Невядома, каго ў гэтым горадзе было болей: котак, варон альбо гульцоў.
Вырвіч, бадай, паставіў бы на апошніх. Купецкае места, рэкамі рублі, дукаты і талеры цякуць... Хоць цяпер Рыга — усяго толькі губернскі расейскі горад, ганзейскіх звычаяў не дарэшты пазбавіўся. Порт, скрыжаванне ўсіх дарог... Авантурыстам як марцыпанамі накрышана. Гульнявых дамоў, мусіць, болей, чым храмаў. Хаця й храмы такія, што дух займае: цёмная гара Домскага сабора ўздымаецца ў шэрае зімовае неба, і мімаволі чакаеш убачыць яе вяршыню белай ад снегу.
Снег паціху паміраў на брукаванцы... Яго смерць — чорная, вільготная... Яе прыспешваюць крокі і колы. Але што ж, сніцца, трызніцца, але прачнецца — усё мінецца.
Хтосьці з забойцаў снегу прыехаў сюды дзеля смеху, а хтось гнаны болем. Перад домам з пляскатым жоўтым фасадам, упрыгожаным белымі паскамі, панастаўлена экіпажаў і з гербамі, і без гербаў, але ўсе дыхтоўныя, ад грашавітых гаспадароў. Куды ўжо было сціпламу дармезу, на якім банда Чорнага Доктара прыехала выручаць свайго правадыра. Таму і да лепшага, што зараз на Пранцішы — чужы мундзір, твар закрывае чорная аксамітная маска, затое карэта, з якой ён дапамагае выносіць яшчэ адно ў ягоных прыгодах крэсла на колах, — шыкоўная, з пазалочанымі завітушкамі, з устаўнымі лакавымі панэлямі, распісанымі пастаральнымі сцэнамі... Каб такую карэту паменшыць да куфэрка, у ёй можна каштоўныя камяні захоўваць, нават сам Арфанус.
Як прыехалі ў Рыгу — хоць уюном круціся, хоць анучай сцяліся... Пра доктара Лёдніка не чуваць, наконт адзінага сеанса прыезджага магнетызёра хтосьці мо языком і боўтнуў, і тое ў проламцы булькатнула. I як на той сеанс трапіць — незразумела... I хоць бы хто знаёмы ў гэтым вараняча-каціным горадзе!
Бегаў, распытваў, усміхаўся, талерамі смеціў... Нарэшце пашанцавала, пачуў прозвішча Сак... Капітан гвардзейцаў мясцовага гарнізона.
Пранціш калісь ведаў хлапца з такім прозвішчам — пятнаццаць гадоў таму дапамагаў вызваляць Бутрыма з санкт-пецярбургскага гасцявання. Чарнявы плячысты студыёзус, які марыў паехаць у кадэцкую вучэльню Пане Каханку ў Італію, а потым змагацца за волю свайго краю.
Радзівіл вучэльню не зладзіў, паўстанне не ўчыніў, замірыўся з расейцамі, якія вярнулі яму маёнткі, сядзіць у Нясвіжы, паўлінам хвасты залоціць... Няўжо і той хлопец, выхаванец езуіцкай акадэміі, зрабіў кар’еру на расейскай службе?
Не можа быць... Хутчэй, сваяк або цёзка.
Аказалася, можа быць. Той самы Рыгор Сак, цяпер — Георгій Ануфрыевіч Сак, капітан расейскай арміі. Жывот у пана цяпер быў шырэйшы за плечы, у кабінеце віселі праваслаўныя абразы, на століку красавалася табакерка з партрэтам імператрыцы на накрыўцы, праўда, не залатая, срэбная. I хоць мала было надзей у Вырвіча на спрыянне, Сак былога паплечніка з сармацкай гасціннасцю прыняў, да аб’ёмістага жывата прыціснуў... Вось былі слаўныя часы: маладосць, авантуры, маскарады!
І прафесара Баўтрамея Лёдніка пан Сак па-ранейшаму ўважаў за героя. Каб не ён — можа, злажыў бы гарачы хлапец Сак галаву ў бойцы пад Сталовічамі альбо Слонімам, альбо туляўся ў эміграцыі, ці, яшчэ горш, згінуў у сібірскай высылцы, як бунтаўнік. Але, ці тут пан Лёднік, i Сак сказать не мог.
— Бог ведае, што робіцца у нашым месцы, пан Вырвіч, — паскардзіўся капітан. — Прыехаў гэты... з флюідамі... Трэба забяспечыць яму таемнасць і ахову. Кліенты да яго з’язджаюцца — і таксама ўсе інкогніта, і каб нікога не раззлаваць. Я сам не ведаю ўсёй публікі, што на сеанс запісалася. Губернатар свой дом пад гэты д’ябальскі кipмаш аддaў.
На просьбу Вырвіча — як бы патрапіць на сеанс Месмера, дзе доктар i знойдзецца, — пан Рыгор Сак толькі рукамі развёў.
— Дый нават я, каб захацеў, туды не патрапіў бы. Не крыўдуйце, пан Вырвіч, але, калі вы не граф ці хаця б барон, шанцаў няма.
Пранціш ледзь змусіў сябе гаварыць добразычліва:
— Пан Сак, я гляджу, вы расейскія звычаі перанялі. На нашае зямлі ўсе шляхціцы — роўныя сярод роўных, паны-браты... Плюгаўства гэта — замежныя титулы, графы, бароны...
На шчасце, Сак не раззлаваўся, толькі рукой махнуў.
— Роўны роўнаму ручкі-ножкі не цалуе, пан Вырвіч, а ліцвінскія шляхцюкі другім ліцвінскім шляхцюкам цалуюць, не стыдаюцца. Бо ўсё адно Гасподзь аднаму залатую лыжку дае, а другому драўляную. А да поліўкі, што сёння ў Рызе варыцца, толькі золата падпусцяць. Гэты магнетызёр таму й прыпёрся ў такую далеч, што паабяцана гара дукатаў за ўдзел у закрытай вечарынцы.
Пан Рыгор павагаўся, наколькі варта быць шчырым, і Вырвіч надаў сваім блакітным вачам такі сумленны выраз, што аж самому няёмка стала.
— Шпегі далажылі, што будуць прадстаўнікі ад расійскага імператарскага двара і польскага караля. Агледзіны нашаму мазурыку зладзілі. Яе вялікасць імператрыца пасля канфузу з прайдзісветам Каліёстра падазрона ставіцца да ўсіх падобных штукароў, а Месмер даўно на расійскія гастролі просіцца. Уся таемная канцылярыя гудзе і шабуршыцца, як перакулены вулей. Нават прыслугі няшмат і толькі свая.
Да вечарынак для абраных стаўленне ў Пранціша было скрайне падазронае. Пабываў ён на такіх зборышчах у свой час, і ніколі нічым добрым яны не заканчваліся. Асабліва з удзелам Чорнага Доктара. Традыцыйна яго там спрабавалі забіць.
