Раздзел XIX. Некаторыя асноўныя прынцыпы


— Што здарылася? — спытаўся Кемп, калі Невідзімка ўпусціў яго ў пакой.

— Ды нічога, — быў адказ.

— А шум чаму?

— Прыпадак раздражняльнасці, - сказаў Невідзімка. — Забыўся пра сваю руку, а яна баліць.

— Вы, як бачна, схільны да такіх успышак?

— Так.

Кемп прайшоў цераз пакой і падабраў асколкі разбітага шкла.

— Усе факты пра вас сталі вядомымі, - сказаў ён, выпростваючыся. — Усё, што здарылася ў Айпінгу і ўнізе, у шынку. Свет даведаўся пра свайго нябачнага грамадзяніна. Але ніхто не ведае, што вы тут.

Невідзімка вылаяўся.

— Тайна раскрыта, — працягваў Кемп. — Гэта ж была тайна, я мяркую? Не ведаю, што вы думаеце рабіць, але, зразумела, я гатовы дапамагчы вам.

Невідзімка сеў на ложак.

— Наверсе пададзена снеданне, — паведаміў Кемп, стараючыся гаварыць натуральным тонам, і з задавальненнем убачыў, што яго дзіўны госць ахвотна падняўся пры гэтых словах. Кемп павёў яго па вузкай лесвіцы наверх.

— Перш чым мы з вамі што-небудзь распачнём, — сказаў Кемп, — я хацеў бы даведацца больш падрабязна, як жа гэта вы сталі нябачны. — І, кінуўшы імгненны насцярожаны позірк у акно, Кемп усеўся з выглядам чалавека, якога чакае доўгая і грунтоўная размова. У яго зноў прамільгнула думка, што ўся гэтая гісторыя — бязглуздзіца, трызненне вар'ята, але думка гэта адразу ж знікла, калі ён зірнуў цераз стол на Грыфіна: безгаловы, бязрукі халат сядзеў за снеданнем і выціраў нябачныя губы сурвэткай, якая цудам трымалася ў паветры.

— Гэта вельмі проста і зусім праўдападобна, — сказаў Грыфін, адклаўшы ў бок сурвэтку.

— Для вас, вядома, але… — Кемп засмяяўся.

— Ну так, і мне гэта, вядома, спачатку здавалася чарадзействам, але цяпер… Божа літасцівы! Нас чакаюць вялікія справы! Упершыню гэта ідэя ўзнікла ў мяне ў Чэзілстоў.

— У Чэзілстоў?

— Я пераехаў туды з Лондана. Вы ведаеце, я ж кінуў медыцыну і заняўся фізікай. Не ведалі? Ну, дык вось: я заняўся фізікай. Мяне захапіла праблема святла.

— А-а!..

— Аптычная непранікальнасць! Усё гэтае пытанне — суцэльная сетка загадак, скрозь яе вельмі цьмяна прасвечвае няўлоўнае рашэнне. А мне тады было ўсяго дваццаць два гады, і я быў энтузіяст, вось я і сказаў сабе: «Гэтаму пытанню я прысвячаю ўсё сваё жыццё. Тут ёсць над чым папрацаваць». Вы ж ведаеце, якім бываеш дурнем у дваццаць два гады.

— Яшчэ невядома, ці не дурней мы цяпер, — сказаў Кемп.

— Як быццам веды могуць задаволіць чалавека! Але я ўзяўся за работу і працаваў як катаржны. Мінула паўгода ўзмоцненай працы і роздуму — і вось скрозь туманную заслону бліснула асляпляльнае святло! Я знайшоў агульны закон пігментаў і праламленняў святла — формулу, геаметрычны выраз, які ўключае чатыры вымярэнні. Дурні, звычайныя людзі, нават звычайныя матэматыкі і не здагадваюцца, якое значэнне мае для тых, хто вывучае малекулярную фізіку, які-небудзь агульны выраз. У кнігах — кнігах, якія ўкраў гэты валацуга, — ёсць цуды, магічныя лічбы! Але гэта не быў яшчэ метад, гэта была ідэя, якая магла навесці на метад. А пры дапамозе гэтага метада выявілася б магчымасць, не змяняючы ўласцівасці матэрыі, - за выключэннем колеру ў некаторых выпадках, — практычна звесці каэфіцыент праламлення некаторых рэчаў, цвёрдых ці вадкіх, да каэфіцыента праламлення паветра.

Кемп прысвіснуў.

— Гэта цікава. Але ўсё ж для мяне не зусім ясна… Я разумею, што такім шляхам вы маглі б сапсаваць каштоўны камень, але каб зрабіць чалавека нябачным — да гэтага яшчэ далёка.

