Раздзел дзявяты ОПСАЎСКІ АЛХІМІК I РУЖОВЫ ПАВІЛЬЁН

— Чорная Меланхолія! Прыйдзі!

Каб хто старонні прысутнічаў у гэты момант ля амаль зруйнаванай капліцы на ўскраіне жмудзінскага мястэчка, дык вырашыў бы, што тут альбо ладзіцца рэпетыцыя павучальнай сімвалічнай камедыі, альбо расперазаўся вар’ят. Злавесны такі высокі пан з доўгімі чорнымі патламі, дзюбатым носам і пранізлівымі цёмнымі вачыма. Ды ці не вядзьмак духа выклікае?

— Панна Чорная Меланхолія! Слова даю — ніхто вас не кране! Імем Госпада прысягаю! Трэба пагаварыць!

План сапраўды быў вар’яцкі.

Лёднік заціснуўся між дзвюма калонамі, з якіх даўно аблезла тынкоўка і паказалася чырвоная цагляная плоць, і гукаў уладным прафесарскім голасам у прастору, населеную сільфамі, гномамі, ундзінамі, саламандрамі і прафесійнымі забойцамі.

А што было рабіць? Бутрым ацалеў пакуль што выпадкова. Заўчора ў заезным доме ў ягоным куфлі аказаўся той самы антымоній. Добра, што доктар замовіў не піва, а з прычыны сваёй зануднасці нейкі мясцовы адвар з сухіх яблыкаў, у якім лягчэй аказалася вызначыць няправільны прысмак.

Потым кароткая страла папсавала ягоную валізку, калі Лёднік, угнуўшыся, корпаўся там у пошуках мікстуры для Алеся, усё яшчэ саслабелага.

Потым яшчэ адна страла не дала вандроўнікам спакойна папалуднаваць. Прыстроіліся ля вогнішча ў чыстым полі — коні змагліся, і трэба было перадыхнуць, і на табе — свіст, Бутрым трымаецца за плячо. Драпіна, але каб не меў Чорны Доктар цэлага арсенала супрацьяддзяў — канаў бы ўжо ад атруты, якой шчодра змазалі вастрыё.

Так ехаць было немагчыма... Саламон, калі развітваўся з іх бандай, ледзь хаваў палёгку. А сёння раніцай Лёднік змусіў застацца ў нанятым доме Алеся пад прыглядам Сцяцка. Гэта ўдалося толькі таму, што венскі механік не меў сіл цвёрда запярэчыць.

Як адвязацца ад белавалосай чумы?

Вырвіч прапаноўваў высачыць ды прыстрэліць.

Карусь прыдумаў, што пераапранецца ў адзежу гаспадара і ў прыцемку з’едзе, зманіць за сабой заразу.

Лёднік вырашыў: трэба дамовіцца.

Вось і заклікаў зараз да сябе Чорную Меланхолію, як студыёзусы Віленскай акадэміі перад іспытамі залазілі на званіцу сабора Святых Янаў ды клікалі Святую Дармаўшчынку, каб здаць, не вучыўшы.

Пранціш i Карусь затаіліся па абодва бакі капліцы... Вядома, смешна было спадзявацца, што Меланхолія ix не заўважыць.

— Панна Меланхолія, у мяне ёсць для вас слушная прапанова!

— Што можа прапанаваць мярцвяк?

Пранціша ажно ўскінула — ледзь прымусіў сябе не бегчы наперад і Каруся жэстам спыніў. Меланхолія стаяла ўнутры капліцы, перад Лёднікам, — абодвух добра было відаць скрозь разлом у сцяне. Але прыстроілася ўсё-ткі так, каб ні Пранціш, ні Карусь не пацэлілі, калі ўздумаюць парушаць слова, — бо патрапяць у доктара.

Саскочыла зверху, ці што? Быццам у выглядзе кажана вісела на карнізе.

На гэты раз дзеўка нагадвала выглядам студыёзуса. Гэткага збеглага шкаляра, якім калісь быў сам Вырвіч. Куртка, падперазаная скураным пасам з мядзянай бляхай, чаравікі з высокай шнуроўкай, насунутая на лоб шапка з кароткімі брыламі — каб зручна рухацца і не кідацца ў вочы. Фізіяномія перапэцканая, і стрыжаныя валасы, што вытыркаюцца з-пад шапкі, брудныя і зусім не нагадваюць снег, пульхныя вусны ўсміхаюцца...

— Прапаную панне адкласці на нейкі час адну замову і пагадзіцца выканаць іншую. За добрую плату.

Белавалосая закінула галаву і весела зарагатала — нібыта не ведала, што ў яе цэляцца з двух бакоў.

— Ну ты, дзед, смешны. З антымоніем — ну, згодная, дурасць, зельніка зеллем труціць. Але ад стрэлачак маіх усё адно ты нікуды не дзенешся.

Палец Вырвіча так і дрыжэў — націснуць курок... Утрымлівала не столькі прысяга Лёдніка, колькі падсвядомая ўпэўненасць, што гэтак лёгка чуму не забіць.

Бутрым крыва пасміхнуўся.

— Ну, калі паненка адазвалася на маё запрашэнне, значыць, усвядоміла, што я не такая простая ахвяра. Тое-сёе, нягледзячы на нямоглы век, магу...

З’едлівае «нямоглы век» сведчыла, што Бутрыма ўсё-ткі чапляла насмешлівае паненчына «дзед».

А потым усё адбылося маланкава. Чорная Меланхолія зрабіла няўлоўны pyx, Баўтрамей таксама... Толькі яе рука была ўзброеная стылетам, а Лёднік проста спрытна ўхіліўся ды выставіў перад сабой даланю... I забойца выраніла стылет, адляцела на сажань назад і зрабілася Чырвонай Халерыяй.

Наступны скачок заразы Лёднік таксама спыніў голымі рукамі, на адлегласці... Дзеўка ўпала на засмечаную цагляную падлогу, задыхаючыся, быццам атрымала кулаком пад дых.

