Раздзел XXV. Паляванне на невідзімку


Спачатку Эдай нічога не мог зразумець з бязладных выкрыкаў Кемпа. Яны абодва стаялі на пляцоўцы лесвіцы, і Кемп усё яшчэ трымаў у руках вопратку Грыфіна. Нарэшце Эдай пачаў праясняць сутнасць здарэння.

— Ён з'ехаў з глузду, — паспешна казаў Кемп, — гэта не чалавек, а звер. Думае толькі пра сябе. Не лічыцца ні з чым, акрамя асабістай выгады і бяспекі. Я яго выслухаў сягоння — гэта жудасны эгаіст. Пакуль ён толькі нявечыў людзей. Ён будзе забіваць, калі мы яго не схопім. Ён выкліча паніку. Ён ні перад чым не спыніцца. І ён цяпер на волі і ашалеў ад лютасці!

— Ясна адно: яго трэба злавіць, — сказаў Эдай.

— Але як? — усклікнуў Кемп і раптам выбухнуў патокам слоў: — Трэба зараз жа прыняць меры, трэба ўсіх падняць на ногі, каб Грыфін не ўцёк з гэтых месц. Інакш ён будзе калясіць па краіне, нявечыць і забіваць людзей. Ён марыць пра царства тэрору! Ці разумееце вы — тэрору! Вы павінны наладзіць нагляд на чыгунцы, на шашы, на судах. Выклікайце войскі. Дайце звесткі па тэлеграфе, што патрэбна дапамога. Адна надзея — што ён не знікне, пакуль не знойдзе свае заметкі, якімі ён вельмі даражыць. Я потым растлумачу вам. У вас у паліцэйскім упраўленні сядзіць нейкі Марвел…

— Ведаю, — сказаў Эдай. — Кнігі, так, так. Але ж гэты валацуга…

— Не прызнаецца, што кнігі ў яго. Але Невідзімка ўпэўнены, што Марвел іх схаваў. А галоўнае, трэба не даваць Невідзімку ні есці, ні спаць. Дзень і ноч людзі павінны быць пільнымі. Усё павінна быць на замку, крамы, пякарні — усё. Трэба пільнаваць, каб ён не мог дастаць ніякай ежы. Усе дамы на запор! Добра, калі будуць халады і дажджы! Усе ад малога да вялікага павінны ўдзельнічаць у паляванні. Зразумейце, Эдай, яго трэба злавіць у любым выпадку! Інакш нам пагражаюць вялікія непрыемнасці, падумаць — і то страшна.

— Менавіта так мы і павінны дзейнічаць, — сказаў Эдай. — Цяпер жа пайду і вазьмуся за справу. А можа, і вы пойдзеце са мной? Пайшлі! Мы наладзім ваенны савет, запросім Хопса, адміністрацыю чыгункі. Нельга губляць ні хвіліны. А па дарозе вы раскажаце мне ўсё падрабязна. Што ж зрабіць яшчэ?.. Ды кіньце вы гэты халат!

Цераз хвіліну Эдай і Кемп былі ўжо ўнізе. Дзверы стаялі адчыненыя насцеж, і двое паліцэйскіх усё яшчэ глядзелі ў пустату.

— Уцёк, сэр, — паведаміў адзін з іх.

— Мы зараз жа ідзём у цэнтральнае ўпраўленне, — сказаў Эдай. — Адзін з вас няхай знойдзе рамізніка і скажа яму даганяць нас. Ды паспяшайцеся! Дык вось, Кемп, што ж далей?

— Сабак трэба, — сказаў Кемп. — Знайдзіце сабак. Яны яго не бачаць, але чуюць. Знайдзіце сабак.

— Добра, — сказаў Эдай. — Скажу вам па сакрэту, у турэмнага начальства ў Холстэдзе ёсць чалавек, які трымае сабак-сышчыкаў. Дык вось, сабакі. Далей.

— Не забудзьце, — сказаў Кемп, — ежа, якую ён праглыне, будзе бачна. Яна бачна, пакуль засвойваецца арганізмам. Значыць, пасля яды ён павінен хавацца. Трэба абшукаць кожны кусцік, кожны куток. Трэба схаваць усю зброю. Усё, што можа служыць зброяй. Ён нічога не можа доўга насіць з сабой. Усё, што ён можа выкарыстаць, каб нанесці ўдар, трэба схаваць далей.

— Зробім і гэта, — сказаў Эдай. — Ён не ўцячэ ад нас, дайце тэрмін.

— А па дарогах… — пачаў Кемп і запнуўся.

— Што? — спытаўся Эдай.

— Насыпаць тоўчанага шкла. Гэта, вядома, жорстка, але калі падумаць, што ён можа натварыць…

Эдай свіснуў:

— Ці не занадта гэта? Несумленная гульня. Урэшце, загадаю падрыхтаваць на выпадак, калі ён вельмі зарвецца.

— Кажу вам, гэта ўжо не чалавек, а звер, — сказаў Кемп. — Я ні хвіліны не сумняваюся, што ён здзейсніць сваю мару аб тэроры, — варта яму толькі акрыяць пасля ўцёкаў. Мы павінны яго апярэдзіць. Ён сам кінуў выклік чалавецтву, дык няхай яго кроў пральецца на яго галаву!


Загрузка...