— Безумоўна, — сказаў Грыфін. — Аднак падумайце: бачнасць залежыць ад таго, як бачнае цела рэагуе на святло. Давайце ўжо я пачну з азоў, тады вы лепш зразумееце далейшае. Вы цудоўна ведаеце, што цела альбо паглынае святло, альбо адбівае, альбо праламляе яго, а можа, і ўсё разам. Калі цела не адбівае, не праламляе і не паглынае святло, то яно не можа быць бачным само па сабе. Так, напрыклад, вы бачыце непразрыстую чырвоную скрынку таму, што колер паглынае некаторую долю святла і адбівае астатняе, а менавіта — усе чырвоныя промні. Калі б скрынка не паглынала некаторай часткі святла, а адбівала б яго ўсяго, то яна была бы бліскучай белай скрынкай. Успомніце срэбра! Алмазная скрынка не паглынала б шмат святла, і яе паверхнасць таксама адбівала б мала святла, але ў асобных месцах, у залежнасці ад размяшчэння плоскасцяў, святло адбівалася б і праламлялася, і мы б бачылі бліскучую павуціну адлюстраванняў і празрыстых плоскасцяў. Нешта накшталт светлавога шкілета. Шкляная скрынка не такая бліскучая і не настолькі выразна бачная, як алмазная, таму што ў яе менш адлюстраванняў і праламленняў. Зразумела? З вядомых кропак такая скрынка будзе празрыстай. Некаторыя гатункі шкла больш бачныя, чым астатнія. Хрустальная скрынка блішчэла б мацней, чым скрынка са звычайнага аконнага шкла. Скрынку з вельмі тонкага звычайнага шкла было б цяжка разгледзець пры дрэнным асвятленні, таму што яна не паглынае амаль ніякіх промняў і адбівае і праламляе зусім мала святла. Калі вы пакладзеце кавалак звычайнага шкла ў ваду ці, яшчэ лепш, у якую-небудзь вадкасць, больш шчыльную, чым вада, то вы шкла амаль зусім не ўбачыце, таму што святло, пераходзячы з вадою ў шкло, праламляецца і адбіваецца вельмі слаба і ўвогуле не трапляе амаль ні пад якое ўздзеянне. Шкло ў такім выпадку амаль гэтак жа нябачнае, як струмені вуглекіслаты ці вадарода ў паветры. І па гэтай жа прычыне.

— Так, — сказаў Кемп, — усё гэта нескладана. У такіх рэчах цяпер разбіраецца кожны школьнік.

— А вось яшчэ адзін факт, у якім разбярэцца любы школьнік. Калі разбіць кавалак шкла і дробна стаўчы яго, ён стане значна больш прыкметным у паветры і ператворыцца ў рэшце рэшт у белы непразрысты парашок. Гэта адбываецца таму, што ператварэнне шкла ў парашок павялічвае лік плоскасцяў праламлення і адлюстравання. У шкляной пласцінцы ёсць усяго дзве паверхні, у парашку ж кожная крупінка ўяўляе сабою плоскасць праламлення ці адлюстравання святла, і скрозь увесь парашок святла праходзіць вельмі мала. Але калі белы шкляны парашок апусціць у ваду, то ён амаль зусім знікае. Шкляны парашок і вада маюць амаль аднолькавы каэфіцыент праламлення, і святло, праходзячы з аднаго асяроддзя ў другое, праламляецца і адбіваецца вельмі мала. Вы робіце шкло нябачным, змяшчаючы яго ў вадкасць з прыблізна з такім жа каэфіцыентам праламлення; усялякая празрыстая рэч робіцца нябачнай, калі яе змясціць у асяроддзе, якое валодае аднолькавым з ёй каэфіцыентам праламлення. І калі вы крышачку падумаеце, то вы зразумееце, што шкляны парашок можна зрабіць нябачным і ў паветры, калі толькі пашчасціць давесці каэфіцыент праламлення святла ў ім да каэфіцыента праламлення святла ў паветры. Бо ў такім выпадку, пры пераходзе святла з парашка ў паветра, яно не будзе ні адбівацца, ні праламляцца.

— Усё гэта так, — сказаў Кемп. — Але ж чалавек — не шкляны парашок.

— Не, — сказаў Грыфін. — Ён больш празрысты.

— Глупства.