— Аднойчы я зваліў такім чынам магутнага воіна, Германа Ватмана, ён жа граф Пянткоўскі, — меланхалічна паведаміў Лёднік. — Магу і сэрца спыніць. Але даў паненцы слова не чапаць яе.

Павёў рукой — і стылет ад’ехаў па падлозе ўбок, нібыта сам па сабе.

Дзеўка аддыхалася і ўстала на ногі, больш не выскаляючыся, але і без прыкмет страху.

— Я таксама цяпер... проста праверыць. Надта ж прыгожа ў цябе з птушкамі атрымалася. Я нават на вераб’ёў зараз паглядаю з насцярогай.

Значыць, Бутрым меў рацыю — на заразу зрабіў уражанне шалёны напад кірляў, які яна прыпісала чарадзейным уменням сваёй ахвяры. Бо ўдзел Алеся ў птушыным шаленстве быў вядомы толькі пасвечаным.

Цяпер яшчэ б разагнаўся доктар, адштурхнуўся ад сцяны ды перакуліўся ў паветры, як калісь навучыўся ад таго ж кітайца.

Каб не трагічныя абставіны, можна было б пасмяяцца — не раўнуючы вясковы хлопец перад дзеўкай на вечарынцы штукуецца, абы яго заўважыла. Вунь як удае, што лёгка штукарствы даюцца, а сам пасля адлежвацца будзе без сіл.

— Адкладзі сваю замову на мяне. Паспееш забіць. Дапамажы вызваліць маю дачку з Опсаўскага палаца. А потым рабі што хочаш.

Вырвіч адчуў, што трэба дадаць драмы, і гукнуў:

— Калі адмовішся — дык птушкі паўсюль лётаюць... А яшчэ пацукі бегаюць, змеі поўзаюць... Усіх на цябе нацкуём. Не адаб’ешся.

Вільготны веснавы ветрык слізгануў па скуры пяшчотна, як гадзюка. Забойца сур’ёзна глядзела на доктара бяздоннымі вачыма.

— Чаму ты думает, што я пагаджуся? А што, калі ўладальнік Опсы і ёсць мой кліент?

— Думаю, што не, — цвёрда прамовіў Лёднік, здзівіўшы Вырвіча (той, па праўдзе, лічыў слаба нашытай латкай іхняй авантуры, што Чорная Меланхолія купленая графам Мануцы).

Забойца хмыкнула, не абвергнуўшы, не пацвердзіўшы.

Лёднік кіўнуў, і Карусь, які чакаў за рэшткамі агароджы па той бок капліцы, няспешна ўзняўся, наблізіўся да дзіўнай парачкі і дастаў штосьці з-за пояса. Зірнула мутна-крывавае вока.

— Арфанус, апал з кароны Карла Вялікага. Возьмеш у аплату?

Калі Вырвіч дасюль не быў упэўнены, наколькі дзеўка адукаваная і ці скажа ёй штось імя Карла Вялікага — усё-ткі часцяком яна выяўляла з сябе гэткую грубаватую прасцячку — цяпер зведаў, што чуму дзесь падвучылі. Чорная Меланхолія прамармытала:

— Lapis regum, qui parem non habet[4].

Падумала, пацерла падбароддзе тонкімі пальцамі — веер трымаць такімі трэба, а не стылет.

— Заманліва. Але гэтага мала. Я — вядомы ў сваёй справе майстар, i чаго мне каштавала дамагчыся гэтай рэпутацыі, лепш вам не ведаць, — дзеўка мімаволі кранула пальцам шчаку, дзе, наколькі Вырвіч памятаў, ружавеў маленькі шнар. — Мяне наймаюць, таму што я хібаў не раблю і слова трымаю. Калі я дапамагу табе, доктар, вызваліць дачку, выйдзеш са мной на двубой. Сам-насам. Без тваіх вядзьмарскіх штучак.

Пранціш ажно пачуў словы балады пра анатомію, Доктара і Смерць:

Давай згуляем, прыўкрасная, на ўсё, што дыхае тут.

Глядзі — марадзёр са зброяю, магутны і дужа лют.

А я — ні страляць, ні шабляю... Прымі ж умову маю,

Што сыдзеш ты з поля гэтага, калі фацэта заб’ю.

Бутрым, вядома, не бездапаможны, як Доктар з балады, але Чорная Меланхолія не ведае, колькі разоў ён падстаўляўся пад чужыя ўдары, абы не ўжываць магічныя ўменні, якія лічыў страшным грахом.

Лёднік ужо цягнуў руку.

— Прысягаю ў тым перад Госпадам.

Чорная Меланхолія цвёрда сціснула даланю будучай ахвяры:

— I я прысягаю. Пакуль не вызвалім тваю дачку, не буду спрабаваць цябе забіць.

I выскалілася.

— Аванс давайце! Ты, хлапчыска-дубалом, каменьчык кінь... Вось... Малайчынка.

Меланхолія паглядзела праз мутную Сірацінку на сонейка, акуратна схавала ва ўнутраную кішэню курткі і пашыбавала ў бок бліжэйшага ляска, кінуўшы цераз плячо:

— Сустрэнемся, як праб’е дзве, на паўночным выездзе з мястэчка. Не спазняйцеся.

Карусь быў ускінуў са злосці пісталет, прыцэліўся... Змусіў сябе апусціць зброю.

У Пранціша мільганула непрыгожая для шляхціца думка: дарэмна не стрэліў. Усё адно батура — сабача натура, як казалі дзёрзкія мужыкі ў Падняводдзі на непапраўных махляроў.

Лёднік між тым абсунуўся на зямлю і выціраў рукавом змакрэлы лоб.

— Магія, каб яе халера...

Пратрымаўся ўсё-ткі, каб не паказаць, як цяжка тая магія даецца.


***

А вось Ёсель Бярковіч дакладна лічыў сябе ўсемагутным. Прынамсі, такі самаўпэўнены выгляд бывае толькі ў соймавага маршалка, дробнага пісарчука ды нанятага за алхіміка шалбера.

