Расліну гусіныя лапкі называюць травой алхімікаў. Бо кожную раніцу ў цэнтры круглага, пакрытага мізэрнымі белымі паўсцінкамі ліста, падобнага да гусінай лапы, блішчыць кропля расы. Нават у самы сухмень. Адкуль жа ёй узяцца, як не магічным чынам?
Менавіта гэтую магічную расу збірае дасведчаны алхімік дзеля доследаў, у выніку якіх свінец ператворыцца ў золата, попел у кветку, а няўдачнік, перапэцканы сажай ды ртутнай парай паедзены, — у гожага асілка...
Праўда, звычайна той адэпт здабывае сухоты і банкруцтва, а не маладосць ды сілу. Але — тсс! — не будзем расчароўваць неафітаў таемных навук, бо ўсе здабыткі так званага прагрэсу пачынаюцца з бясплённых мрояў.
На думку Вырвіча, вось гэтыя сухія пляскатыя расліны, укрыжаваныя на кардоне, наўрад які маг і алхімік возьмецца ажыўляць нават з дапамогай магічнай расы. Напэўна, калі б зірнуць вачыма кветак — ну і жах тут тварыўся: муміі суродзічаў, сабраныя на пацеху... Усе сцены кабінета завешаныя засушанымі раслінамі ў празрыстых трунах — зашклёных рамачках. А былі яшчэ і насаджаныя на шпількі кузуркі ды матылькі, і заспіртаваныя ў слоіках пачваркі на паліцах высокіх чорных шафаў... Усё як мы любім.
Жан Жылібер схіліўся ніжэй над чарговым лістом свайго гербарыя, замацоўваючы цёмна-зялёны труп падданага багіні Флоры. Пранціш уздыхнуў: Жан зусім схуднеў, скура набыла попельна-жоўтае адценне, на шчасце, не ад атруты. Але ён не лічыў патрэбным выяўляць слабасць, наадварот...
— Можа быць, ты паспяшаўся з выракам? Дзіцяці патрэбная матка... — усё-ткі асцярожна паўтарыў Пранціш.
Батанік пацягнуўся па пяро, каб напісаць эпітафію на лаціне свайму экспанату.
— Той, хто здрадзіў аднойчы, здрадзіць яшчэ. Мінулы раз я прабачыў, бо мадам сапраўды нічога не ведала. Цяпер delictum commissionis[10]. Гэтая жанчына для мяне больш не існуе.
Голас Жылібера гучаў роўна, амаль механічна, і Вырвіч у чарговы раз так і не вырашыў: ці сапраўды таму абыякава, што жонка разам са сваім амаратам спрабавала атруціць яго, ці проста хавае боль, як належыць прыхільніку філасофіі Сенекі ды Мантэня?
На гэты раз ніякія слёзы Жанны Будо і кляцьба у бязвіннасці не дапамаглі. Адправілі мадам прэч з Рэчы Паслалітай, пужанулі, што, калі не з’едзе, за спробу забіць уласнага мужа адкажа галавой, Ну а шэвалье дэ Берлюк знік адразу пасля скандалу, як лыжка цукру ў кіпні.
Сына Станіслава, каралеўскага хросніка, Жан, вядома, здрадніцы не аддаў. Дакляраваў, што сам зоймецца ягоным выхаваннем.
— Яго каралеўская вялікасць загадаў адліць срэбны медаль у гонар майго цудоўнага выратавання сумленным вучнем, — тым жа роўным голасам паведаміў Жылібер, тонкія пальцы ўчэпіста трымалі пяро, — На медалі будзе дэвіз: «Што хітрасць хавае — сяброўства выкрывае». Анупрый вельмі ганарыцца.
Анупрый Арлоўскі сапраўды мог ганарыцца... Гнаў з Рыгі да Вільні як шалёны, ні на хвілю не спыняючыся, толькі коней мяняў. Паспеў папярэдзіць настаўніка.
— Бачу, яго вялікасць ставіцца да васпана са значнай прыхільнасцю...
Вырвіч не змог схаваць нотку непрыязнасці — да Панятоўскага ў яго апошнім часам цёплых пачуццяў не знаходзілася.
— Я — магістр ложы, у якую ўвайшоў кароль, — Жылібер прыдзірліва агледзеў чарговае папаўненне гербарыя і акуратна адсунуў падпісаную кардонку на вольны кут дубовага стала. — Але шчырага сяброўства між намі не можа быць, пан Вырвіч. Манархі могуць забаўляцца дзёрзкасцю блазнаў і філосафаў, але нядоўга. У якасці вострай прыправы паміж салодкімі стравамі. А мёду ліслівасці ён ад мяне не дачакаецца.
Пацягнуўся па чарговую сухую расліну, якая назаўжды выгнула на жоўтым аркушы свае атожылкі ў пакутлівай агоніі.
— Ягоная ўладарка, імператрыца Кацярына, баіцца ўсялякіх таемных арганізацый... I езуітаў, і масонаў. Думаю, не затрымаюся тут доўга. Тым больш у Францыі наспяваюць вельмі цікавыя падзеі.
Вырвіч пакрывіўся.
— Рэвалюцыю будзеш учыняць, васпан?
— Libertatem, aequalitatem, fraternitatis[11], — ціха і цвёрда прагаварыў Жылібер.
Воўка ў плуг, а ён у луг. Былы падкаморы ўтрымаўся ад чарговай непатрэбнай спрэчкі.
— Хачу толькі паспець завяршыць сваю працу — апісаць флору Літвы.
Рэспубліканец, разумееш... Прыстойныя пакоі ў камяніцы ля ўніверсітэта яму выдаткавалі, грошы някепскія плацяць... А камзол на локцях выцерты, на алавянай талерцы надкусаная жытняя луста ды цыбуліна, бы ў якога мужыка ці мніха... На падлозе саломы нацярушана — іншы б прыслугу ў каршэнь натоўк... I яшчэ адсутнасць гаспадыні выяўляецца. Жан зноў пачаў складваць кнігі проста стосамі на падлогу каля сценаў, і шаргатлівыя горы вырасталі вышэй галавы, пакуль не абрушваліся.
