Раздзел сёмы З’ЯЎЛЕННЕ ЧОРНАЙ МЕЛАНХОЛІІ

Нямецкі мніх Базыль Валянцін (такое вось двайное імя) шукаў філасофскі камень, а здабыў падазроны шэры парашок. Што за яно? А давай свінням манастырскім дамо!

Свінняў ад парашку добра прабрала... Шаноўны Базыль узрадаваўся: файныя лекі, якраз братам мніхам карысна! Падзяліўся шчодра... Наранку браты ляжалі мярцвенькія, а парашок празвалі антымоній, альбо сродак супраць мніхаў. I калі дадаць яго ў свінец, то атрымаеш цвёрды метал гартблей, а калі ахаладзіць выпарэнні жоўтага антымонію, атрымаецца чорны, якім кабеты любяць падводзіць бровы і вейкі...

Пасля гэтага павучальнага расповеду Лёднік звычайна разважаў, што чалавек часта не разумее каштоўнасці таго, што робіць, — колькі карысных адкрыццяў падчас здабывання таго філасофскага каменю грэбліва адкінута алхімікамі... А яшчэ — як лёгка па-дурному згінуць ад самых лепшых намераў памагатага.

Пранціш пазяхнуў і павярнуўся на другі бок. Здаецца, так замарыліся ў сваёй пагоні, з коней валіліся, ледзь угаварылі Лёдніка спыніцца на начлег у гэтым невядомым мястэчку Віславіца, займелі асобны пакой на мансардзе карчмы, упаў на ложак — і спі... Дык не ж... Прачынаешся ледзь не кожную гадзіну. Холадна, як у склепе, — гаспадар пасквапнічаў на жароўню. Студыёзусы ўнізе ўсё яшчэ равуць свае песні, праўда, галасы ўжо як кепска замацаваныя палазы.

Леў і арол, сера і ртуць...

Смерць і жыццё побач ідуць,

Рукі счапіўшы, хістаюцца зранку,

Як студыёзусы з пагулянкі.

Не патрапляйся насустрач, нябога.

Смерць і жыццё разважаюць нядоўга.

Першы адорыць — адніме другі.

Золата іх не трывае вагі.

Лайся, прасіся — дарэмны куродым.

Вырашаць — як па мурашніку ботам.

Леў і арол, сера і ртуць.

Выпіць за вечны спачын не забудзь.

Вясёлая песня, страшненькая, якраз на густ Лёдніка... Вырвіч падрыхтаваўся зноў праваліцца ў цяжкі сон — але не, усё ж не песня былога драгуна пабудзіла... Побач нават не пачуўся — адчуўся нейкі рух... Не, не Бутрым — той спіць, чуваць ягонае роўнае дыханне. Што за пракуда? Дзверы зачыненыя, звонку за імі ўлёгся Карусь — хлопец упарта займаў месца пад дзвярыма гаспадароў у якасці аховы. Шыбы зачыненыя, аканіцы таксама, у пакоі цёмна, як у печы, дый высока акно... Пранціш прыслухаўся: ні гуку... Ат, падалося...

Але і Лёднік заварушыўся... Больш за тое — ускінуўся. Вось цяпер не да начных мрояў. Пранціш ліхаманкава застукаў крэсівам — пакуль распаліўся ад жарынкі трут, успыхнула трэсачка, выпацканая ў серным расчынні, пакуль агонь лізнуў кнот сальнай смярдзючай свечкі, вылучанай гаспадаром карчмы... У цемры ўсё больш валтузіліся, вось нешта ўпала, Лёднік нежартоўна счапіўся з кімсьці маўклівым...

Калі цемра неахвотна адступіла, дапамога Вырвіча ўжо не спатрэбілася. Баўтрамей прыціскаў да сцяны кагось гнуткага і імклівага, што вылузваўся як вужака, з галавой закручаны ў чорнае, — не разабраць, што за ён... Штосьці зазвінела: на падлогу ўпаў кінжал. Забойца!

Усё адбылося цягам некалькіх імгненняў. У пакой уварваўся Карусь з аголенай шабляй і застыў слупам на парозе. Пранціш падбег да схопленага злыдня і сцягнуў з ягонай галавы маску. Па плячах расснежыліся белыя валасы, белыя бровы насмешна прыўзняліся над вачыма, што здаваліся бяздоннымі, не зразумець, якога колеру, і вейкі белыя... Дзеўка! Пранціш успомніў, што бачыў яе ў карчме. Багамоліца такая, капуста ў хустках, вочы апушчаныя, пальцы ружанец перабіраюць... Запомніліся менавіта гэтыя белыя бровы і вейкі. Антымоній якраз бы прыдаўся, падчарніць.

Дзеўка паспрабавала вылузацца, але дарэмна.

— Ну ты і моцны, дзед!

