Тут неабходна зноў перапыніць расказ, з прычыны вельмі цяжкай акалічнасці, якая зараз высветліцца. Пакуль у гасцінай адбывалася ўсё апісанае вышэй і пакуль містэр Хакстэрс назіраў за містэрам Марвелам, які курыў люльку каля варот, воддаль, ярдах у дванаццаці, стаялі містэр Хол і Тэдзі Хенфры і, азадачаныя і збянтэжаныя, абмяркоўвалі адзіную айпінгскую злобу дня.
Раптам пачуўся моцны ўдар у дзверы гасцінай, адтуль даляцеў пранізлівы крык, і затым усё заціхла.
— Эй! — вымавіў Тэдзі Хенфры.
— Эй! — пачулася ў распівачнай.
Містэр Хол усведамляў усё, што адбывалася, павольна, але правільна.
— Там штосьці няладнае, — сказаў ён, выходзячы з-за стойкі і накіроўваючыся да дзвярэй гасцінай.
Ён і Тэдзі разам падышлі да дзвярэй з напружанай увагай на тварах. Позіркі ў іх былі задумлівыя.
— Штосьці нядобра, — сказаў Хол, і Хенфры кіўнуў у знак згоды. На іх дыхнула цяжкім пахам хімікаліяў, а з пакоя пачулася прыглушаная размова, вельмі хуткая і ціхая.
— Што ў вас там? — спытаўся Хол, пастукаўшы ў дзверы.
Прыглушаная размова крута абарвалася, на хвіліну наступіла маўчанне, затым зноў пачуўся гучны шэпт, пасля чаго раздаўся крык: «Не, не, не трэба!» Затым усчалася валтузня, пачуўся стук крэсла, якое ўпала на падлогу, і шум кароткай схваткі. І зноў цішыня.
— Што за чорт! — усклікнуў Хенфры напаўголасу.
— Што ў вас там? — зноў спытаўся містэр Хол.
Вікарый адказаў нейкім дзіўным дрыготкім голасам:
— Усё ў парадку. Калі ласка, не перашкаджайце.
— Дзіўна! — сказаў Хенфры.
— Дзіўна! — сказаў містэр Хол.
— Просяць не перашкаджаць, — сказаў Хенфры.
— Чуў, - сказаў Хол.
- І хтосьці фыркнуў, - сказаў Хенфры.
Яны працягвалі стаяць каля дзвярэй, прыслухоўваючыся. Размова ў гасцінай аднавілася, такая ж прыглушаная і хуткая.
— Я не магу, — пачуўся голас містэра Банцінга. — Кажу вам, судар, я не хачу!
— Што такое? — спытаўся Хенфры.
— Кажа, што не хоча, — сказаў Хол. — Каму гэта ён — нам, ці што?
— Абуральна! — пачуўся голас містэра Банцінга.
— «Абуральна!» — паўтарыў містэр Хенфры. — Я гэта ясна чуў.
— А хто цяпер гаворыць? — спытаўся Хенфры.
— Напэўна, містэр Кас, — сказаў Хол. — Вы што-небудзь разбіраеце?
Яны памаўчалі. Размова за дзвярыма станавілася ўсё больш незразумелай і загадкавай.
— Здаецца, абрус здзіраюць са стала, — сказаў Хол.
За стойкай з'явілася гаспадыня. Хол стаў знакамі ўгаворваць яе, каб яна не шумела і падышла да іх. Гэта адразу ж абудзіла ў яго жонкі дух супярэчлівасці.
— Чаго гэта ты стаіш і слухаеш? — спыталася яна. — Іншай справы ў цябе няма, ды яшчэ ў святочны дзень?
Хол спрабаваў растлумачыць жэстамі і мімікай, але місіс Хол не пажадала зразумець і ўпарта павышала голас. Тады Хол і Хенфры, вельмі збянтэжаныя, на дыбачках вярнуліся да стойкі і растлумачылі ёй, у чым справа.
Спачатку яна ўвогуле адмовілася прызнаць што-небудзь незвычайнае ў тым, што яны ёй паведамілі. Потым запатрабавала, каб Хол замоўк і гаварыў адзін Хенфры. Яна была схільна лічыць усё гэта глупствам, можа, яны проста перасоўвалі мэблю.
— Я чуў, як ён сказаў «абуральна», ясна чуў, - паўтарыў Хенфры.
— Так гэта ці не… — пачала місіс Хол.
