Рэдкі той кляштар, дзе няма гісторыяў пра зданяў. То Чорная панна, то Белая, то Чорны мніх, то Белы... А бываюць жа яшчэ і шэрыя здані. Вунь у беларускіх Гальшанах цэлы набор маецца!
I ўвесь, лічы, пры іх уладальніку Паўлу Сапегу накалбаціўся з жорсткасці, жаху і туману.
Калі абрушвалася сцяна фундаванага Сапегам кляштара, дойліды па старажытным звычаі вырашылі замураваць кагось жыўцом, каб каменні трымаў. А менавіта тую з жонак, што першая абед прынясе... Самая маладзенькая і патрапіла ды прыняла смерць пакутніцкую. А былі ж яшчэ тры Сапегавы жонкі, якіх адну за адной сужэнец паатручваў, і яны таксама камусь у прывідным выглядзе мсціліся. Ці проста млява луналі, ці скуголілі жаласна, ці імкнуліся вочы мінаку выняць прывіднымі пальцамі — сведчанні разыходзіліся.
Праўда тое ці не, шаноўны падкаморы Менскага павета Пранціш Вырвіч не ведаў, але страшнае надмагілле Паўла Стафана Сапегі і ягоных сужонак бачыў. I аб тым шкадаваў — у жаху начным могуць прымроіцца такія безуважныя пляскатыя зеленаватыя твары...
Вырвіч азірнуўся на сваіх спадарожнікаў, што разам з ім злосна стукаліся ў браму маленькага капуцынскага кляштара ў аўстрыйскіх гарах. Калі і не было тут легендаў пра прывідаў, то цяпер могуць з’явіцца. У туманісты лістападаўскі вечар прывалакліся невядома адкуль трое паноў у брудных падраных кашулях, мокрыя, босыя, трасуцца ад холаду, лаюцца на невядомых мовах. Ці вупыры, ці вадзяныя духі. I просяцца на начлег.
А куды было падзецца? Вылезлі з падземнай ракі — апынуліся паміж гор ды ўзгоркаў, вакол ніводнае жывое душы, вечарэе, дзе Бадэн — невядома, ніякага жытла... Толькі агеньчык на ўзгор’і гарыць, каменная будыніна святлее... Ідэя перці туды і выдаць сябе за ахвяраў грабежнікаў належала Пранцішу. Ну не замярзаць жа ў лесе, толькі што пазбегнуўшы смерці ў вадзе!
Але толькі здавалася, што кляштар блізка — рукой дастаць. А як палезлі па горнай сцежцы, да цемры караскаліся. Лёднік яшчэ падганяў, каб не змерзлі. Сам толькі на ногі стаў, не зусім цвёрда, і давай яму трэнінг... Так што абыякавасць мніхаў да просьбаў аб ратунку была як горкая рэдзька на закуску часныку. Толькі крыкі, што сярод прыхадняў — спрактыкаваны доктар і ўмелы механік, якія гатовы свае паслугі ў аплату за начлег прадаставіць, змусіла кагось заварушыцца за дыхтоўнай дубовай брамай.
Пранцішу так і карцела дадаць: і паэт тут маецца, але, на жаль, паслугі паэтаў не каштуюць і меднага шэлега ў гэтым грубым матэрыяльным свеце.
Так, не дужа падобныя цяперашнія капуцыны да свайго духоўнага настаўніка Францыска Асізскага — які нават чарвяка з дарогі прыбіраў, каб не раздушыць, і гімны Сонцу складаў.
Праўда, насцярогу мніхаў зразумець можна: Бог ведае, хто тут бадзяецца, разбойнікі, дэзерціры, ці мала яны тых кляштараў папалілі, павыразалі...
Урэшце тройца беларусаў адагрэлася ля манастырскага каміна, атрымала па брунатным балахоне з грубага радна, выхлебтала па місе поліўкі з проса і рэпы і літаральна павалілася на сеннік, ледзь здолеўшы прачытаць належныя малітвы. Шкада, з напояў далі толькі гусінага піва — простай вады. Зранку Лёднік павінен быў выдраць некалькі гнілых зубоў у капуцынскай браціі, Алесь — адладзіць ахвяраваны кімсьці кляштару гадзіннік з рухомымі фігуркамі Святога Сямейства, а Пранціш — разгаварыць мніхаў на прадмет плётак і чутак наконт аўстрыйскай арыстакратыі і схіліць сэрцы да большай гасціннасці.
Што й было паспяхова выканана.
I калі бляклае восеньскае сонца ўзлезла на самую гару дня, Вырвіч з Лёднікамі трэсліся на возе са сплеценымі на продаж кошыкамі, які браў кірунак ў Бадэн. Воз належаў не мніхам, ім забаранялася мець маёмасць, а змрочнаму таўсманаму аўстрыйцу з бліжэйшага ад манастыра хутара. Прычым капуцын, які адвёў гасцей на той хутар і якому таксама трэба было ў Бадэн, худы маўклівы старэча, ішоў за возам пешкі, як належала па старажытным запавеце ордэна. З-пад вострага капюшона можна было разгледзець толькі сіва-чорную бараду.
А занесла ліцвінаў ні многа ні мала — вёрстаў за трыццаць ад Бадэна. За час, што адняло прымусовае купанне ды вяртанне, імператрыца Марыя Тэрэзія сапраўды выправілася на спатканне да сужонца, які ўжо колькі год знаходзіўся ў лепшым свеце, і звестка пра гэта дайшла, прынамсі, да капуцынскага манастыра і згубленага ў гарах хутара. Ад таго ж уладальніка воза даведаліся, што Марыя Тэрэзія даўно падрыхтавала ў Венскай крыпце Габсбургаў, што пад капліцай капуцынаў, годную магілу, напалам з мужам. Вялізны каменны ложак, на якім ляжаць яны абое ў каменным жа выглядзе. Пры жыцці «матухна ўсяе Еўропы» страшэнна раўнавала свайго Франца, які сапраўды быў ахвочы да жаночых вабнасцяў, і змушала начаваць толькі ў адным ложку з сабою. I каменны імператар быў высечаны скульптарам, знарок ці выпадкова, у такой паставе, нібы яму так і карціць з таго ложка ад пільнай сужонкі саскочыць.
