Сярод музаў была ў Апалона самая ўлюбёная, старэйшая між сёстраў — Каліёпа, стваральніца эпічнай ды гераічнай паэзіі. Паслухаеш яе — і жыцця не шкада ў імя светлай мэты...
Зрэшты, ці мала якую гніль можна эпічненька падаць у якасці светлай мэты — гэтак на магнацкі стол смажаных вожыкаў часам падаюць, упрыгожыўшы дзівосна ды прыправіўшы шчодра вохкімі падлівамі. Светлыя мэты — гэта субстанцыя плыткая... Але хто ў светласці ўсумніцца, Каліёпа не папусціць. Дачок цара Піера, што аспрэчылі ейную праўдзівасць, ператварыла ў сарок, сірэн паабшчыпвала — у небарак, аказваецца, раней крылы былі...
Так што пан Вырвіч, пііт, абранец Каліёпы (а таксама сёстраў ейных Палігімніі, Эўтэрпы і часам нават Эрата) не сумняваўся ў тым, што ягоныя ўзнёслыя радкі пра Сякерку выклічуць захапленне.
Цяжкія засовы на дзвярах грымнулі, дзверы рыпнулі, пан Сякерка, падобны больш да калоды пад той сякеркай, тут як тут. За ім служка з падносам, гружаным місамі з каўбасамі ды клёцкамі.
— Ну як, пан Вырвіч, ці напісалася яшчэ колькі строфаў?
Пранціш лена павярнуўся на пярыне, што стараннямі пана Сякеркі лягла паўзверх кучы саломы, на якой мусілі спаць менш таленавітыя вязні менскага замка.
— Напісалася трохі, пане Альберце. Герб Окша мае слаўную гісторыю, як і род вашае мосці. Не хапае нечага для натхнення... Можа, валахскае віно кіславатае было, душэўную энергію панізіла...
Пан Альберт Сякерка, камендант замкавы, замітусіўся, замахаў кароткімі рукамі, паабяцаў, што неадкладна даставяць вельмішаноўнаму пану Пранцішу Вырвічу найлепшае французскае віно з вінаграднікаў Лангедока. А не дзьме ягамосці з акна? Дастаткова нацеплена ў пакоі? Хай толькі пан Вырвіч не забудзецца згадаць у сваёй паэме пра дзеда, пана Гапона Сякерку, мечніка Заслаўскага, які пад Хоціным ваяваў, і пра подзвігі самога пана Альберта Сякеркі на Рэчыцкім сойме, калі давялося супрацьстаяць радзівілаўскім сатрапам...
Пііт важна кіўнуў і паказаў пальцам, куды ставіць паднос. Дзеля Вергілія з Падняводдзя ў вязніцы нават зладзілі стол, няхай з няструганых дошак, але накрыты льняным абрусам.
Пранціш уцягнуў носам водар каўбасак... Някепска. Можна і папалуднаваць...
Пан Сякерка зразумеў, што ягонага падапечнага трэба пакінуць сам-насам з музаю, і адступіў да дзвярэй.
— Толькі паспяшайцеся, пан Вырвіч... Хацелася б, каб ваш выдатны твор застаўся завершаным...
А то павесяць цябе пасля калядных вакацый, паэце мройны, і застанецца недаапетым слаўны род Сякеркаў — дамысліў Пранціш недагаворанае.
Перад тым, як запусціць зубы ў прысмак, Вырвіч прабег вачыма па спісаным аркушы:
Годнасць уславім Альберта, Сякеркава сына,
Герб, упрыгожаны зброяй магутнай, уславім.
М-дам... Не раздумваючы далей, ці можна назваць магутнай зброяй выяўленую на гербе Окша сякеру, Вырвіч адкусіў сакавітай каўбаскі, не зважаючы, што залацісты тлушч капае на рукапіс.
Нічога, у кожнай пачцівай шляхецкай сям’і ведаюць, што тлушч — сімвал багацця, таму ежа самавітага гаспадара мусіць быць як мага больш тлустая. Без шкваркі ліцвіну сорам за стол сядаць! Тлушч дадавалі нават у гарэлку. З падобнымі пачцівымі традыцыямі чамусь зацята змагаўся Лёднік, сцвярджаючы, блюзнер, што тлушч кепска ўплывае на страваванне, выклікае хваробы пячонкі i нават сэрца...
Сам худы, як бізун, вось i нагаворвае.
Пры ўспаміне пра доктара Лёдніка Пранціш зноў пачуўся, нібыта ўклалі на калючую салому... Апошняе, што Вырвіч пра сябра ведаў, — даехаў сабе да Вільні разам з Сафійкай ды Карусём і пачаў у Віленскай акадэміі, ператворанай у свецкую Галоўную літоўскую школу, цвічыць студэнтаў у якасці прафесара, больш не баючыся, што за выкладанне анатоміі выганяць. Жан Жылібер, як толькі там абжыўся ў якасці загадчыка кафедры, адразу выпісаў сябра да сябе.
I Вырвіч шчыра спадзяваўся, што доктар дастаткова глыбока занурыўся ў сваю навуку. Бо калі паехалі на гадавіну па Саламеі ў Гародню... Страх глядзець было на Бутрыма. Як упаў на жончыну магілу... Так і змерз бы там, каб, дарэмна прачакаўшы колькі гадзінаў, гвалтам яго адтуль не забралі. Алесь тады з Вены быў прыехаў, сядзеў з бацькам усю ноч у пакоі, толькі малітвы і адратавалі доктара.