Ані каліва страху, голас трохі нізкаваты, іранічны... Па-беларуску гаворыць без акцэнту, бы з-пад якой страхі Навінаў ці Пугачоў, што на Валожыншчыне, вылезла. Вырвіч нарэшце ачомаўся.

— Хто цябе падаслаў, гадаўка?

Белагаловая бессаромна лупілася сваімі незразумелымі вачыма — аж ніякавата.

— Забылася, паночак. З памяццю ў мяне бяда такая: як грошы заплацяць — адразу забываюся, хто плаціў.

Ну, калі дзеўку наймаюць для такой бруднай і небяспечнай працы, гэта не дзеўка, а чума.

Між тым чума паспрабавала брыкнуць нагой Баўтрамея — той мацней заламаў ёй рукі.

— На графа Мануцы працуеш? — прасіпеў на вуха мярзотніцы Чорны Доктар.

— Ай, дзед, не зламай мне руку — як я на жыццё буду зарабляць? — блазнавала забойца. — А каму ты дарогу перайшоў — табе лепей ведаць. Пусці, усё скажу! Куды я ад вас дзенуся?

— А можа, i дзенешся, залезла ж сюды неяк праз зачыненыя вокны i дзверы! — скрозь зубы прамармытаў Пранціш, зараджаючы адразу дзве пістолі. — Абшукай яе, Карусь!

— Грэх да чужой бабы датыкацца! — набычыўся дзікун.

— Тады трымай пісталет...

Вырвіч без асаблівага жадання, але з належнай асцярогай наблізіўся да госці, сам не ведаючы, як далёка гатовы зайсці... Гвалтаўнікоў сам заўсёды бязлітасна караў... Але калі ў наймічкі — а яна відавочна майстар сваёй справы — прыхаваны пісталет ці атручанае лязо, тут яны ўсе і палягуць... I паляцеў разам са сваімі роздумамі на падлогу, пакутліва спрабуючы ўдыхнуць.

— Што ж вы, ваша мосць, шляхецтва сваё ганьбіце? А як жа рыцарскія цноты?

Куды падзелася сялянская гаворка?

Бутрым зноў ледзь утрымаў заразу. Вырвіч з Карусём наставілі на белавалосую пісталеты, тая паказальна застыла, і доктар з палёгкай выпусціў яе і адышоўся на два крокі. Паненка не тоўстая i не дужа высокая, але жылістая, як хорт. Семя яхідны i медузы.

— Ну навошта столькі цяжкасцяў учыняць, дзед? — выскаліла на Лёдніка бялюткія зубкі зараза. — Адцягваеш, супраціўляешся... Усё роўна я цябе заб’ю — ты мая праца, а я працу сваю добра ведаю. Хіба не лепей прыняць смерць хуткую i найменш балючую?

Пранціша скаланула ад непрыемных успамінаў: чуў ён некалі падобныя словы... I бачыў гэткія ж бяздонныя вочы з белымі вейкамі.

— Як цябе завуць? Герман Ватман не ў тваіх сваяках?

Зноў усміхаецца, як гандляр на кірмашы.

— Мяне, паночкі, называюць Чорнай Меланхоліяй. А на ўсё іншае памяць благая, што рэшата. Імёны макам прасяваюцца, ды не ўзыходзяць.

Бутрым сустрэўся з Пранцішам позіркам... Ой, колькі страшнага скаланулася з мінулага, як недарэчы прывід белавалосага волата...

— Калі Ватман — твой бацька ці іншы сваяк, ці не за яго ты адпомсціць мне вырашыла?

Белавалосая Чорная Меланхолія — хто толькі такое мяно выдумаў? — зарагатала.

— Ну ты, дзед, забаўны... Відаць, таго Ватмана-Шматмана прыкончыў? Мацак!

Лёднік усё больш змрачнеў.

— Што ты ведаеш пра лёс маёй дачкі?

Наймічка скрыжавала рукі на невысокіх грудзях, нібыта ва ўласным пакоі перад люстэркам.

— Акрамя сваей працы, нічога не ведаю, спадарове. Адно не магу даўмець: чаго цябе, доктар, усе раздушыць імкнуцца? Ты ж адэпт, я тое бачу. Можаш золата наствараць з медзі ды свінцу. Я б цябе ў лабараторыі замкнула.

Чорны Доктар сціснуў зубы:

— Дзе мая дачка?

Забойца пацепнула плячыма.

— А ты б яшчэ ў шыла папытаўся, дзе бот. Сумна мне з вамі...

Абвяла позіркам траіх мужыкоў.

— Адзін замалады... — бяздонныя вочы ледзь затрымаліся на Карусі. — Другога жоначка за аброць трымае... — гэта Пранцішу. — Трэці стары...

Дзеўка абмерала вачыма хударлявую напружаную постаць Чорнага Доктара.