Так што Бадэн быў у жалобе. Госцейкі, якія панаехалі на лекавыя воды, спаборнічалі ў вытанчанасці жалобных строяў і найбольш тонкім выказванні гора. Адна панечка праславілася тым, што загадала пафарбаваць сваіх мопсаў у чорны колер.
Але вуліцы моднага гарадка заўважна апусцелі. Забаўляльныя ўстановы пазачыняліся, гэта адно, а па-другое — усе, хто меў шанец патрапіць на пахавальныя цырымоніі, рынуўся ў Вену. Так што на траіх мужчынаў у капуцынскіх рызах і падзёртых плашчах, толькі не падпяразаных па звычаі вяроўкамі, ніхто ўвагі не звяртаў. Добра, што вострыя капюшоны дапамагаюць схаваць абліччы — рана яшчэ ўваскрасаць.
I ў гасцявым доме «Зялёны дыямент» ля чумной калоны, дзе знялі другі паверх тыдзень таму — а здаецца, месяц прайшоў! — ніхто не азваўся. Дзверы адчыненыя, ні жывой душы, неахайна — хаця такі быў вылізаны дамок, калі засяляліся, нават складкі на фіранках як пад лінейку. Пранціш нахіліўся над раскіданымі на падлозе вельмі знаёмымі аркушамі... Што такое — ягоны рукапіс! Прыгоды рыцара Плексігласа з вогненным мячом! Вырвіч пахапаў з падлогі лісты i, калоцячыся ад злосці, набег шукаць злыдня-гаспадара.
Той знайшоўся ў сваім пакоі на першым паверсе, у фатэлі, з мокрым ручніком на галаве. Ля хворага мужа завіхалася жонка, яе твар быў заплаканы, а погляд, якім яна сустрэла пастаяльцаў, — ненавісна-спалоханы.
Гаспадар на справядлівыя прэтэнзіі Пранціша вызверыўся, як загнаны ў кут пацук. Што ягоныя жыльцы вытварылі, ён не ведае i ведаць не хоча, але праз ix у яго самавітым доме быў ператрус па загадзе даверанай асобы самой імператрыцы. Што шукалі, што забралі — гатэльшчыку як індыку да фісгармоніі... А хоча ён аднаго — каб паны махляры забралі свае рэчы і назаўсёды зніклі адсюль. А што яны махляры — адразу відаць, прыстойныя ў манахаў не пераапранаюцца. А вунь таго насатага пана на руках нядаўна насілі, а зараз сам прыбег. І не, іхняя прыслуга, два дзецюкі, не з’яўляліся. I добра. Чарнявы волат кухарку з тропу збіваў, да граху схіляў, а маладзейшы не толькі той кухарцы, але й пачцівай гаспадыні дома ўслед пляваў з нядобрымі словамі. Карацей, вымятайцеся, госцейкі, пакуль паліцыю не паклікалі!
Які лёс японскага куфэрачка, Каруся ды Сцяцко, думаць не хацелася.
Пакоі на другім паверсе, якія ліцвіны здымалі, нагадвалі размазаную п’яным мастаком карціну. Ніводнай цэлай рэчы. У адзення ўспоратыя швы, у ботаў паадрываныя абцасы, ножкі крэслаў паадламаныя, нават дошкі падлогі там-сям выдраныя. Дзверцы печкі з выцісненай калясніцай Геліяса адчыненыя, на падлозе рассыпаны вугаль... Вырвіч кінуўся туды, сунуў руку ў чорны рот печкі, памацаў... Забралі, ірады! Там, унутры, за выступам, куды агонь не дастае, Пранціш прыхаваў жменьку залатых у жалезнай скрынцы... Нічога не прапусцілі паскуднікі. Арфанус шукалі па-майстэрску. Пад нагамі хрумсцелі аскалёпкі шкляніц ад Лёднікавых мікстур.
Добра, што паспелі адправіць куфры Сафійкі ў дом да пані Жылкі і практычны Вырвіч перахаваў у тых куфрах ладную частку Тызенгаўзавых грошай, разважыўшы, што ў пакоях Ганулькі, строгай маці сямейства, менш злодзеяў, чым у гасцявым доме.
Лёднік задумліва складаў у хустку свае медычныя інструменты, беражліва сціраючы пыл. Ягоную доктарскую валізку нібыта цмок перажаваў, а ланцэты ды пінцэты толькі грэбліва адкінулі. Вырвіч гэтак жа беражліва збіраў патаптаныя, пакамечаныя лісты рукапісаў.
Паколькі ўсё, што засталося цэлым і ўяўляла каштоўнасць, злыдні вынеслі — а чаго цырымоніцца з маёмасцю мерцвякоў? — здабыча змясцілася ў двух клунках. I пераапрануцца не было ў што. Пранціш паспрабаваў быў замест шэрых ад старасці драўляных чаравікаў, што ім вылучылі ў манастыры, абуць свае парэзаныя боты з ададранымі падэшвамі — але ўпэўніўся, што як ні падвязвай вяроўкамі, далёка ў гэтых калеках не пройдзеш.
Што ж, такое тут сала, як у зайца пер’е. Так і пайшлі шукаць дом пані Ганны Жылкі, у капуцынскіх балахонах. Можа, i лепей... Хто на сціплых мніхаў ордэна, якія павінны сілкавацца толькі ад жабравання, увагу зверне? Адна добрая фрау ля карчмы нават спрабавала ўсунуць Лёдніку пфенінг, відаць, як самаму высокаму і худому.
