Раздзел 6

У зале акруговага суда была процьма народу. Публіка шчыльна запоўніла лаўкі, за сталом прэсы бракавала месца, і некаторыя журналісты рабілі занатоўкі стоячы.

Ля стала суддзяў панаставілі шмат крэслаў, цяпер занятых шматлікімі суддзямі, якія не бралі ўдзелу ў пасяджэнні, членамі пракуратуры, вышэйшымі чыноўнікамі з Міністрэства юстыцыі і знакамітымі юрыстамі.

Сёння з месца пракурора першы раз павінна была выступаць жанчына — падпракурор Аліцыя Горн.

Гэта сенсацыя ўзмацнялася фактам, што справа Зыгмунта Арчыньскага пасля трох дзён разбору паўставала так жа загадкава, як і на самым пачатку следства. Судовы разбор не дапамог устанавіць ні віны падсуднага, ні яго невінаватасці, і прысудам магло быць як доўгатэрміновае, а можа, нават пажыццёвае зняволенне, так і апраўданне гэтага прыстойнага, з трагічным выразам твару маладога чалавека.

Кіраўнік пасяджэння старшыня Турчыньскі коратка прамовіў:

— Слова мае пані пракурор.

Аліцыя Горн устала. У зале ўсталявалася поўная цішыня. Аліцыя акінула позіркам гэтую безліч галоў, сотні пар упераных у яе вачэй, зацікаўленых, хцівых, нахабных.

Аднак яна не хвалявалася.

Калі загаварыла, яе голас загучаў чыста і металічна:

— Высокі суд! Адзін з абаронцаў небеспадстаўна сказаў, што ў гэтай справе не хапае хоць бы якіх доказаў віны падсуднага Арчыньскага. Важна, што ў нас няма матэрыяльных доказаў, няма таксама і непасрэдных сведкаў злачынства. Адзіны доказ — гэта псіхіка падсуднага, адзіны сведка страшнай справы — гэта ён сам. Гэты сведка адмаўляецца даваць нам паказанні, якія былі б дастаткова праўдзівымі. Таму мы вымушаны здабыць іх супраць яго волі.

Судовае следства дало нам магчымасць пазнаёміцца з гэтым чалавекам. Мы ведаем, што ў жыцці ён быў халодным і карыслівым, што галоўным рухавіком яго дзеянняў былі грошы. І раптам чатыры месяцы таму ён змяняецца да непазнавальнасці.

Чаму?.. Чаму, спаткаўшы на сваім шляху наіўную, бедную дзяўчыну, дзяўчыну, якая не вызначалася ні прыгажосцю, ні інтэлігентнасцю, ён робіць ёй прапанову і ўсё, каб прыспешыць шлюб? Дык не ад кахання, бо мы ведаем, што ён ні на хвіліну не расставаўся з каханкай. Не ад кахання, бо сам ён у дзень шлюбу кпіць з «сентыментальнага асла Баркевіча» ў размове з Пушкоўскім. Не ад кахання, бо ў маці забітай быў ад яе ліст, поўны роспачы, які невядомым чынам знік адразу пасля візіту Арчыньскага ў дом цешчы.

— Канечне, ён мог не ведаць пра мільённую амерыканскую спадчыну, але толькі мог! А гэта яшчэ не азначае, што не ведаў! Навошта ж ён настойваў на складанні шлюбнага кантракта? Калі б размова ішла пра забеспячэнне жонкі на выпадак яго смерці, хапіла б звычайнага завяшчання. Аднак Арчыньскі, чалавек заможны, патрабуе дагавора, які гарантаваў бы яму спадкаемнасць маёмасці жонкі, якая не мела тады яшчэ нічога, акрамя іпатэкі і сціпленькай біжутэрыі. Падсудны Арчыньскі не адносіцца да ліку тых, хто не ведае, што і навошта робіць.

— Высокі суд! Складана таксама сабе растлумачыць матывы, дзеля якіх гэты чалавек, што ненавідзіць паказваць пачуцці, чалавек, які не любіць падтрымліваць зносіны, раптам пасля шлюбу пачаў дэманстраваць свае пачуцці да жонкі, рабіць разам з ёй візіты да самых далёкіх знаёмых і засыпаць жонку, некаханую жонку, падарункамі ў той час, калі нават для палюбоўніцы ён раскашэльваўся толькі на адзін прэзент за год!

— У актах справы ёсць ліст падсуднага да дырэктара фірмы, прадстаўніком якой ён быў. У гэтым лісце Арчыньскі ў апраўданне таго, што так доўга дамаўляецца пра дастаўку, піша:

«Я нічога не ўмею рабіць абы збыць з рук. Мой метад заключаецца ў дакладным вывучэнні тэрыторыі, знаёмстве з людзьмі, расстаўленні фігурак на шахматнай дошцы, у планаванні да дробязей і чаканні найлепшага моманту. Толькі тады я дзейнічаю. Дзякуючы гэтаму нават у дробных здзелках я заўсёды выйграю, а тут жа гаворка пра трыста тысяч. Вялікі куш, варты месяца сур’ёзнай работы».

— Высокі суд, тут куш перавышаў паўтара мільёна злотых і варты быў чатырох месяцаў сур’ёзнай работы!..

Праз лавы з публікай пракаціўся гучны шум. Адвакаты пасхілялі адзін да аднаго галовы і шапталіся.

Падпракурор Аліцыя Горн зрабіла паўзу і пачала зноў.

— А работа гэта была дакладная. Падсудны памяняў кватэру не дзеля сваёй работы, а па парадзе доктара. Ён усім расказваў, што доктар настойліва раіў яго жонцы пераехаць на ўскраіну, дзе яе слабыя лёгкія не будуць вымушаны ўдыхаць столькі пылу. Сапраўды. Доктар Бараноўскі пацвердзіў перад судом гэтую сваю параду, аднак рашуча настойваў, што патрэбы пераезду на ўскраіну не было, і што толькі на пытанне Арчыньскага сказаў: так, раіў бы, калі вам усё роўна.

