Раздзел трэці ЯК ПРАНЦІШ ДАВЕДАЎСЯ, ШТО МАЕ ПРЫ САБЕ АРФАНУС

На гербе маленькага гарадка Бадэн, што хаваецца між парослых лесам узгоркаў даліны Хеленянталь, сядзіць у балеі пара сужэнцаў. Мясцовы князь з жонкай лечацца ад няплоднасці. Па дарозе на лекавыя воды, магчыма, менавіта вунь у тым густым ляску, які ўспаўзае на ўзгорак брунатна-залатым цмокам, два браты-разбойнікі скралі бяздзетную княгіню, а заадно ейныя тры спадніцы. Невядома, што ўчыніў князь, але ў хуткім часе яму вярнулі і жонку, і спадніцы, сужэнцы патрапілі ў сваю балею, а праз дзевяць месяцаў займелі спадчынніка. Віват цудадзейным крыніцам Бадэна!

Вырвіч, які разглядаў страката размаляваны герб на гарадской вежы, скептычна хмыкнуў. На ягоную думку, браты-разбойнікі ў гэтай цьмянай старадаўняй гісторыі з’яўляліся больш верагоднай панацэяй, чым смярдзючая вада. Але гжэчных паноў задавальняе толькі гжэчная версія. Вунь колькі такіх паважна шпацыруе па брукаванцы, што вядзе да Рамерквэле — рымскіх тэрмаў. Вадзіца з тых тэрмаў прасмярдзела ўвесь гарадок, як вывернутая гіганцкая бочка кіслай капусты. Але імператрыца Марыя Тэрэзія гэтыя крыніцы ўпадабала, не дарэмна ж там лячыліся яшчэ рымскія легіянеры, а магчыма, і той-сёй з цэзараў. А што ўхваліла венцаносная персона, адразу робіцца модным.

Вось і з’язджаюцца ў гарадок пад Венай усе навыперадкі. Мясцовыя ўжо азалаціліся на ўтрыманні гасцявых ды гульнявых дамоў, корчмаў ды бардэляў. Дзесь апоўдні куртуазная публіка прачынаецца, пару гадзінаў апранаецца, пудрыцца, прыклейвае мушкі, а тады выпаўзаюць, абавязкова з таямніча-стамлёным выразам твару, на гэты бульвар. Прыдзірліва адзін аднаго азіраюць, раскланьваюцца, абменьваюцца плёткамі... Адзін за адным адпраўляюцца да падножжа гары Кальварыенберг пасядзець у цёплай смярдзючай вадзіцы...

Вырвіч зморшчыў нос. Давялося ім з Лёднікам неяк пасядзець у бочках з гнілымі селядцамі, калі ўцякалі са Слуцкага замка ад Гераніма Радзівіла. Паўтараць няма жадання.

Пранціш скасавурыўся на партшэз, які побач валаклі чарнявы дзяцюк з квадратнымі плячыма і светлавалосы дужы юнак з трохі заспаным няўклюдным выглядам. Насілкі сціплыя, без пастаральных малюначкаў і залачонай разьбы, здабытыя ў наём. Вокны знутры завешаныя шчыльнай зялёнай тканінай. I твар дзяўчыны, якую Пранціш вёў пад руку, таксама завешаны вэлюмам. Няма чаго хросніцы свяціць абліччам на вачах юрлівай курортнай публікі... Дый жалобны ўбор адпалохвае цікаўнікаў.

Каб не важная сустрэча, нізавошта Вырвіч у гэты час іхнюю банду не вывеў бы на бульвар, дзе ўсе ўсіх вачыма ды языкамі аблізваюць. Хаця трапляюцца ж сярод стамлёнай начнымі прыгодамі публікі і праўдзівыя хворыя, якія прыехалі лячыцца, а не фіглі строіць. Добра яшчэ, імператрыца моцна цыкнула на гарадскія ўлады, і шпацыры былі бяспечныя: паліцмайстры на кожным кроку, любога дробнага зладзюжку зараз жа за руку схопяць. Зразумела, тое не тычыцца шулераў і махляроў у камзолах ды брыльянтах... Хто крадзе не прыгаршчай, а вазамі, паліцыі не баіцца.

Надвор’е выдалася добрае для лістапада — сонейка быццам толькі што ў тэрмах тых вымылася, ветрык залайдачыў, лужыны павысыхалі... Паветра празрыстае, аж звініць. Дзіва што народ на шпацыр напёр, як прусакі на свежы хлеб.

