Раздел шосты ТАЯМНІЦЫ ТУРЭЦКАГА ШАХМАТЫСТА

Шэрыя каменныя дрэвы цягнулі ўверх галіны, якія спляталіся ў карункавыя шаты... Каляровыя промні сцякалі па іх, афарбаваныя шкельцамі вітражоў. Плячысты светлавалосы хлапец падазрона паглядаў на выразаных з дрэва жаб і яшчарак, што чаргаваліся ў пачварным карагодзе на амбоне. Высокі хударлявы пан у чорным камзоле паклаў руку хлапцу на плячо.

— Гэта алегорыя... Сімвал змагання дабра са злом.

— Бабра з казлом... — прабурчэў хлопец. — Дзе тут дабро? Жаба ці яшчарка? Усё выкрунтасы сілы нячыстай...

Белыя вочы скульптур святых былі скіраваныя ўверх, да сляпуча-светлага акенца ў купале. Хаця, кажуць, самае яркае, пазасветнае святло настолькі сляпучае, што чалавечае вока ўспрыняць яго не ў стане, хіба як чорнае бяздонне. Таму часам і малююцца святыя і анёлы на тле цёмнага круга.

— Хіба ты не адчуваеш тут прысутнасці сілы нябеснай? — з мяккім дакорам спытаў пан.

Хлопец памаўчаў, акінуў позіркам каменны лес, заліты рознакаляровым святлом...

— У пушчы нашай прыгажэй... Асабліва пасля травеньскага дажджу, калі кроплі з ігліцы яшчэ сыплюцца, а сонца іх падсвечвае. Ззяе ўсё, пераліваецца, ствалы ў соснаў бурштынавыя, цёплыя, аўсянка тоненька заціўкае, ляляк густы голас падасць...

Уздыхнуў тужліва, прымружыўшы вочы, і раптам ціха прамовіў-праспяваў недарэчнае:

— A ў лядзе, лядзе мужык сала пек-пек-пек, круціў, круціў, тр-р-р, сала кап-кап-кап-кусь... Бацька мой любіў гэта паўтараць — маўляў, дакладна спевы салоўкі...

Прызнаўся неахвотна:

— Ды бачу я ўсё, пан Баўтрамей... Хоць і не наш гэта храм. Без Боскай дапамогі такое не збудуеш... Тут думкі самі ўзлятаюць уверх, i зямное з ix асыпаецца, як прысохлы бруд.

Старэйшы пан і хлапец замоўклі, хоць вусны абодвух не варушыліся — ясна, што маліліся. Пранціш мімаволі адчуў укол недарэчнай рэўнасці — вось гэтак жа калісьці яго, фанабэрыстага недавучанага шкаляра, адукоўваў вучоны слуга і настаўнік Баўтрамей Лёднік, адкрываў вочы на таямніцы свету, важнейшыя за здабыванне дукатаў ды пасадаў, гэтак жа клаў руку на плячо і зрэдку ўсміхаўся ўхвальна вачыма, звычайна суровымі ды пранізлівымі.

Мінае маладосць, як летні дождж, высыхаюць кроплі на ігліцы разам са ззяннем... А сухая ігліца, як ні падсвечвай, не блісне.

Між тым храм напаўняўся паважнымі венскімі месцічамі, усе ў жалобе, з поснымі тварамі рознай ступені пабожнасці. У саборы святога Стафана меса за месай служылі за супакой душы вялікай імператрыцы Марыі Тэрэзіі.

Высокі малады чалавек у бабровым футры з засяроджаным, нават змрачнаватым тварам спрытна абмінаў прыхаджанаў.

— Пан бацька, ваша мосць Вырвіч, гер Кемпелен прыйшоў, чакае ў левым прытворы.

Пранціш заўважыў, што Алесь знарочыста не пазірае на Каруся. Праўда, і нікчэмны слуга па сваім дзікунскім звычаі не паспяшаўся схіліцца ў нізкім паклоне перад маладым панам — ці злёгку пакланіўся, ці кіўнуў, не зразумела. Вось жа ўмее Лёднік-старэйшы вакол сябе дзівакоў збіраць.

Кажуць, што будаўнік сабора Святога Стафана ў слаўнай Вене змог падмануць самога д’ябла. Вежа храма абрушылася, дык ён і заклаў душу ўзамен за дапамогу цемры... А як вежа паўстала зноў, адмовіўся расплачвацца. I як ты яго, махляра, з-за святых сценаў дастанеш?

Невядома, ці змог бы Вольфганг фон Кемпелен, барон дэ Пазманд, падмануць самога цара пекла, але махлярыць, напэўна, быў не дурань — менскі падкаморы такое лёгка счытваў. Усмешлівы гладкі твар, тонкія зморшчыны на высокім ілбе, вадзяністыя, трохі пукатыя вочы... На Смаргонскім рынку такога цыганы запрасілі б памагчы кабыл прадаваць.

