Грэкі верылі, што ў падземным царстве цячэ пяць рэкаў: Стыкс, Флегетон, Лета, Ахерон і Кацыт.
Адсёрбнеш з Леты — забудешся нават на ўласнае імя, хоць бы і на такое гучнае, як Артаксеркс, Аменхатэп ці Франтасій.
Да Флегетона сам не папрэшся, хіба якую жабоцьку ўдасца на неўрадлівых землях Аіда злавіць ды падсмажыць заманецца — агонь замест вады ў той рацэ.
Калі ж ты такі нядошлы, што не знойдзеш і меднае манеткі для перавозчыка Харона — блукаць табе па беразе Кацыта разам з такімі ж галадранцамі ды практыкавацца ў галашэннях: авой, нат у пазасвецці месцейка нямашака...
А самая страшная рака — Стыкс, на яе водах кляліся нават багі. I калі хто не стрымліваў клятву, год ляжаў як мёртвы, а тады яшчэ дзевяць гадоў меў баніцыі, выгнання.
Пранціш Вырвіч мог бы ўцерці нос... ці што там замест яго ў той Стыкс, бо пабываў у падземным возеры пад Туравам. Вось дзе жахаў нацярпеліся! Сядзелі ў падводным чоўне, як хрушчы ў бляшанцы, а што навокал плавала — лепш не ведаць.
Таму да ўсялякіх таемных рэчак, магічных крыніцаў і запаветных азёраў у менскага падкаморага былі адносіны насцярожаныя. Прамінулі часы, калі студыёзусам пераплываў у бочцы Вяллю. Ну, праўда, пасля двух збаноў добрага віленскага піва і патануць не страшна.
I цяпер душа не ляжала, ды проста кіпцямі шкрэблася, як котка, ад неабходнасці зайсці ў падазроны дом, пры якім, аказваецца, былі i свае купальні... Натуральна, і пякельны пах адчуваўся мацней.
— Пан бацька!
Да Лёдніка, цокаючы па шэрых плітах падкоўкамі чаравікаў, крочыў высокі станісты малады чалавек у сіне-серабрыстым камзоле, у модным капелюшы, упрыгожаным аграфам з сапфірам, ну а драпежны нос і худы твар беспамылкова паказвалі на сваяцтва з Чорным Доктарам. Праўда, нос быў не такі доўгі, рысы твару больш мяккія, вочы не такія цёмныя, карацей, малады чалавек быў не столькі злавесны, як сумны.
«I халаднаваты нейкі стаў», — мімаволі адзначыў Пранціш.
Між тым дзверы партшэза адчыніліся, бацька з сынам абняліся, памаўчалі... За маўчаннем хавалася вялікае гора, пра якое абодва не ў стане гаварыць.
— Ты ўсё яшчэ не вылечыўся... — недаверліва прамовіў малодшы Лёднік, выпрастаўшыся. — Значыць, недарэмна падрыхтавалі крэсла.
Мясцовы лёкай хуценька падкаціў крэсла на колах — дыхтоўнае, абабітае габеленавай тканінай, з падлакотнікамі і падушкамі, з вялікімі бліскучымі коламі... Сапраўдны фатэль. Лёднік пастараўся ўскараскацца на новае месца з найменшай чужой дапамогай, падцягваючыся на руках. Алесь узяўся за адмысловыя ручкі за спінкай.
— Прыслуга пачакае тут. Толькі вы, пан Вырвіч, пан бацька і я. Давераная асоба канцлера патрабуе таямніцы. I зброю тут пакіньце...
Голас Алеся гучаў неяк... адчужана-механічна. Пранціш перадаў Сцяцко і Карусю іхнія з Лёднікам шаблі (эх, i шкада ж было развітвацца са сваім Гіпацэнтаўрам, прадзедавай рэліквіяй)... А што за давераная асоба — яны ж разлічвалі пабачыць самога графа Каўніца?
— Гэта вырашаць не вам і не мне, — зноў з нейкім халадком у голасе адказаў Аляксандр Лёднік. — Каб найменшая магчымасць — я б ухіліўся ад высокага гонару быць пасрэднікам у гэтых... перамовах, якія вы ўчынілі. Але мне не пакінулі выбару.
