Французскі кароль Людовік IX па мянушцы Святы прыдумаў яшчэ адзін сродак аблупежваць люд паспаліты: хто хацеў заехаць у Парыж, які тады месціўся амаль увесь на выспе Сітэ, мусіў заплаціць. А калі да адзінага моста, які вёў на выспу, пад’язджаў балаган, расплачваўся малпінымі манетамі.
Гэта значыла прадэманстраваць варце бясплатна сваё майстэрства, і каб балаганная малпачка абавязкова паваражыла жаўнерам, выцягнула для іх паперкі з самымі лепшымі прадказаннямі.
Карэта, якая цёплым красавіцкім надвячоркам заязджала ў маёнтак Бяльмонты ў Опсе, малпачак не везла. А везла вельмі важную даму са злымі сінімі вачыма. Такую важную, што перад ейнай карэтай імгненна расчыніліся цяжкія каваныя вароты. Зрэшты, паслужлівасці паспрыяў і ліст, які перадаў варце малады шыракаплечы лёкай, што прыстроіўся на запятках карэты.
Колы праехаліся па лужыне — спадчыне нядаўняга дажджу. Лужына была дробная, вераб’ю па калена, — за паркам пільна сачылі. Фурман, блакітнавокі русачубы дзяцюк у фалендышавай світцы, падагнаў лейцамі коней.
Далей шлях ішоў па гарбатым мосце з каванымі парэнчамі — чорным жалезным голлі з пазалочанымі ружамі — і скончыўся перад казачным двухпавярховым дамком з вострым чарапічным дахам, пузатымі балкончыкамі і бялюткімі мармуровымі калонамі-карыятыдамі. Дом святлеў на маленькім востраве пасярод возера, быццам вялізная дзівосная лілея.
— Няхай ваша светласць прабачыць — не чакалі вас так хутка, — сагнуўся ў паклоне мясцовы ахмістр, нахабны дзяцюк са шчокамі, за якія хацелася ўшчыкнуць. — Ягоная светласць граф Мануцы ў ад’ездзе. Але будзьце пэўныя — мы атрымалі ўсе належныя распараджэнні і ўладкуем вашую мосць як найлепей.
Пані са злымі сінімі вачыма адсыпала французскіх словаў так хутка і фанабэрыста, што можна было не перакладаць. Лаецца. Яе ўласны лёкай, які саскочыў з запятак карэты, плячысты юнак са светлымі адсутнымі вачыма, паставіў пад ногі сваёй пані абцягнуты аксамітам зэдлік, але рукі не падаў, цяльпук. За пані з экіпажа спрытна выскачыў худы высокі пан у капелюшы, упрыгожаным страусавым пяром, з чорнымі вусамі, як у прусака. Зялёныя вочы пана паглядалі дужа змрочна. Быццам мусілі насамрэч быць чорнымі, як лістападаўская ноч і ведзьмакова сэрца. Пані палічыла патрэбным у адказ на запытальныя позіркі гайдукоў, што вартавалі чароўны астравок, тыцнуць пальцам у вусатага:
— Maître à danser[5].
Пасля перакладу ахмістра — «Танцам будзе вучыць» — насцярожаныя позіркі варты на пана змяніліся на пагардлівыя. Хіба занятак для мужыка — скакаць па паркеце?
Пані, уладна пацокваючы абцасікамі па брукаванай дарожцы, накіравалася ў павільён, за ёй пацягнуліся настаўнік танцаў і лёкай, нагружаны вялізнай скрынкай, у якой, напэўна, ляжала панская спадніца.
Фурман толькі цяпер уцяміў, наколькі няўдзячная роля яму дасталася: ягоная ж справа — даглядаць коней ды карэту... А стайня ля вялікага дома, значыць, давядзецца з’язджаць з астраўка, куды гэтак рызыкуючы патрапілі...
На шчасце, яшчэ належала разгрузіць шматлікія куфры. Галоўнае — не спяшацца ды гыркнуць пастрашней на мясцовую прыслугу, што графіня Сільвія не давярае чужым чапаць свае рэчы...
Нарэшце Карусь у агідна залацістым лёкайскім касцюме вярнуўся, махнуў рукой — маўляў, панеслі гаспадарскае дабро...
Пранціш валок куфар з пазычанымі ў Давыда трантамі і стараўся страляць вачыма па баках не надта нахабна. А падзівіцца было чаму... Ого, каб колішні загонны шляхцюк Вырвіч па мянушцы Гнаявік, які вывозіў з бацькам на поле перагной, уторкнуўшы ў смярдзючую кучу шаблю, каб не было шкоды шляхецкаму гонару, патрапіў у такую раскошу! Каралеўская раскоша... Пад нагамі — чорныя ды белыя паліваныя плітачкі, аж страшна паслізнуцца. Шпалеры шаўковыя залацістыя ў букеты, белая з золатам мэбля з тонкімі ножкамі нібыта прысела ў рэверансе, карункавыя фіраначкі, блакітна-ружовыя аксамітныя парцьеры, пухнатыя дываны, што нагадваюць паляны, зарослыя стакроткамі, срэбныя вазы — адны люляюць ружы, іншыя — вінаград ды апельсіны. Парцалянавыя статуэткі з’есці хочацца, люстэркі ў круглых пазалочаных рамах — нібыта акенцы ў вырай... Лавандавай вадой, напэўна, падлогу мыюць.
Перад вачыма Пранціша мільгалі белыя панчохі фальшывага лёкая, скабы пераціскала Давыдава камізэлька, хацелася піць і прыбіць графа Мануцы.