Хуткія крокі за дзвярыма маглі належаць альбо студыёзусу, які спазняецца на здачу іспыту, альбо Чорнаму Доктару, які заўсёды рухаўся імкліва — калі хворасць не перашкаджала, вядома. А якраз пасля сеанса Месмера калені доктара, якія зноў пачалі балець пасля застуды на гарадзенскіх могілках, ацаліліся — хоць ганарыстаму Бутрыму і не хацелася прызнаваць плённасць метаду «шалбера».
— Прывітанне, Жан! Рады бачыць, Вырвіч!
Жылібер ускочыў, няўважна кінуўшы пяро, і кінуўся да госця з пакутлівым чаканнем на твары.
— Ну як, Барталам’ю? Паспяхова?
Лёднік стамлёна правёў рукой па зблажэлым твары, сцягнуў капялюш i не сеў, а, хутчэй, упаў на крэсла.
— Зрабіў, што мог. Цяпер усё ў руках Божых, калі Ягоная воля — будзе твой студыёзус жыць.
Жылібер з радаснай удзячнасцю паляпаў доктара па плячы.
— Лепей за цябе хірурга не ведаю.
— I пухліну выразаную заспіртаваў для тваёй калекцыі...
Па кіўку Чорнага Доктара Карусь, які моўчкі застыў у дзвярах, акуратна паставіў на стол загорнуты ў анучу слоік. Пранціш, хоць калісь праходзіў медычную практыку пад кіраўніцтвам Лёдніка, зусім не жадаў зазіраць пад тканіну. Карусь жа не выявіў агіды, з якой сустракаў раней падобныя паганыя з’явішчы... Апусціўшы вочы, адступіўся да дзвярэй і зноў застыў.
Ён пасля Рыгі ўвесь час так паводзіўся... Калі падставіў руку, не даў усадзіць змазанае атрутай вастрыё ў свайго добрага пана, спазнаў на сабе дзеянне таго яду.
Меланхолія мела рацыю — дэ Варду зусім не хацелася доктара забіваць. А хацелася зрабіць больш згаворлівым ды паслухмяным... Каб не ламаўся, а зараз жа пракансультаваў свайго былога ката, лекі прызначыў — бо нават пад уздзеяннем венецыянскага парашочку талент геніяльнага дыягноста не схібіў бы.
Барону ў галаву не ўкладалася, што здратаваны ім доктар можа ўзяцца за яго лячэнне без прымусу, проста таму, што не здольны адмовіць цяжкахвораму.
Калісьці такім венецыянскім парашком, падсыпаным у такайскае, самому Вырвічу развязвала язык Паланэйка Багінская. Выбалбатаў тады ўсе сакрэты, і свае, і сябра, і пачаліся страшныя і доўгія прыгоды дзеля магнацкіх інтарэсаў... Ну а Карусь вываліў тое, што яму больш за ўсё балела — пра каханне да Лёднічанкі, якое лічыў грахом. Бо як ён, слуга, выратаваны з літасці раб, мае права ўздымаць вочы на дачку свайго дабрадзея!
Вось цяпер і адмоўчваўся, вочы хаваў, ад дактароўны збягаў, як ад скінутага асінага гнязда, ды ў Свята-Духаву царкву панадзіўся — адмольваць грэх ды ўтаймоўваць жарсць. Прынамсі, пачаў прызнаваць святароў, а не толькі іхняга ляснога недавучанага пастыра.
Бутрым перасмыканні вучня не разумеў. Ну кахае Сафійку — як жа яе, крывіначку ягоную, красунечку, можна не кахаць? Хлопец жа хутчэй сябе на пакуты аддасць, чым паненцы шкоду ўчыніць. А што там у падлеткавым узросце хто ў галаву не браў...
Забыўся, як жонка ягоная, панна Саламея Рэніч, ва ўзросце Сафійкі прызналася яму ў каханні і дакляравала, што будзе чакаць хоць усё жыццё.
I чакала — ледзь не да трыццаці гадоў, усім жаніхам гарбуза давала.
— Зараз загадаю накрыць вячэру... Ты зусім змогся, Барталам’ю. А вы, малады чалавек, — француз сярдзіта зірнуў на ляснога дзікуна, — прыхапіце экспанат — і за мной. Заадно распавядзіце, чаму перасталі наведваць заняткі.
Жылібер выскачыў за дзверы, за ім бялявай гарой пасунуўся Карусь.
Пранціш зачапіўся позіркам за аркуш з разлапістай раслінай. Пяро Жылібера так уціскала літары апошняга надпісу ў кардон, што ледзь наскрозь не прадрапала.
Нямала каштаваў знешні спакой батаніка.
Лёднік падняў трохі пачырванелыя ад стомы вочы на Пранціша, які не мог даўмецца, пра што тут гаварылі.
— Вучань Жана ўзоры мінералаў збіраў... У сцюжу, на абледзянелым узгорку! Старанны дурань. Паваліўся, пабіўся... Нікому не сказаў, цярпеў. Пад зламаным рабром утварылася пухліна... Яшчэ трохі — была б злаякасная, не адратаваў бы.
Уздыхнуў, прыкрыўшы цёмныя вочы, тады пільна зіркнуў на былога падкаморага.
— А ты чаго зноў у Вільню заявіўся, пан Пранціш, і двух тыдняў не прайшло? Чаму не з жоначкай галубішся, не з дзецьмі бавішся?
Мёртвыя кветкі нагадвалі, што перад смерцю дарэмныя і хараство, і мана.
— Пазаймаешся са мной фехтаваннем, Бутрым?
