Раздзел другі ЯК ЛЁДНІКІ 3 ГРАФАМ МАНУЦЫ ПАЗНАЁМІЛІСЯ

Як сведчаць летапісы, у лета шэсць тысяч шасцісотае ад стварэння свету было на Полацак нашэсце наўяў. Гойсалі мерцвякі па вуліцах, саміх не відаць было, а вось сляды капытоў іхніх коней палачане бачылі выразна. Можа, прывідныя коні проста занадта хутка несліся для вока чалавечага, як умеюць гарцукі, чорныя духі, якія возяць па небе агромністы вогненны жоран з паганскім Перуном?

Чацвёрка сытых чорных коней пёрла па старажытнай Альгердавай дарозе між Полацкам і Вільняй шыкоўную карэту, пазалочаную, з гербамі, так імкліва, нібыта ў ёй выправіліся на зладзейскую справу наўцы альбо хтосьці зацугляў перуновых гарцукоў. Лужыны ператвараліся ў феерверкі бруду, гасцінец ажно дрыжэў...

Ніхто не прытрымаў чорных коней, нават бачачы, што наперадзе валюхаецца грувасткі рыдван. Дарэмна два фурманы, што кіравалі ім, чарнявы дзяцюк з квадратнымі плячыма і бялявы хлапец-мацак, спрабавалі адвесці свой экіпаж убок... Шалёная залачоная карэта дагнала рыдван якраз у самым нязручным месцы дарогі, калі з аднаго боку было густое кустоўе, а з другога — узгорак, на які ўскараскваліся танклявыя бярозкі.

Хрась!.. Залаты бок карэты ледзь не прыхіліўся да чорнай сценкі рыдвана, заднія колы экіпажаў сутыкнуліся, быццам няўважліваму шкаляру аднакласнік спрытна падставіў нагу... Вось і прыехалі. Без кола засталіся. А да Гародні ўсяго два пераезды!

Красамоўства фурманаў абедзвюх павозак змусіла б вядомага грэка Дэмасфена тэрмінова набраць у рот каменьчыкаў і зноў бегчы на бераг мора, трэніравацца ў вымаўленні складаных сінтаксічных фігур, няхай не дужа прыстойных.

Сітуацыю маглі ўладзіць толькі гаспадары. Пакуль Саламея супакойвала раз’юшанага Лёдніка, які ад штуршка ледзь не паляцеў на падлогу, Пранціш самавіта выйшаў з пахіленага рыдвана, паклаўшы руку на дзяржальна Гіпацэнтаўра. Гаспадар залачонай карэты не зрабіў ласку выйсці, але ягоны слуга ў венгерцы з залатымі галунамі расчыніў дзверцы, каб пан мог высунуцца вонкі і пакараць дзёрзкі сусвет.

Пан быў даволі гожы гэткай саладжавай пекнатой, якую цэняць у куртуазных свецкіх салонах: чорныя выразныя вочы, акуратны нос, не кірпаты і не дзюбаты, румяныя шчокі, невялікі капрызны рот. Парыс, каб яго цапамі малацілі. Праўда, цяпер гожае аблічча псавала злосць.

— Вашыя фурманы мусілі збочыць.

Ружовыя вусны ўладальніка залачонай карэты ганарыста крывіліся, пальцы правай рукі, унізаныя пярсцёнкамі паўзверх тонкай шаўковай пальчаткі, барабанілі па сценцы. А камзол парчовы, карункі галандскія, панчохі белыя, чаравікі на чырвоных абцасах з дыяментавымі спражкамі, парычок пудраны з акуратнымі буклямі, мушка на правай шчацэ... Лыткі, мусіць, накладныя, як цяпер модна. Нібыта не ў дарогу выправіўся, а на баль. Што за фацэт? Вырвіч зірнуў на герб на баку карэты: залаты леў, вельмі падобны да венецыянскага, вежа, якар, рука з трыма ружамі... Падобна, гэткі стракаты герб нядаўна зацвердзілі. I ўладальнік нетутэйшы, з акцэнтам гаворыць і звычаяў сармацкіх не ведае — не прадставіўся пану-брату. Пранціш паклаў руку на дзяржальна Гіпацэнтаўра, другой рукой паправіў шапку сабаліную з дыяментавым гузам, выпрастаўся, каб аксамітная дылея лягла прыгожымі складкамі паўзверх жупана.

— Франтасій Вырвіч з Падняводдзя, герба Гіпацэнтаўр, старэйшая лінія роду, падкаморы Менскага павета. З кім маю гонар размаўляць?

Фацэт падумаў, неахвотна выйшаў з карэты, грэбліва пераступіўшы па беларускай гразі, якая адразу засмактала ягоныя чырвоныя абцасы.

— Граф Нікола Антоній Мануцы, староста Опсаўскі.

А Бож-жачкі, гонару колькі ў італьянчыка, як блохаў у бадзяжнага сабакі... Вырвіч ветліва схіліў галаву, стрымліваючы паблажлівую ўсмешку. Дык вось ён які, Мануцы, самазваны графчык! Прыехаў у Польшчу з Венецыі некалькі год таму, укруціўся ў давер да Панятоўскага, выконваючы самыя слізкія даручэнні... Дапамагчы з упадабанай красунькай сустрэцца, таго, хто перашкаджае, настрашыць, скалечыць ці са свету прыбраць... Хаця на першы погляд Мануцы мала быў падобны да брэцёра. Нарэшце, венецыянец аказаў Цялку такую паслугу, якую не забываюць: ажаніўся з Ядвігай Струтынскай, амараткай караля, што трапіла ў цікавае, але непрыемнае становішча. Пані Ядвіга шылахвосткай была вядомай, першы яе муж, Цеханавецкі, з ёй са скандалам развёўся, праз гожыя вочкі паненкі тады ў Рэчыцы цэлае пабоішча выйшла, з ахвярамі... I караля акруціла. Цяпер у сям’і графа гадаваўся маленькі Станіслаў Мануцы, па водгуках усіх — выліты Цялок. Сам Мануцы выдаваў сябе за нашчадка старажытнага венецыянскага роду, вось і змайстрачылі яму герб... А паралельна самазваны граф пасябраваў з расейскім паслом Штакельбергам і наладзіў сувязь з каханкам расейскай імператрыцы Пацёмкіным. Так што шпегаваў увішны італьянчык, сябручок такога ж падлючага авантурыста Казановы, на абодва бакі, а мо на тры ці чатыры. Такога ў бутэльку закаркуй — выслізне.