— І гэты падсудны Арчыньскі, які не выносіць язды на трамваі ды шкадуе сабе на таксі, прадае сваю кватэру на Сенатарскай і купляе другую, аж на Вежбне. Ён, які не церпіць хадзіць па лесвіцах, дзеля некаханай жонкі, дзеля слабага недамагання яе лёгкіх рашаецца на кватэру аж на пятым паверсе! У той час як уладальнік будынка прапануе яму такую самую на другім, Арчыньскі настойвае на пятым. Чыстае паветра, кажа.

Жыве ў няскончаным доме, выракае сябе на шмат, вельмі шмат нязручнасцей. Я пытаюся: што ж яго на гэта штурхае?

Аліцыя панізіла голас і, чаканячы словы, адказала на сваё пытанне:

— Яго прыцягвае чорная прорва ліфта… Яго цягнуць адчыненыя, нічым не завешаныя пашчы фрамуг, што вядуць у пустую саракаметровую студню з бетанаваным дном! Калі хто-небудзь стане на край чорнага аконнага праёма на пятым паверсе, дастаткова яго лёгка пхнуць! І ніякага паратунку! Ён напоўніць чорную студню адчайным крыкам і зваліцца на дол, і на цвёрдым дне з бетону ляжа крывавым месівам!

Падсудны чуў гэты крык, падсудны бачыў гэтае месіва ўжо тады, калі кленчыў на прыступках алтара!

Падпракурор падняла руку і закрычала пранізлівым голасам:

— Ён услухоўваўся ў яе голас, што прысягаў яму ў каханні, і гэты голас у яго вушах змяніўся на крык смерці, ён глядзеў на белізну шлюбнай сукенкі і бачыў кроў! Чалавеча! Ты ўжо тады быў забойцам!..

Залу апанавала смяротная цішыня.

Падсудны сарваўся з лаўкі, на твары, белым як папера, выступілі кроплі поту. Ён адкрыў рот, нібы хацеў штосьці сказаць, выцягнуў руку,… і ўпаў на зямлю.

Самлеў.

Адкульсьці з кута пачуўся нервовы смех. Нехта крыкнуў: «Божа!..» Некалькі чалавек наблізіліся да самлелага і пырснулі на твар вады.

— Абвяшчаю пятнаццаціхвілінны перапынак, — загучаў дрыжачы голас старшыні.

Суд выйшаў. Зала апусцела. Абвінавачанага вынеслі ў пакой для падсудных, куды таксама зараз жа накіраваліся адвакаты.

Засталася толькі Аліцыя Горн. Яна нешта запісвала на кавалку паперы. Механічна ўстала, калі рэзка прагучаў званок.

Суддзі занялі свае месцы, увялі падсуднага. Ён усё яшчэ быў бледны, але з яго твару ўжо знікла маска болю. Вусны былі сціснуты ў іранічнай усмешцы.

— Высокі суд! — зноў загучаў металічны голас падпракурора Аліцыі Горн. — Судовае следства выявіла, што абвінавачаны Арчыньскі ніколі не быў пакараны, але шматразова замяшаны ў справы сапраўды брудныя. Акрамя таго, шэраг малых і нізкіх подласцей, з якіх ён заўсёды ўмеў выкруціцца, выяўляюць яго спрыт, халодны разлік, найвышэйшы прафесіяналізм у гэтай сферы.

Далей падпракурор гаварыла пра паказанні сведкаў, пратакол вобыску, пра асаблівасці рэагавання падсуднага ў розных выпадках і ў гэтым у прыватнасці.

Голас яе напаўняў залу металічным дрыжаннем. Усе вочы засяродзіліся на яе неверагодна прыгожых вуснах, з якіх падалі словы, бязлітасныя, цяжкія, знішчальныя.

Тыя, хто прыйшоў на пасяджэнне суда з мэтай прыгледзецца да гэтай жанчыны, па чутках, незвычайна прыгожай, бачылі зараз перад сабой нейкую грозную і далёкую багіню.

Чухноўскі, які зашыўся ў кут, у прамым сэнсе дрыжаў усім целам. Яго грудзі напоўніў нейкі жах, нейкае трапятанне, нібыта жаданне ўцячы ад новай праявы той, якую ён так кахаў. Ён курчыўся кожны раз, калі Аліцыя паварочвалася да залы і калі па лавах з публікай праходзіўся позірк яе палымяных чорных вачэй.

Захапленне і страх самкнуліся ў мозгу Чухноўскага ў неразрыўны вузел.

Тым часам, Аліцыя скончыла сваю прамову кароткай юрыдычнай высновай, яна жадала прымянення параграфа 455 крымінальнага кодэкса, а з улікам незвычайна абцяжарваючых абставін прыняць пад увагу артыкул 15 пераходных правілаў.

Чухноўскі выдыхнуў, калі яна села.

Пачаліся прамовы абаронцаў.

Адзін з суседзяў Чухноўскага звярнуўся да яго шэптам:

— Прабачце, калі ласка, можа, ведаеце, якое пакаранне прадугледжваюць гэтыя параграфы?

— Не ведаю, — адказаў доктар.

Да іх нахіліўся нейкі чалавек сярэдняга ўзросту:

— Параграф 455 за забойства жонкі прадугледжвае ад дзесяці да пятнаццаці гадоў строгага рэжыму, — растлумачыў ён, — а пятнаццатка з пераходных правілаў — гэта павышэнне кары да пажыццёвага зняволення альбо нават адпраўкі на той свет!

Нейкая пані расказвала суседцы, што ведае ад паліцэйскага, нібыта падсудны, калі яго прывялі ў прытомнасць, зусім не хацеў ні з кім гаварыць, нават сваім адвакатам не сказаў ні слова.

