Раздзел шаснаццаты ЯК ФОНААЎТАМАТОН ВЫРВІЧА Ў ПАЎНОЧНУЮ ВЕНЕЦЫЮ ПАГНАЎ

Калі пругкую жоўтую кветачку антырынума, альбо львінага зева, падобную да насупленай барадатай пыскі, асцярожна сціснуць двума пальцамі, яна раскрые пульхныя вусны-пялёсткі... Пакажацца парослая маленечкімі памаранчавымі паўсцінкамі зяпа, затрапечацца закручаны колцам вузкі язычок... Тады трэба паспець змененым «страшным» голасам нешта прамовіць, нібыта прамовіла кветка... Расціснуць, зноў сціснуць...

Жоўтыя сярдзітыя вусны варушацца... Нібы размаўляюць.

Маленькі Франця Вырвічаў так гуляўся з сябрукамі, кветкі ў іх руках разыгрывалі цэлыя сцэнкі... А калі самотны, можна ўзяць у кожную руку па кветцы, і яны будуць гаварыць адна з адной... Гэткая батлейка царства Флоры.

Box і раззлаваўся пан-бацька Даніла Вырвіч, калі заспеў нашчадка за такім дзявочым заняткам, няхай было таму гадкоў пяць... Шляхціц з калыскі мусіць выяўляць мужнасць і замест бразготак гуляцца з прадзедаўскімі пістолямі ды булавамі!

Кветачкі з бездапаможна адкрытымі ратамі ўціснуў у глебу бацькаў бот, бацькава дзяга распісалася на азадку спешчанага нашчадка, і тады зарумзаны нашчадак, хаваючы слёзы, пацалаваў па сармацкім звычаі бацькаў абутак і падзякаваў за навуку.

Расстаўленыя шэрагам на драўлянай панэлі вялізныя вусны, зробленыя з дзіўнага мяккага матэрыялу каўчуку, прывезенага з Амерыкі, таксама сціскаліся, расціскаліся, нагадваючы вялізныя пачварныя кветкі. Аднак з чорных горлаў сапраўды даносіліся гукі чалавечага голасу... Кожныя каўчукавыя вусны маглі вымаўляць толькі адзін ці два гукі. Таму маладому вучонаму, што кіраваў імі, даводзілася хутка націскаць клавішы, падобныя да клавішаў аргана, і з дапамогай адмысловай педалі старанна гнаць паветра ў мяхі. Вялізная пачварная машына, якая і ўся нагадвала арган, размаўляла нежывым голасам, з сіпеннем і ўздыханнем, але цалкам разборліва, праўда, на нямецкай.

— Guten Tag sehr geehrte Herren[16].

Немалады волат у багатым строі з сіняга аксаміту, расшытага срэбрам, i пудраным парыку, з прыгожым уладным абліччам, трохі азызлым, грэбліва паморшчыўся і адкінуўся ў фатэлі з выгнутымі пазалочанымі ножкамі. Шыкоўны прадмет мэблі недарэчна глядзеўся ў пакоі з голымі, толькі што атынкаванымі сценамі, з недамаляваным альфрэйным роспісам — імітацыяй ляпніны і калонаў. Нават вядзерцы з фарбай стаялі ля сценаў ды драўляныя памосты, захляпаныя шэрай фарбай. Падлога, яшчэ не схаваная пад бліскучы паркет, уяўляла сабой грубыя драўляныя бэлькі, таксама запэцканыя фарбай, на якія там-сям кінулі персіянскія стракатыя кілімы. Новы гаспадар не паспеў абжыцца. Дый з’яўляецца праездам — што яму тут, у Магілёўскай губерні, далёка ад імператарскіх палацаў...

Цёмна-зялёныя вочы пана выявілі пагарду... А, не, выявіла адно вока — другое засталося як мёртвае. Зрэшты, яно і было такім. Адны казалі, пасля бойкі на кулаках з графам Рыгорам Арловым, другія — пасля няўдалага лячэння ў цырульніка Ерафеіча, вынаходніка адмысловай зёлкавай настойкі.

— I гэта ўсё, на што твая катрынка здатная, гер... як там цябе, Снежнік?

Вось у каго быў голас... Густы, як мядзведжая поўсць. Звыклы гукаць на полі бойкі і спакусна вуркатаць у царскай спачывальні.

Малады вучоны не змяніўся ў твары, устаў з крэсла з-за свайго дзіўнага інструмента, без ліслівасці пакланіўся — ён быў высокі, дзюбаносы і трохі змрочны.

— Я Аляксандр Лёднік, ваша княская мосць. А гэта толькі дэманстрацыя гукавых магчымасцей, — па-руску вынаходнік гаварыў амаль без акцэнту. — Падобнае ўмее, хоць і менш дасканала, той аўтаматон, што застаўся ў Вене, прыдуманы маім настаўнікам герам Кемпеленам. Фактычна — правобраз гэтага. Я ўдасканаліў механізм, спалучыўшы яго з ускладненай версіяй лічыльнай машыны Лейбніца. Такім чынам, мой фонааўтаматон можа і лічыць, і агучваць вынікі вылічэнняў.

— Твой Кемпелен — шалбер, — упэўнена прамовіў важны пан. — Толькі такога дур... гхм... дужа даверлівага чалавека, як цэсарэвіч Павал, можна было надзвычай уразіць механічным шахматыстам. Падумаць толькі — спадчыннік расійскага прастола дае рэкамендацыі да ўсіх каралеўскіх двароў Еўропы нейкаму... ці венгру, ці цыгану з ягонымі лялькамі! Я б твайго Кемпелена на стайні ўласнаручна засцябаў, як шалёнага сабаку!

Князь стукнуў кулаком па парэнчы ў выглядзе худой ільвінай лапы.

— Ды як ён пасмеў адмовіць яе вялікасці расійскай імператрыцы, калі яна захацела набыць ягонага васковага турка!

Гвардзейцы, што стаялі ўздоўж сцен, напяліся, нібы перад атакам. Князь Рыгор Пацёмкін мог загадаць што заўгодна і без дай прычыны. Аднойчы даставілі яму за тысячу вёрстаў дробнага афіцэра, які славіўся тым, што ведаў на памяць усе святцы. Афіцэр спяшаўся як мог, ва ўпэўненасці, што яго чакае новае жыццё — пасада, грошы... Пацёмкін падчас сняданку, разгарнуўшы малітоўнік, лена папытаўся ў задыханага прыбылага, чые імяніны ў такі вось дзень, а ў такі?.. Пераканаўся, што афіцэр адказвае без памылак... I адправіў небараку назад. А той ужо наабяцаў сваякам ды сябрам пратэкцыю...

I што цяпер заманецца нядаўняму фаварыту i заўсёднаму дарадцы расейскай імператрыцы, адзін Гасподзь ведае...

На шчасце, князь шумна выдыхнуў і супакоіўся.

— Ну, затое праз упартасць Кемпелена для цябе шанец зявіўся, Снежнік... Вось толькі нешта я сумняваюся, што ты яго варты, і твая катрынка зацікавіць імператрыцу... Тут граф Зорыч прамазаў... Дарэмна слухае розных ненадзейных дарадчыкаў.

Вынаходнік коратка пакланіўся.

— З вашага дазволу я прадэманструю магчымасці фонааўтаматона... Толькі папрашу быць асістэнтамі майго пана-бацьку, доктара Баўтрамея Лёдніка, i пана Франтасія Вырвіча.

Змрочны немалады тыпус, яшчэ больш дзюбаносы, чым малады вынаходнік, ветліва пакланіўся. А вось ягоны спадарожнік, ладны блакітнавокі шляхціц, толькі расцягнуў вусны ў дыпламатычнай усмешцы.

