Раздзел 8

— Я вазьму гэта, — сказаў Друцкі, паказваючы ювеліру на дыядэму з пяці цудоўных архідэй.

Уладальнік крамы паглядзеў на яго недаверліва:

— Гэта вельмі дарагое ўпрыгожанне, — перасцярог ён.

— Дарагое? Ну зразумела, па ім нават бачна. Што ж рабіць, калі ў вас нічога цікавага, акрамя гэтага, няма. Колькі?

— Чатыры тысячы, — абыякава прамовіў прадавец.

— Чатыры? Хм… Гэта шмат.

— Шмат. Але яно таго каштуе. Сто дваццаць чатыры сапфіры, сорак дзве жамчужыны… а аправа — гэта апагей.

— Я дам тры пяцьсот, — перарваў Друцкі.

— Наяўнымі? — здзівіўся ювелір.

— Калі ласка.

Друцкі дастаў пачак банкнот і адлічыў.

— Шаноўны пан загадае спецыяльна зрабіць дэкаратыўную шкатулку?

— Не. Звычайную паперку альбо скрыначку без лагатыпа.

— Шаноўны пан саромеецца нашай фірмы? — усміхнуўся ювелір. — Мы найстарэйшая і найвялікшая ювелірная фірма ў Польшчы.

— Я рады і жадаю, каб вы сталі яшчэ старэйшай фірмай, але я хачу звычайную скрыначку.

— Як скажаце.

Кватэра Залкінда зноў патанала ў кветках. Люба скончыла прыбірацца. У зале быў толькі Залкінд і яго сваячка, стрыечная сястра Тоня, студэнтка-медык, прыгожая, худзенькая дзяўчына.

Друцкі адразу заўважыў, што яго ўваход перарваў нейкую эмацыянальную размову, бо Тоня была чырвоная і відавочна ўсхваляваная, а ў Залкінда — з’едлівая міна.

— Уявіце сабе, капітане, мая кузіна агітуе мяне стаць бальшавіком.

— Супакойся, перабіла Тоня, — гэта пана не цікавіць.

Друцкі запярэчыў і з жартаўлівай павагай запэўніў яе, што яго вельмі займае гэтае пытанне і што ён сам ужо не раз думаў пра ўступленне ў камуністычную партыю.

З’явілася Люба. У белай атласнай сукенцы яна выглядала ашаламляльна.

— Любімы капітане! — закрычала яна, убачыўшы яго. — Вы памяталі!

— Як я мог забыць! — абурыўся Друцкі.

— Дарагі! Любімы! Я павінна вас за гэта пацалаваць! Барыс! Адвярніся, бо я хачу табе здрадзіць.

Без сарамлівасці яна закінула рукі Друцкаму на шыю і моцна пацалавала ў самыя вусны.

— Ах, Тоня! — уздыхнула яна. — Каб ты ведала, як ён цалуе!

Залкінд таксама смяяўся, але не зусім шчыра, і Друцкі падміргнуў яму, нібыта кажучы: «Ну і варта было мяне запрашаць?»

— Ой! — пляснуў ён сябе па лбе. — Ледзь не забыўся! У мяне ёсць нешта для пані Любы.

Друцкі дастаў скрыначку і падаў ёй.

— Божа, які цуд! — усклікнула яна. — Глядзі, Тоня! Архідэі! Цудоўныя! Якія прыгожыя цяпер умеюць рабіць імітацыі! Вы, відаць, з-за мяжы гэта прывезлі, бо тут я ў ніводнай краме такога не бачыла. Неверагодна!

Дыядэма трапіла, у сваю чаргу, у рукі Залкінда.

— Ой! Люба!..

— Што?

— Пачакай! — ён падышоў да лямпы і крыкнуў: — Люба! Што за глупства ты нясеш?

— Якое глупства?

Залкінд паклаў дыядэму на стол і з грозным выразам твару звярнуўся да Друцкага:

— Што ж вы робіце, капітане! Як так можна? Гэта ж каштуе шалёных грошай! Люба! Ой, ты дурніца, дурніца! Гэта сапраўдныя камяні!

Люба схапіла ўпрыгожванне і ўтароплена разглядала яго з усіх бакоў.

— Такая раскоша! — прашаптала яна ў захапленні. — Такая раскоша! Божа мой! Гэта як мінімум дзве тысячы каштуе.

— Дзве, — перадражніў яе муж, — ausgerechnet[17] дзве? Ну гэта ўжо я дам тры і яшчэ зараблю на гэтым.

— Што ты кажаш! О, Божа!.. капітане! Як я вас люблю!

Друцкі смяяўся.

— Калі б я ведаў, што атрымаю толькі адзін пацалунак, то, можа, не стараўся б адшукаць…

Ён не скончыў.

Люба схапіла яго за шыю і пачала цалаваць яшчэ і яшчэ.

У Друцкага сціснуліся сківіцы, ён крыху пабляднеў і адсунуў яе ад сябе.

— Эй, Джэк! — сказаў ён ціха. — Каб цябе ўзяло ды не адпусціла!

Залкінд засмяяўся:

— Што-о-о-о!..

У яго голасе загучала гордасць, што ў яго такая жанчына, другой такой на свеце не знойдзеш.

У Любы быў казачны настрой. Прысутнасць гэтых двух мужчын, і такіх мужчын, якія абодва яе жадалі і якіх абодвух жадала яна, напаўняла яе сэрца такім дзіўным і такім моцным пачуццём. Яна адчувала сваю жаноцкасць кожным нервам, выпраменьвала яе і ведала, што яна прыгожая як ніколі.

Падчас абеду ўсе пілі шмат віна. Цудоўна адпачывалі. Толькі Тоня сядзела ціхая і паніклая.

Яе прыгнятала хараство Любы, якую яна зараз ненавідзела.

Пасля абеду Залкінд уключыў грамафон.

— Сёння вечарам, — сказаў ён, — будзе аркестр.

— Нам хопіць грамафона, — закрычала Люба і пацягнула Друцкага ў цэнтр пакоя.

Ён танцаваў з ёй, потым з Тоняй і зноў з Любай.

— Капітане, — шаптала яму Люба на вуха, — можа, гэта прагучыць вельмі бессаромна, але я павінна сказаць. Ведаеце, калі б я адчувала сябе абсалютна шчаслівай?