Чухноўскі праціснуўся і выйшаў у калідор выкурыць папяросу. Калі ён вярнуўся ў залу, гаварыў ужо другі адвакат. Пазней коратка пярэчыла Аліцыя.

У сваю чаргу падсуднаму належала права апошняга слова.

Ён устаў, халодны, спакойны, стрыманы, падняў галаву і сказаў ціха, але выразна:

— Я прызнаюся ва ўчыненні забойства маёй жонкі Феліцыі. Прашу смяротнай кары.

Запанавала глухое маўчанне. Неспадзяванае прызнанне вінаватага зрабіла ашаламляльнае ўражанне, якое адбілася на ўсіх тварах.

Толькі пракурор Аліцыя Горн сядзела нерухома. Для яе не было нечаканасці: адзіны сведка злачынства павінен быў выказацца, і ён выказаўся.

Суд адправіўся на нараду. Падсуднага вывелі. Залу напоўніў шум размоў.

Адзін з абаронцаў наблізіўся да Аліцыі:

— Вы, пані, небяспечны праціўнік. Ваша прамова была пераканальная. Не хацеў бы я трапіць у вашы рукі.

Яна ўсміхнулася яму амаль гулліва:

— Няўжо мае рукі такія пачварныя?

Адвакат паглядзеў на яе доўгую арыстакратычную руку з тонкімі, крыху заружавелымі пальцамі і паківаў галавой:

— Вы ведаеце, што яны прыгожыя. Надта прыгожыя для пракурора.

— Аднак адвакат іх баіцца?..

Ён зазірнуў Аліцыі ў вочы і ўздыхнуў:

— Баюся. Яны робяць на мяне такое ўражанне, як погляд удава на…

Адвакат шукаў параўнання.

— На газель? — падказала Аліцыя.

Ён махнуў рукой:

— Дзе ж там, проста на старога мула.

Да Аліцыі схіліўся судовы служка і далажыў, што пан пракурор Мартыновіч просіць яе да сябе.

На калідоры ў натоўпе яна ўбачыла доктара Чухноўскага. Ён быў скурчаны і бледны. Аліцыя незаўважна паціснула плячыма і зрабіла выгляд, што не бачыць яго.

Чухноўскі заўважыў яе, калі яна ўжо знікала за дзвярыма. Ён паглядзеў на гадзіннік і мармытнуў:

— З Лэньчыцкім так заўсёды. Умовіцца і не прыходзіць.

Ён, аднак, памыляўся, бо адвакат Лэньчыцкі з тоўстай папкай прапіхваў якраз сваё такое ж тоўстае тулава сярод публікі, шукаючы доктара.

Аказалася, што ён абараняў якраз у апеляцыйным і справа працягнулася даўжэй, чым ён думаў.

— Але я не шкадую, бо я выйграў выгадны працэс. Капне мне з яго колькі тысячак. Ну, чаго ты такі прыбіты, Уладэк? Што, твая нарачоная аблажалася?

Чухноўскі нічога не адказаў.

— Ну, не хвалюйся, стары, — суцяшаў яго Лэньчыцкі, — наколькі я ведаю з газет і ад калег, справа гэтага Арчыньскага была ясная: ніякіх доказаў, жалезнае апраўданне. Але гэта нічога. Мы ў любым выпадку сёння павінны абмыць дэбют пані Аліцыі, ну і маю перамогу. Калі прысуд?

— Не ведаю. Павінен быць хутка.

І сапраўды, прайшло крыху часу і званок паведаміў усім, што суд ідзе.

Зала зноў запоўнілася да краёў.

У поўнай цішыні старшыня зачытаў прысуд: пажыццёвае зняволенне ў калоніі строгага рэжыму.

Падсудны нават не здрыгануўся.

Публіка, выходзячы, напоўніла калідор шумам гучных дыскусій.

Сябры чакалі Аліцыю — так як умовіліся — унізе ў холе.

Лэньчыцкі выпытваў падрабязнасці працэсу, доктар неахвотна адказваў. Здзіўленню адваката не было мяжы.

— Калі б я ведаў, ліха, — зацята лаяўся ён, — то пастараўся б адкласці сваю справу. Не можа такога быць! Каб такі цынічны тып самлеў! Во, сабака! Чорт, у яе прамове павінна было быць шмат экспрэсіі, хм, унушэння…

— І жорсткасці, — ціха дадаў Чухноўскі.

— Ах ты, сентыментальны старэнькі, — рассмяяўся адвакат, — гэта ж быў злачынца!

— Так, канечне.

— І атрымалася дужа справядліва! З таго, што ты кажаш, я мяркую, што калі б не прамова пані Аліцыі, падлюгу выпусцілі б на свабоду.

— Я нічога не кажу, — абараняўся Чухноўскі, — я сам добра не ведаю. Але мяне ва ўсім гэтым штосьці проста пужае.

— Кінь дурное!..

— Я разумею… але…

— Дарагі мой Уладэк, які ж з цябе доктар? А калі пацыенту трэба адрэзаць ногі, то што? Альбо, дапусцім…

Ён не скончыў.

Па сходах хутка і грацыёзна спускалася Аліцыя.

— Я галодная, — весела сказала яна, вітаючыся з імі, забіраю вас да сябе на абед, а дакладней, на вячэру. Ну, хадзем.

Яны выйшлі на вуліцу.

— Віншую вас, — казаў адвакат, поспех незвычайны для дэбюту. Ды што я кажу, проста незвычайны! Трыумф, перамога па ўсіх франтах! Сардэчна віншую.

— Страшна, аднак, тое, — са смуткам уздыхнуў доктар Чухноўскі, — што чалавек да канца жыцця будзе гніць у турме.

— Ты звар’яцеў?! — з раздражненнем паглядзеў на яго адвакат Лэньчыцкі.

— Уладэк, адвакат, — пагардлівым тонам сказала Аліцыя, — ён павінен стаць францысканцам.