— Ваша светласць, я не маю практыкі ў абыходжанні з механізмамі, як мае сябры Лёднікі... I мая рука яшчэ не цалкам зажыла пасля ранення. Ім лелей дапаможа ix слуга.

Князю было ўсё адно... А пан Вырвіч ледзь стрымліваў гнеў. Ледзь не змусілі яго, ліцвінскага высакароднага шляхціца герба Гіпацэнтаўр, нашчадка Палемона, фокусы паказваць перад расейскім князьком, што пасады ў ложку здабываў! Што значыць — адарваўся малодшы Лёднік ад радзімы, забыўся на дзедаўскія звычаі, якія яму калісь сам Вырвіч і тлумачыў! Гэта шкаляром Пранціш не саромеўся дапамагаць іншаму вынаходніку, Якабу Пфальцману, у адладжванні «жалезнай чарапахі» — машыны на паравым рухавіку па схемах Леанарда да Вінчы... I то вагаўся напачатку, ці варты шляхціца гэты занятак, бо ў Статуце ж сказана, хто за варштатам стаіць, з вольнасцей шляхецкіх цешыцца не мусіць. А нядаўняму падкамораму Менскага павета шасцярэнькі круціць на пацеху нейкаму расейцу... Ганьба!

На патрабавальны позірк Вырвіча з дальняга кута пакоя паслухмяна падышоў Карусь. У Капанічах хлапца апранулі ў строй гайдука, і дыхтоўная смарагдавая феразея паўзверх шафранавай чамары аблягала шырокія плечы, русявы чуб звісаў з-пад высокай смушкавай шапкі з пяром, а фізіяномія была сумленнай і мужнай — хоць зараз у гардыяны, у асабістую ахову маладога ваяку бяры... Каб яшчэ такі наравісты не быў, ды паўсюль спакусы Люцыпара не мроіліся.

Між тым увага князя, і не вельмі прыязная, была скіраваная на старэйшага Лёдніка. Волат абмяраў высокага хударлявага доктара недаверлівым паглядам адзінага вока, быццам замест пірага пабачыў на сваёй талерцы заплеснелы сухар.

— Ну давай, эскулап, дапамагай сыну. Можа, хоць на гэта ты яшчэ прыдатны... Раз не змог ацаніць літасцівую прапанову яе імператарскай вялікасці і служыць ёй на пачэснай пасадзе.

Алесь нешта хутка прагаварыў на лаціне, Баўтрамей кіўнуў і схіліўся над бліскучымі цыліндрамі, усеянымі металічнымі бародаўкамі. Карусь без асаблівага задавальнення ўзяўся за ручкі мяхоў д’ябальскага механізма.

— Ваша светласць, дайце любую матэматычную задачу і аўтаматон агучыць вынік!

Пацёмкін на малодшага Лёдніка не зірнуў, бо не адводзіў непрыязнага пагляду ад старэйшага.

— Задачку, кажаш? Ну вось табе... Колькі куфляў піва вып’юць за ноч сем сотняў польскіх драгунаў, калі за першую гадзіну кожны выпівае сем куфляў, за другую — шэсць, за трэцюю — пяць і гэтак далей, пакуль не зваляцца?

Ого, мудрагеліста! Алесь з дапамогай бацькі падкруціў цыліндры, у якіх былі акенцы з лічбамі, тузануў падважнік і адышоўся ўбок. Карусь старанна гнаў паветра ў мяхі. Каўчукавыя вусны расціснуліся... Нежывы голас прамовіў:

— Neunzehntausendsechshundert[17].

Князь кіўнуў сакратару, кірпаносаму шыракатвараму пану, які не выпускаў з рук скураную тэчку.

— Пётра, пералічы.

Сакратар, да здзіўлення Вырвіча, не ўзяўся за пяро і паперу, толькі трохі паглядзеў у лінялую столь, нібыта счытваў там адказ:

— Дзевятнаццаць тысячаў шэсцьсот, ваша светласць. Усё правільна.

Пацёмкін зарагатаў.

— Дурні! Няправільна. Ніводзін палячок, які б праглот ні быў, не вып’е за ноч дваццаць восем куфляў. Хтосьці на сёмым зваліцца, хтось на дзясятым...

Зрэшты, князь пазабаўляўся яшчэ некалькімі задачкамі... Фонааўтаматон старанна падлічваў і даваў адказы.

— Ну што, сябры мае польска-аўстрыйскія, аўтамат ваш забаўны... Але надта непрыемна выглядае. Не ведаю, ці яе імператарская вялікасць упадабае гэтыя чорныя глоткі ды гэтыя жудасныя гукі. Да таго ж ёсць у мяне падазрэнне, чаму менавіта цяпер вы адправіліся са сваім аўтаматам да Сымона Зорыча...

Азірнуўся на сваіх людзей.

— Абшукаць катрынку... I палячышкаў заадно.

— Мы — ліцвіны, ваша мосць, не палякі, — толькі і паспеў выгукнуць упарты Баўтрамей Лёднік, перш чым яго прысунулі бліжэй да сцяны з недамаляванымі калонамі і пачалі абмацваць кішэні.

Пранціш, сціснуўшы зубы, таксама цярпеў грубыя дотыкі гвардзейцаў... I ад усяе душы праклінаў той сонечны красавіцкі дзень, калі ў Капанічы заявіўся ўстрывожаны Чорны Доктар з новай мітрэнгай: Алесь у бядзе.

Радзівіліха не збіралася дараваць маладому чараўніку, праз якога пацукі проста на ёй сукенку ў капліцы згрызлі, нарабіўшы багамоліцы скандалу на ўсю Вену. I цяпер Лёднікі ўсё ёй сапсулі: з прычыны недарэчнага прыступу падучкі на вачах аўстрыйскага імператара на ранейшы ўплыў пры венскім двары пані Тэрэза разлічваць не магла... Але гадзіць ворагам не пераставала. Таму папаўзлі чуткі: малады Лёднік — бязбожнік і чарадзей, і доследы ягоныя ад шатана.

Спрыялі чуткам падазроныя паводзіны маладога чалавека: ніхто не заўважаў, каб ён заляцаўся да чароўных і менш чароўных дам, ніхто не бачыў яго ў застоллях ці за гульнявым сталом. Маліўся ён па ўсходнім, схізмацкім, абрадзе. Вызначаўся ганарлівасцю. Трымаў у сябе пацукоў, змей ды іншых пачвараў, якія яго слухаліся, як свайго пана. I ўвогуле ён големаў ды гамункулаў у сваёй лабараторыі разводзіць. А бацька ў маладога прыдворнага механіка — самы што ні на ёсць чорны маг страшэннай моцы.

Напачатку імператар прапускаў чуткі міма вушэй... Бо малады ліцвін дапамагаў свайму начальніку і настаўніку Кемпелену не толькі ж забаўкамі займацца. I станкі на металаапрацоўчых заводах дасканалілі, і абсталяванне для шахтаў. А на знакамітых венскіх стайнях у Хофбургу Аляксандра Лёдніка ўважалі за найлепшага знаўцу конскага арганізма і толькі яму давяралі лячыць асабліва каштоўных белых ліпіцыянскіх коней... А што пад ягоным кіраўніцтвам тыя ліпіцыяны на імператарскім манежы выраблялі — дык старыя машталеры ажно хрысціліся. Здавалася, можа прымусіць каня пацеры чытаць.

Але атрута на тое i атрута, што нельга яе проста сцерці са скуры i забыцца. Раз’есць урэшце да язвы... Механіка пачалі пазбягаць як пракажонага.

