Марскія каралеўны — ядзеркі — адрозніваліся надезвычайнай гожасцю, але дзікім норавам, і бліжэй, чымся на мілю, да такой красуні падыходзіць небяспечна: крыку наробіць, марскіх гадаў на дапамогу пакліча...
Разумны хлопец на ейную гожасць закрые вочы, перачакае, а потым пазбірае дыяменты, што перад красуняй расой каціліся.
А неразумны, але закаханы жыццё пакладзе, каб перастала каралеўна яго баяцца, каб даверылася...
Пранціш з пяшчотай пацалаваў руку Дамінікі з Гараўскіх, пані Вырвічавай падкаморай. Мезенчык тае ручкі, яшчэ трошкі выпацканы на суглобе ў лазурковую алейную фарбу, лена варухнуўся — гаспадыня салодка спала... Намучылася, пакуль дзіцё заснула. Вунь пасопвае немаўля побач у ліпавай зыбцы. Красунечка дачушка з цёмнымі вочкамі, зараз заплюшчанымі, і светлымі кудзеркамі.
Чаму пані падкаморая сама важдаецца са сваім дзіцем, хаця можа перадаверыць гэта пакаёўкам, нянькам, карміліцам? А таму, што начыталася французскага блюзнера Жан-Жака Русо, які сарамаціць арыстакратак за тое, што ўспрымаюць дзяцей як надакучлівую перашкоду свецкаму ладу жыцця, перацягваюцца гарсэтамі, кідаюць немаўлятаў на вясковых карміцелек...
Дамініка з Гараўскіх не такая! Сама карміла грудзямі ўсіх трох дзетак, сама з імі кожны дзень гуляецца. Яшчэ і для дзетак падданых сваіх шпіталі-школкі ладзіць... А балі ніколі і не любіла, ядзерка дзівосная.
Пранціш яшчэ раз з удзячнасцю крануў вуснамі пекную ручку, ад якой трохі пахла алейнай фарбай, аблашчыў позіркам высокі белы лоб, да якога прыліпла пасмачка валасоў — як цёмны шоўк, носік з мілай гарбінкай, упартае падбароддзе, асаблівы выраз чысціні ў выгіне ружовых маленькіх вуснаў...
I мімаволі ўявіў (ну грэшны ж ён мужчына): а што, калі на гэтай падушцы, прачынаючыся, ён бачыў бы іншы твар? Капрызлівы і хітраваты князёўны Паланэі Багінскай, ці рахманы Ганулькі з Макавецкіх, ці трагічна гожы памерлай сваёй нявесты, прыгоннай акторкі Раіны Міхалішыўны? Якім тады было б сямейнае жыццё?
Зыбка загайдалася, Касенька Вырвічаўна наймалодшая закрахтала, гукнула патрабавальна, сусвет замёр, а потым замітусіўся вавёркай Рататоск па вечным дрэве Ігдрасіль...
— Нядаўна ж карміла... — сонна прамармытала Дамініка, адрываючы сябе ад пярыны. — Трэба з доктарам параіцца... Мусіць, ад жывата Касеньцы кроплі зноў даваць.
Пранціш змрочна сеў, сну ані макавінкі. Дактары ёсць, ды не тыя. Душа Саламеі Рэніч у свеце святла, цела ейнае на гарадзенскіх могілках, на Падоле, побач з белай каменнай свечкай капліцы... А дзе душа і цела Баўтрамея Лёдніка і ці з’яднаныя яны яшчэ, з’ясаваць так і не ўдалося.
Дамініка люляла дачушку, нашэптваючы пракаветныя, пухнатыя і цёплыя, як сонечныя зайчыкі, слоўцы. А Вырвіч нацягнуў шлафрок з паласатага атласу, сунуў ногі ў турэцкія пантофлі з загнутымі вострымі наскамі і зашаркаў да дзвярэй у свой кабінет. Каб у чарговы раз, седзячы ў мяккім утульным фатэлі, перабіраць у галаве жорсткія няўтульныя падзеі, абставіны і гіпотэзы.
Тады, за Бяльмонтамі, яны з Алесем і Карусём кідаліся туды-сюды па лясной дарозе, як сляпыя шчанюкі. Хоць вый... Сцямнела, уласны палец не разгледзіш... Сляды пры дапамозе запаленага агню спрабавалі расчытаць... Карусь, лясны чалавек, упэўнена вызначыў, што коні Меланхоліі і Лёдніка збочылі на раздарожжы, там, дзе лужына. Але тая бакавая дарога хутка перасяклася з брукаванкай, на якой і Карусь нічога не мог у цемры распазнаць. Вядома, следапыты праехалі, колькі змаглі. Але дарогі і сцежкі распаўзаліся ў бакі, як спуджанае кубло гадзюкаў. Папытацца не было ў каго, акрамя соў ды пугачоў.
— Бескарысны я, пан Вырвіч, — адчайна прагаварыў тады Алесь. — Не маю больш аніякіх асаблівых уменняў, так і не вярнуліся. Раней, можа, пачуў бы, што дзесь звяр’ё ці птаства ўскатурханае...
Раніцай пошукі працягнулі — хаця гэта было небяспечна. Бунт у маёнтку Бяльмонты — не жартачкі, сам кароль войскі паслаў, усіх сустрэчных на дарогах правяралі. А паарыштоўвалі колькі... За вогненнае неба над Ружовым палацам камусь належала расплаціцца бізунамі, вязніцай ды шыбеніцай. Дзякуй Богу, малы Станіслаў Мануцы не пацярпеў — ці не было яго ў маёнтку тады, ці схавалі добра.
А Лёднік знік.
Сафійку пакуль прытулілі ў Капанічах — усё-ткі ў падкаморага Вырвіча і ягонага цесця пана Гараўскага болей узброеных людзей ды магчымасцяў для абароны, чым у шляхцюка ў другім пакаленні Аляксандра Лёдніка. Hi спадчынны дом Рэнічаў у Полацку, ні падораныя Бутрыму гетманам Міхалам Казімірам Рыбанькам Караблі не цягнулі на самавіты маёнтак. Вось Капанічы нават цэлай харугвай не ўзяць з налёту. Яшчэ й з-за пагрозных падзей адмыслова ўмацаваліся, сапраўдны гарнізон у сядзібе, варта дзень і ноч.
Пан Гараўскі, праўдзівы беларускі шляхціц, хай сабе і аматар усходніх цацак кшталту кальянаў ды турбанаў, гарлаў — трэба ў Трыбунал! Шляхту падымаць! Супраць Цялка ды Мануцы многія пойдуць — дай толькі падставу. А тут сапраўднае злачынства — выкрасці цнатлівую дзяўчыну, шляхцянку! I князь Міхал Казімір Багінскі, і Аляксандр Сапега, і Радзівіл Пане Каханку рады будуць пазвадзіцца.
Вось толькі ні бацька, ні брат, ні хросны Сафійкі нізавошта не пайшлі б на тое, каб зняславіць дзяўчыну на ўсё княства. Дый жаніх паненкі пан Валенты Жылка не дапусціць. Прыскакаў, як толькі вестку атрымаў, што прыгажуньку вызвалілі. Цягаецца ў Капанічы, урачысты, як маршалак на сойме, падарункі возіць ледзь не вазамі. Дом зняў у Менску, грошай жа наболей мае спадчынны ваяводзіч, чым у Гараўскіх. Прапануе, вядома, забраць нявесту пад сваё апякунства...
