ПРАЛОГ

Дзверы не паддаваліся.

Трывалі здзекі з дабрадзейнасцю рымскай Лукрэцыі і мужнасцю спартанскага цара Леаніда.

Хаця шаноўны пан Франтасій Вырвіч, падкаморы Менскага павета, сумленны шляхціц герба Гіпацэнтаўр, лупіў у тыя дзверы і кулакамі, і нагамі ў саф’янавых чырвоных ботах з падкоўкамі, і булавой, на жаль, не гетманаўскай.

У дубовых дошках з’явіліся вышчарбіны, на лбе пана падкаморага — кроплі поту, на тварах прыгожай кабеты і чарнавокай дзяўчынкі, што стаялі побач і назіралі за высілкамі пана суддзі, — расчараванне.

Ад гэтага Вырвіч яшчэ больш раз’юшыўся.

— Бутрым! Не дуркуй! Адчыняй, бо праз акно залезу! Столь па трэсачках разбяру! Ты мяне ведаеш...

Трывалі здзекі з дабрадзейнасцю рымскай Лукрэцыі i мужнасцю спартанскага цара Леаніда.

За пабітымі дзвярыма панавала зацятае маўчанне, як на шляхецкай пагулянцы пад раніцу.

— Гэх, каб не засовы... Замок я б адамкнуў...

Пан суддзя злосна стукнуў на астачу нагой у няшчасныя дзверы.

— Ён з серады там замкнуўся, Пранціш... — дрыжачым ад тугі голасам прамовіла жанчына — яна ўсё яшчэ была прыгожай, як антычная багіня, але ў кутках вачэй паглыбіліся зморшчыны, а ў цёмных валасах, што выбіліся з-пад бялюткага каптура, паблісквала сівізна. — Раней хоць Сафійку да сябе пускаў...

Вырвіч упёрся ў непрыступныя дзверы спацелым ілбом, да якога прыліп русявы чуб:

— Баўтрамей, кiдай свае меланхолii... Патрэбна твая дапамога як доктара... Чуеш? Гайда неадкладна ў Гародню! Пан Жылібер атручаны! Hixто рады не дае...

Пранціш не паверыў сваім вушам: з-за дзвярэй пачуўся змрочны смех... Гэткі трохі сабе дэманічны.

Доктар Лёднік звар’яцеў, ці што?

Колькі памятаў Вырвіч, Бутрым дзеля выратавання хворага не зважаў ні на ўласную стому, ні на бяспеку, лячыў аднолькава старанна і жабрака, і князя, і ворага, які, ацаліўшыся, мог лекару ў пячонку кінжал загнаць... Падымаўся па першым поклічы ўночы, збіраў валізку, маліўся святому Панцеляймону-ацаляльніку... На полі бойкі падаў ля параненых каленямі ў мокры снег і бруд, не зважаў на кулі, што свісталі навакол... У пошасць захінаў твар маскай з вохкімі зёлкамі ў спецыяльнай «дзюбе» і ішоў у дамы з забітымі накрыж шыбамі, дзе паміралі невылечна хворыя — каб хаця палегчыць іх пакуты...

А тут, пры вестцы, што добры сябар, паважаны навуковец цяжка хварэе, — смех...

— Ён там што, з гарэліцай дыспутуе? — разгублена азірнуўся Пранціш.

Піць жа Бутрым і праўда не ўмее. Адразу мазгі адшыбае. Нават Пане Каханку Радзівіл яго чаркацца за сваім сталом даўно не змушаў...

— Няма там у таты ні віна, ні гарэліцы, — строга падціснуўшы вусны, адказала Сафійка, танклявая, беласкурая, цемнавокая, у кароне цяжкіх кос — яшчэ амаль падлетак, але ясна ўжо, якая стане...

Пранціш, нягледзячы на трагікамічнасць сітуацыі, залюбаваўся. Гэткай маці была ейная, пані Саламея Лёднік... Не фіглі хочацца строіць, жарцікі жартаваць, а забітага цмока пад ногі кінуць, у безнадзейную бойку з ворагамі кінуцца — каб хоць зірнула паблажліва, ля бэль дам санс мерсі...

— Хіба што... спірытус ёсць... — разгублена ўспомніла Сафійка. — Татка трымае яго ў кутняй шафе, каб забіваць заразу.

I сапраўды, Лёднік, які шмат чым абураў медычных калегаў, быў перакананы, што хваробы ўтвараюцца не ад парушення балансу вадкасцяў у арганізме, як лічылі ўсе пачцівыя дактары, а ад бруду і нябачных мізэрных істотаў, што трапляюць унутр праз раны ці дыханне. Блюзнер, адно слова.