Да гарадзенскіх рэдутаў заставалася два тыдні.
Пальчыкі ножак былі ўнізаныя каштоўнымі пярсцёнкамі. Ножкі абутыя ў старажытнагрэчаскія сандалі са скуры беларускага цяляці. На паўпразрыстай туніцы, быццам шрот у манерцы, пастуквалі ад імклівага руху перліны. Галаву прыкрашваў высокі парык, абвіты стужкамі і ўпрыгожаны маленечкімі херувімчыкамі з крылцамі, сатканымі з танюткага срэбнага дроту.
I каму справа, ці шмат розуму пад тым парыком і дабрыні пад перлінамі? Сціпласці дык дакладна нямашака.
Вырвіч, заклаўшы рукі за спіну, сузіраў, як апранутыя ў модным антычным стылі госці танчаць рыгадон. Гэткую моду — паўпразрыстыя сукенкі з разрэзамі і доўгімі шлейфамі — завезла ў Рэч Паспалітую з Францыі палюбоўніца Панятоўскага маркіза дэ Люлі. Каб пан-бацька Вырвіч пабачыў гэты баль, абвясціў бы, што згінула ліцвінская шляхта, занядбала святыя сармацкія традыцыі... Канец усяму!
Канец, аднак, наставаць не спяшаўся, апаганьвальнікі і апаганьвальніцы святых традыцый падскоквалі козамі па паркеце, час ад часу перахопліваючы келіх моднага французскага вінца з бурбалкамі.
I папраўдзе, каб Пранціш быў маладзейшы ды не такі крыўдна цвярозы, патанчыў бы і сам вунь з той зграбнай німфачкай у ружовай сукенцы, што амаль спаўзала з невялікіх пругкіх грудзей... Як там цяпер такі колер называюць — сцягно спалоханай німфы?
Але не, Вырвіч не любіў здавацца смешным. А яшчэ не любіў шампань, той нагадваў яму загнілую ваду. I вось пабачыўшы, як лёкай нясе на падносе чарачкі з пекнай налівачкай...
Учэпістая рука ўхапіла за плячук былога падкаморага, які пасунуўся быў па спакусную чарку.
— Здурнеў, Вырвіч? Мала бяды праз п’янку займеў? Табе зараз трэба ўсё рабіць, абы павялічыць цялесную моц ды яснасць розуму...
Вось буркун Чорны Доктар... Не дае і на хвілю забыцца, скінуць цяжар непазбежнага: заўтра двубой.
Не слабы Вырвіч, не баязлівы: за гэтыя два тыдні Лёднік недарэмна ганяў яго на занятках фехтаваннем, як руплівая гаспадыня надакучлівую муху. Было дзеля чаго цярпець доктаравы павучанні ды лемантацыі — ніхто не натрэніраваў бы лелей.
У любым іншым выпадку Пранціш справіўся бы сам. Мог учыніць карусель з уласнымі гайдукамі, сярод якіх нямала выдатных фехтавальшчыкаў. Урэшце, той жа цесць, пан Валенты Гараўскі, добры ваяр. Нават Лёдніку перад ардаліяй дапамагаў асвоіцца з двуручнікам.
Але Мануцы... Ён нагадваў куфэрак каралевы Боны: з любой дэталькі велягурыстага дэкору можа выскачыць атручаная іголка. Пра ягонае фехтавальнае ўменне байкі баялі.
Бутрым наўпрост выказаўся: не па зубах табе, Вырвіч, гэты арэх. Пацяжэў ты ад тых часоў, калі працаваў настаўнікам фехтавання ў французскіх кадэтаў. Трэнінгі закінуў. А Мануцы, хоць і распуснік, і петыметр, сябе не распускае, відно, што гімнастыкай займаецца. Згадаць выпадак на дарозе, калі італьянец наступіў на трэску, каб тая падкінула шышку проста ў патыліцу доктару... Жарцік, дурасць, але сведчыць пра дасканалае ўменне разлічваць траекторыі. Вось ты, Вырвіч, мог бы такое паўтарыць? Не?
Мазгі вынес доктар за два тыдні. Дакоры наконт лёсу трок дзетак малых і разумніцу Дамініку, пра якіх не падумаў ганарысты пан падкаморы, калі выклікаў каралеўскага канфідэнта на двубой... Хіба добры хрысціянін мусіць так учыняць?
А сам так i гарыць, каб самому на бітву з ненавісным макароннікам пайсці.
Пранціш аднойчы проста ўзбурыўся. Страсянуў разгубленага доктара за каўнер: не лезь, заторкніся, гэта справа шляхецкага гонару. Уздумае былы слуга перашкаджаць, адгаворваць ад двубою — сам ворагам стане.
Лёднік суцішыў свае маралі. Але ўсё болей змрачнеў ды ганяў Вырвіча з рапірай...
Тое, што Мануцы выбраў у якасці зброі рапіру, доктара яшчэ больш устурбавала. Раны ад шаблі часцей зажывалі без наступстваў, з крывёй выходзіў бруд... Востры тонкі клінок рапіры, здавалася б, наносіў меней шкоды, але амаль заўсёды такія раны гнаіліся і часцяком адпраўлялі дуэлянта каштаваць райскія яблычкі. Да таго ж укол тонкага ляза звычайна не мог змусіць параненага прыпыніць бой, і сапернікі да сканчэння бойкі аказваліся ўсе сколатымі.
Затое рапіру можна было легка зламаць. Бутрым, акрамя іншых сакрэтных прыёмчыкаў, адпрацоўваў з Вырвічам i гэты варыянт. Лепей ахвяраваць пальцамі, перахопліваючы рукой доўгі вузкі клінок, чым загінуць ад раны.
Пранціш зусім не жадаў далучацца да суполкі «бяспальцавых шляхцюкоў», як называлі ахвяраў падобных сітуацый. Але доктар настойваў: засвой усё, што дапаможа выжыць. Анатомію забыўся? Успамінай, каб зменшыць наступствы.