Сонечнымі зайчыкамі заскакаў дзіцячы смех. Партшэз абагналі два хлапчукі, якія відавочна адарваліся ад сваіх выхавацеляў: абодва ў чорных аксамітных камзольчыках і штоніках, белыя панчошкі, капялюшыкі... А паводзіны самыя гарэзныя: малодшы, гадкоў шасці, размахваў палкай і галёкаў нешта кшталту «Лыцалы не здаюцца!», старэйшы, гадоў дзесяці, падстаўляў пад зброю саперніка дошку, якая мусіла ўвасабляць шчыт, і патрабаваў здацца Волату з Чырвонай гары, то бок яму. Землякі, адзначыў Пранціш, бо ў польскай мове дзятвы праслізгвалі беларускія слоўцы. Сафійка адступіла, прапускаючы двух гарэзаў, нават асуджальна хмыкнула. Гэта добра. А то за апошнія два месяцы, як выехалі з Гародні, абыякавая да ўсяго, нібы статуя касцёльная... I не толькі яна.

Раптам хлопчык, які адбіваўся ад старэйшага, спатыкнууся, нязручна ўпаў... Здушаны ўскрык...

Не, не заплакаў уголас — рыцары ж не плачуць, але рыданні прарываліся... Устаў, трымаючыся левай рукой за правую, бяссільна павіслую... Старэйшы хлапчук разгублена адкінуў імправізаваны шчыт.

— Спыніцеся!

Глухі ўладны голас з-за зялёных занавесак партшэза прыпадобніўся перуну, насільшчыкі ледзь не паваліліся ад нечаканасці. Даўно ж яны гэтага голасу не чулі... Партшэз паслухмяна паставілі на зямлю. А далей — яшчэ дзіўней... Рука з доўгімі пальцамі прыадхінула знутры зялёныя занавескі, у шчыліне бліснулі чорныя вочы на бледным твары.

— Падыдзіце, васпан. Не бойцеся. Я доктар.

Хлопчык з хворай рукой, да якога звяртаўся таямнічы пан з партшэза, насцярожыўся.

— Я не баюся.

I кірпаты нос задзёр.

«Ваяр расце», — ухвальна падумаў Пранціш.

— Пакажыце мне вашу руку.

Бледнатвары пан высунуўся з акна свайго экіпажа, уладна, але беражліва абмацаў пашкоджаную руку.

— Нічога страшнага... Невялікі вывіх. Вось мы яго зараз выправім... Та-ак... Васпан вельмі мужна трымаецца.

Усё-ткі Чорны Доктар валодаў незвычайным уплывам на пацыентаў: у момант лячэння яго пакорліва слухаліся і магнаты, і малыя падшыванцы. Хутка хлопчык стаяў, перевязаны белай хусткай, якая нядаўна ўпрыгожвала шыю пана, і нават спрабаваў усміхнуцца.

— Пані маці, мы тут! — тым часам гарлаў старэйшы хлапчук, які адначасова падазрона назіраў за лячэннем брата і нецярпліва выглядаў кагось ззаду.

— Пан Адась, пан Франак! Як не сорамна!

Таўсманы чалавек у чорным сурдуце валюхаўся да месца здарэння, пот сцякаў па дабрэнным твары. Мусіць, гувернёр... Вось маладзён гадоў сямнаццаці, з такімі ж цёмнымі вачыма і кірпатым носам, як у «лыцала», толькі валасы светлыя, цырымоніўся менш, ляснуў старэйшаму з хлапчукоў па карку. Мяркуючы па ўсім, трэці брат. А вось і пані-маці...

— Адась, Франак, я моцна расчаравалася ў вас! Як вы маглі так далёка і раптоўна збегчы! Францыск, ты мусіў, як старэйшы, прыгледзець за братам! А ты, Валенты, за імі абодвума!

Стройная пані ў сукенцы з аксаміту колеру каштану, у строгім чорным каптуры, хоць таксама прабеглася, зусім не запыхалася. Яе вялікія цёмныя вочы ўладна блішчэлі, маленькія яркія вусны строга сціскаліся. Усе трое хлапчукоў, і нават таўсманы гувернёр, паслухмяна выцягнуліся і застылі, як жаўнеры, вінавата гледзячы на пані. Адразу зразумела, наколькі надзейна сямейку трымаюць маленькія жаночыя рукі.

— Адасю, што з табой?

Пані прысела перад малодшым, з трывогай кранаючыся белай павязкі.

— Невялікі вывіх, мадам. Усё ўжо выпраўлена, не пераймайцеся. Толькі халодным прыкладайце, каб не ўтварылася пухліны.