Яно б i зручна было. А яшчэ лепей — пад вянец дзеўку. Жонка ваяводы нат для караля недасяжная. I для Пранціша такая вярэда развярэдзіцца... Яначка, старэйшы сынок Вырвічаў, ажно калоціцца ад злосці, калі пан Валенты ў Капанічы прыязджае. Добра, што маладзейшы за Лёднічанку на чатыры гады, жаніхацца рана.
А Сафійка, ясная справа, носам круціць. Да пана Валентага ледзь згаджаецца пару слоўцаў кінуць. Сядзіць у пакоі i нават у лабараторыю не просіцца, якую ейны бацька калісьці ў Капанічах зладзіў, каб на месцы лекі рыхтаваць. Хіба што выйдзе з кнігай у сад, зашыецца ў аблюбаваную альтаначку...
Ці не таму аблюбаваную, што з тае альтаначкі якраз відзён двор ля стайні, дзе гайдукі ды янычары панскія ў фехтавальных майстэрствах трэніруюцца? Пан Гараўскі Каруся ў янычарскі атрад і скіраваў — кажа, чаго сіле такой прападаць, вывучыцца хлапец, будзе абараняць паноў сваіх.
Карусь да паненкі падыходзіць не спрабаваў, вачэй на яе не падымаў... На альтаначку падчас збройных штудый не азіраўся. З панам Валентым Жылкам увогуле намагаўся не сутыкацца.
Аднойчы Вырвіч заўважыў, як лясны дзікун, якога па загадзе пана Гараўскага апранулі на ўсходні манер, як і іншых янычараў, прытуліўся, зняўшы апрыкры басурманскі турбан, у закутку дя стайні з падручнікам па матэматыцы. Значыць, не забыўся наказы свайго гаспадара, які ўшчуваў: у цябе выключныя здольнасці да дакладных навук, не пагарджай тым, што Бог даў, вучыся...
Пранціш, калі праходзіў паўз Каруся, вочы хаваў... Каб не адказваць лішні раз, што пакуль — ніякіх звестак пра Чорнага Доктара. У хлапца ж погляд ажно гарэў надзеяй і тугою. Таму й завіхаўся з шабляю ды страляць вучыўся — каб кінуцца, як што, вызваляць...
Але гэтае «як што» ўсё не наступала. Хоць Пранціш нават свае падкаморскія правы занядбаў за росшукамі, паспіхваў на каморых па мястэчках. А што рабіць? Ніхто не дапаможа. У Рэчы Паспалітае не да зніклых дактароў. Скінулі ўсемагутнага Антонія Тызенгаўза. Гром грымнуў, калі Панятоўскі запазычыўся ў Галандыі, а ягоны кашалёк Тызенгаўз упершыню не здолеў даць свайму сюзерэну грошай, бо ўклаўся ў чарговыя пражэкты.
Новы падскарбій Жавускі паслаў да папярэдніка цэлы шляхецкі наезд — заарыштавалі, адабралі ўсе паперы, секвестравалі фабрыкі, так што пан Антоній мусіў уцякаць ледзь не праз акно з адной кавенькай у руках ды шукаць прытулку ў езуітаў, пад якімі самімі зямля па ўсёй Еўропе гарэла. Так што цяпер мануфактуры — панчошная, камлотная, суконная, ільняная, збройная, фарбавальная, карункавая, капялюшная, карэтная, картачная, парцалянавая — усе былі зачыненыя, як дзверы карчмы перад прайграным да апошняга гузіка шарачком. Майстры параз’язджаліся, хто мог, а каторым з мясцовых дык даводзілася з працягнутай рукою блукаць. Што ж, багатаму шкада карабля, а беднаму кашаля.
Канец прыйшоў і Гарадзенскай медычнай акадэміі. Жылібер пісаў, што змушаны ехаць у Вільню, дзе прапанавалі ўзначаліць кафедру. Акадэмію ў езуітаў забралі пад апякунства Адукацыйнай камісіі, і цяпер там ствараліся кафедры: медычная, а таксама навук фізічных, хімічных ды біялагічных — пра што колішні прафесар Лёднік мог толькі марыць.
Падскарбій Францішак Жавускі пераводзіў у венская банкі даходы ад новай пасады, а пан Антоній сядзеў у сваім палацы ў Паставах, змрочны, зламаны, пазбаўлены ўсяго.
Не тое каб Пранцішу дужа было шкада падскарбія, ад якога яны столькі нацярпеліся. Але Тызенгаўз праўду сказаў на судзе: тыя, што прыйдуць пасля яго, будуць шчэ горшымі.
Галандскі гадзіннік з сумным масянжовым тварам у кабінеце біў нягучна — няма чаго дзетак гаспадарскіх будзіць. Пранціш ускудлачыў русявыя свае валасы — як яшчэ не ссівеў ад усіх гэтых мітрэнгаў... Апошні ліст ад Алеся — ніякіх слядоў ні Чорнага Доктара, ні Чорнай Меланхоліі. Ліст ад Давыда, ліст ад Жылібера... Ніякіх чутак. Трэба яшчэ з’ездзіць у Браслаў.
Зноў заплакала дачушка, але кораценька... Нібыта каб упэўніцца ў сваёй уладзе над гэтым светам: падбягуць жа, прылашчаць...
Вырвіч тузануў шыбы: нясцерпна захацелася вольнага начнога паветра. Свечкі пацягнуліся трапяткімі язычкамі полымя ўбок, быццам разумеючы, што не могуць супернічаць з зорамі. Пляскаты плямісты твар поўні нагадваў масянжовае аблічча кабінетнага гадзінніка, з якога адламалі стрэлкі ды начысцілі да бляску крэйдай.
Ці жывы ты, Баўтрамей?
Падкаморы ўздыхнуў і адвярнуўся ад акна, фіранкі ласкава пагладзілі плячо...
Не ласкава і не фіранкі.
Пранціш крутануўся, спадзеючыся, што паспее ўхапіць хоць падсвечнік са стала...
У святле свечак і поўні стаяла Чорная Меланхолія.
Яе белыя валасы ззялі ў месяцовых промнях, вочы здаваліся чорнымі прагаламі.
— Мярзотніца!
Дзеўка прымірэнча ўзняла рукі, у якіх не было зброі.
— Ціха,ціха, пан Вырвіч, вы ж не хочаце ўстрывожыць жоначку.
Пранціш сціснуў кулакі, адчуваючы сябе бездапаможным, як хрушч у слоіку.
— Шмат каго тут забіла?
Дзеўка дэманстратыўна скрыжавала рукі на грудзях.
— Я майстар, пане. Мне вашая варта як жупелы саламяныя. НІхто не заўважыў. Адзіная перашкода — хлопчык-дубаломчык, які панадзіўся пад акном капрызулькі доктаравай ночыць. Вартуе, Ланцалот недапечаны. А чуццё — як у звера.
Згадка пра доктара зусім узвіхурыла Вырвіча.
— Дзе ён?! Дзе Бутрым?!
Меланхолія раптам спахмурнела, Вырвіч упершыню пабачыў заразу нейкай разгубленай.
— Я ж і прыйшла, каб пра доктара пагаварьщь. Не чакала я, што так атрымаецца... Не хацела для яго такога...
— Ды што з ім, халера на цябе?! Гавары толкам, не мармычы!
Разадраў бы, як жабоцьку.
Чорная Меланхолія пругка прайшлася туды-сюды... Ды што ж за страхоцце ўчыніла?
— Доктар у Тызенгаўза. У Паставах.
Пранціш разгубіўся.