Сак пахваліўся, што набыў у Рызе камяніцу — добра плаціць яе імператарская вялікасць, прыжаніўся, дзетак трое. Але пажаліўся, як цяжка сярод ліваў: рускіх не любяць, а калі ліцвін служыць у расейскім гарнізоне, дык адразу лічыцца расейцам.
Пранціш цалкам мог зразумець такую логіку — на ўмацаванне чыёй дзяржавы працуеш, за тую і адказвай, але мудра прамаўчаў.
— А ты ведаеш, Вырвіч, чаму ліваў-латышоў жмудзіны завуць «конскімі галовамі», «žirgą galva»? — ажывіўся капітан. — Прыехалі да іх калісь каталіцкія мніхі і прапанавалі мяшок золата за зямлю, якую можна абгарадзіць шкурай аднаго быка. Лівы паганцамі былі, у іх усё конь вырашаў: збіраліся капой ды вадзілі белага каня вакол святога дуба, каб праз распаленую дзіду пераступіў. Калі правай нагой пераступіць — усё добра, можна справу пачынаць, левай — не... Вось той конь правай нагой дзіду пераступіў, лівы мніхам зямлю прадалі... А тыя хітрадупыя — парэзалі бычыную шкуру на таненькія паскі ды адгарадзілі ёю столькі зямлі, што рыжскі замак збудавалі.
Пранціш пасмяяўся разам з былым таварышам і ўспомніў Лёдніка, які вучыў, што трэба з павагай ставіцца да кожнага народа, да яго мовы і звычаяў, бо Гасподзь усіх роўнымі і непаўторнымі стварыў. I калі цябе занесла на чужую зямлю ды ўкараніла тут, спрабуй зразумець хараство тае зямлі і пачуць сэрцы яе людзей...
Але чужацкія гарнізоны звычайна чуюць толькі загады сваіх камандзіраў, а тымі, хто па той бок ружжаў, пагарджаюць.
Гэх, няўжо не знойдзецца між суседніх краінаў месца для незалежнай Беларусі, няўжо суседзі вечна будуць яе тузаць між сабою, на часткі рваць, як дзеўкі — прыгожую хустку?
Дзяншчык занёс у капітанскі кабінет паднос, з якога які-небудзь галандзец, майстар нацюрмортаў, напісаў бы сваю лепшую карціну: паляндвічка нарэзаная чырванее, слязу пускае, белы сыр з кменам, лусты свежаспечанага духмянага хлеба, агурочкі салёныя, крамяныя, і графінчык крышталёвы не пусты, а з крывёю Бахусаваю... А з шафкі Сак дастаў пузатую бутэлечку з брунатнаю англічанкаю, самым ваярскім напоем — шэсць лотаў ангельскага перцу на гарнец спірту. Ну, дай божа, каб усё было гожа, а што не гожа, таго не дай божа!
Кульнуўшы першую чарачку за старое сяброўства, пан Сак задумліва прыгладзіў чорныя вусы.
— Ну, калі табе, пане Вырвіч, так неабходна на той сеанс... — перайшоў на «ты» капітан, — можна ўспомніць маладосць i наш маскарад у Санкт- Пецярбургу, калі ты быў егіпецкім слугою. Сярод гасцей Месмера — адзін радавіты француз... Назваўся графам Максімусам. Стары, хадзіць не можа... Маску не здымае. Прыехаў з ахоўнікамі, а дваіх з ix ужо адпелi...
— Зараза нейкая? — занепакоіўся Вырвіч.
Сак усміхнуўся ў вусы.
— Ну, калі кулю лічыць заразай... Дужа няпросты гэты барон. Кажуць, нават Месмер яго пабойваецца. Сам ведаеш, ёсць такія асобы, што шпегуюць адразу на ўсе бакі, ніхто ім не верыць, але ўсе змушаныя з імі лічыцца. Толькі прыехаў, яго ўжо два разы спрабавалі забіць, але пацярпелі пакуль толькі два гардыяны. Карацей, камендант загадаў мне падабраць двух надзейных гвардзейцаў, каб яго суправаджалі. А паколькі галоўная ўмова сеанса — усе мусяць быць у масках і не называць сапраўдных імёнаў...
— Другога гвардзейца я табе таксама падганю! — узрадаваўся Пранціш.
Вось і пыхцеў цяпер, выцягваючы разам з Карусём і двума здаровымі, як бугаі, графскімі лёкаямі з карэты цяжкае крэсла, — у мэтах бяспекі прыслугу мясцовую не падпускалі.
Пранціш, хаця й пабываў i на вайне, i лекарскай справе вучыўся, а значыць, не быў спешчаным смятаннікам, усё ж не мог адолець грэблівасці. Ну і свінчо гэты граф... Адзеты багацюшча, за адно сабалінае футра можна дзесяць коней купіць. Яшчэ ж і дыяментаў-смарагдаў паначапляна. Але азызлы, здаецца, аж трасецца пад футрам, парчою і карункамі, як халадзец. I смярдзіць невыносна... Гніллю i лавандай. На руках скураныя пальчаткі, на твары увесь час маска... Ці не пракажоны?
З новымі ахоўнікамі граф размаўляць не пажадаў, прагугніў толькі, што іх абавязак — не дапускаць да яго блізка нікога, апроч тых, каго ён дазволіць.
Ды хто да такога смердзюка без пільнай патрэбы падыдзе!
Дзверы жоўтага дома расчыніліся, i крэсла з графам Максімусам заплыло на руках аховы ў магнетызёрскую казку, хутчэй за ўсё, страшнаватую.
Вырвіч успомніў, як у адным французскім кляштары бачыў дзверы ў трапезную — праём у тоўстай каменнай сцяне высокі, але вузенькі, пядзі дзве, не больш. Хто з мніхаў не мог праціснуцца — ну, значыць, давядзецца пасціць, пакуль не пройдзеш. Вось куды б гэтага Максімуса... А то ўсе рукі абарваў ім, пухнель, ды яшчэ моўчкі кульбачкай сваіх спадарожнікаў папіхвае.
Па падлозе крэсла кацілі два графскія лёкаі, а гвардзейцы ішлі следам, насцярожана паглядаючы па баках.
Паглядзець было на што. За жоўтым пляскатым фасадам, падзеленым белымі паскамі, быццам нарэзалі лімонны пірог, хавалася палацавая раскоша, нават між мармуровымі плітамі падлогі паблісквалі залатыя прожылкі. Але ў ніводную з зал, што спакушалі паабапал калідора, не завярнулі... Сеанс Месмера адбываўся ў зімовым садзе ва ўнутраным дворыку. Вялізны купал — жалезнае тоўстае павуцінне з двайным шклом, праз якое шарэе зімовае неба. А тут цёпла, аж адразу падкамораму за каўняром вільготна стала. А раслінаў дзівосных! Большасць дык бог ведае як называюцца. Пасярэдзіне — круглае азярцо ў мармуровых берагах, туды ліецца маленькі вадаспадзік, выцякаючы з пячоры, якая ўся абкладзеная ружовымі караламі. Па берагах азярца тырчаць апушчаныя ў ваду нейкія дзіўныя жалязякі, усталяваныя праз роўныя прамежкі.