Пасажыр насілак гаварыў нібыта цераз сілу, быццам даўно не гучаў ягоны нізкі глыбокі голас.

Жанчына энергічна ўзнялася, утаропіўшыся ў лекара.

— Пан Баўтрамей... Не можа быць!

Павярнулася да Пранціша, чырвань злёгку кранула ейнае гожае аблічча, якое нагадвала візантыйскія фрэскі.

— Пан Вырвіч!

Цяпер настала чарга чырванець Пранцішу Вырвічу. Бо ён толькі цяпер уцяміў — перад ім Ганулька Макавецкая. Тая самая, што была сціплай кампаньёнкай князёўны Паланэі Багінскай, затым — багатай спадчынніцай сваёй цетачкі, затым — нявестай Пранціша Вырвіча, якога кахала шчыра і аддана... Але Вырвіч напачатку свету не бачыў за капрызнай князёўнай Паланэяй, а затым, калі i пра вяселле дамовіліся з Ганульчынай цётухнай, выбраў не ціхмяную мілую паненку з багатым пасагам, а баявітую прыгонную актрысу Раіну Міхалішыўну. Ну і сорамна ж было перад беднай кінутай нявестай...

Але гэтая пані не выглядала беднай. I не таму, што аксаміт сукенкі быў дарагі, а карункі, што сціпла выблісквалі з-пад каўняра і рукавоў, — самай дасканалай галандскай працы. А проста сама пастава, манера паводзін, спакойная ўладнасць у абліччы сведчылі пра звыкласць да высокага становішча. Тут непатрэбныя дыяменты велічынёй са сліву i багатыя футры ў летнюю спякоту. Арыстакратызм, сказаў бы Лёднік, падпусціўшы пагарды ў голас.

Вырвіч усё жыццё імкнуўся набыць менавіта вось такі нязмушаны арыстакратызм, які мімаволі выклікае павагу. І самае крыўднае — што гэта ёсць у прасталюдца Баўтрамея Лёдніка, было і ў ягонай жонкі, Саламеі... Вось — з'явілася адкульсьці ў Ганулькі Макавецкай, якую Пранціш памятаў сціплай прыслугай, што чырванела ад кожнага ягонага погляду...

— Не думала, што ўдасца пабачыцца на гэтым свеце, пан Вырвіч.

Павярнулася да Лёдніка:

— Шчыры дзякуй, пан доктар. Гасподзь вас паслаў на гэтай дарозе, дапамаглі Адаську...

Зірнула на танклявую постаць Сафійкі:

— Ці не ваша дачушка, пан Вырвіч?

— Мая, — падаў голас доктар. — Сафія Баўтрамеева Лёднічанка.

Дзякуй богу, ажыў... А то два месяцы — таксама як закамянелы...

— А дзе ж пані Саламея?

На жаль, гэтага пытання пазбегнуць было нельга... Па змярцвелым абліччы Лёдніка і паніклай постаці Сафійкі былая Пранцішава нявеста сама зразумела, што да чаго. Не стала войкаць ды галасіць непатрэбнае, абышлася сціслымі неабходнымі словамі спачування... Паведаміла, што і сама носіць жалобу — па мужу, пану ваяводзе Супрасльскаму Ладзіславу Жылку, год таму адышоў, прадставіла дзетак: Валянціна, Франца, Адама, іхняга выхавацеля — гера Вольфа Месінга.

— Чым дапамагчы? Муж мой нябожчык з бурмістрам у сваяцтве, мы тут часта бываем, маем дом... Знаёмствы. Усё, што змагу, для вас зраблю.

I так сказала, што ясна: не адчэпнае. Калі і былі ў жыцці Пранціша людзі, у вернасці якіх Вырвіч мог быць пэўны, — дык колішняя Ганулька ў іх лік уваходзіла. Не прадасць, не здрадзіць, да апошняга падтрымае.

Часу да важнай сустрэчы — як гароху ў гарохавай кашы: Пранціш адмыслова пагнаў іх банду з раніцы, бо ў кампаніі з чорнай меланхоліяй бог ведае якія ваўчакі павылазяць. Пані Жылкава прапанавала для размовы добрую альтаначку, на ўзгорку бліжэй да лесу, якраз ля стода, ля якога паўтары тысячы год таму рымскія легіянеры прыносілі ахвяры багіні здароўя.

