Шамбала

(раман)


Аднойчы раніцай Лявон К. прачнуўся і знайшоў-сябе-ў-сьвеце.


* * *


...Шчотка й зубны парашок былi з пракаветных часоў, яшчэ Гераклiт iмi карыстаўся, яны былi сярод алхiмiчных прыладаў Парацэльса, Вялікі гетман Агінскі вазiў iх у невялiчкiм куфэрку, уцякаючы ад маскалёў. Цяпер яны ляжалi ў шафачцы, побач зь iншымi рэчамi, шторанiцы ён чысьцiў зубы, палошчучы рот вадой, крыху iржавай, з прысмакам хлёркi. Ён тварыў гэты рытуал, спрабуючы затушыць усе пачуцьцi, каб засталiся толькi зубы й рука, цешачы сябе думкай, што прыпадабняецца прыродзе, якая таксама не ўсьведамляе лёт восеньскага лiста цi плёскат вады, што гэта нязначнае дзэн-практыкаваньне прыдасца яму для нечага iншага.


* * *


Набрынялыя нечаканай празрыстасьцю, ейныя вочы былi адзiнай сьветлай плямкай у ягоным жыцьцi, так яму чамусьцi падумалася.

Ён перайшоў дарогу й некаторы час бязмэтна ішоў па прашпэкце, потым збочыў, сеў, прытулiўся да агароджы. Дзьмуў лёгкi ветрык.

Лявон К. выцягнуў нататнiк, у якi ён запiсваў тое, што адбывалася вакол яго. Калi ён проста сядзеў, сузiраючы навакольнае асяродзьдзе, каля яго часам спынялiся людзi, аб нечым пыталiся, часам вымушалi паказваць пашпарт.

З нататнiкам жа ён нiбыта чымсьцi займаўся, i хаця, чым ёсьць гэты занятак, Лявон наўрад цi быў здольны камусьцi патлумачыць, у паветры лунала пачуцьцё пэўнасьцi й бясьпекi.

Лявон К. знаходзiўся ў стане разьяднанасьцi са сьветам i ўласным жыцьцём, на меркаваньне знаёмага псыхiятра, у яго назiралiся ўсе прыкметы падваеньня асобы, памножаныя на астэна-дэпрэсіўны сындром i неспрыяльныя хатнiя ўмовы. У дадатак да розных пiгулак псыхiятар раiў бегаць, пiць бром i сябраваць з кабетамi, на апошняе налягаў асаблiва, пры гэтым прыцмокваў языком i рабiў непрыстойныя гэсты. У адказ Лявон ласкава называў яго майн Фройд i, у сваю чаргу, раiў больш чытаць, тут жа прапаноўваючы якi-небудзь ноўбэл прайз ноўвэл са сваёй бяздоннай торбы альбо проста кнiжку з малюнкамi, якую ён часам купляў для дачкi гаспадынi.

Зранку Лявон К. наведваў лекцыi ў несамавiтым шэрым будынку на галоўнай плошчы гораду, але пасьля дзьвюх гадзiнаў ён быў ужо вольны. Ён адразу iшоў пiць каву ў бiстро «Хвілінка», i яму здавалася, што наведваў лекцыi iншы чалавек, а ён гэты час спаў i прачнуўся толькi тут, у бiстро, i з гэтага пачаўся ягоны дзень.

Часам кава ў горадзе зьнiкала, тады пасьля дзьвюх ён адразу iшоў у пакойчык i клаўся спаць, вырашыўшы, што калi немагчыма прачнуцца сярод сну, дык застаецца толькi заснуць. Тое, што жыцьцё — гэта толькi сон, было ягонай працоўнай гiпотэзай, якая фактам пакуль не супярэчыла й да таго ж мела доўгую гiсторыка-культурную традыцыю.

Праўда, гэты сон-навакольле запэўнiваў, што ён i ёсьць адзiнай i непахiснай рэчаiснасьцю, але якраз гэтай гiпотэзе супярэчылi шмат якiя факты. Па-першае, рэчаiснасьць нiяк не магла быць незразумелым балаганам, а ўсе ягоныя сябры пагаджалiся, што вакол менавiта балаган, рэжысэр якога аніяк ня можа працьверазець. Па-другое, Лявон К. прачынаўся сярод гэтага балагану, i тады яму прыходзiлi ў галаву яго лепшыя старонкi, ён адчуваў свабоду й гармонiю. Было б дзiўна, калi б iснавалi дзьве роўналеглыя рэчаiснасьцi, калi сапраўдная рэчаiснасьць — свабода, суладзьдзе й творчасьць, дык тое, iншае — напэўна толькi сон.


* * *


Ад некаторага часу Лявон уваходзіў у невялікую містычна-дэкадэнцкую групу, якая праходзіла па дакумантацыі раённага аддзелу КДБ як «рэлігійна-антысавецкая сэкта з цэнтрам у Шамбале» і ад якой цярпліва чакалі чаго-небудзь, што можна было б далучыць да справы як рэчавы доказ.

Яны звычайна сыходзiлiся ў Санскрыччыка а восьмай гадзiне i бавiлi час да адзiнаццацi. У студыi, якую той вартаваў, было прасторна й артыстычна, да таго ж шмат якiя рэчы, што служылi для нацюрмортаў, можна было выкарыстоўваць па прызначэньні, што яны й рабiлi з усёй непасрэднасьцю і артыстызмам.

Сьветлая плямка ў жыцьцi, празрысты аловак, якiм пiша свае пiсьмёны Бог, падумалася яму.

Яна таксама прыходзiла на iхныя сходкi, сядала ў кутку, незаўважна ўваходзiла ў патаемныя сувязi з рэчамi абсталюнку. Тое, на чым спыняўся яе позiрк, нiбыта вылучалася з усяго, ажывала. А потым пачыналi здарацца дзiўныя рэчы — сярод гутаркi зьнянацку ўсе змаўкалi й пачыналi бачыць. Што менавiта, нiхто растлумачыць ня мог. Часам хтосьці спрабаваў патлумачыць гэта тэарэтычна, але гэта ўжо было ня тое. Усе ветлiва слухалi, Санскрыччык пацiху заўважаў ветлiвасьць i абачлiва пытаўся ў Яе, што Яна думае пра Шамбалу. Яна ў адказ усьмiхалася, i ўсе разумелi: так, гэта й ёсьць Шамбала.


...нiкейскiя трыеры адышлi ў сваё апошняе падарожжа, на пошукi таемнай зямлi, праз усё змушэньне й недасканаласьць сьвету, праз тугу, што ўладарна пануе, нязбытна адшуквае нас у шчыльна набiтых кватэрах, сярод крыху сумнага фэсту жыцьця, ставiць тварам да вечнасьцi, i ў гэтым крохкiм люстэрку рэчаiснасьць адбiваецца як сон, што сьнiцца нiкому, сказаў ён.


Загрузка...