Між тым слугі абодвух экіпажаў узяліся правіць папсаваныя колы. А размова Пранціша з графчыкам набыла небяспечны паварот. Вырвіч справядліва лічыў, што вінаваты ў прыкрым сутыкненні ўладар залачонай карэты. Гэта ягоныя слугі мусілі прытрымаць коней.

Мануцы намякнуў, што спяшаецца ў інтарэсах караля.

Пранціш ганарыста заявіў, што яны выконваюць загад падскарбія, знакаміты доктар Баўтрамей Лёднік мусіць як найхутчэй з’явіцца ў Гародню.

Пачуўшы імя Чорнага Доктара, Мануцы змяніўся. Цёмныя вочы загарэліся азартам, ноздры вытанчанага носа драпежна разадзьмуліся, рука ў шаўковай пальчатцы сціснула дзяржальна шпагі... I раптам заміж спешчанага хатняга сабачкі перад вамі — ікласты хорт, які лёгка ўчэпіцца ў загрывак. А ці праўда, што доктар Лёднік такі выбітны фехтавальшчык, што можа адзін выстаяць супраць дваццаці чалавек? А як ён па сценах скача? Забіць няўзброенай рукой, не дакранаючыся, — таксама можа? Ці гэта плёткі? А ці згодзіцца пан доктар нешта прадэманстраваць?

Мануцы настойліва заглядаў у акно рыдвана, і ясна было — не адчэпіцца. Ну а Лёднік хутчэй зноў кулаком карэту прадзіравіць, чым пакажацца скалечаным.

Раптам акно рыдвана расчынілася, высунулася Сафійка.

— Няхай яснавяльможны граф прабачыць, але мой пан-бацька пачуваецца не надта добра. У яго... чорная меланхолія. Ён не ў змозе дэманстраваць свае фехтавальныя ўмельствы.

I броўку чорную прыўзняла, маўляў, што за несамавітыя паводзіны.

Вось жа няправільна шляхцюкі па патэнце Лёднікі сваіх дзяцей выхоўвалі... Ну хіба можа шляхетная дзяўчынка з незнаёмым панам першай загаварыць, ды яшчэ так дзёрзка?

Вырвіч скасавурыўся на Мануцы... I ўбачанае яму яшчэ больш не спадабалася. I чортава семя, і воўкава племя.

Граф ажно рот раскрыў, i дыханне, падобна, заняло... Вочы пашырыліся, не раўнуючы дзве манеты. Аж захацелася яго локцем у бок стукнуць, як аднакласніка, што разявіўся на пірог на прылаўку пільнай гандляркі.

— О Мадонна! — нарэшце прашаптаў граф і кінуўся зрываць з сябе капялюш, ледзь з парыком не зняў. — Angelo celeste[1]!

А Сафійка на чысцюткім італьянскім:

— Credo, signore mai visto gli angeli, perchė facilmente si confonde con la gente comune[2].

Венецыянец ззяў ад захаплення, як пазалочаны стод на сонцы.

Халера... Добра, што Лёднік таго не бачыць.

Відаць, адчуўшы нядобрае, з рыдвана выйшла пані Саламея. Утаропілася ўладна ў авантурыста вялікімі сінімі вачыма.

— О сіньёра, цяпер я разумею, у каго ўдалася нябёснай сваёй прыгажосцю ваша дачка!

— Наша дачка — яшчэ дзіця, васпан, — холадна прагаварыла Саламея. — Выбачайце, яна не мае досведу свецкага этыкету.

Італьянец рассыпаўся ў кампліментах наконт бязвіннага чароўнага дзіцяці, якое, безумоўна, стане з цягам часу дыяментам якогась каралеўскага двара. Зараз жа і выбачацца пачаў, каяцца, што па неасцярожнасці ўчыніў такія нязручнасці шаноўным падарожным... Змусіў сваіх слуг дапамагаць Сцяцко і Карусю ў выратаванні кола.

Карусь выконваў працу неяк дзіўна. Увесь час яму трэба было пранесці штось цяжкое паўз графа, ды яшчэ ўпусціць у гразь, змусіўшы фацэта адскочыць ды вылаяцца. Пранціш кусаў вусы, каб не зарагатаць. Пушчанскі дзікун відавочна гатовы быў насадзіць нахабнага італійца на рагаціну, як мядзведзя, каб не лупіўся на Лёднічанку.

Між тым Мануцы фантанаваў прапановамі, дзеямі і словамі так, што галава круцілася, як пасля бутэлькі такайскага. I гэткі ж непрыемны прысмак заставаўся. Каб экіпаж рамантаваць, пасажырам лепей выйсці. I чаму б не перачакаць у зручнай пазалочанай карэце, месца ў якой гаспадар з задавальненнем саступіць?

Урэшце Саламея і Сафійка сапраўды выйшлі з рыдвана — яго належала прыўзняць, каб вярнуць кола на месца. Вочы Мануцы гарэлі, як у галоднага ваўка, хаця нічым этыкету не парушаў. Не дурань.

А вось і з’яўленне цмока з пячоры... Прабачце, мізантрапічнага доктара з карэты. Тонкая, але дужая рука ўхапілася за дзвярны праём... Пранціш кінуўся падхапіць старэйшага сябра... Дзе там тое клятае крэсла на колах, з сабой прыхопленае? Але Чорны Доктар — што за дзіва? — выйшаў сам. Праўда, вельмі павольна i пахістваючыся. Саламея зараз жа падляцела падперці плячом упартага сужэнца... Ейны ўгневаны твар сведчыў, што адбылося тое, чаго яна баялася. На бледных звычайна шчоках доктара зараз гарэў румянак, у вачах з’явіўся шкляны ліхаманкавы бляск... Спажыў нарэшце свае сакрэтныя лекі, ганарлівец! Пранціш прыпомніў, як Лёднік ставіў на ногі аднаго старога езуіта, якому трэба было завесці каманду ў менскія сутарэнні, па езуіцкія скарбы. Скалечаны стары тады таксама расчырванеўся, бадзёра прайшоў куды трэба... А там зваліўся з сардэчным прыступам.