Старажытнарымскі ахвярнік аказаўся ўрослым у зямлю шэрым каменем. Альтанка, можа, улетку выглядала і добра, аплеценая зялёным блюшчом, але зараз яе дашчаныя скабы нагадвалі пра збуцвенне і часовасць усяго жывога. Дзіва што ніводная парачка не спакусілася адасобіцца. Але месца зручнае: пагорачак, у аддаленні ад публікі, вакол — дрэвы...

А перагаварыць было трэба. Бо ад самага страшнага здарэння ў Гародні — так і не выплюхнулася гора. Пранціш нават адчайваўся — Лёднік нагадваў паднятага з магілы. Вязі яго куды хочаш. Хоць назад у зямліцу. Вырвіч шмат разоў спрабаваў распавесці пра даручэнне пана Антонія Тызенгаўза, якое загнала іх у гэты смярдзючы гарадок, але гэта было ўсё роўна што вунь таму старажытнарымскаму стоду распавядаць. Змучыўся — няма з кім параіцца... Самым талковым з кампаніі, на дзіва, Карусь выявіўся, ды ледзь што — на Сатанііла валіць. Пранціш часам дзіву даваўся: памяць у хлапца — усё аднойчы прачытанае ці пачутае памятае, нават Пранцішавыя «Пекныя згукі з Падняводдзя» мог цытаваць. У Бадэне па-нямецку пачаў тлумачыцца. А як дойдзе да ўбітых у галаву багумілаўскіх забабонаў — як аб сцяну. Калі прыслуга жаночага полу — нізавошта з ёй не загаворыць. Як на стале хоць адзін кубак віна — за гэты стол не сядзе. Убачыць кагось з люлькай — жагнаецца і плюецца.

Праўда, калі параўнаць, якім быў, калі з Гародні выехалі, — усё-ткі троху абабіўся. Плюецца крадма.

Лёдніка перасадзілі з партшэза на лаўку альтанкі, спехам засцеленую футрам (ён і такіх момантаў перастаў саромецца). Малодшых Жылкавых атожылкаў адправілі прагуляцца пад наглядам гувернёра Месінга тут жа, на палянку пад дрэвамі. Старэйшы паніч, Валенты, з усёй важнасцю апекаваўся Сафійкай, ахову якой складаў насуплены Карусь. Сцяцко стаяў, паклаўшы руку на дзяржальна палаша, і паглядаў то на альтанку, то на палянку, гатовы вобмірг кінуцца на абарону.

Зразумела, сутнасць даручэння падскарбія пані Жылкавай Пранціш расказваць не стаў. Распавёў толькі, што мусяць у Бадэне таемна сустрэцца з ягонай мосцю канцлерам, графам Антоніем Каўніцам. А пасрэднік у справе — сын Лёдніка, Аляксандр, які пры аўстрыйскім двары прыжыўся ў якасці асістэнта барона Кемпелена, стваральніка фігур механічных, а таксама водаправодаў, асушальных сістэм, фабрычных станкоў... Вось сёння Аляксандр і павінен прыехаць у свіце канцлера, які адпраўляецца прымаць лячэбныя ванны.

На нечакана рэзкае пытанне пані, чаго ж іх, з іхнімі немалымі бедамі занесла ўсёй кампаніяй у палітычныя віхуры, давялося распавядаць пра інтрыгі графа Мануцы. Вось тут пані Ганна не на жарт угневалася: падзенне нораваў, бессаромныя чужынцы, бедная дзяўчынка... I рашуча прапанавала: няхай Сафійка паселіцца ў ix доме. Каменны двухпавярховы будынак з зялёнымі гаўбцамі ля касцёла Яна Непамуцкага, можа, бачылі? Прыслуга надзейная. Нават калі напад, ад цэлага палка адаб’юцца. Але хто насмеліцца рабіць благое сваячніцы самога бурмістра? Уся паліцыя на ногі стане. Няма чаго цягаць дзяўчо. Тым больш у якім доме, пан Вырвіч, вы сказалі, прызначаная сустрэча? Нядобры гэты дом. Цэлую ноч, бывае, там агні гараць, музыка грае... I што там учыняюць — лепш не ведаць добраму хрысціяніну. Каб не імператрыца, якая не любіць распусты, дык, мусіць, на ўвесь горад садом i гамору сваю распаўсюдзілі б. А так — хто там спыняецца, чым дакладна займаецца — таямніца. Золатам раты ўсім пазасыпалі таемныя гаспадары. Няўжо канцлер Каўніц да гэтага датычны? Неяк не верыцца... Чалавек сур’ёзны, прыстойны... Гавораць, уладальніца — жанчына, чужаземка.