Круглы твар Ёселя з вачыма колеру меднага купарвасу проста ззяў, а прычына — пакамечаны аркушык, выдраны са сшытка аднаго самадзейнага філосафа.

— Малайчына Саламон, адолеў расшыфроўку! Але тут толькі пачатак...

Пранціш рашуча тузануў аркушык да сябе, хоць кароткія тоўстыя пальцы алхіміка так і прагнулі ўчапіцца ў запаветную цыдулку.

— Наш агульны знаёмца перадаў нам усё цалкам... Але вы ж разумееце, што такі важны дакумент каштуе вельмі, вельмі дорага.

Мануцаў найміт кінуў змрочны хуткі позірк на суразмоўцаў, якія набіліся ў пакой нанятага дамка на самым ускрайку Браслава. Даверу не выклікаў ніводны. Асабліва дзюбаносы тып з пранізлівымі вачыма. А яшчэ чамусьці палохаў даволі шчуплы ў параўнанні са спадарожнікамі юнак з ненатуральна светлымі валасамі. Кожны раз, як той юнак радасна ўсміхаўся пульхнымі ўладнымі вуснамі, алхімік мімаволі ўцягваў галаву ў плечы.

Пранціш цалкам разумеў пачуцці пана Бярковіча.

Калі здабываюць філасофскі камень, на адным з этапаў шкло сасуда цямнее — таму што яго замгляюць так званыя кімерыйскія цені. Як прысутнасць Чорнай Меланхоліі ў іхняй кампаніі.

Напачатку ўзялася цвяліць Каруся.

— А ці пан Карусь мядзведзяў валіў? Валіў, значыць... Ну а правяраў папярэдне, ці гэта не мядзведзіца? Да мядзведзіцы ж грэх датыкацца... Яна жаночага полу...

Карусь чырванеў, бляднеў і адскокваў ад заразы, якая нібыта няўзнак датыкалася да яго то мезенчыкам, то локцем, то каленкам...

Потым Меланхолія намацала больш балючы гузак.

— А як спадар Карусь намерваецца ратаваць панну Соф’ю, калі не наважыцца да яе даткнуцца? Будзе яе на вілах падымаць, як што? А якія ў панны вочы? Гожыя, мусіць... А ці не грэх такому дабравернаму юнаку насіць у памяці вочы чужой дзяўчыны?

Лясны дзікун адварочваўся, сціскаў кулакі і мармытаў малітвы.

Неяк сарваўся, не пракрычаў — прасіпеў цяжка словы, як цвікі забіваў:

— Я сваё месца ведаю! Мне на паненку Соф’ю дастаткова здаля глядзець ды ведаць, што яна шчаслівая. А вось твае лупатыя вочы — нехта носіць у памяці, га?

А потым неяк усё Карусёва абурэнне сышло, як вада ў сухі жвір. Паглядзеў жаласліва на забойцу:

— Паламаная ты... Калі я на мануфактуры Тызенгаўза загінаўся, у нас там адзін такі ліцвін быў... Як і я, гвалтам прывезены з вольнага ляснога паселішча. У яго сям’ю ўсю забілі, вока выкалалі, крывёй кашляў... Дык ён на ўсе здзекі ды крыкі толькі выскаляўся і злосна жартаваў. I яго баяліся нават цівуны, бо згубіў усё, нават страх.

Чорная Меланхолія выскалілася на спачувальны тон хлапца, але, як на дзіва, адчапілася.

Узялася за Пранціша.

Давай з мройным выглядам цытаваць ягоныя вершы з эпічнага зборніка «Згукі пекныя з Падняводдзя». Яна ж падчас кароткіх спынаў заўсёды выпрошвала ў Чорнага Доктара што пачытаць, а то і сама выцягне ксёнжку з чужой кішэні ці валізкі.

— На скрыжаванні вады i травы

ціха канаюць зімовыя мары.

I мітусяцца ў адбітку царквы

хамелеоны i саламандры, —

прапела Меланхолія і дадала: — Box, як пякнюсенька! Мусіць, пан Вырвіч таксама адэпт і ўмее ўтаймоўваць стыхійных духаў? А жоначка пана Вырвіча — ці не сама Сільфіда? Якога колеру ў яе крылцы? Ці не адваліліся за час шчаслівага шлюбу?

Пранціш толькі ў чарговы раз згадваў, што Дамініка праз які месяц мусіць нарадзіць. Няўжо ў адсутнасці бацькі дзіця на свет з’явіцца?

На тле такіх разваг пашчыкванні фурыі чаплялі не больш, чым дзядоўнік за шкло.

Лёднік на будучую сваю забойцу таксама не зважаў.

Але, калі заначавалі ў здымным доме ўжо ў двух днях дарогі да Опсы, займеўшы асобны, вялікі, як адрына, пакой з ложкамі, Пранціш абудзіўся пасярод ночы ад грукату і раз’ятранага шэпту Бутрыма:

— Апошняе сумленне страціла!

У прыцемку Вырвіч разгледзеў, як гнуткая постаць у белай кашулі ўздымаецца з падлогі.

— А ты, дзед, зусім дурны! Можа, табе жыць пару дзён засталося — мог апошняй насалоды займець з жанчынай, ты ж яшчэ гарачы.

— Мая адзіная кабета ляжыць у зямлі! — шыпеў Черны Доктар, аж голас пераймала ад гневу.

— Так ужо і адзіная? А з расейскай царыцаю не ты ў ложку куляўся? — у голасе Меланхоліі акрамя заўсёднай насмешкі адчуваўся прысмак сапраўднай злосці. — Мне ж вось і цікава стала праверыць, чым ты яе прывабіў, пудзіла дзюбаносае.

А яна не на жарт пакрыўдзілася, што «дзед» з ложка выкінуў.

Вырвічу, дарэчы, не прыходзіла ў галаву глядзець на іх небяспечную спадарожніцу куртуазным вокам. Прасцей у змяінае кубло легчы, чым з такой.

Падкаморы сярдзіта гукнуў у цемру:

— Памаліцеся ды спіце. Тут не лупанарый. I праўда, сораму ў таго-сяго няма.