Пасля таго ляжання на прамерзлай зямлі ў Бутрыма зноў ногі забалелі. Баяліся, што давядзецца ўспомніць пра крэсла на колах... Але абышлося, пакульгваць толькі стаў.
Але, калі Вырвіч пад арышт патрапіў, ці не сядзіць у якой з суседніх камераў і Баўтрамей? Пан Сякерка ўсяляк запэўніваў, што не... Ніякага доктара Лёдніка тут і блізка няма... Дык, можа, проста пасадзілі ў вязніцу іншага месца? Як бы звесткі з волі атрымаць... Але, падобна, мярзотнікам удалося зрабіць так, каб пра зняволенне менскага падкаморага не даведаліся. Гайдукоў капаніцкіх, што пана пільнавалі, ці пасадзілі таксама, ці адправілі, падмануўшы. Мала што — загуляў пан падкаморы... Дамініка будзе злавацца, але шукаць раней чым праз тыдзень не пашле.
Пранціш думаць не думаў, што гэтак скончыцца, калі паехаў на сесію каморскага суда. Падлюкі дачакаліся апошняга пасяджэння, калі шляхта ўся перапілася, хто з радасці, справу выйграўшы, хто са злосці, справу прайграўшы, так што хоць Ноеў каўчэг тады абрынься проста з неба — падумаюць, гэта проста яшчэ адну бочку піва разбілі. Падгадалі, каб незадаволеных атрымалася куды больш, чым задаволеных...
Ну не мог Вырвіч кіравацца тым, каб праз несправядлівыя прысуды збіраць сабе прыхільнікаў. I адчуваў жа, што супраць яго змова... Што двое каморых, ім жа самім у паветах прызначаных, сумневу ягоныя прысуды падвяргаюць занадта часта. Але пад канец сесіі сам у лукаткі хадзіў — а як было з панамі-братамі не пасядзець пасля цяжкіх разборах за чарачкаю ды куфлем? Усе складаныя выпадкі разабраныя, можна парадавацца свайму судзейскаму майстэрству.
Так што, калі абвясцілі, што пан Пранціш Вырвіч траціць пасаду згодна з артыкулам шэсць раздзела дзевяць Статута Вялікага Княства Літоўскага, Вырвіч мог толькі па-дурному раўці ды рагатаць. Якая аргументацыя, калі ў памяці змест таго артыкула плёхаўся на дне дзясятага кубка такайскага... Гэта пасля Вырвіч будзе пракручваць у мазгах радкі: «А каторы бы падкаморы без прычыны хваробы сваёй да трох разоў рокаў, за позвы яго злажоных, не з’явіўся, гэткі ўрад свой траціць».
Тут жа ў судзе зачыталі дакументы, сведкамі падпісаныя, як менавіта падкаморы суддзя пан Пранціш Вырвіч пагарджаў сваімі абавязкамі і не з’яўляўся на пасяджэнні, не адклікаўся на позвы пакрыўджаных, што чакалі яго на справядлівы суд...
I цвярозым не змог бы апраўдацца, што цягаўся ў гэты час па Аўстрыях ды Прусіях у кампаніі Чорнага Доктара, Чорнай Меланхоліі i клятага Арфануса... А ў сваім «святочным» стане мог толькі лаяцца... Збольшага на лаціне. Гекзаметрам і амфібрахіем.
Былога суддзю падкаморага цакляры, служкі ляндвойтаўскія, узялі над рукі ветліва, павялі ці панеслі, ужо не важна... А калі праспаўся ды прадраў блакітныя вочы, аказалася, што спачывае ў вязніцы, таму што граф Мануцы звінавачвае пана Вырвіча ў акрутным забойстве свайго ахмістра, змове з разбойнікамі і падрыхтоўцы замаху на караля...
А што хацець — старостам менскім прызначаны пан Міхал Брастоўскі. Той самы, чыя прыжытая на чужыне дачка Праксэда ўцякла да доктара Лёдніка ў асістэнткі і ледзь не стала жонкай Алеся. Тады ў менскім судзе пан Міхал змушаны быў адазваць свае абвінавачванні супраць доктара, а Пранціш, як спрактыкаваны ў судовых справах, вёў дыспут. Так што рыхтуйся, шкаляру, да аслінай лаўкі.
Вырвіч уздыхнуў, пацягнуўся да пяра, уторкнутага ў бронзавую чарніліцу ў выглядзе галавы Мінервы, і хутка на захляпаным тлушчам аркушы дадаліся ўзвышаныя радкі:
Той, хто Альберта, Гапонава ўнука, на Рэчыцкім сойме пабачыў,
Век не забудзе таго непадлеглага боязі мужа.
Ён адбіваў, быццам волат, нападкі заілаў паганых,
Што адабраць маршалкоўства хацелі шляхом незаконным.