— Навошта вам гэта? — раптам рэзка папытаўся Лёднік, ягоныя запалыя вочы нават бліснулі ценем ранейшага праніклівага агню. — Мы з панам Вырвічам па-ранейшаму прыцягваем маланкі... Нават я, струхлелае дрэва з абсечанай вяршыняй. У вас — дзеці, спакойнае жыццё... Ад нас жа вы нічога, акрамя крыўды, не мелі.

Вось жа доктар, прыпёк горкай праўдай. Пані Ганна зірнула яснымі цёмнымі вачыма на суразмоўцаў, і Вырвіч беспамылкова пазнаў ранейшае чыстае, вернае дзяўчо, аж сэрца здрыганулася.

— А чаму, пан Баўтрамей, вы сёння спыніліся, каб палекаваць чужое дзіця, хоць вам самому балюча?

Баўтрамей хмыкнуў і, хоць і неахвотна, пагадзіўся развітацца на нейкі час з Сафійкай.

Вырвіч азірнуўся на парослы дрэвамі ўзгорак: юны Жылка вёў пад руку Лёднічанку, якая трохі адхінула абрыдлы вэлюм, небарака прадказальна прыліп позіркам да аблічча новай знаёмай.

Вось Ганулька больш не губляецца пры поглядзе на пана Вырвіча. Падтрымлівае размову стрымана, але з годнасцю... Ганебна, вядома, але вусень расчаравання варушыцца недзе пад сэрцам — бо пры сустрэчы з тым, хто ў цябе быў закаханы, хай прайшло шмат гадоў, хай ты ніколі не ўспамінаў пра таго чалавека і не патрэбны ён табе быў аніколі — усё адно мімаволі хочацца знайсці ў ім адбітак ранейшага пачуцця... Упэўніцца, што тужыць па табе, такім бясцэнным страчаным шчасці...

Вырвіч нават паказаў Ганульцы партрэт Дамінікі, схаваны ў медальён, — вядома, жоначка сама малявала. Не, ні ценю рэўнасці... Прад’явіла былому жаніху медальён з партрэтам уласнага памерлага сужонца.

— Пачцівы быў чалавек... Больш за ўсё засмучаўся, што ў Айчыне адзін на аднаго грамадзяне ідуць. Торуньскую канфедэрацыю падтрымаў, а калі расейцы свае войскі ўвялі — адышоўся. Рахманы, як належыць сапраўднаму хрысціяніну, і адважны, як належыць шляхціцу. Расейскі атрад напаў на кляштар, які Ладыслаў фундаваў, — шукалі збеглых з Масковіі халопаў і дэзерціраў. Муж павёў нашых людзей на абарону, злавіў кулю пад рэбры.

Пранціш прыдзірліва вывучаў аблічча невядомага пана Ладыслава Жылкі: гэткі русачубы кірпаносы малойца з сумленнымі вачыма, нібыта і куфля піва ўпотай ад дабрадзейнай жоначкі не выжлукціў. Хіба што трохі пухлаваты.

— А ў мяне і партрэта Саламеі не засталося, — раптам глуха прагаварыў Лёднік. — Дзіўна... Самая прыўкрасная жанчына свету была са мной — нідзе прыгажэй не бачыў, ні ў каралеўскіх палацах, ні на лепшых сцэнах, а партрэта няма... Не паклапаціўся... Здавалася — навошта копія, калі мая каханая са мной заўсёды? Дачакаецца з самых пякельных нетраў, прабачыць, выратуе...

Вырвіч не знайшоў, што сказаць — дый баяўся спужаць так патрэбную шчырасць. Хай выгаварыцца доктар.

— Нават не змог у родную полацкую зямлю яе пакласці, як яна б хацела, — Бутрым апусціў галаву, чорна-сівыя пасмы звесіліся на худыя шчокі. — Чорная ліхаманка... Зараза... Давялося там, у Гародні... Лепей бы мяне разам з ёю закапалі...

— Думаеце, ёй зараз прыемна гэта чуць? — раптам рэзка папыталася Ганулька.

Баўтрамей ажно галаву ўскінуў.

— Пан, можа, і дасведчаны ў навуках, але ў справах душы — сляпы, — пані Жылка ўсміхалася, як дурному немаўляці, якое спрабуе зачэрпнуць адлюстраванне сонца на паверхні вады. — Тыя, што любілі нас, заўсёды побач. Не засмучайце светлую сутнасць, рабіце тое, што яна хацела б, каб вы ўчынялі. У Госпада ўсе жывыя.

— Амін, — прашаптаў неслухмянымі вуснамі Бутрым. I вочы яго блішчэлі ад непралітых слёзаў. Пранціш з палёгкай уздыхнуў.