Але калі аскетычны Бутрым наважыўся ўжыць спірытус не каб мыць рукі ды ланцэты-скальпелі, а дзеля разгону чорнай жоўці, што выклікае меланхолію...

— Ды што з ім такое здарылася?

Сафійка і пані Саламея трывожна перазірнуліся.

— Тата слова з нас узяў, што мы не будзем пра гэта нікому-нікому казаць. I што без ягонага дазволу да яго не зойдзем, — ганарыста ўскінула галаву дзяўчына, і яе вусны выявілі цвёрдую складку — як ва ўпартага татухны. Вырвіч ледзь не завыў ад адчаю.

Дзесьці над Дзвіною, на Сафійскім храме, ударыў звон, і празрыстыя велічныя гукі прасыпаліся праз залатое лісце дрэў на сухую траву, на чарапічныя і гонтавыя дахі Полацка, затрымцелі ў не ачарсцвелых яшчэ сэрцах...

— Усё, маё цярпенне скончылася!

У голасе пана загучала небяспечная сталь — а што ж, слабога ды рахманенькага не выберуць ганарыстыя шляхцюкі павета на пасаду падкаморага суддзі, ад якога ix зямельныя звады будуць залежаць.

— Зараз прышлю мужыкоў з сякерамі...

За дзвярыма пачуўся незразумелы скрогат. Нешта ўпала... Потым грукнуў з таго боку засоў. Няшчасныя дзверы з рыпеннем, у якім мроілася палёгка, прыадчыніліся...

Вырвіч ірвануўся ў пакой.

У паўзмроку непрыемна пахла, як у пакоі цяжкахворага. Яшчэ адчуваўся сапраўды водар спірытусу, дыму свечак ды нейкіх зёлак... Вырвіч падскочыў да акна, тузануў апушчаныя шчыльныя фіранкі і расчыніў шыбы, упусціўшы сонечнае святло i чыстае паветра — хопіць маскарадаў! Гаспадар, які прыгорбіўся ў крэсле, прысунутым да дзвярэй, зараз жа захінуў вочы рукавом... Відаць, сядзеў гэтыя дні ў цемры, як мядзведзь у бярлозе.

— Можа, патлумачыш свае бздуры, Бутрыме? Што за затворніцтва?

Гаспадар павольна апусціў руку, якой захінаўся ад нахабнага святла. Чорны камзол расшпілены, памятая белая кашуля ўквэцаная немавед у якія рэчывы і таксама расшпіленая на некалькі гузікаў, адкрываючы старыя шнары на грудзях. Худы твар зарос чорнай шчэццю, цёмныя вочы пачырванелі і запалі, валасы, усё яшчэ густыя і чорныя, толькі перавітыя сівізной, звісаюць неахайнымі пасмамі...

— Бздуры, кажаш?

Голас доктара гучаў змрочна і надтрэснута, быццам пасля доўгага крыку. Лёднік нязграбна схіліўся набок, намацаў рукой на падлозе нейкі кіёк, упёрся тым кійком у падлогу, ухапіўшыся абедзвюма рукамі... Напружыўся, сціснуўшы сківіцы... Крэсла са скрогатам пасунулася наперад. Вырвіч з непаразуменнем заўважыў, што да ножак крэсла сяк-так прыробленыя няроўныя драўляныя кругляшы, каб служылі коламі. Лёднік яшчэ раз рыўком адштурхнуўся сваёй палкай, як лодачнік на пераправе... Дакладней, злавесны пірат. Ягоныя доўгія ногі нязграбна і нерухома абапіраліся аб прыбітую ўнізе да пярэдніх ножак крэсла перакладзіну...

Бутрым выпусціў кіёк, і той з грукатам паваліўся на падлогу, Пранціш аж уздрыгнуў. Доктар развёў рукамі і нахіліўся ў п’яным блазенскім паклоне.

— Ну вось, пабачыў? Задаволены? Шмат цяпер дапамогі ад доктара Лёдніка можаш займець?

Вырвіч выцер успацелы лоб.

— Чакай, ты што... Захварэў? Ногі адняло?

Лёднік тэатральна папляскаў у ладкі.

— Выдатная назіральнасць!

Пранціш ажно ўспомніў часы, калі ў Віленскай акадэміі не мог здаць злому прафесару Баўтрамею іспыт.

— А... даўно?

Лёднік раздражнёна тузануў кутком рота, апусціў вочы.

— Пасля Вялікадня.

Вырвіч адчуў, як шчокі запалалі ад сораму. Ён з вясны не адведваў старэйшага сябра, свайго былога выпадковага слугу, набытага за шэлег, суровага настаўніка і заўсёднага выратаваўцу.