— Хаця... Не пераймайся, алхімік, аказваецца, не такі ўжо ты стары. Недаацаніла я цябе. Спрытнюга. Мог бы яшчэ пажыць. Але выбачай — не дам...

Далейшае адбылося так хутка, што Пранціш паспеў толькі спатыкнуцца аб павалены зэдлік ды вылаяцца. Чорная Меланхолія нечым кінула ў свечку амаль незаўважным рухам, свечка згасла, шыбы грукнулі... I куды зараза падзелася — незразумела. Ці на зямлю скочыла, ці на дах забралася, ці ў варону перакінулася?

Карусь ламануўся перахапіць гадаўку і папярэдзіць Сцяцка, які застаўся ночыць у стайні, ля іхніх коней. А ў пакоі запанавала прыгнечанае маўчанне, як пасля бойкі пад Сталовічамі, калі князь Багінскі праз акно ад жаўнераў Суворава ўцякаў, толькі жменю табакі ўхапіўшы. Аблапошыла іх Чорная Меланхолія, як шкаляроў-першагодкаў. А маглі зараз ляжаць з перарэзанымі глоткамі...

Не пераймайся так, чалавеча,

Бо над табою труны ўжо вечка,

Адсыпаў трунар для яе цвікі,

I свечка скалелай не кіне рукі... —

надрывалася яшчэ ўнізе некалькі п’яных галасоў, але не нахабна, а жаласна, нават падвываючы.

— Добра, што ты прачнуўся... — выгукнуў Вырвіч, выціраючы спацелы лоб. — Бо калі б не... А хочацца ж трэцяга сыночка пабачыць на свае вочы...

— Думаю, цябе б яна забіваць не стала, — Бутрым стамлёна ўсеўся на ложак. — Ёй, як вынікае з яе ж словаў, толькі за мяне заплацілі. Затое ўяві, як нараніцу ты тлумачыш, чаму гэта твой спадарожнік у пакоі з замкнёнымі вокнамі і дзвярыма аказаўся забітым. Паненка, мяркую, першая б падазрэнні ў твой адрас выказала...

Вырвічу яшчэ больш зблажэла.

— Дакладна Ватманава байстручка!

Лёднік задзьмуў свечку.

— Перачытаў ты раманаў, Вырвіч... Гэта проста адсутнасць пігменту, нават не хвароба, а... асаблівасць. Такіх людзей завуць альбіносамі, і яны падаюцца нам падобнымі адзін да аднаго гэтак жа, як мы ўспрымаем на адзін твар кітайцаў.

Лёднік закруціўся на шэрай грубай прасціне, накінутай на сяннік, уласнаручна перасыпаны ім персідскім парашком.

— Што праўда, лёс іх яднае — непадобнасцю да іншых. Насцярожанасць людская вакол, а то і варожасць... Заўсёды дзіўлюся, як лёгка людзі прымудраюцца знайсці прычыну для цкавання — абы зваліць віну за ўласныя беды на кагось хоць чымсьці адрознага. Не дзіўна, што часам і белавалосыя халаднеюць душой і рамёствы выбіраюць... сумніўныя. Давай паспім хоць пару гадзін яшчэ, пакуль не развіднее... Усё адно Карусь ды Сцяцко на варце.

Вырвіч хмыкнуў: ну не мог паверыць у выпадак. Ды кропля ў кроплю, куля ў кулю гэтая гадаўка — Герман Ватман, каб ён у зямлі верацяном круціўся. I з Мануцы дакладна белавалосая знаёмая. Той, помніцца, усё пра чорную меланхолію, на якую нібыта Лёднік хварэе, згадваў з нейкай паганай усмешкай, маўляў, добра з ёй знаёмы і ўмее ладзіць... А што, калі ён меў на ўвазе гэтую Чорную Меланхолію, што ў вокны выскоквае?

Аднак і праўда трэба было адпачыць... Злыдні, што Сафійку звезлі, таксама ж ночыць мусяць. Двойчы пашанцавала знайсці сведкаў, што бачылі зялёную карэту без гербаў, якая ехала на поўнач.

Бедны Лёднік... Жонку страціў, сын адвярнуўся, дачку скралі...

— Толькі не смейся, Пранціш... — пачуўся ў трывожнай цемры шэпт доктара. — Мяне... Саламея пабудзіла.

Вырвіч пастараўся не хмыкнуць.

— Не думай, што я з глузду з’ехаў... Прысніў, быццам яна мяне за плячо трасе і дакорліва гэтак: «Прачынайся, Фаўст, а то жыццё праспіш». Я ж... часта яе бачу, Залфейку. У сне. I наяве — прысутнасць адчуваю. Размаўляю з ёй — нібыта слухае.

Вырвіч не наважыўся нешта сказаць скептычнае. Сам доўгі час адчуваў побач сваю памерлую нявесту Раіну Міхалішыўну, якая дакляравала апекавацца сваім каханым i на гэтым свеце, i па той бок болю.