Так што, калі выправіліся да Алеся, ужо без Сафійкі, пакінутай пад аховай шаноўнага сямейства Жылкаў, Бутрым зажадаў нарэшце даведацца, у якую інтрыгу іх блытаюць.

Партшэз паставілі пад ліпай, апранутай у іржавыя лахманы лістоты. Надзьмутага Каруся і Сцяцко адагналі далей на варту. Не таму, што не давяралі (абодва былі надзейныя, як загартаваныя мячы), але ёсць таямніцы, падобныя да атруты, кожны ў іх пасвечаны — у небяспецы.

Пранціш стараўся не разводзіць вензелі... Але гэткую гісторыю адной лыжкай не зачэрпнеш.

Пан Антоній Тызенгаўз адчуваў, што, калі не знойдзе якое апірышча — затопчуць, як толькі кароль адвернецца. Смяротна перасварыўся нават з радзінай. У жонкі памерлага брата Міхала гвалтам забраў сына, свайго пляменніка Ігната, і павёз па Еўропах, адукоўваць. Кабета нават звярнулася да расейскай імператрыцы са скаргай. З другой братавай падскарбій таксама судзіцца — яе дачку скраў і гвалтам павёў да алтара сваяк пана Антонія... А прычына ўсяго — нямераныя спадчынныя багацці, на якія, на думку пана Антонія, найперш ён мае святое права. Усё давялося разбіраць каралю, той яшчэ больш расчараваўся ў былым паплечніку. Урэшце ў пошуках падтрымкі Тызенгаўз пачаў глядзець на Вену.

Як ні дзіўна, але заставаўся ў яго рэсурс, дасюль не выкарыстаны. Пан Антоній так i не знайшоў часу ажаніцца. Ворагі пляткарылі, што намеціў Літоўскі Д’ябал сабе ў жонкі пляменніцу караля, дачку Андрэя Панятоўскага, але тая якраз выйшла замуж за дзіўнаватага рэферэндарыя Тышкевіча. I пан Антоній вырашыў пасватацца да малодшай дачкі графа Каўніца, канцлера імператрыцы Марыі Тэрэзіі, які быў адначасова канцлерам сына і суправіцеля імператрыцы Ёзафа Другога. Хітручы ліс Каўніц умеў дагадзіць любому... Мог спакусіцца і шанцам скарыстаць фігуру падскарбія Рэчы Паспалітай, умяшацца, напрыклад, у спадчынныя звады. Вунь якія войны вяліся за спадчыну дачкі Багуслава Радзівіла, што выйшла замуж за князя нойбургскага. Ладная частка беларускай зямлі, са Слуцкам, Копыссю ды Заблудавам, ледзь не дасталася немцам — князь Геранім Радзівіл мільёнамі злотых адкупаўся...

Таемныя перамовы наконт такога палітычна складанага шлюбу неадменна пададуць як дзяржаўную здраду... Але падскарбій гатовы быў рызыкнуць шмат чым, каб стаць зяцем аўстрыйскага канцлера. У тое, які палітычны гандаль ён мог павесці, Пранціша не пасвяцілі. Канцлеру належала перадаць загадкавую фразу: пан Антоній Тызенгаўз у якасці вясельнага падарунка гатовы падарыць будучаму цесцю сірату, якая збегла ад Вялікага Отана і не хоча вяртацца да баварцаў.

Бутрым схапіўся за галаву і, каб не развучыўся смяяцца за апошнія месяцы, відаць, зарагатаў бы горкім смехам.

— Дык мы з табою, Вырвіч, выходзіць, сваты? Важнецкія — калека ды зухаваты дурань. I ўсё — дзеля шлюбу, у якім не прадугледжваецца ні любові, ні шчасця. Ты ведаеш, што той канцлераўне гадкоў, мусіць, як маёй Сафійцы?

Пранціш пакрыўдзіўся на «зухаватага дурня».

— Ну што ты кіпнем адразу пырскаеш... Наша справа — перадаць прапанову. На маю думку, дык хутчэй за ўсё гарбуза падскарбію пашлюць. Затое ад Мануцы ўцяклі, грошай на дарогу адсыпана — хоць гульдэнамі харчуйся... Пажывеш тут з Сафійкай, палекуеш і ногі, i нервы. Ты лепш, знаўца таемнасцяў, патлумач, што за сірату дакляруе Тызенгаўз падарыць аўстрыякам? Mo таксама багатую спадчынніцу?

Лёднік задумаўся, кусаючы тонкія вусны.