— Ну?

— Калі б магла мець вас абодвух. Барыса і вас. Абодвух.

Яна церлася аб яго ўсім целам, і ў Друцкага круцілася галава.

— Люба, хопіць… Гэта ўжо вышэй за мае сілы…

Тоня выйшла разам з Друцкім.

— Вы можаце адвезці мяне дадому? — спыталася яна.

— З задавальненнем!

Калі яны селі ў таксі, Тоня забілася ў кут і маўчала.

— Што з вамі? — спытаўся Друцкі.

Яна не адказвала.

Ён узяў яе за руку, ссунуў пальчатку і пагладзіў.

— Вам сумна?

Яна вырвала руку, закрыла вочы і пачала плакаць.

Друцкі пасунуўся да яе, абняў і прытуліў.

— Мяне ніхто… не… кахае… — гаварыла яна, усхліпваючы, — мяне ніхто не жадае.

Друцкаму стала шкада яе:

— Ну, ціха… ціха…

Яна падняла мокры ад слёз тварык і ўпілася ў яго вусны.

Далейшая размова была б у гэтых умовах бессэнсоўная, і таму яны абыходзіліся без яе аж да хвіліны, калі машына спынілася.

— Хадзем, — узяла яна яго за руку.

Ён засмяяўся:

— Я павінен развітацца з вамі, панна Тоня, — спрабаваў ён абараняцца, але, зірнуўшы ёй у вочы, паддаўся.

Яна жыла на трэцім паверсе. Друцкі крыху збянтэжыўся, калі ў вітальні шыкоўнай кватэры паказалася старэйшая дама.

— Гэта мая маці, — зняважліва сказала Тоня, папраўляючы валасы перад люстэркам.

Друцкі пакланіўся, на што дама адказала неахвотным кіўком галавы.

— Не здзіўляйцеся, — патлумачыла Тоня, праводзячы яго ў вялікі прыгожы пакой, — мая маці не бывае ласкавая з маімі знаёмымі. Вып’еце кавы?

— Дзякуй.

— Не?.. Ну дык сядайце. Мая маці пастаянна сілкуецца маральнасцю пратухлай буржуазіі. Старая песня: бацькі і дзеці.

— Ну, але ж яна дазваляе вам…

— Весці такі лад жыцця, які я прызнаю адзіна магчымым? Ох, на шчасце, я паўналетняя. На вас яшчэ, — засмяялася яна, — маман так не скрывілася. Вы прыстойна апрануты і не падобны да камуніста. Ведалі б вы, якія ў мяне бываюць тыпы… Вы толькі не падумайце… Бывае па тры, па чатыры, мы збіраемся на дыскусіі. Яны плююць на дыван, а недакуркі…

— Тоня, і вас гэта ўсё забаўляе?

— Не забаўляе, — пахітала яна галавой, — а прыцягвае. Новыя людзі, новае, бурнае жыццё… Я ведаю ад Любы, што вы таксама любіце бурнае жыццё…

Тоня стала перад ім і спыталася:

— Вы кахаеце Любу?

Друцкі няшчыра засмяяўся.

Тоня паклала рукі яму на плечы.

— Але яна ўплывае на вас. Яе блізкасць не пакідае вас раўнадушным. О, я цудоўна гэта бачыла!

— Панна Тоня, я яшчэ дастаткова малады, каб адчуваць блізкасць любой маладой і прыгожай жанчыны.

Ён узяў яе за талію і пасадзіў ля сябе.

— Не, я тут не хачу, — яна абаперлася і села яму на калені, — я ведаю, што я так сабе. Але ў мяне да вас прапанова: заплюшчыце вочы і ўявіце сабе, што гэта Люба.

Тоня сказала гэта з такой горыччу ў голасе, што Друцкі рашыўся на ўсё, што магло гэтай малышцы давесці, што яна можа быць жаданай.

І паколькі Тоня ніяк не хацела адчапіцца, была ўжо дванаццатая гадзіна, калі ён апынуўся на вуліцы.

Нягледзячы на тое, што было позна, Друцкі ішоў пешшу.

— Халера! — думаў ён. — На свеце столькі жанчын! Страшна шмат!

Ён, аднак, не мог сказаць, што хваляваўся з гэтай нагоды. Калі ён прыйшоў у «Аргенціну», некалькі столікаў ужо было занята. Як звычайна, прагледзеў ліст замоў на столікі і з радасцю знайшоў у ім прозвішча Лэньчыцкага.

Зазваніў тэлефон.

— Вазьмі, малышка, — усміхнуўся ён Тэці.

— Гэта нейкі прафесар, — сказала яна, адкладаючы трубку. — Ён ужо другі раз тэлефануе.

— Прафесар?

— Так. Але прозвішча ён вымаўляе невыразна.

Тэлефанаваў Караль. Ён сёння вольны і хоча прыйсці ў «Аргенціну».

— Ур-ра! Чакаю! — закрычаў Друцкі. — Я табе, Караль, гарантую, што ты не пашкадуеш.

З асаблівым запалам дырэктар заняўся аглядам клуба. Ён неймаверна радаваўся. У праходзе ён затрымаў сіньярыту Фіямету:

— Казя! Паслухай, сёння тут будзе мой добры сябар. Вельмі салідны чалавек. Прафесар. Я пасаджу цябе за яго столік, і ты павінна будзеш яго расшавяліць. Разумееш?

— Дык мы не паедзем разам?.. — спыталася яна з расчараваннем у голасе.

— Ах ты, дурнічка! Абяцаў, значыць, паедзем… Яго трэба толькі расслабіць, каб яму было весела. Гэта стары зануда, а я хачу, каб ён пабавіўся, і не абдзірай яго, бо гэта мой сябар. Запомні!

— Я спраўлюся, — упэўнена кіўнула галоўкай Казя.

— І старайся быць… хм… інтэлігентнай, разумееш?

— Будзьце ўпэўнены.

Друцкі пацёр рукі. Гэта малая шэльма сапраўды была настолькі спрытная, што некаторыя госці ахвотна верылі ёй, што яна дачка аргенцінскага арыстакрата і што скончыла Сарбону. Казя ведала з паўтара дзясятка фраз па-французску, якія ёй пакінуў у спадчыну нейкі экзатычны дыпламат, і дасканала аперыравала гэтым капіталам. Яна павінна забавіць Бруніцкага.