Вока зачапілася за расфарбаваныя барэльефы ружаў над кожнымі дзвярыма. У пакоі пад белай ружай размаўлялі на французскай — дакдадна голас Чорнай Меланхоліі, а вось і Сафійка шчабеча, але на вачах праважатых Вырвіч не мог збочыць. Затое ў маленькім пакойчыку ў самым канцы калідора, абазначаным нат не ружай, а скурчаным бутонам блякла-юлёвага колеру, туды і належала занесці куфар, знайшоўся Лёднік — застыў на фоне акна чорным пагрозным груганом.
— Мы з Карусём вырашылі пакуль не паказвацца Сафійцы, каб выпадкова не выдала нас, — прашаптаў доктар. — Меланхолія знак падасць, калі ад наглядчыкаў пазбавіцца.
Добра, што сам умее не паказваць пачуцці, бо зразумела — душа рвецца, каб схапіць крывіначку сваю ды з боем вывезці з гэтага прытона.
За куфрамі давялося схадзіць яшчэ двойчы — нешта адносіць у пакой графіні Сільвіі, куды большы ды багацейшы, чым у настаўніка танцаў. Над дзвярыма ззяла жоўтая ружа.
Праходзячы паўз пакой, дзе чуўся ласкавы голас графіні Сільвіі, Пранціш прымаруджваў крок і прыслухоўваўся, як да ўласнага сэрца, — французскую ж добра засвоіў, пакуль у Ліёне вучыўся, а потым настаўнікам фехтавання падпрацоўваў.
Адзін раз ухапіў кавалак размовы: ах, як неабходна прыгажуні, лёс якой — упрыгожваць каралеўскія палацы, дасканаліць манеры. Сафійка нечакана ўладным тонам пярэчыла, што здабудзе вядомасць не прыгажосцю, якая ёсць эфемернай субстанцыяй, а разумовымі здольнасцямі і хоча не ўпрыгожваць штосьці там, а славіцца праз навуку, як пані маці і пан бацька.
I адкуль такі перабольшана-капрызлівы тон? Нішто сабе выхаваў крывіначку Лёднік, лейцаў шкадуючы.
У другі свой праход Вырвіч пачуў, як «графіня» вуркоча пра таемную зброю жанчын супраць мужчын, якой належыць авалодаць самотнай прыгажуні, і ледзь не сплюнуў, уявіўшы, што — каб не іхняе з’яўленне — было б тое навучанне ўсур’ёз.
Калі занеслі апошнія куфры, Лёднік прашаптаў:
— Уцякаць трэба сёння ж. Флейтыст, так бы мовіць, агент мясцовых абураных жыхароў у маёнтку, сказаў, граф Мануцы заўтра вяртаецца.
Вырвіч, крэхчучы, усеўся на ложак — не справа падкаморага куфры цягаць, з палёгкай расшпіліў цесную камізэльку.
— Ты так проста пагадзіўся на супрацу з бунтаўнікамі... Скуль ведаеш, што той музыка нас не здасць?
Доктар асцярожна пакратаў наклееныя вусы.
— Ён сам з мясцовых, нядаўні пастушонак. Здагадваюся, што сябровачку ягоную сардэчную граф злапаў. Скрадзеныя дзяўчаткі сапраўды ў сутарэннях, як нам і казалі. Раней наверсе жылі, таксама танцам ды спевам вучыліся. А як Сафійку сюды прывезлі — усіх спешна схавалі і баляванні адмянілі. Часова, вядома, — доктар выдыхнуў праз сціснутыя зубы, каб змагчы гнеў. — У так званай зале Чырвонай ружы ёсцека ўваход у дольнае памяшканне. Госці звычайна, як добра нап’юцца, набалююцца, спускаюцца разам з мясцовымі німфамі ўніз.
Карусь сціснуў кулакі.
— Нам бы зброю здабыць, пан...
Лёднік кіўнуў.
— Падчас вячэры перададуць. Утрох нам з вартай усё адно не зладзіць, але мясцовыя абяцаюць сур’ёзную падтрымку... Трэба толькі дакладна разведаць, дзе што, і падаць сігнал. Выбачайце, прыйдзецца крычаць савой. Мусіць, Карусь, твая доля.
Хлопец засяроджана кіўнуў.
У дзверы настойліва пастукалі. Карусь з Пранцішам кінуліся парадкаваць куфры — а для чаго яшчэ слугам знаходзіцца ў панскім пакоі? Пахолак у каптане з ружовага мультану абвясціў, што графіня Сільвія жадае пазнаёміць сваю новую выхаванку з шэвалье д’Арманжам, то бок настаўнікам танцаў, а слугі ейныя мусяць прынесці для паненкі парыжскі строй. Застаецца спадзявацца, гэта значыла, што Меланхолія пазбавілася ад віжоў.
Пранціш асцярожна трымаў шаўковы падол сукенкі, расшыты перлінамі, Карусь — плечыкі... Быццам злавілі блакітнага пералівістага прывіда і павольна нясуць яго па калідоры, пільнуючы, каб не вырваўся ды не нырнуў у адно з круглых люстэркаў. Наперадзе шыбаваў Чорны Доктар, прыспешваючы крок, — бо ўсё бліжэй чуўся нязвыкла капрызлівы голас Сафійкі:
— Танцы — марнае баўленне часу. Я лепей пайду ў маю лабараторыю. Трэба скончыць вельмі цікавы дослед з нітратамі, сутнасць якога, зразумела, не кожнаму можна патлумачыць...
— Вядома, дзе ўжо простым смяротным зразумець такую вучоную паненку! — уварваўся доктар у пакой саркастычным віхорам.
Ой, схібіў у выбары тону размовы з дачушкай!