— Прабач... У мяне клопатаў было... Зямельная звада між панамі Замойскімі ды Друцкімі... Яшчэ адзін суд з-за мяжы, што пан Антоній Тызенгаўз праклаў дзеля новай дарогі... Не змог прыехаць...

Чорны Доктар саркастычна перарваў вінаватыя мармытанні Пранціша:

— I што б ты зрабіў, каб прыехаў? Калі ўжо я нічога не здолеў...

Лёднік раздражнёна абвёў рукой пакой... Пранціш азірнуўся: сталы застаўленыя колбамі з нейкімі рэчывамі, у місах — тоўчаныя зёлкі, у слоіках — напалову скарыстаныя мазі, пагаслая гарэлка, закарэлая ад нейкай гадасці... Відавочна, доктар эксперыментаваў зацята.

— Толькі не кажы, што лекаў ад сваёй хваробы не вынайшаў! — вырвалася недаверлівае ў Вырвіча.

Калісьці іх з Бутрымам па загадзе ўсёмагутнага падскарбія Тызенгаўза замкнулі ў падводным чаўне і апусцілі ў ваду, і доктар мусіў, каб яны з Пранцішам не задыхнуліся, неадкладна вынайсці складанае рэчыва для ачышчэння паветра... Метад падскарбія прыспешыць думку вынаходніка аказаўся дзейсным, не задыхнуліся. Напэўна, Лёднік вырашыў паўтарыць сітуацыю — замкнуцца і не выходзіць з пакоя, пакуль не вынайдзе сабе лекі...

— Ды што з табой? Раматуз?

Бутрым панурыўся, сціснуў тонкія доўгія пальцы ў плямах ад хімікалій.

— Памятаеш, мяне ў студню ў Ашмянскім замку пасадзілі?

Яшчэ б не памятаць! Тады ўладальнік Ашмянаў пан Брастоўскі ледзь не закатаваў Лёдніка, якога абвінавачвалі ў забойстве асістэнткі, збеглай паненкі Брастоўскай. Бутрым пяць дзён прасядзеў у сутарэннях, у студні з халоднай цвілой вадой. Вырвіча дасюль перасмыкала ад успаміну, як Лёдніка трасучка трэсла, калі яго выцягнулі.

— Ну вось, відаць, там і зарабіў запаленне суставаў... Напачатку нічога, пару гадоў не зважаў... Калі летась у пана Радзівіла феерверкі з паветранымі ліхтарамі зладжваў, ужо абязбольваючыя піў... Яшчэ ўвесну мог перасоўвацца хаця б з кіёчкам. Потым мыліцы зрабіў. А тыдзень таму і з мыліцамі стаяць не здолеў...

Лёднік сярдзіта кіўнуў на драўляныя прыстасаванні, якія валяліся ў куце, відавочна шпурнутыя туды з усёй дурной злосцю.

— I што, гэта падстава не пускаць да сябе жонку i дачку? Умарыць сябе вырашыў?

Вочы Чорнага Доктара сярдзіта зыркнулі.

— Не варта ім бачыць мяне... такім...

— Няхай лепей пераймаюцца ды плачуць, пакуль ты зусім не загнешся ды хату не засмуродзіш? — Пранціша пачала злаваць зацятасць полацкага алхіміка. — Хіба мала ты пацыентаў на ногі паставіў? Паставіш i сябе... Рана ці позна.

У адной з колбаў булькатнула штосьці мутнае ў такт з горкім смяшком Лёдніка.

— А пакуль тое «рана ці позна», маёй рэпутацыі як доктара прыйдзе канец. Хто захоча лячыцца ў калекі?

Вырвіч злосна пхнуў наском бота падазроную пустую бутэлечку з зялёнага шкла, тая адляцела да пісьмовага стала i стукнулася аб ножку ў выглядзе львінай лапы.

— Дык усё ад ганарыстасці? Спірытусам навуковую канфузію запіваеш?

Лёднік памкнуўся зноў сказаць штосьці з’едлівае, але Пранціш не даў.

— Слухаць не хачу. Зараз паклічам Саламею і Сафійку, ты памыешся, пераапранешся, працверазееш, паясі, а то, даруй божа, не прафесар, а апівок карчомны... А потым распавяду, навошта прыехаў. Ты ж сам заўсёды мяне вучыў, што лепшы сродак ад уласнага адчаю — заняцца вырашэннем чужых праблем. Вось і зоймешся...

Мяркуючы па тым, што Чорны Доктар перахрысціўся, вінавата замармытаў малітвы і пачаў зашпіляць гузікі і распростваць скамечаныя манжэты кашулі, падкаморы свайго былога прафесара перамог.

— Пані Саламея, ваш сужэнец пачціва і нецярпліва чакае на вас!

Загрузка...