Раздзел 4

У актах справы Валяр’яна Трачыка было шмат белых плям. Паліцыя не патурбавалася адшукаць жанчыну, якая выклікала начнога вартавога, не зняты адбіткі пальцаў з электрычнага ліхтарыка, які несумненна падчас учынення злачынства трымаў у руках ліхадзей, а следчы палічыў за дастатковае алібі для Вячоркі паказанні яго сястры.

Складанне акта абскарджвання на гэтых падставах было б проста разгільдзяйствам.

Падпракурор Аліцыя Горн вырашыла адаслаць справу з мэтай больш грунтоўнага расследавання, скончыла пісаць і адклала пяро.

Набліжалася чацвёртая гадзіна.

Сёння Аліцыя працавала без перапынку, амаль не ўзнімаючы галавы над стосам папер. Работы было вельмі шмат. Толькі-толькі мінуў тыдзень, як яна ўпершыню села за гэты стол, а ўжо вельмі добра арыентавалася ва ўсім.

Мартыновіч ні разу не ўнёс нават самай малой змены ў яе рашэнні, Мадронь казаў, што віцэпракурор Меснер збіраўся пра яе выказацца: «Гэта ж пракурор ад Бога!».

Аліцыю гэта не надта радавала. Яна ведала, што так будзе. Як і стасункі — прадбачыла яна — склаліся даволі нармальныя. Яна не перастала яшчэ быць адметнасцю ў судзе і тэмай для размоў, аднак на яе ўжо не глядзелі, як на каршуна.

«Няхай пачакаюць, — думала яна, — як я выступлю перад судом! Тады я ім пакажу, на што здольная падпракурор Аліцыя Горн».

Пакуль нічога такога не намячалася, аднак жа на наступным тыдні магла ўсплыць справа Квяткоўскага, і трэба было падумаць пра тогу і берэт.

Аліцыя зачыніла стол і патэлефанавала дадому. Адказала Юлька. Паведаміла, што яны з доктарам сядзяць і чакаюць яе страшна галодныя.

— Абедайце, — сказала Аліцыя, — у мне яшчэ ёсць справы ў горадзе, і я спазнюся. А цяпер перадай трубку доктару… Добра, добра… перадай… Прывітанне, Уладэк… Ну што? Ты быў у прафесара Бруніцкага? Алё! Толькі больш нічога не кажы, калі там Юлька. Адкажы проста: так або не… Ну добра. Абедайце… Што? Ой, які ты нудны!.. Абедайце, прашу вас. Я прыеду праз паўгадзіны, можа, праз тры чвэрці. Да пабачэння.

Выходзячы з суда, Аліцыя сустрэла старшыню Турчыньскага. Ён затрымаў яе ў варотах:

— Ну і як жа вам працуецца?

— Дзякуй, — весела адказала яна, — выдатна.

— Мартыновіч ад вас… але прашу нікому не расказваць!.. Ён ад вас у захапленні.

— О?! Я не чакала, што пан пракурор здольны захапляцца.

— А як жа! Калі я спытаў у яго пра вас, ён красамоўна выказаўся: «Хм… так…»

Абое рассмяяліся.

— Паверце, — дадаў старшыня, — што для Мартыновіча гэта занадта.

Аліцыя цёпла развіталася са старшынёй і зайшла ў краму купіць тогу і берэт. Нягледзячы на тое, што Аліцыя была высокая, тога выглядала вельмі вялікай, аднак падпракурор узяла яе і паехала на Кручу[4] да краўчыхі, у якой і так павінна была быць сёння, каб прымераць вечаровую сукенку.

— Падкараціце гэтую тогу сантыметраў на восем, і рукавы трэба завузіць.

Краўчыха аддана ўтыкала шпількі.

— Мне гэта да твару? — спыталася Аліцыя, надзяваючы берэт.

— Ах, шаноўная пані, — пляснула ў далоні краўчыха, — свет яшчэ не бачыў такога пракурора! Асуджаныя з радасцю будуць ісці на смерць!..

Сапраўды, прыгледзеўшыся да сябе ў люстэрку, Аліцыя задаволілася. У гэтай чэрні з вузкай чырвонай акантоўкай яна выглядала чароўна. Кантраст амаль залацістых валасоў і маладой здаровай скуры са строгасцю касцюма ствараў незвычайны эфект.

— Прышліце мне гэта, калі ласка, дадому, — развітваючыся і паглядаючы на гадзіннік, сказала Аліцыя.

Яна села ў таксі. Рэдка Аліцыя дазваляла сабе такую раскошу, хоць цяпер, калі да яе пенсіі дадаўся сціплы заробак падпракурора, шчыра кажучы, пакрывала свае выдаткі і заставалася ў плюсе.