З дэлегацыяй ліцвінаў Кемпелен быў прыветны. У размове, якая прадоўжылася пасля месы ў карэце механіка, не стрымаўся ад словаў «ушчыплівых ды джыглівых» на адрас падлючай прынцэсы Тэрэзы Радзівіл. Не пашчасціла механіку перайсці дарогу пані, калі займеў права кіраваць салянымі шахтамі, на якія меў віды адзін з ейных сябрукоў. Бойка за прыхільнасць імператрыцы ішла з пераменным поспехам з абодвух бакоў і з гадасцямі, якія сапернікі не саромеліся адзін аднаму ўчыняць. Пры гэтым пані Тэрэзія пры венскім двары трымалася ролі багамоліцы, на якую кепска думаць — грэх. Яна ж і заваявала любоў «матухны ўсяе Еўропы», калі пачала бегаць у адну капліцу з ёю і так ужо дабрадзейна малілася... А пасля распавяла кранальную гісторыю, як муж, Караль Радзівіл, распуснік, пачвара, інсургент і бязбожнік, яе пераследуе, пазбавіў маёмасці...

Нават звесткі ад шпегаў Кемпелена пра падазроныя зборышчы ў доме, які пані Тэрэза здымала ў Бадэне, становішча яе не пахіснулі. Добра, што вынаходнікам апекаваўся канцлер Каўніц, супраць якога Радзівіліха паперці сілаў не мела. Канцлер цану ейным цнотам ведаў, спробы дарвацца да ўлады акуратненька гасіў, але, як дасведчаны прыдворны, знешне выказваў фаварытцы імператрыцы пашану. А яна ўжо перад ім круцілася і ўсё прапаноўвала паслугі свае ў дачыненнях з Рэччу Паспалітай. I імператрыца яе ў гэтым падтрымлівала. Таму канцлер ніводную справу з палякамі і ліцвінамі вырашыць не мог, каб пані нос не ўсунула. Не дай гасподзь, увойдзе гадзюка ў давер да імператара Ёзафа, які цяпер будзе кіраваць аднаасобна.

Мусіць, ілгуння спадзяецца, што цяпер Каўніц страціць уплыў. Дарэмна. Ёзаф цэніць яго не менш, чым цаніла Марыя Тэрэзія. Граф нават час ад часу дэманстратыўна піша прашэнні аб адстаўцы і літасціва паддаецца на ўгаворы не пакідаць месца ля трона. Таму калі ў гасцей з Беларусі... («Прабачце, а гэта дзе? Як, гэты лапік зямлі яшчэ не ўвайшоў у вялікую Аўстрыйскую імперыю?») Дык вось, калі гасцям ёсць што важнае перадаць графу Каўніцу пра злачынствы Радзівіліхі — барон дэ Пазманд да іх паслугаў. Сустрэчу з канцлерам можна зладзіць праз два тыдні, у Шэнбруне — цудоўным палацы, для якога Кемпелен зладзіў адмысловую сістэму фантанаў. Аляксандр Лёднік праводзіць... Дарэчы, вельмі таленавіты малады чалавек. Дужа глыбока разумее пытанні сходнасці механізмаў і жывых арганізмаў. Без ягонай дапамогі барону цяжка было б замахнуцца на стварэнне аўтамата, які рашае любыя, нават самыя складаныя, задачы і ў перспектыве зможа гаварыць.

Вочы старэйшага Лёдніка тут жа запалалі, бы ў галоднага дамавіка з закінутай хаты над свежай яешняй.

Такім чынам дыспут мужоў вучоных працягнуўся, як абарончы сувой, над якім працавалі кабеты ўсёй вёскі, не разгінаючыся ад заходу да ўсходу сонца. Перамясціліся ў дом Кемпелена (нішто такая камяніца на тры паверхі) — i давай далей балабоніць. Кінематыка Эйлера, законы жывых сілаў Бернулі, эманацыі ды магнетызм Месмера...

Малодшы Лёднік, пасмурнеўшы, пазіраў з амаль дзіцячай крыўдаю на свайго венскага настаўніка, які ўсю ўвагу аддаваў старэйшаму Лёдніку.

Вырвічу адзінае суцяшэнне было, што ў пана вынаходніка добры кухар, які напёк цудоўных піражкоў (праўда, з нейкай травой, а не з мясам), ды файная бібліятэка. А там можна было знайсці блюзнерскіх Русо, Дзідро і нават «Філасофскія лісты» Вальтэра, што, як і Вырвіч, вучыўся калісь у езуіцкім каледжы і выявіўся гэткім жа калабродным шкаляром. Так што размова аб стварэнні дзівоснага аўтамата гучала для Пранціша фонам да вальтэраўскіх абуральных выкрыванняў шляхты. Гэта на што жабаед намякае: «...самая шматлікая, больш за тое, самая дабрадзейная, а значыць, i самая вартая частка чалавецтва — народ, які складаецца з правазнаўцаў і вучоных, негацыянтаў і рамеснікаў, адным словам, з усіх тых, у кім няма ні кроплі тыранічных памкненняў, разглядаўся ўсімі гэтымі панамі як статак жывёлаў, падпарадкаваных чалавеку».

Гэта яшчэ клалася на сармацкі прынцып «пане-браце», калі найбяднейшы шляхцюк у Рэчы Паспалітай быў па законе роўны ў сваім шляхецтве каралю... I то на справе магнат любога шарачка мог на блін раскатаць. А рамеснікі ды сяляне? Лепшыя за шляхту?