Пранціш трохі падумаў, выкрасліў «волат» і ўпісаў «Марс». Яшчэ падумаў, адкусіў каўбаскі, замяніў на «буйвал». Буйвал Альберт Сякерка. Не. Лепей, як ад пачатку, — волат. Пацягнуўся за жбанам з вінцом... Усё-ткі кіслае. Хай будзе «буйвал».
На суд пацягнулі нечакана, не папярэдзіўшы... Насуперак усім законам. Бо наўрад следствам можна было назваць тую адзіную сустрэчу з ленымі пісарам і падсудкам, якія нічога толкам нават не пыталіся... Не суджана было давесці да шчаслівага фіналу эпічную «Паэму пра Сякерку».
Калі Вырвіч спадзяваўся пабачыць залу, набітую шляхцюкамі, гатовымі дыспутаваць і дамагацца справядлівасці, дык давялося расчаравацца. Сабраліся не замкавым судом, а калегіяй — падваявода, падстароста, пісар. Усе — людзі Брастоўскага. Не сажалка, а лужына, не карасі — апалонікі, але гразі не менш. Возны — адзіны, каго Вырвіч добра ведаў, а лепш бы і не ведаў, бо той апоек няшчасны. Лупавокі адвакат таксама куплены... Заявіць, каб замянілі? Такога ж дадуць. Шляхцюкоў-сведкаў усяго некалькі, ясна, кліенты пана старосты. Пан Сякерка таксама тут — дык і ён Брастоўскага чалавек i з-за паэтычнага слова пра свой радавод супраць плыні не паплыве. Добра хоць з усімі выгодамі Вырвіч дзякуючы яму пераседзеў гэтыя дні, і кашулю меў чыстую пераапрануць, i пуховую коўдру — накрыцца. За дзвярыма не цікаўны натоўп, а каралеўскія жаўнеры. I не відаць ні капаніцкіх гайдукоў, ні пана Гараўскага, ні верных сяброў...
Сам вінаваты. Абяцаў, што пасля зімовай сесіі адправіцца праведаць Лёднікаў у Вільню, а напіўшыся, гарлаў пра гэта на ўсю карчму... Уласных гайдукоў, што спрабавалі свайго пана адарваць ад бахусавых спаборніцтваў, выгнаў... Так што ў Капанічах, відаць, упэўненыя, што неўтаймоўны пан Франтасій з’ехаў і шукае чарговых прыгодаў на свой русявы чуб. Box, дастанецца ад Дамінікі...
Што ж, не першы раз тут падобнае судзілішча — вунь пана Міхала Валадковіча, кумпана Пане Каханку, гэтак жа таемна схапілі, асудзілі ды й расстралялі ў сутарэннях Менскай ратушы. Нават радзівілаўскіх войскаў не пабаяліся. А Вырвіч — хто? Вайны праз яго не развяжуць.
А вось i граф Мануцы, расфуфыраны, як пернік на Каляды, набелены-нарумянены, хоць злізвай. Граф з амаль шчырым сумам ківаў у такт лемантацыям гродскага суддзі пана Ёдкі, якога толькі што зацвердзіў кароль, а быў ён таксама крэатурай Брастоўскага, з ягоных рук карміўся i на Вырвіча глядзеў як на скулле.
— Як мог самавіты шляхціц, падкаморы павета, добрага роду, звязацца з лапцюжнікамі? Парушыць святое — напасці на шляхціца-брата? Толькі цуд, апякунства Маткi Божае ўратавала сына яго светласці, якога бунтаўнікі збіраліся забіць! На бязвіннае дзіця руку падымаць!
Ёдка быў высахлы старэча, якому б даўно залатых карасёў у эдэмскай сажалцы лавіць ці, хутчэй, самому карасём смажыцца на пякельнай патэльні.
— I што ж змусіла пана Вырвіча пайсці на гэткае страшнае злачынства?
Галоўнае, Сафійку не ўмешваць.
— Я шаную шляхецкія цноты, і адна з іх — заўсёды заступацца за бязвінных, — паправіў сабаліную шапку Пранціш. — Прыехаў пагасцяваць да знаёмага аптэкара ў Браслаў і выпадкова пачуў, што ў Бяльмонтах зняволеныя скрадзеныя дзяўчынкі. Ну як не выручыць? Я, панове, у маладосці нават адзін да цмока ў пячору адправіўся ў горадзе Дракошчыне! Забіў, дарэчы. А хто ў Бяльмонтах яшчэ падлучыўся да бойкі — не ведаю.
Мануцы, які час ад часу пазіраў на дзверы і нібыта кагось яшчэ чакаў, нават папляскаў у ладкі паэтычнай прамове. Лупаты адвокат, падобны да карася, якому прычапілі вусы, дзеля прыліку звярнуў увагу панства на тое, як абвінавачаны шануе сармацкія традыцыі.
— Рыцар пан, значыць, бездакорны... — з’едліва прасіпеў суддзя. — Цмока забіць, дзяўчатак вызваліць... Але ў нас ёсць сведчанні, якія цалкам абвяргаюць словы пана,
Нешматлікія ўдзельнікі судовага пасяджэння ўхвальна загулі. У пакой завялі паненку у багатай старасвецкай сукенцы і каптурыку, з міленькім тварам і сціпла апушчанымі вачыма... Што значыць бялілы, чырванілы ды чарнілы змылі... Не пазнаць. Але Пранціш усё-ткі пазнаў: тая самая паненка, якую яны з Чорнай Меланхоліяй вызвалілі ад гвалтаўнікоў у сутарэннях. Гані казу ад капусты, яна гарох зжуе.