Мануцы падляцеў да доктара з прывітаннямі і выбачэннямі. Ці моцна яму дакучае ягоная... чорная меланхолія? Апошнія словы Мануцы вымавіў з нейкай асаблівай інтанацыяй, нібыта меў на ўвазе нешта зусім іншае.

Лёднік у адказ выключна ветліва пацікавіўся, як пачуваюцца чароўная жонка графа і анёлачак-сынок, ці не дужа назаляе бацьку бязвіннымі немаўлячымі пракудамі? Мануцы вытрымаў пранізлівы цёмны позірк, але не спапяліўся, а таксама адвесіў нешта выключна ветлівае з атрутай на дне.

А потым, калі доктар, сцяўшы зубы, садзіўся ў пазалочаную карэту — ну дурноцце ж было стаяць у гразі, на ветры, — Мануцы раптам учыніў нешта незразумелае... Тупнуў нібы выпадкова па нейкай трэсцы, тая падкінула ў паветра сасновую шышку... Шышка са свістам ляцела проста Лёдніку ў патыліцу. Не даляцела — распалася на дзве паловы, акуратна рассечаная доктаравай шабляй. Усё адбылося хутка, як вокам зміргнуць. Пранціш толькі маланкавы бляск ляза заўважыў. Лёднік, злосны, як шэршань, хаваў шаблю ў похвы. А вось Мануцы быў дужа задаволены. Значыць, адмыслова зладзіў палёт шышкі... Праверыць навыкі старога воя. I не звінаваціш спрытнюгу.

Сафійка пад суровым бацькоўскім прыглядам сядзела ў графскай карэце ціха, як мыш. Лёднік трымаўся за шаблю і пабліскваў моўчкі вачыма з глыбі чужой карэты. Пранціш сумленна займаў графа пустой свецкай балбатнёй, ад якой абодва не атрымлівалі ніякага задавальнення. Пані Ізабэла Чартарыйская зноў пасварылася з мужам, але дамаглася згоды і збудавала ў Лазенках цэлую вёску хацін з саламянымі дахамі, дзе прымае гасцей, апранутая ў пейзанку. Зараз у Гародні пачнуцца рэдуты, кажуць, на ix прыедзе сам расейскі канцлер Рапнін, амарат пані Ізабэлы. Паэт Станіслаў Трамбецкі напісаў паэму ў гонар каралеўскага пляменніка, пана Станіслава, з нагоды, што той усix сваіх сялянаў з маёнтка Альшэўніцы сабраў на баль і абвясціў, што вызваляе ад прыгону і аддае ў валоданне зямлю. Вялікі прагрэсіст пляменнік караля! Не дарэмна кажуць, што кароль менавіта яго рыхтуе ў свае пераемнікі. Сваіх жа законных дзяцей мець не можа... Тс-с, гэта таямніца, але такая была дамова з расейскай імператрыцай узамен за трон...

Пранціш слухаў, ківаў з самым разумным выглядам і намагаўся не выказваць ні ўхвалы, ні насмешкі.

Нарэшце кола рыдвана стала на месца. Мануцы кланяўся і лапатаў, што яму па дарозе з шаноўнымі Лёднікамі... I, дарэчы, ён добра знаёмы з чорнай меланхоліяй і ўмее з ёй ладзіць.

Пранціш адышоўся да пазалочанай карэты, каля задняга кола якой завіхаліся слугі, паклікаў насупленага Каруся, шапнуў ціхенька:

— Здаецца, графскую карэту хутка таксама направяць... Трывалыя ў яе колы, як думаеш?

— Ды хліпкія зусім... — задумліва прамовіў разумны хлопец Карусь. Абышоў няспешна карэту, нахіліўся над яшчэ цэлым колам — Пранціш пастараўся стаць так, каб прыкрыць яго спінай... Нешта ціха грукнула... Вырвіч кінуў хуткі погляд: пушчанскі дзяцюк хаваў нешта ў рукаве.

Ну вось цяпер можна развітвацца!

Рыдван ірвануў з месца, бы запрэжаны гарцукамі. Вырвіч пачуў, як Мануцы крычыць на слуг, спадзеючыся не адстаць ад экіпажа з гэткімі цікавымі пасажырамі... Ну, далёка не ад’едзецца. Карусь — сапраўдны мацак, выцягнуў з восі чаку...

Сафійка сядзела надзьмутая — відаць, атрымала нязвыклую вымову за няправільныя паводзіны. Ясна, што абое старэйшыя Лёднікі пералякаліся за сваю кветачку. Вырвіч з сорамам успомніў, як сам калісьці ўюном віўся вакол такіх красунек, не думаючы пра наступствы i сур’ёзныя намеры.

— Што цяпер рабіць, пан Вырвіч?

Вочы пані Саламеі хваравіта блішчэлі. Пранціш не стаў далікатнічаць, даўно не падманваўся куртуазнымі галантнасцямі так званага «вышэйшага свету».

— Не адпускаць паненку адну. Нікуды.

Сафійка ўскінулася:

— Я вялікая!

— Менавіта, — хмыкнуў Вырвіч. — Таму параю тое, што сказаў бы кожны. Неадкладна знайсці панне жаніха. З дастаткова ўплывовага роду. Абвясціць заручыны. Не абавязкова гэтаму скончыцца вяселлем. Але розныя самазваныя графы сто разоў падумаюць, перш чым звязвацца.

Сафійка горача пратэставала, але ейныя бацькі прыгнечана маўчалі. Абое цудоўна ведалі жахлівыя выпадкі. Сябручок Мануцы, авантурыст Казанова, нярэдка знаходзіў гожанькіх цнатлівак дванаццаці-трынаццаці гадоў, дамаўляўся з бацькамі пра цану — мог нават жаніхом прыкінуцца, а то і выкрасці анёлачка, — а потым выхаваную адпаведным чынам дзяўчынку падсоўваў у гарэмы манархаў альбо багатых князькоў... Часам такія дзяўчаткі вельмі някепска прыстройваліся. А Казанова меў добры даход. Мануцы быў нічым не лепшы. I таксама ведаў уладароў, гатовых адсыпаць нямала золата за такі дыямент, як Сафійка Лёднічанка. Вядома, з шляхцянкай так абысціся няпроста... Але на тое і злодзей, каб да кожнага дыямента пралезці.