У маладосці Пранціш кінуў бы паскудную кніжачку ў агонь, як ужо зрабілі да яго пільнавальнікі нораваў у некалькіх краінах. Але цяпер менскі падкаморы азірнуўся на пушчанскага хлапца Каруся, які па загадзе Лёдніка панура слухаў вучоны дыспут i час ад часу хмыкаў, відавочна нешта разумеючы i не згаджаючыся, на Лёдніка, сына гарбара... Уздыхнуў дый адвярнуўся.

А палац жа які аўстрыйскія імператары сабе ўзгарадзілі! Семіраміда ды Саламон спаць ад зайздрасці перасталі б, пабачыўшы. Шэнбрун... У юнацтве Вырвіч шыю б скруціў, па баках гледзячы: будыніна на паўтары тысячы пакояў, вакол сады, лабірынты з акуратна падстрыжаных кустоў — шкада, кусты яшчэ голыя, толькі піхты, туі ды іншыя дрэўцы з непрыстойнымі на ліцвінскі слых назвамі аптымістычна зелянеюць. А фантанаў колькі! Зноў шкада, што яшчэ не працуюць, толькі мармурам бялеюць. Затое чэлядзь бегае, карэты коцяцца, жаўнеры пільнуюць...

Але падкаморы быў чалавекам сталым, таму толькі падпусціў важнасці: не такое бачылі. Вось Карусь абыякавы дарэмна, ад дзікунства свайго. Але, прыгледзеўшыся, Вырвіч заўважыў, як хлопец крадма кідае цікаўныя позіркі на скульптуры, вежы, фантаны. Можа, і адукуецца? Лёднік і не такія граніты ператвараў у палеткі.

Перад высокімі дзвярыма, якія ганарыста паблісквалі цёмным лакам і шчэрыліся пазалочанымі ручкамі ў выглядзе арліных галоў, Пранціш агледзеў прыдзірліва іх банду. Гер Кемпелен у блакітным са срэбрам камзоле падрыхтаваў самую ветлую сваю ўсмешку. Лёднік-старэйшы, як заўсёды, выпрастаўся, бы ражон праглынуў, і нагадваў... не, не чорны слуп, а зброю з чарнёнай сталі. Лепей не правяраць, ці востра заточаная. Лёднік-малодшы сціскаў і расціскаў счэпленыя ў замок пальцы — хвалюецца, яшчэ не да канца ператварыўся ў прыдворную ляльку. За спінай Лёдніка Карусь са звычайным санлівым выглядам трымае чырвоную шаўковую падушку з квадратным куфэркам — да смешнага маленькая ношка для такога боўдзілы.

Вырвіч паправіў свой пышны карункавы каўнер... Самавітая дэлегацыя, не сорамна! Дзверы павольна расчыніліся...

У тых з дэлегацыі, хто ўсміхаўся, усмешкі сцяклi з твараў.

Пранціш ніколі раней Каўніца не бачыў, але адразу зразумеў, што пан са строгімі вуснамі і панылым носам, у чорным камзоле з блакітнай ордэнскай стужкай, які стаяў помнікам самому сабе, неадменна і ёсць усемагутны канцлер. Але ў пакоі, аздобленым унізе панэлямі з арэхавага дрэва, а ўверсе — ляснымі пейзажамі, знаходзіліся яшчэ дзве персоны. Пан з высокім гладкім ілбом, падобным да яйка, падбароддзе — нібыта хтось кулаком прыціснуў, вочы — як гузікі з шэрага перламутру, сядзеў у фатэлі з залачонай спінкай з выглядам, нібы зараз яму будуць прадаваць мех гнілых яблыкаў... Калі хто трымаў у руках аўстрыйскія манеты — не мог памыліцца: імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Ёзаф Другі Габсбург. А па другі бок ад імператара пераступала дробненька з нагі на нагу, гайдаючы крыналіны, зграбная пухлявенькая пані з уладнымі вуснамі, якія цяпер жаласна крывіліся... Радзівіліха! Зноў пастка!

Пані Тэрка так і ўпілася позіркам у доктара, які зайшоў на сваіх нагах, быццам пабачыла на чужой руцэ даўно згублены фамільны пярсцёнак.

Але Кемпелен збялеў і нават зрабіў крок назад пры поглядзе не на жывых персон, а на персону нежывую. А менавіта ляльку. Турак у белай чалме з бліскучым каменем i ў чырвоным атласным халаце, з чорнымі вусамі на васковым смуглявым твары заціснуў у руцэ даўжэзную люльку для курэння, перад ім на грувасткім стале з шуфлядамі і дзверцамі расстаўленыя шахматы...

— Вось яны, махляры прыблудныя, ваша імператарская мосць! — плаксівым голасам загаласіла пані Тэрка. — Я іх добра ведаю! Не аднойчы ў вязніцы сядзелі за махлярствы!

Нямецкі ў пані быў нішто сабе, амаль без акцэнту.

— Увялі ў зман яго мосць вельмішаноўнага графа фон Каўніца! Калі б няшчасны наш кароль Станіслаў Панятоўскі ведаў, якія інтрыгі за ягонай спінай ладзяцца...