Друцкі сам чакаў яго ў холе. Кожны раз, калі адчыняліся дзверы, ён абарочваўся.

— Сёння, напэўна, нейкія важныя госці будуць? — спытаўся швейцар.

— Чаму?

— Ну, бо пан дырэктар асабіста.

У гэты момант увайшла Аліцыя з адвакатам Лэньчыцкім.

Друцкі ззяў, вітаючы яе.

— Як жа я рады! — ён пачціва пацалаваў ёй руку і сардэчна павітаўся з адвакатам.

— «Аргенціна», — прамовіла Аліцыя, — супакойвае нервы… А між тым… ружы ўжо завялі.

Служкі здымалі з яе бабровае футра, таму Друцкі адказаў толькі красамоўным позіркам, і ў той жа момант у люстэрку ён убачыў, што ўваходзіць Бруніцкі.

Ён папрасіў прабачэння ў Аліцыі і сардэчна павітаўся з прафесарам:

— Ну, брава! Я ўжо трымаю для цябе столік ля самай сцэны. Служба!

Бруніцкі здымаў футра і аглядаўся з паблажлівым здзіўленнем, з якім бацькі назіраюць за гульнямі дзяцей, як раптам заўважыў утаропленыя ў сябе вочы Аліцыі і ўсмешку на яе твары.

«Ого!» — падумаў ён і адразу спытаўся ў Друцкага, ці не мог бы ён размясціць яго лепей дзе-небудзь у куточку? Можа, ёсць ложы?

Друцкі задумаўся. У яго не было ніводнай вольнай ложы. Да таго ж, Аліцыя невядома чаму, свідравала прафесара поглядам. Урэшце Друцкі ўзяў яго пад руку, праводзіў у залу і да той пары ўгаворваў, пакуль Бруніцкі не згадзіўся заняць зарэзерваваны для яго столік.

— Добра тут у цябе, нічога не скажаш, — падзяліўся ён уражаннем, — толькі аркестр грае надта гучна.

— Асвоішся, дарагі Караль, толькі табе, канечне, трэба трохі падняць настрой. У мяне ёсць усяго некалькі бутэлек сапраўднага перадваеннага «Бенедыкціна»… Ці, можа, шампанскага?

— Не, даражэнькі, — з усмешкай запярэчыў прафесар, — калі ўжо я тут, то павінен паспытаць, што такое кактэйль.

— Вось і выдатна!

Друцкі сеў побач з ім, выбраў з карты кактэйль «Стары Тоні» і пачаў знаёміць прафесара з арганізацыяй клуба. Праз хвіліну на століку з’явіліся фрукты, чорная кава і два плазаватыя кілішкі мутнай вадкасці з моцным водарам.

Бруніцкі паспытаў — і яму спадабалася:

— Ведаеш, гэта ўвогуле нядрэнна.

Сцэна запоўнілася танцорамі. Голыя плечы жанчын зіхацелі цёплай белізной, жорсткія карсеты мужчын адсвечвалі блакітна-фіялетавым. Мужчыны прыязна ківалі Друцкаму галовамі, жанчыны пасылалі яму тонкія ўсмешкі і страсныя погляды.

— А зараз, Караль, вып’ем кактэйль маёй уласнай вытворчасці: «Буль-буль».

Тут і там з агульнага гоману выстрэльвалі вясёлыя смяшкі, аркестр перайшоў да рэфрэну, каляровае асвятленне напоўнілася густым, здавалася, датыкальным паветрам.

— Моцны, але добры, — пахваліў прафесар, — я не разбіраюся ў спіртным, але ў гэтым напоі, відаць, шмат каньяку.

Друцкі ўводзіў Бруніцкага ў курс, указваючы на розных мужчын і жанчын, тлумачыў, хто гэта, радаваўся здзіўленню Бруніцкага, што такія сур’ёзныя і высокапастаўленыя людзі бываюць у падобнага роду клубах. Нарэшце ён заўважыў, што набліжаецца Казя і сказаў:

— Караль, ты не будзеш супраць, калі тут сядзе гэтая малышка?

— Для чаго? — скрывіўся Бруніцкі.

— Гэта адна з зорак, майстар аргенцінскага танга, донна Фіямета, калі проста — панна Казя. Мілая дзяўчына. Дазволіш?

Не чакаючы адказу, Друцкі ўстаў.

— Сеньярыта Фіямета.

Казя грацыёзна кіўнула галавой і працягнула ззяючую бранзалетамі руку.

Бруніцкі, не маючы дарогі назад, павітаўся з ёй і ўказаў на крэсла:

— Калі ласка!

— Ах, — павярнулася да яго Казя, — мне вельмі прыемна. Што гэта? Вы п’яце кактэйль «Муза»?

— Не, мілая, гэта «Буль-буль», — з павагай адказваў прафесар.

Панна Казя таксама хацела «Буль-буль», а Друцкі, які нецярпліва зіркаў у ложу № 9, нарэшце мог устаць.

— Я на хвіліну, — прабачыўся ён.

Друцкі пайшоў у кабінет і загадаў паклікаць кветачніцу. Папляскаў па шчочцы Тэцю, якая перапісвала рахункі, і, калі кветачніца ўвайшла, запытаўся:

— У вас ёсць што-небудзь для «дзявяткі»?

Дзяўчына з хітра-мудрым выглядам адказала:

— Я ўжо занесла, пан дырэктар.

— Што? Ужо?..

— Я падумала, што пан дырэктар і так…

— Вялікі табе, малышка, дзякуй. Ты амаль такая ж здагадлівая, як і прыгожая.

Дзяўчына бессаромна глядзела яму ў вочы.

— Ты хоць выбрала штосьці лепшае? — запытаўся ён.

— Найлепшае, — сказала яна, не спускаючы вачэй з дырэктара.

— Ах ты шэльма! — не вытрымаў Друцкі, прыцягнуў яе да сябе, пацалаваў у вусны і імкліва выбег на калідор.

Тэця акінула кветачніцу зневажальным позіркам:

— Навошта вам спатрэбілася выбіраць найлепшыя кветкі ў «дзявятку»?