Дыхтоўная камяніца паноў Жылкаў з зялёнымі аканіцамі, пад вострым чарапічным дахам ля храма Яну Непамуцкаму чамусь карысталася сёння папулярнасцю... Ля цяжкіх дубовых дзвярэй, акаваных жалезам, тоўпіліся людзі. А менавіта дубаломы ў мундзірах асабістай гвардыі Ржавускіх. Мусіць, тыя самыя, што абшуквалі Лёдніка і Вырвіча ў егіпецкай зале, а затым ператрэслі іхнія рэчы ў гасцявым доме. Кепска, што з імі быў пан у форме мясцовага паліцмайстра.
Трое капуцынаў спыніліся за рагом суседняга дома, услухоўваючыся ў размову. Размова была гучнай, бо гаспадыня адказвала з акна на другім паверсе. Даволі рэзка запэўніваючы, што ніякіх зладзеяў у яе доме ніколі не было і не будзе, а на гвалтоўны напад яе людзі адкажуць кулямі. А хто з нападнікаў ацалее — скончыць жыццё на шыбенщы, як толькі шаноўны бурмістр фон Вальцэр вернецца з Вены.
— Вельмішаноўная фрау Жылкаф, — жаласным голасам апраўдваўся паліцмайстар, — вы ж ведаеце, як я шаную i ваша пачцівае сямейства, i яго мосць фон Вальцэра. Але зразумейце маё становішча, мілая фрау Жылкаф — у гэтых паноў папера, падпісаная імператрыцай, хай Гасподзь дасць ёй найлепшае месца ў садах нябёсных. Згодна з той паперай прынцэса Радзівіл прадстаўляе ў Бадэне інтарэсы дома Габсбургаў. А яе высокасць сцвярджае, быццам у нашым горадзе з’явіліся людзі, што прыўлашчылі вялікую каштоўнасць дома Габсбургаў, якую належыць вярнуць імператару Ёзафу.
А мой жа ты свой, ды няродненькі... Бач ты, пані Тэрка хоча цяпер уцерціся ў міласць да імператара Ёзафа! Значыць, задумала камень з кароны Карла Вялікага яму асабіста прэзентаваць, у абыход канцлера.
— Яснавяльможная пані Жылкаф, ну ёсць жа сведкі, што ў ваш дом забеглі бандзюганы, якія купальню разнеслі!
Ганулька ганарыстa адказала, што ніякіх бандзюганаў не ведае, а сваіх добрых сяброў і іх слугаў бярэ пад сваю апеку. I ёй падаецца дзіўным, што тыя сябры, пан Пранціш Вырвіч i доктар Баўтрамей Лёднік, некуды з’ехалі, пра гэта не папярэдзіўшы, і яна збіраецца іх шукаць. Яе падтрымаў, таксама высунуўшыся ў акно, старэйшы сын, той самы кірпаносы Валенты, — відаць, не стрымаўся, каб не давесці, што фактычна ён — галоўны ў сям’і. Пагразіўся прыхадням — і неахвотна знік. Матка, мяркуючы па ўсім, загадала шчаўліку не высоўвацца.
Паліцмайстар зноў заныў, разрываючыся між двух вялікіх начальстваў. З аднаго боку — бурмістр і ягоная сваячка пані Жылкава. З другога — улюбёнка імператрыцы Тэрэза Радзівіл, якая, безумоўна, добра знаёмая з кіраўніцтвам горада і залатым пясочкам іх сцежкі пасыпала.
Слова ўзяў чалавек у чорным, ахоўнік пані Тэркі. Ён ветліва папрасіў пані Жылку, якую, бясспрэчна, праз яе дабрыню i добразычлівасць увялі ў зман, пашукаць у рэчах сваіх падазроных гасцей — двух мужчын і дзяўчынкі — каштоўнасць дома Габсбургаў. Іначай справа пяройдзе ў імператарскі суд.
I нават зачытаў з паперы, што менавіта шукаюць: драўляную скрыначку велічынёй у два вяршкі, упрыгожаную чорнымі знакамі, якую немагчыма адчыніць звычайнымі спосабамі.
Значыць, пры Тызенгаўзе меліся шпегі. Хаця хто б сумняваўся...
Раптам у акно замест гаспадыні высунуўся Карусь, яго санлівая фізіяномія не выказвала ні страху, ні трывогі, і голас быў лянівы.
— Так бы адразу паны і сказалі, што ім трэба, — пушчанскі хлопец гаварыў на ламанай нямецкай мове цалкам уцямна. — А то б’юцца ды б’юцца...
I кінуў уніз нешта невялікае.
Чалавек у чорным схапіў кінуты прадмет, нібыта не верачы ў сваё шчасце, і вуліца ля дома з зялёнымі аканіцамі апусцела, як талерка са свежымі аладкамі ў багатым дзятвой доме. Толькі паліцмайстар выкрыкваў дрыжачым голасам словы ўдзячнасці ды прасіў літасці за праяўленую непавагу.
Падобна, Карусь аддаў нападнікам Арфанус.
Мо і лепей? Але Пранцішу ўсё-ткі было прыкра. Няўжо вось так проста, за гарэлы блінец, прайграць паскудніцы Радзівілісе і зноў яна толькі пасмяецца над імі? Алесь побач аж калаціўся ад гневу. Толькі Лёднік спакойны, мармыча сабе пацеры пад нос у глыбі капюшона, як праўдзівы мніх.
Нарэшце, калі сышоў паліцмайстар, насмеліліся пастукацца ў дом з зялёнымі аканіцамі...
