Раздзел XXII. Ва ўніверсальным магазіне


— Дык вось, у студзені, у снег і мяцеліцу, — а варта снегу пакрыць мяне, і я быў бы выяўлены! — змораны, прастужаны, з ламатой ва ўсім целе, невыказна няшчасны і ўсё яшчэ амаль напалову перакананы ў сваёй нябачнасці, пачаў я новае жыццё, на якое сам сябе асудзіў. У мяне не было ні прыстанішча, ні сродкаў да існавання, не было ніводнага чалавека ва ўсім свеце, якому я мог бы даверыцца. Раскрыць сваю таямніцу азначала б адмовіцца ад сваіх шырокіх планаў на будучае — мяне проста сталі б паказваць як дзіва. Тым не менш я было амаль адважыўся падысці да якога-небудзь прахожага і прызнацца ва ўсім. Але я занадта добра разумеў, які жах і якую нечалавечую жорсткасць абудзіла б такая спроба. Пакуль што мне было не да новых планаў. Я хацеў толькі схавацца ад снегу, захутацца і сагрэцца, — тады можна было б падумаць і пра будучае. Але нават для мяне, чалавека-невідзімкі, рады лонданскіх дамоў стаялі замкнёныя і непрыступныя.

Толькі адно бачыў я тады выразна перад сабою: холад, беспрытульнасць і пакуты блізкай ночы сярод снежнай завірухі.

І раптам мяне натхніла бліскучая думка. Я звярнуў на вуліцу, якая вяла ад Гаўэр-стрыт да Тотэнхэм-Кортроўд, і апынуўся перад вялізным магазінам «Omnium»- вы ведаеце яго, там гандлююць абсалютна ўсім — мясам, бакалеяй, бялізнай, мэбляй, вопраткай, нават карцінамі. Гэта хутчэй гіганцкі лабірынт разнастайных крамаў, чым адзін магазін. Я спадзяваўся заспець дзверы магазіна адчыненымі, але яны былі закрыты. Пакуль я стаяў перад шырокім уваходам, пад'ехала карэта, і швейцар у ліўрэі, з надпісам «Omnium» на фуражцы расчыніў дзверы. Мне ўдалося прабрацца ўсярэдзіну, і, прайшоўшы першы пакой — гэта быў аддзел стужак, пальчатак, панчох і да таго падобнага, — я трапіў у больш прасторнае памяшканне, дзе прадаваліся кошыкі і плеценая мэбля.

Аднак я не адчуваў сябе ў поўнай бяспецы, таму што тут увесь час таўкліся пакупнікі. Я стаў бадзяцца па магазіне, пакуль не трапіў у вялізнае аддзяленне на верхнім паверсе, які быў увесь застаўлены ложкамі. Тут я нарэшце знайшоў сабе прытулак сярод велізарнай кучы складзеных матрацаў. У магазіне запалілі ўжо святло, было вельмі цёпла; я вырашыў застацца ў сваім сховішчы і, уважліва сочачы за групамі прыказчыкаў і пакупнікоў, якія сноўдаліся па мэблевым аддзяленні, стаў чакаць час, калі магазін зачыняць. «Тады ўсе пойдуць, — думаў я, — і я здабуду сабе ежу і вопратку, абыду ўвесь магазін, абследую яго запасы і, напэўна, нават пасплю на адным з ложкаў». Гэты план здаваўся мне рэальным. Я хацеў узяць вопратку, каб ператварыцца ў захутаную фігуру, якая ўсё ж не выклікае падазрэнняў, расстарацца грошай, затым атрымаць свае кнігі і прэпараты з паштовай канторы, наняць дзе-небудзь пакой і распрацаваць план поўнага выкарыстання той перавагі над маімі блізкімі, што — як я ўсё яшчэ ўяўляў — давала мне мая нябачнасць.