А яшчэ нейкі час перашкаджала заснуць прыкрая думка: чаму тая Меланхолія прыпякла, што Вырвіча жоначка за аброць трымае? Далікатная ягоная Дамініка і разумніца. А калі вымову і ўчыніць — дык без злосці i крыку ды па справе.

Але толькі ўдалося ўплысці ў прыемнае снабачанне, дзе Дамініка малюе пальмы, — шум унізе змусіў вынырнуць да сумнай явы. Лаяліся на польскай, жмудзінскай, габрэйскай, нямецкай, украінскай, славацкай ды, можа, яшчэ на якіх мовах, іх Вырвіч не мог пазнаць. А вось, здаецца, буркатлівы голас Каруся...

Цьмянае ранішняе святло ўварвалася ў шчыліну між шыбамі, нібыта армія ў заваяваны пасля доўгай аблогі горад. Лёднік ужо стаяў апрануты, паклаўшы руку на дзяржальна шаблі. Вось жа спрытны, а нядаўна ўзняцца не мог...

А ўнізе ўзбураная грамада абкружыла шчуплага маладзёна ў чорным сурдуце, не распазнаць, ці пісар, ці судовы які, ці шалбер з астрагаламі ў кішэні. Праўда, нервовы разумны твар ахвяры карчомнага гневу не стасаваўся з шараговым пісарчуком ці шалберам... Худое зацкаванае ваўчаня сярод вясковых сабакаў.

— Саламоне!

Лёднік кінуўся да маладзёна, расштурхоўваючы натоўп. Чалавек недаверліва ўтаропіўся ў доктара, і з ягонага аблічча быццам хмарка сплыла.

— Пан Лёднік! Гасподзь паслаў вас!

Пранціш са здзіўленнем пазнаў маладога філосафа і знаўцу Талмуда з-пад Міра, які дапамагаў ім калісьці расшыфроўваць запавет Папы Рымскага, знанага алхіміка Педра Жуліяна, цярпеў кухталі ад цешчы-карчмаркі мадам Рысі і ледзь не збег з бандай Чорнага Доктара паглядзець свет.

Доктар абняў знаёмца. Але мігдалы есці не было калі: людцы навокал абурана гулі і відавочна рыхтаваліся даць лупцоўкі ўжо не аднаму, а дваім.

— Якія прэтэнзіі мае шаноўнае панства да гэтага пачцівага маладога чалавека? — дастаткова важка, каб самыя крыклівыя прыціхлі, папытаў Лёднік у грамады.

— Гэты шалбер пачцівы?! — злосна выгукнуў прыгорблены пан у зялёным сурдуце, акуляры прыселі на ягоны тонкі доўгі нос вялізнай страказой. — Ён з прыяцелем абрабавалі мяне ў Патсдаме! Жабракамі прыкідваліся — брудныя, смярдзючыя, у лахманах, брыдка глянуць. Гэты модлы нудзіў жаласна... А напарнік яго — доўбня такі валасаты — мяне за рукаў хапаў, міласціну клянчачы... Я ледзь вырваўся! А тады гляджу — кашалька няма.

Пакрыўджаны абвёў вачыма натоўп у пошуках спачування — і знайшоў.

— Я за імі — доўбня той так у грудзі стукнуў, што я сузор’е Валапаса пабачыў... Пасля мне патлумачылі — у іх цэлая грамада такіх бандзюг смярдзючых. Блукаюць з горада ў горад, выпрошваюць, крадуць. Могуць і прырэзаць.

Мясцовы карчмар, у светлых вусах якога, здавалася, ніколі не высыхала піва, вырачыў пачырванелыя светлыя вочы.

— Зладзюгі праклятыя! А я пасля гасцей знаходжу проста ў ложках з перарэзанымі шыямі!

Саламон маўчаў, ганарыста бліскаючы вачыма, чым яшчэ больш злаваў людства. Што ж, людзі лёгка навешваюць цэтлікі... Як там спяваў адзін мандаліншчык у венскай карчме:

Калі ён нарадзіўся на свет, пракрычала сава.

«Ну і злодзей з’явіўся!» — прысуд аб’явілі суседкі.

Будзе бачыць уночы, замкі, нібы вішні, зрываць.

Не ўтрымаюць такога ні ямы, ні турмы, ні клеткі.

— Спадарства, ніхто з нас ніякага злачынства тут не ўчыніў... — гукнуў менскі падкаморы, перацягнуўшы ўвагу, не вельмі зычлівую, на сябе. — Я — шляхціц і не пацярплю...

— Шляхціц ён! Зараз і гэты юдэй, злодзей паскудны, будзе даводзіць, што самавіты вучоны і ніколі міласціны не прасіў! — віскнуў абрабаваны. — Што, шалбер, скажаш, і ў Патсдаме ніколі не быў?