А заступіцца не было каму... Кемпелен да былога вучня ахаладзеў і нібыта пабойваўся, што падагравала чуткі пра чарадзейства. Нават адмовіўся працягваць разам з Аляксандрам працу над фонааўтаматонам. А потым і зусім з’ехаў: удала спаткаўся са спадчыннікам расійскага трона Паўлам і ягонай жонкай Сафіяй Даратэяй — тыя падарожнічалі па Еўропе пад імем графа і графіні дзю Hop і былі ўражаныя туркам-шахматыстам.

Каго Кемпелен пасадзіў у аўтамат замест Варонскага, Алесь не ведаў, але цяпер, дзякуючы магіі Баўтрамея Лёдніка, ніхто ўжо не сумняваўся ў механічным турку. Кацярына II, начытаўшыся захопленых лістоў сына і нявесткі пра гэты цуд, захацела яго набыць. Кемпелен адмовіў і з дапамогай цэсарэвіча адправіўся ў турнэ.

Канцлер Каўніц да пана Аляксандра Лёдніка з ягонымі праблемамі быў абыякавы i, як толькі імператар у бок таго паморшчыцца, вышле прэч. Калі не зняволіць.

Чуеш, воўча, рушыць лоўчы... Алесь разумеў, што трэба з’язджаць. I тут якраз падвярнулася вельмі выгадная прапанова: новы ўладальнік Шклова граф Зорыч, разжалаваны фаварыт расійскай імператрыцы, захацеў набыць у падарунак былой каханцы аўтамат маладога венскага механіка, абяцаў фантастычныя грошы і запрашаў да свайго двара.

У прапанове не мелася нічога незвычайнага. Зорыч, сасланы з Санкт-Пецярбурга за празмерную прыхільнасць да азартных гульняў, мантачанне грошай і проста дрымучае глупства, усяляк спрабаваў вярнуць былое становішча. У Шклове, выкупленым за чатырыста пяцьдзясят тысячаў рублёў у Чартарыйскіх і падораным яму ў якасці адступнога ад Кацярыны, чаго толькі не фардыбачыў... Палац як у Санкт-Пецярбургу... Тэатр, балет, кунсткамера, друкарня, дзве фабрыкі, шэсць заводаў, кадэцкая вучэльня па ўзоры знакамітай французскай Брыенскай школы... Каб мог, аблокі пазалаціў бы. У пазыкі ўлез, каб зноў як пры імператарскім двары жыць. Кажуць, шэсць разоў закладваў у Пецярбургскім банку і ў прыватных асобаў сваіх прыгонных у колькасці дзесяці тысячаў душаў...

Двойчы імператрыца ўладанні былога фаварыта наведвала, сузірала раскошу, дзеля яе ўчыненую, але сэрца ейнае засталося халодным. Як кажуць, абпаленую з двух канцоў лучыну толькі нячысцік возьме. Можа быць, атрымаўшы замест васковага шахматыста аўтамат, што ўмее размаўляць, яна ацэніць старанні такога ўважлівага да ейных капрызаў Зорыча? А можа, і зробіць ласку прыехаць, падзівіцца разам на цуд-машыну? А яшчэ лепей — пакліча графа да сябе разам з дарункам... Яе вялікасць любіць з’явы прагрэсу...

I ўсё было б добра, калі б Баўтрамею Лёдніку раптам не даслаў ліст калега з Венскага ўніверсітэта. Пытаўся пра нейкія медычныя праблемы і між іншым віншаваў з удалым гешэфтам сына. Недарэмна малады чалавек вучобу кінуў. Вось пашанцавала геру Аляксандру — граф Зорыч незвычайна багаты і шчодры мецэнат. Нават Вальтэр склаў у ягоны гонар ухвальную оду. Вядомыя навукоўцы, у тым ліку з Вены, за шчасце лічаць паехаць у Шклоў працаваць. Так што малады вынаходнік мусіць падзякаваць княгіні Тэрэзе Радзівіл — гэта ж менавіта яна, сціплая дабрадзейка, зрабіла пратэкцыю аўтамату гера Аляксандра Лёдніка перад графам Сымонам Зорычам, вельмі горача графу рэкамендавала замовіць механізм разам з механікам.

Лягчэй было паверыць у тое, што ліпіцыянскія коні навучыліся гаварыць, чым што пані Тэрка з добрымі намерамі зладзіла выезд Алеся ў Шклоў.

Пранціш нават раздумваць не стаў, загадаў падрыхтаваць неабходнае ў дарогу, прыхапіў невялікі атрад гайдукоў ды рушыў разам з Бутрымам у тую частку беларускай зямлі, якую адхапіла Расея, — пераймаць ягонага хлапца.

Аказалася, яго перанялі раней, непадалёк ад Шклова, сам князь Пацёмкін, які па дарозе ад Крымскіх баталій чамусь прыехаў інспектаваць уладанні Зорыча і затрымаўся ў сваім новым маёнтку Дуброўна.

Вырвіч адразу згадаў, што Пацёмкін — той, на каго шпягуе нягоднік Мануцы...

Венскі механік калі і не быў арыштаваны, дык знаходзіўся пад аховай. Бацьку і дзядзьку Пранціша сустрэў без асаблівай радасці. Зноў палічылі за шчаўліка, якога нельга пакідаць аднаго. Сам выблытаўся б. А так усе патрапілі ў адну пастку.

Вяроўку пляўком не пераб’еш. Давялося некалькі дзён карыстацца гасціннасцю Дубровенскага маёнтка, які яшчэ нядаўна належаў Аляксандру Сапегу, і чакаць, пакуль прыедзе князь, што зажадаў сам пазнаёміцца з заказам графа Зорыча.

Зрэшты, усё больш маёнткаў ад старых ліцвінскіх родаў пераходзіла расейцам... Парадкі, натуральна ж, мяняліся. Як калісь праваслаўныя цэрквы аб’яўлялі адну за адной уніяцкімі храмамі, так цяпер — наадварот. I зноў прыхаджанаў ніхто не пытаўся. Прыходзяць сяляне на службу ў сваю цэркаўку, і бацюшка часцей за ўсё той самы, а ўжо і ён, і яны іншае веры... I нясіце блюзнерскія кнігі ды абразы на знішчэнне.

— Галоўнае, каб бізунамі нікога не перахрышчвалі, — уздыхаў Лёднік. — Але... Не з нашым беларускім шчасцем.

Як ні вынюхваў Вырвіч — дакладных звестак не здабыў. Толькі што Зорыч нечым моцна праштрафіўся, і ягоны колішні начальнік, а цяперашні вораг Пацёмкін збіраецца яго з гучным скандалам размазаць, як сырое цеста.

Няма нічога горш, чым блытацца пад нагамі дзвюх уплывовых асобаў, што б’юцца міжсобку.

Замест дрэсіроўкі мышэй малады Лёднік цяпер рабіў маленькіх механічных чалавечкаў, якія маршыравалі па стале і нават танчылі. Ужо весялей.

Пранціш пачаў быў выпытваць пра венскія балі, піўніцы ды вясёлыя камяніцы... Няўжо ні разочку ніводную пекную аўстрыячку за локцік не прытрымаў, з карчмарачкай не перамігнуўся?

— У маім жыцці была адна жанчына. Іншай не будзе. Няхай яна кахала не мяне — гэта нічога не мяняе.

Вырвіч ажно разгубіўся. Ад смерці Праксэды прайшло пяць гадоў.

— Алесю, ты ж быў зусім юны...

— Я заўсёды яе кахаў i буду кахаць.

Ну, шмат хто такое дакляраваў... Галоўнае, каб у хлапца быў шанец парушыць сваю адналюбскую прысягу. Бо цяперашняя карціна выглядала зусім пагана. Каб яшчэ зразумець яе падставу...

А вось цяпер, падобна, i з’ясуецца.