У апошняй фразе гучала сапраўдная горыч з прымешкам агіды. Спробы Пранціша нешта патлумачыць разбіліся аб параду менш гаварыць. Вырвіч агледзеў шэры каменны калідор, у які яны скіраваліся: вільгаць, смурод, свечы ў бронзавых кандэлябрах, падазроныя габеленавыя шырмачкі ля сценаў i рэха, як у пустой бочцы, — падслухоўваюць, не іначай.
Калідор заглыбляўся ўніз, Алесю давялося прытрымліваць бацькава крэсла, каб не пакацілася само. Паварот... Цяпер крэсла трэба было штурхаць наверх, а на шэрых плітах калідора расцягнуўся доўгі чырвоны дыван. Белыя дзверы з пазалочанымі вензелямі нібыта самі па сабе расчыніліся, па вачах разанула дзённае святло, праўда, прапушчанае праз каляровыя шкельцы вітражоў.
Зала, у якой яны апынуліся, была прыбраная ў модным егіпецкім стылі. Калоны распісаныя лотасамі і пальмамі, шырмы з выявамі фараонаў. Падлога, выкладзеная чорнымі, брунатнымі і жоўтымі плітамі, няроўная: пасярэдзіне ніша глыбінёй у дзве далані, у ёй тры дзіўныя зэдлікі з металёвымі ножкамі ў выглядзе львіных лап. У другім канцы — узвышэнне з дыхтоўным драўляным фатэлем, падобным да трона, са спінкаю ў выглядзе coкала з распасцёртымі крыламі. На троне сядзела пані ў багатым уборы малахітава-каштанавых адценняў, пад шчыльным цёмным вэлюмам. Праваруч пані высіўся яшчэ адной калонай чалавек у чорным, з тварам прафесійнага забойцы. A і фанабэрысты ж — вось табе я, войтава свіння.
Ліцвінскія сваты ўселіся на зэдлікі, Лёднік, зразумела, застаўся ў сваім перасоўным крэсле. Пані дала знак ахоўніку.
— Перад вамі давераная асоба імператрыцы Марыі Тэрэзіі і ягонай светласці канцлера фон Каўніца, — ляніва агучыў пан у чорным, не тыя госці, каб ліслівіць.
Алесь кіўком пацвердзіў — значыць, ведае, хто там на егіпецкім троне.
— Што вы хочаце перадаць высокім асобам?
Прапанова канцлераўне рукі і сэрца падскарбія Рэчы Паспалітай пакінула загадкавую асобу пад вэлюмам, мяркуючы па ўсім, абыякавай.
Затое фраза пра сірату, якая збегла ад Вялікага Отана, усхвалявала. Пані нешта пашаптала на вуха свайму канфідэнту. Той запатрабаваў прад’явіць падарунак. Пранціш справядліва заўважыў, што напачатку пасланцы хочуць мець пацверджанне цвёрдых намераў ягонай светласці графа фон Каўніца парадніцца з ягонай мосцю Антоніем Тызенгаўзам.
— Гандлявацца ўздумалі?
Дама раптам адкінула вэлюм і ўтаропілася злосным цёмным позіркам у просьбітаў. Сімпатычная даволі панечка, калі не зважаць на цяжкаватае падбароддзе і ніжнюю губу, што трохі выдаецца наперад... Дык вось хто быў уладальнікам «нядобрага дома» ў Бадэне!
— Пані Тэрэза Радзівіл!
Лёднік ажно наперад падаўся.
— I якім бокам ваша мосць датычная сакрэтных справаў паміж аўстрыйскім канцлерам і польскім падскарбіем?
Вырвіч скасавурыўся на Алеся: той стаяў, сціснуўшы кулакі і апусціўшы вочы... А ён чаго не папярэдзіў? Менавіта былая жонка Радзівіла Пане Каханку выкрала ў свой час панну Праксэду Бжастоўскую, менавіта яна трымала Лёдніка ў палоне ў сваім Белакамскім замку, дасюль у доктара апёк на грудзях ад ейнай гасціннасці... I, магчыма, менавіта акрутная пані Тэрка заплаціла забойцам, што застрэлілі Праксэду. Ясна, хлопец не ў гуморы, што змусілі слугаваць варагіні. Але ж слугуе!