Карусь, Пранціш і блакітная сукенка засталіся на варце перад дзвярыма. Вырвічу ўдалося нават падглядаць праз шчыліну.
Лёднік абняў дзяўчо, як сваё апошняе шчасце, потым, упэўніўшыся, што родная кветачка ў цэласці, адхінуўся:
— Чаму ўцякла?
Сафійка, радасць якой ад нечаканага з’яўлення таткі тут жа прыгасла, пакрыўджана падціснула вусны. А прыгожанькая — сапраўды анёлак. Але напятая... Сама не свая.
— А чаму вы мяне пакінулі, як у турме? Самі паехалі глядзець машыну майго брата, а мне нават не сказалі! А пан Кемпелен, аказваецца, гатовы быў мяне таксама ў вучаніцы ўзяць, як i Алеся! Я... дасылала яму мае развагі пра солі натрыю, але адказу не атрымала. Мусіць, вы не аддалі! Граф Нікола прапанаваў адвезці мяне да Кемпелена, а там i вас бы сустрэлі...
Вось чаму суседзі Жылкавы нічога падазронага не пачулі — паненку не гвалтам у карэту пасадзілі. Сама, дурнічка, залезла. Вырвіч скасавурыўся на Каруся — хлопец, прыслухоўваючыся да гаворкі за дзвярыма, так сціснуў блакітную пералівістую тканіну, быццам яна спрабавала вырвацца.
Меланхолія буркатнула, што самы час для сямейных сцэнаў, і зараз жа клавікорды пад яе пальцамі нарадзілі нешта вясёленькае: спрактыкаваная шпіёнка заглушала сямейную сварку. А галасок юнай красунькі ўсё цурчэў:
— Шкада, спазнілася — пакуль мяне прывезлі ў Вену, гер Кемпелен з’ехаў. А вам я непатрэбная. Нікому. «З бабамі гаварыць няможна», «З дзеўкамі нельга за стол садзіцца», «Датыкацца да кабеты — грэх», — гэта яна відавочна Карусёвы сентэнцыі згадвала. — Спіхнулі мяне цемрашалам Жылкам! Пані Жылка нават на кнігу ў маіх руках касавурылася. Вы ж не збіраліся за мной вяртацца, праўда?
У голасе Сафійкі чуліся слёзы.
— Хто табе такое глупства нагарадзіў? Нягоднік Мануцы?
Лёднік раздражнёна крануў фальшывы вус, які, відаць, страшэнна хацелася сарваць.
Сафійка ганарыста закінула галаву з высокай моднай фрызурай. Каб пад ёй яшчэ мазгі кемілі.
— Я так i думала, што ты не зразумееш! Пані-маці забараняў пацыентаў прымаць! I мне доследы рабіць не даваў! А граф Мануцы мне цэлую лабараторыю падарыў! А ягоная вялікасць паабяцаў, што я атрымаю ўніверсітэцкую адукацыю!
Вось апрацавалі дурненькае дзяўчо... Меланхолія паціху рагатала, выбіваючы з графскіх клавікордаў задзірыстыя рытмы.
— Я табе дома патлумачу, якую адукацыю добры граф і дабрадзейны кароль хацелі табе даць, — як мага спакойней прамовіў доктар. — Пакуль пастарайся паводзіцца пры чужых як звычайна. Падрыхтуй, што хочаш з сабою ўзяць... Толькі сваё. Не трэба графскіх ды каралеўскіх падарункаў.
— Я не хачу з’язджаць! Граф добры, ён дазволіць табе тут пасяліцца... Папрашу, каб даў табе месца доктара. Потым у Варшаву паедзем, да каралеўскага двара. Я дакажу ўсім, што жанчына можа быць вучонай!
Меланхолія выдала асабліва пяшчотную мелодыйку i весела азвалася:
— Запомні, дзеўка: мужчыны хваляць наш розум, а лупяцца пры гэтым на цыцкі.
— Я стану першай жанчынай — дыпламаваным доктарам!
Тут ужо Вырвіч не вытрымаў, кінуў сукенку на Каруся i забег у залу.
— А дыплом будзеш у ложку пацвярджаць? Твая маці наўрад хацела, каб дачка зрабілася самадайкай!
Сафійка разгубілася, пачырванела, прамармытала нешта пра тое, што ёй не зробяць нічога кепскага...
— А чым ты лепшая за тых дзяўчатак, што ў сутарэннях тут сядзяць і якіх гвалцяць уладныя мярзотнікі з тваім графам на чале?
Не чакаючы, пакуль дзяўчо рэкне, што такога не можа быць, адрэзаў:
— Мы жыццём рызыкуем, каб цябе вызваліць. Што, усіх нас здасі?
Сафійка — вось цяпер дакладна бачна, што таткава дачка, — яшчэ больш зацялася. Цёмныя вочы ўпарта бліснулі.
— Ну дык не рызыкуйце. Пакіньце мяне, такую... сапсаваную. Усё адно я не хачу траціць жыццё на гатаванне якіх-небудзь адмысловых рубцоў з анісам ды вышыванне. I не хачу, каб у мяне выдзіралі з рук трактат, які для мяне нібыта занадта складаны.
Меланхолія адарвала рукі ад клавішаў і дэманстратыўна папляскала ў ладкі, а Пранціш узрадаваўся, што ягоныя сыны занадта малыя, каб займець такую нявесту, як чароўная Лёднічанка.