— Отан, кажаш... Так шмат якіх уладароў звалі, прыдомкі ў іх розныя былі — Отан Вясёлы, Отан Руды, Отан Багаты... Вялікім называюць таго з іх, што заснаваў Свяшчэнную Рымскую імперыю. Але гэта гадкоў восемсот прамінула. А як дакладна Тызенгаўз прамовіў?

Пранціш пачухаў патыліцу.

— Ну, ён увогуле пра сірату таго на лаціне казаў. Як там... Orfanus cucurrit a reliquias Otton Magnus. I, калі канцлер выявіць цікавасць, перадаць яму праз твайго сына куфэрачак.

Лёднік раздражнёна ўцягнуў у сябе лекавае паветра.

— Давай падарунак.

Пранціш палез у патаемную кішэню камзола.

— На... Толькі гэта не куфэрак, а кадук ведае што. Hi накрыўкі, ні замка.

Лёднік пакруціў у руках драўляны куб памерам з яблык, сабраны з рознакаляровых брусочкаў, упрыгожаных выпаленымі чорнымі знакамі. Ці кабала, ці руны, ці янохская мова, Пярун ведае. Hi шчылінкі, ні выёмінкі. Бутрым хмыкнуў:

— Японская работа... Даўно такіх не бачыў. Мяркуючы па знаках, трэба выкарыстаць рэшата Эратасфена... Не дзіва, што мусіў прысутнічаць Алесь. Я даўжэй праваждаюся... Карусь! — раптам загарлаў Лёднік, пачакаў, пакуль падклыпае пушчанскі цяльпук, і сунуў яму загадкавы куб.

— Адчыні... Знакі пазнаеш? Націскаць паводле шэрага простых лічбаў, розніца, наколькі я здагадваюся, мусіць адпавядаць папярэдняму чыслу...

— Ясна... — прабурчэў цяльпук, куб нечакана лёгка закруціўся ў ягоных моцных пальцах, брусочкі адзін за адным сталі высоўвацца, куфэрак пачаў мяняць форму...

Пранціш нават запамінаць не спрабаваў. Нешта шчоўкнула, куфэрак апярэзала тонкая шчыліна. Яшчэ адно здзіўленне — Карусь і не думаў зазіраць у таямнічы куфэрак, абыякава працягнуў яго доктару.

— Самі маглі б... Трэнінг усё мне ўчыняеце. Панскія фіглі...

I пайшоў на сваё месца.

Лёднік трохі памарудзіў... I вось яно...

— Арфанус... Зніклы камень з кароны Карла Вялікага, якую зрабілі пры тым самым Вялікім Отане.

Доктар змрочна паглядаў на дзіўны камень памерам з галубінае яйка, які адліваў адначасова і малочна-белым, і вінна-чырвоным, нібы кроў накапала ў кісель.

— I ты з гэтым у кішэні хадзіў? Тызенгаўз зусім з глузду з’ехаў.

На рукаў Пранціша зваліўся ржавы ліпавы лісток, падкаморы няўважна змахнуў яго туды, дзе самае месца аджыламу — на вільготную восеньскую глебу.

— Гучыць як сабака сякеру з’еў і дзёгцем запіў... Адкуль у пана Антонія камень з кароны Карла Вялікага? Шкельца нагадвае... Не бывае камянёў такога колеру. I пры чым тут баварцы?

Доктар адкінуўся на падушкі, накладзеныя ў партшэз, і пацёр вольнай рукой хворае калена.

— Гэта апал. Сіратой, арфанусам, ён называецца, бо няма яму роўных і роднасных. Ён надаваў таму, хто надзяваў карону, незвычайную мудрасць і здольнасць прадбачыць будучыню. Знік у чатырнаццатым стагоддзі. Гэта значыць, пры каралі Карле Першым Люксембургскім. А баварцы — гэта ж яны зараз захоўваюць карону Свяшчэннай Рымскай імперыі, у Нюрнбергу. Хоць аўстрыякі ўсяляк спрабавалі залучыць рэліквію ў Вену. Так што магчымасць авалодаць самай каштоўнай часткай кароны — добрая нагода падцерці нос баварцам. Пан Антоній ведае, што прапаноўвае...