Дзеўка між тым, час ад часу бязвінна ўскідваючы вочы на высокі суд, звонкім галаском апавядала па падказках пана суддзі пра страшнае няшчасце, якое абрынулася на Бяльмонты. Жыла яна там зусім не ў якасці палонніцы, а па сваёй волі. Гэтак жа, як і іншыя дамы опсаўскага фрауцымера, то бок фрэйліны, шчаслівыя тым, што патрапілі знаходзіцца пры графскім двары, дзе бывае сам кароль. Бавілі час у малітоўных бяседах. Музыку прыстойную слухалі, духоўныя вершы чыталі. Чыста анёлкі. I раптам — бунт, напад, гвалт... Так, яна памятае гэтага вось пана, што кіраваў бунтаўнікамі. Цудам удалося ўцячы, схавацца ды ацалець ад пажару. I беднага маленькага графскага сына шукалі, хацелі грошы за яго атрымаць ці забіць.
Удзельнікі судзілішча ўступалі з абуранымі стогнамі ў патрэбных месцах зладжана, як антычны хор.
Пранціш быў не адзін год суддзёю, мог выбудаваць аргументацыю як трэба. I схітрыць, і прыгразіць сам не дурань. Але ў той жа час ён выдатна разумеў, што за прадстаўленне у гэтай зале шчодра заплочана, як за спектакль вандроўнага тэатра, i прысуд ужо вынесены... З намёкаў вынікала, што Мануцы спадзяецца не проста спагнаць гнеў па тым, каго ўдалося схапіць, але злупіць з яго за ўрон столькі, колькі будзе магчыма. Шляхецкі наезд — гэта адно... А змова з мужыкамі, прыгоннымі бунтаўнікамі — ніводзін шляхцюк не апраўдае, няхай тыя мужыкі сто разоў мелі падставу паўстаць. Сапраўды, закон — павуцінне, якое разрывае аса, а дробная машката загразае, каб стацца здабычаю ўладнай Арахны...
Дарэмна нядаўні падкаморы Вырвіч не аддаваў належных высілкаў барацьбе за сэрцы шляхты, то бок падарункам і інтрыгам. Нават магнаты не саромеюцца, калі трэба — у гразь з каня саскочаць, каб з панамі-братамі перад соймам паабдымацца, калі трэба — наезд на маёнтак палітычнага ворага зладзяць. Адзін Вырвічаў знаёмы, калі адправіўся ў мястэчка агітаваць шляхту аддаць за яго галасы на сойміку, паперадзе свайго каравана з медавухаю ды кумпякамі пусціў незвычайны вайсковы аркестрык: з дзясятак высокіх гожых дзевак, апранутых у градэтуравыя мундзірчыкі і чырвоныя каскеткі, ігралі на валторнах і чаканілі крок, бы запраўскія жаўнеры.
— Як жа не далучыцца да такога войска? — справядліва разважыла местачковая шляхта.
А цесць пан Гараўскі кожны раз рагатаў, успамінаючы візіт пісара Пане Каханку, пана Марціна Матушэвіча, які спрытна здабываў міласць моцных гэтага свету праз панегірыкі ды эпічныя паэмы.
Дык вось, калі ў пана Марціна зніклі з дому два срэбныя падсвечнікі, ён абвінаваціў беднага шляхцюка Юзафа Вітаноўскага, аднаго з тых, што па звычаі карміліся пры доме багацейшага пана-брата і за гэта гарлалі за яго на сойміку ды прадастаўлялі свае шаблі падчас наездаў і рушэнняў. Вітаноўскаму ўсыпалі дзвесце пяцьдзясят розгаў і пагналі са двара. А той, каб адпомсціць, абвясціў, што пан Матушэвіч — ніякі не шляхціц, а сын селяніна Матуса і ў маёнтку Вітаноўскага жыве ягоная родная цётка — пригонная Ганна Гінчукова па мянушцы Шымчыха. Паколькі Матушэвіч быў радзівілаўскім кліентам, Чартарыйскія ўхапіліся за магчымасць учыніць прыкрасць у варожым лагеры, зладзілі цэлую кампанію з выступамі Гінчуковай на сойміках і раскідваннем друкаваных пашквіляў...
Няма для шляхціца горшага, чым сумнеў у ягоным шляхецтве... Нявеста Матушэвіча, атрымаўшы пашквіль пра жаніха, адмовілася ад вяселля. Справа мусіла разбірацца на менскім Трыбунале. Дык вось, пан Матушэвіч аб’ехаў усіх сяброў Трыбунала, у тым ліку пана Гараўскага. Прыехаўшы ў маёнтак, адразу падаў крыжам і ліў слёзы. Колькі трэба, столькі і ляжаў, пакуль гаспадар не зробіць ласку падысці. А тады ножкі цалаваў, скуголіў-лямантаваў, ажно сабакі падвывалі.
Шляхта дужа дзівілася, як пан навучыўся файна слёзы ліць: раз — і цэлы фантан! Пан Гараўскі амаль сур’ёзна сцвярджаў — нават у ботах ягоных пасля сустрэчы з Матушэвічам салёная вада хлюпала.
