Радзіма — Крыўя* (Атлянтыда)
Узрост: 27 год
Імя: Францішак
* 1. Пахаваная на ядлоўцавых пустэчах.
2. Ціха пульсуе ў крыві.
3. У восьмым стагодзьдзі апусьцілася на дно гісторыі.
4. Сёньня існуе як культурны міт.
* * *
Расчыніць дзьверы і ўвайсьці ў гастраном «Радзіма»: кавы, калі ласка. Падвойную з цукрам. Мусім тут сабрацца, дамаўляліся а дванаццатай, тут, пад гадзіньнікам. Будзем чакаць.
Чакаць-чакаць. Тут, пад гадзіньнікам, час спыняецца, можна згадаць дзяцінства. Заўсёды можна згадаць дзяцінства.
Запытацца — як — калі — высьпела гэтае цела, гэтая абалонка і што ўнутры? Якім чынам душа прыняла форму безнадзейнай выспы, замкнутае манады — сярод абставінаў, дэкарацыяў, іншых целаў? Куды, бяздомная вандроўніца, ідзеш, паліш цыгарэту, аглядаеш урбаністычныя краявіды? Адна.
Адна.
* * *
Ціха пульсуе ў крыві радзіма.