- І гэта гаворыць урач. Як лёгка ўсё забываецца! Няўжо за дзесяць гадоў вы паспелі пазабываць усё, што ведалі па фізіцы? А вы падумайце, колькі існуе празрыстых рэчываў, якія празрыстымі не здаюцца! Папера, напрыклад, складаецца з празрыстых валокнаў, і калі яна ўяўляецца белай і непразрыстай, то гэта адбываецца па той жа самай прычыне, па якой нам здаецца белым і непразрыстым тоўчанае шкло. Прамасліце белую паперу, запоўніце ўсе поры паміж часціцамі паперы маслам так, каб праламленне і адлюстраванне адбываліся толькі на паверхнях, і папера зробіцца такой жа празрыстай, як шкло. І не толькі папера, але і валокны бавоўны, ільну, шэрсці, драўніны, а таксама — заўважце гэта, Кемп! — і косці, і мышцы, і валасы, і ногці і нервы. Адным словам, увесь чалавечы арганізм складаецца з празрыстай тканкі, за выключэннем чырвоных крывяных шарыкаў і цёмнага пігменту валасоў; вось як мала патрэбна, каб мы маглі бачыць адзін аднаго. Па большай частцы тканкі жывой істоты не менш празрыстыя, чым вада.

— Правільна, правільна! — усклікнуў Кемп. — Толькі сёння ноччу я думаў аб марскіх лічынках і мядузах!

— Вось-вось, цяпер вы мяне зразумелі. І ўсё гэта я ведаў і прадумаў ужо праз год пасля ад'езду з Лондана, шэсць гадоў назад. Але я ні з кім не падзяліўся сваімі думкамі. Мне давялося працаваць у вельмі цяжкіх умовах. Габема, мой прафесар, быў мужлан у навуцы, чалавек, ахвочы да чужых ідэй — ён вечна за мной падглядваў! Вы ж ведаеце, якое махлярства пануе ў навуковым свеце. Я не хацеў публікаваць сваё адкрыццё і дзяліцца славай з гэтым Габемам. Я працягваў працаваць, я ўсё бліжэй падыходзіў да ператварэння сваёй тэарэтычнай формулы ў эксперымент, у рэальны дослед. Я нікому не паведамляў аб сваіх работах, я хацеў асляпіць сваім адкрыццём і адразу заваяваць вядомасць. Я заняўся пытаннем аб пігментах, каб запоўніць некаторыя прабелы, і раптам, па чыстай выпадковасці, зрабіў адкрыццё ў галіне фізіялогіі.

— Так?

— Вам вядома чырвонае рэчыва, якое афарбоўвае кроў. Дык вось: яно можа стаць белым, бясколерным, захоўваючы ў той жа час усе свае якасці.

У Кемпа вырваўся вокліч здзіўлення.

Невідзімка ўстаў і закрочыў па цесным кабінеце.

— Вы здзіўлены — я разумею. Помню тую ноч. Было вельмі позна — днём перашкаджалі працаваць непісьменныя студэнты, якія глядзелі на мяне, разінуўшы рот, і я іншы раз заседжваўся да раніцы. Адкрыццё гэтае асяніла мяне раптоўна, яно з'явілася ва ўсім сваім бляску і закончанасці. Я быў адзін, у лабараторыі панавала цішыня, уверсе ярка гарэлі лямпы… «Можна зрабіць жывёліну — яе тканку — празрыстай! Можна зрабіць яе нябачнай! Усё, акрамя пігментаў. Я магу стаць невідзімкам», — сказаў я, раптам усвядоміўшы, што значыць быць альбіносам, валодаючы такімі ведамі. Я быў ашаломлены. Я кінуў фільтраванне, якім быў заняты, і падышоў да вялікага акна. «Я магу стаць невідзімкам», — паўтараў я, гледзячы на зорнае неба.

Зрабіць гэта — значыць перасягнуць магію і чарадзейства. І я, свабодны ад усялякіх сумненняў, стаў маляваць сабе цудоўную карціну таго, што можа даць чалавеку нябачнасць. Таямнічасць, магутнасць, свабоду. Адваротнага боку медаля я не бачыў. Падумайце толькі! Я — варты жалю бедны асістэнт, які вучыць дурняў у правінцыяльным каледжы, — магу зрабіцца ўсемагутным. Скажыце самі, Кемп, вось калі б вы… Кожны, паверце, схапіўся б за такое адкрыццё. І я працаваў яшчэ тры гады, і за кожнай перашкодай, якую я з такім намаганнем пераадольваў, узнікала новая! Колькі дэталяў! І да таго ж ні хвіліны спакою! Гэты правінцыяльны прафесар вечна падглядвае за табой! Назаляе і назаляе: «Калі ж вы нарэшце апублікуеце сваю работу?» А студэнты! Беднасць! Тры гады такога жыцця. Тры гады я працаваў, хаваючыся, у бесперапыннай трывозе — і пасля ўсяго гэтага пераканаўся што закончыць мой дослед немагчыма… немагчыма…

— Чаму? — спытаўся Кемп.

— Грошы… — адказаў Невідзімка і стаў глядзець у акно. Раптам ён рэзка павярнуўся.

— Тады я абакраў свайго старога, абрабаваў роднага бацьку… Грошы былі чужыя, і ён застрэліўся.


Загрузка...