачыўся.
Друцкі паехаў на Наваліп’е.
Любы не было дома. Яго сустрэў Барыс з кампрэсам на галаве.
— Зноў да мяне вярнуліся гэтыя невыносныя мігрэні, капітане, — наракаў ён, — мяне хочуць выслаць на нейкі французскі курорт, але ж я нават марыць пра гэта не магу, бо каму б я даверыў свае справы? Сёння роднаму брату нельга давяраць.
— Не трэба перабольшваць, Джэк, у цябе ёсць свае дырэктары, адвакаты…
— Зразумела… Ёсць адзін чалавек, якому я цалкам давяраю, але…
— Але я таксама з’язджаю на лета, — уратаваўся Друцкі.
— Канечне, — уздыхнуў Залкінд. — Зрэшты, я б і так не асмеліўся вас прасіць пасля гэтага морфіевага жарту. Але… Ведаеце, Люба, відаць, мела рацыю, што там была замяшаная жанчына.
— Так, была.
— Дык вы ўжо ведаеце?
— Ведаю.
Залкінд засвісцеў:
— Бабы да дабра не давядуць, — рэзюмаваў ён сентэнцыяй.
— Вы і Любу маеце на ўвазе? — пажартаваў Друцкі.
— Ні ў якім разе, — жахнуўся Залкінд. — Люба — анёл. Як яна будзе шкадаваць, што яе не было дома ў гэты час, але, можа, зараз падыдзе…
Ён выглянуў у акно.
— На жаль, — Друцкі ўстаў. — Мне трэба ісці. У мяне цяпер шмат важных спраў і часу ні секунды.
— Работа, капітане? — зацікавіўся Залкінд.
— Дзе там… Так, крыху… асабістыя гісторыі. Пакуль. Кланяйся пані Любе. Калі будзе вольная хвілінка, зазірну зноў. Ага… Я пераехаў. На праспект Шуха.
— Навошта?
— Хопіць з мяне атэльнага жыцця. Можа, старэю, Джэк, а?
— Ну-ну! — недаверліва буркнуў гаспадар, замыкаючы за ім дзверы.
Па дарозе Друцкі зайшоў у магазін кветак і загадаў прыслаць шмат руж і гваздзікоў. Забег у найбліжэйшы бар на лёгкі перакус і паехаў дадому.
«Дадому, — засмяяўся ён, — я, відаць, да канца жыцця не буду ведаць, што значыць слова „дом“, уласны дом, сапраўдны дом».
Аднак ён хацеў, каб яго кватэра нагадвала Аліцыі дом.
Дзверы ён заспеў адчыненымі, а ў кватэры знаходзілася ўся сям’я вартавога, якая заканчвала ўборку. Два здаровыя хлопцы расцягвалі дыван і ставілі на яго нізкую мяккую мэблю. Іх маці, высокая, мажная баба ў спадніцы, закасанай вышэй за калені, шаравала ванны пакой, нахіліўшыся так, што яе шырокі, як у кабылы, зад хістаўся ўправа і ўлева, у такт з рухамі шчоткі, на магутных мускулістых нагах.
— Ну, як там, маці! — прыязна паклікаў Друцкі сярод шуму вады, якая цякла з душа.
Жанчына падняла на яго зачырванелы твар і выпрасталася. Друцкі акінуў поглядам яе купалападобныя грудзі, моцнае тулава, магутныя сцёгны і спіну, разважаючы: «Маці, менавіта так і павінна выглядаць маці. Што за непараўнальны экзэмпляр! Калі б людзі ладзілі для сябе такія выставы, як робяць для пародзістых жывёл, яна б атрымала залаты медаль, хоць ёй павінна быць ужо за сорак».
Баба выцерла лоб мокрай рукой, і яе пухлыя шчочкі расплыліся ва ўсмешцы, паказваючы моцныя шырокія зубы.
— Ну, праз паўгадзіны будзе fertik[30], яснавяльможны пан.
— Не трэба, маці, гэтага «яснага панства», — запратэставаў Друцкі. — Я не ліхтар, каб свяціцца.
— Ну зразумела! — засмяялася яна. — Але такі звычай.
І, не звяртаючы на яго больш увагі, зноў узялася за работу.
Друцкі ўвайшоў у залу, дапамог хлопцам перасунуць дзве цяжкія тахты і, абтросшы рукі, зазірнуў у спальню. Тут усё ўжо было скончана, толькі перад акном стаяла складаная лесвічка, а на ёй сядзела стройная брунетка, старэйшая дачка вартаўніка.
