Раздзел IV. Містэр Кас бярэ інтэрв'ю ў незнаёмца


Я так падрабязна распавядаў пра акалічнасці, што суправаджалі прыезд незнаёмца ў Айпінг, для таго, каб чытач зразумеў усеагульную цікаўнасць, якую выклікала яго з'яўленне. Што ж датычыцца яго знаходжання там да знамянальнага дня клубнага свята, то на ім — за выключэннем двух дзіўных здарэнняў — можна доўга не спыняцца. Іншы раз надараліся сутычкі з місіс Хол па гаспадарчых пытаннях, але з іх пастаялец заўсёды выходзіў пераможцам, адразу ж прапаноўваючы дадатковую плату, і так працягвалася да канца красавіка, калі ў яго сталі выяўляцца першыя прыкметы безграшоўя.

Хол недалюбліваў яго і пры любым спрыяльным выпадку паўтараў, што ад яго трэба пазбавіцца, але непрыязнасць гэта выяўлялася галоўным чынам у тым, што Хол стараўся пры магчымасці пазбягаць сустрэчы з пастаяльцам.

— Пачакаем лета, — пераконвала мужа місіс Хол. — Пачнуць з'язджацца мастакі, тады паглядзім. Ён, канечне, нахабнік, затое акуратна, разлічваецца па рахунках, гэтага ў яго адняць нельга, што ні кажыце.

Пастаялец у царкву не хадзіў і не рабіў ніякай розніцы паміж нядзеляй і буднямі, нават апранаўся заўсёды аднолькава. Працаваў ён, па думцы місіс Хол, вельмі нерэгулярна. У некаторыя дні ён спускаўся рана і доўга карпеў над сваімі даследаваннямі. У другія ж уставаў позна, хадзіў па пакоі, цэлымі гадзінамі гучна бурчэў, курыў ці драмаў у крэсле каля каміна. Зносін са знешнім светам у яго не было ніякіх. Настрой яго па-ранейшаму быў надзвычай няроўны: больш за ўсё ён трымаў сябе, як чалавек, які знаходзіцца ва ўладзе крайняга раздражнення, а разы два ў яго былі прыпадкі шалёнай злосці, і ён кідаў, рваў і ламаў усё, што траплялася пад руку. Прывычка яго размаўляць напаўголасу з самім сабою ўсё ўзмацнялася, але місіс Хол нічога не магла зразумець з гэтых мармытанняў, хаця і старалася падслухоўваць.

Днём ён рэдка выходзіў з дому і прагульваўся толькі ў прыцемках, захутаны так, што яго твару нельга было разгледзець, — усё роўна, было на двары холадна, ці цёпла, і выбіраў для прагулак самыя зацішныя сцяжынкі, зацененыя дрэвамі або агароджаныя насыпам. Яго цёмныя акуляры і страшны забінтаваны твар пад шыракаполым капелюшом іншы раз палохалі ў цемры рабочых, якія вярталіся дадому з работы; а Тэдзі Хенфры, які выйшаў аднойчы, пахістваючыся, з карчмы «Чырвоны камзол» у палавіне дзесятага вечара, ледзьве не памёр ад страху, калі ўбачыў пры святле з адчыненых дзвярэй падобную на чэрап галаву незнаёмца (той прагульваўся з капелюшом у руцэ). Дзецям, якія бачылі яго ў прыцемку, ноччу сніліся страшныя сны. Хлапчукі яго не маглі цярпець, ён іх — таксама, і цяжка сказаць, хто каго больш не любіў, але ва ўсякім выпадку непрыязнасць была ўзаемная і вельмі вострая.

Няма нічога дзіўнага, што чалавек такога страшэннага выгляду і такіх дзіўных паводзін даваў багатую пажыву для размоў у Айпінгу. Адносна характару яго заняткаў думкі разыходзіліся. Місіс Хол у гэтым пункце была надта прынцыповая. На пытанне, чым ён займаецца, яна звычайна адказвала з вялікай важнасцю, што ён праводзіць «эксперыментальныя даследванні», — гэтыя словы яна вымаўляла павольна і асцярожна, быццам баялася спатыкнуцца. Калі ж у яе пыталіся, што гэта азначае, яна гаварыла з адценнем некаторай перавагі, маўляў, гэта вядома любому адукаванаму чалавеку, і паясняла: «Ён робіць розныя адкрыцці». З яе пастаяльцам надарыўся няшчасны выпадак, — расказвала яна, — і рукі і твар яго згубілі свой натуральны колер; а ён як чалавек чуллівы не можа паказвацца ў такім выглядзе на людзях.