— Чакай, дык твой кліент... Які наняў Бутрыма забіць...
— Так, пан Антоній, — Меланхолія прысела на ўскрайку стала. — Я ніколі не распытваю, нашто каму чыя смерць. Нельга мне ведаць. Здагадалася з пачутага, што Тызенгаўз таемна ад караля паслаў вас з нейкім сакрэтным даручэннем, вы не выканалі. Сакрэт надта небяспечны.
— Глупства! Мяне тады трэба было забіваць! — Вырвіч ледзь не згубіў дзюбаносую пантофлю, абурана тупнуўшы.
— Пра цябе гаворкі не йшло. А вось жыццё Лёдніка ў абмен на дараванне караля — магло быць?
Пранціш змрочна кіўнуў галавой. Падскарбій у адчаі. Грошай няма. Аўстрыйскі двор выкаціў гарбуза. А тут яшчэ пра сватаўство да дачкі аўстрыйскага канцлера Тэрэза Ржавуская даклала каралю. А кароль закахаўся ў гожанькую дурнічку, бяспечна авалодаць якой перашкаджае наяўнасць упартага бацькі. Са злосці на здрадлівага пасланца і ў прывідным спадзеве зрабіць каралю такую паслугу, каб вярнуў прыхільнасць... Так, мог пан Антоній наняць правераную дасканалую забойцу. Апярэдзіў графа Мануцы.
— Бутрым жывы?
Меланхолія змрочна кіўнула.
— Зразумей, пан Вырвіч, я не сама па сабе. У нас свае правілы, якія нельга парушаць. Не магла я проста так адпусціць таго, на каго ўзяла кантракт. Але я пераканала свайго кліента змяніць умовы. Прывезла яму доктара жыўцом. Нашто забіваць адэпта, які валодае таямніцай Вялікага Дзеяння? Пану Антонію цяпер дужа патрэбныя грошы... Шмат грошай. А доктар умее ж золата з простых металаў здабываць.
Вырвіч схапіўся за галаву.
— Ды з чаго ты ўзяла, што Бутрым пагодзіцца? Ён памрэ — а да алхіміі не вернецца!
— Цяпер i я тое ведаю... — Меланхолія раздражнёна правяла рукой па твары. — Зноў недаацаніла я доктара. I кліента свайго таксама.
Дзеўка стрымала цяжкі ўздых, у якім можна было западозрыць раскаянне.
— Паверце, пан Вырвіч, я ўсё прадумала. Дамовілася — доктара паселяць у добрых умовах. I я... змагу яго наведваць.
Пранціш мог толькі рукамі развесці. Што ў гэтай дзеўкі ў галаве творыцца — кадук ведае. Адразу відно, звычайных чалавечых стасункаў яна не спазнала, усё ў яе пераламанае, як заўважыў аднойчы Карусь. Няўжо спадзявалася, што зняволены доктар будзе з ёю каву піць ды за худую ейную дупу шчыкаць?
А відаць жа, спадзявалася.
— Падмануў пан Антоній. Калі я бачыла доктара апошні раз... Не заслугоўвае ён таго, што з ім робяць. Я не хацела...
Меланхолія апусціла ваўкалацкія вочы.
— Я ж думала, ён уцячэ... Што яму звычайныя вязніцы? Мышэй якіх прыманіць, ваўкоў... Вочы адвядзе, зачаруе...
Ясна — прыдумала дурніца сабе вобраз усемагутнага злавеснага ведзьмака.
— Як жа ты яго, такога моцнага, Тызенгаўзу завезла?
Меланхолія з гордасцю пасміхнулася.
— Супроць індыянскай голкі нават зубр не выстаіць! Спецыяльна для доктара ў сваіх знаёмцаў адшукала, кучу грошай уваліла. Затое ткнеш у шыю — праз колькі імгненняў чалавек што бервяно. Ну а як чараўнікоў перавозіць, ведаю: галоўнае — скруціць вяроўкай ад царкоўнага звона, вочы завязаць ды рот.
Пранціш ледзь стрымаўся, уяўляючы тую подласць, як Меланхолія цэліць атручанай голкай у шыю доктара.
— Вымушаны цябе расчараваць. Доктар — усяго толькі чалавек. Проста занадта разумны ды ахвярны. Ён не перагрызе ланцугі і не нацкуе ні на кога ваўкоў. А тое, што можа дзіўнае, прадметы на адлегласці рухае — ужываць лічыць за грэх.
Меланхолія зноў спахмурнела, неяк тужліва прамовіла:
— Даставаць яго трэба. Не выжыве.
Пранціш ускінуўся.
— Дык у чым замінішча? Тызенгаўз амаль што пад арыштам. У суд, войскі ўзяць...
— I костачак алхіміка не знойдуць, — цвёрда прагаварыла Меланхолія. — У тым маёнтку ўжо не адзін чалавек бясследна знік. Нават пастаўскі каморы, што з падскарбіем за межы пасмеў зачапіцца... Я б сама доктара вывела... Хоць з Тызенгаўзам ягоныя баснійцы, змагла б. Але памылку ўчыніла.
Дзеўка раздражнёна крактанула.
— Прапанавала Тызенгаўзу ваш Арфанус, каб доктара не чапаў. А той, як пабачыў каменьчык, ажно ашалеў.
Яшчэ б... Сам жа перадаў Пранцішу той апал у якасці падарунка аўстрыйскаму канцлеру.
— Забраў камень... Абазваў Лёдніка злодзеем і здрайцам. Загадаў баснійцам мяне вытурыць і на ганак не пускаць болей. Хацела іх паказытаць лязом, але ўсіх мне не забіць было. Пан Антоній папярэдзіў, калі каго прышлю шукаць, доктару не жыць. Дый куды мне было ісці? Ніякі суд мае сведчанні не прыме — бо хто я? Мяне, лічы, няма. Дый няможна мне па нашым кодексе ў суд звяртацца.
Пранціш пільна ўгледзеўся ў схуднелы твар забойцы.
— А чаго ты так пераймаешся? Што табе да лёсу Бутрыма?
Дзеўка імгненна натапырылася, ашчэрылася, як ваўчыца, — ад адчування небяспекі Пранціш ажно назад падаўся.
— Не твая справа, дзядзька. Хочаш доктара жывым бачыць — прыходзь заўтра раніцай у карчму «Тры жалуды на цабэрак». Бяры каго заўгодна, толькі не аддзел жаўнераў. Памазгаваць трэба.
Вось яна была тут, а вось яе ўжо няма... Толькі фіранкі плешчуцца празрыстымі хвалямі ды абыякавы твар поўні за вакном.
— Франця, ты з кім размаўляеш? — у кабінет зайшла Дамініка.
Пранціш усё яшчэ пазіраў у расчыненае акно, бяссільна сціснуўшы кулакі.
Выцягнуўшы з мужа некалькі словаў, Дамініка скінула санлівасць.
— Зараз бацьку пабуджу. Калі жывы пан доктар — значыць, выратуем.
Палац Тызенгаўза ў Паставах яшчэ толькі будаваўся — падскарбій наняў быў італьянца па імені Джузэпэ, каб займець штось падобнае да антычнага храма. Пакуль гатовыя былі пара бакавых флігеляў ды кухня. Сам нядаўні падскарбій жыў тут жа ў старым будынку сядзібы — аднапавярховым, але дастаткова прасторным.