Невядома, што сказаў бы ўзрушаны Лёднік і колькі б доўжылася прыкрая сцэна, але няспешным крокам ляснога жыхара ў залу зайшоў Карусь. Кінуў на бліскучы паркет блакітную сукенку — толькі абручы глуха стукнулі, наблізіўся да панначкі, якая пазірала на яго неяк адчайна. Дзіва — не адвёў вачэй, падышоў ушчыльную... I — неверагодна — асцярожна дакрануўся да вузкай дзявочай далонькі. Самымі кончыкамі пальцаў... Напэўна, першы раз у жыцці. За гэтым бязважкім дотыкам было столькі...
— Не трэба так з сабою ўчыняць. I з тымі, хто цябе любіць.
I нібыта нешта зламалася ў паненцы... Нешта злое, упартае, што змушала трымаць спіну выпрастанай, тварык — надзьмутым, а голас рабіць манерна-капрызлівым. Дзяўчо кінулася да бацькі і давай плакаць-раўці яму ў шаўковую заёмную камізэльку...
— Прабач... Я не хацела... А потым вырашыла — мо і да лепшага... Няхай прападу... Усё адно я ніколі не буду такой, як маці... Ты ж на мяне глядзіш i шукаеш падабенства з ёю...
— Дачушка мая... Ты мне дарагая як ёсць...
— Татусь, а чаму ў цябе вочы зялёныя?
I тут дзверы расчыніліся. Доктар ледзь паспеў адхіліцца ад дачкі і ўзняць рукі ў нейкай танцавальнай фігуры.
— Чаму найяснейшая панна плача?
Ахмістр прамаўляў такім салодкім голасам, што ўспаміналася пра забальзамаваных у мёдзе нябожчыкаў.
Разгубленая Сафійка спрабавала нешта прыдумаць...
— Гэта я вінаваты, ваша мосць. Паненчыну сукенку выпадкова падраў ды запэцкаў...
Карусь паказаў на сумёт блакітнай пералівістай тканіны і схіліў галаву... Меланхолія тут жа падляцела з самай ветлай усмешкай, адштурхнула Лёдніка, прыабняла за плечы вучаніцу.
— Давайце, мадэмуазэль, выставім прэч гэтых грубых мужчын і ўсё выправім... Прыйдзе ваша пакаёвачка. Усё зашыем, пачысцім, прымераем гэты цудоўны ўбор проста з Парыжа, ад мадысткі самой каралевы Марыі-Антуанеты мадэмуазэль Розы Бертэн... I я навучу паненку прыгожа рабіць рэверансы і некаторым таемным знакам, якімі абменьваюцца пры двары куртуазныя людзі...
Пакуль Меланхолія вуркатала, ахмістр выштурхаў настаўніка танцаў, фурмана і лёкая з залы пад белай ружай... А ў кадідоры ўжо чакалі гайдукі, хлапцы ладныя і ў патрэбнай дозе бязмозглыя. На фурмана і лёкая тут жа пасыпаліся бязлітасныя кухталі. Пранціш, прыкрываючы галаву рукамі, заўважыў, што Лёдніка ахмістр схапіў за грудкі, прыціснуў да сцяны і некалькі разоў да яе прыклаў, ажно пудра з парыка пасыпалася, добра, што вусы не адваліліся.
— Табе што сказана, жабаед? Паненцы дагаджаць!
I не абаронішся ж! Прыніжэнне якое! Пранціш качаўся побач з Карусём па падлозе, выкладзенай чорна-белымі плітачкамі, і мог толькі спадзявацца, што скабы вытрымаюць сутыкненні з чужымі ботамі. Побач птушкаю праляцела дзеўка ў белым каптурыку з такім жа белым ад жаху тварам — пакаёўка Сафійкіна, відаць. Абмінула Каруся, быццам корч, заляцела ў залу... У прыадчыненых дзвярах мільгануў спалоханы тварык Сафійкі, якая пабачыла, як таўкуць яе бацьку, хроснага ды кавалера, але Меланхолія цвёрдай рукой адцягнула вучаніцу і зачыніла дзверы.
Нарэшце пакаранне праштрафленых слуг скончылася. Лёднік, як нічога не было, паправіў змяты каўнер рукой у шаўковай пальчатцы, папытаўся, ці можа ён ісці разам са сваймі людзьмі і рыхтавацца да вячэрніх заняткаў з мадэмуазэль.
Ахмістр слізгануў позіркам па фурмане і лёкаі, што, крэхчучы, уставалі з падлогі, і адказаў на ламанай французскай:
— Лёкая бяры. Фурман няхай ідзе ў стайню, лішніх людзей тут не трэба.
—...Куды едзеш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом...
— На кірмаш, васпане...
Ой, вір-вір, бом-бом...
Дудачка выводзіла прыгожую сумную мелодыю, сонца неахвотна апускалася за далёкі лес, барвовыя водбліскі мігцелі на паверхні возера, чарапічны дах Ружовага павільёна здаваўся таксама барвовым... Як запечаная кроў.
Вырвіч сцягнуў шапку са змакрэлых валасоў — красавіцкі вечар выдаўся надзіва цёплым, ціхім, як шэпт віжа... Каб яшчэ не думаць, што цяпер робіцца ў мілым дамку на чароўнай выспе... Скасавурыўся на музыку: мясцовы Арфей найграваў на сваім немудрагелістым інструменце, светлыя кудзеркі быццам куафёр укладваў, блакітныя вялікія вочы, ружовыя шчокі, сам танклявы... Мабыць, вясковага пастушка і забралі ў панскі маёнтак, бо быў у маленстве гэтакім анёлачкам з дудачкай...
— А што вязеш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом...
— Воз дзяўчат, васпане,
Ой, вір-вір, бом-бом...
— Пачым цэніш, Рамане?