А вакол — свецкая публіка... Дзесьці з траціну — дамы. Усе ў масках. Перагаворваюцца, пасмейваюццца, ветліва кланяюцца... Хіба некаторая напруга ў галасах сведчыць, што тут незвычайны раўт.
Гаварылі на польскай, нямецкай, расейскай і французскай. Былі і іншыя гардыяны: чалавек дзесяць узброеных мацакоў стаялі па цёмных кутах, нават не намагаючыся схаваць пільнае назіранне. Пранціш з Карусём сталі непадалёк ад свайго падахоўнага, ля сімпатычнага дрэўца з шырокімі бліскучымі лістамі, чамусьці абвязанага доўгай вяроўкай, быццам тут пасвілі коз. На графа прысутныя пазіралі, але вочы хутка адводзілі, і падыходзіць ніхто не спяшаўся... Вось і добра.
Вырвіч пачаў выглядаць Лёдніка. Але нікога падобнага да доктара не заўважаў. А Меланхолія...
— Вось яна, пан Вырвіч, — шапнуў Карусь, паказваючы вачыма на зграбную панечку ў сукенцы з моднай тканіны а-ля Пампадур у дробныя зялёныя кветачкі, рассыпаныя на ружовым шоўку. Плечы і спіну хавала смарагдавая карункавая накідка, а твар — венецыянская серабрыстая маска. У Пранціша чамусь нешта скранулася ў грудзях...
Меланхолія міла перагаворвалася з самавітым панам у аксамітным чорным касцюме, расшітым срэбрам... Пастава пана беспамылкова сведчыла, што ён ці не самы ўплывовы ў гэтай зале. Прынамсі, накладныя лыткі ў яго нагадвалі дзве булкі. Аднойчы ў адным з ліцвінскіх палацаў над такім моднікам пажартавалі: паненка крадма ўсадзіла кавалеру ў накладную лытку відэлец, той не заўважыў і так і хадзіў, прымаючы ўсмешкі за ўхвальныя.
Ды дзе ж Лёднік? Ці не памыліліся яны, прыйшоўшы сюды? Вырвіч ціхенька падсунуўся да бліжэйшых кліентаў — нізенькі пан у серабрыстым жустакоры з энтузіязмам пасвячаў даму, упрыгожаную дыяментамі густа, як жаба бародаўкамі, у таямніцы магіі.
— Звычайна Вялікі Магістр праводзіць сеансы са сваімі бакэ. Гэта такія вялізныя драўляныя цэбры, — развёў рукамі пан, нібыта абдымаючы нябачную багатырку. — У іх размешчаныя бутэлькі з намагнічанай магістрам вадой, з кожнай вытыркаецца вось такі шворан, — пан паказаў на жалязякі ў азярцы. — Жывёльная энергія з вады па гэтым шворне ідзе ў цела пацыента. Але пан Месмер заўсёды аддае перавагу прыродным сілам перад штучнымі прыстасаваннямі. Таму выдатна, што ў нашым горадзе знайшоўся гэты зімовы сад і вадаём.
Пан абвёў рукой вакол з такім гонарам, быццам жоўты дом і сад пры ім належалі яму... Хаця, хто ведае, можа, так і было.
— Вы хочаце сказаць, што магістр наладаваў сваім... як яго... флюідам усю гэтую сажалку? — недаверліва прапішчала пані, узмахнуўшы веерам са страусавымі пёрамі, на якіх таксама блішчэлі маленькія дыяменты.
— Не флюідам, а магнетызмам, мадам. Больш за тое, ён усе гэтыя дрэвы здольны намагніціць.
Пані нервова адышлася ад бліжэйшага да яе дрэва, быццам яно магло схапіць яе голлем.
Пранціш мімаволі скасавурыўся на лапатна-лісцевую расліну, ля якой стаяў, і таксама зрабіў крок у бок. Чалавеку лягчэй паверыць, што ён захварэў ад сурокаў суседкі, чым ад таго, што з’еў прагорклы кумпяк.
Між тым пасыпаліся дзіўныя гукі, быццам зазвінелі крышталёвыя бомы... Прычым нібыта адразу з усіх бакоў. Як удар бізуном, паўзверх лёг цягучы металёвы гук... Вялізны варган, альбо дрымба, заціснуты ў волатавых зубах. Усе змоўклі і павярнуліся да штучнай пячоры, з якой гуло...
Ну, каб Вырвіч не нагледзеўся ўсялякіх пафасных шалбераў, дык, можа, і ўразіўся б. З пячоры, як паўлін з распушаным хвастом, выходзіў высокі станісты спадар з урачыстай фізіяноміяй, шырока расстаўленыя трохі пукатыя вочы глядзелі некуды ў далі далёкія... Смарагдавы бліскучы строй нагадваў пра індыйскіх махараджаў, металёвая палка ў руцэ крэсліла ў паветры змяіны след.
Але страпянуўся менскі падкаморы не ад з’яўлення доўгачаканага мага, а ад таго, што за ім з пячоры няспешна паказаўся высокі худы тыпус у звычайным чорным камзоле, з фізіяноміяй фанабэрыстай i самую кропельку злавеснай. Ф-фу, жывы... Чорны Доктар, на якога прысутныя, заварожаныя індыйскай раскошай мага, увагі не звярталі, сціпла стаў збоку пад пухнатай раслінай, якая звешвалася з адмыслова зробленай падстаўкі, быццам выбіраючы, на каго саслізнуць.
— Вітаю, шаноўнае панства, што не пабаялася далучыцца да таямніцаў светабудовы! — узмахнуў прэнтам Месмер.
Пранціш збольшага прапускаў міма вушэй вучоныя пракламацыі, знаёмыя яшчэ з часоў шалбера-мага Батысты, намагаючыся сачыць адначасова за Меланхоліяй і доктарам, ад чаго ледзь не зарабіў касавокасць.
Нейкія перліны месмераўскае мудрасці выпадкова здабыў.
Увесь свет працяты флюідамі. Калі іх плынь у арганізме чалавека парушаецца, ён захворвае, калі затор у руцэ — рука баліць, калі ў паясніцы — паясніца. А магнітная энергія тыя флюідныя плыні разганяе. Вось зараз уся шаноўная публіка возьмецца адной рукой за металёвыя штуковіны, апушчаныя ў намагнічаную ваду, другой — за вяроўкі, навязаныя да намагнічаных дрэваў, Вялікі Магістр яшчэ й будзе хадзіць і кожнага кратаць сваёй магнітнай палачкай. .. Бо сам ёсць галоўным магнітам...