Можна было прадказаць, што наранку Меланхолія зробіць выгляд, нібыта нічагусенькі і не было, стане гэтак жа выскаляцца ды задзіраць падбароддзе.

Толькі пры позірках на Лёдніка ў вачах, то светлых-светлых, як лёд, то бяздонна-цёмных, успыхвалі нядобрыя такія жарынкі.

А розніца якая — цябе будуць забіваць з уздыхам смутку альбо са злосным смехам?

Між тым шаноўны Ёсель Бярковіч узважваў на нябачных шалях сакрэт таямнічага палінгенезісу з трактата Аўраама бен Эзры і боязь патрапіць у непрыемныя прыгоды.

— Што вы хочаце за трактат?

Пранціш узяў перамовы на сябе.

— А што вы ведаеце пра дзяўчыну, якую два тыдні таму таемна прывезлі ў Бяльмонты? Ад вашае шчырасці ды абазнанасці залежыць, ці адбудзецца гешэфт.

Ёсель падумаў, выцер тыльным бокам далані лоб, перарэзаны зморшчынамі, паправіў акуратны пудраны парык.

— Н-ну, добра... Толькі калі граф даведаецца, што я распусціў язык...

Зыркнуў па баках, быццам спадзяваўся выявіць віжаў, але, акрамя куфра з аблупленай зялёнай фарбай і пустога кубельца, па кутах пакойчыка нічога не хавалася.

— Як пані Ядвіга, гаспадыня Опсы, памерла, граф пабудаваў у Бяльмонтах Ружовы павільён. Пускаюць толькі пасвячоных. Вакол парк, сажалкі, німфы мармуровыя, альтанкі, улетку ружы квітнеюць... Прайсці — толькі па мосце. Ну і агароджа жалезная, і ахова. Граф туды наведваецца часцяком. Месца... вясёлае. Музыка грае... Смяюцца, пяюць... Феерверкі пускаюць... Час ад часу туды прыязджае кароль.

Вырвіч і Лёднік сустрэліся трывожнымі позіркамі, Карусь, які стаяў пры дзвярах, адвярнуўся ўбок.

— I хто зараз у тым прытоне гасцюе?

Бярковіч кінуў падазроны позірк на знерваванага Чорнага Доктара.

— Вось ужо два тыдні новая госця. Ды такая, што прыслуга плюецца. Так з ёй вошкаюцца, як ні з кім дагэтуль. Кухар адмысловыя бланманжэ гатуе. Лёкаі то белага папугая з жоўтым чубам шукаюць, то рудога мопса для забавы госці... Кветкі ў аранжарэі напалову павыдзіралі. Флейтыста ў лёх пасадзілі за тое, што не дагадзіў. Мне супакаяльныя кроплі для яе замаўлялі.

Баўтрамей не вытрымаў, усё-ткі рвануўся да алхіміка, схапіў за грудкі.

— Якую атруту паненцы яшчэ рыхтаваў?

Ёсель спалохана вылузаўся.

— Ды нічога больш, далібог! Ільвіная трава ды каціная мята!

Пранціш рашуча адсунуў раз’юшанага Бутрыма ад Бярковіча.

— Як выглядае госця?

Пан Ёсель раздражнёна расправіў карункавы каўнер.

— Сам не бачыў. Прыслуга кажа — маладзюсенькая, гадоў пятнаццаць. Пекная, што лялечка. Вучоная. На розных мовах гаворыць. Капрызлівая.

Пранціш крактануў.

— Ну хоць якую дакладную прыкмету назаві... Што са з’яўленнем той... госці незвычайнага здаралася?

Бярковіч задумаўся.

— Тыдзень таму прыслалі ад графа з пытаннем, ці няма ў мяне трактата ангельскага доктара Смелі Treatise of Midwifery. Нашто графу дапаможнік па прыняцці родаў? Я нават падумаў, ці не цяжарная графская госця. А сёння раніцай лёкай прынёс мяшок дукатаў i заданне: закупіць усё для новай лабараторыі, дзе можна было б учыняць няцяжкія хімічныя доследы.

Цяпер не было сумневу, што ў Ружовым павільёне — Лёднічанка. Менавіта той трактат па акушэрстве яна выпрошвала ў бацькі, а той не даваў. Казаў — рана. I ўласная лабараторыя — таксама яе мара. Якую якраз здзяйсняе добры граф Мануцы.

— Кароль прыязджаў у суботу, наведваў Ружовы павільён, — раптам ударыў паведамленнем Бярковіч. — Ад’язджаў, кажуць, вельмі задаволены.

— Мярзотнікі... — Бутрым сціснуў кулакі. — Чым вышэй — тым разбэшчаней. Бяда народу, уладар якога ідзе за ўласным юрам, забываючыся на годнасць.

— Выкрасці паненку з Ружовага павільёна я не змагу, — нервова абвясціў Бярковіч.

— I не трэба, — як мага прыветней усміхнуўся Вырвіч. — Усяго толькі дапамажыце нам патрапіць туды i забудзьцеся на знаёмства з намі. Ну хтосьці ж бывае запрошаны?

Пранціш спакусліва пашаргатаў аркушам з таямнічымі формуламі, Бярковіч зглытнуў.

— Добра. Толькі я пастараюся застацца ўбаку ад вашае... авантуры. I мне трэба час — на выведку, абдумванне. Я ніколі не лез у справы, што робяцца ў Ружовым павільёне.

— Якія дабрадзейныя ў нас мужчыны, — раптам прамуркатала Меланхолія. — Здагадваюцца, што побач гвалтуюць ды разбэшчваюць выкрадзеных дзяўчатак, але ж гэта не яны з тымі дзяўчаткамі ўчыняюць. А калі яны — дык не па сваёй волі. А калі па сваёй волі, дык з самымі лепшымі намерамі — дзяўчынкам жа добра будзе. Дзяўчынкі самі таго хочуць. Толькі не адразу тое ўсведамляюць.

За лагодным галаском хавалася столькі нянавісці, што Бярковіч зноў выцер змакрэлы лоб.