Пытанне, чаму падскарбій не паспрабуе з дапамогай рэліквіі вярнуць літасць Панятоўскага, не ўзнікала: позна. Кароль глядзі каб не выдаў у хуткім часе загад аб канфіскацыі маёмасці ў дзяржаўнага злачынцы. Дый пасля фіяска з артэфактам ад продка Цялка, святога Тарэла, Панятоўскі расчараваўся ва ўсялякіх дзівосных рэчах. Тады і Чорны Доктар са сваёй бандай былі ўцягнутыя ў здабыванне так званай трубы святога Георгія, якая мусіла пацвердзіць паходжанне Панятоўскага ад італьянскага роду Тарэла... А выйшаў пшык, труба выявілася папірусам з тэкстам Святога Пісання, які рассыпаўся ў руках, пячатка з гербам Святога Тарэла, перададзеная Панятоўскаму, стала падставай жарцікаў шляхты...

Ля моста цераз раку Шверхат, дзе нядаўна збудавалі рэстарацыю, зайграла музыка — завіхаліся скрыпачкі, гундосіў кларнет, падсвіствала сумна флейта. Ранавата для тутэйшых баляў... Але ж трэба заманьваць публіку ў новае месца!

— А як мог гэты... Арфанус трапіць на нашы землі?

— Ну, давай паразважаем... — на твары Баўтрамея з’явіўся добра знаёмы выраз, як падчас вырашэння цікавай навуковай задачы.

— Чатырнаццатае стагоддзе... На польскім троне — Казімір Трэці. У нас — князь Альгерд. Збірае землі, стварае княства. Ваюе супраць Тэўтонскага ордэна. Карл Першы Люксембургскі таксама ваюе... Нейкі час нават быў у палоне ў караля Казіміра. Можа, выкупіўся з таго палону, аддаўшы галоўны камень са сваёй кароны? А можа, заклаў яго ў апошнія гады, калі запазычыўся і нават цэлыя гарады раздаваў? Мог пазычыцца і ў князя Альгерда. Яшчэ б ведаць, дзе яго знайшоў пан Антоній.

Лёднік хуткімі рухамі склаў куфэрачак, як быў.

— На, схавай...

Але цяпер Пранцішу падалося, што падарунак для канцлера пацяжэў ледзь не ўтрая і быццам агнём прыпякае пальцы... Адразу ўспомнілася прыпавесць пра караля, які хацеў для нейкіх патрэб раскалоць найрэдкі каштоўны камень... Ніводзін злотнік не браўся. Пакуль адзін з іх не паклікаў свайго вучня, і той раз-два — раскалоў... Бо не ведаў цаны той рэчы, якую разбівае.

Перш чым выправіцца далей у шлях, Бутрым спытаўся, хаваючы няёмкасць:

— Слухай, я не памятаю... Падпісаў я тую паперу пра добрыя ўмовы на мануфактурах?

Вырвіч трохі памарудзіў, назіраючы за перайманнямі доктара, і з задавальненнем адказаў:

— Не. Хоць пасланец падскарбія табе проста ў рукі пяро ўкладваў. Ты нават у паўмёртвым стане ўсё такі ж упёрты.

Бутрым заспакоена кіўнуў і горка ўздыхнуў.

— Усе нашы магнаты пра свае пасады пякуцца... А для Беларусі які шанец цяпер — пакуль Расія з Польскай каронай цягаюцца, незалежнасці дамагчыся... Адрадзіць нарэшце Княства... Былі б мы з табой, Вырвіч, інтрыганамі ды палітыканамі — спакусілі б які трэці бок, каб падтрымалі нас у супрацьвагу двум ардам... Выслізнулі б са сквапных суседскіх дзюбаў...

Пранціш нахмурыўся.

— Прасіць дапамогі чужынцаў у вызваленні сваёй радзімы — сумніўна, сам ведаеш... Памятаеш, Януш Радзівіл са шведскім каралём звязаўся, таксама купіўся на абяцанкі стварыць незалежную Літву... Быць шведскім васалам прысягнуў... I зацкаваны быў, як здраднік, пагарджаны і чужымі, і сваймі.

— Так, Вырвіч. Воля на клінках чужых шабляў не прыходзіць. А свае, на жаль, найчасцей між сабою скрыжоўваюцца. Міжчассе выпала нам, скрыжаванне вечнае.

Над Бадэнам свяціла сонейка, жоўклі на дрэвах лісты, варушыліся ў цесных надземных ложах лекавыя крыніцы, i было ўсе так міла, шло неадменна мусіла скончыцца нейкім жахам і блёкатам, развеяцца, як фантом ружы.

У балеі на гербе горада па-ранейшаму добрапрыстойна сядзела пара сужонцаў, але ці падазраваў хто, што мройная ўсмешка кабеты была выкліканая ўспамінамі пра гасцяванне ў братоў-разбойнікаў?

Загрузка...