Вядома, будаўніцтва спынілася: не да палацаў, калі ланцугі над вухам звіняць. За агароджай рэзрух: горы камянёў, недавершаныя муры... Але і не руіны, адкрытыя ўсім вятрам: у двары поўна баснійцаў — рэшткі вернай гвардыі Літоўскага Д’ябла. Ходзяць у калматых шапках, пазіраюць падазрона. Іншая прыслуга іх за вярсту абыходзіць, кабеты дык бегма пускаюцца, як рымлянкі ад барбараў. Пасля адстаўкі падскарбія, ягонага арышту і суда, хуткага і несправядлівага, большая частка баснякоў паз’язджала, але той-сёй усё-ткі застаўся. Хтось асабліва верны, каму проста няма куды падацца... Атрад быў нежартоўнай сілай.
Таму каралеўскіх жаўнераў, якія напраўляліся ў палац, сустрэлі ненавісныя погляды і бляск зброі... Якую, вядома, не ўжылі — бунтаваць супраць караля звольненаму падскарбію не выпадала.
Тызенгаўз нагадваў зацкаванага звера. Худы, прыгорблены, напяты. Ягоны погляд мітусіўся, быццам вышукваючы, адкуль стрэляць. Рукі з тонкімі вузлаватымі пальцамі ўвесь час рухаліся — перастаўлялі рэчы на стале, хапаліся за шаблю, якой пры баку не было, сціскаліся ў кулакі, расціскаліся... Пан Антоній, пакульгваючы, расхаджваў па сваім кабінеце, замеценым сумётамі папераў рознай ступені пакамечанасці.
— Я не разумею, што вам яшчэ трэба ад мяне! Я аддаў ягонай вялікасці ўсё — сілы, здароўе, багацці, што я назапашваў для яго!
Камандзір атрада, чарнявы шыракаплечы драгун па прозвішчы Недалужны, нават брывом не варухнуў у адказ на ламентацыі.
— Ваша мосць мусіць прабачыць, але мы маем загад... Ёсць звесткі, што на адной з вашых мануфактураў рабілі зброю, насуперак дамове яго каралеўскае мосці з расійскай імператрыцай... I вырабы дасюль засталіся прыхаваныя.
— Гэта паклёп! На судзе ўсё было даведзена! — худы зжаўцелы твар падскарбія пайшоў чырвонымі плямамі, як быццам хтось нябачны надаваў яму па шчоках.
— I ўсё-ткі літасціва просім вашу мосць суправадзіць нас на мануфактуру, каб упэўніцца, што чуткі лжывыя.
Падскарбій лаяўся на польскай: курва, кеп ды пся маць — замежных моваў так i не вывучыў, хоць і цягаўся па свеце, як прывязаны да ветру. Кажуць, гэтае няведанне яго і згубіла, бо цалкам быў залежны ад талмачоў. А што тыя перакладалі падчас перамоў з майстрамі, сакрэты якіх хацелася выведаць, ды з арыстакратамі, схільнасць якіх хацелася заваяваць, — адзін святы Геранім Стрыдонскі ведае, апякун перакладчыкаў.
Пан Недалужны запэўніў шаноўнага падскарбія ў адстаўцы, што часу ў яго шмат не зойме і нават дазволіць узяць з сабою ахову, а частку сваіх жаўнераў пакіне ў маёнтку. Сцерагчы паперы гаспадара.
Пан Антоній з бяссілай злосцю прашыпеў: ягоныя паперы столькі разоў перабіралі, што хутчэй можна з іх ваду здабыць, чым новыя звесткі. Ды словы ягоныя цяпер значылі няшмат. Былы падскарбій схапіў прыхіленую да пісьмовага стала кульбачку са срэбным навершам у выглядзе львінай галавы і вылецеў з пакоя, тыцкаючы ў падлогу кавенькай, быццам забіваў кагось.
Тызенгаўз не заўважыў, як ягоны госць на ганку перамігнуўся з русявым драгунам з блакітнымі вачыма, што, сціпла адвярнуўшыся, стаяў убаку.
Пранціш ніколі не сумняваўся, што былы сябрук па Віленскай акадэміі Вінцук Недалужны, з якім гулялі ў карты на апошняй лаўцы аўдыторыі і пераплывалі ў бочцы Вяллю, абярэ вайсковую кар’еру — бо быў з тых, каму dulce est pro patria тоrі[6]. I сябрыне не здраджваў. Зрабіў усё як трэба. Падскарбія з дому выманілі. Цяпер няма каму падаць непрыкметны знак замардаваць таемнага вязня. Засталося яго знайсці.
I без Меланхоліі гэта зрабіць немагчыма.
Чуму было не пазнаць. Нягеглы жаўнерчык, шчуплы, увесь у рабацінні, з брунатнымі вачыма з венецыянскага шкла няспешна прагульваўся па маёнтку, зацкавана ўсміхаючыся звераватым баснійцам. Некаторыя нават знарок выскаляліся, гыркалі на рабога Аніку-воіна, каб пацешыцца, як ён уцягвае галаву ў плечы ды спатыкаецца.
На сцэну трэба было ісці Меланхоліі... Адна ўсе ролі сыграе.
Пранціш у драгунскім мундзіры, калісьці родным, змрочна цягнуўся за дзеўкай, не разумеючы, куды ж яна кіруецца... А кіравалася яна ў адзін з бакавых флігеляў, каржакаватую камяніцу, упрыгожаную вежачкай, да якой яшчэ не прырабілі дах. На ганку сядзеў чарнявы спадар у калматай шапцы, ссунутай набок, з-пад шапкі звісаў потны чуб. Адразу відно, што бацька ягоны тады хлявы замыкаў, калі коней краў. У зубах спадара курэла люлька, на каленях ляжала пістоля. I наўрад незараджаная.
Пад пільным поглядам курца Меланхолія завярнула за рог будынка... I тут замест нягеглага жаўнерчыка ўтварыўся віхор са сталёвымі маланкамі, якія перарвалі жыццё двум баснійцам, што стаялі пад акном, пацягваючы па чарзе з біклажкі. Іх бесцялесныя субстанцыі зараз, пэўна, пакутліва спрабавалі асэнсаваць: а што з імі, уласна кажучы, адбылося?
Воўк баіцца не сабакі, а ягонае звягі. Пранціш азірнуўся — у двары ніхто нічога не западозрыў. Меланхолія раптам штурханула падкаморага да сцяны і ўскочыла яму на плечы, нібы котка, каб дабрацца да акна. Але ж яно зачыненае! Падкаморы, трымаючы на плячах забойцу, краем вока заўважыў, што дзеўка дастала нейкі дзіўны нож з закруглёным вастрыём. Асцярожна, але хутка правяла на шкле... I вось у яе руках выразаны празрысты кавалак, які Пранціш мусіў бязгучна пераправіць уніз. А што толку — у такую дзірку толькі котка пралезе...
Ці дасканалая забойца.
Пранціш чакаў... Баснійцы самі былі дасведчанымі душагубамі, так проста не дадуцца. Вось яно... Нехта ў доме ўскрыкнуў. Час гаварыць Гіпацэнтаўру.
Спадар з люлькай не паспеў ускочыць i забегчы ў дом на падазроны шум — Вырвіча недарэмна ў свой час вучыў фехтавальнаму майстэрству сам Лёднік. Пранціш пераскочыў праз цела — калматая шапка адкацілася, паказаўшы круглую лысіну на макаўцы забітага. За Пранцішам у флігель забеглі Карусь ды Алесь — выратаваўчы атрад у зборы.