— Дамовімся так. Я мушу закупляць рэактывы ды абсталяванне для новай лабараторыі. Пашанцавала, што вядомы фармацэўт у Браславе адну са сваіх аптэк адчыніў. Сцвярджае, дарэчы, што вучань самога доктара Баўтрамеюса Лёдніка.

На апошнім імені голас алхіміка здрыгануўся.

— Звычайна там працуе браслаўскі Бэрка, скардзіцца грэх — даволі кемны. А ў сераду гаспадар мусіць сам прыехаць, прывязе шмат тавару. Мне будзе падстава выбрацца з Опсы, тады з вамі і сустрэнемся.

— А як завуць таго галоўнага аптэкара? — выгукнуў у спіну алхіміка Пранціш.

— Пан Давыд Ляйбовіч.

Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос... I тут адзначыўся Давыд, пляменнік полацкага аптэкара Лейбы, што калісьці вучыў маленькага Бутрыма. Потым Бутрым у памяць пра дзядзьку Лейбу дапамагаў вывучыцца Давыду...


***

Браслаўская аптэка месцілася ў двухпавярховым драўляным доме і мела пяць вокнаў, чучала кракадзіла, вохкі пах зёлак і прыслугу, сухенькую кабету, падобную дробнымі нервовымі рухамі да сітаўкі. Кабета мітусілася, бо прыехаў гаспадар, а да яго заявіліся госці, якіх трэба было не проста накарміць-напаіць, але яшчэ і кавы падаць. Чорны чортавы напой, панская прыхамаць. Добра хоць, шалтаносы з грэцкае мукі паны ядуць ды бацянкай не грэбуюць... А да марцыпанаў даражэзных заморскіх можна дакласці дзеля эканоміі зацукраваныя карані браслаўскага аеру, тры дні ў вадзе паласканыя ды паміж сурвэткамі сушаныя...

Давыд Ляйбовіч, пачуўшы, што прывяло сюды сяброў, роспачна змяў навамодны капялюш з пазалочанымі сакалінымі пёрамі — падчас навучання ў Францыі дужа захапіўся моднымі строямі і дасюль выпісваў сабе ўсялякія кюлоты ды жустакоры. Полацкія сваякі ўважалі Давыда за блюзнера, да таго ж ён так і не ажаніўся — як ні прымушалі старэйшыя. Казаў — была адна дзяўчыначка, ды не мне дасталася, а іншай не трэба.

Ён быў даўгалыгі, трохі няўклюдны, з усмешлівымі вуснамі і сумнымі вачыма.

— Як жа так! — разгублена паўтараў Давыд і ўсё камячыў, душыў няшчасны капялюш. — Пані Саламеі няма... Сафійку гнюс гэты скраў... Каб яго душа ўсялілася ў котку, а тую сабака ўкусіў...

Нарэшце з’явіўся Ёсель. Для таемных перамоў Давыд выгнаў падобнага да пакрыўджанага бабра аптэкара Бэрку з ягонага пакоя, і банду Чорнага Доктара атачалі шафы з заспіртаванымі пачваркамі.

— Даведаўся вось што. Паненку з Ружовага павільёна мне не паказалі — але чуў, як кагось адчытвае тонкім галасочкам. Паверыць не магу, што дзеля ейнай забавы лабараторыю ўладкоўваю. Заўтра мушу завяршыць, перагонны куб паставіць, рэактывы. Толькі, па загадзе графа, бяспечныя — каб нічога не выбухала, каб не атрутныя. Вось i ламаю галаву... Соды ёй ці яшчэ чаго панасыпаць ва ўсе колбы, падфарбаваўшы па-рознаму?

Бярковіч гаротна ўздыхнуў.

— Яшчэ ўдалося выведаць: на калядны карнавал кралечку павязуць у Варшаву, а для гэтага мусяць надаць ёй адпаведнага бляску. Наш музыка яе вучыць нотам ды спевам, ігры на клавесіне ды лютні... Толькі лаецца — няма ў паненкі ані слыху, ані голасу.

Што ж, Бутрым, пры ўсіх сваіх талентах, таксама не дужа быў да музыкі здольны, хоць спяваў гучна.

А пра Варшаву — ясна, што афіцыйна дзяўчыну пры жывым бацьку супроць ягонае волі нідзе не прадставяць... Хіба замаскіраваўшы ды пад чужым прозвішчам? У любым выпадку, у таямніцы ды цені нічога добрага для рэпутацыі не робіцца.

— А зараз чакаюць нейкую графіню Сільвію ажно з Парыжа, каб навучыла паненку манерам.

— Няўжо Смажаная Німфа? — рагатнула Чорная Меланхолія. — Трэба ж, зноў вылезла з Аіда...

Што за яна?

Меланхолія распавядала, здзекліва касавурачыся на Лёдніка, які аж з твару ўчарнеў і ўрэшце ўскочыў з крэсла і адышоўся да акна.

Некалькі год таму таямнічая графіня была галоўнай пастаўшчыцай спакуслівых німфаў у Аленевы парк, месца, дзе французскі кароль Людовік XV трымаў свой гарэм. Сама была калісь адной з тых німфаў. Але аднойчы на яе перакулілі жароўню з гарачымі вугалямі — падобна, канкурэнтка пастаралася. Сільвія атрымала мянушку Смажаная Німфа і страціла каштоўнасць у ложку, але не здалася, выгрызла сабе месца іншым спосабам — праўда, не ў вышэйшым свеце, а, так бы мовіць, у цёмнай шчыліне таго свету. Выхаванкі графіні — зразумела, тытул ейны быў ліпавы — адрозніваліся вытанчанымі манерамі і адметнай паслужлівасцю пэўнага роду. Трымала графіня ў Парыжы начны салон для самых высокіх асобаў, пакуль кароль не памёр і ягоны Аленевы парк не разагналі. Але й цяпер знаходзіла сабе працу...

Пранціш стараўся не глядзець на закамянелую спіну Лёдніка.

Чорная Меланхолія задумліва накручвала на палец пасмачку брудна-белых валасоў.

— Калі графіня мусіць прыехаць?