Калі ўдалося трапіць праз пільную варту ў дом... Ну што там апісваць сустрэчу тых, хто трывожыўся адзін за аднаго?
Сафійка раўла, павіснуўшы на шыі ў таткі, і ніколечкі не саромелася, што яе палічаць малой смаркачкай. Вочы Ганулькі свяціліся цёплым цёмным агнём. Вядома, усе дзівіліся цудоўнаму ацаленню Баўтрамея. Карусь і Сцяцко шырока ўсміхаліся. Толькі старэйшы Ганульчын сынок, кірпаносы Валенты, пазіраў насцярожана. Нават малыя Жылкавы выбраліся са свайго пакоя, і Адаська, усё яшчэ з перавязанай рукой, таксама радасна кінуўся да Лёдніка:
— Пан доктар!
Пранціш у чарговы раз дзіву даўся, чаго гэта да пагрознага мізантропа Лёдніка цягнуцца малыя дзеці і гожыя кабеты...
Не, пра кабет згадваць не варта. Самую гожую і адзіна патрэбную Баўтрамей страціў.
Калі пераапранутыя i накормленыя недатапельцы, застаўшыся у коле пасвечаных, дайшлі да расповеду, што з імі здарылася, пані Жылкава схапілася за галаву, а Сцяцко, не ведаючы, як спагнаць гнеў, ляснуў кулаком у сцяну... Не прабіў, не Баўтрамей. Гнеў парубка са Львоўшчыны быў зразумелы: іх з братам Грыцко пані Тэрэза хацела прадаць рэкрутамі ў аўстрыйскую армію — гандаль такі ў сваіх украінскіх маёнтках завяла. А калі Лёднік з Пранцішам братоў вывезлі ў Беларусь, Грыцко загінуў у перастрэлцы, учыненай дзеля забойства панны Праксэды Брастоўскай.
— Вось гадаўка! А мы з Карусём так і адчувалі, што паны ў бядзе. Чакалі, чакалі... Потым да нас жаўнеры падляцелі, хацелі звесці ды абшукаць, — блішчэў чорнымі вачыма Сцяцко. — Ну, шаблі ў нас з сабою былі, дый не хліпкія мы з Каруськом...
Значыць, і праўда купальню разнеслі...
— Нікога хоць не пазабівалі? — строга папытаўся Чорны Доктар.
Мацакі моўчкі зірнулі адзін на аднаго, паціснулі плячыма.
— Толькі насілкамі панскімі кагось пасшыбалі. Але, здаецца, не насмерць, — пачухаў патыліцу Карусь.
Ну, калі шпурнуць у кагось партшэз...
— Ды як жа ты, такі адчайны, пані Тэрэзе вось так проста каштоўнасць, давераную твайму пану, аддаў? — не стрымаў дакору Пранціш.
Карусь нават не змаргнуў.
— Яны што прасілі? Скрынку прасілі. Вось і атрымалі скрынку. Змесціва вось...
Хлопец раскруціў свой тканы пояс... Арфанус падміргнуў мутна-крывавым вокам. Лёднік не здзівіўся, толькі кіўнуў галавой, значыць, здагадваўся. Сам жа навучыў Каруся японскі куфэрак адчыняць...
Алесь, які не бачыў яшчэ легендарны апал, з цікавасцю пакруціў яго ў пальцах, паднёс да вачэй...
— I як доўга Радзівілавы паслугачы не зразумеюць, што ў іх пустышка? — змрочна ўдакладніў Пранціш
— Калі Гасподзь дапаможа, дык і не зразумеюць.
Хлопец паціраў збітыя суглобы пальцаў.
— Дык вось для чаго табе белы камень патрэбны быў! — усміхнулася Ганулька і патлумачыла: — Карусь паклаў у той куфэрак мой адуляр.
— Папрасіў у пані напрамілы бог які-небудзь каменьчык, — кіўнуў хлапец. — Не сквапная пані, разумная.
Значыць, Ганулька ўмудрылася патрапіць у кароткі спіс асобаў жаночага полу, якіх Карусь не лічыў за грэх слухацца. Дагэтуль у ім была толькі Саламея Лёднік... Ну і трохі Сафійка.
— Добра, пад рукой меўся, на туалетным століку. Ад цётачкі дастаўся месяцавы камень, адуляр, — патлумачыла Ганулька. — Ён неапрацаваны, цётачка казала — ад галавы дапамагае. Як галава баліць — пакачаць яго па лбе.
Пранціш з павагай зірнуў на пушчанскага дзікуна.
— Першы ж злотнік, вядома, скажа, што гэта не апал, — задумліва прагаварыў Лёднік. — Але, з другога боку, сведкаў, што там у кароне насамрэч было, даўно зямля з’ела. Алесь, хто зможа ў вас адчыніць японскі куфэрак, падобны да таго, што мы ў пана Пачобута-Адляніцкага ў Вільні бачылі? Толькі складаней, хадоў на трыццаць задачка...
Аўстрыйскі студыёзус задумаўся.
— Хіба мой настаўнік, гер Кемпелен.
Пранціш здзівіўся.
— Ды што ім дрэва пашчапаць без усялякіх прамудрасцей?
— Пабаяцца змесціва пашкодзіць, — упэўнена сказаў Лёднік. — Там дрэва так апрацаванае, што мацнейшае за жалеза. Ну, калі надакучыць палюбоўна разбірацца — могуць і пілаваць. Але ў любым выпадку часу ў нас няшмат. Трэба скарыстацца тым, што ворагі нас лічаць нябожчыкамі, і самім перадаць Арфанус канцлеру ды распавесці пра інтрыгі пані Радзівіл. Іначай не выблытаемся.