Далібог, не паны, а дзеці горкія, як любіць паўтараць Чорны Доктар.
Дарэчы, і яго без увагі не пакінулі. Месмер урачыста абвясціў, што ўсё, утворанае ім, мае дасканалую навуковую аргументацыю, і назіраць за адпаведнасцю навуцы будзе славуты доктар і прафесар Баўтрамеюс Лёднік, які менавіта для гэтага прыбыў з Вільні. Доктар, адзіны, акрамя Месмера, у пакоі без маскі, даволі суха пакланіўся, злавіўшы некалькі непрыязных поглядаў — як жа, яшчэ адзін педант прыехаў выкрываць генія.
— Ёсць сумнівы ў кампетэнцыі гэтага доктара, — нечакана прагугніў граф Максімус. — Наколькі я чуў, ён прытрымліваецца шалберскіх тэорый і неаднаразова быў гнаны за гэта з паважаных навуковых устаноў.
Лёднік не змяніўся ні рысачкай, а вось Месмер разгубіўся — заступацца за дасланага наглядчыка ці не? Што выгадней?
— Доктар Баўтрамеюс Лёднік — знаны навуковец і выдатны дыягност, — сурова абвясціў пан у чорным касцюме, нават з прыкрытым маскай абліччам было зразумела, што жартаваць не любіць. — Яго адкрыцці датычна кровазвароту і функцыянавання мозга прызнаныя ва ўсіх навуковых таварыствах Еўропы, а аперацыю на пячонцы дасюль ніхто не можа паўтарыць. Dixi[7].
Відаць, пан быў сапраўды ўплывовы, бо ніхто не запярэчыў, нават Максімус толькі нешта незадаволена памармытаў пад нос.
Між тым дзейства пачалося. Усе гэтыя магнаты й магнаткі, шпегі і шпяжанкі, прагрэсіўныя да апошняй тафцяной мушкі, пабраліся за металёвыя шворны і вяроўкі, прынялі самыя куртуазныя позы — лёкаі тут жа падставілі ахвотным крэслы ды пападкладалі падушкі... Месмер пачаў абход, кратаючы жалезным прутам то плечы, то грудзі, то спіны... Кожнаму нешта гаварыў, гаварыў... Змушаў глядзець яму ў вочы...
Цурчыць вада, цурчыць голас магнетызёра, уздыхаюць усё гучней пацыенты... У Пранціша ажно вочы пачалі зліпацца. Толькі заўважаў, як Лёднік чорным змрочным ценем ходзіць за натхнёным Вялікім Магістрам ды Меланхолія адкінулася ў крэсле непадалёк ад смярдзючага графа Максімуса, круціць галавой млява ды пастагнывае, быццам ад найвялікшай насалоды. А вось і іншыя пачалі — хто стагнаць, хто ўскрыкваць...
— Ды рассеюцца ворагі Яго... ды бягуць ад аблічча яго тыя, што ненавідзяць Яго...
Побач Карусь мармытаў сабе пад нос малітву ад нячыстае сілы, апусціўшы ад ганебнага відовішча вочы. Яшчэ б плявацца не пачаў.
Хаця плявацца і Вырвічу хацелася. Намагнічаныя пацыенты ўжо не саромеліся, кідаліся як у ліхаманцы, выкрыквалі нешта. Адна панечка, тая, што ўся ў дыяментах, увогуле грацыёзна апусцілася на падлогу, на падасланы дыванок, не выпускаючы з рук чароўныя прут ды вяроўку. Меланхолія, якую вочы Пранціша мімаволі шукалі, не адставала ад іншых, гайдаючыся ва ўсе бакі.
А вось што не спадабалася Пранцішу, дык увага Максімуса да Лёдніка. Каб не быў спрактыкаваным шпегам, дык не заўважыў бы. Граф відавочна сачыў за перасоўваннямі Чорнага Доктара, паварочваючы галаву за ім, як сланечнік за сонцам...
На твары Лёдніка застыў такі спакой, што можна здагадвацца аб ступені агіды. Толькі трохі страціў раўнавагу, калі Месмер раптам абярнуўся і ўрачыста даткнуўся сваім прутам да ягоных каленяў, прыгаворваючы, што менавіта тут, па ягоных адчуваннях, у паважанага калегі парушаны натуральны ход флюідаў. Чорны Доктар ледзь змусіў сябе не адскочыць.
А потым Вялікі Магістр яшчэ падышоў да нейкай прылады, падобнай да фісгармоніі, але замест клавіш у ёй былі нанізаныя на жалезны вал шкляныя місы, крануў іх пальцамі... I такая прыгожая, такая чароўная мелодыя пачулася... Быццам музыка сільфаў.
Пранціш выцер спацелы лоб і акінуў вачыма тых, хто не заплаціў за гэткае вяселле: гардыянаў ды лёкаяў. На дзіва, некаторыя таксама круцілі галовамі, пагойдваліся, усхліпвалі і стагналі... Не раўнуючы як Тэрэза Радзівіліха падчас прыступаў.
Што за чарадзейства?
Вырвіч адчуў раптам паколванне ў шнары ад кулі на лбе, і шнар на плячы засвярбеў — там калісь была рана, ад якой Вырвіч ледзь не памёр, бо загнаілася.
— Хай уваскрэсне Бог, і рассеюцца ворагі Яго, i бягуць ад аблічча Яго тыя, што ненавідзяць Яго... — усё мацней гучала побач.
Месмер падаў знак прыслужнікам, тыя падхапілі панечку, што качалася па падлозе і ўсё гучней ускрыквала, і панеслі ў пячору. Відаць, там было зладжанае месца, дзе асабліва ўражлівыя пацыенты маглі ачомацца і прымірыцца са сваімі флюідамі.
Між тым граф Максімус абмяняўся з лёкаямі нейкімі знакамі. Абодва дзецюкі ў залацістых ліўрэях няспешна пасунуліся да доктара. Пранціш штурхануў плячом Каруся...
У агульным гармідары можна было ператварыцца ў цмока, ніхто б не заўважыў. Пацыенты тузалі вяроўкі, прывязаныя да дрэваў, прыслуга бегала з графінчыкамі, садавіной і нюхальнымі солямі, а ў вільготнае паветра яшчэ і напусцілі задушлівы дым ад нейкіх зёлак. Адзін з лёкаяў, што апынуўся проста за доктарам, крадма дастаў з рукава штось вострае...
Пранціш, ледзь не ўрэзаўшыся ў нейкія пальмы, ірвануў наперад, шчыльна прысунуўся і ткнуў графскаму прыслугачу ў паясніцу рулю пісталета. Ліхадзей застыў. Карусь выкруціў нягодніку руку, у якой было нейкае вастрыё.