Але за спіной місіс Хол распаўсюджваліся ўпартыя чуткі, што яе пастаялец — крымінальны злачынца, які хаваецца ад правасуддзя і стараецца з дапамогай свайго дзіўнага ўбору схавацца ад паліцыі. Упершыню гэтая здагадка ўзнікла ў галаве містэра Тэдзі Хенфры. Дарэчы, ні пра якое больш-менш громкае злачынства, што магло надарыцца ў сярэдзіне ці канцы лютага, не было вядома. Таму містэр Гоўлд, школьны настаўнік, некалькі змяніў гэтую здагадку: згодна з яго версіяй пастаялец місіс Хол быў анархістам, займаўся вырабам выбуховых рэчываў; і ён вырашыў у свой вольны час сачыць за незнаёмцам. Сачэнне заключалася галоўным чынам у тым, што пры сустрэчах з незнаёмцам містэр Гоўлд глядзеў на яго вельмі пільна і распытваў пра незнаёмца людзей, якія ніколі яго не бачылі. Тым не менш містэру Гоўлду не ўдалося нічога даведацца.

Было многа прыхільнікаў версіі, якую прапанаваў Фірэнсайд, што незнаёмец — пярэсты ці што-небудзь такое. Так, напрыклад, Сайлас Дэрган не раз казаў, што калі б незнаёмец адважыўся паказвацца на кірмашы, то ён нажыў бы немалое багацце, нават спасылаўся на вядомы з Бібліі выпадак з чалавекам, які закапаў свой талент у зямлю. Іншыя лічылі, што незнаёмец пакутуе ціхім вар'яцтвам. Гэтае сцвярджэнне мела перавагу, таму што адразу тлумачыла ўсё.

Акрамя стойкіх паслядоўнікаў гэтых асноўных цячэнняў у грамадскай думцы Айпінга, былі людзі, якія сумняваліся і маглі пайсці на ўступкі.

Жыхары графства Сэсекс былі мала схільны да забабонаў, і першыя здагадкі пра звышнатуральную сутнасць незнаёмца з'явіліся толькі пасля красавіцкіх падзей, ды і то гэтаму паверылі адны жанчыны.

Але як бы там ні думалі пра незнаёмца некаторыя жыхары Айпінга, непрыязь да яго была ўсеагульнай і аднадушнай. Яго раздражняльнасць, якую мог бы зразумець гараджанін, які займаецца разумовай працай, непрыемна ўражвала ўраўнаважаных сэсекскіх жыхароў. Злосная жэстыкуляцыя, імклівая паходка, гэтыя начныя прагулкі, калі ён нечакана ў цемры выскокваў з-за вугла ў самых ціхіх, бязлюдных месцах, няветлівае спыненне ўсіх спробаў уцягнуць яго ў размову, захапленне поцемкамі, якое прымушала яго замыкаць дзверы, спускаць шторы, тушыць свечкі і лямпы — хто мог бы прымірыцца з гэтым? Калі незнаёмец праходзіў па вуліцы, сустрэчныя саступалі ў бок, а за яго спіной мясцовыя жартаўнікі, падняўшы каўнер паліто і апусціўшы палі капелюша, імітавалі яго нервовую паходку і загадкавыя паводзіны. У той час карысталася папулярнасцю песенька «Чалавек-прывід». Місіс Сэтчэл праспявала яе на канцэрце ў школе — збор пайшоў на пакупку лямпаў для царквы; потым, як толькі на вуліцы з'яўляўся незнаёмец, адразу ж хто-небудзь пачынаў насвістваць — гучна ці ціха — матыў гэтай песенькі. Нават запозненыя дзеці, якія спяшаліся вечарам дадому, крычалі яму ўслед: «Прывід!» — і імчалі далей, заміраючы ад страху і захаплення.