I выплакаў-такі нясвіжскі пісар прысуд на сваю карысць.
Вырвіч, нашчадак Палямона, не мог сабе такога дазволіць. Hi загадаць засцябаць да смерці бяднейшага пана-брата, ні мыць слязьмі боты багацейшага. Таму і не меў таго ўплыву, які за гэтыя гады мог здабыць.
У арсенале Вырвіча была толькі Каліёпа з сёстрамі ды ўласны добра падвешаны язык.
Майстэрства і фантазія, укладзеныя ў паэму пра Сякерку, былі мізэрнымі перад тым, колькі іх уваліў Вырвіч у свае прамовы перад няправедным судом. Не, ён не спадзяваўся выйграць — але чаму б не пацвяліць добранька прысутных? Скралі каня — забірайце й вяроўку.
— Якое права мелі мяне, шляхціца Менскага павета, знявольваць у вежы? У мяне таксама маюцца сведкі! Я звярнуся ў Трыбунал! У княстве ёсць яшчэ нобілі, для якіх шляхецкія правы — не мякіна!
Суддзя схіліў востры нос над паперамі, як груган над яшчэ жывой ахвярай.
— Думаю, мы пачулі дастаткова... Злачынства відавочнае... Згодна са Статутам...
Але не паспеў абвясціць прапанову, як пакараць злачынцу, — за дзвярыма пачуўся шум. Твар Мануцы прасвятлеў зласлівай радасцю, проста на фізіяноміі было напісана: «нарэшце». Але калі ў залу забег венгерац з аховы графа i аб нечым пашаптаўся з гаспадаром, той устрывожыўся і выскачыў за дзверы. Пранціш дарэмна спрабаваў зручней усесціся на цвёрдай лаўцы. Што ж адбываецца і чым пагражае ўладальніку слаўнага герба «Гіпацэнтаўр»?
Клёцкі, можа, паспелі б зварыцца, а вось мясная поліўка — наўрад. Мануцы вярнуўся злы, як восеньская муха, нешта прамовіў суддзі. Той не мог схаваць расчаравання.
— Яснавяльможны граф Нікола Мануцы высакародна і па-хрысціянску адклікае сваё абвінавачванне супраць пана Франтасія Вырвіча.
Без Божае волі не загінеш ніколі. Граф вылаяўся на італьянскай мове, доўга i велягурыста, згадваючы чамусь святую Цэцылію, махнуў рукой сваім наймітам, i тыя паслухмяна павалюхалі да дзвярэй. На фізіяноміях чыталася палёгка і прадчуванне пацалунка з келіхам... А мо i не толькі з келіхам. Пан падстароста, даўгавусы ды брывасты, дагнаў паненку з Бяльмонтаў, якая дробненька тупала, усё гэтак жа сціпла апусціўшы галаву, і нясціпла намацаў праз спадніцы тое, што ніжэй спіны. Шлындра толькі какетліва войкнула. Адзін панураны пан Сякерка думаў, відаць, толькі пра паэму, якую, мяркуючы па нахабнай усмешцы нядаўняга вязня, той наўрад дапіша.
Мануцы, праходзячы апусцелай залай паўз Пранціша, прасіпеў:
— Падзякуйце ягонай вялікасці, што строга забараніў чапаць панну Сафію...
I дадаў са шчырай скрухай:
— Барбары... Такое хараство сапсаваць...
Вось яно што... Значыць, Сафійку пабачыў. Няўжо Лёднік дзяўчо сюды прывёз?
Вырвіч прамовіў ціха, але цвёрда:
— Задурыць галаву дзяўчынцы, скрасці цнатлівую шляхцянку дзеля свайго гарэма — вядома, не барбарства... Радуйцеся, што мы на васпана ў суд не падаём. Але спусціць я вам таго не магу. Пан Мануцы, вы нягоднік i хлус. Я выклікаю вас на двубой.
Мануцы тузануўся, развярнуўся на высокіх абцасах, падскочыў да падкаморага. На гладкім ілбе набракла i пульсавала жыла, рука шукала зброю, якую паводле звычаю не дазвалялася прыносіць у залу суда.
— З задавальненнем праткну вас, пан Вырвіч. Шкада, не сёння. Мяне чакае яго вялікасць i важныя дзяржаўныя справы. А вось у першы дзень сакавіцкіх рэдутаў спадзяюся сустрэць васпана ў Гародні. Даю слова, двубой будзе сумленны i я ніякім чынам ад яго не ўхілюся. Наадварот — калі што, не дам ухіліцца вам.
Гэх, шкада, што і ў Вырвіча пры сабе не было радавой шаблі, ягонага Гіпацэнтаўра... Каб проста зараз пасекчы гадзюку — той не змог бы адмовіцца ад двубою цяпер жа згодна з кодэксам гонару. Але і ў Пранціша ёсць пільныя справы...
Мануцы, выходзячы, грукнуў дзвярыма. Ды Вырвіч грукнуў мацней, каб старая драўніна — дык парахня пасыпалася б. Але судовы будынак толькі нядаўна аднавілі пасля пажару, і дзверы ў ім былі навюткія, дыхтоўныя, з добрага дубу. Шкада, няма сілы пана Міхала Валадковіча — калі таго з залы ў Менскай ратушы выводзілі, асуджанага на горла, пан, лаючыся неміласэрна, у вушакі дзвярэй учапіўся так, што толькі з тымі вушакамі разам вынеслі.