Ой, вір-вір, бом-бом...
— Па талеры, васпане...
Ой, вір-вір, бом-бом...
Пастаральны музыка адняў ад пульхных ружовых вуснаў інструмент.
— На адной фрэсцы з выявай Страшнага суда я бачыў, як чэрці надзімаюць распусніка-грэшніка кавальскімі мяхамі... Спадзяюся, графа Мануцы чакае падобная ж расплата.
Вусны склаліся ў вельмі нядобрую крывую ўсмешку. Не такі ўжо і пастаральны гэты пейзанін.
— Хіба ты шкадуеш, што не застаўся ў гноі? Адукавалі цябе ў маёнтку, да мастацтва прывялі...
— У якасці дрэсіраванай малпачкі, — няветліва перабіў падкаморага пейзанін. — Забыцца, адкуль ты родам, — грэх. Я вывучыў французскую і польскую, навучыўся граць на клавікордах, скрыпцы і флейце... Але няма прыгажэйшых песень, чым на той мове, на якой матуля спявала калыханкі. Хіба не так, браце?
Пранціш няпэўна паціснуў плячыма. Мо і праўда не варта такіх мужыкоў навучаць — не цэняць. Колькі Лёднік з Саламеяй абпякаліся... У падоранай гетманам вёсачцы школку пабудуюць — удзячныя пейзане спаляць. Шпіталь зладзяць — спаляць. Падаткі адменяць — усё адно што-небудзь спаляць.
Але ж Лёднік мог скуры ў бацькавай майстэрні вырабляць, у смуродзе гінуць, каб не кнігар Рэніч ды аптэкар Лейба, што выправілі яго вучыцца...
— Ваяваў?
Музыка глядзеў на лоб Пранціша, на якім красаваўся стары шнар ад кулі, — даставаў яе Лёднік, ледзь адратаваў. Падкаморы неахвотна кіўнуў, нічога не тлумачачы — няхай музыка... як яго там... Бенедыкт, здаецца... лічыць яго па-ранейшаму фурманам.
За спінай бялелі калоны Бяльмонтаў — Мануцавага палаца.
— Мусіць, твой пан... вусаты такі... у вайсковай справе майстар? Не падобны ён да танцора.
Ну вось, былы слуга яму ўжо за пана...
— А яшчэ я б з задавальненнем пабачыў, як граф Мануцы сохне ў касцёльнай шафе, падобна пану Сіцынскаму.
Крыважэрны пастушок, аднак. Вырвіч мімаволі зацікавіўся:
— Гэта ты пра таго Сіцынскага, што сойм сарваў?
— Кажуць i так... — залаціста-кучаравы Бенедыкт бліснуў зубамі ў падазрона-вясёлай усмешцы. — Але кажуць рознае. Нібыта заманіў паноў дэпутатаў і караля ў свой палац ва Упіты ды атруціў... Д’ябальскі грэшнік быў. Сялянаў змушаў у свята працаваць. Маланкай яго забіла разам з усёй сям’ёй. А тады і палац пад зямлю праваліўся. Я сам вялізную яміну на тым месцы бачыў.
Бенедыкт перахрысціўся. Вырвіч толькі хмыкнуў: халопы! Дзе ім ведаць тонкасці палітыкі... Сто год таму, калі ішла вайна са шведамі, Сіцынскі быў адным з кліентаў славалюбнага Януша Радзівіла. Князя Януша пасля абвясцілі здрайцам за тое, што звязаўся са шведскім каралём, зацкавалі ды атруцілі ў замку ў Цыкоціне. Што ж, гісторыю пішуць тыя, хто перамог. А бацька Пранцішаў у іхнім Падняводдзі з суседам за куфлем піва не аднойчы разважаў: што для палякаў ці расейцаў здрада, для беларуса — не абавязкова. У кожнага народа свая праўда, адрозная ад суседскай. Януш Радзівіл хацеў незалежнасці Літвы ад Кароны. У шведаў нібыта выгандляваў, каб сваё каралеўства зрабіць. Іншая рэч — каб паўночнікі перамаглі, начхалі б яны на такія дамовы. А на Варшаўскім сойме што выйшла: тады Януш яшчэ не быў вялікім гетманам, а булаву трымаў князь Кішка. I чутка пайшла, што гетман памёр. Ну i давай дзяліць ягоныя пасады... Стафан Радзівіл тады на радасцях Полацкае ваяводства за трыццаць тысячаў злотых купіў. Ну а Януш на булаву нацэліўся... Але кароль схільны быў аддаць яе Янушаваму ворагу Паўлу Сапегу. Вось, гавораць, Януш Радзівіл і падгаварыў Сіцынскага сарваць сойм, і той упершыню ў гісторыі ўжыў права «ліберум вета», якім сёння, лічы, на кожным сойме ці сойміку хтось карыстаецца. Сіцынскі прагарлаў: «Воляю сваёй забараняю!» — ляснуў дзвярыма ды з’ехаў. За што ваявода берасцейскі Шчацінскі пракляў нахабу прылюдна, ды так, што ўсе паны далучыліся сваім «амінам».
— А што ты пра шафу вярзеш?
— Дык у шафе нябожчык стаіць! — ахвотна патлумачыў пастушок. — Мы дзецьмі крадма бегалі глядзець, калі я ва Упітах яшчэ гадаваўся. Яго ж зямля не прымае... Грэшніка акаяннага... Стаіць у чорным жупане, жоўты, сухі, рукі скрыжаваныя на грудзях, пальцы як у курыцы. А па начох, асабліва калі поўня, выходзіць і кроў смокча...
Вось дзікуны...