— Па-першае, — раздражняўся Лэньчыцкі, — не будзе ён да смерці гніць у турме, бо пастаянна бываюць розныя амністыі, бываюць скарачэнні тэрміну за добрыя паводзіны і гэтак далей. Дык пасядзіць якіх дзесяць гадоў і ўсё. А па-другое, мой дарагі, чорт яго бяры! Гэта ж апошні прахадзімец, падлюга, агідны злачынец!.. Калі б яго на кол пасадзілі, і гэтага б не было дастаткова. Зрэшты, ён сам прасіў смяротнага пакарання.

— Але ж прызнаўся, — пярэчыў Чухноўскі.

— Так, прызнаўся, але толькі дзякуючы пані Аліцыі. Калі б яна яго не выкрыла, яго б увогуле адпусцілі.

— Я не спрачаюся. Але гэта якраз мяне забівае, што дзякуючы Аліцыі.

Аліцыя не стрымала смех. Лэньчыцкі ж затрымаўся ў цэнтры тратуара і бездапаможна развёў рукамі.

— Панове, — сказала Аліцыя са зласлівым бляскам у вачах, — каб адсвяткаваць маю першую перамогу, я збіраюся весела правесці сённяшні вечар.

— Брава! — горача падтрымаў Лэньчыцкі. — Брава, пані Аліцыя! Тым больш нагод павесяліцца, бо і я якраз сёння выйграў цудоўны працэс.

Чухноўскі не прамовіў ні слова.

Паехалі на таксі. Па дарозе Аліцыя расказвала адвакату пра ход працэсу, пра віншаванні ад калег і пахвалу пракурора Мартыновіча.

Юлькі яшчэ не было дома. Яна рабіла ўрокі з дзвюма аднакласніцамі. Пайшла адразу пасля абеду і збіралася вярнуцца да дзевяці. Пра гэта ўсе даведаліся з запіскі, пакінутай на стале. Бо Юзэфова якраз скончыла пасляабедзенную малітву і за ўсе скарбы свету не сказала б ні слова.

Яе вялыя і зморшчаныя вусны шавяліліся, як дробныя хвалі, прамаўляючы словы малітвы, але калі яна падавала абед, па яе зласлівых позірках няцяжка было адгадаць незадаволенасць з прычыны такога значнага спазнення пані. Як жа так: печань высахла, а яблыкі ў цесце астылі.

Затое гэта не сапсавала апетыту ні Аліцыі, ні Лэньчыцкаму. Толькі доктар быў хмуры, што яшчэ больш весяліла яго нарачоную.

Перад тым як выпілі кавы, прабіла восем.

Ісці вячэраць было абсалютна немэтазгодна.

— Ведаеце што? — прапанаваў Лэньчыцкі. — Калі пані Аліцыя пераапранецца, мы ж абодва, на шчасце, у чорных пінжаках, пойдзем у кіно на Марлен Дзітрых, а потым на гулі ў «Аргенціну»! Што скажаце?

— Добрая ідэя. Фільм, здаецца, выдатны, а пра гэтую «Аргенціну» я чула, што там цудоўна праводзяць час.

— А я чуў, — адазваўся Чухноўскі, — што там якраз пякельная нудота.

— Была! Была, сябра, — з мінай знаўцы парыраваў адвакат, — цяпер гэты клуб купіў адзін амерыканец, і ён паказаў, як трэба ўпраўляцца з такімі справамі. Першы клас! Амерыканцы маюць дзелавую хватку.

— Ну дык паехалі, — вырашыла Аліцыя, толькі пачакаем малую. Я павінна пацалаваць яе на ноч.

Доктар нецярпліва круціўся на крэсле і нарэшце выдавіў з сябе:

— А мне здаецца, што каму-каму, а табе, Аля, не варта паказвацца ў такіх месцах.

— Гэта чаму? — непрыязна паглядзела на яго Аліцыя.

— Ну, у такім начным клубе, — непрыемна засмяяўся ён, — ды пракурор?

— Уладэк, не дуры галаву. Я такі ж самы чалавек, як і любы іншы. Дарагі мой, не думай, што дзеля сваёй пасады я збіраюся стаць архангелам.

— Так, — стаяў на сваім доктар, — але якраз сёння… пасля гэтай страшнай справы і пасля гэтага прысуду.

— Ой, Божа, які ён нудны!

Адвакат ляпнуў яго па калене:

— Не будзь жа бабай, чорт цябе бяры. І міністры ходзяць у корчмы…

— Ну добра, добра, — абараняўся Чухноўскі, — калі Алю не бянтэжыць кантраст начнога клуба з прысудам пажыццёвага зняволення, то што ж… Аднак не забывайце, што амаль ва ўсіх часопісах змешчаны яе фатаграфіі, і з’яўленне пракуроркі Горн зверне на сябе ўвагу ўсёй публікі!..

Аліцыя кіўнула галавой.

— Тут ты маеш рацыю.

— І гэтага можна пазбегнуць, — закрычаў Лэньчыцкі. — У «Аргенціне» ёсць ложы, якія размешчаны дастаткова высока над узроўнем залы і закрытыя. Мы можам проста прайсці з гардэроба на верхні калідор.

Ён паглядзеў на гадзіннік.

— Яшчэ вельмі рана, але праз гадзінку я пазваню і папрашу забраніраваць ложу. Я асабіста ведаю гэтага Вінклера, ён для мяне ўсё зробіць.

— Гэта той амерыканец? — спыталася Аліцыя.

— Так. Паляк, але народжаны і выхаваны ў Амерыцы.

Вярнулася Юлька і са смехам увайшла акурат у сталовую ў ботах, у футры і аксамітным берэціку, у якім яна вельмі міла выглядала. Яе вочы іскрыліся, а зарумянены тварык ззяў.