Канцлера ніякім спектаклем было не крануць.

— Ну-ну, не перабольшвайце, ваша мосць, а то яго імператарская вялікасць занадта засмуціцца гэткай дробнай справай, — бледныя вусны канцлера ветла ўсміхнуліся. — Гэтых паноў рэкамендаваў гер Кемпелен, якога мы добра ведаем і які прыносіць дзяржаве вялікую карысць.

Ёзаф Габсбург зрабіў літасць кіўнуць на знак згоды.

— Вось якраз таму я і ўмаліла яго імператарскую мосць, які не церпіць падману, прыйсці сюды, каб на свае вочы пабачыць, як змяя здрады падступна звіла гняздо ў гэтых сценах!

Пафасам дзьмула так, што можна мокрую бялізну сушыць.

— Ваша імператарская мосць, дазвольце патлумачыць... Мы з’явіліся з даручэннем ад міністра фінансаў Польшчы... — пачаў Вырвіч, але Радзівіліха завішчэла:

— Ніякай веры словам круцялёў! Загадайце, мой імператар, ім захоўваць маўчанне, пакуль я не адкрыю таямніцу штукарства іхняга хаўрусніка!

Пранціш скасавурыўся на барона: той нібыта быў спакойны, але жылка на скроні білася як шалёная. Нядобрая прыкмета. А канцлер, падобна, будзе вычэкваць, каб падтрымаць той бок, які ў вачах імператара зробіцца больш пераканаўчым.

— Мой імператар, гэта ўсяго толькі забаўка... — падаў голас Кемпелен, паказваючы пальцам на аўтамат, палец трохі дрыжэў. — Цацка, па якой не варта меркаваць пра мае сапраўдныя справы! Успомніце фантаны Шэнбруна... Акведук... Новыя станкі...

Лістота на пейзажах, каб магла, спалохана зашамацела б, калі пукатыя светлыя вочы Ёзафа яшчэ больш вырачыліся.

— Мяне твой турак таксама абыграў! I ты запэўніваў, што справа ў хітрым механізме, які мудрэйшы за чалавека!

Гэта механік у лапухі быў пацэліў — манарха пакрыўдзіў.

— А вось і разгадка ўсёй хітрамудрасці...

Радзівіліха ўрачыста махнула рукой — і ў пакой закацілі яшчэ адно ў гэтай гісторыі крэсла на колах, у якім сядзеў дзіўны чалавек... Хутчэй, палова чалавека. У яго не было ног і адной рукі, дый пры наяўнасці ўсіх канечнасцяў пан заставаўся б зусім шчуплым i малым, як дзіця, хоць і з маршчыністым стамлёным тварам.

Кемпелен выцер рукой лоб.

— Назавіся ягонай імператарскай мосці! — запатрабавала Тэрэза Радзівіл.

Чалавечак не выяўляў боязі, падобна, яму было ўсё адно, што з ім адбываецца, — а чаго яму яшчэ баяцца?

— Пан Варонскі, ваша імператарская мосць. Шляхціц Плоцкага ваяводства. Пасля Варшаўскага сойма, на якім падзялілі маю няшчасную краіну, біўся на вуліцы са здрайцамі. Паранены ў абедзве нагі i руку. Лячэнне было няўдалым. Гасподзь вырашыў, што мне трэба надалей жыць у гэтым свеце. Але я прысягнуў, што добраахвотна не стану паказвацца на людзі ў такім жаласным выглядзе.

Тонкі голас калекі гучаў стамлёна і спакойна... Пранцішу страшэнна зрабілася шкада гэтага пана, мяркуючы па ўсім, адважнага патрыёта. А пані Тэрка працягвала допыт:

— Што звязвае вас, пан Варонскі, з баронам Кемпеленам, тут прысутным?

Чалавечак перавёў позірк на збялелага механіка.

— Мне няма чаго хаваць, вашыя мосці. Барон знайшоў мяне ў самым бядотным стане ў пансіёне... Даведаўся, што я добры шахматыст, і прапанаваў працу. Гледзячы на мяне, прыдумаў машыну, з дапамогай якой я змагу паказваць сваё майстэрства, застаючыся невідочным.

Пані Тэрка падала знак. Двое лёкаяў падбеглі да стала, за якім сядзеў турак, і адкрылі пярэднія панэлі. Паказаліся складаныя механізмы, колцы, падважнікі, спружыны...

— Дзе ж ты змяшчаўся? — са шчырым здзіўленнем спытаў імператар. — Кемпелен і раней паказваў нам начынне гэтага стала, і ніхто цябе не знайшоў.

— Вось там яшчэ дошка адчыняецца.... — паказаў адзінай рукою пан Варонскі. — Націсніце на бліскучы цвік...

Сапраўды, у стале збоку ўтварылася невялікая ніша. Зразумела, звычайны чалавек нізавошта там не змясціўся б...

— За рухамі фігураў я назіраў з дапамогай магнітаў, прымацаваных знізу дошкі... Сам перастаўляў фігуры вось тымі падважнікамі...

Нават Кемпелен разумеў, што злавацца на няшчаснага калеку дарэмна.