Між тым зграбная панечка ў парыку з купідончыкамі кінула доўгі пагляд на Пранціша. Як свежы мёд з лыжкі сцёк. Перакруцілася ў фігуры скокаў — і яшчэ адзін цягучы пагляд.
Вырвіч падкруціў светлыя вусы — ён усяго толькі грэшны мужчына... Грэе сэрца ўвага красунек. Тым больш амаль усе на яго зацікаўлена лупяцца: чуткі пра двубой распаўзліся, а смяротная небяспека заўсёды надае мужчыну куртуазнай вабнасці ў вачах паненак.
Нават гаспадыня гэтага салона, сама яе княская мосць Аляксандра Багінская з Чартарыйскіх, асабіста паслала запрашэнне на свае рэдуты пану Франтасію Вырвічу: зараз пра яго і Мануцы ўсе языкі званілі.
I хоць не да баляў — Вырвіч не наважыўся паслаць магутнай княгіні гарбуза. Па-першае, ён сваяк Багінскім па Дамініцы, пляменніцы князя Міхала Багінскага. Гэта бязродны ганарлівец Лёднік ігнараваў запрашэнні і Аляксандры Багінскай, і Тэрэзы Радзівіл. А чым скончылася? Наклікаў на сваю мудрую галаву грымотаў.
А па-другое, пані Тэрка якраз сёння таксама ладзіць баль, традыцыйна паказваючы казу палітычнай варагіні Багінскай. I на паркеце ў нявернай жонкі Пане Каханку зараз танчыў паганец Мануцы.
Цікавасці ў бліскучай публікі прыбаўлялася яшчэ і ад таго, што нарэшце ўдалося залучыць у нізцы з харобрым панам Вырвічам герба Гіпацэнтаўр загадкавага доктара Лёдніка, мага, алхіміка і, як сцвярджаюць, былога каханка расейскай імператрыцы. Стаіць чорным слупам, аб які толькі разбіцца, зіркае па-камандорску... Не, доктар, сёння не ты галоўная персона, а ягоная мосць Франтасій Вырвіч!
Пранціш расправіў плечы, падкруціў вус і ледзь утрымаўся, каб не падміргнуць гарэзнай панечцы, што эфемерна праскакала побач у фігуры танца...
— Ёй нельга столькі жэрці... Страўнік і так пашкоджаны, — раптам прамармытаў сабе пад нос Лёднік.
Здзіўлены Вырвіч перахапіў погляд эскулапа: той сачыў за княгіняй. Яснавяльможная клала сабе ў рот чарговае перапялінае яйка з вялізнай срэбнай талеркі. Талерка ўжо напалову апусцела.
Вырвіч успомніў плёткі, што яснавяльможная з’ядае на сняданак шэсцьдзясят крутых курыных яек і двух каплунов запіўшы трыма бутэлькамі віна.
Яе княская мосць Аляксандра Багінская, высокая пышная кабета з вясёлымі цёмнымі вачыма і троху адвіслымі вуснамі зноў пацягнулася да пачастунку... Непадобна, каб яе непакоіў хворы страўнік.
Княгіня не толькі жорстка кіравала «Фаміліяй» — палітычнай партыяй Чартарыйскіх, але і ўвогуле была магутнай: каня, мусіць, зваліла б ударам кулака. Дзеля яе ў Варшаўскім сойме зладзілі спецыяльную ложу, каб назірала за дыспутамі. Менавіта з пасагам княгіні Miхал Казімір Багінскі атрымаў Слонім, у якім, вярнуўшыся з эміграцыі пасля ганебнай паразы пад Сталовічамі, ладзіў сядзібу музаў. Яго ні на крупачку не бянтэжыла, што той Слонім — спадчына ад першага мужа сужонкі, пана Антонія Сапегі. Як звягае Лёднік, «power согrupts, absolute power corrupts absolutely»[12].
У спешчаным Багінскім, які скарыў сэрца пані Аляксандры ігрой на кларнеце, амазонка хутка расчаравалася, хоць уся афёра задумвалася, каб узвесці яго на трон. Сам Багінскі палітычных інтрыгаў баяўся, як шыла ў баку, хаця каралём стаць не адмаўляўся, так што жылі сужонцы асобна... Яшчэ адно моцнае расчараванне пагрознай Багінскай — кузен Станіслаў Панятоўскі. Калісьці менавіта «Фамілія» дапамагала яму ўзысці на трон... Але той не спраўдзіў нічога, што абяцаў, пладзіў бастардаў, перакладаў Шэкспіра і пакорліва чакаў, пакуль былая палюбоўніца імператрыца Кацярына даесць ягоную краіну.
У адрозненне ад Тэрэзы Радзівіл, якая ў кожнай гожай дзяўчыне бачыла ненавісную саперніцу, пані Аляксандра любіла маладую вясёлую кампанію. А яшчэ гульню ў карты, паляванне і танцы — сама ўжо не танчыла, але ахвотна назірала. Да вольнасцей моды таксама ставілася паблажліва... Таму ў яе палацы было тлумна, людна і абуральна вольна.
На патыліцы гаспадыні балю паважна пагойдваліся пёры — прычоска «кезака». Пранцішу калісь адна панечка, з якой ён амурыў у Францыі, пра гэтую фрызуру лекцыю чытала: мадыстка Марыі Антуанеты, мадэмуазэль Бертэн, назвала так сваю прыдумку паводле выразу смешнага персанажа п’есы Бамаршэ: «Qu’es-aco?»[13] Але было гэта больш за дзесяць гадоў таму... У Парыжы княгіню абсмяялі б! Нават тут у многіх дам на галаве былі навейшыя «сентыментальныя пуфы» — валасы, нацягнутыя на своеасаблівыя кошыкі і ўпрыгожаныя лялечнымі выявамі дарагіх сэрцу пуфаносцы рэчаў, ад мопса да фігурак дзяцей.