Кветачніца надзьмула вусны:

— Не ваша бабская справа! Будзе тут яшчэ кожная ўмешвацца.

— А далікатней можна? — зачырванелася панна Тэця.

— О! Куды ўжо далікатней? Такая важная дама? Што да Вінклера ліпне…

— Выйдзіце, калі ласка! — крыкнула Тэця.

Кветачніца паціснула плячыма і адчыніла дзверы, але затрымалася на момант на парозе, каб выпусціць ядавітую стралу:

— А калі вы такая разумная, то скажу вам, што ў «дзявятцы» сядзіць такая, што дырэктар ляціць да яе як пчала на мёд. І варта!.. Прыгожая неверагодна, і важная дама. Не такая сабе, прабачце, што клац-клац-клац на машынцы.

Ляпнула дзвярыма і знікла.

— Гадзіна! Подлая гадзіна! — праенчыла панна Тэця.

— Ох, калі б я магла ў гэтай шэрай сукенцы выйсці ў залу і зазірнуць, хто там сядзіць у гэтай «дзявятцы». Няўжо яна настолькі прыгожая?.. Відаць, ён цяпер там з ёй і «ляціць да яе як пчала на мёд»…

Зразумела, Друцкі сядзеў каля Аліцыі і пытаўся, што зрабілася з доктарам.

— Ён мне надакучыў, — сказала Аліцыя.

— Бедалага! — са шчырым жалем уздыхнуў Лэньчыцкі, ужо на падпітку.

— Я б патанцавала, — неспадзявана пажадала Аліцыя.

Друцкі сарваўся з месца. Яго вочы іскрыліся радасцю.

— Не, не зараз. Цяпер граюць танга, а мне б хацелася вальс. Звычайны стары вальс.

— Ну дык загад! Зараз дам загад!

— Не, не, — затрымала яна яго. — Спачатку мы павінны выпіць па келіху віна.

— З задавальненнем.

— Адсутнасць умення танцаваць, — па-філасофску заўважыў Лэньчыцкі, — гэта безнадзейна. Што зробіш, калі я абсалютна пазбаўлены пачуцця рытму!

— Вас, відаць, здзівіла, — звярнулася Аліцыя да Друцкага, — што я адважылася? Я сама сабе дзіўлюся, але я так даўно не танцавала. Давайце вып’ем!..

Сёння вочы Аліцыі блішчалі па-асабліваму, і рухі яе былі больш жвавымі, чым звычайна.

— Вы маеце шалёны поспех у жанчын, — лёгка выпаліла яна.

— Відаць, так, — сказаў Друцкі, падумаўшы хвіліну.

— Думаю, — працягвала яна, — што вы няшмат сустрэлі ў жыцці такіх, хто б вас не хацеў?

Друцкі падняў бровы:

— Не, я такіх зусім не сустракаў, — упэўнена сказаў ён.

— Ад сціпласці вы не памраце.

— Памыляецеся. Проста я сустракаюся толькі з такімі жанчынамі, якія хочуць, каб я іх заваяваў. А іншыя… мяне абмінаюць. Праходзяць міма. Я не існую для іх, а яны не існуюць для мяне. Калі нехта шукае ў лесе маліны, ён не заўважае кветак, і наадварот. Проста не заўважае. Калі ён вернецца з лесу, а мы ў яго спытаемся, ці шмат там было кветак, ён адкажа: вельмі шмат малін.

— Я не пра тое, — схіліла галаву Аліцыя, — я пыталася, ці, збіраючы маліны, вы не захацелі кветак, якіх вам не ўдалося здабыць?

— Я бачыў іх здалёк, але не затрымліваўся ля іх, бо яны гэтага не хацелі. Іх пах вабіць матылькоў або працавітых пчол. А я труцень.

Аліцыя на гэта нічога не адказала, але калі зайгралі вальс і яны сходзілі ў залу, яна запыталася:

— Чаму ж тады вы мяне не абмінулі?

— Таму што… таму што і вы міма мяне не прайшлі.

Ён моцна схапіў яе за талію і яны закруціліся сярод паўтара дзясятка іншых пар.

Ён адчуваў яе кожным нервам і кожнай мышцай. Пах яе валасоў і скуры напаўняў яго ноздры. Яго плячо пружыніла пад цяжарам такога прыгожага, гнуткага цела, у якім — ён ведаў — кроў павінна была таксама пульсаваць часцей.

— Мы не маглі не спаткацца, — працадзіў ён праз сціснутыя зубы, — гэта было б вар’яцтвам…

Аліцыя падняла на яго палаючыя вочы і павольна раскрыла вусны. Яна спакушала яго, правакавала, і абодва добра ўсведамлялі гэта.

Ён так прыціснуў яе да сябе, што выразна адчуў пругкія грудзі, паднятыя хуткім, паспешлівым удыхам. Яна не пратэставала, не адхілілася ад яго.

Друцкі пабляднеў, пульс стукаў яму ў скроні, ноздры раздзьмуліся. Калі б ён мог зараз думаць не пра яе, сам бы сабе здзівіўся, што танцуе і не губляе рытм.

— Праўда? — шаптаў ён. — Праўда? Нашы дарогі павінны былі перакрыжавацца…

Аркестр перастаў граць, і яны сталі пасярод сцэны. Друцкі пляскаў разам з іншымі, і яны зноў пачалі танцаваць.

— Так… — перарывістым голасам сказала Аліцыя. — Натуральна… Для таго перакрыжаваліся… каб… я магла вам падарыць адчуванні, якіх у вас яшчэ не было.

— Мая… мая… — утаропіўся ў яе вочы.

— Не, — патрэсла яна галавой, — не ваша.

— Павінна быць!

— Не! Я, уласна, і хачу быць той адзінай жанчынай, ля якой вы павінны прайсці супраць сваёй волі.

— Не дражніце мяне, — нахмурыў бровы Друцкі.

— Таму што?..

— Я не з тых, з кім гэта можна рабіць беспакарана.

— Вы народжаны перамагаць? — запыталася Аліцыя амаль іранічна. — Утаймавальнік?

— Так! Сто разоў так! І нікуды вы ад мяне не дзенецеся… Самі ведаеце… Павінна… павінна…

Ён бачыў яе цудоўныя вочы, і іх захапленне, і прагу.