З-пад ніжняй дошкі фонааўтаматона адзін з гвардзейцаў дастаў пачак банкнотаў і махаў ім у паветры, як веерам падчас страшэннай гарачыні. Мяркуючы па разгубленым твары Алеся, хлопец ведаць не ведаў пра такое змесціва... А вось яшчэ нейкая металічная пласціна ў той жа схованцы...

Пранціш схаладнеў: бачыў ён падчас сваёй судзейскай практыкі такую пласціну... I кончыўся той эпізод прысудам на горла. Бо гэта была прылада фальшываманетчыкаў для друкавання падробных грошай.

Пацёмкін прыжмурыў вочы, жывое ды мёртвае, аднолькава пагрозна.

— Ну вось, цяпер усё ясна... Хто хаўруснічаў з махлярамі Зановічамі... Тыя, значыцца, з паганцам Салмаранам выправіліся ў экіпажы ў Маскву, а вы — сюды, праз мяжу? Надакучыла прыкрываць банкноты гульнявымі картамі, у аўтаматы вырашылі іх запіхваць? Адкуль везлі фальшыўкі? З Караляўца? Ці з самой Вены?

Вось гэта патрапілі ў дзёгаць... Пранціш чуў краем вуха пра братоў Зановічаў, Марку ды Ганібала, непераможных картачных гульцоў, якіх рэкамендаваў шклоўскаму ўладару ягоны прыдворны Салмаран, прайдзісвет, хоць і вучань Вальтэра. Зорыч быў у клопатах, як расплаціцца з крэдыторамі, браты паабяцалі, што, калі той аддасць ім кіраўніцтва Шкловам, будуць яму па сто тысячаў на год здабываць. Ну і здабывалі, сыпалі грашыма шчодра... Наладзілі друкаванне гульнявых картаў, нават Вырвіч такімі ў фараона рэзаўся. А яно вось што... Зладзілі вытворчасць падробак... Дзяржаўнае злачынства. Як давесці сваю недатычнасць? Шклоў цяпер належыць Расіі, і законы тут іхнія, да Трыбунала не звернешся, пра шляхецкія вольнасці не нагадаеш.

I больш чым верагодна, што паведамілі Баўтрамею Лёдніку трывожныя звесткі пра сына таксама невыпадкова... Каб кінуўся да яго і разам патрапіўся ў пастку. Без падпалу дровы не гараць.

Лёдніку, відаць, гэта таксама ў галаву прыйшло, бо прашаптаў сябру са скрухай:

— Прабач...

Успомніў пра алей, калі кашу з’елі...

Пацёмкін устаў, пацягнуўся, як дужы звер.

— Заўтра прыедзе мой пляменнік, магілёўскі губернатар Энгельгард, ён і зоймецца вашымі шалберскімі мосцямі. Усё ягоным падручным раскажаце.

Раптам Карусь — бух на калені... Зусім не ўласцівае ганарыстаму дзікуну дзеянне.

— Ваша светласць, дазвольце, я давяду, што прадметы, якія вы дасталі з аўтаматона, былі кімсьці падкладзеныя толькі тут, у Дуброўне.

Пацёмкін зіркнуў на дзёрзкага, як на муху ў сваім кубку.

— Ты яшчэ хто?

— Калістрат Роўба, чаляднік пана Лёдніка.

Чорны Доктар тут жа паправіў:

— Ён вольны чалавек, ваша княская мосць, і мой вучань.

Вырвіч трохі здзівіўся: трэба ж — Карусь насамрэч Калістрат, а не Казімір. Гэтак жа многія дзівіліся, што поўнае імя Пранціша — не Францыск, а Франтасій.

Князь не дзівіўся, а злаваўся.

— Пустой балбатні не цярплю.

— Ваша княская мосць, зірніце на банкноты i на пласціну ўважліва! — настойліва прамовіў Карусь. Сакратар, які трымаў доказы злачынства, паспяшаўся паднесці іх бліжэй да ўладара. — Яны ўпэцканыя ў фарбу, якой размалёўваюць сцены ў гэтым пакоі. Сляды пакінулі чыесьці пальцы, і гэта магло адбыцца толькі тут. Магчыма, у прыцемку, бо той, хто падкідваў, не заўважыў, што ўпэцкаўся. А машыну гэтую, ваша княская мосць, забралі ў пана Аляксандра Лёдніка адразу па прыездзе сюды і замкнулі. Ён толькі сёння, на вачах сведкаў, атрымаў магчымасць да яе падысці.

Вось жа пільны юнак! Пацёмкін прыдзірліва агледзеў падазроныя прадметы.

— I навошта каму было такое ўчыняць?

Тут выступіў з прамовай спрактыкаваны суддзя, пан Франтасій Вырвіч. Ягоныя велягурыстыя і поўныя намёкаў расповеды пра інтрыгі нявернай жонкі Пане Каханку і графа Нікола Мануцы Пацёмкіна асабліва не кранулі, але хапаць ды валачы фальшываманетчыкаў не загадаў. Змерыў поглядам Каруся, які ўзняўся з калень і выпрастаўся ва ўвесь свой немалы рост, далібог, праз пару гадкоў паставай будзе падобны, відаць, да маладога Пацёмкіна.

— Гэта добра, што адданы гаспадару. Пісьменны. У гвардзейцы я б цябе ўзяў.

Карусь набычыўся.

— Даруйце, ваша мосць, я служу сям’і Лёднікаў.

Пацёмкін застаўся абыякавы да дзёрзкасці чалядніка — былі б пабразгачы, будуць паслугачы. Ён пра нешта раздумваў, кусаў вусны, грэбліва і ўчэпіста разглядаў Лёдніка-старэйшага, быццам прыкідваў, колькі з гэтай рыбіны юшкі атрымаецца...

— Што ж, у бліжэйшы час Зорычу будзе не да гэтага аўтамата. Энгельгард кубло злачыннае раскруціць. А яе вялікасць якраз чакае мяне з дакладам і пра далучаныя землі, і пра крымскія справы. I адразу дзве забаўкі я магу ёй прадставіць: цябе, доктар, і выраб твайго сына... — I прамармытаў насмешліва: — Няхай шчанюк Ланскі панервуецца...

Згоды падазраваных, натуральна ж, ніхто не пытаўся. Быць бычку на лычку, а цёлачцы на вяровачцы.


***

Паркет быў бліскучы i цвёрды. Як пастаіш на каленях з гадзінку, дык адразу тую цвёрдасць ацэніш.

Пранціш патузаўся туды-сюды, намагаючыся незаўважна паправіць нейкі гузік на штанах, які балюча ўпіўся ў лытку. Скасавурыўся на Бутрыма: нават стоячы на каленях, той спіну трымаў роўна, дзюбаты нос задзёр, фізіяномія фанабэрыстая, нібыта Чорны Доктар на троне сядзіць.

Але трон, дакладней, шыкоўны фатэль, абцягнуты чырвоным з золатам шоўкам, дастаткова шырокі, каб змясціліся крыналіны, заставаўся пустым. I даволі доўга. На маленькім століку побач дарэмна жаўцелі ў срэбнай вазе персікі і распроствала аксамітныя барвовыя пялёсткі адзіная, але дзівосная ружа. Яе высокае сцябло пяшчотна абдымала срэбная німфа са збаночка ў выглядзе выцягнутай ракавіны.

Вось навалач Пацёмкін... Зладзіў ліцвінам гэтае здзеклівае стаянне...

Вырвіч нават не ведаў дакладна, што гэта за палац, мусіць, зноў Царскае Сяло пад Санкт-Пецярбургам. Першы раз аўтар «Згукаў пекных з Падняводдзя» перамяшчаўся з такой хуткасцю: на кур’ерскіх тройках іх даімчалі сюды за трое сутак. А так бы тыдні два найменш дабіраліся. Што ж, князь Пацёмкін славіўся любоўю да шпаркай язды.