Дзяцюк пазмагаўся з лясным дзікуном, штось прашыпеў, але здаўся. Лёднік кінуў кароткі погляд цераз плячо і пайшоў далей за Месмерам. Другі лёкай, які таксама прысунуўся да Чорнага Доктара, раптам спатыкнуўся і паваліўся. Так і сядзеў, круцячы галавой, пакуль яго не вынеслі ўслед за дыяментавай панечкай. Вырвіч мог прысягнуць, што перад гэтым здарэннем нешта праляцела над падлогай да небаракі.
Доктар з Месмерам адышліся на другі канец залы, і Вырвіч адпусціў лёкая. Той ірвануў да гаспадара... Але таксама спатыкнуўся і абсеў на падлогу. I зноў Вырвічу прымсцілася, як нешта праляцела ў паветры... Зрэшты, цяжка было штось разгледзець за вільготным дымам, экзатычнымі дрэўцамі ды ашалелымі людцамі.
Месмер пачаў зноў абходзіць пацыентаў — хтось радасна паведамляў, што ў яго прайшла мігрэнь ці падагра, хтось удакладняў, а што гэта былі за рознакаляровыя маланкі, якія прымроіліся ў працэсе ацалення? А, гэта і ёсць флюіды, убачаныя ўнутраным зрокам, трэцім вокам?
Месмер, па твары якога каціўся пот, бадзёра сыпаў вучонымі тэрмінамі і нешта тлумачыў Лёдніку, які ўсё гэтак жа змрочна сунуўся за ім, як Дантэ за Вергіліем. Радасна-горды магнетызёр зазіраў у твар свайго навуковага правяральшчыка, змушаючы звярнуць увагу на тыя і ці іншыя прыкметы цудадзейнасці лекавання. Лёднік, які таксама ад вільготнай гарачыні аранжарэі трохі расчырванеўся, паважна ківаў усё з тым жа каменным тварам. Ажывіўся толькі, калі падышлі да графа Максімуса, які бяссільна абсунуўся ў крэсле. Кінуўся каршуком... Памацаў пульс... Пакратаў шыю... Галава графа пахілілася. Баўтрамей нешта сказаў Месмеру... Маг збляднеў, нават пахіснуўся... Пранціш зірнуў на Каруся, і яны таксама падбеглі да свайго падапечнага. Вось жа не хапала так падвесці Сака... Не ўпільнавалі даверанага іхняй ахове!
Месмер уласнаручна дапамог Баўтрамею i двум фальшывым гардыянам укласці графскую тушу на падлогу. Па дзеяннях Чорнага Доктара Вырвіч зразумеў, што з графам кепска. Той ліхаманкава разадраў на тлустых грудзях хворага кашулю, якая ўся намокла ад поту, пачаў націскаць там, дзе сэрца... Крыкнуў, каб падалі нюхальнай солі... Загадаў зняць з графа маску, якая замінае...
Пранціш ледзь здушыў крык: пад лічынай Максімуса аказаўся сумна знаёмы іхняй бандзе барон дэ Вард, правадыр Таварыства прагрэсіўных медыкусаў. Менавіта ён цэлы год трымаў у палоне Бутрыма, вымагаючы вынаходак, якія прыўлашчвалі іншыя. I Пранцішу ледзь па ягоным загадзе галаву не прадзяўблі.
Час графа не ўпрыгожыў. Вунь як раз’еўся... А нос пачварна зморшчыўся і пачаў гнісці, што сведчыла — амерыканскую хваробу, яна ж пранцы, пан ад бясконцых каханак падчапіў.
Лёднік, пазнаўшы свайго былога ката, толькі трохі тузануўся — і працягваў спробы вярнуць яго да жыцця... Спробы беспаспяховыя, мяркуючы па тым адчаі, які ўсё відавочней выяўляў Месмер. Той-сёй з прысутных перастаў гуляць у флюідную гульню і насцярожана сачыў за сцэнай. Нарэшце адна з панечак спуджана віскнула.
— Вы не папярэджвалі пра такія наступствы свайго лячэння, пан Месмер, — холадна прамовіў пан, які заступаўся за Лёдніка, і маг ледзь не ўпаў. — Наўрад ці я змагу рэкамендаваць гэткія небяспечныя забавы для расійскага імператарскага двара.
— Думаю, і варшаўскі двор асцеражэцца наведваць сеансы, дзе можна богу душу аддаць, — з’едліва азваўся другі пан, падобны да цыбатага ката, — шэры аксамітны касцюм, белыя панчохі, з-пад маскі тырчма — чорныя вусы.
Між тым Лёднік нешта заўважыў на целе барона, нават з цяжкасцю перавярнуў яго на бок і зазірнуў пад камзол... Потым устаў, ціха папрасіў аб чымсьці лёкая і пагрозна ўтаропіўся ў Меланхолію. Тая разыгрывала сцэнку «пяшчотная напалоханая дурнічка».
Лёкай хутка прынёс Чорнаму Доктару графінчык з нечым празрыстым і па загадзе плюхнуў яму на падстаўленыя далоні. Бутрамей спаласнуў рукі, мяркуючы па паху, спірытусам, і павярнуўся да Месмера, які верашчаў у нервах нейкую ахінею пра музыку сфер і жывёльны магнетызм...
— Зараз шаноўны доктар Лёднік пацвердзіць, што смерць пацыента аніяк не звязаная з гэтым сеансам!
У голасе трымцела тужлівая надзея. Так, падобнай паразы адкрывальнік флюідаў не ведаў, відаць, з тае пары, як яго вытурылі з Вены за спакушэнне сляпой прыдворнай піяністкі Парадзі.
А цяпер могуць і ў турму пасадзіць за забойства!
Усе погляды скрыжаваліся на Чорным Доктару.
Бутрым жа не адрываў гнеўнага позірку ад зграбнай панечкі ў серабрыстай сукенцы і смарагдавай карункавай накідцы. Мадэмуазэль жаласна і міла міргала скрозь проразі маскі цудоўнымі сінімі вачыма, што нагадвалі аб венецыянскім шкле, атручаных арбалетных балтах і ўсаджаных у стары дуб лёзах. Бутрым адвярнуўся, выпрастаўся, як за кафедрай, і нейкім драўляным голасам вымавіў:
— Mary сцвердзіць, што смерць пацыента была наступствам ягонага ладу жыцця. Ex nihilo nihil fit[8]. Магнетычнае лячэнне пана Франца Месмера да гэтага letalis causa[9] дачынення не мае.
Месмер тут жа ажывіўся, як паліты вадой вугор, нешта затарахцеў пра эфіры, але яго ўжо не асабліва слухалі, абмяркоўваючы нябожчыка i ягоную смерць, i вельмi няўхвальна для спачылага.