Імператар ажно ўстаў з фатэля, каб самому выпрабаваць сакрэты аўтамата. Схіліўся, крануў нейкі стрыжань пад стальніцай — рука турка паднялася, потым узялася за пешку... Кемпелен сапраўды быў таленавітым механікам. Настолькі складаным аўтаматам кіраваць было надзвычай лёгка, хоць бы і адной рукой. Але цяпер для Ёзафа Габсбурга самым істотным было тое, што яго дзёрзка падманулі.

— Пана Варонскага — за наш кошт змясціць у лепшы пансіён для ўбогіх. А цябе, Кемпелен, у турму.

— I ягоны асістэнт вінаваты! — паспешліва нагадала пані Тэрка. — А бацька гэтага маладога злыдня — вось ён, доктар Лёднік, прыехаў шпегаваць з дапамогай сынка!

Пранціш з адчаем агледзеўся — патрапілі як мухі ў смалу... Карусь кінуў чырвоную падушку на паркет i сунуў куфэрак за пазуху, рыхтуючыся бараніцца... Дзівак, гэта што мурашка супраць капыта.

— Усю банду арыштаваць і дапытаць! — імператар рашуча развярнуўся. — Падумаць толькі, у такія сумныя, жалобныя дні — і насмеліліся лезці са сваім круцельствам!

Канцлер пакорліва схіліў галаву, рыхтуючыся як найлепей выканаць загад новага ўладара.

Ну, ці на кані, ці пад канём...

— Ваша імператарская мосць! — Вырвіч кінуўся на калені. — Дазвольце давесці, што аўтамат пана Кемпелена дзейнічае і без чалавека ўнутры! Дазвольце турку зараз жа сыграць партыю ў шахматы! Вось... з гэтым жа панам Варонскім!

Габсбург спыніўся, нейкая зацікаўленасць адбілася на бляклым ягоным твары. Каўніц прыўзняў светлае брыво, а пані Тэрка не стрымала зласлівага смяшка.

— Мой імператар, не слухайце. Гэта немагчыма. Праўда, пан Варонскі?

— Я ведаў толькі сваю справу, бачыць Госпад, — азваўся аднарукі шахматыст.

Між тым Кемпелен ледзь чутна, але дужа злосна прашаптаў Вырвічу на вуха:

— Пан хоча зусім нас загубіць?

Вырвіч заспакаяльна сціснуў ягоны локаць.

— Даверцеся нам.

Імператар, як Пранціш і разлічваў, вырашыў не губляць магчымасці трохі пабавіцца на тле бясконцай жалобы, і Кемпелен, намагаючыся выглядаць упэўнена, пачаў нешта напраўляць у сваёй машыне, хоць, падобна, сам не разумеў што і навошта. Пранціш падсунуўся да Лёдніка:

— Зможаш поглядам шахматныя фігуркі рухаць?

Бутрым збялеў і напяўся.

— Толькі не гэта... Грэх...

Вырвіч так і баяўся, што наравісты доктар адмовіцца ўжываць сваё таемнае ўменне.

— Хочаш, каб сына ў турме згнаілі?

Бутрым зірнуў на Алеся, перахрысціўся... Прыкінуў нешта, прыжмурыўшыся, прашаптаў, амаль не размыкаючы вуснаў:

— Д-добра... Магу паспрабаваць. Але ў шахматы мне не выйграць.

— Нічога. У нас ёсць майстар.

Пранціш падштурхнуў Бутрыма бліжэй да стала, гатовага да бойкі Каруся бліжэй да Бутрыма, шэпчучы на вуха, што належыць рабіць. Пані Тэрэза лена варушыла веерам з чорных пер’еў. Маўляў, патузайцеся, патузайцеся на кручку, рыбанькі...

Кемпелен адышоўся ад аўтамата, лісліва кланяючыся ды кланяючыся, нібыта ў самога заклініла спружыну. Пана Варонскага падкацілі бліжэй да стала, падклалі пад яго падушак, каб даставаў да фігур...

— Пачынайце!

Адзіная рука адзінага жывога шахматыста пераставіла пешку. Усмешка Кемпелена стала зусім прыклеенай. Ён жа выдатна ведаў, што чакаць цуду не выпадае.

Але раптам рука турка варухнулася, колцы ўнутры аўтамата зрушыліся...

— Барані нас Гасподзь... Стаў е чатыры на е пяць... — шапнуў Карусь доктару на вуха. I турак пакорліва выканаў дзеянне.

Пранціш з трывогай сачыў за Бутрымам, але доктар не выдаваў, наколькі яму цяжка. Толькі ў вочы ягоныя, страшна пацямнелыя, Вырвічу цяпер не хацелася б зазіраць. I ў роце прымсціўся прысмак медзі — так бывала, калі Лёднік паблізу дапускаў свае штукарствы, якія сам лічыў страшным грахом.

Больш за ўсё здзівіўся Кемпелен. Здавалася, ён паленам паваліцца ад відовішча, як раптам ажыла ягоная лялька. Барона ўвесь час цягнула перажагнацца. Алесь жа разумна стаў так, каб захінуць бацьку ад поглядаў імператара і пані Тэркі. А пан Варонскі перастаўляе фігуркі на шахматным стале, як быццам ніколі не сядзеў па другі бок стальніцы.