Прывезлі падазроных гасцей уначы. Ледзь удалося трохі паспаць на пуховых пярынах — раскатурхалі, прынеслі прыдворныя касцюмы, далі памаліцца ды паснедаць, і сюды, у малую гасцёўню для прыёмаў, завешаную карцінамі з пейзанамі ў такіх шыкоўных пазалочаных рамачках, што звычайны пейзанін за адну такую мог сабе карову купіць, а мо і новую хату.

Але пейзане былі маскарадныя, гасціннасць расейскага палаца трывожнай, а паркет, як вы ўжо ведаеце, дужа цвёрдым.

Фонааўтаматон разяваўся чорнымі глоткамі пад аховай гвардзейцаў. Гвардзейцы былі адзін у адзін волаты, плячысцей за Каруся і не ніжэй за Лёдніка. Пляткарылі, што найчасцей з іх былая прынцэса Ангальт-Цэрбская і выбірае сабе амаратаў.

Пацёмкін асабіста сустрэў ліцвінаў. Абвесціў, што яе вялікасць зараз прыйдзе, і настойліва параіў верагодным злачынцам, у невінаватасць якіх імператрыца яшчэ мусіць паверыць, сустрэць яе адпаведна, у вернападданніцкай позе.

Бунтаваць не выпадала, хоць Лёднік папыхкаў сярдзіта, бліснуў вачыма ярчэй за срэбныя гузікі на сваім пазычаным касцюме...

Укленчылі. А імператрыца ўсё не ідзе.

I ўстаць не даюць. Вось-вось, маўляў, зайсці можа. Так і прастаялі, як грэшнікі ў царкве.

Вырвіч ужо ў думках паспеў адправіцца дадому, да мілай Дамінікі і дзетак.

I што там робіцца цяпер, бо Лёднік жа прывёз з сабою дачушку, каб пакінуць пад надзейнай аховай у Капанічах.

А Янук Вырвічаў то бялеў, то чырванеў, паненку пабачыўшы. I абыходзіцца з ёй пачаў цырымонна, па ўсіх куртуазных правілах. Пры гэтым гатовы сарвацца па кожным узмаху чорных веек, выконваючы любую прыхамаць.

А што вучонай паненцы заманецца, нават Вальтэр і Дзідро, якія дзякуючы кепскаму выхаванню пасяліліся ў ейнай галаве, не ведаюць. Хімічныя доследы — гэта яшчэ найменшае зло... А чаму дурное дзяўчо навучылася ў Чорнай Меланхоліі, Пранціш нават задумвацца не хацеў.

Адзін спадзеў, што Дамініка прыгледзіць.

Між тым замітусіліся лёкаі, застукалі чырвоныя абцасы прыдворных, што спяшаліся заняць свае месцы перад візітам манархіні...

Вядома, яна змянілася. Колькі там прайшло, гадоў пятнаццаць? Тады Пранціш адправіўся вызваляць Лёдніка, якога павезлі на суд імператрыцы як дзяржаўнага злачынцу... Вырвіч памятаў маладую жанчыну са светлымі, крыху пукатымі вачыма і ўладнай усмешкай.

Вочы глядзелі стамлёна, павекі набрынялі, зморшчынкі да канца не затынкуеш. I постаць больш мажная, выявілася другое падбароддзе...

Імператрыца цёпла прывіталася з Пацёмкіным, назваўшы яго «душа мая», і ўселася ў фатэль. Пранцішу падалося, нібыта яна адмыслова старалася рухацца хутка і легка. Светлы пагляд абмінаў тройцу ліцвінаў, што ўкленчылі перад ёй, як нешта дужа гідкае. Злева ад імператрыцы прыстроіліся дзве немаладыя фрэйліны: адна высокая, няўклюдная, але вастравокая, ці не тая камер-фрэйліна Ганна Пратасава, якой даверана нават «дэгустацыя» фаварытаў? Другая, круглатварая, з навіслымі над вачыма павекамі, магла быць знакамітай Савічнай, яшчэ адной сардэчнай сяброўкай. Справа ад яе вялікасці, але не зблізу, як некалі нахабны Рыгор Арлоў, пачціва застыў гожы малады чалавек у элегантным атласным строі колеру кавы з малаком, з наіўнымі зялёнымі вачыма, якія на імператрыцу глядзелі аддана, а на Пацёмкіна з бояззю і трохі вінавата. Пранціш здагадаўся, што гэта цяперашні фаварыт, Аляксандр Ланскі. Расказвалі, што ён у палітыку не лез, Кацярыну шчыра абагаўляў... I падобна што банду Чорнага Доктара зноў зрабілі інструментам для палацавых інтрыгаў, і зусім нездарма Пацёмкін прывалок сюды Лёдніка, якога калісьці меркавалі на месца Рыгора Арлова, толькі агаломшаны такім «гонарам» доктар заўпарціўся.

Пацёмкін з грубымі жартачкамі распавёў пра злачынствы марнатраўцы Зорыча і пра ягоны гарэм з балетных дзяўчатак, выстаўляючы нядаўняга саперніка, які быў калісь ягоным сакратаром, недалужным дурнем. Імператрыца і фрэйліны ахвотна пасмейваліся, што сведчыла: для цяперашняга ўладальніка Шклова не было рыбкі ў гэтай рацэ.

Потым гаворка зайшла пра купку махляроў, якія якраз прыехалі да Зорыча з аўтаматам, у якім знайшліся фальшывыя купюры.

Аргументы Каруся былі таксама выкладзеныя... Як і тое, што хітры механізм быў ад пачатку прызначаны ў падарунак манархіні як кампенсацыя за кемпеленаўскага турка-шахматыста. Назіраючы за царыцаю, Вырвіч мог прысягнуць, што ёй ужо ўсё падрабязна даклалі, прысуд вынесены, і цікавіць яе зусім не справа Зорыча.

Калі было названае прозвішча «Лёднік», Ланскі тузануўся, ледзь не падскочыў, спалохана зірнуў на Пацёмкіна, які відавочна насмешнічаў з ягонага пераляку. Праштрафіўся, відаць, унтэр-фаварыт перад аншэф-фаварытам, як называлі ўсемагутнага князя, і той учыніў яму нервовы іспыт.

Абедзве канфідэнткі імператрыцы так і свідравалі вачыма доктара, даволі няўхвальна. А Кацярына нават не глянула на Бутрыма, толькі махнула рукой, што нявольныя госці з палёгкай растлумачылі сабе як дазвол устаць (а спіна як баліць!). Загадала малодшаму Лёдніку падысці.

Алесь пачціва застыў перад уладаркай. Кацярына агледзела яго, ацэньваючы.

— Падобны... Падобны да бацькі... Ды ўсё ж... не тое.

Пры гэтым на бацьку знарок не глядзела... Хоць быў момант — скасавурылася, але зараз жа вочы адвяла.

Ды яна ж баіцца! — раптам здагадаўся Пранціш. — Страшэнна баіцца, як любая звычайная жанчына, пабачыць у выразе твару даўняга знаёмца, як яна пастарэла. А можа, не хоча пабачыць, як пастарэў ён... Вось пройда доктар, значыць, сапраўды нешта было...

— Ну давай, пакажы сваё вынаходніцтва!

I зноў гучаў нежывы голас каўчукавых горлаў, варушыліся чорныя страшныя вусны, круціліся бліскучыя цыліндры, пыхкалі і сіпелі мяхі...

Царыцу зачапіла. Задачкі для аўтаматона так і сыпаліся. Нават Ланскі іх задаваў, радасны радасцю сваёй уладаркі.

Нарэшце Кацярына рашуча павярнулася да Чорнага Доктара.

— У цябе разумны сын, Лёднік.

— Дзякую, ваша вялікасць.