— Пан Каўніц асабіста папрасіў мяне сустрэцца з суайчыннікамі, бо хто лепей, чым я, разбіраецца ў справах Польшчы, — міла ўсміхнулася пані Тэрэза. — Яе імператарская мосць Марыя Тэрэзія цалкам мне давярае. Недарэмна ўзнагародзіла ордэнам за дабравернае жыццё!
— Мусіць, яе імператарская мосць не ведала, што перад сваймі ўцёкамі ў Вену пані адсекла галаву пасланцу ўласнага мужа, бязвіннаму шляхціцу Чашэйку, і мусіла хавацца ад судовага пераследу! — не вытрымаў Пранціш, хоць і разумеў, што не варта цвеліць шалёную бабу, ад якой яны i так нацярпеліся. Але ўся дыпламатыя менскага падкаморага кудысь выпарылася.
Выпарылася яна і ў пані Тэркі, як малако з распаленай бляхі, пакідаючы гарэлы дым.
— Ваш Тызенгаўз — пусты, гнілы арэх! — твар пані пачаў чырванець. Ці не надарыцца з ёй зноў прыступ, якому аднойчы яны былі сведкамі? — Не ведае, куды кінуцца, каб за свае злачынствы не адказваць. Караля свайго прадае. Думаю, яго каралеўская мосць Панятоўскі не ўзрадуецца ягоным здрадніцкім захадам. А камень аддавайце! Ён Тызенгаўзу не належыць, а належыць імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі!
— Ваша мосць, — нарэшце падаў голас Аляксандр Лёднік. — Нагадаю, што граф Каўніц паабяцаў мне ў вашай прысутнасці, што пасланцам падскарбія ніякай шкоды ўчынена не будзе.
— Баюся, зараз ягонай мосці канцлеру не да пасланцоў палітычнага мерцвяка, — выскалілася Тэрэза Радзівіл. — Калі я ад’язджала, імператрыца была ў вельмі кепскім стане... Дактары — куды лепшыя за цябе, Лёднік, — кажуць, яе імператарскай мосці засталіся лічаныя дні...
Пані Тэрэза пабожна перажагналася, завёўшы вочы да сіняй столі, распісанай даўгадзюбымі птушкамі, і нават усхліпнула ад гора горкага, самую кропельку фальшыва.
Алесь відавочна страціў сваю холаднасць, якая так здзівіла Вырвіча і, несумненна, параніла Лёдніка.
— Вы далі слова! За дапамогу ў зладжванні гэтай сустрэчы — не чапаць майго бацьку і яго сяброў і пакінуць у спакоі майго настаўніка, пана Кемпелена!
На шчоках маладзёна гарэлі чырвоныя плямы... А пані Тэрэза, наадварот, супакоілася.
— Аддайце вясельны падаруначак — і вольныя.
Як ні павярні — дзіравым наверх... Пранціш напяўся.
— Толькі ў рукі ягонай мосці канцлеру.
Радзівіліха нават не раззлавалася — магчыма, не супраць была паназіраць за наступным відовішчам... Бо зала адразу запоўнілася знакамітымі янычарамі, асабістай гвардыяй Тэрэзы са Ржавускіх. Яны бесцырымонна абшукалі Вырвіча і Лёдніка, выкуліўшы апошняга з крэсла па падлогу. За прыніжэннем доктара пані Тэрэза назірала з асаблівай радасцю. Той не пачаў бессэнсоўную валтузню, толькі трымаў на твары пагардлівую ўсмешку. Гара драбязы, вывернутай з кішэняў ліцвінаў, пільна вывучалася панам у чорным, што можна было зламаць ці разбіць — ламалі і разбівалі... Толькі Лёдніку неахвотна пакінулі шкляніцу з лекамі, што вісела ў яго на шыі побач са срэбным праваслаўным крыжам — усё-ткі ў празрыстай вадкасці не боўталася нат мізэрнага каменьчыка. Вось калі Вырвіч пахваліў сябе за тое, што крадма перадаў японскі куфэрачак Карусю.