— Ну, паставіш свайго пана ў шафу... А што пасля рабіцьмеш? Куды вы ўсе падзенецеся?
Аблічча пастушка стала яшчэ больш мройным.
— Гэх, браце, не можа быць, каб Госпад не даў прытулку тым, хто бязвінна пакутуе! Расказвалі мне... Толькі гэта таямніца, браце... Не мянці пры панах... Ёсцека такая вёсачка, Караблі называецца. Калі паспееш туды дабрацца — ніводзін псяюха цябе не дастане. Бо ўладар той вёсачкі — чарадзей страшны. Такі, што ўсе навакольныя паны баяцца з ім звязвацца. Толькі прысягу таму чараўніку трэба даць, што нікому зла рабіць не станеш і пра гэты прытулак маўчанне захаваеш. Каб жа толькі ведаў я дакладна, дзе тыя Караблі...
Вось у гэтым Вырвіч мог бы памагчы, бо нядобрая здагадка варухнулася... Вельмі падобна, што гэта пра Лёднікавыя Караблі, падораныя гетманам, мужыкі казку склалі. Пранціш i сам здагадваўся, што Чорны Доктар i Саламея там збеглых халопаў хаваюць. Дзіва што Бутрым ніколі пры Пранцішы пра свае ўладанні не згадваў і ні разу туды не запрашаў.
Вырвіч не паспеў нічога сказаць — закугікала сава.
Дзесьці адтуль, з боку цацачнага доміка на чароўнай выспе.
Пастушок Бенедыкт няспешна дастаў з-за пазухі паляўнічы рог, устаў... Светлыя кудзеркі ў чырвані вечаровага сонца больш не нагадвалі пра купідончыкаў. Хіба пра арханёлаў з каральным мячом.
Пагрозны, пранізлівы гук рога нібы пугай сцебануў веснавое паветра і нечыя нервы.
А потым у Ружовым павільёне штосьці выбухнула. I яшчэ раз. I яшчэ. Нават тут пачуўся звон выбітага шкла. Значыць, Бутрым дабраўся да лабараторыі і пакінутых Ёселем бутэлечак. Сабачы брэх можна было насыпаць у мяхі і загрузіць з дзясятак вазоў. Але агню не відно... Яшчэ б — Бутрым нізавошта не паставіць пад пагрозу жыццё дачкі, а пажар — гэта стыхія, якой кіраваць не можа нават прафесар і маг.
Доўга не расці тут ружам. Бязлітасна паламалі, вытапталі грубымі скуранымі поршнямі ды ботамі... Засяроджаныя злыя твары, кажухі, вілы...
Калі нянавісць доўга назапашвалася, бескарысна спадзявацца на міласэрнасць. У знаёмыя дзверы Ружовага павільёна Пранціш забег, пераскочыўшы праз труп гайдука, прапораты віламі, як кавалак смажаніны. Вока выхоплівала прыкрыя сцэны. Вось мужык у бруднай світцы са злым разгубленым тварам валачэ набеленую-нарумяненую дзеўку ў пышнай сукенцы, са складанай высокай прычоскай, што збілася набок каўтуном.
— Ой, татачка, не трэба... Не хачу назад у вёску...
Вось пастушок-флейтыст абдымае другую дзеўку ў модным французскім строі, а тая адбіваецца, захінае твар рукамі.
— Нашто я табе цяпер, Бенечка? Сапсутая, патаптаная?
А вось другая дзеўка, маладзейшая, амаль дзіця, з вострымі локцікамі і вялізнымі заплаканымі вачыма, ляціць па калідоры да худзенькай кабеты:
— Матулечка! Забяры мяне адсюль!
Крыкі, гук пабітага шкла і звон зброі, вечны рыгадон вайны. А вось нехта гарлае:
— Байструка каралеўскага шукайце! За шчанюка Стасева мы што захочам запатрабуем!
Гэта значыць, хочуць злапаць сына Мануцы, які насамрэч прыжыты Ядвігай Струтынскай са Станіславам Панятоўскім. У Пранціша аж галава закруцілася — ні ў якім разе нельга дапусціць злачынства ў адносінах да дзіцяці! Тут не адмыешся, калі апынешся датычны.
Але каралеўскі прыплод вылецеў з галавы, калі Вырвіч пабачыў знаёмыя абліччы: Баўтрамей плячо да пляча з Карусём біўся з гайдукамі, за іхнімі спінамі святлела сукенка Сафійкі, а абарону з тылу трымала Меланхолія. Шалёная дзеўка вылузалася з пышнай спадніцы і ў адных сподніх штоніках, аздобленых карункамі, мільгала пагрознай маланкай так, што і ў галаву не прыходзіла абурацца такім непрыстойным відовішчам. Той, хто цябе забівае, не можа выглядаць смешна.
Вось Меланхолія падскочыла, адштурхнулася нагой ад сцяны і абрушыла палаш на галаву гайдука... А Пранціш думаў, што так толькі Лёднік умее — дакладней, умеў. Калені яшчэ баляць у эскулапа, хоць i не прызнаецца, так што наўрад фокус, засвоены ад старога кітайца, паўторыць...
А не, паўтарыў. Ну як жа ўтрымацца, не падцерці нос сваей патэнцыйнай забойцы...
Ці ацаніла Меланхолія доктараву зухаватасць, Пранціш правяраць не збіраўся, бо кінуўся ў звыклую віхуру бойкі, найлепшы шляхецкі танец.
Вось і вікторыя... Абаронцы графскага прытона ці палеглі, ці разбегліся, вылепленыя над дзвярамі ружы, здавалася, дрыжэлі ўсімі пялёсткамі.