— Шш… — перапыніў яе містэр Тэдзі Хенфры. — Чуеце — акно?
— Якое акно? — спыталася місіс Хол.
— У гасцінай, — адказаў Хенфры.
Усе замоўклі, напружана прыслухоўваючыся. Невідушчы позірк місіс Хол быў скіраваны на светлы прамавугольнік дзвярэй карчмы, на белую дарогу і фасад крамы Хакстэрса, асветлены чэрвеньскім сонцам. Раптам дзверы крамы расчыніліся, і з'явіўся сам Хакстэрс з вылупленымі ад хвалявання вачыма.
— Трымай злодзея! — крыкнуў ён, кінуўся бегчы наўскасяк да варот карчмы і знік з поля зроку.
У тую ж секунду з гасцінай данёсся гучны шум і бразганне акна, якое зачынялася.
Хол, Хенфры і ўсе людзі, што сядзелі ў распівачнай, гурмой выбеглі на вуліцу. Яны ўбачылі, як хтосьці хутка завярнуў за вугал, у напрамку да дарогі, што вяла ў поле, і як містэр Хакстэрс, падскочыў, перакуліўся ў паветры і ўпаў ніцма. Натоўп застыў у здзіўленні, некалькі чалавек падбеглі да яго.
Містэр Хакстэрс быў без прытомнасці, як пераканаўся нахіліўшыся над ім Хенфры. Хол жа з двума работнікамі з карчмы дабеглі да вугла, выкрыкваючы штосьці незразумелае, і ўбачылі, як містэр Марвел знік за вуглом царкоўнай агарожы. Яны, мусіць, вырашылі, што гэта і ёсць Невідзімка, які раптоўна зрабіўся бачным, і кінуўся наўздагон. Але не паспеў Хол прабегчы і дзесяці ярдаў, як, гучна ўсклікнуўшы ад здзіўлення, адляцеў убок і, ухапіўшыся за аднаго з работнікаў, паляцеў разам з ім на зямлю. Ён быў збіты з ног, зусім як у гарачай схватцы на футбольным полі збіваюць з ног ігракоў. Другі работнік абярнуўся і, падумаўшы, што Хол проста, спатыкнуўся, працягваў гнацца адзін; але тут і ён спатыкнуўся таксама, як Хакстэрс. У гэты час першы работнік, які паспеў падняцца на ногі, атрымаў збоку такі ўдар, якім можна было б зваліць быка.
Ён упаў, і ў гэтую хвіліну з-за вугла паказаліся людзі, якія прыбеглі з лужка, дзе адбывалася гулянне. Наперадзе бег гаспадар ціра, рослы мужчына ў сіняй фуфайцы. Ён вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што на дарозе няма нікога, акрамя трох чалавек, якія ляжалі на зямлі. У тую ж хвіліну з яго нагой штосьці здарылася, ён выцягнуўся ва ўвесь рост. І адкаціўся ў бок, проста пад ногі брата і кампаньёна, які таксама з разгону выцягнуўся на зямлі. Тыя, хто бег следам, спатыкаліся аб іх, падалі кучай, валячыся, адзін на аднаго, і абсыпалі іх адборнай лаянкай.
Калі Хол, Хенфры і работнікі выбеглі з карчмы, місіс Хол, навучаная шматгадовым вопытам, засталася сядзець за касай. Раптам дзверы гасцінай расчыніліся, адтуль выскачыў містэр Кас і, нават не глянуўшы на яе, збег з ганка і панёсся за вугал дома.
— Трымайце яго! — крыкнуў ён. — Не давайце яму выпусціць з рук вузел! Пакуль ён трымае гэты вузел, яго можна бачыць! — Містэр Кас нічога не ведаў пра Марвела, якому Невідзімка перадаў кнігі і вузел ужо ў двары. Выгляд у містэра Каса быў сярдзіты і рашучы, але ў касцюме яго нечага не хапала; папраўдзе, усё адзенне яго складалася з чагосьці падобнага на лёгкую белую спаднічку, якая магла б замяніць вопратку хіба што толькі ў Грэцыі. — Трымайце яго! — лямантаваў ён. — Ён знёс мае штаны! І ўсю вопратку вікарыя!