Сказана было няшмат... Але Вырвіч бачыў, як імператрыца нарэшце насмелілася сустрэцца позіркам з бязродным ліцвінам, амаль не хаваючы хваравітую цікаўнасць, і праз пудру на шчоках, што страцілі былую пругкасць, праступіў румянак. I Баўтрамей трошкі прыўзняў куточкі вуснаў у сумнай і светлай усмешцы, якой усміхаюцца даўно прамінуламу — не ўладарцы краіны, якая вось-вось паглыне тваю, а жанчыне...

— Ты цяпер удавец?

Уладарам не ўласцівая далікатнасць. Доктар апусціў вочы.

— Мая страта не перастане кроіць мне сэрца ніколі.

У высока зачасаных напудраных валасах імператрыцы вілася зялёная стужка, нібыта маленькая змейка.

— Міласэрнасць Божая дае нам суцяшэнне. Ты шмат пабадзяўся па свеце, Лёднік. Дзіўна, што паспяваў рабіць навуковыя адкрыцці... Я чытала ў Лейпцыгскім медычным часопісе, здаецца, у мінулым годзе...

Размова зайшла пра прышчэпкі супраць смяротных хваробаў, а гіпотэзы Лёдніка і ў гэтай сферы выклікалі шалёныя нападкі ўсяго самавітага медычнага свету.

Ну і панеслася... Варыяляцыя, вакцынацыя... Бутрым звыкла забыўся на ўсё, акрамя цікавай тэмы, а імператрыца змагла падтрымаць дыскусію... Ды яшчэ спецыяльна цвелячы апантанага навукоўца. Вочы Лёдніка гарэлі цёмным агнём, Пацёмкін пасмейваўся, паглядаючы на Ланскога, а што рабілася з Ланскім, шкада глядзець. Вытанчаны прыгажунчык паспрабаваў быў улезці са сваім меркаваннем, але абодва бакі дыспуту яго адшчоўкнулі ўбок, як пазногцем блыху.

— Думаю, цяпер ты не адмовішся працаваць у нас, — спыніла вучоную размову задаволеная манархіня. — З маім доктарам Рычардсанам ты знаёмы хоць бы завочна, паразумеецеся...

Настаў самы небяспечны момант... Напружыліся ў прадчуванні скандалу не толькі Пранціш і Алесь.

— Няхай не ўгневаецца на мяне ваша імператарская вялікасць... Але я ўсяго толькі сын полацкага гарбара. Я не варты такога гонару. Вы вельмі хутка расчаруецеся. Ды і здароўе маё ўжо не дазваляе рэзка мяняць клімат...

Пратасава і Савічна ўтаропіліся ў доктара, як на пляму атраманту на новенькай сукенцы. Яе вялікасць нахмурыла падведзеныя сурмою бровы.

— Ты ж праваслаўны, рускі. Усё адно ў цябе не можа быць ніякіх інтарэсаў на баку польскіх бунтаўнікоў.

Лёднік у сваім чорным аксамітным камзоле са срэбнымі гузікамі і белымі карункамі нагадваў жалобную статую.

— Я не паляк, ваша царская міласць, i не рускі, я ліцвін, беларус. I проста люблю сваю зямлю, што i Гасподзь ухваляе. Бо i звяры, што ходзяць у пустцы, ведаюць ямы свае, і птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, i рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае, і пчолы бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць...

А вось цяпер гамон... Яшчэ і Скарыну працытаваў, чые кнігі тут палілі... Румянак на шчоках імператрыцы на гэты раз быў выкліканы не сентыментальнымі ўспамінамі. Па знаку манархіні да яе падбег гвардзеец, яна пра нешта з ім пашапталася і зласліва павярнулася да ўпартага палачаніна.

— Бачу, гады не пашкадавалі цябе, доктар. I розум аднялі, і цялесныя здольнасці. Болей ужо не скачаш па сценах, адзін супраць дваццаці з шабляю не выстаіш?

Бутрым схіліў галаву.

— Мне цяжэй рабіць гэта, ваша вялікасць.

Імператрыца расцягнула напамазаныя вусны ва ўсмешцы, загаварыла атрутна-ласкава.

— А я столькі расказвала сваім сябрам... вунь, тым жа Ланскому, Пратасавай ды Савічне, як спрытна ты рухаешся. Шкада, яны не бачылі... Але ты ж не адмовішся ім гэта паказаць хоць трохі? Учыніць мале-енькі бясшкодны трэнінг? Мы прыдумаем нешта зусім лёгкае і бяскрыўднае, так, сябры?

Лёднік не зварухнуўся.

— Воля вашая, але, баюся, таго відовішча, як мінулы раз, не атрымаецца, ваша імператарская вялікасць.

— Нічога, мы даруем,

Пранціш з трывогай зазначаў, што там, дзе стаялі гвардзейцы, пачаўся нейкі pyx — вядома, азірацца не выпадала... Напэўна, манархіня падрыхтавала помсту... Вунь і Ланскі ў прадчуванні расплыўся ў зласлівай усмешцы. Алесь, падобна, падазраваў тое ж, бо асцярожна зрабіў крок да бацькі... Быццам тут можна было абараніцца ці кагось абараніць.

А Шлісельбургская крэпасць зусім непадалёк.

— Мог быць сярод уладных і вялікіх. Але ўвесь час выбіраеш быць сярод прыніжаных і зняважаных.

— Ha іх баку спаконвеку таксама паэты і Гасподзь, ваша царская міласць, — сумна, але цвёрда прамовіў полацкі Фаўст.

— Што ж, твой выбар. Заместа дыяментаў — гнілыя яблыкі.

Зараз жа гнілы яблык і паляцеў у Чорнага Доктара, запушчаны адным з гвардзейцаў, што змясціліся так, каб не патрапіць выпадкова ў імператрыцу.

Калісьці Бутрым адзін выратаваў студэнтаў Віленскай акадэміі, абараняючы ад кучы расейскіх жаўнераў уваход у аўдыторыю, пакуль удзельнікі патрыятычнай сходкі ўцякалі таемнай дарогай. Пасля Чорнаму Доктару давялося даказваць, што ніхто яму не дапамагаў, і ніякага закалоту не было, і дэманстраваць фехтавальнае майстэрства на вачах царыцы. Тады супраць Бутрыма сапраўды выйшла дваццаць гвардзейцаў, якіх ён мусіў не прапусціць у дзверы, пацяшаючы імітацыяй бойкі прыдворную публіку. Справіўся.

Пасля падрабязнасцей было не дастаць — царыца ў сваіх пакоях зладзіла палачаніну яшчэ адну праверку ягонай спрытнасці, шпурляючы ў яго цукеркамі з вішнёвым начыннем. Вырвіч, звозячы доктара з Паўночнай Пальміры, спалохаўся, што той паранены, а гэта пад кашуляй, на грудзях, цукерка наліпла... Дзіва што тагачасны фаварыт Рыгор Арлоў выправіў Лёдніка прэч, як толькі змог.

Экзекуцыя з гнілымі яблыкамі выглядала здзеклівай пародыяй на тую куртуазную гульню з цукеркамі ў імператарскім алькове. Доктар воляю пакрыўджанай манархіні мусіў усвядоміць, наколькі ён апусціўся, зрабіўшы няправільны выбар... Які смешны і нямоглы стаў... Блазан нікчымны.

Можа, і варта было б даць манархіні спатоліць гнеў. Ну пашпурлялі б гнілымі яблыкамі, як падчас гульні ў снежкі, пасмяяліся б, атрымаў бы няўдзячны ганарлівец найбольш пару сінякоў...