А той раптам і прагаварыў на кепскай нямецкай мове:

— Можна быць вучоным — і быць жабраком. У грамадзе цёмнай ды разбэшчанай — гэта звычайны лёс чалавека, якому Гасподзь даў трохі больш клёку і менш прагі да грошай. Так, я міласціну прасіў — дык i Ной жа сядзеў на кучы гною. А красці ніколі не краў! Аднойчы толькі, як дзіцем быў, куфэрачак прыгожы прыўлашчыў дзеля малюнкаў на ім, але грошы з яго дастаў і вярнуў.

Вырвіч ажно ў чупрыну сваю русявую ўчапіўся. Яшчэ адзін майстар самога сябе ў яміну закопваць. Ну хто гэтага Саламона за язык цягнуў?

Грамада ўзбурылася, быццам няшчасны зяць карчмаркі Рысі тут бязвіннага народу шабляй нашаткаваў. Чапляцца пачалі і да кампаніі Чорнага Доктара... Вырвіч адчуў няладнае: мясцовыя людцы відавочна накручвалі сябе, пад’юджвалі, любыя словы ці крыкі адскоквалі ад іх, як гарошыны ад сценкі... Вочы гарэлі азартам... Пранціш дасведчаным вокам пабачыў, што іх бяруць у кола, не даючы рэціравацца. Бойку ўчыніць хочуць? Але варта было пакласці руку на дзяржальна шаблі, важны пан у нізка насунутым над аб’ёмістым носам капелюху i з шабляй-аўгустоўкай пры баку загарлаў:

— Ніякага гвалту! У нашым горадзе пануе закон! Аддаём усё на волю Госпада! Як вядзецца ў нашым блаславёным месце вось ужо чатыры стагоддзі, вінаватых вызначыць гульня Святога Пятра! I дзякуючы гэтым грэшнікам заўтра яна распачнецца! Усе пачцівыя гараджане, што набылі квіткі, запрашаюцца заўтра на Іерыхон пасля ранішняй месы ў касцёле Святога Пятра!

Як засведчылі ўхвальныя воклічы, слова меў мясцовы войт пан Кішка. Кепска — мясцовая ўлада на баку нападнікаў...

А яшчэ больш кепска, што вышэйшай улады не дагукацца. Землі гэтыя, пасля таго, як Рэч Паспалітую парвалі на кавалкі дужэйшыя суседзі, апынуліся якраз на новай мяжы. Як заўсёды ў такіх варунках, старыя законы перасталі дзейнічаць, новыя яшчэ не засвоілі, а цяперашнім уладарам — абы супраць ix не паўставалі. А вы перагрызіцеся тым часам, людцы, якраз самыя неспакойныя і знікнуць. Таму пакуль тутэйшыя радцы не гукнуць нешта супраць вялікай Прусіі — ніхто не ўмяшаецца.

Можа, усё-ткі прабівацца? Але войт ветліва прамовіў да ўстрывожаных гасцей:

— Запэўніваю, калі вы не вінаватыя, вам нічога не пагражае. У нашым Іерыхоне творыцца самы справядлівы ў свеце суд, з Божай дапамогай. Бязвінны заўсёды ўратуецца!

Вырвіч перазірнуўся з Лёднікам... Іерыхон... Суд... А можа, не так усё страшна? Карчомны водар піва і шкварак настройваў на мірны лад. Месцічы задаволена гулі, вочы гарэлі, як у вурдалакаў, — ясна было, што гульня Святога Пятра для іх знаёмая i захапляльная... Ведаць бы яшчэ няўдалым гасцям, што за ліха іх чакае.

Але тлумачыць ніхто нічога не збіраўся. I развітацца з тутэйшай гасціннасцю ніяк не выпадала — народу набілася ў карчму як сабак на сабачае вяселле. Збольшага — здаровыя ўзброеныя дзецюкі. Цэлае мястэчка нават з дапамогай магіі не вынесеш у дзверы. Падалося ці не, што за спінамі мільганула белабровае аблічча?

Пранціш ледзь расціснуў пальцы на дзяржальне Гіпацэнтаўра: але як не расціснеш, калі ў паясніцу тыкаюць руляй пістолі... Побач гэтак жа абяззбройвалі Лёдніка, які кусаў вусны і ледзь стрымліваўся, каб не пачаць адчайную, але дарэмную бойку. Карусь усё-ткі выдаў пару важкіх кухталёў, атрымаўшы такія ж... У Саламона не знайшлі нават сцізорыка і паблажліва пакінулі яму пакамечаныя рукапісы.

— Бісовы дзіты!

Гэта ў карчму ўваліўся, нібы Жалезная Чарапаха на паравым рухавіку, Сцяцко.