— Адпусціце нас — і мы ўручым Арфанус пану канцлеру.
Але Тэрэзу Радзівіл ужо калаціла ад злосці.
— Так i думала, што пустыя гэтыя размовы! Знайшоў Літоўскі Д'ябал у Вільні камень, хвост распусціў: Арфанус! Калі ён праўда існуе, дык я па цаглінцы вашыя дамы разбяру i вантробы вашых знаёмых успару, а знайду. А вы мне не патрэбныя. Hi ты, смаркач...
Пані паблажліва зірнула на Алеся, які працінаў яе ненавісным позіркам.
— Я яшчэ не забылася, як ты на мяне пацукоў нацкаваў у капліцы, — думаеш, не даведалася?
Алесь сапраўды ўспадчыніў ад бацькі незвычайныя таленты... Рухаць прадметы і гасіць свечкі на адлегласці не мог, а вось з жывёлкамі ўпраўляцца заўсёды ўмеў.
— I ты, як цябе там, Выр-рвіч, — здзекліва працягвала пані, — паэта... «Згукі пекныя з Падняводдзя»... Ды яшчэ на мужыцкай гаворцы. Увесь мой двор рагатаў. Памятаю, як у судзе супраць мяне выступаў, язык як матавіла. А ты, доктар... — Тэрэза Радзівіл са свістам уцягнула паветра, — не ацаніў у свой час маю міласць, адпрэчыў, што я табе, нявартаму халопу, прапаноўвала... Другі б ад шчасця звар’яцеў! А цяпер — паглядзі на сябе, калека няшчасны, не здатны нат чарвяка раздушыць. Нікому ты цяпер не патрэбны, а мне тым болей.
Лёднік усеўся на падлозе, нязграбна падкурчыўшы хворыя ногі, але ўмудрыўся надаць сабе выгляд фараона, які назірае за пабудовай піраміды.
— Вы дарэмна так доўга ўнікалі прызначанага мною лячэння, ваша мосць, — а голас які паблажліва-ўладны. — Ваша хвароба зноў прагрэсуе. Беспрычынная жорсткасць, прылівы крыві, задыхлівасць... Вось і скура ўжо чырвоная ўся ад сасудаў лопнутых, і вочы памутнелі. Пачатак атлусцення назіраецца...
Вось жа прыпаліць доктар, дык прыпаліць языком... Пані Тэрэза, якая сапраўды калісь намагалася зрабіць Лёдніка сваім «хатнім улюбёнцам», ужо не крычала, а ciпела, вырачыўшы вочы:
— Атлусценне! Вочы памутнелі! Я табе ўчыню зараз лячэнне, паскуднік, і бандзе тваёй!
Раптам пліты ў нішы падлогі, у якой знаходзіліся ліцвіны, праваліліся... Усё адбылося вокамгненна. Вырвіч з галавой апынуўся ў цёплай вадкасці, закалаціў рукамі, нагамі... Калі вынырнуў глытнуць паветра, светлая пляма наверсе знікла.
Заманілі, як дурных шчанючкоў, каб патапіць!
У цемры, дзе не было й драбочка святла, затое неверагодны смурод, чуліся плюханне і чыясь лаянка.
— Бутрым! Ты дзе?
У доктара ж ногі не працуюць... Але Лёднік адгукнуўся зусім спакойна:
— Тут... Трымаюся. Гэта ж вада з вялікім дадаткам соляў і мінералаў... У ёй лягчэй быць на паверхні. Алесь, ты як?
— Нармальна... — адказаў нябачны хлопец і раптам усхліпнуў. — Тата, тата... Прабач... Я зноў цябе падвёў... Я... яне варты цябе...
Зноў усхліп, які перайшоў у мармытанні.
— Даведаўся, што пані маці памерла... Першая думка — што ж ты яе не ўратаваў... Як i Праксэду... А потым — гэтае заданне... I зноў нібыта праз цябе. Брудная палітыка... Прыгразілі, што калі не буду слухацца...