Але Меланхолія казала пра асаблівыя інстынкты знаўцы баявых майстэрстваў такога ўзроўню, якія нельга схаваць... Адбылося тое, што і пры першай сустрэчы з Мануцы, калі той запусціў у патыліцу доктара шышкай. Шпурнуты ў галаву яблык праляцеў міма гэтак жа, як і той, што цэліў у грудзі. Вырвіч нават усвядоміць не паспеў пачатак руху старэйшага сябра — гніляк, што меціў у таго, трапіў проста ў лоб нашчадка Палемона... Добра, што хоць не цвёрды.

Лёднік уварочваўся так хутка, што ягоная постаць здавалася расплывістай. А адзін падгнілы снарад адправіўся роўненька назад у нападніка, яшчэ, здаецца, не даляцеўшы да выстаўленай насустрач доктаравай рукі. Аўтаматон жаласна вухкаў, бо даставалася і яму... Звінелі люстэркі, падалі кандэлябры... А полацкі Фаўст круціўся недасягальнай віхурай.

Пацёмкін, спалоханы, што можа пацярпець імператрыца, раўнуў:

— Хопіць!

Усё адбылося хутчэй, чым асушваюць келіх віна.

Пранціш выціраў са шматпакутнага свайго лба рэшткі блазенскага снарада, Алесю таксама прыляцеў царскі пачастунак, мяркуючы па брунатных плямах на карункавым каўняры. У чорных пашчах цуда-машыны заселі некалькі гнілых яблыкаў.

Лёкаі, падобныя да вялізных звар’яцелых серабрыстых пацукоў імкліва запоўзалі па падлозе, прыбіраючы сляды царскай забавы.

Лёднік застыў у пачцівай годнай паставе з самай поснай фізіяноміяй, чысценькі, нават не задыхаўся.

Фрэйліны горача зашапталіся, паглядваючы на яго ўжо іначай. Імператрыца з незразумелым выразам твару круціла ў пальцах маленькую табакерку. Пранціш за час судзейскай практыкі засвоіў: такія дзеянні сведчаць, што чалавек хоча схаваць сапраўдныя пачуцці.

— Здароўе, кажаш, страціў... Нямоглы стаў... Ілжэш як дыхаеш. Акрамя маны я ад цябе нічога не бачыла.

Яе вялікасць нават устала з фатэля і падышла бліжэй да палачаніна, намагаючыся трымацца прамей і ступаць лягчэй. Прыдворныя напружана сачылі за кожным яе pyхам, спрабуючы зразумець: трэба хапаць і караць ці, наадварот, ветла паўсміхацца новай царскай забаўцы?

— Ты страшны чалавек, Лёднік. Я гатовая паверыць, што ты можаш поглядам рухаць прадметы і забіваць на адлегласці, як мне дакладвалі. Мне толькі адной падалося, што ты адбіваў яблыкі, калі яны яшчэ да цябе не даляцелі? Хопіць з нас мярзотніка Каліёстра. Магчыма, цябе варта перадаць духоўнай кансісторыі?

Ну тады зусім карачун...

— Мне перадаваў мой чалавек, матухна, пра дзіўныя рэчы, — няспешна загаварыў Пацёмкін, нібыта ўзважваючы, як карысней учыняць. — Ён сам бачыў, як гэты доктар змушаў зброю саму па сабе наносіць яго сапернікам раны.

Дакладчыкам быў Мануцы, ясна. А Пацёмкін, падобна, вырашыў, што доктар выканаў адведзеную яму ролю, і цяпер яго акуратна прыбярэ.

Бутрым ускінуў галаву.

— Любы чалавек, добра натрэніраваўшыся, можа ўчыняць рэчы, якія могуць падацца чарадзействам, а на справе ўсяго толькі дасканалае ўмельства...

Палацавыя гадзіннікі пачалі біць, з пакоя ў пакой перасыпаліся гукі, такія ж нежывыя, як у фонааўтаматона, але куды больш меладычныя.

— Даруйце маю дзёрзкасць, Ваша вялікасць, — насмеліўся падтрымаць сябра Вырвіч. — Магу засведчыць, што пан Баўтрамей Лёднік — добры хрысціянін, наведвае службы і трымаецца пастоў. Ён шмат ахвяраваў на Свята-Духаў храм у Вільні і ў Гародні падтрымліваў Прачысценскую царкву, як мог, і ў Полацку храм Святой Сафіі...

— Дазвольце і мне сказаць, ваша вялікасць... — не прамаўчаў Алесь. — Мой пан-бацька заўсёды вучыў мяне хрысціянскім каштоўнасцям і адварочваў ад усяго магічнага, як ад вялікага граху.

— Чым большы грэшнік, тым большыя ахвяры, — хмыкнуў князь Пацёмкін. — Вас ніхто не пытаўся, сын ды сябрук чарадзея. Ну што, матухна, загадаеш з гэтай камандай рабіць?

I азірнуўся на Ланскога, які глядзеў на князя з сабачай адданасцю, аж вочы павільгатнелі: паказваў, што ўсвядоміў урок, будзе паслухмяны. Бо як што, аншэф-фаварыт знойдзе кім замяніць блазнюка ў царскай спачывальні.

У люстэрках паміж пастаральных карцінаў адбіваліся насцярожаныя напудраныя фізіяноміі.

— Аўтамат я куплю, падарункаў мне ад фальшываманетчыкаў не трэба. А што тычыцца лёсу гэтай банды...

Імператрыца прайшлася перад ліцвінамі. Яшчэ раз абмерала поглядам Алеся Лёдніка, зноў расчаравана ўздыхнула: той, вядома, малады, і такі ж высокі і вучоны, але чагось не хапае ў параўнанні з бацькам. Па Вырвічу толькі слізганула вачыма, а перад Чорным Доктарам спынілася. Абедзве фрэйліны стаялі за спінай уладаркі і зацята хрысціліся, гатовыя магу суроклівыя вочы выдрапаць... Ну альбо добрым манерам павучыць у больш інтымнай абстаноўцы. Пратасава, не саромеючыся, шнырыла вачыма па ўсіх фрагментах хударлявай постаці і шапталася з Савічнай, Вырвічу падалося, што ён разбірае асобныя словы: «Стараваты... А нос вялікі, добрая прыкмета...»

— Трэнінг, кажаш, дае ўмельствы, падобныя да магіі? — вочы царыцы бліснулі ў нейкім прадчуванні. — Ну дык пакажы зараз штосьці падобнае да магіі, але не магічнае.

Ланскі нешта звягаў пра небяспеку, але на яго ніхто ўвагі не звяртаў. Высокая нязграбная Пратасава нешта пашаптала на вуха гаспадыні, тая кіўнула.

— Стань вунь там, ля вашага аўтамата... Бачыш ружу на стале? Адпушчу цябе з тваімі сябрамі, і падазрэнне ў змове з шалберамі Зорыча з вас будзе знятае, калі не сыходзячы з месца і без зброі тую ружу зрэжаш. А не зможаш ці чараўніцтва ўжывеш — выбачай, адправішся пад следства.

— Ваша вялікасць, і хай спінай да кветкі павернецца, — з прагнай цікавасцю правішчэла Савічна.

Для выбітнай дзеі тут жа падрыхтавалі сцэну. Кацярына адышлася са сваёй світай да сцяны, ёй неадкладна прысунулі фатэль. Гвардзейцы пільнавалі кожны рух падазронага ліцвіна.

А да століка сажні тры... Тут не кожны нават кінжалам ці куляю пацэліць. А ўсляпую, з голымі рукамі... Ім жа ні шпількі не пакінулі, у Алеся нават адвёртку адабралі, якой ён свой аўтамат напраўляў.

Пранцішу, якога адагналі таксама да сцяны, нічога не прыходзіла ў галаву, Алесю, падобна, таксама. Праўда, хлапец відавочна напружыўся, як тады, калі кіраваў звяркамі: ці не спрабаваў аднавіць свае здольнасці і прывабіць якога пацука ці вераб’я?