Бярковіч скрушна ўздыхнуў, але ўсномніў, відаць, пра палінгенезіс і выціснуў:

— У суботу чакаюць. Пакой падрыхтавалі ў Ружовым павільёне. Я вады лавандавай накалбаціў цэлы цэбар.

— Граф Мануцы гэтыя дні будзе ў Опсе?

— Назаўтра адмяніў нашыя штудыі ў лабараторыі — значыць, з’едзе. Хоць я абяцаў яго мосці паказаць валасы Ундзіны. З дапамогай рошчыну хларыду кобальту і жалеза, вядома. У Богін яго мосць збіраўся, там сяляне бунтуюцца. Раней суботы не вернецца.

Меланхолія пацёрла ўпартае падбароддзе.

— Значыць, у нас ёсць два дні.

— Калі вы плануеце наведацца ў Бяльмонты? — змрочна папытаўся Ёсель. — Выбачайце мяне, спадарове, але ў гэты дзень я хацеў бы быць падалей.

Лёднік выхапіў аркушык паперы з тых, што ляжалі ў бронзавым пісьмовым прыборы на стале, макнуў пяро ў чарніліцу, нешта накрэмзаў і падаў алхіміку.

— З’язджайце хоць заўтра. Але перад ад’ездам абавязкова пастаўце ў лабараторыю, што рыхтуеце для палонніцы, рэчывы з гэтага спіса. Хай яны будуць... ну, скажам, у вось такіх зеленкаватых слоіках, — Лёднік тыцнуў доўгім пальцам на адну з паліцаў, — каб адразу можна было іх адрозніць.

— Прынеслі які-небудзь ліст ад графа Мануцы, як вас прасілі? — дадала Меланхолія.

Ёсель прабег вачыма спіс ад Баўтрамея, хмыкнуў, схаваў на ўнутраную кішэню камзола. Адтуль жа дастаў складзены ў чатыры столкі ліст, кінуў на стол.

— Распараджэнне ад графа... Усё, я і так галавой праз вас рызыкую. Давайце трактат!

Наўрад збяднелы сваяк так чытае запавет багатага родзіча, як былы сябар Саламона Маймана спісаныя неахайным почыркам выдраныя са сшытка старонкі.

— I як вы будзеце ўжываць той палінгенсзіс? — не вытрымаў Пранціш, бо так i не распытаў пра таямніцу трактата — а як было прызнацца, што вучонага слова не ведае?

— Аднаўленне аб’ектаў з попелу — адна са ступеняў да вышэйшай мудрасці, узрадаваны алхімік хаваў паперы за пазуху. — Як-небудзь ускараскаюся на яе. Ну, вітанне Саламону.

I ўжо на парозе азірнуўся, дадаў з крывой усмешкай:

— За гонар лічу, што пабачыў самога Баўтрамея Лёдніка.

Здагадаўся, пройда.

Меланхолія навярнулася да Давыда:

— Карэту прыстойную дастаць зможаце? I адзенне для маіх спадарожнікаў. А сукенка у мяне з сабою.

— Ты што, задумала выдаць сябе за графіню Сільвію? — Пранціш ледзь стрымаў рогат.

Мурзатая дзеўка ў хлапечым строі аніяк не вязалася з вобразам каралеўскай мэтрэсы.

Але дзеўка толькі перасмыкнула плячыма.

— Смажаная Німфа як затынкуе твар — дык і ўзрост не пазнаеш.

Хм, але і па Меланхоліі не адгадаць, колькі ёй гадоў — то зусім дзяўчо, то жанчына...

Лёднік нарэшце адмёр.

— У якасці каго мы паедзем?

— Вось я і думаю...

Меланхолія ўскалмаціла брудна-бялявыя валасы, змерала бяздоннымі вачыма ладную постаць менскага падкаморага.

— Пан сыдзе за фурмана.

Азірнулася на Каруся, які змрочна падпіраў крутымі плячыма сцяну.

— Aй, шкада, што хлопчык памерам з шафу. А то апранулі б спадніцу, парык, i была б мне камерыстка, А так... будзе лёкай.

Карусь прамаўчаў. Дзеля выратавання паненкі Соф’і пагодзіцца i чужой бабе прыслугоўваць, не плюючыся.

Меланхолія перавяла позірк на Лёдніка, звузіла вочы, падрыхтавала джала.

— А вось што з табой рабіць, доктар? Для лёкая тытулаванай дамы ты стары і страшны. Быў бы маладзейшы — мог у якасці скарахода за карэтай бегчы, ногі ў цябе доўгія.

Лёднік нахмурыўся.

— Пакіньце свае шпількі для больш зручнай хвіліны. Я магу застацца ў сваёй жа лекарскай іпастасі.

— Каб адразу западозрылі, хто ты насамрэч? Думаеш, нікога з варты не папярэдзілі, што ты можаш заявіцца? А знешнасць у цябе... адметная.

— Я любое адзенне дастану, — запэўніў Давыд. — Можа, нашага доктара за маўра выдаць ці за індуса?

Меланхолія няспешна ўзнялася, падышла да Баўтрамея, як быццам збіралася яго купляць на кірмашы ў сумнеўных прадаўцоў.

— Дуэнняй сваей цябе хіба што апрануць... У дуэнні часцяком старых ды страшных бяруць, каб непажаданых кавалераў адпалохвалі, а жаданых не пераманьвалі. Ці і праўда маўрам... — голас здзекліва вуркатаў. — Усё, вырашана. Будзеш настаўнікам танцаў.

Чорны Доктар ледзь не папярхнуўся аптэчным паветрам.

— З глузду з’ехала?!

— Можна падумаць, ты ў палацах не бываў ды пры дварах магнацкіх, на балах не танчыў, — хмыкнула Меланхолія. — А майстар баявых мастацтваў твайго ўзроўню рухаецца спрытней за любога танцора.

Тут ужо альбо грай, альбо грошы аддай.


***

Калі сонца налілося цяжкай чырванню і пачало валіцца за лес, быццам сплываць крывёй, Пранціш пачуў з-за акна іхняга здымнага дамка нейкія глухія стукі.