Але пані Аляксандра Багінская займала такое становішча, што магла сабе дазволіць не толькі прыбіраць валасы па модзе дзесяцігадовай даўніны, але і цэбар на галаву адзець. I ніхто б і ўсміхнуцца не насмеліўся.
А ладная частка паспяшалася б і сабе на галаву такія ж цэбры насунуць.
Рыгадон змяніўся паланэзам. Паветра згусцела як кісель. Сотні свечак, зачыненыя вокны, парфума, якой шчодра палітыя ўсе, каб не смярдзела потам ад цел.
Рукі ў лайкавых пальчатках змакрэлі. Вырвіч тузануў карункавы каўнер кашулі. Як толькі кабеты, зацягнутыя ў гарсэты, прымудраюцца дыхаць ды танчыць?
Зноў утаропіўся ў красуньку, якая пасылала яму ўсмешкі.
— Праўда яна багіня?
Пан, які вымавіў гэта са шчырым захапленнем, выглядаў дзіўна. Вось каму нельга было жэрці столькі, колькі ён, відаць, еў. Яшчэ зусім малады, але ўтрая шырэйшы за Вырвіча. Стог у ботах. Падбароддзе звісала так, што шыі не відно. З прычыны таўшчыні пан, пэўна, і не мог падабраць сабе звычайнае адзенне, і на ім быў нейкі доўгі балахон, падобны да жаночага капота: з дарагой тканіны колеру «гарэлая Опера», які ўвайшоў у моду пасля пажару ў парыжскім оперным тэатры, на дробных перламутравых гузіках ад каўняра да нізу. Тканіна ля падпахаў была цёмнай ад поту. Здавалася, пан проста не мог счапіць на жываце рукі, спешчаныя, з маленькімі далонямі, зацягнутымі ў мяккую скуру белых пальчатак — такі трыбух наеў. Але падслепаватыя светла-блакітныя вочы наіўна-дабрэнныя, зараз у іх ззяла захапленне.
— Ах, пане, як я яе кахаю, багіню маю! Уявіце — яна зрабіла літасць і дазволіла мне ўчора падысці да сваёй ручкі! Я тры гадзіны чакаў яе карэту на вуліцы, пад дажджом — і недарэмна! Яна дазволіла мне быць тут і глядзець на сябе!
Пан сумеўся і дадаў тонкім голасам з няёмкасцю:
— Звычайна багіня забараняе мне паказвацца на яе вочы, але я кемны: хаваюся ў тэатральнай ложы за спецыяльнымі кратамі і гляджу скрозь іх... О сонца маё! Зайздрошчу васпану — яна ўсміхаецца вам!
Вырвіч разгублена хмыкнуў і абмяняўся позіркамі з Лёднікам. Што за тыпус? Незнаёмец адразу выправіўся:
— Прабачце, панове, я не прадставіўся... Рэферэндарый літоўскі Вінцэнт Тышкевіч.
Наколькі мог, схіліў галаву і дадаў, зноў замілавана сочачы за красунькай у ружовым:
— А там, пане дабрадзею, мая жонка, яе светласць Марыя Тэрэзія Тышкевіч з Панятоўскіх...
Цяпер Вырвіч прыпомніў: хадзілі плёткі пра тое, як спрытна прыстроіў Цялок сваю пляменніцу за багатага сірату. Значыць, гэта і ёсць Марыя Тэрэзія? Пільна прыгледзеўся: баявітая пляменніца караля падлеткам перахварэла на воспу, і так няўдала, што адно вока выцекла. Цяпер яно ў пані мусіла быць шкляным. Але ў цьмяным святле свечак такіх адметнасцей не разгледзіш. Заўважыў толькі дзве мушкі: адна над левым брывом, што азначала нескаронасць, другая ля правага куточка ярка нафарбаванага маленькага ўладнага рота, што, наадварот, перакладалася як «пастарайся знайсці спосаб да спаткання». Спатканне меркавалася дакладна не з мужам.
— Сапраўдная амазонка, васпане! — у рэферэндарыя падбароддзе, ну тое месца, дзе яно магло б быць, трэслася, быццам бланманжэ. Куточкі рота, звычайна рэзка апушчаныя ўніз, як на масцы П’еро, прыўзняліся.
Так, у параўнанні з гэтай панечкай мадам Жана Жылібер выглядала проста ўзорам дабрадзейнасці.
Час успомніць пра этыкет. Пранціш пакланіўся:
— Пан Франтасій Вырвіч герба Гіпацэнтаўр.
— О, я ведаю! Пан, перапрашаю, брэцёр!
Каб хто іншы такое рэкнуў — Вырвіч кінуўся б бараніць гонар. Але пан Вінцэнт Тышкевіч прамаўляў сарамліва, быццам прабачэння прасіў, і лёгкае асуджэнне гучала па-дзіцячы шчыра... Так што Пранціш не змог не ўсміхнуцца.
Бутрым ветліва схіліў галаву.
— Доктар Баўтрамей Лёднік, прафесар Віленскай вышэйшай школы.
Мяккі твар Тышкевіча зморшчыўся ў спалоху, як свежая булка ў кулаку дзіцяці.
— Вой не, пан доктар, толькі не кансультуйце... У імя Святой Цэцыліі. Вы ж таксама зараз скажаце, што мне трэба дыета, ды не вячэраць, ды кроў пушчаць. А я не магу... Не магу, васпане! Слабы я...
Рэферэндарый камічна развёў рукамі.
— Я ўжо нават прасіў сваіх хатніх: падчас вячэры замыкайце мяне ды не выпускайце, хай напрамілы бог прасіцца стану... А як пачую праз дзверы пахі спакусныя — дык ажно заплачу ды завыю... Ну і выпусцяць мяне, пашкадуюць...