Стрымаць парубка мясцовым удалося далёка не адразу... Коштам не аднаго, відаць, зламанага тутэйшага рабра. Але дзіўноцце: небяспечнага чужака не сталі далучаць да ягонай заарыштаванай кампаніі.

— Лішні! Сорак ужо маем! — прамовіў нешта незразумелае пан Кішка, і Сцяцка вынеслі за дзверы.

Банду Чорнага Доктара таксама вывелі на двор — там чакаў экіпаж... Калі можна так назваць адкрыты воз, да высокіх трывалых бакавін якога былі прымацаваныя надзвычай непрыемныя прыстасаванні... А менавіта калодкі — мусіць, на дзясятак няшчасных. Але, акрамя банды Чорнага Доктара, іншых пасажыраў не было, таму рассадзілі ix вольна. Ды ўсё, што дазволена, — галаву, заціснутую паміж дошак з адтулінай для шыі, павярнуць...

Пранціш яшчэ не траціў надзеі выбрацца. Але калі воз скрануўся з месца пад радасныя ўсмешкі гледачоў, надзея трохі скурчылася, як забыты на падаконні яблык. Ды яшчэ капялюх зваліўся, i веснавы вецер ахвотна запусціў халодныя пальцы ў русявыя кудзеры падкаморага. I нічога не зробіш — рукі таксама ў калодках, у спецыяльных адтулінах, ногі закутыя ў ланцугі, што прымацаваныя да слупка пасярэдзіне воза... Карусь, які апынуўся насупраць Вырвіча, не спыняў спробаў неяк вылузацца, выламаць дошкі, вырваць ланцугі... Ды мармытаў малітвы ўперамежку з кляцьбою. Можа, i выламае штось — дужы... А толку...

Неяк цесць вучыў Пранціша, як шчупакоў перавозіць на далёкія адлегласці: скрыню выслаць мокрым імхом, а рыбіне пад шчэлепы запхаць кавалкі губкі, змочанай французскім віном. А калі яшчэ зверху вадой паліваць, дык шчупак ціхутка, у прыемных марэннях, да кухара і даедзе... Зусім як яны зараз.

Вырвіч скасавурыўся на вершнікаў у жупанах i калматых шапках, што суправаджалі воз, — зразумець бы, пра што весела перагаворваюцца, але разабраць можна толькі асобныя слоўцы: «стаўлю на краўца», «удава Мельхіёрава хутчэй», «біскуп прыедзе». А потым і зусім на жмудзінскую перайшлі.

Мінакі, якія бачылі сумную працэсію, выяўлялі ўсе прыкметы шчырай радасці. Пры гэтым ніхто не спрабаваў здзекавацца, штось шпурнуць у злачынцаў. Рукамі махалі ўслед, як царскай карэце...

Воз пераваліўся праз гарбаты мост за гарадской брамай, і замест бруку колы пачалі падсковаць на каранях соснаў, што неахвотна адступілі ад лясной дарогі. Ды яшчэ акрамя звыклых варон пачалі пакрыкваць чайкі. Не марскія, а рачныя, драбнейшыя, але, мабыць, яшчэ больш нахабныя — на Віленшчыне іх называлі кірлі. Значыць, побач вялікая рака...

Бутрым страсянуў чорна-сівымі пасмамі, нібыта адганяючы сон, і строга папытаўся ў Саламона, які сядзеў з такім адчужаным тварам, нібыта знаходзіўся зусім не ў гэтым ганебным возе, а за дыспутыйным сталом з няспешнымі вучонымі размовамі.

— I як ты дайшоў да жыцця такога? З жабракамі зладзейскімі блукаў?

Хлопец вучоны страпянуўся:

— Не злодзеі мы былі!

А потым нібы згас.

— Адправіўся я, пан Лёднік, у свет, каб вывучыцца... Доктарам хачу быць.

Баўтрамей скептычна хмыкнуў.

— Васпан пэўны, што медыцына — ягонае пакліканне?

Саламон пакрыўдзіўся.

— Я, каб ваша мосць ведала, і так спрактыкаваны доктар! Адзін добры рабін даў мне дзве мудрыя кнігі: анатамічныя табліцы Кульмуса ды Gaziopip latium Войта. Я ix праштудзіраваў і пачаў людзей лячыць.

Лёднік, каб не калодкі, за галаву б схапіўся.

— Саламоне, ты ж мог столькі бяды нарабіць ад невуцтва! Нельга, прачытаўшы дзве кнігі, стаць доктарам! Трэба доўгая практыка, а перад тым, як на жывых практыкавацца, не адзін труп ускрыць...

Але відочна было, што саманазванаму доктару нічога не дакажаш.

— Я магу... Толькі б дыплом займець...

Уздыхнуў i давай далей пра свае перэгрынацыі.