Пранціш моўчкі кіўнуў. Даручэнне падскарбія належыць выканаць. Нават калі Лёднікі могуць зараз кудысь з’ехаць, схавацца, у Пранціша сям’я засталася ў Беларусі. А Тызенгаўз помслівы. I галоўнае — шляхецкі гонар, які застанецца заплямлены: выйдзе, што прыўлашчылі грошы і падарунак для канцлера. Ну і ёсць надзея, што графу Каўніцу не дужа спадабаюцца выбрыкі пані Тэркі.
— Толькі, пакуль не скончацца ўсе жалобныя цырымоніі, спрабаваць дарэмна, — запэўніла Ганулька. — Думаю, хіба пасля Калядаў атрымаецца. Пакуль лячыцеся, адпачывайце.
Уранку Пранціш прачнуўся ад грукату ў суседнім пакоі, які займаў Лёднік. Пабег глядзець — доктар з падлогі падымаецца, злосны, локаць пацірае. Уздумаў кітайскія трэнінгі аднавіць, па сценах скакаць. Як шкаляр, далібог.
Вось Сафійка на дзіця ўсё менш падобная. Box, адчувае дзеўка сваю моц над сэрцамі.
Неяк Пранціш сядзеў у бібліятэцы — быў такі дыхтоўны пакой у Жылкавым доме, з высокімі шафамі чорнага дрэва, запоўненымі фаліянтамі, з вялізным мядзяным глобусам, з утульнымі скуранымі фатэлямі, — і гартаў цяжкую таміну французскай рыцарскай паэзіі. Не тое каб Вырвіч добра ведаў старафранцузскую мову, але прыгожыя моманты знаходзіў, якія маглі прыдасца для паэмы пра харобрага Плексігласа. Раптам пачуліся крокі, і праз расчыненыя дзверы падкаморы пабачыў у калідоры кампанію: наперадзе шыбуе Сафійка з прыгожым разьбяным куфэркам са слановай косткі ў руках, за Сафійкай — пан Валенты Жылка, што з усіх сіл намагаецца падавацца дарослым ды важным, за імі — змрочны боўдзіла Карусь, рукі за поясам... I мармыча павучальна:
— Не справа паненкі — гуляцца ў шахматы.
А Сафійка вачыма як блісне — ды выпусціла куфэрак... Пранціш мог свой рукапіс закласці — знарок. Ды яшчэ так выпусціла, каб шахматныя фігуркі, зграбненькія, з залатымі налепкамі, па калідоры рассыпаліся.
I ганарыста, з выклікам глядзіць на пушчанскага хлапца:
— Ну што стаіш? Падбірай!
Карусь моўчкі стаў на калені, пацягнуўся за раскіданымі фігуркамі.
— Усё роўна паненка Соф’я да гэтай гульні здольнасцяў не мае.
Лёднічанка ўспыхнула ад гневу, юны Валенты зараз жа памкнуўся абараняць гонар сваей дамы i замахнуўся на дзёрзкага слугу.
— Змоўч, халоп!
Але Карусь, не ўстаючы з каленяў, перахапіў кулак паніча так, што той скрывіўся ад болю. Твар дзікуна страціў санлівы выраз, сінія вочы схаладнелі да хрышчэнскага лёду.
— Я пану не служу. Я толькі Лёднікам служу. У вольнай пушчы нарадзіўся. З ваўкамі гуляў, на мядзведзя хадзіў. Слугам Сатанііла насы раўняў.
Пранцішу ўсё меней падабалася сцэна. Не забыўся яшчэ, як калісьці ён, недавучаны шкаляр, ставіў свайго слугу доктара Лёдніка на калені і змушаў цалаваць сабе руку — хацелася дурному шчаўліку сцвердзіць сваю значнасць перад вучоным ганарыстым халопам... Дасюль сорамна. Але ж зазвычай арыстакратам за падобнае і ў галаву не прыйдзе саромецца. Здаралася, такіх жа братоў у шляхецтве, толькі бедных, замардоўвалі...
Паніч Жылка вырваўся з хваткі Каруся ўвесь чырвоны ад злосці.
— Слуга! Нікчэмнасць! На шляхціца руку падымаць? Ды я цябе...
Карусь, як нічога не было, працягваў збіраць пешак ды ферзёў у куфэрак. Вырвіч не паспеў умяшацца — знерваваная Сафійка тузанула шляхетнага кавалера за рукаў:
— Пан Жылка, не варта. Пойдземце.
Валенты неахвотна скіраваўся да шахматнага століка ля акна бібліятэкі. Сафійка азірнулася на слугу, які поўзаў пад яе нагамі. Пранціш мог прысягнуць — ейныя прыўкрасныя вочы збліснулі зласліва пры гэтым відовішчы:
— Закончыш збіраць — прынясеш нам.
Карусь прамаўчаў, звяртаючы ўвагу на паненку не болей, чым на сцяну. Сафійка расчаравана прыкусіла ружовую губку, рэзка развярнулася... I ледзь не ўрэзалася ў дзядзьку Пранціша. Сустрэлася з ягоным нязвыкла суровым позіркам, сумелася... Апусціла вочы, пачырванела...
«Не, не падобная яна да маці, — з горыччу падумалася Вырвічу. — Трэба абавязкова пагаварыць з Лёднікам пра хросніцу».
Пранціш затрымаўся каля Каруся, які акуратна складваў апошнія шахматы ў куфэрак.
— Асцярожней, хлопец.
Той нават не зірнуў на пана.
— Гасподзь — шчыт мой.
Што тут зробіш... Рабом можна быць, нават маючы палац, i не стаць рабом, нават калі цябе прададуць i паставяць на калені. Цяпер упартая адмова хлапца садзіцца за стол з гаспадарамі і займацца «панскімі фіглямі» бачылася зусім не праявай сціпласці.