Саламея Рэніч у юнацтве была не менш прыгожай за дачку... Але і тады ёй была ўласцівая дзіўная веліч і здольнасць утаймоўваць віхуры і злых мужчын. З яе наўрад хто ўзяўся б ляпіць патэнцыйную фаварытку. Такая хутчэй кінжалам ткне, на любыя пакуты пойдзе, але не скарыцца.

Цяпер жа пані Саламея гэтак жа ліхаманкава расчырванелася, як і апоены мікстурай сужонак.

А мікстура ўжо страчвала моц. Лёднік пачаў дыхаць усё больш хрыпла, збялеў, пот каціўся па твары... Чырвоныя кроплі ад наступстваў цуд-лекаў цалкам тыя наступствы прыбраць не маглі. Добра, да Гародні заставалася вёрстаў трыццаць. Таму што Бутрым загадаў не спыняцца на начлег. Толькі коней памяняць.


***

У Гародню заехалі, калі добра сцямнела. Колы падскоквалі на брукаванцы. Саламея трымала спалатнелага мужа за руку, Лёднік сціскаў зубы, Сафійка адмярала цвёрдай рукой кроплі, то празрыстыя, то чырвоныя, то балотна-зялёныя, не зважаючы на дарожную гайданку.

Паколькі той дом, які быў вылучаны Лёдніку як прафесару медычнай акадэміі, Тызенгаўз забраў, скіраваліся адразу да Жылібера. Пакуль даехалі, Чорны Доктар ужо трохі ачомаўся, але яшчэ не меў дастаткова моцы, каб пярэчыць супраць уладкавання ў агіднае крэсла на колах і бясслаўныя ўлазіны ў чужы дом.

У доме пахла... Не, хутчэй смярдзела вынікамі хімічных доследаў. Да наступстваў рэакцый салетры ды нітратаў дадаваўся густы водар парфумы з вярбенай.

У канцы доўтага калідора, асветленага двума простымі масянжовымі свяцільнікамі са свечкамі, нешта грукнула, заскрыгатала... Насустрач госцю ў крэсле сунулася амаль такое ж крэсла, з атручаным гаспадаром, якое штурхала энергічная прыгожанькая чарнявая пані з самым заклапочаным выглядам. Вярбенай пахла якраз ад мадам. Карусь, які вёз Лёдніка, няветліва скрывіўся пры поглядзе на дэкальтэ францужанкі.

Шаноўныя дактары нейкі час бязмоўна сузіралі адзін аднаго... А потым дружна зарагаталі. Смех быў з добрым дамешкам горычы і некаторай няёмкасці, але Вырвічу стала лягчэй на сэрцы. Нічога, усё яшчэ наладзіцца! Каб два такія моцныя чалавекі — ды з характараў абодвух дактароў можна шаблі каваць — і не далі рады сваім хворасцям!

Адсмяяўшыся, Жылібер паспрабаў павярнуцца і працяць злым позіркам жоначку.

— Ты масье Лёдніка выклікала? Хіба я не забараніў табе?

У мадам на вочы шчырыя слёзы крыўды навярнуліся. Аказалася, калі забойца з’ехаў, знайшлі ў ягоным пакоі на стале аркуш з формулай і надпісам па-французску: «Шчырая падзяка доктару Барталамеюсу Лёдніку, найлепшаму вынаходніку атрутаў!»

Жылібер, калі пра тое даведаўся, адразу загадаў жонцы аркуш з імем сябра спаліць і нікому пра тое не гаварыць. Бо гэта, зразумела, пастка, спроба ачарніць бязвіннага чалавека. Але мадам Жанна правільна вырашыла: забойца намякаў, што толькі доктар Лёднік ведае, як вылечыць яе мужа. Вось і паслала яму праз пана Вырвіча паперку з формулай, якую загадзя паспела перапісаць.

Вырвіч глядзеў у трохі спалоханыя цёмныя вочы францужанкі і не мог зразумець, прыкідваецца яна ці сапраўды ні ў чым не вінаватая...

Так i не вырашыў. Трэба было ўладкоўвацца на новым месцы.

Дом нагадваў стары буфет, які перавезлі на новае месца, забыўшы вытрасці аскалёпкі ад пабітага посуду.

Іншых гасцей цяпер не было — разбегліся падалей ад скандалу. Таму рассяліліся з выгодамі, хай i без раскошы, якой вальтэр’янец Жылібер пагарджаў. Падумаеш — Вырвіч у бацькоўскім доме ў Падняводдзі спаў на лаўцы, засцеленай кажухом, а прачынаўся ад таго, што бацька будзіў яго пісталетным стрэлам у столь. Каб воем вырас, а не пестунком. А ў доме Жылібераў нават ложкі меліся. З пярынамі.

Ад сумнага становішча Лёдніка была хоць адна карысць: шпегі, якія назіралі за ягонымі ўлазінамі ў Жылібераў дом, даклалі сваім гаспадарам, што ад звычайна баявітага эскулапа цяпер няшмат толку.

Але, зразумела, у спакоі не пакінуць нават калеку. Смурод чужых інтрыгаў не маглі схаваць ветлівыя звароты. Ад караля адразу прыляцела пасланне — цікавіўся здароўем дарагога сябра Жылібера. Такое ж пасланне даставілі ад Тызенгаўза. Лёднік, як толькі адляжаўся, адразу загадаў даставіць сябе ў лабараторыю. Справа тонкая, не аднаго дня.

Пажаўцелы Жан нездарма сядзеў у крэсле, хоць не спаралізаваны — ад болю разагнуцца не мог, не тое што ўстаць. Але і ў ложку ляжаць адмаўляўся. Бурчэў, што дух чалавека мацнейшы за слабасці цела. Нават у анатамічны тэатр атручанага спадара цягалі. А так увесь час у дом нехта шастаў — то студэнт новыя экспанаты гербарыя прытарабаніць, то якісь мяшчук у запэцканым каптане — скрынку з карыснымі выкапнямі... Тупаюць ды тупаюць па калідорах, ажно масніцы гудуць.