Маг павярнуўся да віленскага госця і аптымістычна нагадаў:
— Гер Лёднік, цяпер вам належыць ацаніць мой метад! Нагадаю, што радца Баварскай акадэмii Петэр фон Астэрвальд цэлую брашуру напісаў, калі стаў сведкам ацалення маім магнітам...
Баўтрамей застаўся халодным, як вада ў проламцы.
— Баюся, што брашуру я не напішу.
Месмер учапіўся доктару ў рукаў.
— Няўжо вы адзін з кансерватараў ці... зайздроснікаў? Вы ж самі бачылі... Мае магніты дзейнічаюць...
Лёднік асцярожна вызваліўся з захвату тэмпераментнага аўстрыяка, кінуў кароткі погляд на Меланхолію, якая перабольшана ўсхвалявана сакатала з панам у серабрыстым жустакоры.
— Так... Не тут... Ёсць дзе перагаварыць без сведкаў?
Магнетызёр пакорліва кіўнуў.
— Пойдземце ў грот...
Бутрым змрочна павярнуўся да двух гвардзейцаў.
— Пайшлі, героі... Як толькі сюды прабраліся...
Пазнаў усё-ткі.
У гроце аказаліся дзверы, а за імі цэлая анфілада пакояў. Лёдніка ледзь не збіла з ног панечка, якую адправілі сюды адольваць насалоду лячэння. Паненка павісла на Месмеру з усімі сваімі дыяментамі, як карнавальная гірлянда.
— Ах, я ўбачыла нябёсныя сферы! Мой флюід цяпер імчыць мяне да таямніц пазнання! Ад вашых рук, магістр, сыходзіць такая энергія! Такая энергія! У мяне ажно ў грудзях сцінаецца!
Магнетызёр пастараўся ветліва, але найхутчэй выправіць панечку прэч і ўпёрся пукатымі вачыма ў Лёдніка. Росту яны былі аднаго, толькі аўстрыяк у паўтара раза мажнейшы.
— Гэта мае людзі, яны пасцерагуць, каб нас не падслухалі, — патлумачыў Бутрым прысутнасць гвардзейцаў. Пацёр мнагамудры свой лоб, прыкрашаны старым шнарам.
— Я не кажу, што ваша лячэнне бескарыснае, пан Франц. Але вы нагадваеце мне тубыльца, які тлумачыць свячэнне фосфару прысутнасцю духаў. Хіба вы самі не заўважаеце, што часам вашы пацыенты адчуваюць уплыў так званага жывёльнага магнетызму яшчэ да таго, як даткнуцца да намагнічаных аб’ектаў? Вам трэба было тлумачэнне — вы і прыдумалі праўдападобную, а насамрэч фантастычную тэорыю.
Месмер ажно па-звярынаму прыгнуўся, рыхтуючыся даць адлуп яшчэ аднаму ворагу.
— Маю тэорыю можа ганіць толькі чалавек, які не здольны бачыць дзівосаў свету!
Чорны Доктар уздыхнуў, выцягнуў руку ў кірунку пазалочанага кандэлябра, у якім гарэлі свечкі з белага воску, зрабіў амаль няўлоўны pyx адстаўленай даланёй — і свечкі пагаслі, хаця да іх было не меней сажня. Месмер ажно зглытнуў.
— Як бачыце, я і сам магу ўчыняць тое, што камусь пакажацца дзівосамі. Але мне і ў галаву не прыйдзе лічыць сябе абранцам ці звышчалавекам. I гэта — таксама фізіка, хімія, механіка... Але вы ўздзейнічаеце на пацыентаў зусім не магнітамі, якія навешаныя ў вас пад камзолам.
— Дык вы прызнаяце, што я валодаю здольнасцю ствараць цуды? — распушыў хвост Месмер.
Лёднік панурыўся, потым перахрысціўся.
— Я прызнаю, што з’явы свету нематэрыяльнага існуюць і ўводзяць у спакусу. Вы сапраўды маеце пэўныя... асаблівыя здольнасці. Незразумелую сілу папусціў Гасподзь мець і мне... Гасіць агонь на адлегласці — можна патлумачыць. А змусіць чалавека штось зрабіць насуперак ягонай волі... Нават каб утрымаць ад забойства ці самагубства...
Пры гэтым прызнанні Месмер трохі адсунуўся ад Чорнага Доктара, які працягваў разважаць, відавочна захапіўшыся ўласнымі мітрэнгамі.
— Я шмат думаў і пакутаваў — гэта фізіка ці штось інакшае? Але гэта не цуд! Цуды Гасподзь спасылае рабіць сваім святым — мніхам, аскетам, што ўзвысіліся малітоўным подзвігам і сталіся інструментамі Божымі. Я ўсяго толькі грэшнік няварты... Таму ўважаю карыстацца сваімі... незвычайнымі ўменнямі за вялікі грэх, хаця часам зрываюся...
Бутрым ужо не глядзеў на суразмоўцу, ходзячы туды-сюды нервовым маятнікам.
— Бо дзе мяжа паміж тым, што я магу сам — са сваімі анармальнымі, але ўсё-ткі цалкам чалавечымі характарыстыкамі, а дзе пачнецца ўжо пазыковая моц? Вось я з дапамогай не лекаў, а ўласнай сілы ацалю чалавека — гэта нібыта дабро? А хто мне гэтую сілу даў? Раптам пры гэтым загублю душу сваю і пацыента? Мне жонка мая... Саламея... колькі пра гэта гаварыла...
Карусь ухвальна ківаў галавою, прыслухоўваючыся да споведзі гаспадара, але карысці з яе тут было як з порхаўкі. Бо Месмеру рашуча не падабаўся маральна-хрысціянскі ўхіл эксперта.
— Мне страшна апаганіць сябе, зачэрпнуўшы выпадкова не з той крыніцы... — Бутрым перахрысціўся. — А калі дзейнічаць ад гордасці сваёй, дык дакладна не ад Госпада тая сіла да цябе прыйдзе! Прашу вас, пан Месмер, над гэтым сур’ёзна падумаць. Пакуль што вы лечыце галоўным чынам тым, што змушаеце пацыентаў верыць сабе, ствараеце адпаведны настрой... Вібрацыі паветра...
— Дастаткова! — магнетызёр пабарвавеў. — Дэмагогія нейкая. То зводзіце ўсё да механікі, то д’яблам палохаеце! Я ўдзячны, што не сталі вінаваціць у смерці няшчаснага графа Максімуса мой метад... Але вы расчароўваеце мяне, гер Лёднік.... Тэорыя жывёльнага магнетызму была адкрытая мне звыш! Я прыняў пасланне нябёсаў! Я слухаю музыку сфер, пра якую казаў Піфагор, і адчуваю эманацыі Месяца. Спадзяюся, вы яшчэ раскаецеся ў сваім нявер’і, як шаноўны гер Астэрвальд. А пакуль нам няма пра што размаўляць.