Ужо на лесвіцы яна пачула гук грамафона.

Ну хто б сумняваўся! Як жа гэта Уладэк у яе адсутнасць ды не ўключыў грамафон! Уласна кажучы, Аліцыя нічога не мела супраць грамафонаў, але і ў захапленні ад іх не была.

Якая ж смешная была міна ў доктара, калі ён уручаў ёй грамафон у той час як яна, Аліцыя, бесцырымонна вынішчала ідэю паднашэння ёй падарункаў увогуле, а ўжо такіх — асабліва.

Доктар быў так збянтэжаны! Бедны дабрак тады вырашыў пайсці на хітрасць і апраўдаўся тым, што гэта прэзент для Юлькі.

Чухноўскі і Юлька выбеглі сустракаць Аліцыю. Грамафон, канечне, змоўк, не скончыўшы нейкае «Каха-а-аю», Юзэфова мыла посуд пасля абеду.

— Ты ведаеш, Аля, я атрымала сёння пяцёрку па трыганаметрыі! — павітала яе Юлька.

— Як вы? Я вельмі рада, а па гісторыі цябе не выклікалі?

— Уяві сабе… не, не выклікалі… але ты ведаеш, Вацка Рушчэўская кідае школу, не атрымлівае атэстат і… адгадай?

— Ну?

— Вы-хо-дзіць замуж!!! За такога… брунета, які заўсёды чакаў яе ля школы.

Чухноўскі шматзначна кашлянуў. Аліцыя ўсміхнулася.

— Увогуле ён непрыгожы, — пляткарыла Юлька, — але так нічога сабе фраер. У яго машына, шасціцыліндравы штайр[5], толькі што лімузін, вось дык радасць? Праўда? Але Рушчэўскай ён падыходзіць, бо ў яе зялёныя вочы, і машына зялёная. Усе кажуць, што робіць кар’еру.

— Машына?

— Не, ну Вацка ж, бо ён увогуле багаты.

— Аўтамабіль?

— Не буду расказваць, — пакрыўдзілася Юлька.

Аліцыя пацалавала яе ў абедзве шчакі.

— Ну, добра ўжо, добра. Я толькі хачу, каб ты выказвалася дакладна.

— Я не збіраюся станавіцца пракурорам, — паціснула плячыма Юлька.

Юзэфова прынесла суп, і Аліцыя села за стол.

— А чым жа панна Юлька хоча быць? — спытаўся Чухноўскі.

— Па-першае, не чым жа, а кім жа, я хачу, каб вы выказваліся дакладна, а па-другое, я пра гэта яшчэ не думала. У мяне ёсць час.

Юлька была крыху сумная, і як толькі Аліцыя скончыла абедаць, заявіла, што павінна засесці за ўрокі.

Яны засталіся ўдзвюх. Доктар ужо хацеў пачынаць гаварыць, аднак Аліцыя яго стрымала.

— Зараз. Пяройдзем у мой пакой. Юлька можа пачуць.

Доктар вельмі любіў гэты пакой, у якім так рэдка меў магчымасць бываць, пакой такі нечаканы ў гэтай сапраўды прыгожай і ўтульнай, але нейкай крыху закаснелай кватэры.

Там усюды панавалі светлыя фарбы і ўсё, здавалася, блішчала, тут цёмна-чырвоныя шпалеры і мяккая, з плаўнымі лініямі мэбля, цудоўная шырокая тахта і грубы дыван, што пакрываў падлогу, і нават даволі моцны пах парфумы (сама Аліцыя, аднак, ніколі не ўжывала парфумы).

Чухноўскі не раз думаў пра гэта. Ён не мог сфармуляваць уражанні, але яму здавалася, што знешнасць і лад жыцця Аліцыі нагадваюць тыя пакоі, а яе ўнутранае жыццё, магчыма, зусім іншае, можа, як гэты пакой.

Ён любіў гэты пакой, але вольна сябе адчуваў у Юлькі, у сталовай і нават у вітальні.

— Я быў у прафесара Бруніцкага ва ўніверсітэцкай клініцы.

— Ён хутка цябе прыняў?

— Так. Я яму нагадаў, што слухаў яго лекцыі яшчэ калі ён быў дацэнтам. Ён быў вельмі прыязны. Загадаў зараз жа прынесці кнігі, і мы шукалі разам. Дык вось, Павел Горн апошні раз быў выпісаны з псіхіятрычнай клінікі тры гады таму.

— Куды? — холадна спыталася Аліцыя.

— Ва ўстанову ў Творках.