Пранціш падгледзеў цікавую сцэнку, як суправаджалі доктара да ягоных колбаў і прабірак Карусь і Сафійка. Пушчанскі хлапец нікому не давяраў цягаць крэсла з хворым панам.

— На старонцы шэсцьдзясят першай усе практыкаванні рашыў? — раптам сурова папытаўся Лёднік.

Карусь з сілай штурхануў крэсла, насупіў светлыя бровы.

— Пустое, пан. Навошта мне гэтыя задачкі?

— Дурань. У цябе выключныя здольнасці да дакладных навук, — у голасе доктара гучала не злосць, а мяккі дакор.

— У гэтага дзікуна выключныя здольнасці да няветласці, — скрывілася Сафійка.

Карусь не павярнуў галавы, толькі кончыкі вушэй пачырванелі.

— Нам ні да чаго фіглі панскія. Мы не паны і не чарадзеі.

Сафійка нешта затарахцела з’едлівае, але крэсла ўжо аддалілася. Няўжо доктар узяўся чамусь вучыць нават гэтага прыгоннага хлапчыску? Хаця мода цяпер такая... Дзідро, Русо... Магнаты ладзяць у сваіх сядзібах «паказальныя» вёсачкі з памытымі, прычасанымі пейзанамі ў вяночках, самі апранаюць сялянскія строі і сціпла снедаюць у альтанках яешняй ды кіслым малаком. Праўда, калі яешня будзе недастаткова падсмажанай, кухару адсыплюць бізуноў.

А Чорны Доктар усё імкнецца на кожнай дзічцы салодкія яблыкі вырасціць. Дзівак.

Вось пані Саламея з мадам Жаннай не вельмі адна адной засімпатызавалі. Нядзіўна. Мадам, хоць заўважна цяжарная, нават на Баўтрамея неабыякава паглядала, Вырвічу дык увогуле пару палкіх поглядаў адмерала... I Сцяцко не пазбегнуў зацікаўленага позірку мадам — яшчэ б, такі гарны парубак, на плячах можна снапы малаціць. Добра, Карусь яшчэ падлетак, не прыцягвае ўвагі палкай кабеты, а то пачаў бы малітвы супраць Сатанііла ў бок ейнага дэкальтэ чытаць. Хаця ўжо, здаецца, задумлівы погляд пару разоў атрымаў. Прычым францужанку нельга было назваць распусніцай ці інтрыганкай — какецтва атрымлівалася ў яе само па сабе, як у Бутрыма — буркатня на недасканалы свет. Ну вось натура такая ў кабеты, што паробіш. Як бы і зла нікому не жадае, а вось жа... Мужа праз яе ледзь на той свет не выправілі. I яшчэ не апошні, відаць, такі выпадак.

Жан толькі пасмейваецца. У гэтай пары адносіны былі... дзіўныя. Практычныя, так бы мовіць. Мадам суровага мужа пабойвалася, загады ягоныя выконвала бегма. Жылібер ставіўся да яе, як да недасканалага, але патрэбнага інструмента. Урэшце, што б ён рабіў з дабрадзейнай кабетай, якая шугалася б кожнага шкілета (анатамічных дапаможнікаў у пакоях, як у пахавальні) і парывалася сцерці пыл з кожнай колбы? А так — ну, засмечана, ну, кнігі стосамі грувасцяцца... Затое справы робяцца. Толькі цытаваў часам Галена, што старому самае шкоднае — маладая жонка i добры кухар.

Бутрыму працаваць давялося седзячы... Пані Саламея даходліва патлумачыла ўпартаму сужэнцу: яшчэ адна порцыя цудоўнай мікстуры — зваліцца з такім прыступам, што Жан яшчэ тыдзень лекаў не дачакаецца. Дапамагала ў хімічных справах узрадаваная Сафійка, пані Саламея чамусь больш сядзела ў пакоі. Вырвіч з цікавасці кінуў пару поглядаў на завіханні дачкі ды бацькі над колбамі ды сышоў да Жылібера, які атабарыўся ў гасцёўні, заваленай кнігамі ды альбомамі з сушанымі раслінамі, так што сенам патыхала, як на лузе... Добра, зубрыцу сваю дрэсіраваную ў пакоях не пасяліў.

Прыйшоў Пранціш у гасцёўню, а па той бок шахматнай дошкі ад пажаўцелага француза — Карусь. I відавочна выйграе. З ранейшым насуплена-санлівым выглядам. А Жан ажно вусны кусае. Яшчэ адзін дэмакрат, са слугой як з роўняй... Праўда, чаго дзівавацца — не шляхціц. Бачыў бы пан Даніла Вырвіч, у якую кампанію ягоны сын, нашчадак Палямона і ўладальнік герба Гіпацэнтаўр, патрапіў! Адны прасталюдцы вакол, і ніхто адзінаму сапраўднаму пану ручкі не цалуе...

На шчасце, цяперашні Пранціш пра цалаванне рук думаў толькі з іроніяй. Але паколькі вясёлай кампаніі бракавала, таксама замкнуўся ў пакоі і дастаў з таемнай кішэні жупана пашкуматаны сшытачак... Новая паэма пра подзвігі Пранцішавага продка пад Хоцінам, якія павольна пераходзілі ў подзвігі самога Вырвіча ў бойцы пад Сталовічамі, з удзелам цмокаў, дзікага палявання і арханёльскага вогненнага мяча, амаль дайшла да кульмінацыі... Трэба было толькі вырашыць, чым узнагародзяць галоўнага героя з гучнай мянушкай Плексіглас, русачубага ды блакітнавокага, — гетманскай булавой, пячаткай канцлера альбо проста высекуць з мармуру ягоную статую ў лаўровым вянку?

Трапяткая муза была прагнаная грукатам дзесьці побач і ўскрыкам мадам Жанны.

Пранціш, ледзь паспеўшы прыхапіць шаблю, вылецеў з пакоя ў адной кашулі...

Жылібер, забыўшыся на шахматы, стаяў ля паваленага крэсла і дачытваў нейкі ліст. Мадам Жанна радасна пляскала ў ладкі. Ага — дайшло да Вырвіча, на сваіх нагах стаіць! Падзейнічала Лёднікава мікстура!