Малады Жылка, дарэчы, таксама рваўся вызваляць будучага цесця, але Пранціш пераканаў пана, што пераапранацца ў простата жаўнера яму не пасуе, а ягоная роля i так самая важная — каралеўскую паперу на інспекцыю Тызенгаўзавых мануфактур удалося здабыць вельмі хутка дзякуючы сваяцтву Жылкаў з новым падскарбіем Жавускім. Але пан Валенты чакаў непадалёк са сваімі людзьмі.
Пранціш падчас размоваў з Валентым увесь час лавіў сябе на думцы: а гэта мог бы быць ягоны сын з Ганулькаю... Нішто сабе, ладны... Някепскі муж для Сафійкі, унучкі гарбара ды кнігара. Праўда, у выпадку вырвічаўскага бацькоўства нос паніча, мусіць, удаўся б не такі кірпаты. I важнасці паменей — не быў Пранціш такім заможным, як Ганульчын муж-нябожчык, не перадаў бы сыну ваяводства ў спадчыну.
Меланхолія стаяла пасярод калідора са скрываўленымі кінжаламі ў руках. Тыя, чыя кроў стыла на лёзах, валяліся пад яе нагамі. Іх калматыя шапкі, здавалася, вось-вось самі па сабе папаўзуць па выкладзенай каменнымі шэрымі плітамі падлозе, каб схавацца ад шаляніцы.
— У канцы калідора... Ход у падвал. Не давайце нікому туды падысці! Бо доктар загіне.
Калідор заканчваўся сцяной без вокнаў, якую не паспелі ні распісаць, ні аздобіць ляпнінай. На пастаменце ў выглядзе калоны сумна бялеў мармуровы бюст Арыстоцеля, упрыгожаны пазалочаным лаўровым вянком. Алесь і Карусь занялі абарону, а Меланхолія ўзялася за вянок і крутанула з такой ятрасцю, быццам карцела звярнуць Арыстоцелю шыю.
Калона ад’ехала ад сцяны, адкрыўшы чорны прагал, куды спускаліся жалезныя драбіны. А самае страшнае — як толькі цяжкія каменныя пліты ад’ехалі, знізу пачуўся здушаны стогн, які вырываўся ў кагосьці праз сціснутыя зубы...
Хаця чаму «ў кагосьці»? Лёднік...
Пранціш ажно ссыпаўся ўніз па вузкіх прыступках, але Меланхолія і тут апярэдзіла. Чорны Доктар ляжаў, расцягнуты на нейкай жалезнай канструкцыі, і сіпла, няроўна дыхаў — падобна, трываючы моцны боль. У паўзмроку бялела ягоная кашуля — здаецца, не ў крывавых плямах. Меланхолія кінулася на калені, штосьці падкруціла ў незразумелым механізме — і з грудзей доктара вырваўся ўздых палёгкі.
— Бутрым! Ты як?
— Бы кузурка на шпільцы з Алесевай калекцыі, — прасіпеў той.
Пранціш не стрымаў нервовага смеху і пацягнуўся да вінта, які трымаў абруч на руцэ вязня.
— Не! Асцярожней, не чапай нічога, а то яму шыю пераламае! — крыкнула Меланхолія, працягваючы нешта асцярожна падкручваць у канструкцыі, якая ёй была, відаць, добра знаёмая.
Важдаецца як з дудою... Пранціш прыгледзеўся — ад сталёвага ашыйніка ішоў жалезны штыр наверх. Якраз да пастамента з Арыстоцелем. Пэўна, вось што мела на ўвазе дзеўка, калі казала пра цяжкасці з вызваленнем. Вязня можна было забіць не спускаючыся. Тузануў наверсе падважнічак — і ўнізе вечнае маўчанне. Ну і сакрэты замовіў прагрэсіст Тызенгаўз для сваёй сядзібы... Пэўна, італьянскі архітэктар са сваёй радзімы, слаўнай не толькі статуямі ды філасофіямі, але і адметнымі атрутамі ды катаваннямі, не адно такое злавеснае вынаходніцтва заказчыку прывёз.
Урэшце абручы на шыі, руках і нагах доктара расшчапіліся. Дзеўка дапамагла Лёдніку прыўзняцца і сесці на падлогу, зноў апярэдзіўшы Пранціша. Доктар адперхаўся.
— На гэты раз тут знайшліся добрыя знаўцы болевых кропак.
Лёднік лічыў патрэбным патлумачыць сваю слабасць, бо яны пачулі, як ён стогне. Вось ганарлівец. Меланхолія дастала з кішэняў дзве маленечкія шкляніцы.
— Пі!
Пранціш нізавошта не ўзяў бы са скрываўленых ручак чумы ніякае зелле. Але Баўтрамей адкаркаваў, прынюхаўся. I спустошыў абедзве бутэлечкі.
— Сафійка ў бяспецы?
— У бяспецы... У Капанічах... Ісці зможаш?
Пранціш падхапіў Лёдніка пад паху, з другога боку доктара падперла хударлявая, але дужая, як малады драпежны звер, дзеўка.
— Нармальна... Мяне ж не ўвесь час так... Сеансамi, так бы мовіць. Пара майстроў катавання трапілася — ніякай істотнай шкоды, а боль... на мяжы трываласці.
— Дык чаго ты ўпарціўся, дзед? — пыхкала Меланхолія, дапамагаючы сваёй ахвяры ўскараскацца па драбінах. — Пачаў бы тое золата варыць... Не, трэба было раззлаваць Літоўскага Д’ябла, каб на гішпанскага каня цябе ўклаў.
— Я слова даў. Больш ніколі алхіміяй не займацца.
Слова — волава, маўчанне — золата... А куля ўсё адно са свінца.
Тызенгаўз глядзеў у вочы Чорнага Доктара з раздражненнем, як на кубак астылай кавы, не адварочваўся, не чырванеў. А што такога асаблівага? Інструмент пачаў хібіць, і яго трохі падправілі ў катавальні.
— Як злодзея, які скраў асабліва каштоўную рэч, я меў права цябе, Лёднік, і бізунамі засячы. Цані.
Сумёты папераў на падлозе кабінета там-сям былі прымятыя бруднымі падэшвамі.
— Цаню, ваша княская мосць, — працадзіў праз зубы доктар, які на нагах трымаўся, але слаба, і Пранціш гатовы быў, як што, звыкла падставіць плячо, а з другога боку пільнаваў слабасць бацькі Алесь. — Я даўно ведаю, для ўладных гэтага свету звычайныя чалавечыя стасункі незразумелыя.
— Мой пан бацька — шляхціц, сусветна вядомы вучоны, чалец Адукацыйнай камісіі! — абурыўся малодшы Лёднік.
Тызенгаўз пляснуўся ў фатэль — нязручны, драўляны, іншых адмыслова не заводзіў, каб не заседжвацца, не песціцца, — злосна зарагатаў.
— З камісіі яго даўно выключылі з-за хворасці. Хто ж ведаў, што за табой, доктар, зноў, як за шалёнай блыхой, трэба будзе ганяцца. Шляхціц ты па патэнце, з гною вылез. I ўзняцца можаш, толькі сваю дачушку пад каго трэба падклаўшы.
— Я папрасіў бы, ваша мосць, не абражаць маю нявесту! — не вытрымаў Валенты Жылка, ягоны кірпаносы круглы твар пачырванеў, як свежы апёк. — Мы яшчэ падумаем, якую кампенсацыю з вас папрасіць за катаванне пана Баўтрамея! Ды паводле Статута вас мусяць пасадзіць у вежу, на ніжні паверх, на чвэрць года!