Кас, мясцовы ўрач, згараў ад цікаўнасці. Забінтаваная галава выклікала ў ім чыста прафесійны інтарэс; чуткі ж пра тысячу і адну бутэльку ўзбударажылі яго зайздросную павагу. Увесь красавік і ўвесь травень ён старанна шукаў выпадак загаварыць з незнаёмцам, нарэшце не вытрымаў і напярэдадні сёмухі вырашыў пайсці да яго, выкарыстаўшы зручную прычыну: трэба было падпісаць ліст на карысць сядзелкі мясцовай бальніцы. Са здзіўленнем ён пераканаўся, што місіс Хол не ведае імя свайго пастаяльца.

— Ён назваў сябе, — сказала місіс Хол (сцверджанне, пазбаўленае ўсякай падставы), — але я не дачула.

Ёй было няёмка прызнацца, што пастаялец і не думаў называць сябе.

Кас пастукаў у дзверы гасцінай і ўвайшоў. Адтуль пачулася неразборлівая лаянка.

— Прашу прабачэння за тое, што ўрываюся да вас, — прамовіў Кас, пасля чаго дзверы зачыніліся і далейшай размовы місіс Хол ужо не чула.

На працягу дзесяці хвілін да яе далятаў толькі няясны шум галасоў; затым пачуўся вокліч здзіўлення, шорганне ног, грохат адкінутага стула, адрывісты смех, хуткія крокі, - і на парозе з'явіўся Кас; ён быў бледны і аглядваўся, вылупіўшы вочы. Не зачыніўшы за сабой дзверы і не зірнуўшы на гаспадыню, ён прайшоў па калідоры, спусціўся з ганка і хутка закрочыў па вуліцы. Капялюш ён трымаў у руцэ. Місіс Хол зайшла за стойку, стараючыся зазірнуць цераз адчыненыя дверы ў пакой пастаяльца. Яна пачула нягучны смех, потым крокі. Са свайго месца яна не магла ўбачыць яго твар. Потым дзверы гасцінай зачыніліся з трэскам і ўсё заціхла. Кас накіраваўся проста да вікарыя Банцінга.

— Я звар'яцеў? — вымавіў ён адрывіста, як толькі ўвайшоў у пыльны кабінет вікарыя. — Я падобны на вар'ята?

— Што здарылася? — спытаў вікарый, кладучы ракавіну прэс-пап'е на разрозненыя аркушы сваёй чарговай пропаведзі.

— Гэты суб'ект, пастаялец Холаў…

— Ну?

— Дайце мне выпіць чаго-небудзь, — сказаў Кас і апусціўся на стул.

Калі Кас некалькі заспакоіўся з дапамогай таннага херэса — другіх напіткаў у найдабрэйшага вікарыя не бывала, — ён стаў расказваць пра сваю сустрэчу з незнаёмцам.

— Заходжу, — пачаў ён, задыхаючыся, — і прашу падпісацца на карысць сядзелкі. Як толькі я ўвайшоў, ён засунуў рукі ў кішэні і плюхнуўся ў крэсла. Сядзіць і фыркае носам. «Вы цікавіцеся навукай, я чуў?» — пачаў я. «Так», — адказаў ён і зноў фыркнуў. Увесь час фыркаў. Прастудзіўся, можа. Ды і што дзіўнага, раз чалавек так хутаецца. Я стаў гаварыць наконт сядзелкі, а сам азіраюся па баках. Усюды бутэлькі, хімічныя прэпараты, тут жа вагі, прабіркі і пахне начнымі фіялкамі. Падпішацца ён на колькі-небудзь? «Падумаю», — кажа. Тут я проста спытаў яго, ці займаецца ён навуковымі даследаваннямі. «Так», — сказаў ён. «Доўгія даследаванні?» Тады яго быццам прарвала. «Страшэнна доўгія», — адказаў ён. «Вось як?» — сказаў я. Вось тут і пайшло. У ім ужо раней усё так і кіпела, і маё пытанне было апошняй кропляй. Ён атрымаў ад кагосьці рэцэпт — надзвычай каштоўны рэцэпт; для якой мэты — гэта ён не можа сказаць. «Медыцынскі?» — «Каб яго чорт узяў, а вам якая справа?» Я папрасіў прабачэння. Ён спагадліва фыркнуў, адкашляўся і працягваў. Рэцэпт ён прачытаў. Пяць інгрэдыентаў. Паклаў на стол, адвярнуўся. Раптам шорах: паперку падхоплівае скразняком. Ён працаваў у пакоі з адкрытым камінам. Успыхнула полымя, і не паспеў ён азірнуцца, як рэцэпт згарэў і попел вылецеў у трубу. Ён кінуўся да каміна, — позна! Вось! Тут ён безнадзейна махнуў рукой.