Развярнуўся і выйшаў да паствы... Ад якой, зрэшты, ужо не было чаго чакаць.
Бутрым кісла зірнуў на гвардзейцаў.
— Дарэмна вы прыехалі...
Пранціш уважліва паглядзеў у аблічча старэйшага сябра:
— Што, зноў скарысталі, як вяхотку?
Чорны Доктар горка ўсміхнуўся.
— Скарысталі, пан Вырвіч... I ты нават не ведаеш, наколькі... Давайце адсюль выбірацца. Мне яшчэ трэба адну справу завершыць.
Публіка патроху разыходзілася, як госці, якіх зазвалі на пірог з тухлай зайчацінай. Нябожчыка ўжо вынеслі. Месмер урачыста стаяў пад разлапістым дрэўцам, да яго ніхто не падыходзіў. Ясна было, што ніякага запрашэння да каралеўскіх двароў не дачакаецца. Бутрым на хаду адрывіста паабяцаў пану ў серабрыстым камзоле даслаць свой даклад пра ўбачанае сёння, а сам шыбаваў за зграбнай фігуркай пані ў смарагдавай мантыльі, якая знікала за дзвярыма... Шыбаваў з такой фізіяноміяй, што сустрэчныя за лепшае лічылі да Чорнага Доктара з пытаннямі не лезці. Пранціш з Карусём ледзь паспявалі следам. Лёднік паспешліва накінуў футра, якое падаў лёкай, і — бягом да экіпажаў...
На вуліцы ўжо згушчаўся змрок, але ля дома з жоўтым пляскатым фасадам гарэлі ліхтары — вартавалі ўваход, абкружалі ўвесь пляц прывідным карагодам. Адна за адной ад’язджалі карэты. Зразумела, пад пільным наглядам назіральнікаў у мундзірах і без. Старонніх людзей, мінакоў, жабракоў, усюдыісных хлапчукоў — ні блізка. Толькі з катамі ды варонамі віжы рады не далі — тыя, сапраўдныя гаспадары горада, як шасталі па кутах ды дахах, так і працягвалі шастаць.
Чорная Меланхолія, відаць, чакала візіту, таму не зрабіла нічога, каб перашкодзіць Чорнаму Доктару і пану Вырвічу ўлезці ў яе карэту. Наадварот — зняла маску і шырока ўсміхнулася. Каруся паставілі сачыць, каб ніхто не падслухваў — і лёкай Меланхоліі разам з рамізнікам былі адагнаныя на надежную адлегласць, на якой яны пакрыўджана запівалі рэтырацыю з біклажкі.
Бутрым не траціў час на дыпламатычныя перамовы.
— Твая праца? Сляды ад курарэ я ўжо бачыў у сваёй практыцы. І след ад уколу на целе нябожчыка знайшоў.
— Ай, пан Лёднік, ну што вы пра мяне такога кепскага меркавання? Калі хтось побач выпадкова памірае — няўжо абавязкова я, слабая жанчына, датычная?
З вуліцы даносілася насмешлівае крумканне рыжскага варання. За каўнер запаўзаў зімовы холад.
— Не церушы мякіну. Ты прымудрылася пазбавіць мяне апошняга, чаго, я лічыў, нікому не адабраць, — прафесійнай годнасці. Змусіла зманіць. Схаваць забойства.
Баўтрамея аж калаціла ад гневу. Усмешка Меланхоліі не прыгасла.
— Доктар, а хіба ты зманіў? Сфармуляваў бездакорна, як адвакат у судзе. Барон дэ Вард сапраўды загінуў ад свайго ладу жыцця. Самага гнюснага ладу, пра што ты, напэўна, ведаеш.
Пранціш не вытрымаў:
— Калі ж ты ад нас адчэпішся, чума? Нашто табе быў патрэбны менавіта Бутрым?
Меланхолія загадкава бліснула вачыма з сіняга венецыянскага шкла.
— Ну дзе ж яшчэ я знайшла б доктара з рэпутацыяй чалавека, які ніколі не маніць і які дзеля сяброў гатовы на любыя ахвяры?
Вырвіч ледзь стрымліваўся ад таго, каб сціснуць белую тонкую шыю, абвітую расою перлінаў.
— Можа, скажаш яшчэ, што дэ Вард з’явіўся тут выпадкова? Ты думаеш, у мяне мазгі намагніціліся i я тваёй подласці не ўбачу?
Дзеўка манерна ўздыхнула.
— Ах, ад вас, пан Вырвіч, нічога не схаваецца. Але што ж мне было рабіць, беднай самотнай паненцы, калі такі аб’ект цяжкі патрапіўся?
Прастагнала з сапраўдным шкадаваннем.
— Заказ важнецкі. А да барона дэ Варда не дабрацца ніяк. Старшыня таемнага таварыства, здольны шантажаваць усіх манархаў і ўплывовых людзей Еўропы, сам заказы на забойствы бярэ... Асцярожны, падла... Месмер ужо як яго заманьваў на свае сеансы... А вось як барон пачуў, што ў якасці эксперта будзе доктар Баўтрамей Лёднік, адразу зацікавіўся.
— Дык ты на жыўца лавіла? — абурыўся Вырвіч. — Доктар у цябе ў якасці прынады быў? Ты ведаеш, што яго слугі дэ Варда сёння ледзь не забілі?
— Доктару нічога не пагражала, я за ім прыглядала — бо слова дала... — перасмыкнула плячыма ў серабрыстым футры Меланхолія. — Я ва ўсялякім разе прыбрала б дэ Варда і ягоных пасланцаў раней, чым ён нашкодзіў бы доктару. Урэшце, усё ж да лепшага...
Дзеўка абвяла вачыма суразмоўцаў, шчыра не разумеючы іх прэтэнзій.
— Пан Вырвіч жывы-здаровы i на волі, пан Лёднік — жывы-здаровы, у адрозненне ад таго, хто паляваў на яго...
— Дык гэта дэ Вард пагражаў жыццю пана Жылібера? — сціснуў кулакі Лёднік. — Выконвай свае абяцанне — расказвай падрабязнасці!
Дзеўка, аднак, не спяшалася, пэўна, яе забаўляла нецярплівасць апанентаў. Узяла з кута карэты белы куфэрачак, адтуль — пакецік, з пакеціка — зацукраваную вішаньку... Кінула яе ў раток — быццам выдраным вокам ласавалася. Пажавала, праглынула... Другую вішаньку ўзяла... Смех, каму няймецца, а каму баліць — i за гарачы камень бярэцца.