Карусь нетаропка падняў крэсла гаспадара дома, насцярожана касавурачыся на пасланне ў руках батаніка, змест якога відавочна аказаўся настолькі пякучым, што канчаткова падняў француза на ногі.

Жан скамячыў таямнічы аркуш.

— Як там кажа Барталам’ю ў такіх выпадках — пятка сораму не мае? Масье Вырвіч, дзе доктар? Тэрміновая размова...

I пакрочыў, пагойдваючыся, сам, не зважаючы на зумканне жонкі пра небяспечную слабасць пасля хваробы.

Доктар завіхаўся ў лабараторыі, зладжанай там, дзе самавітыя гаспадары захоўваюць кубельцы сала і мяшкі з гарохам. Сутарэнне з двума паўкруглымі вокнамі пад столлю добра падышло б i для катавальні. Але белыя атынкаваныя сцены ў рознакаляровых разводах i падпалінах, паліцы з мінераламі ды шкляніцамі і алхімічная печка сведчылі, што мучыліся тут толькі ў імя навукі. Прынамсі, доктар Баўтрамей Лёднік, які, седзячы за сталом, ледзь не носам дзюбаўся ў запэцканую сажай місу, вывучаючы яе смуроднае змесціва, якраз нагадваў ахвяру доследаў. Чорная доўтая світка ў рудых плямах, як быццам ёю вогнішча гасілі, бледны дзюбаносы твар у пісягах сажы...

Што ж, гамбургскі алхімік Хеніг Бранд шукаў філасофскі камень, выпарваючы ў сваёй лабараторыі мачу цэлай салдацкай казармы, і цярпеў. А француз Жан Нале, каб вызначыць хуткасць электрычнасці, змусіў дзвесце мніхаў стаць у кола, узяўшыся за рукі, і пусціў па адным з ix ток.

Паколькі ўсе дзвесце мніхаў скалануліся адначасова, электрычнасць была прызнаная шпаркай з’явай.

Доктар апошні раз уцягнуў доўгім носам эксперыментальны смурод і сярдзіта ўтаропіўся ў прыхадняў, не здзівіўшыся ацаленню сябра.

— Жан, табе рана яшчэ бегаць...

— Ну, табе таксама лепей было б адпачыць, — фыркнуў батанік. — Гаварыў жа — твая хвароба больш нервовага паходжання.

Лёднік скрывіўся — і слухаць не хацеў пра слабасць уласных нерваў. Жылібер азірнуўся, ці шчыльна зачыненыя дзверы, і патрос таямнічай паперай з пячаткай.

— Каралеўскае пасланне, Барталам’ю! Яго вялікасць выказвае радасць з нагоды майго хуткага ацалення... А яшчэ цікавіцца здароўем маіх гасцей. I асабліва чароўнай дачкі доктара Барталамея Лёдніка, якую, згодна з добрым водгукам пра яе цноты, гатовы прыстроіць пры двары. Такая адукаваная і добра выхаваная дзяўчына, нягледзячы на невысокае паходжанне, вартая гонару нават стаць малодшай фрэйлінай...

Баўтрамей, каб мог, дык таксама ўскочыў бы. Mica праехалася па стальніцы разам са сваім эксперыментальным смуродам і стукнулася ў атынкаваную сцяну.

— Мануцы... Навалач юрлівая... Нагаварыў Цялку! Недкладна з’язджаем!

Пранціш разгубіўся: усе ягоныя планы рушыліся... Але не дапускаць жа, каб Сафійку забралі ў свет раскошы і распусты! Для кагось, вядома, зрабіць дачку каралеўскай фаварыткай — гонар. Для такіх, як Лёднікі, — ганьба. Дый сам Пранціш лепей бы сваё дзіця ў кляштар адправіў, чым у засланы шаўкамі ложак бессаромнага ўладара. Няхай узнагародай будзе тытул, багацце і куплены муж, кшталту таго ж Мануцы... Аднойчы забруджаная вада спародзіць толькі цвіль.

Але да рашучых дзеянняў не дайшло... Бо прыбег Карусь:

— Там гэты... які мануфактуры сатанінскія ладзіць.

— Пан Антоній Тызенгаўз? — недаверліва перапытаў Вырвіч ляснога дзікуна.

Той моўчкі кіўнуў.

I гэта сапраўды быў усемагутны яшчэ нядаўна падскарбій, каб ён скуллі свае лічыў. Хударлявая прыгорбленая постаць у чырвоным камзоле, нібы маятнік, мітусілася перад акном сціплай гасцёўні, упрыгожанай стосамі кніг, што выраслі ўздоўж сценаў, як апенькі. Па падлозе пастуквала модная кульбачка са срэбным навершам у выглядзе львінай галавы. Ля дзвярэй застыў каларытны тыпус у венгерцы і высокай калматай шапцы — адзін з баснійскай гвардыі падскарбія. Што праўда, у тыя баснійцы запісвалі бандзюганаў з любога народа. Вунь гэты, мяркуючы па саламяных вусах і важкім падбароддзі, ці не з прусаў.

Тызенгаўз грэбліва слізгануў вачыма па полацкім доктары, крэсла з якім прыштурхаў насуплены Карусь.

— Што, доктар, працягваеш сваю кар’еру? Мануфактуры мае бліскуча праінспектаваў, каралеўскім сваякам дагадзіў, цяпер дачку выгадна прыстроіш? Я чуў, граф Мануцы ўжо адмысловую спачывальню ў Варшаве ладзіць, у флігелі каралеўскага палаца. З падлогай, якая будзе падагравацца трубамі з цёплай вадой. Каб ножкі юных фрэйлін не мерзлі.

Праўда гэта была ці не, але падскарбій свайго дамогся. Доктар сціснуў кулакі і вымавіў толькі адно:

— Што хоча ад мяне ваша мосць, каб мая дачка аказалася нявартай гэткага высокага гонару?

Пан Антоній нарэшце ўсеўся ў крэсла, з якога адзін з ягоных баснійцаў, звераваты дзяцюк у калматай шапцы і бурцы, ледзь паспеў змахнуць нейкія засушаныя сцябліны разам з аркушамі.