Час закрыцця магазіна наступіў даволі хутка. Прайшло не больш гадзіны, як я забраўся на кучу матрацаў, і вось я заўважыў, што шторы на вокнах апушчаны, а апошніх пакупнікоў выправаджваюць. Потым некалькі жвавых маладых людзей узяліся з незвычайнай хуткасцю збіраць тавары, якія ляжалі на прылаўках. Калі натоўп парадзеў, я пакінуў сваё логава і асцярожна прабраўся бліжэй да цэнтральных аддзяленняў магазіна. Мяне ўразіла хуткасць, з якой цэлая армія юнакоў і дзяўчат прымалі тавары, што былі выстаўлены на працягу дня для продажу. Усе картонкі, развешаныя тканіны, гірлянды карункаў, скрынкі з ласункамі ў бакалейным аддзяленні, самыя розныя прадметы, выстаўленыя на прылаўках, — усё гэта ўбіралася, згортвалася і складвалася ў спецыяльныя сховішчы, а ўсё, чаго нельга было прыняць і схаваць, прыкрывалася чахламі з якога-небудзь грубага матэрыялу накшталт парусіны. Нарэшце ўсё было састаўлена на прылаўкі, на падлозе не засталося нічога. Закончыўшы сваю справу, кожны з маладых людзей спяшаўся пайсці з выразам такога натхнення на твары, якога я ніколі яшчэ не бачыў у прыказчыкаў. Потым з'явілася плойма падлеткаў з апілкамі, вёдрамі і шчоткамі. Мне даводзілася раз-пораз ухіляцца ад іх, але ўсё ж апілкі траплялі мне на ногі. Разгульваючы па цёмных апусцелых памяшканнях, я яшчэ даволі доўга чуў шастанне шчотак. Нарэшце, праз гадзіну з лішнім пасля закрыцця магазіна, я пачуў, што замыкаюць дзверы. Усталявалася цішыня, і я застаўся адзін у вялізным лабірынце аддзяленняў і калідораў. Было вельмі ціха — помню, як, праходзячы міма аднаго з выхадаў на Тотэнхэм-Корт-роўд, я прыслухоўваўся да стуку абцасаў прахожых.

Спачатку я накіраваўся ў памяшканне, у якім я бачыў панчохі і пальчаткі. Было цёмна, і я ледзьве адшукаў запалкі ў скрынцы невялікай канторкі. Але яшчэ трэба было здабыць свечку. Давялося сцягваць чахлы і шнарыць па скрынках і каробках, але ў рэшце рэшт я ўсё ж знайшоў тое, што шукаў. Свечкі ляжалі ў скрынцы, на якой быў надпіс: «Шарсцяныя панталоны і фуфайкі». Потым я ўзяў шкарпэткі і тоўсты шалік, пасля чаго накіраваўся ў аддзяленне гатовай вопраткі, дзе ўзяў штаны, мяккую куртку, паліто і капялюш з загнутымі ўніз палямі, накшталт тых, што носяць святары. Я зноў адчуў сябе чалавекам і найперш усяго падумаў пра ежу.

На верхнім паверсе аказалася закусачная, і там я знайшоў халоднае мяса. У кафейніку засталося крыху кавы, я запаліў газ і падагрэў яе. Увогуле, я ўладкаваўся зусім няблага. Затым я накіраваўся на пошукі коўдры — мне давялося задаволіцца пуховымі пярынамі, - і натрапіў на бакалейнае аддзяленне, дзе знайшоў цэлую кучу шакалада і зацукраваных фруктаў, якімі я ледзьве не аб'еўся, і некалькі бутэлек бургундскага. А побач знаходзіўся аддзел цацак, які навёў мяне на бліскучую думку: я знайшоў некалькі штучных насоў, - ведаеце, з пап'е-машэ, — і тут жа падумаў аб цёмных акулярах. На жаль, у «Omnium» не знайшлося аптычнага аддзела. Але ж нос быў для мяне сапраўды важнай справай. Спачатку я падумаў нават аб грыме. Адшукаўшы сабе картонны нос, я пачаў марыць аб парыках, масках і так далей. Нарэшце я заснуў на пярынах, дзе было вельмі цёпла і зручна.