Меланхолія кідала нажы з металёвымі пляскатымі ручкамі адзін за адным у ствол старога дуба. Пранціш набліжаўся асцярожна — яшчэ развернецца ды згарача ўсадзіць нож у горла... Вунь як цэліць — і адлегласць вялікая, а клінок шчыльна каля клінка захрасае ў драўлянай плоці.

Дзеўка спытала не азіраючыся:

— Чым абавязаная ўвазе пана Вырвіча?

Засадзіла яшчэ адно лязо.

— Навошта ты нам узялася дапамагаць? Не толькі ж праз дарагі каменьчык, праўда? Была ў навуцы ў графіні Сільвіі?

Меланхолія шпурнула маланкавым рухам апошні нож у магутны дуб, чыё чорнае скурчанае галлё толькі-толькі прыкрасілася маладым, абуральна-пяшчотным лісцем. Схадзіла, выдзерла зброю з мішэні, вярнулася.

— Калісьці мой настаўнік аддаў мяне на год у ейную школку — набыць майстэрствы, неабходныя ў маёй прафесіі.

— Набыла?

Вырвіч нават не паспеў прасачыць палёт ляза. На шчасце, у дрэва.

— Набыла. Я вучаніца наравістая, але здольная, — выскалілася Меланхолія, развярнуўшыся да менскага падкаморага. — I з Мануцы я добра знаёмая. Выконвала ягоныя замовы. I не раз. Напрыклад, бацькі яшчэ адной красунечкі-дзяўчыначкі яму перашкаджалі.

Меланхолія з выклікам вывучала аблічча суразмоўцы — ну давай, выяві грэблівасць, абурыся. Але Вырвіч чамусь не адчуваў у сабе абурэння. Толькі сум і тугу.

— Табе самой колькі было, калі ад бацькоў забралі?

— Адзінаццаць.

Яшчэ адзін клінок адправіўся ў цела старога дуба — па ім нібыта вякамі сцякалі маленькая ручаіны, вымываючы глыбокія звілістыя шляхі.

— Усё, пан Вырвіч. Хопіць душэўных размоў. Скажу толькі, што, калі вашу капрызульку ўдасца выдраць з кіпцяў мярзотніка Мануцы, я атрымаю шчырае задавальненне.

Калі Вырвіч развярнуўся сыходзіць, Меланхолія загаварыла, цэлячыся для чарговага кідка:

— Не таго баіцеся. Не гаварыце, канешне, гэтаму... доктару вашаму. Мануцы — майстар лезці ў душу. Панначка можа сама не захацець вяртацца. I, магчыма, вы ніколі ўжо не ўбачыце той дзяўчынкі, якую памятаеце. Панятоўскі — натура тонкая, гвалт яму не прыносіць задавальнення. Таму цацка мусіць быць... падрыхтаваная.

Пранціш хацеў запярэчыць — ды як такая, як Чорная Меланхолія, можа судзіць пра чыстую Сафійку...

Але не змог. За словамі Чумы чуўся страшны досвед.

— У наіўнай і чыстай шансаў няма супраць разумных і бессаромных. Адзін толькі выпадак памятаю, калі Панятоўскага пабілі ягонай жа зброяй. Адна актрыска, Шахеразада ліцвінская, яму так хораша п’есы Шэкспіра чытала, ім самім на польскую перакладзеныя, што Цялок расчуліўся і ўсю ноч толькі слухаў. Наўрад ваша панначка цытаваннем хімічных трактатаў гэтага ж дасягне.

Пранціш захлынуўся ўспамінамі: гэта неадменна была згадка пра Раіну Міхалішыўну, ягоную памерлую нявесту... Няшчасную, страшэнна таленавітую і гордую.


***

Адзенне, здабытае Давыдам, мела адзін недахоп: усё было надта дыхтоўным. Пэўна ж, з уласнага гардэробу. Вырвіч выбраў самую сціплую світку — ён жа будзе фурманам. Але ў маладосці і ён, бедны шляхцюк з Падняводдзя, быў бы рады ў такой світцы, фалендышавай, з галунамі, пахадзіць.

У дамку меўся адзіны пакой ды яшчэ за печкай закуток. Мужчыны пачалі мяняць гардэроб... I Меланхолія, адмыўшыся за печкай у балеі з гарачай вадой, заявілася сюды ж, загорнутая ў прасціну, — каб апранацца, быццам жаўнер сярод жаўнераў. Прычым Карусь нават галавы не павярнуў і не сплюнуў — сапраўды пачаў успрымаць спадарожніцу не як кабету.

Што ж, раз так... Вырвіч сцягнуў з плеч камзол. А Лёднік ужо скідаў кашулю, паказаўшы спіну ў шнарах.

Пранціш выпадкова — ну, далібог жа, выпадкова! — кінуў позірк трохі ўбок, дзе пераапраналася Меланхолія. I ўздрыгнуў. Дзеўка якраз, павярнуўшыся да спадарожных аголенай спінай, бралася за гарсэт... I спіна ў яе была такая самая, як у Лёдніка. Як сказаў адзін лорд у Лонданскім байцоўскім клубе, дзе Чорны Доктар мусіў біцца аголены па пояс, столькі шнараў можна зарабіць у арміі, на катарзе ці на флоце.

А яшчэ ў рабстве ў акрутных людзей.

Меланхолія спрытна абыходзілася без камерысткі — нават гарсэт сама зацягнула на сабе, выгінаючыся, як акрабатка. Прыладзіла на камодзе люстэрка, раз, раз... Грукнулі крыналіны з кітовага вуса, шаргатнулі паўзверх іх спадніцы... Зразумела, прыладжваць парык і фарбаваць твар давялося даўжэй. З дзіўнотаў — напляскала нешта брунатнае на шчаку, падфарбавала, потым запудрыла... Дакладна атрымаўся след ад старога апёку, які праз усю шчаку спаўзаў на падбароддзе. Вось чаму — Смажаная Німфа. А потым яшчэ дзіўнае: Меланхолія адчыніла маленькую срэбную скрыначку, падчапіла нешта пазногцем, капнула на яго з флакончыка і — тыц сабе ў вока. Тады ў другое... Павярнулася, усміхнулася...