— Ніхто не зможа папракнуць мяне ў тым, што я шкадаваў сябе, ствараючы славу краю. Вы, вядомыя прагрэсісты... — пан Антоній абвёў вачыма блюзнерскую трыяду з Жылібера, Вырвіча і Лёдніка, — без мяне не мелі б ні сваіх медычных інстытутаў, ні адукацыйных камісій, ні друкарняў, каб ціснуць паэтычныя опусы на мясцовай гаворцы, а карункі на кашулі замаўлялі б не ў Паставах, а ў Галандыі.

Пранціш мімаволі тузануў сябе за манжэт кашулі і палічыў патрэбным прамовіць штось наконт таго, як яны ўсе цэняць высілкі падскарбія па адукацыі і эканамічным працвітанні Рэчы Паспалітае...

— Ці не таму твая менская шляхта межы мае ламае, лясы сабе адразае? — не даслухаў падскарбій.

Прыпякло яго няслаба: шчокі запалі, зморшчын — як у пустога кашалька.

— Але не думайце, што мяне ўжо пражавалі i выплюнулі. Не раю верыць розным Салманазарам, якія выдаюць сябе за ўраджэнцаў Фармозы.

Вырвіч мімаволі ўсміхнуўся: неяк Бутрым распавядаў яму пра шалбера, які здабываў грошы, выдаючы сябе то за японца, то за ўраджэнца Фармозы — Тайваня, баяў байкі пра скарбы і вучыў легкаверных выдуманай «фармозскай мове».

Між тым падскарбій зноў ускочыў на ногі і захадзіў туды-сюды. Тызенгаўз з ягонай шалёнай імклівасцю і хваравітым жаданнем усё кантраляваць нагадваў Пранцішу героя сярэднявечнай балады:

Ён баяўся спаць лежачы, верыў — душа адляціць.

Ён грувасціў падушкі, хапаўся за вострыя думкі.

Сэрца грукала ў рытме чужых баявых калясніц,

I ніколі дзіця да яго не працягвала рукі.

Львіная галава на кульбачцы Тызенгаўза ўладна бліснула смарагдавымі вачыма.

— Вы, пан Жылібер, адправіцеся са мной на прыём да яго вялікасці. I пацвердзіце, што ваш сябар доктар Лёднік, які вас цудоўным чынам ацаліў пры маім непасрэдным удзеле, дужа хворы, i яго родныя, дачка і жонка, далі абет прасвятой Багародзіцы суправаджаць яго да ацаляльных крыніцаў у Бадэн пад Венай.

— Гэта ў Аўстрыю, выходзіць? — вырвалася ў Пранціша. — А бліжэй нельга?

Падскарбій стукнуў у падлогу кульбачкай — а ў ёй неадменна ж схаваны востры клінок:

— Выбіраць не вам. Едзеце ў Аўстрыю... Сынок там твой, доктар, кар’еру неблагую робіць пры двары Марыі Тэрэзіі... Знаёмствы карысныя завёў, вам прыдадуцца. Грошай не пашкадую ніякіх. Выканаеце мае даручэнне, пра якое пасля скажу, а заадно звезяце падалей сваю красуньку... Паўдзельнічаеш, Вырвіч, — заплюшчу вочы на тое, што ваша нахабная шляхта каралеўскія лясы пад сябе грабе.

Пранціш моўчкі пакланіўся. Пакуль што прапанова не выглядала чарговай багнай.

— I вось гэта, Лёднік, ты падпішаш.

Па кіўку падскарбія басніец падаў доктару паперу. Лёднік разгарнуў, прачытаў... Па чырвоных плямах, што загарэліся на шчоках наравістага эскулапа, Вырвіч здагадаўся — быць бядзе.

— Маё сумленне не дазваляе мне падпісаць гэтыя паперы.

Тызенгаўз не здзівіўся і не раззлаваўся, як не злуецца кухар на трапятанне кураняці, чыю шыю сціскае ў кулаку.

— Думаю, пару тыдняў на зборы вам будзе дастаткова. Паперу дашлеш падпісанай. Дарэчы, цаню, што адпрэчыў Чартарыйскіх. Між іншым, я чуў, пані Ізабэла Чартарыйская ўжо выказала гатоўнасць узяць юную нерадавітую фрэйліну пад сваю апеку. Гэтая фурыя шмат чаму навучыць можа...

Нешта грукнула — упала ручка, прыробленая да спінкі Лёднікава крэсла, — яе выпадкова адламаў Карусь.

— А што наконт злачынцы, які спрабаваў забіць пана Жылібера? — усунуўся Пранціш, каб не даць Лёдніку выбухнуць гнеўнай тырадай. — Хіба яго не шукаюць? Можа, ён быў кім падасланы і гэта змова?

Тызенгаўз холадна зірнуў на падкаморага.

— Гасподзь ужо здзейсніў свой справядлівы прысуд. Масье дэ Алівейра быў знойдзены ў Познані са зламанай шыяй. У адным вясёлым доме.

Вось як, усе сляды лісіным хвастом замяло.

Падскарбій узняўся адным рыўком, нават не абапёршыся на кульбачку. На развітанне крыва ўсміхнуўся Лёдніку:

— Пакажы хоць сваю красунечку. З якой прычыны такая траянская вайна...

Карусь адступіў ад крэсла гаспадара і скасавурыўся на дзверы, гатовы бегчы абараняць паненку. Але доктар цвёрда заявіў, што дачка знаходзіцца разам з хворай маці, якую аніяк не можа пакінуць.

— Глядзі, доктар. Не па рангу табе гуляцца ў такія гульні. З гразі вылез, назад у гразь лёгка затопчуць.

Пасля візіту падскарбія ў доме застаўся водар венгерскай вады, табакі і трывогі.

— Я не магу гэта падпісаць, — глуха паўтарыў Лёднік, гледзячы на паперу. — Пацвердзіць, што на мануфактурах у Гарадніцы былі створаны добрыя ўмовы для рабочых, людзі самі марылі працаваць там, а ўсе ранейшыя мае заўвагі — ад няўважлівага назірання.

Тонкія нервовыя рысы Жылібера выяўлялі такую ўпартасць, з якой мур саломінай дзяўбуць.

— Дык, можа, пан Антоній і праўда ўсё цяпер палепшыў?

Карусь злосна замармытаў пра Сатанііла і ягоных слугаў. Лёднік падціснуў вусны.