Лёднік толькі галавой пакруціў.
— Усё-ткі я б узяўся за вашае лячэнне, ваша мосць. Пачаць з масажу, лёгкай гімнастыкі... Вунь як вам тут цяжка, у задусе гэткай... Кроў да галавы прыліла.
I сапраўды, твар пана Вінцэнта набываў бурачковае адценне, а ў дыханні чуўся прысвіст.
Але рэферэндарый махнуў рукой.
— Усё ў волі Госпада.
— Але менавіта людзі робяць сабе шкоду, калі Госпад папушчае, — павучальна прагудзеў Лёднік. — Вось у васпана, бачу, бант на адзенні... I блішчыць. А гэта ад таго, што французскія галантарэйшчыкі пасыпалі яго тоўчаным шклом. Гэта вельмі небяспечна! Калі тоўчанае шкло патрапляе ў органы дыхання ці стрававання...
Рэферэндарый замахаў рукамі, як восаў адганяючы.
— Пане дабрадзею, пашкадуйце маё сэрца, выскачыць зараз ад жахаў гэткіх медычных, зайцам паскача, а я ж не даганю!
Пранціш, ужо не хаваючыся, рагатаў. Бо ў блазнаванні пана Вінцэнта Тышкевіча чулася не глупства, а самаіронія, уласцівая толькі разумным. Але разам з тым верылася і ў самыя недарэчныя плёткі — можа, можа надзівачыць персанаж... На менскім сойміку адзін шляхцюк, якому давялося пабываць у Свіслачы, балаболіў, што ўладар мястэчка, рэферэндарый літоўскі, дома апранаецца ў жаночае адзенне, цэлую шафу сукенак мае. Каптур апране, капот з карункамі, дый ляжыць на канапе шчаслівы.
Лёкай у зялёнай ліўрэі пачціва схіліўся побач:
— Яе княская мосць просяць вельмішаноўнае панства падысці да яе...
Музыка на нейкі час сціхла, расчырванелыя дамы адчайна абмахваліся веерамі, і здавалася, быццам у зале завёўся рой ашалелых матылёў. Рэферэндарый даволі бадзёра рушыў да гаспадыні рэдута па паркеце, выкладзеным цёмнымі і светлымі квадратамі, быццам більярдны шар каціўся па шахматнай дошцы — фігуры імкліва расступаліся, каб не сутыкнуцца.
Пані Аляксандра ласкава ўсміхнулася рэферэндарыю.
— Што, Вінцэсю, гэты доктар ужо кінуўся лячыць цябе?
Пан Вінцэнт камічна заківаў галавою.
— Вой, пані дабрадзейка мая, нават словамі ледзь не залячыў!
Пані пагразіла Лёдніку пальцам, на якім блішчэў сыгнет памерам са сліву.
— Ты, доктар, месца сваё ведай, Гасподзь — найлепшы лекар, а часам і хваробу для нашага ж ратунку спасылае.
Бутрым ветліва пакланіўся.
— Ніколі пра гэта не забываюся, ваша княская мосць.
Княгіня падала знак фрауцымер, маленькай, пухлявай i немаладой, i тая старанна замахала на ўладарку шаўковым кітайскім веерам з зялёнымі птушкамі.
— Не верыцца. Каб разумны ты быў, пан, не ганяла б цябе з месца на месца, як падранага ваўка, меў бы свой палац ды лячыў прыстойных людзей, а не вар’ятак, якія па падлозе з пенай на вуснах качаюцца.
Пад прыстойнымі людзьмі княгіня, пэўна ж, разумела сябе, а вар’ятка — вядома, намёк на пані Тэрэзу Радзівіл.
— I пана Вырвіча не дапусціў бы да афектацыі з італьянчыкам.
Пранціш ганарыста закінуў галаву.
— Шляхціц сам вырашае, ваша княская мосць, падобныя дыскурсы, гонару датычныя... Сяброўскія парады тут недарэчныя. Ёсць абразы, якія нельга прабачаць, і злачынствы, якія няможна пакідаць беспакаранымі.
Застаецца спадзявацца, што гаворка не зойдзе пра зачэпку двубою i не прагучыць імя Сафійкі. Гасподзь ведае, колькі тут языкамі муты паўзбівалі.
Аркестр зайграў кантрданс, i за спінай падняўся ветрык ад рухаў танцораў. На спацелай шчацэ Багінскай амаль адклеілася мушка, і ў пудры ўтварыліся ручаіны ад кропляў поту.
— Няшмат гонару біцца з венецыянскім цырульнікам, які герб за дзве тысячы дукатаў купіў.
Пачуўся лёгкі ўскрык, Вырвіч павярнуўся: адна з кабетаў самлела і павісла на руках кавалера. Звычайная справа падчас баляў. Што ж гэта за баль, дзе дамы не млеюць адна за адной? Як шляхецкае застолле, з якога госці на сваіх нагах ідуць.
Лёднік ірвануўся быў да пацярпелай, але княгіня сярдзіта крыкнула:
— Стаяць, эскулапе! Палінка наша па дзесяць разоў на дню прытомнасць страчвае, асабліва ля прыгожых мужчын.
Пані і праўда заварушылася, замахала рукамі, і кавалер галантна павёў яе да крэслаў.
— Гэта наступствы задухі, ваша княская мосць, — цвёрда заявіў Лёднік. — У пакоях належыць рэгулярна праветрываць, асабліва калі паляць у печах i свечкі гараць. Іначай згушчаецца кроў, парушаецца абмен рэчываў... I вельмі шкодна шчыльна зацягваць гарсэты...
Пані Аляксандра безуважна загадала доктару сціхнуць — няма чаго пакоі выстуджваць — і ўтаропілася ў Вырвіча.