У Вырвіча дыханне перахапіла. Гэх, быў бы ён усё тым жа пракудлівым шкаляром ці куртуазным студыёзусам, зараз кінуўся б у кукарэцыі. Ганарыстая доўгая шыя, тонкая стройная пастава, вялікія вочы, сінія, як валошкі... Пульхныя капрызлівыя вусны, дакладна акрэсленыя... Вейкі і бровы падчарнёныя, румянак на парцалянавай скуры... Ледзяная прынцэса. Нават апёк на шчацэ не псуе.

Але Вырвіч ведаў, што пад гарсэтам і тонкімі карункамі хаваюцца шнары, пад сінімі падманкамі ў вачніцах — бясколерныя прагалы, а далікатныя рукі ў бязвіннай крыві.

— Цікавая распрацоўка! — уважліва зазіраючы заразе ў вочы, прамовіў доктар. — Каляровае шкло?

— Венецыянскае, з залатымі ніцямі, — ветліва адказала Меланхолія. — Для васпана таксама ёсць. Сядайце.

Лёднік паслухмяна ўсеўся на зэдлік, а самавітая пані ў багатай дарожнай сукенцы моднага колеру вердзігры, шэра-зялёнай, схілілася над ім. Каб толькі вочы не выкалала...

— Я ўдасканаліў мазь для выдалення шнараў... Магу намяшаць, — нейтральным голасам вымавіў Лёднік, цярпліва зносячы маніпуляцыі над вачыма. Значыць, паспеў зірнуць на спіну сваёй патэнцыйнай забойцы.

— А чаму пан сам той маззю не скарыстаўся? — Меланхолія падчапіла са скрыначкі другое шкельца.

— Не бачу сэнсу. Навошта мне?

Дзеўка скончыла працу і выпрасталася.

— Ну і мне — навошта?

Лёднік памаргаў, акуратна выцер чыстай хусткай вочы, якія заслязіліся. Позірк дзякуючы венецыянскім шкельцам у яго цяпер быў зялёны, як маладое лісце дуба.

Меланхолія скептычна агледзела Чорнага Доктара.

— Чакай... Не ўставай...

Праз хвіліну пад носам Баўтрамея тапырыліся тонкія чорныя вусы. Ад чаго фізіяномія зрабілася яшчэ больш разбойніцкай. Дзеўка папрацавала над кліентам пэндзлем з пудрай, падвяла бровы, намалявала румянак...

— Вось і настаўнік танцаў для капрызнай мадэмуазэль!

Доктара сапраўды было цяжка пазнаць. Ды яшчэ куртаты чорны аксамітны камзольчык з бялюткімі карункамі, доўгія ногі ў штанах, падвязаных пад каленямі ружовымі бантамі, чаравікі з кутасамі, белы парык-воблачка... Фанабэрыі б менш!

— Каб ты на мандаліне ўмеў брынкаць... — незадаволена мармытала Меланхолія. — Ну, добра... Чуццё рытму ў цябе ж мусіць быць...

Пакорпалася ў сваім меху.

— Трымай!

Лёднік злавіў кінутую штуковіну...

— Кастаньеты? Сур’ёзна?

Пранціш, не хаваючыся, рагатаў. У другім куце спрабаваў здушыць смех дабрадзейны і вечна сур’ёзны Карусь у лёкайскім мундзіры з залацістай парчы.

Твар былога прафесара Віленскай акадэміі пабарвавеў нават праз пудру. Кастаньеты адправіліся назад тым жа паветраным шляхам.

— Хопіць! Можа, адразу на мяне каўпак са званочкамі апранеш?

Меланхолія шчасліва ўсміхнулася.

— Па-ан Лёднік! А як жа фігуры прыдворных танцаў зараз паўтарыць, тэрміны падвучыць? Я проста мару прайсціся з вамі ў паланэзе! А рыгадон, рыгадон умееце, пан доктар?

Меланхолія некалькі разоў легка падскочыла, яе ножка падбівала пышныя спадніцы, з-пад якіх спакусна паказвалася белая дзюбка чаравічка.

— Я табе і так шмат дазволіў! З маладых блазнюкоў будзеш здзекавацца.

I пачаў пакаваць валізы.

Карацей, баль — кот з печы ўпаў. А шкада. Вырвіч не адмовіўся б паназіраць, як славуты навуковец выбівае шалёны рытм кастаньетамі ды прытанцоўвае, быццам гішпанскі цыган.

Раптам у дзверы ціха пагрукалі... Ці, хутчэй, пашкрэбліся.

Кабета з браслаўскай аптэкі, падобная да сітаўкі, дробна кланялася, але яе пачырванелыя ад слёз светлыя вочы глядзелі калюча.

— Я падслухала... Паны паедуць у Опсу... Паны — ворагі праклятага італьянца. Мы дапаможам вам. Усе мясцовыя. Не толькі ваша панначка там, у Бяльмонтах. Італьянец дзяўчатак пазбіраў па навакольных вёсках. Мужык мой пайшоў шукаць нашу Гэльку — таксама знік. Няма закону. Але няма й страху ў нас болей.

Пранціш паморшчыўся: зноў бунтоўныя мужыкі... Палонніц трэба выручыць. Італьянца пакараць... Але ўвязвацца ў рокаш лапатнікаў? Яму, падкамораму Менскага павета? Калі ўсім будзе адна чарка і адна палка?

Зірнуў у акно — за дрэвамі, мусіць, прытаіліся бунтаўнікі, чакаюць выніку перагавораў. Былі ў такой сітуацыі, ведаем.

Але Чорны Доктар ужо працягваў руку кабеце.

— Ёсць закон, Божы закон, спадарыня. Перад якім усе роўныя. Заходзьце, расказвайце. Будзем выручаць дзяўчатак. Што ж, часам нават з попелу можна аднавіць ружу.

Загрузка...