— Павінна…

Яна засмяялася:

— Вельмі шкада, але не думаю, што я павінна.

— Аднак жа вы сёння прыйшлі, аднак танцуеце са мной, аднак я вас прыцягваю мацней за іншых, за тысячы іншых. Не падманвайце, вы ведаеце, што не атрымаецца…

Аркестр змоўк.

Перад выхадам са сцэны сабраўся натоўп. Друцкі з Аліцыяй рухаліся павольна і так аказаліся ля століка Бруніцкага. Прафесар сядзеў адзін. Відаць, Казя пайшла, каб прыбрацца, а дакладней распрануцца для свайго танца.

Неспадзявана для Друцкага Аліцыя спынілася і з усмешкай нахілілася да прафесара. Той жа, не ведаючы, што павінен рабіць, ускочыў і таксама пакланіўся.

— Пан прафесар мяне не пазнае, — не цырымонячыся, сказала Аліцыя. — Я даўней у вас вучылася…

У куце залы пачаўся нейкі крык і гвалт. Да Друцкага праціснуўся швейцар і настойліва жадаў яго ўмяшальніцтва. Што ж яму было рабіць? Скандал у куце разгараўся…

— Прашу прабачэння, я на секунду, — ускрыкнуў ён. — Караль, дарагі, можа, ты будзеш такі добры і праводзіш пані ў ложу.

— Ну канечне, — пагадзілася Аліцыя. — Ідзіце.

— Пан прафесар не прыгадвае мяне, а я вам удзячная, нават удвайне…

— Далібог, не прыгадваю, — апраўдваўся Бруніцкі.

— Маё прозвішча Горн. Пан прафесар нядаўна быў такі ласкавы даць інфармацыю пра майго няшчаснага мужа Паўла.

— Ага!.. Так, так… прыпамінаю. Так… бедалага.

— А другое, за што я хачу падзякаваць, — працягвала Аліцыя, — гэта за вашы цудоўныя лекцыі, якія вельмі мне прыдаліся. О, гэта было даўно. Пан прафесар, можа, прыпомніць, калі я назаву сваё тагачаснае, дзявочае прозвішча: Жэраньская…

— Ага, — ветліва пакланіўся прафесар, — ну канечне, панна Жэраньская. Памятаю, а як жа.

Насамрэч ён зусім не памятаў. Доктар праводзіў Аліцыю і, вяртаючыся на сваё месца, раптам спыніўся: «Жэраньская… Ну… так… Жэраньская…»

Ён звычайна не запамінаў прозвішчы, але гэта па нейкай прычыне павінна было яму ўрэзацца ў памяць… Жэраньская.

Калі Бруніцкі заняў месца за сваім столікам, сеньярыта Фіямета ўжо танцавала, а ў верхняй ложы ён заўважыў Друцкага.

Бруніцкі загадаў падаць яму яшчэ адзін кактэйль і, апускаючы ў яго трубачку, зноў задумаўся: «Жэраньская?..»

Друцкі моўчкі сядзеў ля Аліцыі.

— Дык што, — спыталася яна, — вы сёння не арганізуеце забавы?

— А як жа?

— Нешта новае?

— Не. Каты.

Аліцыя прыжмурыла вочы:

— Вы нешматслоўны.

— Вам патрэбна балбатлівасць?

— Дырэктар, — нахіліўся да іх адвакат Лэньчыцкі, — мне здаецца, што вы пасварыліся? Супакойцеся!

— Наадварот, адвакат, — бліснуў вачыма Друцкі, — мы пагадзіліся.

Аліцыя падняла келіх.

— Давайце вып’ем. Пан Вінклер пагадзіўся з… лёсам.

— Вып’ем, — засцерагальным тонам прамовіў Друцкі. — Пані Аліцыя, багіня лёсу, сама з ім не пагодзіцца!

— Я нічога не разумею, — заявіў Лэньчыцкі.

— Я таксама, — адрэзаў Друцкі і ўстаў.

— Вы адыходзіце? — запыталася Аліцыя.

— Не. Барані божа. Толькі выходжу, — зрабіў ён акцэнт на апошняе слова.

— Не ведаю, ці ўдадуцца вам сёння каты.

— Чаму?

— У мяне такое ўражанне, што ў вас прапаў настрой.

Друцкі затрымаўся:

— Вы ў дзяцінстве павінны былі любіць забаўкі, а дакладней, іх псаваць.

Аліцыя пахітала галавой:

— Я ніколі не любіла забавак, таму, уласна, іх і псавала. Я пагарджала забаўкамі.

— Дзякуй вам, — пакланіўся Друцкі з іранічнай усмешкай.

— Не вы павінны дзякаваць, — сказала Аліцыя крыху раздражнёным тонам.

— Дык вы не лічыце мяне…

— Ідзіце ўжо, — перарвала яна, — публіка засумуе.

Друцкі паглядзеў на яе і з выклікам запытаўся:

— Яшчэ адно. Вы дазволіце праводзіць вас дадому?

— Калі ласка, — адказала яна, не вагаючыся.

Друцкі збег па лесвіцы. Яго з’яўленне ў цэнтры сцэны публіка прыняла гучным брава. Ён гаварыў.

Аліцыя прыхілілася галавой да борта ложы і слухала.

Без сумнення, ён заўсёды заставаўся сабой. З кожнай ноты яго нізкага голасу, з кожнага руху біла стыхія. Неўтаймоўная стыхія. Прырода ўзнагародзіла гэтага чалавека адной са сваіх самых таямнічых сіл: жыццёвай сілай!

Жыццё б’е з яго, як гейзер. Ахоплівае, затоплівае…

Аліцыя прабегла вачыма па зале. Жанчыны… Іх погляды не патрабавалі ключа для прачытання зместу жаданняў… Ён валодаў імі… Што б гэта было, калі б раптам якой-небудзь сілай знішчыць у людзей усё, што іх стрымлівае, паняцце аб прыстойнасці, дабрадзейнасці, маралі, будучыні… Што б яны ўсе зрабілі?..