— Калі ўдасца табе, васпане, італьянчыка прыкласці, добрую справу зробіш. Але падлючы ён і слізкі. Выкруціць так, што, нават калі жывым застанешся, будзеш выглядаць дурнем. Аднаго майго прыдворнага ён гэтак да чорнай меланхоліі давёў. Памёр небарака.
Вырвіч, пачуўшы пра чорную меланхолію, мімаволі стрэліў туды-сюды вачыма — ці няма ўсюдыіснай чумы. I Лёднік зрабіў тое самае. Белавалосую цалкам можна было ўявіць сярод танцораў.
— Калі ўжо ўвязаўся ў такое глупства... Хто ў цябе секундант?
— Я, ваша мосць, — нахіліў галаву Лёднік.
— Хто б сумняваўся... — прамармытала Багінская і перавяла позірк на Вырвіча. — Секунданта памяняеш. Свайго мага возьмеш проста за лекара.
Павярнулася да рэферэндарыя.
— Прыгледзіш за гэтай парачкай, Вінцэсю?
Тышкевіч развёў рукамі і сіпла, з адышкаю, прамовіў:
— Прыгледжу, чаму не. Я ж такі вялікі, што за мяне схавацца лёгка.
Падміргнуў агаломшанаму Вырвічу.
— I хворы я, слабенькі... Хоць і кепска бачу, судзіць магу, я нобіль. А на двубой мяне нельга выклікаць.
Пані Багінская зласліва пакрывіла вусны.
— Вось і пагляджу, як Мануцы цяпер свой улюбёны куншцюк праверне... Ён жа звычайна спектакль такі ўчыняе, што секунданты таксама біцца пачынаюць, назіраць за ягонымі подласцямі няма каму... Пан Тышкевіч — чалавек няпросты, пры ім італьянец пабаіцца гнюсіць. I сведчанне рэферэндарыя — закон.
Што Тышкевіч толькі гуляе ў блазна, Вырвіч і так зразумеў.
Вядома, мець за секунданта пачварна тоўстага ды паўсляпога тыпуса дзіўна... Але гэты тыпус быў магнатам, сваяком караля і адным з самых багатых людзей краіны. Шчодрая прапанова. Учыні штось Мануцы — і Панятоўскі не ўратуе, рэпутацыю яму не выправіць. Моцна ж назаліў італьянец пані Багінскай!
Пары пачалі скакаць, Тышкевічава жонка зноў памяняла кавалера. Багінская скрывілася.
— Толькі дзеля цябе, Вінцэсю, шылахвостку тваю запрашаю. Ты ж з ёю нібыта развёўся!
Пан Вінцэнт горача запэўніў, што фактычнага разводу не адбылося, проста ягоная багіня заслугоўвае жыць свабодна, і пачаў захопленыя лемантацыі пра сваё сонейка, кадук разбярэ, ці шчырыя. А княгіня загадала падаць сабе пірагоў з зайчацінай ды вяршковую падліўку да іх.
— Ваша мосць, вы папсуяце страўнік... Здароўе зберагаецца абмежаваннем... Сіла чалавека ва ўмеранасці, — не вытрымаў Лёднік.
Багінская хмыкнула... Пацягнула да сябе пустую срэбную талерку, у якой нядаўна былі яйкі.
— Сіла, кажаш...
Край талеркі пад пальцамі княгіні, абцягнутымі белымі карункавымі пальчаткамі ды ўнізанымі пярсцёнкамі, пачаў скручвацца трубачкай. Княгіня амаль не змянілася ў твары, толькі жылы на шыі напружыліся. Талерка ў яе руках ператварылася ў срэбны скрутак.
— Сілу, васпане, на паранай рэпе не назапасіш.
Як гэта спешчаны Міхал Багінскі наважыўся з такой ложак дзяліць?
Цяжкі скрутак паляцеў у доктара. Лёднік усё з той жа поснай фізіяноміяй перахапіў падаруначак.
— Est modus in rebus[14], ваша светласць. Голад саслабляе цела, але i пераяданне гэтак жа.
I, не змяніўшыся ў твары, няшчасную талерку раскруціў. Асцярожна паставіў скалечаны посуд на столік. Прыдворныя, што здаля назіралі за гэткім своеасаблівым двубоем, узбуджана зашапталіся.
Пані Аляксандра задаволена хмыкнула.
— Думаю, ты мог бы далучыцца, доктар, да патрыётаў, якіх зараз збірае мой сужонец, яго мосць вялікі гетман князь Міхал Казімір Багінскі.
Прамоўлена было ціха і дастаткова сур’ёзна.
— Рэч Паспалітая мусіць вярнуць сваю славу і незалежнасць ад маскоўцаў, ці ж не так? Цялок, цацка расейская, па кіўку царыцы верне ёй сваю такую ж цацачную ўладу разам з дзяржавай... Нам патрэбны іншы ўладар, улюбёнец Польшчы. Ты згодны?
А вось гэта ўжо была размова дужа небяспечная... Доктар адказаў гэтак жа ціха:
— Я ўсім сэрцам за незалежнасць сваёй зямлі. Але я не паляк, ваша княская мосць... Ці знойдзецца ў новай дзяржаве, якую ачоліць новы манарх, месца для незалежных ліцвінскіх, беларускіх земляў? Ці атрымае мой народ права на свае звычаі, сваю мову, на якой Статуты напісаныя?
Княгіня спахмурнела.
— Гэта ты дарэмна... Не час дзяліць вялікую Польшчу. Я чула, ты застаешся схізматыкам, дык, значыць, вызнаеш сябе рускім?
Доктар паўтарыў проста i сумна на беларускай мове:
— Я не рускі, ваша княская мосць. Але i не паляк. Я ліцвін, беларус, палачанін.
Пранціш баяўся гневу княгіні, але тая раптам усміхнулася.