— Аля! Аля! — закрычала яна, — ты паняцця не маеш, што я перажыла! Добры дзень пану, добры дзень доктару. Уяві сабе, што… але паны не будуць смяяцца?

— Не будзем, не пасмеем, — з павагай запэўніў адвакат.

— Дык вось, толькі я развіталася на рагу Снядэцкіх з Куркай…

— З кім?

— Курка — гэта мая аднакласніца. Ледзь я з ёй развіталася, і тут набліжаецца да мяне такі малады і вельмі, ну вельмі элегантны хлопец, такім, ведаеш, бронзавага колеру футры, здымае капялюш і на поўным сур’ёзе пытаецца: «Пані раптам не ведае, колькі часу?» — Я, канечне ж, коратка адказваю: «Не ведаю». — Думаю, я правільна зрабіла? Ці не?.. А ён тады, уяві сабе, выцягвае такі тоненькі-танюткі залаты гадзіннік і гаворыць: «Дык я вам скажу, зараз без дзесяці восем…» Вось падлюка, а?

— Ну, і што ж далей?

— Ён мяне рассмяшыў сваім спрытам. А зубы, між іншым, у яго бялюткія, так! Я бачыла, бо ён усміхаўся, шэльма, радаваўся, што мяне ашукаў. І кажа: «Бачыце, я больш выхаваны за вас, больш, — гаворыць, — бо гатовы быць настолькі выхаваным, каб не чапляцца і адысці, але, — кажа, — я ведаю, што вам бы ад гэтага было непрыемна, таму я таксама ахвярую сабой і крыху праводжу вас». — Нахабнік! Праўда?..

— І што, ты стаяла і слухала? — незадаволена спытала Аліцыя.

— Аля, як ты можаш нават падумаць так? Зусім не слухала.

Абодва мужчыны рассмяяліся.

— Ты не слухала, але памятаеш кожнае слова.

— Ну дык я ж не магла заткнуць сабе вушы.

— І што ж ты яму адказала?

— Зразумела, я сказала, што пайду сама і што вельмі непрыгожа загаворваць з жанчынамі на вуліцы. А ён кажа, што канечне, што заўсёды думаў таксама, што тых, хто загаворвае з жанчынамі, ён сам пабіў бы палкай (у самога ж яго не было палкі), але што я ж не жанчына, а анёл (заўваж?!), а ён не той, хто чапляецца, а вельмі самотны і няшчасны сірата, а над сіротамі і ўдовамі трэба апекавацца, што калі я яго праганю ў далёкую халодную далеч, то ён з роспачы пойдзе і нап’ецца, а калі нап’ецца, то ў яго потым баліць галава, а я не падаюся такой, хто жадаў бы зла блізкаму, і так балбатаў, што вы сабе не ўяўляеце.

— Ну, і ты, канечне ж, нічога яму не адказвала?

— Э-э-э-э… Вельмі мала.

Доктар Чухноўскі нахмурыўся і сказаў:

— Вельмі дрэнна, пані Юлька. Трэба было звярнуцца да паліцэйскага і папрасіць, каб ён пазбавіў вас ад надаяды.

— А калі ён увогуле не быў такім навязлівым, — з абурэннем запярэчыла Юлька. — Такі прыстойны брунет з маленькімі вусікамі. Інжынер, працуе на шакаладнай фабрыцы! Я ніколі б не падумала, што для вырабу шакаладу патрэбныя інжынеры. Праўда?

— Ну канечне, ён проста маніў.

— І я яму так сказала, а ён тады пачаў мне даказваць, што яны патрэбныя для кантролю машын, і для арганізацыі працы, і чагосьці там яшчэ, і расказваў, як робяць шакалад, пытаўся, ці люблю я шакалад, бо калі люблю, то ён мне можа прыслаць вельмі шмат, бо для яго гэта амаль нічога не каштуе, і праводзіў мяне пад самы дом, і хацеў яшчэ пазнаёміцца, але я сказала, што не, што я сюды іду да бабулі, таму што бабуля хворая на тыф і каб ён пачакаў некалькі хвілін, я выйду і мы пойдзем на прагулку.

— Юлечка! — жахнулася Аліцыя.

— Пачакай жа! Дык вось, падымаюся я па лесвіцы (а ён сказаў, добра, што будзе чакаць, але пасля гэтага тыфу ў яго адразу міна змянілася), я падымаюся па лесвіцы і гляджу крадком у акно, а мой хлопец — лататы!.. Аж пыл закурэў!..

Яна пляснула ў далоні і ад душы засмяялася.

— Добра я яго правучыла, а?

— Так, Юлька, — прамовіла Аліцыя, — але на будучыню, настойліва прашу цябе, не дазваляй да сябе чапляцца. Катэгарычна. Зрэшты, падрабязней пра гэта мы пагаворым заўтра. Як жа сёння прайшлі твае заняткі?

— Добра, дзякуй. Мяне выклікалі на латыні і матэматыцы. Ах, Аля, ты ж мне нічога не кажаш, ці скончыўся гэты працэс?

— Так, скончыўся.

— І што?..

— Прыгавораны да бестэрміновага зняволення.

— Панна Юлька, — жаласліва сказаў доктар, — дзе гэта хто бачыў паўгадзіны парыцца ў футры і ботах…

— Я забылася, — дзяўчына рассмяялася і выбегла ў вітальню.

Чухноўскі і Лэньчыцкі дапамагалі Юльцы падчас вячэры, пакуль Аліцыя пераапраналася.

Адвакат па тэлефоне дамовіўся наконт ложы ў «Аргенціне», і а палове на дзясятую яны паехалі ў кіно на Марлен Дзітрых.

Калі ад’язджалі, Юлька плёскалася ў ванне, таму з ёй усе развіталіся праз дзверы.

— Сур’ёзна, Аля, — сказаў доктар, калі яны селі ў таксі, — ты павінна быць больш строгай з Юлькай. З яе ўзбуджальнасцю і тэмпераментам, не дай божа, можа лёгка здарыцца няшчасце.