Яшчэ ні разу з моманту незвычайнай перамены я не адчуваў сябе так добра, як у той вечар, засынаючы. Я знаходзіўся ў стане поўнай ціхамірнасці і быў у вельмі аптымістычным настроі. Я спадзяваўся, што раніцай непрыкметна выберуся з магазіна, апрануўшыся і захутаўшы твар белым шалікам; затым куплю акуляры на ўкрадзеныя мною грошы, і такім чынам пераапрананне маё будзе закончана. Ноччу мне сніліся ўперамежку ўсе фантастычныя прыгоды, якія здарыліся са мной за апошнія некалькі дзён. Я бачыў раззлаванага жыда-домагаспадара, яго неўразумелых пасынкаў, зморшчаны твар старой, якая пыталася пра сваю кошку. Я зноў зведаў дзіўнае адчуванне пры з'яўленні белай тканіны, якая знікла. Затым мне ўявіўся родны гарадок і прастужаны дзядок вікарый, які шамкае над магілай майго бацькі: «З зямлі ўзяты, у зямлю адыдзеш…»

«І ты», — сказаў чыйсьці голас, і раптам мяне пацягнулі да магілы. Я вырываўся, крычаў, упрошваў магільшчыкаў, але яны стаялі нерухома і слухалі адпяванне; дзядок вікарый таксама, не спыняючыся, манатонна чытаў малітвы і перапыняў сваё чытанне чханнем. Я ўсведамляў, што мяне не бачаць і не чуюць і што я ва ўладзе сіл, якія адолелі мяне. Барацьба мая была дарэмнай: мяне кінулі ў магілу, і я, падаючы, ударыўся аб труну, а зверху мяне сталі засыпаць зямлёй. Ніхто не заўважаў мяне, ніхто не падазраваў аб маім існаванні. Я сутаргава завалтузіўся і прачнуўся.

Бледная лонданская зара ўжо разгаралася; праз шчыліны паміж аконнымі шторамі пранікала халоднае шэрае святло. Я сеў і доўга не мог уцяміць, што гэта за велізарнае памяшканне з жалезнымі слупамі, з прылаўкамі, грудамі згорнутых матэрый, кучай коўдраў і падушак. Затым успомніў усё і тут жа пачуліся нечыя галасы.

Здалёку, з пакоя, дзе было святлей, таму што шторы былі там падняты, да мяне прыбліжаліся двое. Я ўскочыў, думаючы, куды схавацца, і гэты рух выдаў ім маю прысутнасць. Я думаю, што яны паспелі заўважыць толькі фігуру, якая шпарка аддалялася. «Хто гэта?» — крыкнуў адзін. «Стой!» — закрычаў другі. Я завярнуў за вугал і сутыкнуўся з худым хлапчуком гадоў пятнаццаці. Не забудзьце, я быў фігурай без твару! Ён завішчаў, а я збіў яго з ног, кінуўся далей, завярнуў за другі вугал, і тут у мяне мільганула шчаслівая думка: я распластаўся за прылаўкам. Яшчэ хвіліна, і я пачуў крокі людзей, якія беглі, адусюль несліся крыкі: «Дзверы зачыніце, дзверы!» — «Што здарылася?» — і з усіх бакоў пасыпаліся парады, як злавіць мяне.

Я ляжаў на падлозе, перапалоханы насмерць. Як ні дзіўна, у тую хвіліну мне не прыйшло ў галаву, што трэба распрануцца, а між тым гэта было б самае простае. Як бачна, ува мне занадта глыбока засела ранейшае рашэнне пайсці адсюль апранутым. А потым па доўгім праходзе паміж прылаўкамі разнёсся крык: «Вось ён!»