Прыдворныя пацяшаліся: хтось прапаноўваў доктару перарэзаць сцябло позіркам, не здагадваючыся, што ён такое сапраўды можа, хтось раіў даплюнуць, атруту ў сліну дадаўшы, хтось сцвярджаў, што нос доктара — самая лепшая зброя, і яго можна выкарыстаць у якасці сякеркі...

Бутрым не змяніўся ў твары, паслухмяна павярнуўся і стаяў сабе цёмным слупам, толькі пачціва схіліў галаву, пачуўшы недарэчны загад. Адзіны раз азірнуўся цераз плячо на столік з кветкай, прабегся вачыма па пакоі, нешта прыкідваючы...

Пацёмкін усміхаўся вельмі нядобра: давай, маг, праявіся! А ў імператрыцы быў менавіта той пагардліва-задзірысты позірк, ад якога мужчыну хочацца парваць голымі рукамі цмока, абы давесці, што не баягуз. I была вялікая небяспека, што ганарысты доктар сарвецца і ўжыве свае... незвычайныя здольнасці, каб уцерці нос насмешнікам.

Раптам Лёднік адным моцным рухам, крутануўшы, адарваў срэбны гузік са свайго камзола, і з неверагоднай сілай запусціў яго ўбок. Гузік са свістам стукнуўся аб жырандолю на сцяне, адляцеў... I перабіў сцябло ружы.

Пунсовая галава кветкі звалілася на малахіт, пад ногі срэбнай німфы.

Шкада, Чорная Меланхолія не бачыць, як вучань засвоіў яе ўрок.

На нейкі час у пакоі запанавала маўчанне.

— Ваша вялікасць, ён вас заб’е! — рантам залямантаваў Ланскі і кінуўся захінаць сабою каханку. Тая паморшчылася, не адводзячы вачэй ад Чорнага Доктара, чый худы дзюбаносы твар зноў быў адчужана-пачцівы. Паклікала яго бліжэй жэстам рукі.

— Што, і праўда, можаш мяне забіць?

— Я лекар, а не забойца, ваша вялікасць, і ніколі не нанясу шкоды сваім пацыентам.

Савічна пераміргнулася з Пратасавай, і яны акуратна адсунулі знерваванага Ланскога ад імператрыцы.

— Што ж, умову маю ты выканаў.

Кацярына павярнулася да раздражнёнага нечаканым паваротам Пацёмкіна:

— Хай ідуць, душа мая. А нам з табою трэба перагаварыць пра дзяржаўныя справы... Але ж і забавіў ты мяне сёння, даўно так не весялілася.

Дарэмна Вырвіч спадзяваўся, што зараз жа ім дадуць з’ехаць. Яшчэ і Ланскі, ледзь не плачучы, дагнаў у калідоры Бутрамея:

— Калі ты яе пакрыўдзіш...

Чорны Доктар акуратна адвёў спешчаную руку фаварыта ад свайго рукава і змрочна прамаўчаў. Гэтак жа маўчаў i Алесь. Прамовіў толькі бацьку перад тым, як усіх развялі па пакоях:

— А я спадзяваўся, што выйшаў з твайго ценю. Але там мне, відаць, і дажываць...

I схаваўся ў спачывальні, не даўшы разгубленаму Бутрыму нешта прыдумаць у адказ.

Вырвіч як хутчэй справадзіў мясцовага лёкая, абуральна важнага, і кінуўся ў пакой Бутрамея, на шчасце, іх больш не ахоўвалі, як вязняў.

Карусь, якога неяк трымала казетка з занадта таненькімі выгнутымі ножкамі, прыклаў палец да вуснаў: Бутрым стаяў у куце перад абразамі і маліўся, чорна-сівыя патлы звешваліся, захінаючы рэзкія рысы аблічча. Ды што ж такое ў гэтым чараўніку, у чарговы раз задаўся пытаннем Пранціш, чым ён такія жарсці абуджае?

І хто заўгодна зараз параіў бы доктару не штукарыць, а скарыстацца капрызам магутнай імператрыцы. Далі булку — не лічы разынкі. Вунь усе магнаты, што свае войскі супроць расейцаў падымалі, у чарзе дасюль стаяць па ласку расейскай царыцы, усе прапаноўвалі ёй паслугі і ў ложку, і на палітычным полі: і Міхал Казімір Багінскі, і Караль Радзівіл Пане Каханку, і Аляксандр Сапега... Вядома, шляхціцу па патэнце Баўтрамею не свяцілі асабліва высокія пасады, але і месца асабістага доктара царыцы — душу за гэта іншы заклаў бы...

Але Пранціш не раіў, а доктар бы і не слухаў.

За Баўтрамеем прыйшлі з вялікай пачцівасцю двое лёкаяў. Пацыент чакае, сказалі. Ну, вужака не ўкусіць, калі Бог не папусціць...

За дзвярыма пераміналася высокая няўклюдная Пратасава, каб праводзіць забаўку да царыцы ды па дарозе хоць трохі павучыць правільнаму абыходжанню з манаршай асобай.

Доктар толькі кіўнуў Карусю і Пранцішу і выйшаў з самым фанабэрыстым выглядам.

Вось цяпер і ім заставалася адно маліцца.

Гасподзь — Пастыр мой; я ні ў чым не буду мець нястачы: Ён пасвіць мяне на зялёных нівах, да ціхіх крыніц прыводзіць мяне, ён душу маю мацуе, накіроўвае мяне на сцежкі праўды дзеля імя Свайго. Калі я пайду нават далінаю смяротнага ценю, не збаюся зла, бо Ты са мною...

Па паркетах палаца халоднага паўночнага краю гулялі скразнякі, лёкаі і інтрыганы.

Білі гадзіннікі, сеючы металёвыя гукі, быццам жалезныя жалуды, з якіх вырастаюць цмокі.

Вырвіч задрамаў, і бачыў у сне то намаляваныя пальмы, то лупатыя белыя вочы...

Мусіць, толькі пад раніцу грукнулі дзверы.

У цьмяным святле адзінай свечкі, якая не паспела аплысці, Бутрым цяжка сеў на ложак, апусціўшы галаву, і ягоны профіль здаваўся выразаным вострым инструментам з цёмнага металу.

Пранціш баяўся запытацца, што i як... Доктар неахвотна парушыў маўчанне.

— Ёй не трэба яшчэ адна краіна... Толькі ўскраіна. Як бы мы ні называліся — ліцвіны, беларусы, крывічы...

Пранціш папярхнуўся слінай.

— Ты што, з ёй усю ноч пра палітыку спрачаўся?

Бутрым памаўчаў, расшпіліў камзол, шпурнуў у кут, дзе прыдворны ўбор перахапіў устрывожаны Карусь.

— З’ехаць нам дадуць. Яе вялікасць трымае слова.

I зразумела было, што ад доктара зноў ніхто ніколі не дачакаецца падрабязнасцяў. I зноў будуць множыцца плёткі і чуткі. Таму што ў палацы, як у шкляной скрынцы, нічога не схаваеш, а тое, што адбываецца ў ценю, за фіранкамі ды шырмамі, толькі набывае фантастычныя рысы ды розныя варыянты.

— Бутрым, а ты... застаешся?

За акном пачаў нудзіцца дождж, буркатаў ды буркатаў, як стары дзед.

— Спадзяюся, што больш сюды не вярнуся ніколі.

Сонны Вырвіч заваліўся ў вылучаны яму пакой, не ў змозе да канца здушыць ганебнае пачуццё зайздрасці да сына полацкага гарбара, непрыгожага, змрочнага і неверагодна ўпартага ў нязручнай праўдзе сваёй.

Загрузка...