Партыя доўжылася, здаецца, не надта доўга, але Вырвіч увесь змакрэў. Урэшце Варонскі падняў уверх адзіную руку, ягоны твар не страціў пакорлівы спакой.

— Не ведаю, з кім я зараз гуляў, але вы майстар. Выбачайце, папляскаць у ладкі не магу.

Кемпелен засунуў сваё здзіўленне як мага далей і годна прыняў заслужаныя апладысменты ад тых, хто меў абедзве рукі. Пані Тэрка толькі хапала ротам паветра, быццам задыхалася.

— Што ж, махлярства няма, а ўменне аўтамата сапраўды не чалавеку пераадолець, — глыбакадумна зазначыў імператар, відаць, задаволены, што яго калісьці абыграў не якісь нікчымны калека. — Барон Кемпелен, можаце працягваць сваю плённую працу пры нашым двары. А панам што трэба?

Пранціш нізка пакланіўся, спадзеючыся, што ніхто, акрамя пасвечаных, не заўважыць, як хістаецца стамлёны Лёднік.

— Усё, што мы просім, — аўдыенцыі ў яго мосці канцлера Каўніца, каб мець магчымасць выканаць даручэнне, з якім былі пасланыя ў Вену. I, дарэчы, мы не разумеем, чаму пані Тэрэза Радзівіл падчас сустрэчы, прызначанай з ёй як з пасланніцай яго мосці канцлера, паспрабавала нас забіць.

Канцлер прыўзняў бровы — маўляў, першы раз чую... Ага, палітыкам такога палёту толькі і верыць. У іх калі адна сляза і навярнулася, дый тая назад вярнулася. А пані Тэрка пачала дыхаць так, што чуваць было, можа, і за дзвярыма пакоя — хрыпла, з прысвістам... Твар імкліва набываў бурачковы колер. I голас стаў сіплы, як у прастуджанага дзяка.

— Чарнакніжнікі! Ваша... імператарская... ведзьмакі! Скуру садраць! У вогнішча! Доктар! Ён д’ябал! До-кта-а-а...

З вуснаў кабеты пачулася страшнае выццё, пані Тэрка ўпала на падлогу, выраніўшы чорны веер. Яе цела страшна выгіналася, вочы вырачыліся... Каб Пранціш не назіраў такога ў Белакамскім замку, спалохаўся б. Але і Габсбург, нагледзеўся, відаць, прыпадкаў рознага кшталту ў сваёй шалёнай сямейцы з плоймай сясцёр, толькі грэбліва, з дамешкам боязі, скрывіўся, як пры выглядзе гадзюкі...

Усё. Падобна, страціла Радзівіліха свае шансы зрабіць кар’еру ў Вене.

Баўтрамей прамарудзіў не больш за імгненне. I то за гэтае імгненне, нявартае хрысціяніна і лекара, напэўна, стане сябе дакараць. Кінуўся да кабеты, да якой баяліся наблізіцца нават лёкаі, падхапіў на рукі, ледзь утрымліваючы.

— Дзе ложак?

Імператар кіўнуў галавой.

— Нясі ў маленькі ружовы пакой. Мая маці параіла б гэтай... хворай правесці ноч ва ўсыпальніцы, у малітве і пачцівай размове з нябожчыкамі.

Пранціш не даслухаў, спяшаючыся за Бутрымам, каб прытрымаць ногі кабеты. Брыкаецца як ласіха.

Ружовы пакой, куды доктара з шаляніцай бегма праводзіў лёкай, сапраўды быў ружовым — шаўковыя шпалеры з выявамі флоксаў, занавескі, дываны... Толькi мэбля белая з залатымі фінціфлюшкамі. Спачывальня калі не прынцэсы, дык фрэйліны. На ложак кручаную бабу давялося ўкладваць утрох: Карусь і Пранціш прыціскалі ногі, Лёднік — рукі, навіс над вар’яткай, нешта прыгаворваў, загадваў глядзець яму ў вочы...

Толькі Алесь не ўдзельнічаў у дзействе, ягоны твар быў адчужаны, як у чалавека, які спрабуе хаваць вельмі моцныя пачуцці...

Урэшце хворая перастала курчыцца, Пранціш з палёгкай узняўся. Шыю б скруціць заразе, колькі яна яшчэ няшчасных людзей загубіць — дык не, нядаўнія ахвяры яе ратуюць... Вунь Лёднік масаж адмысловы робіць, нешта прыгаворвае, у вочы глядзіць... Вырвіч перахрысціўся,каб загнаць глыбей нядобрыя думкі. Хай Гасподзь пані судзіць.

Лёднік адкінуў срэбную лыжку, якую былі ўставілі між зубоў кабеты, каб не адкусіла сабе язык, узяўся за яе скроні. Твар Радзівіліхі страціў барву, з вачэй паліліся слёзы.

— Зноў ты, доктар... Зноў мяне ратуеш... А я... Грэшніца акаянная...