Я ўскочыў, схапіў стул з прылаўка і, запусціўшы ім у боўдзілу, які выкрыкнуў гэта, пабег, наткнуўся за вуглом на другога, адкінуў яго і кінуўся ўверх па лесвіцы. Ён утрымаўся на нагах і з улюлюканнем пагнаўся за мной. Наверсе лесвіцы былі нагрувашчаны кучы гэтых квяцістых размаляваных пасудзін, — ведаеце?

— Вазоны для кветак, — падказаў Кемп.

— Вось, вось. На верхняй прыступцы я спыніўся, павярнуўся, выхапіў з кучы адзін вазон і кінуў у галаву боўдзілы, які падбег. Уся куча вазонаў рухнула, пачуліся крыкі, і з усіх бакоў сталі збягацца служачыя. Я з усіх ног кінуўся ў закусачную, але там быў нейкі чалавек у белым, накшталт повара, і ён таксама пагнаўся за мной. Я зрабіў апошні адчайны паварот і апынуўся ў аддзяленні лямпаў і скабяных тавараў. Я забег за прылавак і стаў чакаць повара. Як толькі ён з'явіўся — першы з усіх маіх праследавацеляў, - я запусціў у яго лямпай. Ён упаў, а я, скорчыўшыся за прылаўкам, пачаў паспешна скідваць з сябе вопратку. Куртка, штаны, башмакі — усё гэта ўдалося скінуць даволі хутка; але гэтыя праклятыя фуфайкі прыстаюць да цела, як асабістая скура. Повар ляжаў нерухома на другім баку прылаўка, аглушаны ўдарам ці перапалоханы да страты прытомнасці, але я чуў тупат ног, пагоня прыбліжалася, — і я павінен быў зноў ратавацца ўцёкамі, быццам трус, якога выгналі з кучы хворасту.

«Сюды, палісмен!» — крыкнуў хтосьці. Я зноў апынуўся ў аддзяленні ложкаў, у канцы якога стаяў цэлы лес адзежных шафаў. Я забраўся ў самую гушчу, лёг на падлогу і, звіваючыся як вугар, вызваліўся нарэшце ад фуфайкі. Калі з-за вугла з'явіўся палісмен і трое служачых, я стаяў ужо голы, задыхаючыся і дрыжучы ад страху. Яны накінуліся на камізэльку і кальсоны і ўчапіліся за штаны. «Ён кідае сваю здабычу, — сказаў адзін з прыказчыкаў. — Ён, напэўна, дзе-небудзь тут».

Але ўсё ж яны мяне не знайшлі.

Я стаяў, назіраючы, як яны шукаюць мяне, і праклінаў лёс за сваю няўдачу, таму што я застаўся без адзення. Потым я накіраваўся ў закусачную, выпіў крыху малака і прысеўшы ля каміна, стаў абдумваць сваё становішча.

Неўзабаве прыйшлі два прыказчыкі і сталі вельмі горача абмяркоўваць здарэнне. Якую лухту яны гаварылі! Я пачуў занадта перабольшаны расказ аб праведзеных мною спусташэннях і самыя розныя здагадкі аб маім месцазнаходжанні. Потым я зноў стаў абдумваць план дзеянняў. Сцягнуць што-небудзь у магазіне, асабліва пасля ўсёй гэтай мітусні, было зусім немагчыма. Я спусціўся ў склад — паглядзець, ці не пашанцуе запакаваць і адправіць пакет, але я не зразумеў іх сістэмы кантролю. Каля адзінаццаці гадзін я вырашыў, што ў магазіне заставацца няма сэнсу, і ўжо снег растаяў і было цяплей, чым напярэдадні, і я выйшаў на вуліцу. Я быў у роспачы ад сваёй няўдачы, а адносна будучага планы мае былі самыя смутныя.


Загрузка...