— Як успомню — халодным потам абліваюся. З Кёнігсберга да Шчэціна морам плыў... У труме, тры тыдні, бо ў штыль патрапілі. Аднымі селядцамі ды цвілымі сухарамі харчаваўся... Высадзілі — расхварэўся. З маёмасці адну лыжку пры сабе меў, ледзь змяняў яе на куфаль кепскага піва.

Саламон скрывіўся, нібыта зноў таго піва пакаштаваў. Хаця тады яно яму маннай нябеснай мусіла падацца.

— Дабраўся да Берліна, мяне — у прытулак для жабракоў... Убачыў галоўнага рабіна, пагаварыў, той зразумеў, што я — дасведчаны. Абяцаў дапамагчы... А я яму на радасцях свае разважанні вываліў пра мудрага Майманіда, чыю кнігу з сабой меў і ў гонар якога назваўся Маймонам. А рабін выявіўся хітрым, але вузкалобым... Абвясціў мяне блюзнерам. Вытурылі мяне з горада... Куды падзецца?

Саламон варухнуў нагамі, закутымі ў ланцугі, і горка ўздыхнуў.

— Каб не сустрэў Іцку, памёр бы... Той хворы на галаву, але дужы, пашкадаваў мяне, жабраваць навучыў... Толькі не магу я, пан Лёднік, ані выпрошваць, ані праклінаць тых, што не падаюць. Год з ім хадзіў, пакуль у Познані не сустрэў добрых людзей ды не засведчыў ім сваю вучонасць. Знайшлі мне месца хатняга настаўніка ў багатым доме. Ад’еўся я... Апрануўся... А вучыцца ж па-ранейшаму хачу! З цямноцця ды забабонаў выбрацца!

Вочы Саламона небяспечна бліснулі, голас пагучнеў...

Як за жывое карчомнага настаўніка закрануць — зусім не рахманым выяўляецца, а такі сабе прарок прагрэсу.

— Уявіце сабе — у сцяну аднаго дома ў Познані рог аленя ўмураваны, і ўсе свята вераць, што хто да таго pora дакранецца — памрэ. Я абвясціў, што дакрануся і не пам-у, — так і сталася... Дык яны на мяне ўсе глядзелі як на д’ябла! Дурні! Так што — зноў у Берлін кіруюся... Кіраваўся.

Твар Саламона пацямнеў. I змагар з забабонамі давай шкадаваць, што так і не засвоіў умення рабіцца нябачным. Аказваецца, пару год таму ягоны знаёмец дакляраваў навучыць таму майстэрству з дапамогай Кабалы. Саламон старанна вывучыў усе формулы. Прарабіў усе рытуалы... I пайшоў у сінагогу ва ўпэўненасці, што яго ніхто не бачыць. I радаваўся, пакуль не атрымаў назад аплявуху ад аднаго непрыяцеля.

— А вы, пан Лёднік, як у Віславіцы апынуліся?

— Даганяю нягоднікаў, што звезлі маю дачку.

Голас Баўтрамея гучаў глуха, з адценнем безнадзейнасці. Ясна — пакуль яны тут заселі, Сафійку звезлі ўжо далёка.

Выцягнуўшы з Бутрыма тлумачэнні, вучоны Майман раздражнёна кракануў:

— Чуў я пра таго Мануцы... Але толькі кепскае. Адзін мой знаёмец на бяду з ім звязаўся. Растрачвае талент на забаўкі багацея-прайдзісвета.

Удакладніць не атрымалася — побач пачуўся трэск... А гэта Карусь амаль выдзер сваю калодку з бакавіны воза.

За што атрымаў кухталёў ад вартавых ды ў другія калодкі быў пачэплены. Але толькі вачыма светлымі бліснуў з-пад ілба.

Доўгая каменная аднапавярховая будыніна пад аховай соснаў нагадвала панскія стайні... I ўнутры была падобная да стайні: вузкія загончыкі для жывых істотаў. Толькі не коней, а людзей. Ціхі плач, гучны плач, малітвы, праклёны... Мяркуючы па галасах, трымалі тут і жанчын.

Пранціш мог паспрачацца на Гіпацэнтаўр, што камер у вязніцы мелася сорак.

Бандзе Чорнага Доктара дасталіся чатыры апошнія загончыкі ля ўвахода. Умовы, аднак, зусім не акрутныя. На каменнай сцяне, дзе б магло быць акно, — укрыжаванне. Святло трапляе толькі праз закратаванае акенца ў цяжкіх дзвярах. На збітым з негабляваных дошак ложку — сяннік, няхай не зусім чысты. Цабэрак у куце для спраўлення патрэбы. Смурод, затое не холадна, і збан з вадой стаіць, і місу з прасяной кашай падсунулі пад дзверы... Тым, хто зладзіў гэтую вязніцу, палонныя патрэбныя ў больш-менш здаровым стане.