Голас пана Валентага, жаніха Лёднічанкі, яшчэ не да канца зламаўся i часам даваў смешнага пеўня.
— Нават страціўшы прыхільнасць яго каралеўскае мосці, я застаюся вышэй за вас, — задраў галаву Тызенгаўз. — Колькі я для гэтай дзяржавы зрабіў — вы драбніцы не спраўдзіце. Гэта я выстаўлю вам прэтэнзію за наезд ды маіх забітых людзей. Вам што? Жывыя, здаровыя, нават алхімік. Быў у цябе, Лёднік, шанец добрай справе паслужыць, наствараць золата дзеля Айчыны — думаеш, я яго на баляванні пусціў бы? Мануфактуры б аднавіў!
Валенты Жылка пры словах пра алхімічнае золата дужа зацікаўлена зірнуў на будучага цесця, агеньчык у вачах замігцеў нядобры, згубны балотны агеньчык, скажам папросту.
— Глупства, ваша мосць. Калі Баўтрамей можа філасофскі камень здабываць, чаму ж ён палацаў сабе не збудаваў ды пасадаў не купіў? — паспрабаваў астудзіць нядобры інтарэс Вырвіч.
— Адэпты прысягу даюць — нічога для сябе! — упэўнена заявіў Тызенгаўз.
Блазенскі век, блазенская гульня.
— Падобнай прысягі не даваў, алхіміяй не займаюся, — звузіў цёмныя вочы Лёднік. — Прызнаю заслугі вашае мосці перад навукаю ды прагрэсам, але метады вашы не прызнаю ніколі.
Літоўскі Д’ябал толькі скрывіўся.
— Да дупы мне тваё прызнанне! А з метадамі я сапраўды схібіў. Іначай трэба. Рабоў вельмі лёгка заахвоціць да працы, не ўклаўшы ні талера, — запэўніць, што яны працуюць на ўласную светлую будучыню, дзе кожны з іх паселіцца ў палацы і будзе есці з залатой талеркі. Тым, хто добра працуе, даваць якую-небудзь драбязу: паперку са словамі ўдзячнасці, напрыклад. I хай спаборнічаюць міжсобку. На каманды разбіць... Якая каманда болей зрабіла — той даваць на захаванне штандар з гербам гаспадара...
Тызенгаўз, захоплены чарговай ідэяй, ускочыў і забегаў туды-сюды па пакоі... Пранціша перасмыкнула, калі ён уявіў спраўджаныя планы былога падскарбія — ды ў ахопе ўсяе краіны... Шчаслівыя рабы, якія знясільваюцца дзеля паперкі з удзячнасцю ды права даткнуцца да штандара...
Падскарбій, падобна, так і не зразумеў, чаму пугай нельга будаваць моцнае грамадства. У каралеўскіх уладаннях, дзе ён гаспадарыў, дужа паменшылася сялян — уцякалі ад акрутнай паншчыны ў іншыя маёнткі. Вырвіч падазраваў, што і ў Караблях Лёдніка той-сёй знайшоў прытулак. Мімаволі ўспомніліся словы з варшаўскіх «Новых эканамічных ведамасцяў», якія любіў цытаваць Чорны Доктар: «Цяжар вялікай, часам нязноснай працы так ганьбіць цела і разумовыя здольнасці беднага земляроба, што ён працуе без задавальнення, без ахвоты, поўны роспачы, апускаецца ва ўсім і ледзь памятае, што створаны вольным чалавекам і адрозніваецца ад жывёлы, якая штодзень працуе побач». Дарэчы, пад уплывам рэспубліканца-доктара і ягонага нядаўняга начальніка па Адукацыйнай камісіі біскупа Масальскага ва ўладаннях Вырвічаў і Гараўскіх цяпер замест паншчыны плацілі чынш, і той налічваўся толькі ад сапраўднага прыбытку... А ў сваіх Караблях Лёднік, мусіць, зусім з сялянаў анічога не браў.
У дзверы кабінета сунуўся Недалужны.
— Інспекцыя скончаная. Пратакол аб зняволенні пана Лёдніка ягонай мосцю панам Тызенгаўзам склалі?
Гаспадар маёнтка спатыкнуўся і аж затросся ад злосці.
— Няўдзячнае быдла! Што вам яшчэ трэба? Што яшчэ вы хочаце забраць?
Ліхаманкава палез па кішэнях... I як шпурне доктару пад ногі маленькую скрыначку — тая тут жа развалілася, і па паркеце пакаціўся крывава-малочны камень.
— Забірай, Лёднік, у якасці кампенсацыі! Усё адно болей табе не прысудзяць.
Пан Валенты Жылка не пасаромеўся падабраць, бо доктар відавочна і не жадаў, і не мог нагнуцца. Добра, не гукнуў «уткні сабе ў горла».
— Арфанус... Камень з кароны Карла Вялікага, — грэбліва патлумачыў Тызенгаўз. — Калісьці Карл Першы Люксембургскі заклаў яго князю Альгерду — каралям заўсёды не хапае грошай на вайну. А князь Альгерд ахвяраваў Пятніцкай царкве ў Вільні. Там я яго і знайшоў, пад алтаром, калі з руінаў храм аднаўлялі. Бяры, доктар, на пасаг дачцэ, i каб цябе мае вочы болей не бачылі.
Пан Валенты з яшчэ большай цікаўнасцю пакруціў перад сабою апал-сірацінку.
Але ж Бутрым не мог проста сысці. Гэта ж Чорны Доктар. Угледзеўся пільна ў былога падскарбія ды павучальна гэтак:
— Ваша мосць, вам пагражае ўдар... Сасуды звузіліся ад перажыванняў i стомы, кроў ідзе па ix занадта цяжка, да таго ж назіраю прыкметы яе згушчэння. Я рэкамендаваў бы адвар кары белай вярбы і дзівасілу, можна п’яўкі... Рошчын воцату...
— Прэч!
Тызенгаўз шалёна шпурнуў у пана доктара кульбачкай са срэбным навершам, добра, Карусь шабляю ў похвах адбіў.
Пранціш і Карусь дапамаглі Бутрыму сесці ў карэту, прадастаўленую панам Жылкам. Пан Валенты, які неахвотна перадаў камень на захаванне Алесю Лёдніку, застаўся на кані — ясна, кожны хлопец марыць заявіцца да сваёй нявесты на чале пераможнага войска. Каруся, які таксама ўскочыў на каня, пан Валенты змерыў удавана-абыякавым позіркам.
— Не спадзявайся, хлоп, што мы з паннай Сафіяй возьмем цябе да нашага двара.
— Не спадзяюся, — голас Каруся гучаў, як заўсёды, спакойна. — А толькі калі ты, пан, сваю жонку скрыўдзіш, я з’яўлюся. I табе гэта моцна не спадабаецца.
Ваяводзіч сціснуў сківіцы, нават нос падаўся не такім кірпатым, рука так і цягнулася правучыць дзёрзкага мужыка, але пры доктару нязручна. Прыспешыў каня ды ад’ехаў падалей.
У карэце Пранціш застаўся сам-насам са сваім колішнім слугою. Баўтрамей асцярожна размінаў збалелае цела, суправаджаючы гэта звыклым буркатаннем медычных лацінскіх тэрмінаў. Яму ўсё яшчэ было няёмка, што малодшы сябар пачуў ягоны стогн. Дзівак! Не зламаўся ж, не прасіўся. А майстэрскае ўздзеянне на пэўныя болевыя кропкі... Не хацеў бы Вырвіч гэта адчуць на сабе. Ды яшчэ, як зразумеў падкаморы з няўцямных намёкаў Баўтрамея, зноў да доктара Саламея-нябожчыца з’яўлялася. Падтрымлівала яго ў пакутах. Што ж, такое каханне і па той бок мяжы можа трываць.