— Паважаю тых, хто не выракаецца свайго. Я ведаю твае справы, ты не здрайца. А віно ты, доктар, п’еш? Хоць умерана... Давай па чарачцы...
Але віно не паспела наліцца ў келіхі, упарты доктар не паспеў у чарговы раз выбрыкнуць... Рэферэндарый, які дыхаў усё больш сіпла, раптам схапіўся за каўнер i пачаў асядаць на падлогу. А твар стаў зусім юлёвы.
Пана Вінцэся зараз жа падхапіла некалькі лёкаяў, усё адно не ўтрымалі. Адцягнулі так-сяк да бліжэйшай канапы, пад высокім акном з двайнымі шыбамі, шкло ў якіх запацела, быццам таксама пратанчыла шэсць рыгадонаў запар. На канапу не ўзвалілі.
— Кроў пусціце пану Тышкевічу! — камандавала са свайго фатэля княгіня, пакуль Лёднік, бухнуўшыся на калені, з дапамогай Вырвіча рваў на рэферэндарыі каўнер ды рабіў свой знакаміты масаж.
Госці працягвалі танчыць як нічога не было. Тым больш яшчэ пару панечак самлела, і іх жывапісна расклалі на абабітых жакардам у кветачкі казетках.
Кроў, зрэшты, пусцілі — прыбег мясцовы лекар з ланцэтам і медным тазікам, разануў на руцэ вену.
— Неадкладна трэба на свежае паветра... — адрывіста кінуў Лёднік. Пранціш азірнуўся, прыкідваючы: тут да дзвярэй невядома, як такую тушу валачы... А бальная зала на другім паверсе, а прайсці ўсе лесвіцы, калідоры... Пакуль на вуліцу выпраш, спруцянее таўстун. Каламажку б якую...
На вуснах няўдалага Вырвічава секунданта паказалася пена. Бутрым ірвануўся распрастанай спружынай, схапіў разлапісты бронзавы кандэлябр, падскочыў да акна i як засадзіць у шыбу! Раз, другі, трэці... Ажно шкельцы градам.
Веснавое марознае паветра ўварвалася ў пакой з жудасным свістам, нібыта антычны гіганцкі Барэй уцягваў яго ў сябе. Полымя свечак затрымцела, там-сям згасла, падавалася, разам з ветрам сюды ўлілася і ноч.
I ў паўзмроку яшчэ ўражвальней успрынялося...
У зале пайшоў снег. Буйныя лёгкія камякі ўзнікалі проста з цемры, пахаў і гукаў, павольна апускаліся на аголеныя плечы і пудраныя парыкі, на падносы з келіхамі і медзь аркестра.
Нават Пранціш з нейкім пракаветным жахам утаропіўся ў старога сябра, чые рэзкія рысы нагадвалі Мерліна ды іншых чарадзеяў. Лёднік, не зважаючы ні на што, адшпурнуў сваю зброю, падобную да Нептунавага трызубца, і вярнуўся да пацыента.
Кантрданс захлынуўся. Хтось завішчаў. Хтось уголас завёў малітву.
З жаласным шыпеннем гаслі свечкі. Маленькі сумёт утварыўся на пустым срэбным падносе, вызваленым ад перапяліных яек. Сняжынкі ўзнікалі проста перад вачыма, разрасталіся, распроствалі пухнатыя бязважкія лапкі... Яны былі паўсюль... Ад іх дотыку хацелася ўхіліцца, як ад змяінага джала...
— Гэта ўсяго толькі фізіка, спадарства! — гукнуў, выпрастаўшыся, Лёднік — дайшло, што зараз узачнецца гвалт. — Ніякага чарадзейства, ніякай магіі.
Азірнуўся на хворага, відаць, яго стан больш не выклікаў трывогі, і працягнуў лекцыю.
— У паветры згусціліся прадукты гарэння і выкіды працэсу дыхання. Вялікая рознасць тэмператур унутранай і вонкавай. Ад з’явы, што назіраем, ніякай шкоды, магу паўтарыць яе ў лабараторных умовах. Затое прадухіленая пагроза смяротнага прыступу ў аднаго з шаноўных гасцей.
I, абводзячы вачыма бліскучых паноў і пані, што ўтаропіліся ў яго, не ведаючы, збягаць ці біць, надаў свайму нізкаму гучнаму голасу супакойвальны тон.
— Няхай не скепсціцца свята вельмішаноўнага панства. Танчыце, вашыя мосці, і дыхайце свежым паветрам. Acta est fabula[15]!
Пакланіўся і зноў апусціўся на калені ля графа Тышкевіча, які ўжо трохі варушыўся і нават спрабаваў нешта прасіпець.
Дзівосны снег растаў, толькі падлога сталася мокрай і слізкай. Лёкаі хуценька змяталі з падлогі пабітае шкло. Зноў зайграла музыка.
Хтосьці ўжо ладзіўся закрываць выбітае доктарам акно дошкамі ды паперай — няма чаго выстуджваць пакой.
Вырвіч уздыхнуў на поўныя грудзі і выцер спацелы лоб рукавом. Мімаволі адчувалася горыч ад здагадкі, што ў бліжэйшы час галоўнай тэмай для размоў у Гародні будзе не двубой падкаморага Вырвіча і каралеўскага канфідэнта Мануцы. Прынамсі, графіня Тышкевіч цяпер зацікаўлена бліскала адзіным жывым вокам у бок дэманічнага доктара, які дапамагаў прыўстаць ейнаму нягегламу сужонцу. А да беднага графа Вінцэнта і не надумалася падысці, калі паміраў. Не кабета — яхідна.
Вырвіч з прыкрасцю адвярнуўся. Магчыма, апошні вечар у ягоным жыцці раставаў, як недарэчны сакавіцкі снег, а ў заўтрашнім дні блішчэла туга і трывога, быццам кропля магічнай расы на траве пад назвай «гусіная лапка».