— Калі я яшчэ на нагах быў, мяне паклікалі ратаваць маладога майстра Ёзафа Марбіцэра — па загадзе пана Антонія яго прагналі праз шыхт рабочых, узброеных палкамі. Падскарбій не ведае цаны чужому жыццю. Пакуль на свае вочы не ўпэўнюся, што нешта змянілася, — не падпішу.

Ну што ты з ім рабіць будзеш...

— Тата, матулі кепска!

Спалоханая Сафійка не выглядала велічнай, як царыца Алена, праз якую зруйнавалі Трою і пазабівалі процьму дужых недурных мужыкоў. Але чарнавокага заплаканага анёлачка неадкладна хацелася суцешыць і абараніць.

Ды ратаваць належала не яе

Пранціша ў спачывальню Саламеі не дапусцілі. Ён пачуў толькі роспачны голас Лёдніка:

— Залфейка, што ж ты нарабіла? Чаму маўчала? Чаму хавалася?

А потым пачалася трывожная мітусня. Бразгалі місы, грэлася вада, змешваліся лекі... Мадам Жанна сама бегала з чыстымі ручнікамі. Пранціш змог толькі адно даведацца ў пераляканага Лёдніка, калі той выбраўся ў лабараторыю: жонка вознага Міхасюка, у якой Саламея прымала роды, была хворая на чорную ліхаманку, страшную смяротную заразу. Таму й дзіця страціла, таму й да парадзіхі ніхто блізка не падыходзіў. А Саламеі яшчэ не пашчасціла тады руку параніць — хто ж ведаў, што па мясцовым звычаі супраць стрыгаў — а ўсе ж былі перакананыя, што дзіця хворай народзіцца вупыром, — найлепш дапамагаюць уторкнутыя паўсюль вострыя нажы. Пранціш успомніў, як Саламея хавала ўпэцканыя ў крыві рукі, як Бутрым заўважыў на яе далоні парэз... Ведала пра небяспеку, лячыла сябе сама, нікога не падпускала, каб не заразіць...

Вось так i бывае — повен дом дактароў, а ратунку няма. Наколькі ўсё сур’ёзна, Пранціш уцяміў, калі ўбачыў праз прачыненыя дзверы, як трасуцца плечы Лёдніка, што схіліўся над ложкам з хворай.

Потым калідоры дома запоўніліся смуродам ад зёлак і хімічных рэчываў, якімі забіваюць заразу падчас пошасці. Потым дадаўся пах ладану... Пранціш быў упэўнены, што прыход святара і сабораванне толькі дададуць сілы пані Саламеі... Гэта ж Полацкая Сільфіда! Модная, мудрая і велічна гожая, праз якую вяліся цэлыя войны, але яна заўсёды выбірала толькі свайго сужэнца...

— He глядзіце на мяне... У гэтым жыцці i так хапае страхоцця.

Хрыплы голас з-за дзвярэй ніяк не мог належаць прыўкраснай Саламеі Лёднік, у дзявоцтве Рэніч. Але і аблічча, якое краем вока заўважыў Вырвіч на падушках за прыадхінутым балдахінам, не магло быць ейным... Жоўтая набраклая скура, пухіры...

Пранціш адвярнуўся не ад страху ці гідасці — з павагі да хворай.

Уладыка Уседзяржыцелю, Святы Цару, Ты караеш, але не ўмярцвяеш, падтрымліваеш тых, хто падае, i тых, хто ўпаў, падымаеш, цялесныя пакуты чалавечыя ацаляеш. Молімся Табе, Божа наш, наведай Тваёю міласцю рабу Тваю Саламею, якая пакутуе немаччу...

І што перад гэтым хітрамудрыя інтрыгі зямных уладароў — за ўсе грошы свету i здаровага вока не купіш.

Жылібер цыкнуў на жонку, каб кінула беганіну ды ішла ў свой пакой — ну так, цяжарная ж, не дай Гасподзь, заразіцца... Паклаў руку на плячо Пранціша:

— Толькі не пакідайце яго аднаго, масье Вырвіч, у бліжэйшы час...

Пранціш глядзеў у трывожныя, абкружаныя дробнымі зморшчынкамі вочы батаніка i не мог асэнсаваць пачутае. Гэта ён пра Лёдніка?

Побач, стаўшы на калені проста ў куце калідора, чытаў малітвы Карусь, ягоная ўпартая галава была бездапаможна схіленая.

Дваццаць год таму ў Слуцкім замку Вырвіч прабраўся ў пакой, дзе акрутны пан Геранім Радзівіл трымаў незвычайнай прыгажосці палонніцу. Была гэта Саламея Рэніч, сяброўка дзяцінства Баўтрамея Лёдніка. Бутрым тады, апантаны алхіміяй, заклаў нават сябе самога і аказаўся бяспраўным рабом збеглага шкаляра Пранціша Вырвіча. Але выручаць паненку гаспадар і слуга выправіліся разам. Пранціш ніколі не забудзе тую ноч, калі ў цемры вязніцы ягоную руку схапілі тонкія пальцы, і ён у абдоймах з Сільфідай слізгаў па тонкім шнуры над замкавым дваром, проста над галовамі варты, і ліў дождж, і было страшна і весела...

Лёднік тады распавёў пра сапраўдных сільфаў, якія жывуць на аблоках і часам спускаюцца да людзей... І могуць нейкі час жыць са сваймі абраннікамі, хаця тужаць па роднай стыхіі. Леднік і паглядаў на сваю Саламею часам, нібы яна была стыхійным духам, які зрабіў ласку сысці з аблокаў дзеля кахання да нявартага зямнога мужчыны...

Вырвіч страсянуў галавой: ну што ён нібыта развітваецца... Пані Саламея, захавальніца полацкіх сутарэнняў, такі ж нязменны агмень у гэтым свеце, як сцены Каложскай царквы са смальтавымі крыжамі!

Праўда, адхон, на якім стаіць Каложа, нетрывалы, адну са сценаў падтрымліваюць ужо толькі дрэвы... Але ж не можа быць, каб тыя сцены абрушыліся? Праўда?

Над Нёмнам ззяла вясёлкавай візантыйскай смальгай Каложская царква, і плылі караблі на ззянне яе крыжоў, і ляцелі душы на святло свайго Творцы...

Загрузка...