— Маліцеся, грэшнікі! Міласэрнасць Божая не ведае межаў! — гукнуў у калідоры хтосьці. — Нагадваю — перагаворвацца між сабою забаронена! Толькі з Госпадам і ўласным сумленнем! Заўтра бязвінныя атрымаюць волю. Хутка прыйдзе святы айцец вас паспавядаць.

Нейкі час, мяркуючы па гуках, турэмшчыкі правяралі камеры, раздавалі ежу суседзям. Нарэшце, здаецца, сышлі. Хаця, паколькі ліхтар у калідоры працягваў дзяліцца слабенькім святлом, хтось з варты мусіў заставацца на пасту.

Вырвіч, нягледзячы на пачутае папярэджанне, пастукаў у сцяну, за якой, наколькі ён паспеў убачыць, знаходзіўся доктар.

— Бутрым, ты там? Чуеш?

Нечакана з дальняга кута выразна пачуўся шэпт:

— Ідзі сюды... Тут нехта сцяну прадзёўб... Ніжэй, ля самай падлori...

Сапраўды, хтось прасвідраваў у цаглянай сцяне, што аддзяляла камеры, дзірку. Пралезці праз яе мог толькі прусак, але перагаворвацца шэптам, каб турэмшчыкі не чулі, самае тое. Вось жа Баўтрамей пільны...

— Дык што за гульня Святога Пятра? — гэта турбавала Вырвіча больш за ўсё.

— Спадзяюся, не гладыятарскія баі.

Змрочны ў Бутрыма гумар.

— Пакуль магу сцвердзіць наступнае: падзея адбываецца тады, як у местачковых пільнавальнікаў законаў набіраецца сорак чалавек, западозраных у злачынствах. Хтосьці ў гэтым памяшканні, можа, i год праседзеў, чакаючы... камплекта. Нам не пашэнціла, бо месцічам надта хацелася ўлюбёнага відовішча, i мы проста падвярнуліся. Выдаюць за нейкае падабенства Божага суда. Што дае шанец. I назвалі месца, дзе гэта адбываецца, з прэтэнзіяй — Іерыхон.

Што ж, аднойчы Бутрым выйграў ардалію, Божы суд. З цяжэнным мячом у руках супраць волата Германа Ватмана. Можа, і цяпер ім пашанцуе?

Нейкі вязень пачаў так гучна маліцца на лаціне, аж нагадвала выццё. А вось і голас Саламона, які зацягнуў рэчытатыў пра рэкі Бабілонскія. А хораша атрымліваецца, прачула, жудасна...

— Слухай, раз прышлюць святара спавядаць нас... Значыць, можам загінуць... Лепей уцякаць, прабівацца, — без асаблівай упэўненасці прамовіў Пранціш.

Пасля паўзы пачуўся горкі шэпт Лёдніка:

— Раней я заўсёды быў упэўнены, што змушу сябе да любых высілкаў. Усё перанясу, ачомаюся і ўстану зрабіць сваю справу. А цяпер...

У саломе прашаргатала нешта дробнае — мышка, прусак альбо туга тужлівая.

— Здае мой футарал, Пранціш... Псуецца... — прарвала на нязвыклую споведзь Чорнага Доктара. — Калі жыццё пад адхон коціцца — не паспяваеш усвядоміць, як змяняецца тваё цялеснае ўвасабленне. Душа, здаецца, усё гэтак жа гарыць, пакутуе, імкнецца да святла... А твае косткі, цягліцы, скура — нібыта робяцца не тваімі. Слабеюць, крышацца, напаўняюцца болем i цяжарам... I ты — як птах з перабітымі крыламі, з прывязаным да лапак свінцовым грузам — валтузішся на зямлі, выкручваешся, не разумеючы, як жаласна i смешна выглядаеш. Твой розум яшчэ гнуткі, прагны — але, мусібыць, і ён страчвае вастрыню, сціраюцца з яго бясследна імгненні, словы, здагадкі, час раз’ядае памяць, як іржа...

— Дык зрабі эмаліроўку твару, як твой былы пацыент, пан Стафан Залескі, і хадзі затынкаваны, каб маладым здавацца, — зазлаваў Пранціш. — Абазвала цябе адна зараза дзедам — дык усё, стары-ы, папхні — павалюся, у магілку ўкладуся. Не гняві Бога, Бутрым, паводзішся бы красунька на балі: наракае на сваю непрыгожасць, каб займець ад кавалераў кампліментацыі.

За сцяной нейкі час памаўчалі.

— Прабач, Вырвіч, нешта я... з чорнай меланхоліяй ніяк не развяжуся. Заўтра спраўдзім сітуацыю. Магчымасць не значыць непазбежнасць. Давай памолімся — і спаць.

Добра, вязні не ведалі, што ix чакае, — Вырвіч наўрад заснуў бы.

Загрузка...