Аліцыя прыжмурыла вочы. Так, вось бягуць да яго, акружаюць шчыльнай, уздрыгваючай масай цел, напоўненых жаданнем… сотні плячэй сплятаюцца ў сетку, сотні грудзей хрыпяць прагай, паглынаюць яго сваёй жаноцкасцю… Прырода складвае іх у ахвярны штабель перад гэтым мужчынам, падсвядомая сіла захавання віду, права натуральнага адбору… Яны выбіраюць менавіта гэтага самца, таму што ён найбольш мужны… Селекцыя… Усёведны інстынкт прымушае іх слепа шукаць у ім бацьку іх патомства…

А яна сама?.. Аліцыя здрыганулася.

Пранізлівае «Міау-у-у-у-у!» прарэзала цішыню.

Другое, трэцяе, дзясятае… Яны нанізваліся на невыразную мелодыю аркестра палкім заклікам.

— Міау-у-у… міау-у-у-у-у…

Аліцыя выцерла лоб і наліла сабе віна.

Адвакат Лэньчыцкі апантана мяўкаў, яго ахрыплы ад алкаголю голас невыносна раздражняў.

Друцкі ўнізе важна дырыжыраваў. Прафесар Бруніцкі, склаўшы рукі на грудзях, смяяўся: яго пенснэ крыху скрывіліся і гэта надавала яму трагікамічны выгляд.

— Адвакат, — Аліцыя пацягнула Лэньчыцкага за рукаў, — супакойцеся!

— А то што? — адарваўся ён ад парапета.

— Досыць! Вы здабываеце з сябе гукі льва, але досыць.

— Цудоўная забава, выдатная!

— Падсуньце мне лепей каву.

А між тым, аркестр пасля бурных апладысментаў зайграў якісьці факстрот, і Друцкі з’явіўся наверсе.

— Не сядайце, — стрымала яго Аліцыя. — Хадземце.

Ён адказаў усмешкай.

Лэньчыцкі заплаціў па рахунку, і яны спусціліся ў вестыбюль.

— І маё футра, — кіўнуў Друцкі.

— Вы выходзіце, пан дырэктар? — падбег здзіўлены касір.

— Так, але я хутка вярнуся. Чакайце мяне з касай. Графу Пашніцкаму з чацвёртай ложы можна рахунак запісаць. Да пабачэння.

— Маё шанаванне пану дырэктару.

На дварэ іх атуліў цёплы павеў ветру. Вуліца была сухая, высока ў небе блішчаў месяц.

— Пойдзем пешшу, — вырашыла Аліцыя.

— Што? — здзівіўся адвакат.

— Я пайду пешшу, а пан Вінклер мяне праводзіць. Вы, адвакат, зразумела, едзеце дадому. Добрай ночы!

Аліцыя падала яму руку.

Адвакат, відаць, прывык ужо да безапеляцыйных рашэнняў Аліцыі, дык і не пярэчыў. Ён сеў у найбліжэйшую машыну і, мінаючы іх, памахаў сваім кацялком.

— Вы заўважылі, што вясна адчуваецца не толькі дзякуючы росту тэмпературы?

— Так. У паветры ёсць нейкая мяккасць, — разняволена сказала Аліцыя.

— Я меў на ўвазе не знешнія змены ў прыродзе, не тыя, што адбываюцца вакол нас, — усміхнуўся Друцкі.

Аліцыя мімалётна зірнула на яго.

— Вы што, нібыта… барометр?

— Проста я ведаю… У дадзеным выпадку гэта можа быць недакладна.

— Што?

— Што вясна ідзе.

— Чаму? Досыць вам зірнуць на каляндар.

— Вы казалі пра барометр. Дык вось, як марак, падарожнік і ўвогуле чалавек, добра знаёмы з компасам, я ведаю, што гэты прыбор не заўсёды паказвае на поўнач. Часам стрэлка паварочваецца да найбліжэйшага металічнага прадмета.

Аліцыя засмяялася:

— Барометр таксама памыляецца?

— Усё магчыма.

— Ну, тады гэта вельмі дрэнны барометр, калі ўва мне прадчувае вясну. Мне, дазвольце, дваццаць дзевяць гадоў. Бліжэй да восені.

— Не, — запярэчыў Друцкі, — восень — гэта перыяд замірання вясны, якая задаволілася летам. А вамі вясна завалодала. Нічога, што яна вас апаноўвае…

— Я ведала дзяўчат, якія да сямідзесяці гадоў сцераглі сваю вясну. Вы мяне не пераканалі.

— У іх ёсць вясна, толькі згусла, як кіслае малако. Але ж ёсць.

— У вас арыгінальныя погляды.

— Дазвольце, гэта не мае погляды. Так мне здаецца зараз. Магчыма, што ўсё зусім інакш.

Яны звярнулі на Макатоўскую і ішлі моўчкі.

— Навошта вы мяне хацелі праводзіць?

— Бо мне з вамі таксама добра, як і вам са мной.

Яна не адказвала. Калі б зараз яна дазволіла сабе прамовіць слова, то не здолела б сказаць іншага, чым тое, што аддало б яе ў няволю.

Аліцыя ўмела валодаць хвіліннымі эмоцыямі. Яна цудоўна ўсведамляла, што разам з гэтым чалавекам не магла б заставацца незалежнай. Яна яшчэ добра не ведала, чаму адчувае ў ім элемент нібыта прыроджанай улады, улады падсвядомай, але не менш захопніцкай, аднак яна ведала, што ёй ён не авалодае.

Друцкі ішоў побач, задуменны і спакойны.

— Вы непадобны да многіх сваіх землякоў. Амерыка не здолела паставіць на вас сваё жахлівае стандартнае кляймо.

— Я з усяго свету, — сказаў ён прама.

— Вы шмат вандравалі?

— Шмат.

— Ну дык раскажыце што-небудзь, — нецярпліва ўскрыкнула Аліцыя.

— Не. І вас, і мяне зараз цікавяць іншыя справы. Вам хіба не хочацца, каб вас… забаўлялі?

— Не.

— Вы пракурор.

— Падпракурор.

— Навошта вы абралі такую прыкрую прафесію?

— Вам абавязкова адказваць?

— Так.

— Ну дык… з-за помсты.

— З-за помсты? Каму вы помсціце?

— Сабе… Зрэшты, ці не ўсё адно? Доўга расказваць.

— Добра. Раскажаце мне гэта заўтра.