— Дзень добры паненцы. Ай-ай, як вы прыгожа ўлажылі гэтыя фіранкі!
Дзяўчына трымала ў вуснах іголку з ніткай і, паколькі абедзве яе рукі былі занятыя, яна толькі кіўнула галавой і сарамліва засмяялася.
Ён бачыў яе ўжо два разы і ведаў, што яна касірка ў бакалейнай краме на рагу.
— Што ж гэта, — запытаўся Друцкі, — вы сёння не пайшлі на працу?
Дзяўчына выняла іголку і сказала:
— Я адпрасілася, шаноўны пан. Тут столькі працы! Я павінна была дапамагчы.
Друцкі заўважыў, што сёння яна апранулася прыгажэй, у гранатавую сукенку з белым каўнерыкам. Сукенка была караткаватая і, стоячы ніжэй, ён бачыў яе зграбныя, хоць і вельмі худыя, лыткі, абцягнутыя — відавочна, дзеля сустрэчы з ім — шаўковымі панчохамі са стрэлкамі.
— Я ўжо тут скончыла, — сказала яна, правяраючы сваю справу. — Я павінна яшчэ паправіць на другім акне.
Дзяўчына хацела злезці з лесвічкі, але ён яе затрымаў.
— Пачакайце, я вас перанясу!
Не паспела яна запярэчыць, Друцкі ўвайшоў пад лесвіцу і пад акампанемент крыху пужлівых «ой-ёй!» перанёс яе да другога акна.
— А вы, аднак, моцны! — усклікнула яна з нейкім неспакойным здзіўленнем.
Друцкі весела засмяяўся і спытаўся:
— А дзе сястрычка?
— Зоська? Прыбірае ў кухні, шаноўны пан.
— Ну, і як вам падабаецца мая кватэра? А, прабачце, бо я ўсё яшчэ не ведаю, як вас завуць?
— Францішка.
— Панна Франя?
— Не, Франка… А кватэра сапраўды вельмі прыгожая… толькі…
— Толькі што?
— Ну, гэтыя… Навошта гэтыя непрыстойнасці… Аж сорамна глядзець.
— Гэта не мае, — апраўдваўся Друцкі, — гэта ж таго пана, які тут жыў.
— Э-э-э… — паціснула плячыма дзяўчына, — той, дзякуй богу, з’ехаў.
— Панна Францішка яго не любіла?
— Паскудства, — сказала яна пасля хвіліны вагання, сыходзячы на падлогу. — Томэк! Забяры лесвіцу! — крыкнула яна брату. — Гэта ўсё, шаноўны пан.
— Не, панна Франка, зараз сюды прынясуць кветкі, а я ў гэтым не разбіраюся. Можа, вы як-небудзь парасстаўляеце іх па вазах, добра?
— Я таксама ў гэтым не разбіраюся, — састроіла яна сціплую мінку, — але калі вы гэтага жадаеце, я паспрабую.
— Жадаю, — усміхнуўся ёй Друцкі і вельмі захацеў пагладзіць дзяўчыну па галаве, але стрымала яго пытанне «навошта?». Пытанне, якое да гэтай пары ён ніколі сабе не задаваў у падобных сітуацыях, аднак магчымасць якога цяпер яго здзівіла і занепакоіла.
Як гэта «навошта?», ну, мілая і сімпатычная дзяўчына, гэтага хіба не дастаткова?.. Заўсёды было дастаткова.
Друцкі хадзіў па пакоях, перастаўляючы то адно, то другое, раскладваючы сувеніры і ацэньваючы ўсё ўвогуле.
«Ну, так, — думаў ён, — усё зводзіцца да таго ж. Які д’ябал загадаў бы мне раней займацца гэтай лухтой!»
Якраз прынеслі кветкі, і Друцкі прыглядаўся да далікатных рук Франкі, якія вымалі іх з каробак. Друцкі ўспомніў, што ён яшчэ не бачыў кухню, ну… і гэтую малую, Зоську.
Кухня ззяла чысцінёй, а Зоська — ёмкая, здаровая дзяўчына, босая і ў закасанай паркалёвай спадніцы — завіхалася ля паліц з посудам.
Яна была падобная да маці як дзве кроплі вады. Ёй не споўнілася яшчэ і шаснаццаці, а яна ўжо была не па гадах развітая. У яе рухах, у поглядзе карых, амаль круглых вачэй і малых мясістых вуснах, у свабодзе ўсмешкі, у лініі кожнага жэсту была гэта самая плоднасць, жыццёвая сіла і багацце жыцця.