— Сапраўды, твая праўда. Хоць я і магу па заслугах ацаніць яе моцна развітое пачуццё самазахавання і асцярожнасць, аднак прыгоды накшталт сённяшняй могуць паўтарыцца.

Фільм сапраўды быў цікавы і меў шэраг момантаў высокай мастацкай вартасці.

Менш, чым астатнім, ён спадабаўся Чухноўскаму:

— Мяне не цікавяць ненармальныя, — гаварыў ён, — у мастацтве я хачу бачыць жывых і нармальных людзей.

— Ты хацеў сказаць пасрэдных? — спытаўся адвакат.

— Хоць бы і так, абы такіх, якіх сустракаем у жыцці.

Аліцыя паціснула плячыма:

— Сябра мой, а ці часта мы ў жыцці сустракаем нармальных людзей? Амаль у кожнага ёсць большае або меншае псіхічнае расстройства… Але давай не будзем пра гэта. Уладэк злуецца, — звярнулася яна да Лэньчыцкага, — што мы ідзём у «Аргенціну», вось яму ўсё і не падабаецца.

Гартэнзія была так блізка, што яны пайшлі пешшу. У процівагу вялікім неонавым рэкламам, што апявалі выгоды «Аргенціны» на ўсіх вялікіх артэрыях горада, існаванне самога клуба на Гартэнзіі выдавала толькі малая алебастравая шыльда з выціснутымі на ёй літарамі: «Аргенціна». Удзень гэтага надпісу зусім не было відаць, толькі ў дзесяць вечара загараліся схаваныя за алебастрам каляровыя лямпачкі, і тады выступаў надпіс.

Па шырокіх мармуровых прыступках, засланых пухнатым белым дываном, уваходзілі ў хол, а адтуль па бакавой лесвіцы ў ложы.

Прыслуга вітала адваката Лэньчыцкага як старога знаёмага. Ложу, канечне, забраніравалі, і гэта сапраўднае шчасце, бо ўжо зараз не было ніводнай вольнай.

Негрыцянскі аркестр у белых смокінгах граў бастон.

Ложа была так закрыта, што з залы, размешчанай амаль на тры метры ніжэй, немагчыма было ў яе зазірнуць. Затое Аліцыя бачыла ўсё. Абстаноўка залы нагадвала круглы двор іспанскага палаца, ложа — балкон за рашоткай, зарослы плюшчом. Служкі ў строях аргенцінскіх каўбояў завіхалася, звонячы шпорамі, паміж нізкімі масіўнымі столікамі.

Публікі было яшчэ няшмат, але яе большала.

— Ну, як пані падабаецца гэтая карчма? — паціраў рукі Лэньчыцкі.

— Падабаецца, тут вельмі міла.

Падалі мноства халодных закусак, каньяк, вермут і чырвонае віно.

— Гарачага тут не падаюць, — растлумачыў адвакат, — у асноўным з-за паху страў, але, нягледзячы на гэта, у «Аргенціне» бывае горача.

Ён выглянуў у залу і дадаў:

— О, паглядзіце, пані: у гэтай ложы над фантанам цяпер нікога няма, але каля першай з’явіцца Павінецкі. Яшчэ не было выпадку, каб ён не справакаваў скандал….

— Віншую, — паціснуў плячыма Чухноўскі.

— Менавіта гэта мяне вельмі радуе, — на злосць яму падкрэсліла Аліцыя.

— А там, — працягваў адвакат, — каля бара, вы бачыце гэтага, з гваздзіком на лацкане?..

— Бачу.

— Гэта маёр кавалерыі, барон Шэген, венгр, але служыць у нас. Ён як трохі дзябне, то спявае венгерскія песні, і голас у яго каласальны.

— Як гэта, — раздражняўся Чухноўскі, — і яму тут дазваляюць такія выбрыкі?

— А чаму не? Ты б хацеў могілкі зрабіць з начнога клуба ці морг? Гэта ж выдатна, што людзі тут адпачываюць.

— А гэта хто? — спыталася Аліцыя.

— Каторы?

— Гэты бландзін, што размаўляе з венграм.

— А-а-а-а!.. — задаволіўся адвакат. — Гэта якраз і ёсць уладальнік «Аргенціны» і яе галоўны магніт — дырэктар Вінклер.

— Гэты амерыканец?

— Так. Ён вам падабаецца?

— Так, нічога сабе. А чаму вы пытаецеся?

Адвакат Лэньчыцкі шчыра рассмяяўся.

— Таму, пані Аліцыя, што ўсе жанчыны па ім млеюць! О, паглядзіце на столікі. Бачыце? Усе галоўкі павернуты ў бок гэтага шчасліўца.

Аліцыя паціснула плячыма:

— Крыўдна мне, адвакат, што вам магло хаця б на хвіліну падацца, быццам я належу да тыпу жанчын, якія «млеюць» па кім-небудзь. Давайце вячэраць.

— Добра, давайце, — капітуляваў Лэньчыцкі. — Зрэшты, Вінклер, абходзячы ложы, завітае і да нас. Можа, каньячку?

— Дзякуй, — панура адсунуў свой кілішак Чухноўскі.

Аліцыя холадна паглядзела на яго.

— Уладэк, калі ты збіраешся ў святыя і будзеш псаваць нам настрой, то лепей ідзі спаць. Я не прывыкла зносіць чые бы тое ні было выбрыкі.

Яна залпам выпіла кілішак і звярнулася да адваката:

— Дык вы кажаце, што гэты ўладальнік наведвае ложы?

— Так, дарагая, у яго такое правіла, што ўсіх сваіх гасцей ён павінен ведаць асабіста. Вось убачыце, які гэта мілы чалавек.

«Мілы чалавек» не прымусіў сябе доўга чакаць. Праз некалькі хвілін парцьера адсунулася і яны пачулі за сабой нізкі глыбокі голас:

— Добры вечар, панове. Я не перашкоджу, калі падзякую дарагому пану адвакату за падтрымку «Аргенціны»?