— Ані заўтра, ані паслязаўтра… Ніколі. Мы больш не ўбачымся.

Друцкі сурова паглядзеў на яе:

— Няпраўда, — сказаў ён цвёрда.

Сэрца Аліцыі стала біцца мацней. Канечне, няпраўда! Пабачацца заўтра, паслязаўтра, і на наступны дзень, і кожны дзень…

— Праўда, — загаварыла яна спакойна, я больш не прыйду ў «Аргенціну».

— Але гэта нонсэнс! — абурыўся Друцкі. — Бо вы самі пра гэта пашкадуеце!

Аліцыя адвярнулася.

— Што, не так? Не так? — настойваў ён.

— Мне ўсё роўна, — сказала яна холадна.

Рэзкім рухам Друцкі схапіў яе пад руку:

— Вы гэтага не зробіце, нельга ні дзеля мяне, ні дзеля сябе.

Ён так моцна сціскаў яе руку, што ёй стала балюча, і яна катэгарычна прамовіла:

— Пусціце мяне, калі ласка!

Друцкі апамятаўся.

На ўзыходзе неба шарэла. Яны даходзілі ўжо да Палітэхнікі.

— Не буду я з вамі сустракацца, — пачала Аліцыя, кіруючыся выключна эгаістычнымі матывамі. — Скажу вам шчыра… Асцярожна! — крыкнула яна раптам і адскочыла на сярэдзіну вуліцы.

Было ўжо, аднак, надта позна. Цяжкая, жалезная палка ўпала Друцкаму на галаву. Згорбленая чорная постаць кінулася яму ззаду пад ногі, спераду ён атрымаў моцны ўдар паміж вачэй. Не прайшло і секунды, як ён ляжаў на ходніку.

Трэці амбал прыставіў да грудзей Аліцыі доўгі нож:

— Толькі ціхенька, сінічка, ціхенька, бо я так памацаю, што нічога больш не захочацца!

Аліцыя не крыкнула.

Яна бачыла, што Друцкі нерухома ляжыць. Два тыпы выпрасталіся над ім і пільна прыслухоўваліся.

— Ну, паехалі! — рэзкім шэптам паклікаў амбал, які стаяў з Аліцыяй, — забірайце бабкі ў фраера, вашу маць! Чаго чакаеце! Паехалі!

Тыя два схіліліся над ляжачым, і раптам адбылося дзіўнае.

Адзін з іх апісаў велізарную дугу ў паветры і грымнуўся на дарогу, як мех з пяском.

У той жа момант другі перакуліўся ў паветры і апынуўся на зямлі разам з Друцкім.

Секунда — і ён ускочыў, але за пояс яго трымаў Друцкі. Бандыт з нажом, які да гэтага часу пільнаваў Аліцыю, адным скачком дасягнуў іх.

— Асцярожна! — крыкнула Аліцыя і выдыхнула, убачыўшы, што Друцкі зарыентаваўся і абараніўся ад удару амбалам, якога трымаў у руках.

Мімалётам яна зірнула на трэцяга бандыта.

Гэты ледзь рухаўся і поўз на карачках у бок плота стадыёна. На дарозе засталася палка.

Доўга не думаючы, Аліцыя схапіла яе і, замахнуўшыся дзвюма рукамі, хацела выцяць таго, які якраз намагаўся дастаць нажом да плячэй Друцкага.

Яна ведала, куды біць, але адбылося нешта неспадзяванае: Друцкі кінуў амбала, якога трымаў у руках, на яго таварыша, і ўдар жалезнай палкі трапіў на руку, што трымала нож.

Налётчыкі паўскоквалі з зямлі і кінуліся наўцёкі.

Аліцыя паглядзела на Друцкага.

Ён смяяўся.

— Даўно са мной нічога такога не здаралася, — у голасе яго нібыта загучала палёгка.

Па твары Друцкага сцякала кроў. Каўнер футра бездапаможна звісаў, амаль цалкам адарваны.

Аліцыя ўважліва агледзела палку і кінула яе на ходнік.

— Каб яшчэ хто не натрапіў, — спакойна сказала яна, абтрасаючы пальчаткі.

Друцкі выціраў хусцінкай кроў.

— Канечне, — запярэчыў ён. — Я бачыў двух прахожых у канцы вуліцы Снядэцкіх, але, відавочна, яны не хацелі ўмешвацца не ў свае справы. Бандыты ў вас сумку не скралі?

— Не.

— Ну дык хадземце.

Ішлі яны моўчкі. Аліцыя была не з баязлівых. Таму калі ёй гэты Вінклер так моцна і спадабаўся, то не за адвагу, а за сваю незвычайную прысутнасць духу, ну і за спрыт. Яго мозг, пачуцці і мышцы павінны былі гадамі дзейнічаць у згодзе, бо яны працавалі вельмі зладжана і вокамгненна.

— Ці не здаецца вам, — перарваў Друцкі роздумы Аліцыі, — што трэба было б, аднак, паведаміць у паліцыю.

— Зразумела. Патэлефаную з дому. У гэтым раёне раней не здаралася падобных нападаў.

— Спадзяюся, што такое не паўторыцца.

— Вы думаеце, што напад учынілі менавіта на вас?

— З чаго б гэта, — засмяяўся ён. — Я ні з кім не збіраюся зводзіць рахункі, а значных сум з сабой не нашу. Акрамя таго, калі б гэтыя бедалагі ведалі, з кім ім давядзецца мець справу, — бліснуў ён на Аліцыю вачыма, — то, думаю, што ўзялі б з сабой яшчэ двух-трох таварышаў.

— Так, — сказала Аліцыя, — вы гэта спрытна зрабілі. Я жыву тут… Зайдзіце да мяне наверх, я прамыю вам рану.

— Добра.

Друцкі паправіў каўнер.

— Вось бачыце, — усміхнуўся ён, калі яны прайшлі міма заспанага вартаўніка, — нягледзячы ні на што, я ўсё ж буду ў вас.

— Прашу цішэй, — адказала Аліцыя, упускаючы яго ў вітальню. — Здыміце футра.

Яна ўключыла святло і заўважыла, які бледы яго твар.

— Што з вамі? — спужалася яна.

— Не, нічога. Толькі… можа, вы б дапамаглі мне зняць… што-небудзь з шыі. Мне цяжка левай рукой…

— Зараз.