Гэта нельга было назваць какетлівасцю, нават гуллівасцю, аднак жа з моманту, калі ён увайшоў сюды і калі яна яго павітала смелым кіўком галавы і простым «добры дзень», ён адчуў нібыта магнетычны ток, якім яна яго ўдарыла.
Друцкі цалкам усведамляў, што гэта падсвядомае, і вырашыў падчас бліжэйшай сустрэчы з доктарам Кунокі спытацца, чым можна патлумачыць існаванне гэтых флюідаў. Гэта незалежны ад нас парыў замкнутай у чалавеку сілы прыроды, якая пастаянна прагне прадаўжэння жыцця, ці толькі самаўнушэнне закончанага бабніка?
— У момант будзе гатова, — вышчарыла дзяўчына на Друцкага роўныя белыя зубы і, агледзеўшыся, узялася ўбокі. — Аж блішчыць!
— Сапраўды, — згадзіўся Друцкі. — Панна Зоська, відаць, добра папрацавала.
— Ну дык для сябе і не шкада.
— Як гэта, для сябе? — не зразумеў ён.
— Дык матуля казала, што я буду вам гатаваць, як што спатрэбіцца. Што нібы я павінна асвоіцца, — захіхікала дзяўчына, — з уласнай гаспадаркай.
Раптам яна спалохана паглядзела на Друцкага.
— Хіба, хіба, можа, вы не хочаце?..
— З чаго б, — запярэчыў ён, — чаму б гэта мне не хацець?
— А я ведаю?.. Можа, у вас будзе служка.
— Вось гэта не. Не будзе ў мяне ніякага служкі, і я рады, што панна Зося будзе мне гатаваць.
— Рады ці не, не заракайцеся, бо, можа, якраз не спадабаецца.
Зоська рассмяялася і пачала паласкаць анучы над злівам.
— Маё шанаванне пану, — пачуў Друцкі за сабой голас вартаўніка.
— А, як вашы справы?
— Дзякуй вяльможнаму пану. Я прыйшоў паглядзець, ці навялі тут мае парадак.
— Дык я вам дзякую, — падаў яму руку Друцкі, — кватэра выглядае як лялька. Ужо ж на сваю сям’ю вы не павінны скардзіцца.
— Нібыта? — падрапаў ён сябе па цемені. — Ну, так, яны спраўныя, я не скарджуся.
Вартаўнік сказаў гэта з наколькі было магчыма абыякавай мінай, але было відаць, што пахвала вельмі парадавала яго, нават узрушыла, бо кашлянуў ён амаль панура.
Друцкі ўзгадаў тое, што некалі, яшчэ маладым хлопцам, ён пачуў ад дзядзькі: «Польскія мужчыны і англійскія джэнтльмены маюць адну агульную рысу: і адны, і другія лічаць выказванне сваіх пачуццяў найвялікшай непрыстойнасцю».
Праз пятнаццаць хвілін Друцкі застаўся адзін. Ён стаяў ля акна і чакаў, пакуль не ўбачыў Аліцыю, якая ішла плаўным, пругкім крокам.
Вітаючыся, яна падала яму абедзве рукі і сказала:
— Гэта так банальна, што я прыходжу да цябе, і ўсё ж, як любая жанчына, якая прыходзіць па абдымкі да мужчыны, я хачу ў гэтым бачыць нешта незвычайнае… Скажы, гэта не смешна?
— Гэта цудоўна, — сказаў Друцкі, моцна прытуляючы Аліцыю.
Яна падумала: заўсёды тое, што акцёры лічаць прыгожым, у глядзельнай зале, аднак, успрымаецца як наіўнае і банальнае, але, нягледзячы на гэта, яно менш важнае за факт валодання ім, адчування непарыўнай моцы яго рук, прагнасці яго пацалункаў…
— Паглядзі, Аль, як табе падабаецца мая пячора, — Друцкі пацягнуў госцю наперад.
— Столькі кветак! — усміхнулася яна.
— Для цябе, Аль.
Аліцыя стала і ўперылася ў яго вочы.
— Ты ўвесь для мяне… Толькі для мяне… — сказала яна ціха.
— Для цябе, — прызнаў ён з усмешкай.
— Для мяне і ні для каго больш…
Яе пальцы ахапілі твар Друцкага захопніцкім рухам.
— Ні для каго больш, — запэўніў ён.