— Але ж, мілы дырэктар, калі ласка, прашу, — клікаў, устаючы, Лэньчыцкі. — Пані дазволіць?.. Пан Вінклер, пані Горн… — Чухноўскі, — буркнуў пад нос доктар, падаючы прыбыўшаму руку.

Гэты ж, не чакаючы запрашэння, сеў за стол:

— Вы не сумуеце? Цяпер яшчэ пуста, але праз паўгадзіны пачнуцца так званыя мастацкія нумары. Як вам у мяне падабаецца? — звярнуўся дырэктар да Аліцыі.

— Вельмі… прыемны клуб, — яна ўважліва прыгледзелася да дырэктара і падумала, што недзе ўжо напэўна яго бачыла. Так, так, зараз… гэта было ў нейкай кавярні.

— Мне здаецца, што я некалі ўжо бачыла вас, — прамовіла Аліцыя нібыта ў апраўданне свайго маўчання.

— Абсалютна дакладна, — рассмяяўся Друцкі, — я пазнаў вас ужо пятнаццаць хвілін таму, знізу.

— У цукерні на Новым Свеце? — спыталася яна. — Некалькі месяцаў таму?

— Так. Я тады быў такі нязграбны, што разбіў попельнічку са свайго століка.

— Так, так! — усміхнулася Аліцыя. — Я памятаю. У мяне тады было такое ўражанне, што ваш твар мне знаёмы.

— Стойце! — усклікнуў Лэньчыцкі. — І я памятаю. Мы тады былі такой самай кампаніяй.

— Ага? — здзівіўся Друцкі. — Дык гэта пан адвакат пстрыкаў тады драўлянай папяросніцай?.. О, гэта corpus delісtі[6]?

Смяяліся ўсе, акрамя доктара, які рабіў выгляд, што заняты праціраннем лінз.

Перакінуліся яшчэ некалькімі фразамі, і Друцкі ўстаў:

— Вы дазволіце мне яшчэ раз да вас наведацца?

Аліцыя ветліва кіўнула галавой, а Лэньчыцкі шумна радзіў яму, каб толькі ён не забыўся.

Яны бачылі дырэктара і далей, як ён уваходзіў у ложы насупраць, як хадзіў па зале і весела вітаўся з усімі.

А між тым, пачаліся забавы.

Пад каляровымі пражэктарамі танцавалі трое зграбных мускулістых хлопцаў, пазней на танцавальным рынгу з’явілася сеньярыта Фіямета і неверагодным чынам выгінала амаль голае цела ў акрабатычным танцы. Пасля гучных апладысментаў публіка зноў запоўніла рынг шчыльнай масай, якая дрыгалася ў такт румбы.

Чухноўскі пад уплывам выпітага алкаголю зрабіўся сентыментальным і са слязамі на вачах умольваў Аліцыю, каб яна яму прабачыла. Пры гэтым ён так настойліва запэўніваў, што ўжо будзе вясёлы, што аж зусім расплакаўся.

Аліцыя шчыра смяялася, гледзячы на яго міну і на жывую супрацьлегласць у асобе Лэньчыцкага, які прытупваў і зухавата ўскідваў чупрыну.

Сотні рознакаляровых шарыкаў напоўнілі залу. Знізу гаманілі, з лож кідалі кветкі ў танцораў.

І зноў былі два выступленні: тры танцоркі, пераапранутыя ў флейшэравых[7]мышэй, Мікі і вельмі смешны мядзведзь (акцёр, канечне), які граў на саксафоне і выконваў матроскі танец.

Калі нарэшце пачаліся танцы, у ложы Аліцыі з’явілася па-экзатычнаму апранутая кветачніца і паклала перад ёй букет белых руж.

Чухноўскі спужаўся, а адвакат выняў банкноту ў сто злотых.

— Дзякуй, — здрыганулася кветачніца, — але гэта ад адміністрацыі.

— Як жа так, — здзівіўся доктар пасля таго, як яна выйшла, — прэзенты?

Аліцыя адсунула кветкі, але адвакат падаў ёй іх зноў:

— Ну вазьміце, пані, тут такая традыцыя, што дамам рассылаюць кветкі.

Аліцыя ўзяла ружы і сказала:

— Цудоўныя. А пахнуць! Гэты ваш знаёмы, пан адвакат, абанкруціцца, калі ён усім дамам рассылае такія раскошныя кветкі.

— Не хвалюйцеся, — пачула яна за сабой нізкі голас, — бо від і прыгажосць кветак заўсёды залежаць, мілая пані, ад хараства маіх кліентак.

Яна прыгледзелася да яго. Выраз твару ў яго быў сур’ёзны і дзелавы, такі, нібыта ён у гэты момант уладжваў гандлёвую справу. Аліцыя не заўважыла нічога бесцырымоннага ў паводзінах гэтага амерыканца і таму сказала:

— Дзякуй вам. Шыкоўныя ружы. І шмат вы рассылаеце такіх букетаў штовечар?

— Такіх? — Друцкі зрабіў выгляд, быццам задумаўся. — Хм… Калі памяць мяне не падводзіць… з той пары, як я завёў гэтую традыцыю, такі — першы…

Аліцыя нічога не адказала, затое Лэньчыцкі, які любіў канкрэтыку, выказаўся:

— Я гэтаму зусім не здзіўляюся. Чорт! Няхай вам, пан дырэктар, не падасца, што вы зрабілі камплімент хоць на ёту лепшы, чым зрабіла б гэта першае ж люстэрка.

Раптам страшны шум у ложы над фантанам і выбух агульнага смеху ў зале прыцягнулі іх увагу.