Усталявалася маўчанне.

— Спачатку прафесар Бруніцкі не мог успомніць, пра каго гаворка, але, прачытаўшы гісторыю хваробы, узгадаў:

— Так, так, — я ўжо ведаю. Скульптар, ну, гэта была прадвызначаная справа. Заўзяты марфініст…

— Марфініст?!. — ціха спыталася Аліцыя.

— Так, але гэта не ўсё, гэта можна было вылечыць, калі б — як кажа прафесар Бруніцкі — не кантузія чэрапа.

— Дык гэта кантузія і турбавала?

— Так, — кіўнуў галавой Чухноўскі, — вельмі моцна. Частковы параліч, пачуццёвыя расстройствы, анестэзія нерваў. Часам прыходзілася рабіць штучнае дыханне…

Аліцыя ўстала і прайшла цераз пакой.

— Ты не пытаўся ў Бруніцкага аб прычынах хваробы?

— Пытаўся. Я ў тым ліку думаў пра Юльку. Прафесар кажа, што ніякіх спадчынных парокаў не было. Кантузія на фронце была, на яго думку, крыніцай хваробы, а паражэнне некаторых нервовых цэнтраў паўплывала на развіццё псіхастэніі, адтуль і марфінізм. Тады зразумела, што хвароба яго цалкам індывідуальная і яго сястры, дзякуй богу, нічога не пагражае.

— Дзякуй богу! — паўтарыла Аліцыя.

— Ці жывы яшчэ Павел, — працягваў Чухноўскі, — прафесар Бруніцкі не ведае. У любым выпадку, ужо тры гады таму, калі ён адсылаў яго ва ўстанову ў Творках, стан быў безнадзейны… Пытанне месяцаў ці нават тыдняў…

Аліцыя абаперлася галавой на руку і знерухомела. Доктар хацеў закурыць, але яму здавалася, што зараз не лепшы момант. Ён глядзеў на сцяну, на якой вісеў шаль з выявай кентаўра з паднятым хвастом і амазонкі, шырокія сцёгны якой сціскалі бакі верхавога каня, што стаяў на дыбках. Магчыма, з пункту погляду мастацтва гэта было і прыгожа, але Чухноўскага ўразіла ў гэтым проста нейкая непрыстойнасць. Не таму, што амазонка была голая, але наогул.

— Глупства — гэта найвялікшае злачынства, — сказала нібыта сама сабе Аліцыя і ўстала.

— Што ж, — дадала яна праз хвіліну, — свет жыве глупствам. Не ўсе хапаюцца за рэвальвер. Некаторыя, як Павел, учыняюць самагубствы. Я пагарджаю імі, ненавіджу іх!.. Тапельцы, якія ідуць на дно, упіваюцца ў душы іншых, каб іх таксама зацягнуць…

Аліцыя паклала руку Чухноўскаму на плячо і сціснула пальцы:

— Але ёсць такія, хто не дасць сябе зацягнуць. Ты думаеш, я спачуваю Паўлу? Можа, шкадую? Не, сто разоў не, толькі нянавісць за яго, і за сябе, і за наша страчанае шчасце…

— Так, я цябе разумею… — пачаў няўпэўненым голасам Чухноўскі.

— Не разумееш! Не можаш зразумець, што хтосьці здолеў зрабіць трагедыю з недаказанай віны каханай і закаханай жанчыны, каб, ведаючы пра беспадстаўнасць, з-за глупства сваіх прэтэнзій да лёсу, зламаць жыццё сабе і ёй, каб крыўду, якая напаткала яе ў дзяцінстве, крыўду, звычайную крыўду ператварыць у вар’яцкую прагу знішчэння найлепшых, найпрыгажэйшых пачуццяў! О!.. ніколі я яму гэтага не прабачу! Ніколі!..

Яе вочы ўтаропіліся ў Чухноўскага, здавалася, яна звяртаецца да яго — а ён адчуваў сябе толькі выпадковым сведкам гэтага выбуху.

— Ні разу, — прамовіў ён, — ты не згадвала мне, чаму вы з Паўлам усё ж такі разышліся?

Аліцыя здрыганулася.

— А?..

— Ты ніколі не гаварыла, чаму вы з Паўлам разышліся.

— Вы разышліся? — спыталася яна з іроніяй. — Не, мой мілы сябар, мы не разышліся. Ён мяне кінуў! Чуеш?! Кінуў! Адразу назаўтра! Пасля адной-адзінай страшнай ночы!..

Аліцыя закрыла твар рукамі і нахіліла галаву.