— Ціха, ціха, не самы зручны час для споведзі, — спакойна абарваў нервовы словапад Лёднік — ён валодаў здольнасцю набываць у час смяротнай небяспекі вось такую непрабівальнасць. — Мы жывыя, значыць, ёсць надзея патлумачыцца ў больш спрыяльнай абстаноўцы. Адчуваеце, тут плынь, і даволі моцная?
— Яшчэ б не адчуваць... — прабурчэў Вырвіч. — Ведаць бы, у які бок рушыць...
— Супраць плыні не мае сэнсу, — разважліва прамовіў Бутрым. — Значыць, аддаемся на волю бадэнскіх крыніцаў.
— Каб не пагубляцца, — напружана азваўся Вырвіч, які не адчуваў сябе надта моцным плыўцом.
— Гэта наўрад, — супакоіў доктар. — Мы ж не ў моры, а ў вузкай канаве... Шырыня, думаю, сажні два. Не больш.
Вырвіч у гэтым упэўніўся, торкнуўшыся рукой у сцяну, парослую сліззю.
Намоклыя цяжкія камзолы i боты давялося скінуць. Добра, што вада цёплая.
Але наперад далёка не прасунуліся.
Шлях перагарадзілі краты.
— А што, Бутрым, можа, магіяй паспрабуеш? — са слабой надзеяй спытаў Вырвіч, дарэмна сілячыся страсянуць тоўстыя жалезныя пруты.
Лёднік хмыкнуў у цемры.
— Гэта не лыжка, не сагну.
— Чакайце, я нырну... — прамовіў Алесь. Шумна плюханула вада, праз нейкі час шум паўтарыўся.
— Да самага дна дастаюць... Але навобмацак пруты ржавыя. Адзін дык даволі вольна ў камні ходзіць... Давайце паспрабую залезці наверх.
Пакуль у цемры чулася пыхценне Алеся, Вырвіч ліхаманкава мацаў краты, сапраўды шурпатыя, нібыта паедзеныя іржой, слізкую сцяну... А вось нешта у куце... Вільготнае... Цвёрдае... У лахманах. Палец патрапіў у выёміну, дакладней, вачніцу чэрапа, на якім яшчэ трымаліся рэшткі валасоў. Мярцвяк! Не першыя яны, значыць, у гэтай пастцы...
Побач плюхнула вада, пачуўся голас Алеся.
— Да верху даходзяць пруты, у камень заглыбленыя... Падобна, мы ўжо не пад домам, а ў натуральнай пячоры. Каб можна было зверху той прут, што ўнізе саслаб, падпілаваць, дык выцягнулі б...
Бутрым уздыхнуў, вада плесканулася ад яго руху.
— На, трымай, сын... Не выпусці. Метал мусіць раз’есці. Толькі тут няшмат...
Алесь азваўся не адразу, відаць, вывучаў атрыманае.
— Гэта што за шкляніца, тата? На пах... Не можа быць... Царская гарэлка? Самая моцная кіслата? Ты чаму яе з сабою насіў?
Пранціша скаланула страшная здагадка.
— Бутрым, ды што ў тваёй галаве рабілася? Ты, здаецца, хрысціянінам сябе вызнаеш...
Лёднік адказаў глуха:
— Слабы з мяне хрысціянін... Вось... Насіў, лягчэй пачуваўся... Ведаў, у любы момант спыню зямныя свае пакуты. Ясна, што ў іншае месца патраплю, чым Саламея... Але без яе — i так пекла мне. Да таго ж, рэчыва гэтае забяспечвае смерць настолькі пакутлівую, што... нібыта трохі зменшыла б грэх.
Пранціш змог толькі вылаяцца. Халодны жах заварушыўся: гэта ж трэба, мог не дапільнаваць аднойчы і знайшоў бы старэйшага сябра з прапаленым горлам і страўнікам...
— Глядзі, каб не патрапіла на скуру, сыне! — выгукнуў Лёднік, калі Алесь палез наверх, і дадаў ціха Вырвічу:
— Няма такого кепскага становішча, у якім нельга было б знайсці штось добрае. Вось, пазбавіўся спакусы самагубства. А яшчэ — уяві, Вырвіч, каб з намі была Сафійка!