Не паспелі выехаць з Паставаў, як дзверцы карэты на хаду расчыніліся і ў экіпажы стала тры пасажыры. Вырвіч глядзеў на выскаленую ў звычайнай здзеклівай усмешцы Меланхолію, якая пазбавілася парыка і мундзіра i нават рабацінне з твару сцёрла, і сціскаў дзяржальна шаблі. У лыжцы патапіў бы.
— Ну што, раз заявілася, з’ясуем, паненка? Доктара болей забіваць і прадаваць не збіраешся ці новы заказ на яго ўзяла? Ці ўжо на мяне замова?
Меланхолія страсянула бялюткімі, як вылежалае на расе палатно, валасамі.
— Хто яго ведае, паночак? Усе пад Богам ходзім, на жарынках танчым.
Бутрым утаропіўся ў забойцу прафесарскім поглядам.
— Спадзяюся, паненка болей не верыць у казкі? Вечнага жыцця не маю, звярамі-птушкам не кірую — прабач, тут мы цябе падманулі, не мая гэта была справа.
Пакруціў галавой.
— Забабоны адны ў галаве... Вяроўку, якой мяне вязала, ад звана царкоўнага, мусібыць, адрэзала? Яшчэ б часныком ды сушанай крапівой мяне ўпрыгожыла.
— Я правілы ведаю... — набычылася дзеўка.
Яе вочы зноў былі то занадта светлыя, то як цёмныя прагалы з барвай на дне.
Баўтрамей толькі хмыкнуў.
— Запэўніваю, я ўсяго толькі чалавек. Хрысціянін, хаця й кепскі. Немалады, непрыгожы, небагаты, з характарам... складаным характарам. Нічога цікавага і карыснага ўва мне ты не знойдзеш, так што, спадзяюся, нашы шляхі адгэтуль разыдуцца ў розныя бакі — і вельмі далёка.
I мройна дадаў, пацёршы чамусьці злева шыю:
— А вось рэчыва, якім ты мяне на нейкі час спаралізавала, вельмі цікавае... Я б яго з задавальненнем даследаваў.
Пранціш ажно штурхануў доктара плячом — гэты апантаны яшчэ пра якую здзелку з чумой дамовіцца.
Але дзеўка задрала ўпартае падбароддзе:
— Больш не маю. Адну голку толькі здабыла з цяжкасцю.
Памаўчала. I раптам, выдыхнуўшы, як з моста галавой:
— Ты пытаўся, дзед, ці ведаю я Ватмана-Шматмана... Той ці не той, але забраў мяне ад маткі менавіта такі, як вы апісвалі. Высозны, белавалосы, аблічча ў шнарах. Бацька ён мне ці не, не скажу — нічога бацькоўскага ў дачыненні да сябе не адчула. Мусіць, проста праязджаў вёскай ды ўбачыў такую ж пачварынку, як сам, зацікавіўся.
Памаўчала і дадала — так, што Вырвіч зразумеў: першы раз камусь гэта гаворыць.
— Гальшка я. Галена.
Віну сваю адчувае, ці што? Чаго да Бутрыма прычапілася?
— Вы не пачвара, Гальшка.
Ціхі голас Лёдніка змусіў Пранціша тузануцца. Ну доктар, так легка прабачыць чуму, з-за якой столькі нацярпеўся!
— Тыя, што нас ламаюць, заўсёды стараюцца, каб мы адчувалі сваю віну. Верылі, быццам усяго, што з намі робяць, заслугоўваем. Ніхто не народжаны кепскім, Галена. Вы больш высакародная, чым тыя, хто вас скарыстоўвае.
Доктар выцер спацелы лоб рукавом — ледзьве ж сядзіць. Меланхолія глядзела на нядаўнюю сваю ахвяру спадылба незразумелым позіркам. Вырвіч не вытрымаў.
— Так што, спадарыня Галена, ідзіце вы з мірам і са сваім глыбока схаваным унутры высакародствам на ўсе чатыры бакі свету, а можаце пяты знайсці. Пану Баўтрамею трохі не да філасофскіх размоў.
Баўтрамей на знак згоды прыкрыў вочы.
Чорная Меланхолія, яна ж Гальшка, ганарыста ўзнялася, трымаючыся за сценку карэты. I раптам страсянула белымі валасамі, вярнуўся круцельскі выраз аблічча.
— А што, дзед, ты сваё слова трымацьмеш?
Баўтрамей расплюшчыў цёмныя вочы.
— Трымаць слова — цнота пачцівага чалавека.
— Тады за табой доўг. Памятаеш, абяцаў мне двубой?
Не паспеў Пранціш дацягнуца да Чумы, як тая штурханула дзверы ды выскачыла на хаду з карэты. Доктар і падкаморы высунуліся вонкі, але пабачылі толькі, як за прыдарожным кустоўем штось мільгае...
Вось каго трэба было вяроўкай ад звана вязаць ды нячыстую сілу выганяць.
У карэту зазірнуў, нахіліўшыся з каня, устрывожаны Алесь:
— Пан бацька, пан Вырвіч, мне падалося, ці хтось ад вас выскачыў?
Пранціш азірнуўся на Баўтрамея, які зноў адкінуўся на сядзенні і заплюшчыў вочы.
— Здань, Алесь. Бываюць, ведаеш, такія, што i сушанай крапівой не адгоніш.
У Капанічах іх пераможны атрад сустракалі... Ну, не з кветкамі ды мядзянымі трубамі, але са шчырымі ўсмешкамі. Дамініка на шыі мужа павісла, не саромеючыся старонніх, абцалоўвала ягонае аблічча. Яначка ды Паўлючок таксама прыхінуліся... Яначка блакітнавокі, Паўлюк цемнавокі, у матку. I Касенька голас падала на руках у нянькі. А лялечка якая, у белай сукенцы з ружовымі карункамі... Цёмныя вочкі, светленькія кучаравінкі... Не меней гожая, чым Соф’я Лёднічанка, вырасце!
А, дарэчы, дзе Сафійка? Пранціш адарваўся ад сузірання свайго дарагога сямейства, абвёў поглядам двор. Яначка адхінуўся, пасур’ёзнеў... Ды нават спахмурнеў.
— Панна Сафія, напэўна, не выйдзе...
I вочы хавае.
Пранціш не паспеў устрывожыцца — выйшла! Танклявая постаць у сціплай сіняй сукенцы, твар вэлюмам прыкрыты. У таямнічую даму гуляемся, ясна... Стала на ганку, ручкі склаўшы.
— Некалькі дзён з пакоя не выходзіла, Яначку вунь толькі пускала, есці ёй насіў... — трохі напружана патлумачыла Дамініка. — Не ведаю, што ў галаву ўзяла дзяўчынка...
А між тым адбывалася ўрачыстае з’яўленне жаніха перад чароўнай нявестай. Пан Валенты Жылка пад’ехаў на белым кані ў сармацкім строі, чырвоная аксамітная дылея з собалем, шляхецкая шапка з дыяментавым гузам, рука на шаблі-карабэлі, похвы ззяюць ад каштоўных камянёў... Вусы вось пакуль не адрасціў.