Вырвіч памятаў па прыгодах у Белакамскім замку, што на пані Тэрку пасля прыступу навальваецца раскаянне.

— Доктар, не пакідай мяне! Усё табе дам! Хочаш, графскі тытул табе куплю? Будзеш мяне ратаваць! А я цябе зноў ледзь не забіла...

Буйныя слёзы каціліся з вачэй акрутнай бабы, як у бабра, і веры ім было куды менш, чым калі б плакаў бабёр. Пытанне было толькі ў тым, як хутка пані перастане раскайвацца і зноў захоча катаваць ды забіваць.

— Вам належала выконваць мае прызначэнні, ваша мосць... Гімнастыка, адвары, пазбягаць гневу...

Лёднік стамлёна адкасваў рукавы.

— Ты павінен быць пры мне, доктар! — пані адкінулася на падушкі, голас яе зрабіўся санлівы. — На нагах зноў стаіш... Моцны... З-пад зямлі выплыў. I ты ж цяпер удавец...

Пры апошніх, млява прамоўленых, амаль правуркатаных словах Лёднік так сціснуў сківіцы, што, здалося, зубы зарыпяць...

— Я шмат злога табе зрабіла, доктар... Зараз з дачкой сваёй развітаешся...

Спакой вокамгненна зляцеў з Баўтрамея, той схапіў пані за плечы, страсянуў:

— Што з маёй дачкой?!

Пані відавочна правальвалася ў сон, вусны ледзь варушыліся.

— Для яе надзейнае месца падрыхтаванае, доктар...

— Дзе? Кажы!

Бутрым гатовы быў душу вытрасці з пацыенткі. Але пані ўжо заплюшчыла павекі.

— У Опсаўскім палацы... I для цябе месца падрыхтаванае, доктар... Я пачаплю цябе на ланцуг ля свайго ложка...

Мройная ўсмешка кранула вусны пані. Пранціша аж скаланула. А Лёдніка i так калаціла ад трывогі. Опса — гэта было ўладанне графа Мануцы, якое ён набыў з пасагам жонкі, Ядвігі Струтынскай. Здаецца, пан разбудаваў там шыкоўны палац — на грошы першага мужа сваей жонкі Яна Цеханавецкага ды ейнага палюбоўніка Станіслава Панятоўскага.

Таму аўдыенцыя ў канцлера аказалася нейкай скамечанаю. Хоць Пранціш шаптаў Бутрыму, каб не мэнчыўся — у доме Ганулькі з Макавецкіх Лёднічанцы бяспечна, самі ўпэўніліся ж.

Граф Каўніц доўга круціў у пальцах Арфанус, за які яны ўсе ледзь не развіталіся з жыццямі.

— Камень прыгожы... Хоць на ім не напісаная ягоная гісторыя. Нядаўна ваша прыяцелька прынцэса Радзівіл яго імператарскай мосці таксама камень падарыла, сцвярджаючы, што ён з кароны Карла Вялікага. Але той камень каштуе мала... Ваш — дорага. Але ці даражэй за гонар? А мне, буду казаць шчыра, гонару няшмат звязвацца з палітычным трупам, якім ёсць польскі міністр фінансаў. Думаю, калі паны вернуцца на радзіму, яны ўжо не застануць таго, хто іх паслаў, у ранейшай славе. Я б лепш разгледзеў прапанову ягонага пераемніка...

Вось цяпер зразумела, чаму канцлер даверыў сустрэчу Радзівілісе — чхаў ён на ўсе прапановы «палітычнага трупа», а пані Тэрка з Панятоўскім на сувязі, выйдзе добры жэст у бок караля.

Фон Каўніц паклаў малочны з барвовымі разводамі камень у куфэрак, што стаяў перад ім на кававым століку з малахіту.

— Забірайце пакуль што свой падарунак. Я абдумаю ўсе прапановы пана Тызенгаўза і паведамлю вам сваё рашэнне. Праз пару тыдняў.

У прынцыпе, на мове дыпламатыі выразней мог быць толькі выспятак пад зад.

Кемпелен праводзіў сваіх знаёмцаў па гулкіх калідорах Шэнбруна і стараўся не глядзець на старэйшага Лёдніка, з якім яшчэ нядаўна гэтак весела абмяркоўваў лейдэнскія слоікі і месмеравы бакі. Маўчаў ды ўсміхаўся, як старая дзеўка на вяселлі сяброўкі. На развітанне не вытрымаў:

— Ведаеце, гер Лёднік, неяк непамысна мне цяпер з вамі. Пры ўсёй павазе. Шасцярэнькі, падважнікі, хімічныя рэакцыі — гэта маё. А з вамі мімаволі ў вядзьмарства паверыш. У вочы вам дакладна больш ніколі не зірну. Сын ваш хаця б не ўспадчынніў... гэта?

Бутрым кінуў сумны погляд на напятага сына:

— Не бойцеся, гер Кемпелен, Аляксандр вашы механізмы не ажывіць.

Ага, хіба што пацучка круціць падважнікі прымусіць. Можа.

Наколькі Лёднік быў занепакоены, сведчыла, што нават кінуць вокам не пажадаў на той здольны думаць, гаварыць, а можа, і закахацца аўтамат, які вынаходзілі Кемпелен з асістэнтам. У Алеся ажно твар скамянеў.