«Лыцары» Карусь і Сцяцко з аголенымі шаблямі пасярод апусцелага калідора вартавалі танюткую постаць...
— Дзядзька Пранціш!
Абцасікі дзявочых чаравічкаў бадзёра прастукалі па шэрых каменных плітах, на якіх раней хтосьці кленчыў, падаў камусь у ногі... Вырвіч абняў хросніцу. Бутрым усё-ткі паспеў падлячыць крывіначку: шнар выглядаў не так страшна, не барвавеў...
— Дзе бацька?
Сафійка адвяла гожыя цёмныя вочы.
— Яго... адаслалі. З важнай навуковай задачай.
Пранціш падазрона паглядзеў на гардыянаў Лёднічанкі. Важнецкае войска: каб не ўмеў дрыжаць, змёрз бы.
— Вы што... утраіх сюды прыехалі? Ну добра, гэтае дзяўчо з фіялкамі ў галаве заміж клёку... А вы? Як насмеліліся яе сюды валачы? Што, калі нягоднік Мануцы загадаў бы яе зноў скрасці?
Карусь i Сцяцко вінавата панурыліся. У паўцёмным калідоры менскага гродскага суда гулялі скразнякі і трывога, цямнелі наводдаль i дзве падазроныя постаці — як жа без віжоў. Сафійка задрала падбароддзе.
— Не ўтраіх... Хвелька яшчэ з намі... Коньмі кіруе.
— Ну, калі Хвэлька... Гэта ж зусім змяняе расклад, — здзекліва прагаварыў Вырвіч. — Гэта ж цэлы почт драгунаў, лічы.
Дактароўна раптам усхліпнула.
— Не злуйцеся, пан Вырвіч. Яны не хацелі, Карусь ды Сцяцко. Я змусіла. Вы ж з-за мяне сюды патрапілі... Усё з-за мяне зноў...
Пранціш зірнуў на двух спадароў у аднолькавых шапках у канцы калідора, якія нібыта былі занятыя собскай размовай.
— Адкуль даведаліся пра мой арышт?
Сафійка зірнула на Каруся, той вінавата ўздыхнуў.
— Шаляніца паведаміла.
— Чорная Меланхолія?! — Вырвіч ледзь паветрам не папярхнуўся, яшчэ раз зірнуў на віжоў, якія нават перасталі рабіць выгляд, што не цікавяцца кампаніяй нядаўняга падсуднага.
А вось нарэшце вынеслі канфіскаваныя рэчы пана падкаморага. Шчуплы «юрыста з палестры» працягнуў клунак, у якім мусілі быць біклажка з вішнёўкай на донцы ды персіянскі кінжал, а самае галоўнае — аддаў шаблю... Пранціш багавейліва пацалаваў лязо Гіпацэнтаўра.
— Так... Пайшлі адсюль...
На менскай брукаванцы раставаў мокры снег — здохлая зіма выдалася ў гэтым годзе, сухотная, перхала дажджом ды туманам. Дзень быў яшчэ кароткі, як авечы хвост, i збіраўся скончыцца. Пранціш яшчэ раз высунуўся ў акно дарожнай карэты ў пошуках пагоні, не пабачыў, толькі гандляры Высокага рынку ды жабракі таўкліся побач. Лірнікаў было ажно двое — адчайна перакрыквалі гармідар і адзін аднаго ў спадзеве перахапіць мядзяны, а мо й срэбны дождж. Той, што злева, завываў пра пакуты рыцара Байды, той, што справа, аплакваў сіротку Дароту. Трэба падарыць камусь з іхняга вандроўнага цэха няскончаную баладу пра Сякерку... Каліёпаў тавар сёння патаннеў: калі той жа Матушэвіч адпраўляў каралю свой верш, для важкасці дадаў да яго пароднага харта.
Зверху, з козлаў экіпажа, таксама даносіліся лемантацыі...
— А пакутнічкі святыя.. А куды ж зноў мае паночкі патрапілі... А панесла ж панначку ў вялікі свет...
Бедны Хвэлька — трэба ж, хворага старога таўстуна выцягнулі на подзвігі.
Пранціш загадаў ехаць, і пачулася галёканне Сцяцка, які разганяў булачнікаў ды збіценшчыкаў. Пранціш адкінуўся на сядзенне, захутаўшыся шчыльней у ваўчуру, мудра прыхопленую для яго выратаваўцамі, і зыркнуў на апошніх сурова.
— Ну, спавядайцеся, блазнюкі!
Сафійка скасавурылася на Каруся, які намагаўся ўсёй сваёй плячыстасцю сціпла ўціснуцца ў кут ды ўгнуцца — не месца слугу побач з панамі. Працягнула пакамечаны ліст. Пранціш з цяжкасцю разбіраў літары ў прыцемку... Адрасавана доктару Баўтрамею Лёдніку... Без подпісу. Невядомы дабрадзей раіў мужу вучонаму выпраўляцца ў менскі замкавы суд, ратаваць пана Вырвіча, і калі ёсць які варты выкуп, можа, каштоўны камень раптам у пана доктара заваляўся, дык узяць з сабою. I дакладная дата суда над Вырвічам пазначаная.