Від быў незвычайны: элегантны малады чалавек у смокінгу, якога трымалі за ногі некалькі асоб, звешваўся праз борт ложы галавой уніз і намагаўся дастаць да струменя фантана дамскім туфлікам, які быў у яго руцэ, і набраць у туфлік вады.

Толькі Аліцыя заўважыла, што дырэктар выбег.

Тым часам, пасля некалькіх няўдалых спроб у маладога чалавека атрымалася зачэрпнуць вады, і гучныя «брава» заглушылі аркестр.

— Ідыёт! — скрывіўся Чухноўскі.

— Шампанскага! — закрычаў Лэньчыцкі.

— Шампанскага! — паўтарыла Аліцыя.

— Што пажадаеце? — схіліўся афіцыянт, падаючы карту.

— Дарагая пані Аліцыя, вы не супраць, — схіліўся да яе з выглядам знаўцы адвакат, — калі мы вып’ем «Некса», сухога?

— Выдатна!

— Замарозіць бутэльку «Некса», сухога, — кіўнуў Лэньчыцкі афіцыянту, а калі той, пакланіўшыся, выходзіў, то адвакат затрымаў яго: — Чакай, пан! Замарозьце дзве! Гуляць дык гуляць!

У плоскіх бакалах запенілася духмяная вадкасць. У зале раптам запанавала цішыня, і ўсе пачулі голас дырэктара Вінклера:

— Спадарства, увага! Сёння мы гуляем у катоў!

— Што? Што?.. — пачулася пытанне.

— Гуляем у катоў! Гэта не маё вынаходства, але ж такое добрае, што нібыта маё ўласнае.

— Брава! Брава! — пасыпаліся воплескі. — А як гэта ў катоў?

— Увага! У яхт-клубе на Філіпінах ёсць звычай: аркестр іграе пэўнае танга, а ўсе прысутныя мяўкаюць!

— Брава! Брава! Мяўкаюць!

— Спадарства! Толькі мяўкаюць у рытме! Хто акажацца найбольш музыкальным, арыгінальным і дасведчаным у сапраўднай кашэчай музыцы, той атрымае ордэн Залатога Ката першай ступені! Увага! Пачынаем!

Аркестр ударыў моцным акордам, і паплыла ціхая, страсная мелодыя.

— Мяу-у-у! — пачаў танюткі жаночы галасок.

— Мяў, — адказаў яму ў канцы фразы хрыплы мужчынскі голас.

Публіка ўзарвалася ад смеху, але аматары мяўкання завалодалі сітуацыяй. Хто яшчэ мог, галасіў, фыркаў, мурчаў, аркестру заставалася толькі злёгку акампаніраваць, а сярод мяўкалаў паступова праходзіў адбор і гульня ішла чым далей, тым ладней.

Чухноўскі зняў акуляры і шырока адкрытымі блізарукімі вачыма здзіўлена назіраў за залай. Лэньчыцкі літаральна вісеў на борце і мяўкаў, як апантаны. Аліцыя таксама глянула ўніз.

Пасярод сцэны на табурэтцы стаяў Вінклер і з захапленнем дырыжыраваў, быццам капельмайстар. Якраз у той момант ён паглядзеў на іх ложу і павітаў утаропленыя ў сябе вочы Аліцыі гарэзлівай усмешкай і працяглым каларатурным мяўканнем.

Яна павярнулася назад і, прыціскаючы да вуснаў змятую сурвэтку, замяўкала. Не магла ўтрымацца! Настрой уздымаўся. Аліцыя рассмяялася сама з сябе: пракурор-мяўкала! А гэта цудоўна! Яна залпам выпіла бакальчык шампанскага. Яе галава крыху кружылася. Вось дык раскошная забава!..

Танга скончылася, але па велізарным і шумным жаданні публікі яго паўтарылі яшчэ раз, пасля чаго шляхам усеагульнага ўхвалення ордэн Залатога Ката ўручылі здаравеннаму сівому пану, як аказалася, англійскаму дыпламату, які сапраўды быў завадатарам у гэтым канцэрце.

Справу прычапіць ордэн ён даверыў маладзенькай мініяцюрнай брунетцы — паводле слоў Лэньчыцкага — жонцы вядомага аўтамабіліста Вінярскага. Яна мусіла стаць на дыбачкі, каб дацягнуцца да пятліцы пераможцы.

Ён выступіў з кароткай прамовай па-англійску і з важным выразам твару заняў месца за сваім столікам.

Зайгралі блюз, і сцэна зноў запоўнілася аматарамі патанцаваць.

Аліцыя паглядзела на гадзіннік і з жалем канстатавала, што ўжо чатыры гадзіны.

Пара была ехаць дадому.

Аплацілі рахунак, прычым Аліцыя ў якасці выключэння пагадзілася не плаціць сваёй трэцяй часткі. Лэньчыцкі ўпарціўся, што ён фінансуе, а калі яму не дазволяць заплаціць цалкам усю суму, яму гэта прынясе няўдачу ў судзе.

— Богам прашу, — горача запэўніваў ён, — колькі разоў не абмываю выйграны працэс, столькі прайграю наступную справу, закон подласці!..

Аліцыя была ў такім выдатным настроі, што не супраціўлялася.

Найперш адвезлі Чухноўскага, які засынаў, потым адвакат адправіў Аліцыю.

— Ну, пані Аліцыя, — сказаў ёй з выхваляннем, развітваючыся перад брамай, — варта было ісці ў «Аргенціну»? А?

— Мне было вельмі весела. Даўно я так добра не адпачывала.

— Ах! Гэты Вінклер мерцвяка расшавяліў бы! Неверагодны, праўда?

— Дабранач, адвакаце, — падала яму руку Аліцыя, — дзякуй і дабранач.

На дыбачках яна прайшла ў свой пакой, хутка распранулася, запаліла газ у ваннай, паставіла ружы ў крыштальную вазу і, хвіліну павагаўшыся, паставіла іх ля ложка.

На дварэ было ўжо светла.

Загрузка...