— Ну?

— А рукі і няма. Пусты рукаў. «Божа, — падумаў я, — вось жа калека. Напэўна, у яго пробкавая рука і ён яе зняў. І ўсё-такі, - думаў я, — тут штосьці няладнае. Як жа гэта рукаў не мнецца і не абвісае, калі ў ім нічога няма?» А ў ім нічога не было, запэўніваю вас. Зусім пусты рукаў, да самага згібу. Я бачыў, што ён пусты да самага локця, і акрамя таго, у прарэху праходзіла святло. «Божа міласэрны!» — усклікнуў я. Тады ён замоўк. Утаропіўся акулярамі спачатку на мяне, потым на свой рукаў.

— Ну?

— Толькі і ўсяго. Не сказаў ні слова, толькі глянуў на мяне і хутка засунуў рукаў у кішэню: «Я, здаецца, спыніўся на тым, як рэцэпт згарэў?» Ён запытальна кашлянуў. «Як гэта вы ўмудраецеся рухаць пустым рукавом?» — спытаўся я. «Пустым рукавом?» — «Ну так, — сказаў я, — пустым рукавом». «Дык гэта, па-вашаму, пусты рукаў? Вы самі бачылі, што рукаў пусты?» Ён падняўся з крэсла. Я таксама ўстаў. Тады ён паволі зрабіў тры крокі, падышоў да мяне і стаў зусім блізка. З'едліва фыркнуў. Я стаяў як стаяў, хаця, чэснае слова, гэта забінтаванае страшыдла з цёмнымі акулярамі напалохала б каго хочаш. «Дык вы кажаце, рукаў пусты?» — сказаў ён. «Вядома», — адказаў я. Тады ён імкліва, утаропіўшыся на мяне сваімі акулярамі, вынуў рукаў з кішэні і працягнуў яго да мяне, як быццам бы хацеў зноў паказаць.

Усё гэта ён зрабіў вельмі павольна. Я паглядзеў на рукаў. Здавалася, прайшла цэлая вечнасць. «Ну, — сказаў я, з цяжкасцю вымаўляючы словы, — у ім нічога няма». Штосьці трэба ж было сказаць. Мне станавілася страшна. Я бачыў увесь рукаў наскрозь. Ён выцягнуў яго павольна, павольна — вось так, пакуль абшлаг не апынуўся ў цалях шасці ад майго твару. Дзіўнае гэта адчуванне, як набліжаецца пусты рукаў… А потым…

— Ну?

— Штосьці — мне падалося, вялікі і ўказальны палец — пацягнула мяне за нос.

Банцінг засмяяўся.

— Але там не было нічога! — сказаў Кас, ледзьве не ўскрыкнуўшы на слове «нічога». — Добра вам смяяцца, а я быў так ашаломлены, што стукнуў па абшлагу рукава, павярнуўся і выбег з пакоя…

Кас замоўк. У непрытворнасці яго спалоху нельга было сумнявацца. Ён бездапаможна павярнуўся і выпіў яшчэ шклянку кепскага херэса, якім частаваў яго дастойнейшы вікарый.

— Калі я стукнуў яго па рукаве, — сказаў ён, — то, запэўніваю вас, я адчуў, што б'ю па руцэ. А рукі там не было. І намёку на руку не было!

Містэр Банцінг задумаўся. Потым падазрона паглядзеў на Каса.

— Гэта ў вышэйшай ступені цікавая гісторыя, — сказаў ён з вельмі глыбакадумным і сур'ёзным выглядам. — Безумоўна, гісторыя ў вышэйшай ступені цікавая, — паўтарыў ён яшчэ больш важна.


Загрузка...