Аліцыя асцярожна сцягнула з яго футра. Усё ўнутры было заліта крывёй. Над левым плячом нож прабіў фрак, і адтуль яна сачылася.

Трэба было зняць фрак, каўнерык, камізэльку і кашулю. Гаспадыня правяла госця ў ванную, дапамагла распрануцца, прынесла бінт і ёд.

На шчасце, рана не была надта глыбокая, але шырокая і балючая.

Намнога больш Аліцыя непакоілася пра гэтую, над скронню. Тут скура была здзёртая ад удару на некалькі сантыментаў, але мог быць пашкоджаны і чэрап.

— Тут баліць? — пыталася яна, націскаючы каля раны кончыкамі пальцаў. — А тут?.. А тут?..

— Не, не баліць. Крыху шуміць у вобласці лба, але з галавой усё ў парадку.

— Я вам перавяжу галаву.

— Не. Дзякуй. Кроў не ідзе — і добра.

— Можа, кілішак каньяку?

— Барані божа!

Аліцыя хвіліну ўвіхалася, прыбіраючы акрываўленыя кавалкі ваты і мыючы рукі. Потым яна села насупраць Друцкага на край ванны. Толькі цяпер да яе дайшло, што вось ён тут, з перабінтаваным торсам, з мускулістымі плячыма, што хвіліну таму яна кранала яго голую скуру, бронзавую, гладкую і бліскучую. Якія ж зграбныя ў яго грудзі!.. І шыя прыгожая, а моцная, як дуб…

Вочы ў Друцкага былі прыкрытыя, а на вуснах паўусмешка.

І чаму, чаму… ён зараз не скажа ёй: «Я лягу, а ты мяне даглядай, кленч ля ложка… застануся тут з табой і толькі для цябе… толькі…»

У незаслоненае акно ўдарыў першы ружававата-жаўтаваты прамень.

Друцкі расплюшчыў вочы і ўстаў:

— Прашу прабачэння. Я апрануся.

— Я вам дапамагу.

— Дзякуй! Я спраўлюся. Вялікі дзякуй!

— Што ж, зноў вы, відаць, саромеецеся?

— Саромеюся, — адказаў ён з усмешкай.

— Не хвалюйцеся. Я ўсяго толькі самарыцянка.

Аліцыя дапамагла Друцкаму апрануць кашулю, якая якраз прасохла, аднак урэшце павінна была пакінуць яго аднаго, калі і ніжнюю частку кашулі трэба было заправіць у адпаведнае месца.

У гэты час яна некалькімі шпількамі прымацавала каўнер да футра.

— Вы абавязкова павінны выклікаць доктара, — сказала яна, калі Друцкі выйшаў у вітальню.

— Добра. Але я вас таксама аб нечым папрашу. Пакіньце званок у паліцыю на маю адказнасць. Я не хацеў бы, каб ваша прозвішча было замяшана ў гэтым.

— Але чаму?

— Улічваючы ваша становішча і пару, у якую на нас напалі.

— Як хочаце.

— Дык згода? Дзякуй вам і да пабачэння, да заўтра.

— Не.

— Калі б я гэтаму «не» павінен быў паверыць, то не выйшаў бы адсюль увогуле.

— Паверыце тады, калі ўжо выйдзеце.

Друцкі пахітаў галавой, сыкнуў ад болю, рассмяяўся, пацалаваў Аліцыю ў руку і выйшаў.

Аліцыя абаперлася плячом аб дзверы і сціснула кулакі. Яна чула яго крокі на лесвіцы. Чаму ён не вяртаецца?! Божа, чаму не вяртаецца?!

Яе рука сама ледзь не пацягнулася да дзвярной ручкі, каб выбегчы за ім, каб крыкнуць…

Стрымалася. Аліцыя раптам успомніла адну недарэчную сцэну з фільма, дзе наіўная дзяўчына стаіць ля дзвярэй, прыслухоўваючыся да крокаў сыходзячага.

Гэтага было дастаткова, каб апрытомнець.

Аліцыя накінула ланцужок і патушыла святло. Класціся спаць ужо было позна.

Яна прыняла ванну, апранулася ў рабочую сукенку і ўзялася праглядаць акт справы Шэрмана аб кантрабандзе тытуню.

Так яе і заспела Юзэфова, якая прыйшла са снеданнем.

— Панну Юльку ўжо разбудзілі? — спыталася Аліцыя.

— Яна ўжо мыецца, пані.

— Добра.

Паснедалі разам.

— Ты сёння дрэнна выглядаеш, Аля, — казала Юлька, — ты бледная, і ў цябе сумныя вочы.

— Нічога страшнага, дарагая. Ну, затое цяпер я маю час на цябе. Я адвязу цябе ў школу.

Юлька вельмі хацела спытаць, што з доктарам, але інтуіцыя ёй падказвала, што лепей гэтую тэму не кранаць.

Аліцыя адвезла яе на таксі ў гімназію і ў восем пятнаццаць ужо была ў судзе. У гэты дзень у яе было шмат работы і ў дадатак нарада ў пракурора Мартыновіча. Акрамя таго, яна не магла пазбавіцца ад думак пра Вінклера.

«Прыйдзецца, аднак, пацікавіцца яго здароўем».

Урэшце бліжэй да чацвёртай гадзіны яна пазваніла ў «Аргенціну». Нейкі мужчынскі голас праінфармаваў яе, што пана дырэктара ў такі час ніколі не бывае, затое, магчыма, ён у сябе, у «Брысталі».

Там ёй сказалі, што так, пан Вінклер у сваім пакоі, і злучылі іх.

Адказаў вясёлы жаночы голас. Можа, гэта памылка?

— Гэта нумар пана дырэктара Вінклера?

— Так, — адказваў голас, — папрасіць яго?

І, не чакаючы адказу, голас закрычаў:

— Цябе нейкая жанчына…

Аліцыя хутка адклала трубку, адсунула апарат, паправіла каўнер сукенкі і адкрыла наступную папку з актамі.

— Ага… Справа Фабіяна і Марыяны, мужа і жонкі Ячкаў, пра крадзеж векселяў…

Стала цёмна, і трэба было ўключыць лямпу.

Загрузка...