Дзіўна — у доме сабралася поўна моладзі ды дзятвы, але ўсе паасобку... Вось калі ў Капанічы прыязджалі госці, абавязкова цесць Пранціша, пан Гараўскі, зладжваў шумныя гульні. У шарады, у фанты... Ці проста ўсе сядзелі ля каміна, у нетутэйшым водары кальяна, якім аматар усходніх дзівосаў пан Валенты Гараўскі нязменна пыхкаў, і распавядалі адзін аднаму цікавыя гісторыі, чыталі ўслых якуюсь новую кнігу — толькі не блюзнерскі французскі раман, гэта ў сябе ў пакоях. Спявалі, гралі хто на якім інструменце... Нават Пранціш трохі на мандаліне брынькаў. Дамініка малявала, дзеткі гуляліся з цацкамі...
Вырвіч ледзь не ўзвыў ад тугі па тых чароўных сямейных вечарах. Тут жа гаспадыня строга пільнавала, каб было ціха і пачціва, і кожны з прыслугі штохвілю меў карысны занятак або маліўся. Лёднік на самоце займаецца гімнастыкай ці калбаціць лекі для сябе ды Жылкавага сямейства, ну яшчэ часам з панам Месінгам нейкую навуковую навіну абмяркуе. Сафійка муштруе кавалераў, а Алесь... Вырвіч неяк зазірнуў у ягоны пакой — хлапец сядзеў за сталом, перад ім туды-сюды бегала мыш... Нібыта на нітку навязаная. А малодшы Лёднік, засяроджана паглядаючы на паддоследную жывёлку, нешта занатоўваў у сшытку.
Нічогенька сабе баўленне часу для маладзёна!
А калі Бутрым паспрабаваў далучыць сынка да абмеркавання свайго апошняга артыкула ў венскім навуковым часопісе, нядаўні студыёзус пачціва заявіў, што чытаў, ацаніў. I цяпер калі і будзе прапаноўваць да друку свае ўласныя артыкулы, дык толькі пад псеўданімам. Каб больш не параўноўвалі нейкага там даследчыка-пачынальніка Аляксандра Лёдніка з сусветна вядомым бліскучым палемістам Баўтрамеем Лёднікам, якога пераўзысці немагчыма.
За пачцівасцю праглядала застарэлая крыўда, як скрозь дарагія карункі — балючыя шнары.
З Ганулькай адносіны выбудоўваліся... незразумелыя. Былая нявеста пазбягала размоў з колішнім жаніхом. Прывітаецца, гледзячы міма, і ўсё. З Лёднікам куды вальней паводзілася — і пра здароўе сваіх дзетак параіцца, і пра пакручастыя шляхі пана доктара са шчырай цікавасцю ды спачуваннем параспытвае...
Ну грэшны, грэшны Пранціш... Хоць і думкі не дапускаў здрадзіць Дамініцы, але ўяўлялася: а як бы склалася жыццё вось з гэтай кабетай? Прыгожая... Hi твар, ні пастава не расплыліся... Добрая, але і строгая. Няма больш той рахманасці — «ешце мяне мухі з камарамі», — якая, прызнацца, драгуна Вырвіча раздражняла.
Недагаворанасць адчувалася, як пах пажарышча, знарочыстае пазбяганне чапляла за жывое. І ўсё мацнела злачыннае жаданне — расцвеліць, разадзьмуць прысак былых пачуццяў...
Урэшце Вырвіч наважыўся і сам перапыніў пані, калі побач не было чужых вачэй.
— Пані Жылка... Ганулька... Нешта мы з вамі... з табой... нейкія стрэмкі не выцягнулі з мінулага.
Няўжо ў хуткім цёмным позірку, акрым насцярогі, мільгануў спалох?
— Не разумею, пра што васпан...
Пранціш не наважыўся ўзяць гаспадыню дома за руку.
— Я вельмі вінаваты перад вашаю мосцю. I так і не папрасіў асабіста прабачэння... Паверце, я адмовіўся звязаць жыццё з вамі зусім не таму, што вы мелі ў маіх вачах нейкія недахопы... Гэта я быў не варты вас... Вы... цудоўная...
А словы як цяжка прыходзяць!
Ганулька ганарыста закінула галаву ў карункавым чорным каптурыку.
— Гасподзь упраўляе як лепей. Хіба я была б шчаслівай з чалавекам, які мяне не кахае?
Вырвіч няёмка кашлянуў.
— Зрэшты, і на мне грэх, — працягвала гаварыць занадта роўным тонам Ганулька. — Не схаваю — калі даведалася, што вы аддалі перавагу нейкай... амаральнай асобе, прыгоннай танцорцы... Змірыцца было цяжка. А потым, калi яна ад вас збегла i вы таксама атрымалі гарбуза, — я радавалася вашаму болю. Так што... прабачце мяне.
Пранціш мог толькі пакланіцца такой дабрадзейнасці і міласэрнасці ды рэціравацца...
— Пан Вырвіч!
Ганулька стаяла на фоне сцяны з фанабэрыстымі фамільнымі партрэтамі такая збянтэжаная ды расчырванелая...
— У мяне... просьба... Раз ужо нас лёс звёў... Вы так ні разу мяне i не пацалавалі. А я столькі ўяўляла...
Сэрца Пранціша падскочыла, як заяц у жыце.
Кахае! Усё яшчэ кахае! Увесь гэты час пра яго, здрадлівага жаніха, думала! I гэта ж усяго толькі пацалунак...
Але Вырвіч быў дастаткова сталы, каб разумець, што не сардэчнае пачуццё яго прыемна ўсхвалявала, а задаволенае самалюбства. I гэта яшчэ больш сорамна...
Дабіўся, дурань, разадзьмуў прысак... Узрушыў прыстойную кабету вось да якіх просьбаў.