— Я ведаю, — пачала Аліцыя пасля паўзы, — што ты не разумееш, якое гэта вялікае шчасце… Нічога больш я не прагну… Хачу толькі верыць, што ты мой, што… ніколі мяне не пакінеш. Ніколі! Скажы, ці не зашмат я жадаю ад жыцця?
— Замала, — сур’ёзна прамовіў Друцкі. — Ты магла б, мая Аль, пажадаць яшчэ келіх добрага віна і, калі б гэта зрабіла, я як упаўнаважаны жыцця адкаркаваў бы бутэльку і…
Аліцыя закрыла яму вусны пацалункам.
Ёй падабалася «пячора», хоць яна заявіла, што жыллё не ў стылі Друцкага.
— Ты б па-іншаму ўладкаваў сваю кватэру.
— А ці ўвогуле ўладкаваў бы? — засмяяўся Друцкі. — Можа, гэта ўплыў качавога ладу жыцця, а можа, проста мая прырода, але я не адчуваю патрэбы ў кватэры ці пэўным месцы жыхарства.
— Дзіўна, што мы так мала ведаем адно пра аднаго. Амаль нічога, а між тым… добра знаёмыя. Праўда?
— Відаць, можна кагосьці ведаць без вялікай колькасці звестак пра яго.
— Не, мне не патрэбна біяграфія, важныя дэталі настрою, погляды, звычкі. Дык вось, гледзячы на цябе ці думаючы пра цябе, я ўяўляю цябе цалкам, поўны вобраз, і калі задумваюся пра якую-небудзь частку, ведаю, што яна павінна быць такая і не можа быць іншая…
— Дэдукцыя?
— Не зусім. Хутчэй інтуіцыя.
— І што ж яна табе падказвае?
— Як і раней, не шкадуе для цябе кампліментаў.
Абое засмяяліся.
Аліцыя хацела вярнуцца дадому ў дзесяць, але так атрымалася, што яны не звярнулі ўвагі на гадзіннік. Набліжалася поўнач, калі Друцкі адвёз яе на машыне і паехаў у «Аргенціну».
— У кабінеце пана дырэктара чакае адна жанчына! — далажыў яму парцье.
— Якая жанчына?
— З выгляду яўрэйка, але ўвогуле — вышэйшы клас!
«Гэта Люба!» — падумаў Друцкі.
Ён не памыліўся. Зразумела, яна сядзела за сталом і ад няма чаго рабіць назірала за спінай нахіленай над машынкай Тэці.
— Ну, нарэшце, — устала яна, убачыўшы Друцкага. — Я думала, што ўжо не дачакаюся капітана.
— Што здарылася?
— Нічога не здарылася. Добра ж вы мяне прымаеце! Калі я прыходжу, трэба радавацца і скакаць ад задавальнення.
— Ужо скачу, — засмяяўся Друцкі. — Што, Люба, табе хочацца «шалець»?
— Так. Я захопліваю капітана на ўвесь вечар. Я павінна натанцавацца і напіцца.
— Добра! Будзем шалець, — сыпаў Друцкі гумарам, хоць на самай справе ён быў незадаволены.
Ён папрасіў у Любы прабачэння, уладзіў некалькі спраў, выбраў столік ля сцэны і праводзіў яе туды.
Люба сапраўды хацела «вытанцавацца» і не прапускала ніводнага танца, так, што Друцкі ўрэшце пачаў прасіць аб памілаванні:
— Я ўжо ледзь ногі перасоўваю! Люба, злітуйся над замучаным старэнькім!
— О? А што ж гэта капітана так замучыла? — спыталася яна з падазрэннем.
— Сёння я ўладкоўваў сваю кватэру. Я ўжо ледзь дыхаю.
Люба шмат піла і, калі Друцкі адвёз яе ў чатыры гадзіны на Наваліп’е, яна была на добрым падпітку.
На шчасце, яму не трэба было ставіць машыну ў гараж, таму што ў яго быў дазвол пакідаць аўто ў двары дома, у якім ён цяпер жыў.
Вартаўніку, які яму адчыніў браму, Друцкі даручыў разбудзіць яго ў адзінаццаць і лёг спаць.
Ён быў добра-такі змораны, таму спаў мёртвым сном, і толькі яркае святло сонца яго разбудзіла.
Друцкі расплюшчыў вочы і ўбачыў Зоську, якая раскрывала шторы на вокнах.
— Ну вы і спіцё! — весела ўсклікнула яна.
— Добры дзень, малышка, як ты сюды ўвайшла? — здзівіўся ён.