Та-ак, гэта сапраўды страшна ўявіць... Можа, і не скінулі б у падземную ваду, але адправілі б на пацеху такім, як Мануцы і ягоныя ўладныя кампаньёны. А так ёсць надзея, што Ганулька са сваёй радзінай яе абароніць.
Жалеза, вядома, за хвіліну не раз’есць нават сумесь азотнай і салянай кіслаты, так званая царская гарэлка. Але праз гадзіну агульнымі намаганнямі ўдалося выламаць пракляты прут з каменя. Вырвіч нават перастаў адчуваць смурод.
Добра яшчэ, што ў іхняй бандзе ніхто жывот не адрасціў, праціснуліся ў шчыліну. Вырвіч, да сваёй злосці, даўжэй за худых Лёднікаў важдаўся, зноў даў сабе слова заняцца трэнінгам, як Бутрым вучыў.
I пацягнуўся шлях па падземнай мінеральнай рацэ, у цемры і трывозе. Сцены рабіліся ўсё больш няроўнымі, то звужаліся, то пашыраліся. А самае страшнае — столь пачала апускацца. Вось ужо трэба галаву берагчы, каб не стукнуцца аб вострыя каменныя выступы...
— Стойце! — выгукнуў, а часткова прабулькатаў Лёднік.
I сапраўды, далей плысці было немагчыма, вада даходзіла да столі.
— Можа, тут якія рыбы водзяцца ці кракадзілы, з якімі пан Алесь можа дамовіцца? — горка пажартаваў Вырвіч, адплёўваючыся ад салёнай жыжы, у якой відавочна прысутнічалі не толькі мінералы, але і ўсялякая дрэнь.
— Нічога жывога, акрамя нас, не адчуваю, — усур’ёз адказаў Алесь. — Паспрабую праплысці наперад, колькі змагу — ці ёсць там выйсце, альбо будзем вяртацца.
Пранціш уявіў доўгі шлях назад, ды супраць плыні... I скалануўся. Лёдніка ўсё часцей даводзілася падтрымліваць — цяжка плысці толькі з дапамогай рук — добра, ад сценаў можна адштурхоўвацца. Дый сам знямогся. Эх, мілая Дамініка, дзеткі дарагія, Яначка, Паўлючок і той, што яшчэ пабачыць свет... Ці будзе ў тым свеце твой бацька? Ці мо згніе ягонае цела на дне падземнай аўстрыйскай ракі?
Лёднік між тым даваў сыну адрывістыя парады. Алесь некалькі разоў з шумам увабраў у сябе паветра... I пайшоў пад ваду.
Пацягнуліся доўгія імгненні, кожнае — нібыта хтось за сэрца кранаў халодным пальцам. Вырпіч учапіўся ў напружены плячук Лёдніка — каб не кінуўся ўслед за сынам, на згубу. Вось імгненні зліваюцца ў хвіліну... Другую... Бутрым вось-вось вырвецца... А мо і варта паплысці на дапамогу? У самага спрактыкаванага плыўца даўно скончылася б паветра ў лёгкіх...
Плёскат наперадзе... Ці падалося? Не... Вось ужо і шум вады, які можна параўнаць з пераможным гарматным салютам.
— Алесь... Жывы...
Голас Баўтрамея дрыжэў. Малады Лёднік адфыркаўся, адкашляўся.
— Можна праплысці... Там пячора заўважна пашыраецца. Але задаўгаваты пераход...
— Нічога, ты праплыў — і мы справімся! — павесялеў Пранціш.
Сказаць легка... А пратрымацца пад вадой, у цемры так доўга... Пад канец у Пранціша ў вачах залатыя маланкі блішчэлі, а грудзі, здавалася, зараз разарвуцца.
Якім жа салодкім ды свежым падалося паветра па той бок звужэння! I вада не такой салёнай... Аддыхаўшыся і адпляваўшыся, Пранціш усвядоміў, што тут даволі шумна — ці не вадаспад наперадзе? I плынь хутчэйшая, зносіць як трэску. I па-ранейшаму ўласнай рукі не разгледзіш.
— Ды ўваскрэсне Бог... Ды растачацца ворагі яго... Ды бягуць ад аблічча яго тыя, што ненавідзяць яго...— замармытаў побач Лёднік словы малітвы.