Доктар бездапаможна сядзеў. Божа мой! Ён бы жыццё аддаў за тое, каб змагчы вырваць з яе гэты боль, тайны якога ён не ведаў. А пытацца больш не адважваўся.

— Пракляты, хай будзе пракляты! — прамовіла Аліцыя праз сціснутыя зубы.

— Аля! Аля! Супакойся! — прасіў Чухноўскі, — падумай, можа, яго ўжо няма ў жывых…

— Дык няхай памяць яго будзе праклятая!

— Аля, забудзься пра яго. Убачыш, тады ты з часам знойдзеш у сабе прабачэнне… У цябе зараз ёсць я…

Аліцыя неспадзявана падняла на яго вочы і нервова рассмяялася:

— Ага! Ты!..

Чухноўскі скурчыўся. Столькі непаважлівай паблажлівасці гучала ў яе голасе.

— Канечне, у мяне ёсць ты, — гаварыла яна, не мяняючы тону, — запэўніваю цябе, што гэтага мне цалкам досыць. Але ўяві сабе, што калі я сустрэла Паўла, мне было гадоў дзевятнаццаць. Тады яшчэ, мой дарагі, я была дурніца, такая дурніца, як усе жанчыны, тады верыла, што маё шчасце не мець кагосьці, а належаць камусьці, быць яго ўласнасцю. А цяпер… мне дваццаць восем, погляды перагледжаны, ну і… у мяне ёсць ты.

Яна зноў засмяялася:

— Так, дарагі Уладэк, у добрае рэчышча я скіравала сваё суцяшэнне. Але засцерагаю цябе, не звяртайся з гэтым да іншых жанчын, якія яшчэ не пазбавіліся ад… амбіцый нявольніцтва.

Аліцыя зноў была спакойная і ўраўнаважаная.

— Ну, але да справы. Дык прафесар Бруніцкі нічога не ведае пра пана Паўла Горна?

— Нічога, акрамя таго, што ён быў змешчаны ў лячэбніцу ў Творках.

— Спадзяюся, што ты выслаў запыт у адміністрацыю ўстановы?

— Так, адразу ж пасля клінікі я зайшоў на пошту і выслаў ліст. Для адказу даў свой адрас, бо вырашыў, што табе было б прыкра…

— Усё роўна, — паціснула плячыма Аліцыя, — да таго ж, я не спяшаюся.

— Ты сёння вельмі злая са мной, Аля, — ціха сказаў доктар.

Аліцыя пагладзіла яго па лысеючай галаве:

— Бачыш, — усміхнулася яна, — гэта для раўнавагі: ты са мной надта добры. Ага! Мне тэлефанаваў твой сябар…

— Лэнчыцкі?

— Лэнчыцкі. Мы дамовіліся, што пойдзем у тэатр на Шоу, а пазней павячэраць у «Савой». Значыць, ты павінен пайсці дадому і пераапрануцца.

Чухноўскі скрывіўся:

— Зноў! Ужо трэці раз за гэты месяц! Я так не выношу забягалаўкі!

— Можаш не ісці.

— Як гэта магу? Не магу. Ты толькі падумай: у цябе зранку суд, у мяне бальніца, у Лэнчыцкага яго канцылярыя. Зноў працягнецца да другой ці трэцяй…

— Ой, які ты нудны! Глянь, ужо без дваццаці сем. Спознішся ў тэатр.

Доктар уздыхнуў і ўстаў:

— Па цябе заехаць?

— Не, — пахітала галавой Аліцыя, — сустрэнемся ў вестыбюлі. Купі білеты дзе-небудзь у шостым радзе. Толькі будзь ласкавы, памятай, што я плачу за сябе.

Аліцыя не праводзіла яго ў вітальню, а пайшла прама да Юлькі.

Дзяўчына адарвала ад кніжкі хітрыя вочы:

— Доктар пайшоў?

— Так. Як ты сябе адчуваеш?

Юлька ўстала і пацягнулася:

— Крыху стамілася. Я тут сабе падумала, што пасля заканчэння школы, калі ты возьмеш водпуск, паехалі, напрыклад, на Хель! Гэта было б цудоўна! Я яшчэ ніколі не бачыла мора.

— Убачыш яго яшчэ не раз, — прытуліла яе Аліцыя.

— На вёсцы таксама прыемна, але у чужых… Як шкада, Аля, што ні ў мяне, ні ў цябе няма родных на вёсцы!

— У нас увогуле нікога няма, — сказала Аліцыя, — мы адны.

Дзяўчына моцна прытулілася да яе:

— Мне гэтага дастаткова, Аля, мне сапраўды гэтага хапае, гэта вельмі шмат.

Гадзіннік адбіў сёмую.

Загрузка...