Але Ганулька сама абарвала няёмкую сітуацыю. Закрыла твар рукамі, засмяялася горка:
— Прабачце, не ведаю, што найшло...
I Вырвіч з палёгкай пацалаваў яе тонкую далікатную ручку... Намагаючыся не звярнуць увагі, што пальцы трохі дрыжэлі.
А наступствы сцэны ў бібліятэцы праявіліся ў той жа дзень.
Пані Жылкава, мілая Ганулька, запатрабавала ў Лёдніка пакараць ягонага слугу, які пасмеў падняць руку на маладога гаспадара дома. Тут дараваць няможна. Як Гасподзь казаў, хто шкадуе розгі сыну свайму, не любіць свайго сына. А слугі — таксама дзеці нашыя.
— Я ніколі не падымаў руку на сваіх дзяцей i на прыслугу, — цвёрда адказаў Баўтрамей. — I не веру ў віну Каруся — ён сумленны i добры хлопец. Ці вам не ведаць, пані Ганна, як часам злоўжываюць тым, што слуга не можа абараніцца?
Заўвага біла па балючым. Князёўна Паланэя Багінская калісьці змусіла сваю прыслугу Ганульку адправіцца замест сябе у кляштар. А калі падман выкрыўся — на сваю верную кампаньёнку проста забылася i той давялося зведаць сапраўднае пекла.
— Гасподзь падзяліў людей на паноў i слуг, — лагодна азвалася Ганулька. — I парушаць гэты закон нельга. Слуга павінен быць рахманы і цярплівы. Я сама гэтым кіравалася.
Пранціш не вытрымаў і распавёў, чаму быў сведкам. Пані Жылкаву ні ў чым не пераканаў... Што хацець — матка заўсёды на баку дзіцяці, а сынок, напэўна, наплёў жахаў пра напад. А вось Лёднік пераняўся. I вечарам Пранціш чуў з яго пакоя абураны, плаксівы голас Сафійкі:
— А чаму ты не са мной займаешся матэматыкай, а з гэтым дзікуном? Кніжкі яму даеш... Гісторыі расказваеш. Нават фехтаваць вучыш. А мне ні разу шаблю у руках патрымаць не даў! Ён хто табе? Ніхто! Ты яго купіў! Маці таксама на яго час траціла, усё даравала... А ён на яе бурчэў.
Голас Бутрамея быў не столькі гнеўны, колькі разгублены:
— Дачушка, ты не забыла, што дзед твой скуры вырабляў, а бацьку таксама прадавалі ў рабства? Адкуль у табе гэтая пыха?
«Ды не пыха тут», — з прыкрасцю падумаў Пранціш. Ён паспрабаваў давесці Бутрыму: Сафійка — падлетак, сама заблыталася... Ёй падтрымка пасля смерці Саламеі патрэбная, а бацька ў сваіх перажываннях замкнуўся. Дзіва што дзеўка раўнуе яго. А чубы праз красунек у хлапцоў заўсёды трашчалі.
— З’язджаем, — змрочна абвясціў Баўтрамей. — Хопіць непрыемнасцяў праз нас гэтаму дому.
А назаўтра да Бутрыма прыйшоў Карусь.
— Не трэба праз мяне з пані Ганнай сварыцца. Тут вам з паненкай бяспечна. Адсцябай мяне добра, хай кірпаты паніч супакоіцца. Не бойся, я моцны, мне гэта — цьху... А калi не можаш — добры ты занадта, пан, — загадай, каб я даў сябе адсцябаць гэтаму... кірпатаму. Без твайго загаду не дазволю нікому сябе крануць. Рукі вырву.
А Бутрым... Што Бутрым? Моцна абняў падапечнага ды запэўніў, што хутчэй сябе дасць збіць, чым кагось з бліжніх.
Два дурні.
Каб прафесар Лёднік такі паблажлівы быў, калі студыёзуса Вырвіча ў карцар адпраўляў у Віленскай акадэміі.
Давялося ўмешвацца спрактыкаванаму суддзі.
Лясун наадрэз адмовіўся зманіць, што яго пакаралі, — не можна лгаць, і ўсё. Прасіць прабачэння адмовіўся таксама — віны перад кірпатым не адчувае, таксама атрымаецца мана...
Перад Ганулькай Пранціш мянціў языком доўга, прыгожа і дарэмна. Пані шчыра не бачыла нічога заганнага, каб даць пытлю праштрафленаму прыслужніку. Сама колькі перацярпела — і ад княжны Паланэі, і ў кляштары... Пакуты целу — ратунак душы. Сцяцко цішком прызнаўся пану Вырвічу, што Каруська нешта задумаў: клунак збірае... Ці не ўцячы мысліць? Прападзе хлопец... Такога ладнага і дужага схопяць — ды ў рэкруты.
Затое пан Валенты Жылка, пачуўшы, што госці, каб не рабіць яму прыкрасці, з’едуць i звязуць з сабой чароўную Сафійку, адразу ацаліў абражаны гонар, задаволіўся выбачэннямі i абяцаннем, што дзёрзкі слуга не будзе трапляцца яму на вочы.
Алесь увесь гэты час прабавіў у сваім пакоі, вывучаючы мышыны арганізм.
Так што пасля смерці Саламеі нагадвала сям’я Лёднікаў разбіты карабель, абломкі якога паныла гайдаліся на хвалях.
Карусь умову не паказвацца ў панскіх пакоях успрыняў як заўсёды — моўчкі, не змяніўшыся ў твары. Гэтак жа, як параду выкінуць з галавы думкі пра ўцёкі. Зараз, на чужыне, разам трэба трымацца.
А разам атрымлівалася кепска.