Раптам пачуўся пранізлівы дзявочы крык... Меланхолія з прыкрасцю сплюнула.
— Не ўсіх дзяўчатак з сутарэння вывелі... Зараз збегаю.
Пранціш азірнуўся на Баўтрамея, на плячы якога румзала Сафійка, і чамусь кінуўся за Меланхоліяй — мусіць, нязводнае рыцарства падкаморага адгукнулася на фразу пра дзяўчатак у небяспецы.
Уваход у сутарэнні, як вусень у самым крамяным яблыку, хаваўся ў самай прыгожай, шыкоўна абстаўленай у пунсова-бела-залацістых колерах зале, над дзвярыма якой чырванела ружа. Карціна з выявамі антычных вакханак у цяжкай бела-залатой раме аказалася замаскіраванымі дзвярыма, якія зараз былі расчыненыя, іначай ніякага благання не пачулі б.
Пранціш бег за Меланхоліяй уніз па шырокіх прыступках, засланых пунсовым дываном, і ледзь паспяваў заўважаць дзівосы. Тут усё было яшчэ багацей, чым наверсе... Але чулася ў пазалоце і аксаміце, у выгнутых у салодкай пакуце мармуровых целах скульптур нешта трывожнае, атрутнае, як пахмелле... Яшчэ і дзіўны, як русалчын пацалунак, водар. Лёдніка няма — ён бы вызначыў, што за зёлкі склалі гэты дурман...
Як у сне, мільгалі пакоі, адгароджаныя цяжкімі парцьерамі, ложкі з балдахінамі і горамі падушак, столікі, заваленыя садавіной, німфы, сатыры ды амурчыкі на карцінах... Свечкі гараць у жырандолях, але дымна не ад іх — паветра не застаялае, тут зладзілі дасканалае праветрыванне, каб высокія госці не дыхалі смуродам. А дымяць бронзавыя кадзільніцы, упрыгожаныя сімваламі сну: бог Марфей, кветкі маку... I яшчэ такія-сякія дэталі, пры поглядзе на якія хочацца сплюнуць ды перахрысціцца.
Вырвічу не даводзілася бываць у вясёлых дамах, куды яго неаднойчы заманьвалі і аднапалчане-драгуны, і аднакурснікі-студыёзусы... Пранціш лічыў, што гэта несумяшчальна са шляхецкім гонарам і сармацкімі ідэаламі. Але адчуваў, што зараз знаходзіцца ўсяго толькі ў адным з такіх прытонаў, хай і прызначаным для каралеўскіх персонаў, і захінае анёл збялелы твар, пралятаючы над паганым месцам...
А, дарэчы, столь дзіўная — падзеленая жалезнымі рэйкамі на квадраты з нейкага незразумелага матэрыялу. Цёмны, быццам жывы, нешта ў ім пераліваецца, варушыцца... Дык гэта ж вада возера, і не столь — а зашклёныя акенцы! Лепш не думаць, што будзе, калі шкло трэсне... I яшчэ менш хочацца думаць, што гэта знарок — калі што, легка затапіць, схаваць бясследна месца злачыннай распусты.
А вось адкуль благанне... На шырокім ложку, засланым ружовым шоўкам, трое мужыкоў расклалі дзеўку, якая адчайна адбівалася, брыкалася, толькі белыя панчошкі мільгалі.
— Курва! Падсцілка панская!
Пранціш не паспеў нічога зрабіць, а Чорная Меланхолія ўжо разагнала сабачае вяселле. Аматары правучыць панскіх самадаек валяліся дровамі на пухнатым кіліме, і толькі ў аднаго знаходзіліся сілы ціха пастагнываць.
Меланхолія схавала скрываўленыя кінжалы ў похвы, прымацаваныя да сцёгнаў, прыўзняла ашалелую дзеўку за гарсэт, страсянула, як шчанючка.
— Што, спрытна схавалася? У добрых паночкаў вырашыла застацца, дурніца макрахвостая?
Зарумзанная красунька — гожасць не сапсулі нават размазаныя па твары чырванілы ды чарнілы — не магла словы звязаць ад страху, пульхныя вусны дрыжэлі, падведзеныя вочы — як два сподачкі з лазуркавым атрамантам. Жанчыну з кінжаламі яна баялася, падобна, больш, чым нядаўніх гвалтаўнікоў. Меланхолія тузанула дурніцу за руку:
— Бяжым!
Пранціш на ўсякі выпадак — мо яшчэ якая русалка пад ложак уклешчылася — агледзеў па-хуткаму шыкоўныя пакоі, з грэблівасцю, трэба прызнацца. Цяпер вока выхоплівала не каштоўныя цікавосткі, а побытавае мярзоцце. Скамечаная бялізна, плямы на дарагіх прасцінах, місы для ўмывання з каламутнай скарыстанай вадой, начныя вазы...
Наверсе працягваўся рабунак, у які ператварыўся, як звычайна і бывае, справядлівы бунт.
— Нарэшце! — буркатнуў Лёднік, хаваючы сытую чужым болем шаблю ў похвы. Вусы ён быў ададраў, ажно драпіна над губой засталася. Слізгануў поглядам па прыведзенай дзеўцы, якая дарэмна спрабавала нацягнуць на пабітае плячо парваную сукенку.
Меланхолія сярдзіта кінула той:
— Калі ўпала ў ваўчыную яміну, вучыся кусацца!
— У ваўчынай яме няблага кормяць, мадам! — раптам з выклікам прамовіла чужая ружа. — I віно нам давалі някепскае. I ложкі былі мяккія. А пакуль з-за нейкай новенькай у дольных пакоях не замкнулі, дык і весела было... Часам. Калі госці не надта жорсткія ў фантазіях.