— Дык вы ж пакінулі дзверы адчыненымі. Калі б якія злодзеі хацелі, то маглі б вас вынесці з ложкам.
— А колькі ўжо?
— Адзінаццаць. Вам чаго: гарбаты ці кавы?
— Зрабі, малышка, што хочаш, абы хутка, бо ў дванаццаць я павінен — ф’юіць!
— Ф’юіць?
— Ну, быць у горадзе.
— А… А што падаць да гарбаты?
— Што табе падабаецца, а зараз дуй адсюль, бо я вылажу з ложка.
Пакуль ён выкупаўся і апрануўся, Зоська ў зале паставіла посуд і падала гарбату, булкі, масла, вяндліну.
— А сыру я не купіла, бо не ведаю, ці любіце вы яго.
— Люблю, я ўсё люблю, — заявіў Друцкі, беручыся за ежу, — са мной у цябе не будзе клопатаў.
— А абедаць вы дома не будзеце?
— Не буду.
— Шкада… Вас кожны дзень будзіць у адзінаццаць?
— Кожны дзень.
— Лепш за ўсё, калі вы мне пакінеце ключ. У вас жа два.
— Добра, малая, вось табе ключ і рабі, што хочаш, абы толькі мяне не чапала.
Дзяўчына засмяялася:
— Вы любіце, каб вамі так кіравалі?
Друцкі паглядзеў на яе з усмешкай:
— А ты гэта любіш?
— Адкуль я ведаю? Пабачу. Дык калі вы пойдзеце, я тут прыбяру, праветру… А калі вы вернецеся?
— Яшчэ не ведаю.
— Але не хутка?
— Не хутка.
Друцкі ўзяў капялюш і хацеў выйсці, але Зоська яго затрымала:
— А як будзе з грашыма, шаноўны пан?
— Не хочаш мяне мець на ўтрыманні, — пажартаваў ён, — ну, тады бяры на выдаткі.
Бруніцкага ён заспеў яшчэ аднаго:
— Я не спазніўся?
— Не. Якраз. Яна павінна тут быць з хвіліны на хвіліну.
— Як яе завуць?
— Панна Лэнска. Уршуля Лэнска. Ты мог пра яе чуць, яна вядомая спявачка, дакладней, была ёй.
— Колькі жыву, не быў ні на водным канцэрце.
У дзвярах стаяў дворнік:
— Прыйшла панна Лэнска, вы яе прымеце, пан прафесар?
— А, калі ласка, калі ласка, — усклікнуў Бруніцкі і сам выбег ёй насустрач.
Панна Лэнска, худая, невысокая шатэнка з празрыстымі зялёнымі вачыма і светлай матавай скурай, была сапраўды неверагодна падобная да памерлай жонкі Бруніцкага. Гэта ўражанне падмацоўвалі яе рухі і манера трымаць галаву. Друцкі не мог не заўважыць, што яе прысутнасць і на прафесара моцна ўздзейнічала. Ён быў сам не свой і нейкі ненатуральна рухавы.
— Вы дазволіце, я прадстаўлю майго добрага сябра, пана Вінклера.
Жанчына падала яму руку, абцягнутую чорнай пальчаткай, і безгалоса паварушыла вуснамі.
Бруніцкі падсунуў ёй крэсла і не пераставаў гаварыць:
— Я тут расказваў сябру пра гэты рэдкі выпадак часовага паражэння нерва пад уплывам псіхічнага перажывання. Пан Вінклер мяне яшчэ раз пераканаў, што гэта пройдзе. А менавіта, ён узгадаў, што падчас свайго жыцця ў Чыкага ён пазнаёміўся з адным інжынерам-гарняком, у якога было нешта падобнае, што адбылося з-за навіны пра выбух у шахце, дырэктарам якой ён з’яўляўся. Ён так-сама страціў голас, але — паколькі быў паслухмяным пацыентам, — усміхнуўся Бруніцкі, — ён выконваў парады дактароў, ну, і праз тры тыдні да яго вярнуўся голас. А ведаеце, якое яму прызначылі лячэнне?
Панна Лэнска адмоўна паматала галавой.
— Абсалютна прыемнае, шаноўная пані, — працягваў прафесар. — Яму якраз прапісалі як мага больш весяліцца. Прагулкі, гульні, танцы, вясёлая кампанія… Усё мінула бясследна, без найменшага следу.
Пацыентка слаба ўсміхнулася і, дастаўшы з сумачкі нататнік і аловак, напісала:
«Вельмі прыгожая казачка».