— Твой французскі навуковы сябар, доктар, надта даверлівы. Увесь час запрашае да сябе падазроных гасцей, — у рот адправілася яшчэ адна цукровая вішанька. — Вось і зараз у яго жыве нейкі хімік-рэспубліканец, прыехаў з Францыі, ратуючыся ад Бастыліі. Шэвалье дэ Берлюк. Сардэчны кумпан Жыліберыхі. Дзесьці праз тры дні па распараджэнні дэ Варда шэвалье дэ Берлюку даставяць сімпатычныя кропелькі, якія ён скарыстае, і застанецца яму суцяшаць сімпатычную ўдавіцу...
— Ах ты мярзотніца! Чаму раней не сказала? Можам жа не паспець папярэдзіць!
Бутрым павярнуўся разгублена да Пранціша.
— Што рабщь?
Той прыкінуў:
— Можна паспець... Калi хто малады ды спрытны, коней мяняць... Снег ляжыць, так што на палоззі даімчаць можна.
— Тады Анупрыя Арлоўскага першым выпраўлю неадкладна, ён мяне на кватэры чакае, не пусцілі на сакрэтную вечарынку, заразы... — пацёр напудраны лоб доктар. — Я бачыў яго ў справе — трывушчы i рашучы. Дзеля настаўніка на ўсё пойдзе. А мы з табой i Карусём следам...
— Кхм... Разумееш, Бутрым, мы тут не адны...
Тое, што Сафійку прывезлі ў Рыгу, Бутрым успрыняў вядома як. Быццам распалены алей — кроплю вады. Але Меланхолія спыніла велягурыстыя выказванні доктара:
— Твая дачка мне падабаецца, адважная, пад замок сябе пасадзіць не дасць. Як i ты, сяброў выручаць кідаецца — хроснага ж выручыла.
Чорны Доктар разгублена павярнуўся да малодшага сябра.
— Што я прапусціў з твайго жыцця, Вырвіч?
— Паэму пра Сякерку... — з няёмкасцю выціснуў былы падкаморы. — Пасля распавяду...
Галоўнае, каб з’едлівы Баўтрамей не захацеў пачуць урыўкі эпічнага твора.
— Цяпер ад мяне адчэпішся, панна Галена? — сярдзіта папытаўся доктар у белавалосай, рыхтуючыся выйсці з яе карэты.
Але выйсці не ўдалося.
— Дай паду-умаць... Мусіць, не. Навошта мне развітвацца з такой цікавай цацкай? — паматала па-дзіцячы галавой наймічка. — Цябе ж нават вунь дэ Вард выкрасці хацеў, пазабаўляцца.
— Справа ў іншым... — пазмрачнеў доктар. — Ён сапраўды быў цяжка хворы, заставалася яму няшмат. Ён... ведаў, на што я здатны як медык. Пры гэтым па добрай волі я да яго, гнюса, блізка не падышоў бы, ні за якія грошы. Але вочы ў вочы са смяротна хворым я не змагу адмовіць у дапамозе. Кім бы ён ні быў.
Меланхолія толькі сінімі вачыма ў паўзмроку бліснула. Пранціш хмыкнуў.
— А я думаў, ён на майстэрства Месмера спадзяецца...
— Пан Франц сапраўды можа дапамагаць хворым. Але сам не разумее, што творыць, з ягонай методай, як з антымоніем. Памятаеш? Мніх думаў, што вынайшаў паслабляльныя лекі, тады аказалася, што гэта атрута, а потым атрута выявілася фарбай. У любым выпадку пранцы магнітам не вылечыш.
I прамармытаў нібы сам сабе:
— Я ж барона папярэджваў... Але распуста — не смала, не адатрэш. У Манпелье я гэтаму гнюсу пранцы быў вылечыў — праўда, на пачатковай стадыі... Але з ягоным спосабам бавіць час...
Меланхолія зарагатала.
— Вой, наш дабрадзейны эскулап у курсе таемнага жыцця барона дэ Варда! Няўжо васпан браў удзел у адной з ягоных славутых ночак? О, пан бянтэжыцца! Значыць, так!
Здаецца, у прыцемку было чуваць, як рыпяць зубы ўгневанага Чорнага Доктара, які навіс над паганай дзеўкай. I як толькі прымсцілася Вырвічу, што яна падобная да Міхалішыўны? Ды тая ніколі так нахабна не паводзілася!
— Я быў рабом, ваша мосць. Але годнасць заўсёды ставіў вышэй за жыццё.
— Высокія словы ведаеш, дзед... Дакладней, Скарамуш.
Меланхолія раптам правяла пазногцем па шчацэ доктара, і той адхіснуўся, як ад сполаху агню.
— А ты адкуль ведаеш, як Бутрыма празвалі ў палоне ў дэ Варда? — раўнуў непрыемна ўражаны Вырвіч. — Пабывала адной з ягоных мэтрэсак?
— Я шма-ат чаго ведаю, — працягнула шпяжанка. — Напрыклад, што пан Вырвіч не супраць быў бы са мной ночку правесці, калі б жоначка не даведалася...
Ад вуркатання падступнай дзеўкі падкамораму аж мову заняло. Што яна вярзе? А Меланхолія зноў рагатала, як шалёная, ды яшчэ завяла грубую прыпеўку, гледзячы на раззлаванага доктара:
— Хоць лядашчы мужычок, ды затулле маё, завалюся за яго — не баюся нікаго!
— Досыць... Мы сыходзім!
Чорны Доктар выскачыў з карэты, як з распаленай печы, Пранціш за ім — шчокі гарэлі, быццам праўда агнём падсмажыла. Меланхолія высунулася з акенца.
— Дзед, а дзед, не забудзься, што ў нас наперадзе двубой! Я цябе знайду! I ты, пан Вырвіч, не сумуй — напішы мне мадрыгал! Ды з выкрутанцамі, з каленцамі! Гекзаметрам валі, не памылішся!
Карэта, пакідаючы на белым покрыве чорныя сляды, з’ехала з апусцелага пляца, на якім заставаўся толькі адзін сціплы экіпаж, каля якога чакалі стары таўсманы рамізнік і плячысты гвардзеец. У Пранціша на душы было так паскудна... Быццам сапраўды зграшыў. Доктару, падобна, таксама непамысна чулася. Бо прамармытаў пакаянную малітву, перахрысціўся.
— Гэта няпраўда... Што яна пра мой інтарэс да сябе... — голас нядаўняга падкаморага сіпеў, быццам ад працяглай смагі. — Я яе ненавіджу!
— Я таксама, таксама, пан Вырвіч, — рэхам азваўся доктар.
Абодва чамусь стаялі і разгублена глядзелі ўслед карэце белавалосай заразы.
А з другога боку плошчы бег да гаспадароў, валюхаўся Хвелька.
— Пан доктар, з Каруськом нешта ўтварылася! Напіўся ён тут, ці што, з непрывычкі?
I калі падбягалі да дармеза, пачулі зменены, нібы ў блёкаце, голас ляснога дзікуна:
— Даруй, Божа, даруй, мой добры пан, але я так кахаю яе...