— Пані Меланхолія адабрала гэты ліст у пасланца графа Мануцы, — патлумачыла Сафійка.
Дык вось каго падлючы граф чакаў! Ведаў, што Баўтрамей абавязкова кінецца сябра выручаць і Арфанус прывязе.
Чорная Меланхолія, якая не збіралася адчапляцца ад Чорнага Доктара, пераканала Сафійку, што Бутрыма гэтым лістом хочуць завабіць і знішчыць. А вось самой дактароўне нічога не пагражае. Станіслаў Панятоўскі натуры распускай, але тонкай. Знявечаную паненку Сафію шчыра шкадуе і страшна ўгневаецца, калі хто яе пакрыўдзіць ці непрыгожая справа з яе выкраданнем выйдзе на людзі. I былой палюбоўніцы Цялка імператрыцы Кацярыне наўрад спадабаецца скандал з-за таемнага гарэма ў Бяльмонтах і скрадзеных дзяўчатак.
Словы Меланхоліі пацвярджала тое, што з Лёднікам у Вышэйшай літоўскай школе, былой езуіцкай акадэміі, абыходзіліся як з сапсаваным яйкам — асцярожліва, каб толькі не трэснула. I кафедру далі, і шпіталь дазволілі пры школе ладзіць, і анатамічны тэатр... I намякалі, што Лёднічанцы месца пры двары заўжды ёсць, нягледзячы на сапсутае аблічча. Дапамогуць знайсці радавітага мужа, пасаг дадуць з каралеўскае казны... Зразумела, узамен за маўчанне. Таму, як толькі Мануцы пабачыць Лёднічанку ў судзе, тут жа адступіцца. Ён і падаў у суд, што пэўны: ні Вырвіч, ні Лёднік не стануць нават згадваць імя дзяўчыны, а значыць, воля караля не будзе парушаная. I калі Сафійка дастаткова смелая, каб выратаваць бацьку і хроснага, трэба дзейнічаць самой...
I найперш адаслаць упартага доктара.
Нагода ёсць: просьба ад кіраўніцтва Кракаўскага ўніверсітэта, на якую, нягледзячы на захады ўласнага начальства, прафесар Лёднік не спяшаўся адклікацца. Сафійцы трэба толькі пераканаць бацьку... Пан Баўтрамей з’едзе, а мужная дзяўчына здзейсніць подзвіг.
Дзяўчына выглядала гэткай шчаслівай і гордай, што Вырвіч пашкадаваў груба яе настрой рушыць.
Бо страшна ўявіць, каб пачалі ў судзе разбіраць справу аб выкраданні... Згодна са Статутам факт згвалтавання прызнаецца тады, калі дзяўчына крычала. Чуў хтось ейныя крыкі — значыць, не вінаватая. А не крычала — не было гвалту, сама згадзілася. А тут сведкі пацвердзяць — сама ўцякла з дома Жылкаў, сама з радасцю ехала ў Бяльмонты, жыла там як прынцэса, па сваей ахвоце сам-насам бяседы вяла з мужчынамі... Ды ніхто не паверыць, што цнатлівай засталася! Бедную дурнічку перастануць у прыстойныя дамы пускаць, граззю на вуліцах пачнуць закідваць.
Вырвіч папытаўся толькі, што за даручэнне Бутрыму перапала.
Аказваецца, да польскага двара меркавалі запрасіць скандальна вядомага доктара Месмера, які лечыць з дапамогай жывёльнага магнетызму. У Вене супраць адкрывальніка флюідаў паўстала ўся навуковая супольнасць, так што давялося перабрацца ў Парыж. Цяпер у Парыжы тыя ж клёцкі, толькі з рэпы. Шукае новага прытулку. Паглядае на Польшчу і Расію. Таму не палянуецца, прыедзе на «агледзіны» са сваімі «бакэ», зараджанымі электрычнасцю і магнетызмам, на «нейтральную тэрыторыю», ажно ў Рыгу... Авечак з залатой поўсцю пастрыгчы... А пасля, калі ўсё пройдзе гладка, атрымае запрашэнне ў Варшаву. Але, перш чым дапусціць туды чарговага прагрэсіўнага доктара, належыць правесці экспертызу. Вучоныя мужы Кракаўскага ўніверсітэта, атрымаўшы гэткае даручэнне, вырашылі, што паназіраць сеанс Месмера і зрабіць сваё заключэнне варта даверыць толькі доктару Лёдніку, які і сам валодае магнетычным дарам.
Такая праўда як вош кашляе. Вырвіч хмыкнуў пра сябе: ясна, нікому не хочацца рызыкаваць. Ухваліш вынаходніка флюідаў — а пры двары яго палічаць шалберам, зганіш — а венскі хітрун увойдзе ў міласць... Хай блюзнерскі Чорны Доктар на сябе сумніўную місію бярэ. На табе, нябожа, што мне нягожа. Да таго ж Месмер — паляндра яшчэ тая, увесь час брашуркі друкуе з адказамі апанентам, якія насмеліліся ягоную методу правяраць. Абражае ды раскатвае на блінец. I былога прыхільніка доктара Інгехаўза не пашкадаваў, і чальца Венскай ды Лонданскай акадэмій Хела Патэра...