— Ну, слухай, скажы пані, што гэта не казачка.
— Паверце мне, — няўпэўнена сказаў Друцкі.
«У вашага сябра няма таленту „дыдактычнага падману“», — напісала жанчына.
Бруніцкі рассмяяўся і падаў нататнік Друцкаму. Гэты ж састроіў вельмі заклапочаную міну і прамовіў:
— Што ж мы можам зрабіць з вашай праніклівасцю? Здаёмся… Хм… але, спадзяюся, гэта не падрывае вашай веры ў паспяховасць рэцэпта прафесара? Я свята веру, што ён у гэтых рэчах не памыляецца.
Жанчына кіўнула галавой і напісала:
«Я веру ў рэцэпт, але не веру, што мне гэта дапаможа».
— Чаму?
«Таму што я не ўмею весяліцца», — напісала яна пасля хвіліны вагання.
— Глупства, шаноўная пані, — абурыўся прафесар. — Будзеце весяліцца як міленькая. Гэта ўжо прашу пакінуць нам…
Яна здзіўлена паглядзела на абодвух.
— Я кажу нам, — патлумачыў прафесар, — таму што баюся, што такі зануда, як я, не здолее нікога развесяліць. Таму я папрасіў пана Вінклера, каб ён мне дапамог. Вы, хіба, будзеце за гэта на мяне крыўдаваць?
Жанчына з усмешкай паціснула плячыма.
— Вы мне павінны паабяцаць толькі адно: добрую волю і выкананне маіх указанняў. Згода?
Яна пацвердзіла кіўком галавы.
— Ну, тады я спакойны. У сувязі з гэтым мы сёння пакінем даследаванні і вы адвезяце мяне дадому.
Пацыентка згадзілася.
Яны занялі месцы ў лімузіне Бруніцкага, і прафесар гаварыў бесперапынку. Ён расказваў пра апошнія навуковыя падзеі, пра новыя метады лячэння псіхастэніі, пра перавагі актыўнага жыцця:
— Сённяшняя навука абвергла традыцыйныя навуковыя погляды, калі сцвярджалася, што найлепшыя лекі — гэта цішыня, спакой і пазбяганне моцных узрушэнняў. Цалкам наадварот. Для псіхічнага здароўя неабходна як мага больш уражанняў і, наколькі магчыма, разнастайных. Страх, гнеў, весялосць — лепшыя, чым сузіранне. Трэба шмат працаваць і шмат адпачываць.
— Medice, cura te ipsum[31], — засмяяўся Друцкі. — Вы ведаеце, пані, што прафесар сам не прытрымліваецца сваіх рэкамендацый…
— Бясспрэчна, я дакладна прытрымліваюся.
— Ну, ты шмат працуеш, але цябе немагчыма ўгаварыць павесяліцца.
— Няпраўда. Я адпачываю. Толькі мой адпачынак іншага роду. Мне, запэўніваю вас, мае дарагія, значна больш эмоцый прыносіць мікраскоп, чым іншым танцы… Але прызнаюся, што я павінен усё ж цікавіцца і танцамі. Калі я не магу сабе гэтага дазволіць, гэта даказвае маю… няздольнасць. І паглядзіце, наколькі відавочныя вынікі гэтага. Мы з Вінклерам аднагодкі, аднак я выглядаю, мякка скажам, на яго дзядзечку! Праўда?
Жанчына прыгледзелася да абодвух і запярэчыла рухам галавы.
— Не? Але ў любым выпадку я з ім адчуваю сябе засушанай моллю побач са скакуном. А чаму? Таму што ён працуе, як вол, і весяліцца, як малады козлік, а я гэтага не ўмею. Таму з яго жыццё аж плешча, а я капчу сабе, як старая свечка.
Пацыентка зноў запярэчыла і напісала:
«Я зусім так не думаю. Вы проста належыце да розных тыпаў, і ўсё».
— Так, — няшчыра засмяяўся прафесар, — толькі да такіх тыпаў, як ён, належыць жыццё. Няхай пані сама памяркуе. Калі б, напрыклад, вам прапанавалі выбраць аднаго з нас — толькі папрашу не саромецца — каго б вы абралі? Ну? Шчыра!
Жанчына акінула іх сумным позіркам і са слабай усмешкай указала на прафесара.
Друцкі не стрымаў смех:
— Бачыш? Ты сябе недаацэньваеш!
— Э… Вы з мяне жартуеце, — Бруніцкі раптам пабляднеў і змоўк.