На шчасце, прорвы не сустрэлася — затое зверху месцамі ліліся струмені, і, падобна, выцякала вада ў нейкія бакавыя адтуліны... А вось... Не, не падалося... Ногі зачапіліся за цвёрдае. Мінеральная рака відавочна мялела. I сама вада стала як суп — ці водарасці ў ёй, ці сухое лісце, ці яшчэ нейкая гадасць... Каб хоць што пабачыць... I есці ўсё больш хочацца. Лекавымі солямі не наясіся... Мяркуючы па голадзе, яны тут больш за суткі квасяцца, як селядцы ў расоле. Дзіва што прывіды мсцяцца.
— Мы з герам Кемпеленам машыну, якая ўмее гаварыць, ладзім! — дзесь побач распавядаў Алесь бацьку. — У яго ўжо была спроба стварыць такую. Забаўка атрымалася... А я хачу, каб яна яшчэ магла лічыць, рашаць самыя складаныя задачы... Гэта мяне яшчэ тады, калі мы з Пацучыным Каралём сустрэліся, зацікавіла: наколькі можна жывы арганізм паўтарыць у механізме?
Лепш бы не ўспамінаў пра таго Пацучынага Караля, падумаў Вырвіч. У Баварыі патрапілі ў горад, якім кіраваў звар’яцелы герцаг, што абкружыў сябе штучнымі слугамі і вывеў новую пароду вялізных пацукоў, і тыя слугавалі яму, як сабакі. Алесь тады гэтых пацукоў за сабою звёў, тым і выратаваліся.
— З баронам Кемпеленам пазнаёміліся, калі я механічнага пацука зладзіў... — працягваў задыханы расповед малодшы Лёднік, відаць, спрабуючы загладзіць сваю ранейшую непрыветнасць з бацькам. — Ён праўда разумны, гер Вольфганг... Але любіць штукарствы. Мне прыгразілі: данясуць імператрыцы, што ягоны механічны шахматыст — махлярства... Далібог, я не пасвечаны... Хаця здагадваўся. Барон ніколі сур’ёзна да свайго шахматыста не ставіўся, казаў — проста жарт майстра, разлічаны на дурняў. Кемпелена пагоняць з ганьбай, разам з ім — мяне... Канец нашым сумесным даследаванням і кляйно махляра на рэпутацыі абодвух. Калі не згаджуся выконваць усе загады пані Тэрэзы. Прабач, не ведаў, што ты згадзіўся ехаць сюды дзеля ратавання Сафійкі... Я ж вырашыў — ты палітычнай кар’ерай заняўся... Ахвотней у кепскае верылася...
— Вы бачыце? Бачыце? Святло наперадзе! — вырвалася радаснае ў Пранціша. Не прывіды, значыць, мсціліся — ёсць выйсце!
Святло прабівалася ў пячору скрозь няроўную, дастаткова вялікую, каб пралезці, адтуліну, да якой успаўзаў гразкі бераг. Цяпер Вырвіч мог агледзець іх знясіленую банду: босыя, мокрыя, здрапаныя, у парваных кашулях... Як ёсць каманда разбітага карабля.
На бераг Пранціш выпаўз ракачом... Побач гэтак жа выпаўзаў Лёднік, ледзь ацалелы Адысей. Прасунуўся вышэй, пэцкаючыся ў чорнай гразі, стаў на калені, пахістаўся... I падняўся на ногі. Зрабіў некалькі няўпэўненых крокаў. Горкі смех вырваўся з ягоных вуснаў.
— Трэба ж... Сапраўды лекавыя воды. Што ж так... запозна...
— Саламея табе аднойчы сказала — ніколі не бывае запозна, — з цяжкасцю ўзняўся на ногі і Пранціш, вусны якога мімаволі расплываліся ва ўсмешцы. — Значыць, патрэбны ты на гэтым свеце, доктар.
Бутрым трохі памаўчаў, пастаяў з апушчанай галавой... Потым распрастаў плечы.
— Што ж, рушым на святло!
I падыбаў наверх, усё больш цвёрда абапіраючыся нагамі аб гразкую чужую глебу.