Але Чорны Доктар не застанецца без падтрымкі. Дапаможа яму надзейны чалавек, які па даручэнні новага канцлера інкогніта стане кліентам Месмера ў Рызе і звіжуе, так бы мовіць, знутры.
— А вам не прыйшло ў галаву, што лячыцца магнетызмам у якасці віжа будзе Меланхолія? I Баўтрамея ў Менск не пусціла, каб з ёю ў Рызе апынуўся?
Сафійка разгублена ўзмахнула даўжэзнымі чорнымі вейкамі. Карусь застаўся спакойны, як збан малака.
— Вы не перажывайце, пан Вырвіч, яна пану Баўтрамею больш нічога кепскага не зробіць. Яна слова дала.
Пранціш пераводзіў вочы з аднаго на другога... Шчырыя наіўныя падлеткі.
— А ведаеце, што пры апошнім нашым спатканні яна заявіла, што Бутрым павінен ёй смяротны двубой?
Сафійка перарывіста ўздыхнула ад жаху, а Карусь упарта паўтарыў:
— Я ману адчуваю... Меланхолія не будзе забіваць доктара.
I няўпэўнена дадаў:
— Яна... някепская. Мне... так падалося...
Пранціш стрымаў лаянку.
— Някепская. Як дзіцёнак, які абрывае матыльку крылы за тое, што матылёк не захацеў з ім гуляцца. Ты як бацьку падбіла ў Рыгу выправіцца? Я ж ведаю, ён не хацеў цябе адну пакідаць.
Дзяўчо збянтэжана апусціла галаву.
— Сказала, што чула, быццам пан Месмер на сваіх сеансах пазбаўляе ад шнараў. I што хачу паспрабаваць. Пан бацька, вядома, заявіў, што раз так, ён спачатку сам упэўніцца ў дзейснасці ды бяспецы метадаў аўстрыйскага шалбера. Пан Жылібер падтрымаў, нават паслаў з панам бацькам свайго ўлюбёнага вучня, Анупрыя Арлоўскага.
Вырвіч памятаў таго Анупрыя: бялявы хлапец з трохі запалымі блакітнымі вачыма, шчупленькі, прыгорблены, навуцы адданы... Важнецкая абарона...
— I як цябе бацька без прыгляду пакінуў?
— Мне належала ў паноў Жылібераў пасяліцца, але... Тата не звяртае ўвагі на такое... Жыліберам не да мяне — у ix сын маленькі, Станіслаў, хроснік караля. Масье Жан лічыць, што мадам, згодна меркаванню Русо ды іншых фізіякратаў, мусіць сама яго гадаваць і карміць. А мадам крычыць, што яна не жабрачка і хоча захаваць прыгажосць, і ў доме госці, якім яна мусіць аддаваць увагу, як прыстойная дама. Сварацца... Маленькі крычыць дзень і ноч... Я спрабавала яго часам замест мадам даглядаць — ды пан Жылібер злуецца. Карацей, я адпрасілася, сказала — дома жыць буду.
— I яны пагадзіліся? Вось жа легкадумнасць якая... — абурыўся Пранціш.
У Сафійкі запалалі гожыя вочы крыўдай.
— Між іншым, у адрозненне ад вас з татам, яны не ставяцца да мяне як да малой недарэкі. Паважаюць, што я цяпер у шпіталі працую... Пан Жылібер мяне i Каруся працы з мінераламі згадзіўся вучыць...
Пранціш перастаў слухаць шчабятанне Лёднічанкі. Вялікая вучоная... Дапусцілі нешта там памагчы лекарам — і ўжо «ў шпіталі працую». Ага, напінаецца, аж падае. I Каруся вунь як гожыя вочкі дактароўны пераўтварылі... Нават «панскай навукай» больш не грэбуе.
Тут над самім Вырвічам двубой вісіць, і Бутрыма вось-вось зноў уцягне чортава наймічка ў смяротную прыгоду...
Карусь насупіў густыя светлыя бровы.
— Адпусціце тады мяне, панове, у Рыгу... Вунь Сцяцка вазьму, прасочым, каб з панам нічога не здарылася.
Сафійка тут жа ўзбурылася, як свежае піва... Нізавошта не застанецца ўбаку! Яна ва ўсім вінаватая, ёй і выпраўляць.
I ўцячэ ж, зараза. Подзвігі здзяйсняць.
Вырвіч уздыхнуў. I перападзе ж ад Дамінікі...
— Падобна, наш вандроўны балаган, спадарства, усім складам едзе ў Інфлянты.
I павінны быў пачацца новы раздзел, але не ў паэме пра Сякерку, а ў сазе пра ліцвінскага Адысея і ягоную каманду, якіх носіць на хвалях часу, матляе, быццам часткі разбітага карабля, ад аднаго берага да другога, пад рогат уладароў, што мрояць сябе антычнымі багамі. I ўлюбёная Ітака, скалістая неўрадлівая выспа, прыкрашаная балотамі, буслянкамі і сінімі вачыма пушчанскіх азёраў, аніяк не прыме сваіх вандроўнікаў.