Аўтамабіль спыніўся перад яго вілай. Выходзячы, прафесар выціснуў пару вясёлых фраз на развітанне і папрасіў Друцкага, каб ён не саромеўся і карыстаўся машынай столькі, колькі будзе патрэбна.
Яны вярнуліся праз горад, потым пераехалі цераз мост на Вісле і Грохуў[32].
Друцкі апусціў шыбы і сказаў:
— Я не люблю закрытых аўтамабіляў. Чалавек пазбаўляецца найвялікшага задавальнення ад язды: паветраны паток, ты нібыта перастаеш адчуваць хуткасць. Праўда, шаноўная пані?
Жанчына кіўнула галавой.
— Некалі ў мяне быў сябар, думаю, яго прозвішча ў вас на слыху. Гэта Мак Вулд. Нейкі час ён лічыўся «самым хуткім чалавекам Злучаных Штатаў». Дык вось, я некалькі разоў меў прыемную магчымасць ездзіць з ім падчас трэніроўкі на спецыяльным гоначным цмоку, які разганяўся да чатырохсот кіламетраў за гадзіну. Я не памятаю, каб калі-небудзь перажываў такія ж незвычайныя эмоцыі.
«Страх таксама?» — напісала на лістку жанчына.
— Не. А хутчэй, так, толькі не страх за жыццё, а страх за свае пачуцці. Пры такой хуткасці зрок і слых перастаюць дзейнічаць, аднак пры гэтым з’яўляецца пачуццё правальвання ў глыбіню. Гэта не надта прыемна, асабліва калі пасля пяці хвілін такой язды чалавек на паўгадзіны становіцца паўпрытомным. У мяне цяпер нядрэнная спартыўная машынка, з якой можна выціснуць сто — сто дваццаць кіламетраў за гадзіну. Калі вы хочаце, мы можам хоць заўтра апрабаваць. За Рашынам[33] ёсць паўтара дзясятка кіламетраў цудоўнай шашы.
Пані Уршуля напісала, што добра, але зараз яна хоча вярнуцца дадому: вул. Мядовая, 18.
— Мне здаецца, — сказаў Друцкі, развітваючыся з ёй перад варотамі, — што Караль вельмі пераацаніў прыемнасць маёй кампаніі.
Жанчына ўсміхнулася і запярэчыла рухам галавы.
— У колькі вы дазволіце заўтра заехаць за вамі?
Яна пагадзілася на дванаццаць.
Друцкі адразу ж адаслаў аўто. Ён сёння зноў абедаў у Аліцыі, але перад тым павінен быў зайсці ў «Аргенціну», праверыць рахункі і падпісаць паперы, што ўчора яму перашкодзіла зрабіць Люба.
Пунктуальна ў чатыры ён ужо быў на Тапалёвай.
Яго прыняла Юлька, заяўляючы, што Аліцыя просіць прабачэння за спазненне, але яна яшчэ не можа пакінуць суд.
— Прыгаворвае адначасова дваіх, — засмяялася дзяўчына, — кагосьці там да турмы, а вас да маёй кампаніі.
— О, гэта, відаць, самы мяккі прыгавор, які калі-небудзь быў вынесены.
— Вы б маглі падабраць і больш прыемны камплімент, — весела заўважыла Юлька.
— А навошта вам кампліменты, — нібыта здзівіўся Друцкі, — ніводнае ж люстэрка не адмовіць вам у самых хвалебных.
— Я не гляджу ў люстэркі, — сказала дзяўчына з яўным намерам гэта зрабіць, — тут усе люстэркі адбіваюць такую прыгожую істоту, што я проста не адважылася б.
Юлька скосу прыглядалася да Друцкага ў жаданні праверыць, якое ўражанне на яго зробяць гэтыя словы. Яна не сумнявалася, што ён павінен быў кахаць Аліцыю, а Аліцыя, зразумела, яго. Без сумненняў, бо як жа яна магла б застацца абыякавай да такога чалавека.
Яны размаўлялі каля пятнаццаці хвілін пра розныя рэчы, звязаныя з планамі на лета, калі ўрэшце вярнулася Аліцыя.
— Якое шчасце, што ты ўжо прыйшла! — павітала яе Юлька.
— А што здарылася?
— Нічога. Я баялася толькі, што ўсыплю пана Вінклера сваімі размовамі.
— Я падобны на соннага?! — запратэставаў Друцкі. — Самі памяркуйце?
— Вы выглядаеце стомленым, — вынесла прысуд Аліцыя.
— Менавіта! — узрадавалася Юлька.