За цяжэннымі, як саркафаг, дзвярыма палаца лютаваў веснавы, але сіверны вецер. Калі выбіраць адпаведную гэтаму ветру выяву з чатырох галоў, што ўпрыгожвалі шафу з чорнага дрэва ў Капанічах і мусілі ўвасабляць уладароў паветра, Вырвіч выбраў бы галаву хударлявага старога з калматымі брывамі...

Калі выйшлі з Шэнбруна, прамінуўшы гвардзейцаў у сініх мундзірах з пазалочанымі гузікамі, Бутрым паклаў руку на магутнае плячо Каруся.

— Дзякую, хлопец. Без цябе б не справіўся.

Карусь скоса зірнуў на гаспадара светлымі санлівымі вачыма — пакуль яшчэ знізу ўверх, але праз пару гадоў дагоніць у росце.

— Забаўка панская... Гэта не было цяжка. А вось тое, што пан учыніў, адмаліць цяжка будзе... Нашто д’ябальскую сілу ўжыў?

Доктар вінавата апусціў галаву.

— Сам ведаеш навошта... Я слабы...

Карусь важна кіўнуў галавой, нібыта мае права судзіць.

— Так, праз боязь за дзяцей Люцыпар нас таксама ламае. Я буду адмольваць цябе, доктар. Але i ты за мяне маліся. Таму што... — хлопец апусціў упартую галаву, голас панізіўся да шэпту, — калі яны паненцы Сафіі штось зробяць, я...

Тлумачыць не трэба было. Забудзе на міласэрнасць. Лёднік паляпаў Каруся па плячы і азірнуўся на палац аўстрыйскіх манархаў. Тужліва азірнуўся. I Пранціш ведаў чаму. Бо сын не пайшоў з ім.

— Распусціў ты дзяцей. Драць трэба было малых, — прамармытаў Вырвіч.

Але Баўтрамей толькі ўздыхнуў.

— Я сам такім быў. Дзеля цікавага навуковага прэцэдэнту мог ахвяраваць... ды ўсім. Пакуль жыццё не абламала.

Так, патрапіць у акрутнае рабства праз наробленыя ў імя філасофскага каменя даўгі — надзейны шлях паставіць мазгі на месца.


***

Яны ехалі ў нанятай калясцы так хутка, як можна было. Карусь сціскаў куфэрак з Арфанусам, быццам кусачага жука.

У доме з зялёнымі аканіцамі проста ў вітальні гасцей сустрэла гаспадыня.

Можна было не перапытваць, ці ўсё добра.

Таму што не добра.

Вусны Ганулькі дрыжэлі.

— Прабачце... Мы нічога не маглі зрабіць... Хто мог падумаць... Але мы ўжо паведамілі ўладам. Нягоднікаў, якія звезлі панну Сафію, шукаюць... Бурмістр паслаў цэлую роту. I нашых дзесяць чалавек таксама рушылі. Мой сын з імі.

Выслухаўшы, як усё адбылося, Вырвіч у кудзеры свае русявыя ўчапіўся і яшчэ раз паўтарыў запозненую параду Лёдніку — драць дзяцей трэба было, пакуль малыя. Паненка Сафійка ўцякла сама. Праз акно ў бібліятэцы вылузалася, падманам адаслаўшы вернага паніча Валентага, — гэта было адзінае ў доме акно без кратаў, бо ў шыбах меліся дужа пекныя вітражы з лілеямі. Прыхапіла кінжал з Жылкавай калекцыі, дарожны плашч загадзя прыхавала пад сталом. Паненцы дакладна нехта дапамагаў — бо адкуль у яе вяровачная лесвіца, якую прывязаную да акна знайшлі? Хтосьці з прыслугі напярэдадні бачыў, як паненка надта ўсхвалявана чытае цыдулку i хавае за гарсэт. На вуліцы, ужо са словаў выпадковых сведкаў, красунька некуды заспяшалася, але яе дагнала карэта без гербаў... Карацей, падвабілі нечым дзяўчо, гатовае да подзвігаў.

Лёднік моўчкі, абмінуўшы заплаканую Ганульку, прайшоў у свой пакой. Праз прыадчыненыя дзверы Вырвіч пабачыў, што той скідае парадны камзол... Так, трэба зараз па-паходнаму — нічога лішняга. У сваім пакоі падкаморы таксама развітаўся з парадным строем, чаравікі са срэбнымі спражкамі змяніў на боты... Верны Гіпацэнтаўр... Ладунка з порахам, кулі, пісталет... Памаліцца святому Франтасію...

Карусь ужо чакаў паноў ля ўвахода, таксама ўзброены, як на вайну, светлыя вочы глядзяць адчужана-спакойна. Так спакойна, што хочацца схавацца.

— Ну што, кіруемся на Опсу тую? Дагонім, не бойцеся! З Божай дапамогай...

Пранціш насунуў глыбей капялюх, падбіты вавёрчыным футрам, і ад усяе душы пажадаў больш ніколі ў жыцці не дыхаць лекавым бадэнскім паветрам.

Загрузка...