Алесь, відаць, цяжка перажываў, што дапамог клятай Тэрэзе Радзівіл — каб не ягонае пасрэдніцтва, з пані ніхто i гаварыць не стаў бы, ні пра шлюб падскарбія, ні пра камень. Сафійка на ўсіх дзьмулася — колькі можна сядзець у доме, як у вязніцы? — і даймала капрызамі пана Валентага Жылку, які быў з таго шчаслівы, а часам мела ласку пагуляць i з ягонымі малодшымі братамі. Лёднік мэнчыўся, што дзеці аддаліліся, а выправіць не меў ні моцы, ні досведу. Знайшоў прасторную залу для трэнінгаў у сутарэннях, часам Пранціш з ім сыходзіўся на шаблях, часам, да абурэння Вырвіча, Карусь. Санлівы выгляд аказаўся падманлівым, лясны дзікун досыць лёгка ўварочваўся і меў цвёрдую руку... Але не дай гасподзь даведаецца пільнавальніца сармацкіх звычаяў Жылкава, што высакароднаму майстэрству шабельнага бою вучаць слугу, халопа!
Карацей, калі пасля Калядаў i Новага года пастанавілі з’язджаць — Пранціш гатовы быў пешкі бегчы з гасціннага дома, ад дабрадзейнай мілай Ганулькі, якая адразу заявіла, што Сафійку варта пакінуць у ix. А каб не сядзела небарака пад замком ды мела законнае права з імі жыць, ці не зладзіць ейныя заручыны з панам Валентым Жылкам? Сын, пачцівы сціплы юнак, мае да панны Лёднічанкі самыя шчырыя пачуцці... I пасаг яго не цікавіць. А вяселле зладзіцца, як нявеста падрасце, а жаніх зойме годную спадчынную пасаду... А быць Валентаму ваяводам гады праз два.
Пранціш здагадваўся, што так абернецца. Ну і добрае выйсце! Лепш, чым паненка патрапіць у лапы Мануцы ці цягаць наравістую красуньку па дарогах Еўропы, дзе ніколі не сканчаюцца войны. Для нерадавітай небагатай нявесты — выдатная партыя! Лёднік не выглядаў задаволеным, але сказаў — няхай дачка рашае.
А што дачка? Сафійка зачырванелася, потым збялела, тады ганарыста закінула галаву і заявіла, што мусіць пару дзён падумаць.
Бачыў Пранціш, як яна думае, калі ішоў на трэнінг да Баўтрамея ў сутарэнні. Нібыта выпадкова, у задуменнях летуценных паненка спусцілася на першы паверх, скіравалася ў бок кухні, дзе памяшканні для лёкаяў ды кухарак... А вось якраз Сцяцко сядзіць ля печы, напраўляе жалезную прыладу... Пастуквае асцярожна малатком, які здаецца цацачным у ягоных дужых руках. Што тут жа побач Карусь сядзіць над тоўстай канторскай кнігай і нешта падлічвае (з падачы Вырвіча хлапца прыстасавалі да вядзення рахункаў) — вядома, выпадковасць. Сафійка нават не зірнула на цельпука. Але Пранціш з цікавасці затрымаўся ў калідоры.
— Сцяцко, не бачыў, дзе мой пан-бацька?
Парубак на хвілю прыпыніў стуканне.
— Унізе, ваша мосць. Толькі не варта яго зараз турбаваць, ён са зброяй займаецца.
Красунька ганарыста задзерла галаву.
— Ведаеш, Сцяцко, пан Валенты Жылка просіць мяне стаць ягонай нявестай.
Гайдук паціснуў дужымі плячыма.
— Жадаю шчасця вашай мосці.
Дзеўка чагось чакала... Ці не таго, каб слуга, які схіліўся над канторскай кнігай, перастаў пісаць і выявіў прыкметы... адчаю? Абурэння? Незадаволенасці? Але пяро працягвала размерана рыпець і дзюбацца ў масянжовую чарніліцу.
— Табе падабаецца мой жаніх, Сцяцко?
Ой, не да гайдука гэтае пытанне скіраванае.
— Сям’я добрая, ваша мосць. Багатая. I землякі яны вашыя, на чужыне не застануцца. Светлай памяці пані Саламея была б задаволеная.
Сафійка мільганула позіркам у бок стала, удавана абыякава прамовіла: — Так, усе мне раяць звязаць лёс з панам Валентым Жылкам. Ён такі ветлівы, паважлівы... Ніколі слова насуперак не скажа.
Пачакала яшчэ нечага... I раззлавана сышла, кінуўшы вокам на светлавалосую ўпартую галаву, якая так і не прыўзнялася. Вырвіч хмыкнуў і пайшоў куды ішоў. Але палічыў сваім абавязкам хроснага бацькі ўвечары перахапіць паненку ў ціхім кутку ля вітражнага акна, якое выяўляла букет лілеяў.
— Ты навошта яго дражніш, га?
Сафійка ўзмахнула чарнюткімі даўжэзнымі вейкамі.
— Каго? Пана Валентага?
— Не прыкідвайся. Ведаеш, пра каго кажу. Чаго чапляешся да Каруся? Табе сапраўды хочацца, каб з яго скуру злупілі? Дык з яго ўжо лупілі, не раз. Не з твайго шастка птах.
Дзяўчо ўспыхнула.
— З чаго вы ўзялі, пан Франтасій, што мне ёсць хоць нейкая справа да гэтага... да гэтага... дзікуна? Ён увесь час толькі і робіць, што мяне абражае! Дурны як цэбар! I ўвогуле... — паненка рашуча ўздыхнула, як перад нырцом... — Я за пана Валентага выйду!
Вырвіч толькі паспеў услед танклявай імклівай фігурцы прагаварыць:
— Гэх, не біла цябе яшчэ жыццё, смаркачка!
Добра, што ягоная Дамініка, як і пані Саламея, гэткіх мух у носе не мела.