— Як гэта менавіта?
— Ну, вам каштавала столькі намаганняў змаганне са сном, што вы аж стаміліся.
— Прабачце мне. Пачакайце яшчэ хвілінку. Я пераапрануся, — сказала Аліцыя, знікаючы ў сваім пакоі.
— Не, панна Юлька. Я працаваў да пяці раніцы, вельмі мала спаў. Вось прычына.
— А што вы рабілі да пяці раніцы? — здзівілася дзяўчына.
— Пільнаваў сваё прадпрыемства.
— Ноччу?
— Маё прадпрыемства адчынена менавіта ў гэтую пару сутак.
Бачачы, што ёй цяжка сфармуляваць пытанне, Друцкі сказаў:
— Я ўладальнік клуба «Аргенціна».
— А… а… ргенціна!
— Здаецца, я вас напужаў.
— О, не, не, — запярэчыла Юлька. — Толькі…
— Толькі што?
— Я столькі пра гэту «Аргенціну» чула, гэта вельмі, вельмі цікава. Нарэшце я даведаюся праўду. Бо ў нас, шаноўны пан, у школе расказваюць самае рознае…
— Напрыклад?
— О, я не скажу!
— Дык як я змагу абвергнуць?
— Можа, калі-небудзь, як я буду вас лепей ведаць. Цяпер скажыце мне, што там на самай справе робіцца?..
— Нічога нязвыклага. Людзі танцуюць, п’юць, забаўляюцца.
— Забаўляюцца? — стрымала Юлька Друцкага.
— Натуральна. Каго гэта забаўляе, той забаўляецца.
Юлька пакруціла галоўкай.
— Але ці ёсць там нешта неналежнае?
— Належнае? О, гэта як для каго.
— Ну, напрыклад, для маладых дзяўчат?
— Так, — засмяяўся Друцкі. — Для маладых дзяўчат, такіх, як панна Юлька, там усё неналежнае.
— Менавіта, але чаму?
— Таму што маладыя паненкі павінны займацца.
— Папярэджваю, — перарвала Юлька, — калі вы зараз заведзяце пра дыплом і школу, я пакрыўджуся на вас на ўсё жыццё.
Друцкі рассмяяўся:
— Я ўвогуле не меў намеру, адкуль такое падазрэнне?
— Ну, бо ўсе заўсёды…
— Я ніколі не раблю таго, што ўсе і заўсёды, — жартаўліва сказаў ён.
Яна, аднак, успрыняла гэта ўсур’ёз і задумліва пацвердзіла:
— Так… Гэта праўда… Вы не такі. Тады скажыце, чым павінны займацца, на вашу думку, маладыя паненкі?
— Я думаю, сваёй маладосцю. Клуб — гэта карысна для разладжаных і вытрапаных нерваў, якія шукаюць штучнага хвалявання. А маладосць? О, у маладосці яшчэ багата рэчаў для пазнавання, трэба зрабіць столькі адкрыццяў, столькі сапраўдных радасцей і стымулаў…
Друцкі пацёр лоб і зрабіў шырокі, няпэўны жэст рукой.
— Вы так прыгожа гэта сказалі.
— Я не ўмею прыгожа гаварыць. Таму я кажу тое, што адчуваю.
— А…
— Што адчуваю, гэта, можа, нават не тое, што… думаю.
Друцкі зараз падаваўся яшчэ больш незвычайным, яшчэ больш цікавым.
— А вы, — спыталася Юлька. — Вас забаўляе «клуб»?
— Мяне? — задумаўся госць. — Мяне ўсё забаўляе… Можа, клуб менш за астатняе, але гэта таму, што пастаянна… што пастаянна ў маёй галаве зялёна… Скажу вам па сакрэце, што калі б я пераканаўся, што перастала быць зялёна, то не ведаў бы, навошта я жыву… Я так расфіласофстваваўся, відаць, для таго, каб даказаць вам, што розум не з’яўляецца разам з сівымі валасамі, мая малышка.
Юлька глядзела на яго залатыя з усмешкай вочы, на сівеючыя скроні і смуглыя шчокі. Як ён да яе звярнуўся: мая малышка… Цудоўна сказаў…
І раптам ёй прыйшло ў галаву, што яна ні ад каго б не пацярпела такой паблажлівай бесцырымоннасці. Не павінна гэтага цярпець, таму што яна амаль дарослая.
«Калі-небудзь я яму скажу», — вырашыла яна.
Увайшла Аліцыя, і падалі абед.