Сафійка, што хавалася за шырокай спінай Каруся, з жахам глядзела на грэшнае стварэнне, відаць, здагадваючыся, што перад ёю быў магчымы лёс.
— Табе ёсць куды ісці, дурында?
Пранціш ніколі б не падумаў, што Чорная Меланхолія стане пра некага так клапаціцца...
— Я сірата.
Раптам на двары пачуліся адчайныя крыкі.
— Граф вяртаецца! З жаўнерамі! Хутка будуць тут!
Вястун на двары гарлаў надарваным голасам... Што ж, фартуна пакуль на баку бунтаўнікоў — бяда была б, каб жаўнеры накінуліся знянацку.
Выратаваная дзеўка ўпала на калені:
— Панове, адпусціце мяне, Хрыстом Богам прашу! Куды я пайду? Нічога больш не ўмею, як толькі рабіць мужчынам прыемна...
I слізганула чэпкім поглядам па Пранцішу ды Лёдніку — ці не аб’явіцца з ix новы гаспадар. Падкаморага перасмыкнула.
Меланхолія моўчкі працягнула дурындзе адзін са сваіх кінжалаў.
— Калі хто яшчэ нападзе, бі ў ніз жывата. Вось так.
Дзеўка ўважліва паглядзела на дэманстрацыю, кіўнула, прыняла падарунак...
Нікому нельга даць волю насуперак ягонае волі.
Калі Вырвіч разам са сваёй кампаніяй выбег з Ружовага павільёна, Бяльмонты палалі, быццам тут зноў запускалі святочныя феерверкі. Вялікі майстар артылерыі Казімір Семяновіч зладзіў бы ў вечаровым небе вогненныя фігуры цмока, арла, лемпарда... Але бачыліся толькі водбліскі смерці.
Небяспека палягала ў тым, што для мужыкоў апранутыя ў панскае былі ворагамі. Таму даводзілася расчышчаць дарогу і ад нядаўніх паплечнікаў. Ці ўдасца дабрацца да коней? Забралі, мусіць, усіх...
Вырвіч наставіў пісталет на мужыка ў чорнай аўчыне, што пёр на іх з пераробленай у дзіду касой з даволі празрыстымі намерамі, і той мудра змяніў кірунак руху. А Бутрым, не жадаючы забіваць, зноў ужыў удар на адлегласці — ад ягонай адстаўленай далані адляцеў ашалелы лёкай і, зразумела, заверашчаў пра вядзьмарства. Меланхолія круцілася віхорам з двума кінжаламі і — далібог! — распявала песенькі! Пранціш прыслухаўся і ледзь не зарагатаў: «Дзед боб малаціў, баба падсявала...» Не вельмі прыстойная прыпеўка з вясковага дзяцінства. Так што, колькі б ні чыніла з сябе Меланхолія велікасвецкую даму, пялюшкі ейныя былі з радна.
— Пан бацька! Пан Вырвіч! Дзе вы?
Алесь ды Сцяцко! I, здаецца, з коньмі і павозкай! Пранціш прыпусціў туды, стараючыся не выпускаць з-пад увагі сваіх. Побач імчаў Карусь — ён падхапіў зняможаную пераляканую Сафійку, прытрымліваючы адной рукой, у другой пагрозна блішчэла шабля. Здаровы лось... Бяжыць, як не заўважае сваёй куртуазнай ношкі. Паненка шчыльненька ашчаперыла бацькавага слугу, уткнулася яму тварам у шыю... Дамаглася, каралевішна, каб наравісты хлопец забыўся на свае забабоны.
— Злева, доктар! Магіяй яго! — весела гукала Меланхолія. — А гэтага не чапай, гэты вусаты — мой! Курвай абазваў! Х-хэх! Дзед боб малаціў...
Лёднік і Меланхолія ачольвалі іх невялікі атрад, як два анёлы Апакаліпсісу, імкліва працярэбліваючы шлях праз шалёны натоўп, толькі доктар збольшага аглушаў, а дзеўка забівала. Меланхолія даўно скінула парык, яе белыя валасы стаялі дыбарам, а чорныя патлы Лёдніка змяіліся, пераплеценыя сівізной і ветрам. Пранціш з прыкрасцю разумеў, што ён з усім сваім фехтавальным уменнем і вайсковым досведам супроць гэтай пякельнай парачкі што лазіна проці шаблі.
Ну вось яшчэ троху... Сафійка ў павозцы, якой кіруе Сцяцко, усе на конях... Гайда!
Пранціш шчыра спадзяваўся, што маленькага Мануцы не знайшлі, а дзеўка ў падранай сукенцы надзейна схавалася і ад людзей, і ад агню.
Мяжа маёнтка... Белая брама, упрыгожаная стракатым расфарбаваным гербам, фальшывым, як гісторыя ў падручніку. Людзі разбягаліся з Бяльмонтаў, быццам прусакі з перавернутага рондаля са збуцвелай кашай.
Цямнее — і гэта добра. Пранціш прыспешыў каня. Усе роспыты, дакоры, слёзы і ўсмешкі — пасля, цяпер галоўнае ад’ехацца як падалей.
Раздарожжа... Колы павозкі з шумам пракаціліся па глыбокай лужыне. Вось і лес угрызаецца ў неба чорнымі ікламі — для тых, хто ратуецца ад пагоні, самае прыемнае відовішча.
Алесь і Карусь скакалі наперадзе, Бутрым і Меланхолія трохі адсталі. Пранціш азірнуўся... I схаладнеў. Дарога была пустой.