— Зараз я дабяруся да яго! — крыкнуў ён Хенфры, прабягаючы міма ляжачага на зямлі Хакстэрса, і, абагнуўшы вугал, далучыўся да натоўпу, які гнаўся за Невідзімкам, але тут жа быў збіты з ног і бразнуўся на дарогу ў самым непрыглядным выглядзе. Хтосьці з усяго размаху наступіў яму на руку. Ён завыў ад болю, паспрабаваў устаць на ногі, зноў быў збіты, упаў на карачкі і нарэшце пераканаўся, што ўдзельнічае не ў пагоні, а ў адступленні. Усе беглі назад у вёску. Ён зноў падняўся, але атрымаў моцны ўдар па вуху. Хістаючыся, ён павярнуў дадому, мімаходзь пераступіўшы цераз Хакстэрса, які, да таго часу ўжо ачухаўся і, забыты ўсімі, сядзеў пасярод дарогі.
Падымаючыся на ганак карчмы, Кас раптам пачуў ззаду сябе гук гучнай аплявухі і раз'юшаны крык болю, які ўзвіўся над шматгалосым шумам і гамам. Ён пазнаў голас Невідзімкі — той крыкнуў так, быццам яго прывёў у шаленства нечакана востры боль.
Містэр Кас уварваўся ў гасціную.
— Банцінг, ён вяртаецца! — крыкнуў ён з парога. — Ратуйцеся!
Містэр Банцінг стаяў ля акна і майстраваў сабе касцюм з каміннага дыванка і аркуша «Заходне-сярэйскай газеты».
— Хто вяртаецца? — спытаўся ён і так уздрыгнуў, што ледзьве не сапсаваў увесь свой касцюм.
— Невідзімка! — адказаў містэр Кас і падбег да акна. — Нам трэба ўцякаць адсюль. Ён б'ецца як шалёны. Проста як шалёны.
Цераз секунду ён быў ужо ў двары.
— Злітуйся божа! — у жаху ўсклікнуў Банцінг, не ведаючы, на што адважыцца. Але тут з калідора карчмы данёсся шум схваткі, і гэта спыніла ўсе яго разважанні. Ён вылез у акно, хуценька прыладзіў свой касцюм і кінуўся бегчы па вуліцы з усёй хуткасцю, на якую толькі былі здольны яго тоўстыя кароткія ножкі.
Пачынаючы з той хвіліны, калі пачуўся раз'юшаны крык Невідзімкі і містэр Банцінг кінуўся ўцякаць, устанавіць паслядоўнасць у ходзе айпінгскіх падзей становіцца немагчымым. Можа, спачатку Невідзімка хацеў толькі прыкрыць адступленне Марвела з вузлом і кнігамі. Але таму што ён увогуле не вызначаўся рахманым норавам ды яшчэ выпадковы ўдар канчаткова вывеў яго з сябе, ён стаў сыпаць ударамі направа і налева і біць усіх, хто трапляўся пад руку.
Уявіце сабе вуліцу, запоўненую людзьмі, якія бягуць, бразганне дзвярэй і бойку з-за зацішных куточкаў, дзе можна было б схавацца. Уявіце сабе ўздзеянне гэтай буры на няўстойлівую раўнавагу дошкі, пакладзенай на два стулы ў сталовай старога Флетчэра, і выкліканую гэтым катастрофу. Уявіце сабе перапалоханую парачку, якую заспела бедства на арэлях. А потым бура пранеслася, і айпінгская вуліца, упрыгожаная флагамі і гірляндамі, апусцела; толькі адзін Невідзімка працягваў бушаваць сярод раскіданых па зямлі какосавых арэхаў, перакуленых парусінавых шчытоў і раскіданых тавараў з латка гандляра ласункамі. Адусюль даносіўся стук аканіц і завалаў, і толькі дзе-небудзь, выяўляючы прысутнасць людзей, у кутку акна мільгала вылупленае вока пад спалохана прыўзнятым брывом.
Невідзімка нейкі час забаўляўся тым, што разбіваў вокны ў карчме; затым прасунуў вулічны ліхтар у акно гасцінай місіс Грогрэм. Ён жа, напэўна, перарэзаў тэлеграфны провад за домікам Хігінса на Эдэрдзінскай дарозе. А затым, карыстаючыся сваёй незвычайнай здольнасцю, ён бясследна знік, і ў Айпінгу пра яго больш ніколі не было ні слыху ні дыху. Ён знікнуў назаўсёды.
Але мінула добрыя дзве гадзіны, пасля чаго першыя смельчакі адважыліся зноў выйсці на пустынную айпінгскую вуліцу.