Пранціш мімаволі азірнуўся, шукаючы Каруся: той хаваўся за людзьмі, хаця як такі доўбня схаваецца, выцягнуўся за год, ледзь не на галаву вышэй за Вырвіча. Вусны сурова сціскае, але галаву не панурыў, бо позірк таксама да паненкі прыліп. Забыўся за гэты час, што глядзець на кабетаў грэх. Ды шмат што за гэты год у іх ува ўсіх змянілася.
Між тым Валенты Жылка спрытна саскочыў з каня i, бог ты мой, як у рыцарскім рамане, стаў на калена перад ганкам, што выконваў ролю пастамента для ліцвінскай Чароўнай Алены.
— Мая панна, ваш бацька вызвалены! Нават сатысфакцыя атрыманая пры сведках. Ніякіх перашкодаў болей няма нашаму шчасцю!
Рэпеціраваў, відаць, хлопец.
Панна пастаноўку ацаніла. Галоўку схіліла.
— Шчыра ўдзячная вельмішаноўнаму пану Жылку. Ніколі не забудуся на ягоную храбрасць ды дабрыню. А шчасце... — стрыманы ўздых. — Шчасце, пан Валенты, па заслугах нашых даецца.
I гэтая раманаў начыталася. Вырвіч з Дамінікай перазірнуліся, хаваючы ўсмешкі.
Сафійка спусцілася на апошнюю мармуровую прыступку і адкінула вэлюм.
Вырвіч перастаў усміхацца.
Уся левая шчака паненкі была скалечаная апёкам. Чырвоная страшная рана пачыналася пад вокам і спаўзала да падбароддзя.
Валенты нязграбна сеў на траву. Бутрым кінуўся абдымаць сваю красачку... Якая холадна і гучна патлумачыла анямелым прысутным:
— Нешчаслівы выпадак, панове. Захапілася хімічным эксперыментам.
Дамініка раптам ціха ўсхліпнула і ткнулася мужу ў плячо. Непадалёк цесць пан Гараўскі ціха і роспачна лаяўся.
Дык гэта ж нявеста сама сабе ўчыніла — сціснула холадам сэрца падкаморага здагадка... Каб болей не ваявалі за яе, не скрадалі, не дратавалі блізкіх. Мусіць, нагледзелася на Смажаную Німфу, якую выяўляла Меланхолія, і прыйшло ў галаву...
Сафійка з-за бацькавага пляча спакойна глядзела на Валентага. Той апусціў вочы, не ў змозе сузіраць сапсаваную гожасць, якую ўжо лічыў сваёй заваёвай.
— Пан Валенты, думаю, будзе да лепшага, калі я вярну вам слова. Хай пройдзе колькі гадоў, праверацца пачуцці. Я не хачу зараз кагось звязваць са сваёй асобай. Мне трэба прывыкнуць да новага становішча. Наўрад з такім тварам мне варта з’яўляцца на балях ці дзесь яшчэ.
Пан Жылка разгублена падняўся на ногі... Хлапчо зусім... Хоча па-рыцарску... Але...
Вырвіч падышоў да пана, крануў за плячо.
— Пан Валенты, думаю, паненка разумна кажа. Хай заручыны вашыя будуць лічыцца часова адкладзенымі. Паненцы трэба паправіцца, падумаць. Едзьце дадому, да сваіх абавязкаў... Зразумейце, Сафійцы зараз цяжка вас бачыць.
Вой, атрымае паніч гарохавы вянок. I Ганулька пакрыўдзіцца... Бо ясна, дзіця бярэш за руку — матку бярэш за сэрца.
Баўтрамей кіўнуў на знак згоды. Як кажуць, добраславі дзіцятка на ўсё добрае, на другое само здагадаецца.
— А на знак удзячнасці ўсёй вашай сям'і, пан Валенты... Прыміце невялікі падарунак. Алесь, аддай пану Жылку Арфанус.
А мог за той каменьчык прынамсі новы дом набыць.
Але Валенты, як ні сімпатызаваў крывавай Сірацінцы, гонар меў.
— Мы дапамагалі не дзеля падарункаў.
Вядома, запэўніў былую нявесту, што яна назаўсёды ў ягоным сэрцы, нягледзячы ні на што... I абавязкова паправіцца, i стане яшчэ прыгажэйшай, i спазнаюць яны шчасце... Але рукі ў яго дрыжэлі, і голас дрыжэў, і вочы апускаліся і набрыньвалі слязьмі.
— Усё, хопіць настрой адно аднаму псаваць! — рашуча заявіла Дамініка, як толькі пан Валенты са світай знік, і падміргнула Сафійцы весела. — Пайшлі, адсвяткуем шчаслівае вяртанне нашых герояў!
Узяла сыноў за рукі.
— Як сабе хочаце, а я жадаю сёння гульню ў шарады! Усе, хто можа, — дапамагайце рыхтавацца...
I рушыла ў дом. А Меланхолія, напэўна, яшчэ б Сафійцы вялікі палец паказала — маўляў, малайчына! Калі белую лісіцу, лісіную царыцу, злавіць у пастку, яна лапу сабе адгрызе, а ў няволю не пойдзе.
Пан Гараўскі выцер вочы і, праходзячы паўз доктара, які абдымаў дачку, папляскаў таго па плячы.
— Нічога, на жывым зажыве.
Баўтрамей таксама прагнаў тугу. Засяроджана, як заўжды падчас прыёму кліентаў, узяў дачку за падбароддзе, павярнуў яе галаву, прафесійным поглядам вывучыў рану.
— Кіслатой плюхнула? Сама намяшала?
Сафійка падціснула вусны.
— Так атрымалася. Дослед...
— Хай будзе дослед. Баліць?
— Не.
Апусціла цёмныя вочы.
— Маніш, баліць. Шчолач прыкладвала? Бачу, прыкладвала. Што ж, пайшлі, будзем лекаваць. Шнар, вядома, застанецца.
Вырвіч згадаў, што такі ж, толькі меншы, апёк утварыўся на шчацэ Алеся, калі той захінаў сваю каханую, Праксэду, якую хацелі па загадзе Тэрэзы Радзівіл асляпіць кіслатой. Праксэда тады лекавала свайго рыцара патоўчанымі перлінамі з уласнай сукенкі. Шнар паджыў, засталася белая зморшчаная скура. А Бутрым жа майстар. Нічога, будзе Лёднічанка дастаткова прыгожай... Толькі ўжо не для разбэшчаных арыстакратаў, якім трэба знешняя дасканаласць. Дыямент з плямай іх ужо не варты. Так што Сафійкін учынак сапраўды выратаванне. А для беднай дзеўкі... Ну, дык яна ж сама заяўляла, што хоча праславіцца розумам, а не красою.
У дзвярах дома Сафійку нагнаў Карусь. Вось калі дзеўка збялела ды пачала адварочвацца, хаваючы рану. А хлопец не адварочваўся. Наадварот, глядзеў ды ўсміхаўся радасна.
— Ніколі паненка яшчэ не была такой прыгожай!
Сказаў гэтак цвёрда, упэўнена, ад сэрца, што нат адцення насмешкі не западозрыць. Сафійка падняла на слугу вочы і ўпершыню за сёння ўсміхнулася, i не так, як раней, пераможна ці гарэзна, а нясмела і вельмі светла, не зважаючы на боль.
I ўцякла ў дом.
I што з гэтага спляцення жарсцяў урэшце будзе?
Ат, абы ўсе жывыя заставаліся. Бо ўжо год, як няма пані Саламеі. Пайшла ядзерка на неба, і каціліся перад ёю перліны слёз... Ды не ўсё забыта, што зямлёю ўкрыта.